воднае млекакормячае сям. сапраўдных цюленяў атр. ластаногіх. Пашыраны ў арктычных раёнах Атл. і Ціхага акіянаў, Ахоцкім моры. Трымаецца пераважна паасобку на мелкаводдзях, восенню ўтварае лежбішчы па 1000 асобін і больш.
Даўж. да 2,7 м, маса да 360 кг. Валасяное покрыва негустое, грубае, бура-шэрае, часам са светлымі плямамі на спіне. Корміцца доннымі беспазваночнымі, рыбай. Размнажаецца вясной на дрэйфуючых ільдах. Нараджае 1 дзіцяня. Аб’ект промыслу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУСО́ННЫЯ ЛЯСЫ́,
лістападныя лясы абласцей з мусонным кліматам, якія скідваюць лісце ў сухі сезон. Адрозніваюць вільготныя мяшаныя М.л., фларыстычны склад якіх параўнальна бедны (цік, сал, эўкаліпт, падлесак з вечназялёных відаў расліннасці, травяное покрыва самкнутае) і сухія монадамінантныя М.л., якія складзены з аднаго віду (салавыя, эўкаліптавыя і інш.). Пашыраны ў тропіках, трапляюцца ў субтрапічных і ўмераных шыротах (на Д. Усходзе, п-вах Індастан, Індакітай, у Паўн. і Паўн.-Усх. Аўстраліі, Цэнтр. Афрыцы, Цэнтр. і Паўд. Амерыцы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІЯНЕ́РНЫЯ АРГАНІ́ЗМЫ,
віды жывёл і раслін, якія першымі пасяляюцца ў месцах, пазбаўленых глебавага покрыва пад уплывам дзеяння прыродных фактараў (пажарышчы, апоўзні, землі са змытай глебай і інш.) або дзейнасці чалавека (прамысл. пусткі, горныя адвалы, кар’еры і інш.). Вылучаюцца высокай экалагічнай пластычнасцю, непатрабавальнасцю да глебавых умоў. На Беларусі да П.а. адносяцца многія віды імхоў, водарасцей, лішайнікаў, пустазелля (сітнякі, ваўчкі, некат. злакі, верас звычайны, падбел і інш.), насякомых, павукоў. Выкарыстоўваюцца ў біял.рэкультывацыі зямель.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЕЎРО́ЗІЙ (Pleurozium),
род брыевых імхоў сям. энтадонтавых. 1 від — П.Шрэбера (P. schreberi). Пашыраны ва ўмераных і цёплых абласцях, радзей у гарах Паўд. Амерыкі. У хвойных лясах часта ўтварае амаль суцэльнае покрыва. На Беларусі трапляецца ў хмызняках, на сухіх лясных глебах, лугах, мохавых балотах.
Лістасцябловая двухдомная расліна. Дзярнінкі рыхлыя, зялёныя або жоўта-зялёныя. Сцябло даўж. 5—15 см, узыходнае, карычнева-чырв., аблісцелае. Лісце чарапічнае, увагнутае. Каробачка на чырв. ножцы, схіленая, падоўжаная. Каўпачок клабукападобны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЫДЫЗА́ЦЫЯ,
працэс эвалюцыі ландшафту ў бок павелічэння сухасці клімату (перавышэння патэнцыяльнага выпарэння над колькасцю ападкаў). Можа прыводзіць да апустыньвання, дэградацыі і разбурэння біялагічнага жыцця ландшафту і страты яго прыродна-эканамічнага патэнцыялу, што звычайна назіраецца ў раёнах, прылеглых да пустыняў (напрыклад, пустыня Сахара штогод пашырае свае межы на Поўдзень у сярэднім на 5 км). Фактары, што выклікаюць арыдызацыю, — змены клімату і антрапагенныя ўздзеянні. Умовы мэтанакіраванага змяншэння арыдызацыі — павышэнне культуры землекарыстання ў арыдных раёнах, арашэнне, аднаўленне страчанага расліннага покрыва і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСАЦЫЯ́ЦЫЯ РАСЛІ́ННАЯ,
асноўная адзінка класіфікацыі раслінных згуртаванняў (фітацэнозаў). Характарызуюцца аднароднымі структурай і відавым складам, сезоннасцю развіцця, прадукцыйнасцю расліннай масы, узаемаадносінамі паміж раслінамі і паміж імі і асяроддзем. Залежыць ад умоў асяроддзя — біятычных фактараў, клімату, глебы. Называюць асацыяцыі раслінныя па раслінах, якія пераважаюць у згуртаванні або вызначаюць яго асаблівасці. Асацыяцыі раслінныя (напр., дубняк ляшчынава-кіслічны) аб’ядноўваюць у фармацыі раслінныя. Класіфікацыя асацыяцый раслінных выкарыстоўваецца пры даследаваннях расліннага покрыва, складанні геабат. картаў, распрацоўцы гасп. мерапрыемстваў для павышэння прадукцыйнасці лугоў, лясоў, балотаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎСТРАЛО́ІДНАЯ РА́СА,
група антрапалагічных тыпаў карэннага насельніцтва Аўстраліі, Паўд. Азіі і Акіяніі, якія маюць агульнае паходжанне і пэўнае марфалагічнае падабенства. У прадстаўнікоў расы буры колер скуры, цёмныя хвалістыя валасы, развітое трацічнае валасяное покрыва, цёмныя вочы, шырокі нос, тоўстыя губы, чэрап прадаўгаваты, вузкі, памеры твару сярэднія з добра развітымі надброўнымі дугамі, рост высокі. Блізка да іх стаяць веды Цэйлона і негроіды Паўд.-Усх. Азіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АШМЯ́НСКІ СТАДЫЯ́Л,
апошні на тэр. Беларусі стадыял дняпроўскага зледзянення. Адбыўся 140—230 тыс.г. назад у час распаду ледавіковага покрыва. Ледавіковы фронт займаў паўн. частку Беларускай грады, яму былі ўласцівы актыўныя асцыляцыі, што стварылі разнастайныя гляцыядыслакацыі. У час Ашмянскага стадыялу ўзніклі ледавікова-акумулятыўныя ўзвышшы паўн. галіны Беларускай грады (Ашмянскае, Докшыцкая галіна Мінскага узв. і інш.) і марэнна-водналедавіковы рэльеф каля яе падножжа. Некаторыя даследчыкі антрапагену Беларусі лічаць, што Ашмянскі стадыял адбыўся ў час сожскага зледзянення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЕ́БАВА-КЛІМАТЫ́ЧНАЯ АКРУ́ГА,
састаўная частка глебавай правінцыі з аднолькавым генетычным тыпам рэльефу, складам глебаўтваральных парод і глеб, адным пераважным тыпам глебаўтварэння. Адрозніваецца асаблівасцямі мясц. клімату і складам расліннага покрыва. На тэр. Беларусі адпаведна глебава-геагр. раянаванню вылучана 7 глебава-кліматычных акруг: Паўночна-заходняя (займае 15,4% тэр.), Паўночна-ўсходняя (14,3%), Заходняя (18,5%), Цэнтральная (10,3%), Усходняя (13,9%), Паўднёва-заходняя (14,5%), Паўднёва-ўсходняя (13,1%). Глебава-кліматычная акруга падзяляецца на аграглебавыя раёны. Гл.Глебава-геаграфічнае раянаванне і карту да яго.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНЬЁН (ад ісп. cañon труба, цясніна),
глыбокая рачная даліна са стромкімі, часам вертыкальнымі або ступеньчатымі схіламі і вузкім дном, звычайна занятым рэчышчам ракі. Утвараецца ў выніку інтэнсіўнай глыбіннай эрозіі і падмывання падэшвы схілаў рэчышчавым патокам у межах высокіх плато або ў гарах, складзеных з водапранікальных парод (вапнякоў, пясчанікаў, лёсаў) і лававага (звычайна базальтавага) покрыва. Адзін з самых вял. і вядомых К. — Вялікі Каньён у ЗША на р. Каларада. На дне мораў і акіянаў трапляюцца падводныя К.