ІМПІ́ЧМЕНТ (ад англ. impeachment асуджэнне, ганьбаванне, абвінавачанне),
асобы парадак і ўстаноўленая працэдура прыцягнення да адказнасці вышэйшых службовых асоб дзяржавы (прэзідэнта, кіраўніка ўрада і інш.). Інстытут І. з’явіўся ў сярэдневяковай Англіі і быў адноўлены ў 1-й пал. 17 ст. У краінах з двухпалатным парламентам (ЗША, Вялікабрытанія, Японія) узбуджае справу і аддае пад суд, як правіла, ніжняя палата парламента, а разглядае справу верхняя палата. Вынікам І. можа быць вызваленне (адхіленне) службовай асобы ад пасады да заканчэння тэрміну паўнамоцтваў. У адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь Прэзідэнт дзяржавы можа быць датэрмінова вызвалены ад пасады пры стойкай няздольнасці па стане здароўя ажыццяўляць свае абавязкі. Рашэнне аб датэрміновым вызваленні Прэзідэнта прымаецца большасцю не менш як 2/3 галасоў ад поўнага складу Палаты прадстаўнікоў і большасцю не менш як 2/3 галасоў ад поўнага складу Савета Рэспублікі на падставе заключэння спецыяльна ствараемай палатамі камісіі. Прэзідэнт можа быць зняты з пасады ў сувязі з учыненнем дзярж. здрады або інш. цяжкага злачынства: у гэтым выпадку справа па сутнасці абвінавачання разглядаецца Вярх. судом.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КІХ ЛІ́КАЎ ЗАКО́Н,
агульны прынцып, паводле якога сукупнае дзеянне вял. ліку выпадковых фактараў пры некаторых вельмі агульных умовах прыводзіць да выніку, які амаль не залежыць ад выпадку.
На пач. 18 ст. Я.Бернулі ўпершыню дакладна даказаў тэарэму пра імкненне частаты выпадковай падзеі да яе імавернасці пры вял. колькасці выпрабаванняў. Гэтая тэарэма дае тэарэт. аснову для набліжанага вылічэння невядомай імавернасці падзеі па яе частаце. С.Пуасон у 1837 пашырыў тэарэму Бернулі на больш агульныя ўмовы і ўвёў тэрмін «Вялікіх лікаў закон». Значнае абагульненне тэарэмы Бернулі зрабіў П.Л.Чабышоў (1866), вынікам чаго з’яўляецца правіла сярэдняга арыфметычнага, якое выкарыстоўваецца ў практыцы вымярэнняў: калі x1, x2, x3, ..., xn — значэнні велічыні, што вымяраецца, то яе сапраўднае значэнне супадае з сярэднім значэннем
Вялікіх лікаў законам карыстаюцца ў тэхніцы, фізіцы, статыстыцы, эканоміцы і інш. галінах навукі і тэхнікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛО́ЎНЫ СКАЗ,
вядучы кампанент у структуры складанага сказа. Да галоўнага сказа далучаецца залежны кампанент — даданы сказ («Расказваў хлопец так шчыра і падрабязна, што самыя недаверлівыя людзі паверылі яму». І.Шамякін). У якасці галоўнага сказа выступаюць усе структурныя тыпы простых сказаў. Сродкамі аб’яднання галоўнага сказа з даданымі сказамі служаць інтанацыя, падпарадкавальныя злучнікі («што», «калі», «каб»), злучальныя словы (займеннікі і прыслоўі «хто», «які», «дзе», «куды»), якія ў маўленні часта камбінуюцца з суадноснымі словамі («той», «там», «так», «дык»). Фармальна і па сэнсе даданы сказ можа залежаць ад галоўнага сказа ў цэлым («Ідзе Віктар наўмысля марудна... каб як даўжэй працягнуць дарогу». М.Зарэцкі) або ад асобнага слова ў галоўным сказе: у апошнім выпадку даданы сказ можа стаяць і перад, і пасля, і ў сярэдзіне галоўнага («Пласкадонка, якая ў гэтых мясцінах называецца чайкай, ад рання стаяла ў ціхай завадзі Быстранкі...». Я.Брыль).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЗЫКО́ВЫ ПРАЦЭ́НТ,
плата, якую атрымлівае крэдытор (банк) ад пазычальніка за карыстанне пазыкай. У яе можа быць уключана і плата за аказанне паслуг пры выдзяленні крэдыту. Памер і парадак выплаты працэнта па разменных відах пазыковых аперацый устанаўліваецца дыферэнцыравана паводле крэдытнага дагавора паміж банкам і пазычальнікам. Працэнтныя стаўкі за пазыку могуць быць фіксаваныя (цвёрдыя), «плаваючыя», базісныя (базавыя). Фінансавы П.п. — плата, папярэдне вызначаная і нязменная на працягу ўсяго тэрміну карыстання пазыкай. Выкарыстоўваецца пры кароткатэрміновых (да 30 дзён) пазыках. Базісныя стаўкі даюць магчымасць мяняць плату за карыстанне пазыкай. У гэтым выпадку П.п. можа пераглядацца банкам на працягу ўсяго тэрміну крэдытавання з абавязковым паведамленнем пазычальніка. На ўзровень П.п. ўплываюць: сярэдні ўзровень платы за прыцягнутыя рэсурсы, дэпазітны працэнт, расходы пазычальніка, аб’ект крэдытавання, плацежаздольнасць кліента, ступень рызыкі праекта, тэрмін пазыкі, узровень інфляцыі і інш. фактары, якія вынікаюць з грашова-крэдытнай палітыкі цэнтр. банка і ўрада.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІРАНДЭ́ЛА (Pirandello) Луіджы (28.6.1867, г. Агрыджэнта, Італія — 10.12.1936),
італьянскі пісьменнік, драматург. Вучыўся ў Рымскім і Бонскім (Германія) ун-тах. У 1898 праф.пед. каледжа ў Рыме. Дэбютаваў як паэт у 1889 (зб. «Радасны боль»). Раннія творы напісаны ў традыцыях верызму (зб-кі навел «Каханне без кахання», 1894; «Навелы на год», т. 1—5, 1901—19). У раманах «Адвержаная» (1901), «Нябожчык Матыя Паскаль» (1904) і інш., філас.-псіхал. трагікамедыях «Шэсць персанажаў у пошуках аўтара» (паст. 1921), «Генрых IV» (паст. 1922), «Кожны па-свойму» (паст. 1924), «Сёння мы імправізуем» (паст. 1930) і інш. вобразы «негераічных» герояў, ілюзорнасць чалавечых ідэалаў, адзінота, няўстойлівасць і недасканаласць грамадскіх адносін, гульня выпадку ў лёсах людзей. Адыграў значную ролю ў перабудове італьян. і еўрап.т-ра 20 ст. Нобелеўская прэмія 1934.
меры, якія прымяняюцца ў адносінах да непаўналетняга, які ўчыніў злачынства, што не ўяўляе вял. грамадскай небяспекі, або ўчыніў упершыню менш цяжкае злачынства. Паводле крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь замест прымянення крымін. пакарання суд можа пастанавіць абвінаваўчы прыгавор і назначыць такой асобе меры: перасцярогу (тлумачэнне непаўналетняму вынікаў паўторнага ўчынення злачынстваў, прадугледжаных законам); ускладанне абавязацельства публічна ў інш. форме, якую вызначыць суд, прынесці прабачэнне пацярпеламу; ускладанне на непаўналетняга абавязацельства ў наступным пакрыць сваімі сродкамі або працай нанесеныя ім страты; абмежаванне свабоды вольнага часу на пэўны тэрмін (забарона наведвання пэўных месц, абмежаванне знаходжання па-за домам у пэўныя часы сутак, абавязковая яўка для рэгістрацыі ў орган, які кантралюе яго паводзіны); змяшчэнне на тэрмін да 2 гадоў у спец.навуч.-выхаваўчую або лячэбна-выхаваўчую ўстанову. У выпадку злоснага ўхілення непаўналетняга ад выканання гэтых мер суд можа замяніць прызначаную меру на больш строгую.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФАРАДЭ́Я ЭФЕ́КТ,
эфект вярчэння плоскасці палярызацыі лінейна палярызаванага святла пры распаўсюджванні яго ў рэчыве ўздоўж сілавых ліній пастаяннага магн. поля, у якім знаходзіцца гэта рэчыва; адзін з эфектаў магнітаоптыкі. Ф.э. з’яўляецца першым доказам прамой сувязі аптычных і эл.-магн. з’яў. Адкрыты М.Фарадэем у 1845.
Вугал павароту плоскасці палярызацыі θ прапарцыянальны напружанасці магн. поля H і даўжыні шляху l святла ў рэчыве θ = VHl, дзе V — канстанта прапарцыянальнасці, залежная ад уласцівасцей рэчыва, даўжыні хвалі святла і т-ры. Напрамак павароту плоскасці палярызацыі (у адрозненне ад выпадкуаптычнай актыўнасці) не залежыць ад напрамку распаўсюджвання святла (па полі ці супраць поля). Таму шматразовае праходжанне святла праз асяроддзе, змешчанае ў магн. поле, прыводзіць да павелічэння вугла павароту ў адпаведную колькасць разоў На Ф.э. заснавана работа магнітааптычных інтэгральных схем, аптычных засавак, вентыляў, ліній затрымкі і інш. Выкарыстоўваюць для вызначэння аптычных параметраў рэчыва, для вывучэння распаўсюджвання радыёхваль у магн. полі Зямлі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФРА́НКА-ЧЭХАСЛАВА́ЦКІ ДАГАВО́Р 1924аб саюзе і сяброўстве.
Падпісаны ў Парыжы 25 студз. прэм’ер-міністрам Францыі Р.Пуанкарэ і міністрам замежных спраў Чэхаславакіі Э.Бенешам. Дагавор абавязваў урады абедзвюх дзяржаў «дамаўляцца аб мерах, якія будуць неабходныя для забеспячэння сваіх агульных інтарэсаў у выпадку, калі б такім пагражала небяспека» (магчымыя парушэнні Сен-Жэрменскага мірнага дагавора 1919, спробы аднаўлення манархіі Габсбургаў у Венгрыі і Гогенцолернаў у Германіі і інш.), паведамляць адзін аднаму аб заключаных імі раней паліт. пагадненнях адносна Цэнтр. Еўропы і раіцца аб заключэнні новых пагадненняў. Ф.-ч.д. 1924 дапоўнены падпісаным 16.10.1925 у г. Лакарна (Швейцарыя) франка-чэхаславацкім пактам аб узаемных гарантыях (адзін з Лакарнскіх дагавораў 1925): бакі абавязваліся аказваць узаемна неадкладную дапамогу і падтрымку, калі Германія несправакавана, ўзбр. умяшаннем парушыць свае абавязацельствы па захаванні міру. Падпісанне Францыяй Мюнхенскага пагаднення 1938 супярэчыла яе саюзным дагаворам 1924 і 1925 з Чэхаславакіяй, якія т.ч. спынілі дзеянне.
эканам. барацьба паміж вытворцамі (прадаўцамі) тавараў, а ў агульным выпадку — паміж любымі эканам., рыначнымі суб’ектамі; саперніцтва за долю рынку і прыбытку. К. — гэта цывілізаваная легалізаваная форма барацьбы за існаванне і адзін з найб. дзейсных механізмаў адбору і рэгулявання рыначнай эканомікі. К. і інтэграцыя ствараюць дыялектычнае адзінства, пастаянна дапаўняюць адна адну і процістаяць адна адной. Можа быць унутрыгаліновая (прадметная, міжфірменная) і міжгаліновая. Унутрыгаліновая К. вядзецца паміж аналагічнымі таварамі, якія задавальняюць адну і тую ж патрэбу, але адрозніваюцца цаной, якасцю, асартыментам. Пры міжгаліновай К. ў барацьбу ўключаюцца суб’екты рынку і тавары розных галін, якія задавальняюць патрэбы рознымі спосабамі (напр., тавары для спорту, турызму, адпачынку). У гэтым выпадку барацьба ідзе за плацежаздольны попыт насельніцтва. Такі від К. наз. таксама функцыянальным. Цэнавая К. прадугледжвае продаж тавараў або прапанову паслуг па больш нізкіх цэнах, чым іншыя канкурэнты. Няцэнавая К. — прапанова тавараў больш высокай якасці, больш шырокага асартыменту. Асаблівае значэнне маюць эканамічнасць і эстэт. паказчыкі прадукцыі, яе бяспечнасць. У залежнасці ад колькасці ўдзельнікаў рынку адрозніваюць К. дасканалую (чыстую, ідэальную, сустракаецца рэдка), і недасканалую. Дасканалая К. вядзецца з мноствам падобнага, узаемазамяняльнага тавару, прычым ні адна асобная група не можа ўплываць на кошт і маштабы продажу тавараў. Манапалістычная К. вядзецца з вял. колькасцю прадаўцоў і пакупнікоў пры значнай разнастайнасці тавараў (прадаюцца па розных цэнах); алігапалістычная К. — з невял. колькасцю буйных прадаўцоў, здольных уплываць на цэны тавараў. Пра недасканалую К. або неканкурэнтны рынак размова ідзе тады, калі пакупнікі або прадаўцы маюць магчымасць уздзейнічаць на рыначную цану. Ва ўмовах жорсткай канкурэнтнай барацьбы мае месца н я добрасумленная К., якая выяўляецца ў парушэнні прынятых на рынку правіл і норм, у дэзінфармацыі пра годнасць тавару, выкарыстанні чужога таварнага знака, фірменнай назвы, маркіроўкі, у тайных змовах на таргах і інш. К. выступае абавязковай умовай дынамічнага і эфектыўнага развіцця міжнар.гасп. сувязей, паскарэння эканам. інтэграцыі. У сучасных інтэграцыйных працэсах высокая канкурэнтная здольнасць прадукцыі з’яўляецца фактарам эканам. незалежнасці і бяспекі краіны, забяспечвае станоўчую дынаміку экспарту, садзейнічае поспеху ў саперніцтве з замежнымі таварамі на знешнім рынку, а таксама росту эканам. патэнцыялу дзяржавы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКУМУЛЯ́ЦЫЯ ЗАБРУ́ДЖВАЛЬНЫХ РЭ́ЧЫВАЎу арганізмах,
назапашванне ў жывых істотах хім. рэчываў, якія забруджваюць навакольнае асяроддзе. Месцам акумуляцыі могуць быць розныя органы і тканкі, пры гэтым многія з забруджвальнікаў (асабліва біягеннага паходжання) здольныя паступова часткова ці цалкам утылізавацца праз уключэнне ў біяхім. цыклы арганізма; у такім выпадку шкоднасць іх (напр., нітратаў) выяўляецца не абавязкова ў самім арганізме-назапашвальніку. Стойкія забруджвальнікі дрэнна ўключаюцца ў цыкл натуральнага кругавароту рэчываў і працяглы час захоўваюцца і ў навакольным асяроддзі і ў арганізмах, якія іх акумулююць. У працэсе руху патрафічных ланцугах яны могуць ствараць значна большыя канцэнтрацыі — аж да асабліва небяспечных для існавання асобных відаў жывёл і раслін, а таксама для здароўя чалавека. Прыкладам такой акумуляцыі забруджвальных рэчываў з’яўляецца назапашванне ядахімікатаў (ДДТ і некат. інш.пестыцыдаў), многіх радыенуклідаў (стронцый-90), цяжкіх металаў і інш. Для Беларусі праблема акумуляцыі забруджвальных рэчываў вельмі абвастрылася пасля стварэння на яе тэр. буйных комплексаў хім. прам-сці і асабліва ў сувязі з яе радыеактыўным забруджваннем у выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС.