ІМПІ́ЧМЕНТ (ад англ. impeachment асуджэнне, ганьбаванне, абвінавачанне),
асобы парадак і ўстаноўленая працэдура прыцягнення да адказнасці вышэйшых службовых асоб дзяржавы (прэзідэнта, кіраўніка ўрада і інш.). Інстытут І. з’явіўся ў сярэдневяковай Англіі і быў адноўлены ў 1-й пал. 17 ст. У краінах з двухпалатным парламентам (ЗША, Вялікабрытанія, Японія) узбуджае справу і аддае пад суд, як правіла, ніжняя палата парламента, а разглядае справу верхняя палата. Вынікам І. можа быць вызваленне (адхіленне) службовай асобы ад пасады да заканчэння тэрміну паўнамоцтваў. У адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь Прэзідэнт дзяржавы можа быць датэрмінова вызвалены ад пасады пры стойкай няздольнасці па стане здароўя ажыццяўляць свае абавязкі. Рашэнне аб датэрміновым вызваленні Прэзідэнта прымаецца большасцю не менш як 2/3 галасоў ад поўнага складу Палаты прадстаўнікоў і большасцю не менш як 2/3 галасоў ад поўнага складу Савета Рэспублікі на падставе заключэння спецыяльна ствараемай палатамі камісіі. Прэзідэнт можа быць зняты з пасады ў сувязі з учыненнем дзярж. здрады або інш. цяжкага злачынства: у гэтым выпадку справа па сутнасці абвінавачання разглядаецца Вярх. судом.
т. 7, с. 211
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)