МАЖА́ЙСКІЯ малодшая лінія маскоўскіх вял. князёў. Паходзілі ад Андрэя Дзмітрыевіча
(1382—1432),
сына вял.кн. маскоўскага Дзмітрыя Іванавіча Данскога. Андрэй Дзмітрыевіч атрымаў ва ўдзел Мажайск (адсюль прозвішча роду), Вераю, Калугу, Белавозера. Ад яго старэйшага сына Івана пайшоў род М., ад малодшага Міхаіла — род князёў Вярэйскіх. Найб. вядомыя:
Іван Андрэевіч (? — да 1483), сын Андрэя Дзмітрыевіча. У час феад. вайны ў Расіі 1425—53 уцёк у ВКЛ, прэтэндаваў на пасадвял. князя маскоўскага. Вял. князь ВКЛ Казімір падараваў яму Гомель, Бранск, Старадуб. Андрэй Іванавіч (? — 1487), сын Івана Андрэевіча, валодаў пасля бацькі Бранскам і вёскамі ў Гомельскай воласці, выслужыў у Казіміра маёнтак Свержань. Сямён Іванавіч (? — каля 1505), сын Івана Андрэевіча, трымаў пасля бацькі Гомель і Старадуб. У 1496 вял. князь ВКЛ Аляксандр падараваў яму Чарнігаў і Карачаў, пазней — Хоцімль. У час вайны Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ 1500—03 перайшоў з усімі сваімі ўладаннямі на бок вял.кн. маскоўскага Івана III і ваяваў супраць ВКЛ. Захапіў Любеч. Празываўся таксама князем Старадубскім. Васіль Сямёнавіч (? — да 1519), сын Сямёна Іванавіча, валодаў пасля бацькі Гомелем, Старадубам, Чарнігавам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОЛ ПОТ (сапр.Салот Сар; 19.5.1928, прав. Кампонгцям, Камбоджа — 9.6.1996),
палітычны і дзяржаўны дзеяч Камбоджы. У 1949—52 вучыўся ў Сарбоне (Францыя). З 1940-х г. удзельнік антыяп., потым — антыфранц. руху. Чл.Камуніст. партыі Індакітая, з 1951 — Нар.-рэв. партыі Камбоджы (з 1963 — Кампучыйская камуніст. партыя), яе ген. сакратар у 1963—89. З 1967 узначаліў узбр. барацьбу камуністаў («чырвоных кхмераў») супраць рэжымаў Нарадома Сіянука, з 1970 — Лон Нола, якая скончылася захопам «чырвонымі кхмерамі» ў крас. 1975 улады ў краіне. У 1976—79 прэм’ер-міністр Дэмакр. Рэспублікі Кампучыі. Пад яго кіраўніцтвам была зроблена спроба хуткай пабудовы ў Камбоджы камуніст. грамадства; фактычна быў усталяваны жорсткі таталітарны рэжым, у выніку голаду і рэпрэсій загінула ад 2 да 3 млн.чал. Справакаваў узбр. канфлікт з В’етнамам. Пасля ўзяцця 7.1.1979 в’етн. войскамі сталіцы Камбоджы Пнампеня ўцёк у Тайланд, дзе ўзначаліў партыз. барацьбу супраць рэжыму Хенга Самрына і в’етн. войск. У 1985 падаў у адстаўку з усіх пасад, застаючыся фактычным кіраўніком «чырвоных кхмераў». У ліст. 1991 вярнуўся ў Камбоджу, дзе хаваўся ад новых улад у горных раёнах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПАСА́ДСКАЕ БУДАЎНІ́ЦТВА» сукупнасць землеўпарадкавальных, сац.-эканам. мерапрыемстваў урада Рас. дзяржавы ў гарадах з канца 15 да сярэдзіны 17 ст. Было накіравана супраць прыватнай феад. зямельнай уласнасці на пасадах і закладніцтвагандл.-рамеснага насельніцтва, на павелічэнне колькасці падаткаплацельшчыкаў шляхам вяртання ў дзярж.цягло вызваленых ад яго жыхароў прыватнаўласніцкіх, т.зв. «белых» слабод. Шэраг захадаў па «П.б.» зрабілі Іван III, Васіль III, Іван IV, Барыс Гадуноў, Міхаіл Фёдаравіч, канчаткова яго прынцыпы сфармуляваны пры Аляксею Міхайлавічу ў Саборным улажэнні 1649: усе прыватныя ўладанні на пасадах падлягалі бязвыплатнай канфіскацыі; да пасадаў прыпісваліся навакольныя землі для выпасу жывёлы і агародаў; усе «закладнікі» вярталіся ў пасадскую абшчыну, да якой далучаліся і жыхары канфіскаваных феад. уладанняў; занятак гандл.-рамесніцкай дзейнасцю абвяшчаўся манаполіяй пасадскіх людзей (як выключэнне гэты занятак дазваляўся таксама стральцамі частцы «служылых» казакоў); выхад з пасадскай абшчыны і пераходы з пасада ў пасад забараняліся. У 1649—52 да пасадаў далучана больш за 10 тыс. новых цяглых двароў. У выніку рэформы 1649 асн. маса гараджан апынулася ў складзе гандл.-рамеснага саслоўя асабіста свабодных, але па-прыгонніцку прымацаваных да месца жыхарства пасадскіх людзей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАМУ́ЛКА ((Gomułka) Уладзіслаў) (6.2.1905, г. Кросна, Польшча — 1.9.1982),
польскі дзярж. і паліт. дзеяч. У 1922—32 удзельнік прафс. руху. З 1926 чл.камуніст. партыі Польшчы. У 1934—35 вучыўся ў Міжнар. Ленінскай школе ў Маскве, пасля на парт. рабоце ў Польшчы. У 1936 арыштаваны і зняволены ў турму. Пасля акупацыі Польшчы ням.-фаш. войскамі з 1939 у Львове. У 1942 вярнуўся ў Польшчу, прымаў удзел у стварэнні Польскай рабочай партыі (ПРП), быў сакратаром Варшаўскага к-та ПРП. У 1943—48 ген. сакратар ЦК ПРП, ініцыятар стварэння Краёвай рады нарадовай. З 1945 віцэ-прэм’ер, адначасова міністр вернутых зямель. У 1948 абвінавачаны ў «праванацыяналістычным ухіле», зняты з усіх пасад, у 1951 арыштаваны. У 1956 рэабілітаваны, абраны першым сакратаром ЦК ПАРП. Першапачаткова карыстаўся значнай падтрымкай у грамадстве; праводзіў палітыку памяркоўных паліт. і эканам. рэформаў, паступова іх абмяжоўваючы. Апошнія гады яго кіраўніцтва партыяй характарызаваліся абвастрэннем сац., эканам. і паліт. сітуацыі ў краіне (у сак. 1968 у Варшаве і Кракаве разагнаны студэнцкія дэманстрацыі, у жн. 1968 часці Войска Польскага ў складзе краін — удзельніц Варшаўскага дагавора ўступілі ў Чэхаславакію, у снеж. 1970 сілай падаўлены рабочыя выступленні на Балт. узбярэжжы і інш.). У снеж. 1970 падаў у адстаўку і адышоў ад паліт. дзейнасці. Аўтар «Дзённікаў» (т. 1—2, 1994).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРУЦК (летапісны Дрютьск, Дрьтеск, Дрьютск),
старажытны горад Полацкай зямлі. Знаходзіўся каля сучаснай в. Друцк Талачынскага р-на Віцебскай вобл. Узнік на высокім правым беразе р. Друць на адным з адгалінаванняў шляху«з варагаў у грэкі». Паводле сведчання Друцкага евангелля 14 ст., існаваў ужо ў канцы 10 ст. У летапісах упершыню ўпамінаецца пад 1092. З 1-й пал. 12 ст. цэнтр Друцкага княства, якім валодалі нашчадкі полацкага кн. Усяслава Брачыславіча. У 1116 разбураны войскамі паўд.-рус. князёў. З 1180 уцягнуты ў барацьбу смаленскіх князёў з чарнігаўскімі. Найб. росквіту дасягнуў у 1230—40-я г. З 13 ст. ў складзе ВКЛ. З 14 ст. існаваў Друцкі замак.
Новы прамы шлях з Вільні ў Маскву праз Талачын паскорыў заняпад Д.
Дзядзінец стараж. Д. (пл. каля 1 га) быў умацаваны валам і ровам. З Пн да дзядзінца прымыкаў вакольны горад, умацаваны таксама валам і ровам. На абодвух валах знаходзіліся вежы з сістэмай двайных брам і сцены-гародні. За сценамі горада размяшчаўся неўмацаваны пасад. Археал. раскопкі Д. праводзілі ў 1930 А.Дз.Каваленя, у 1956—62, 1965, 1967 Л.В.Аляксееў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІ́МЛЕР ((Himmler) Генрых) (7.10.1900, г. Мюнхен, Германія — 23.5.1945),
адзін з кіраўнікоў фаш. Германіі і гал.ваен. злачынца 2-й сусв. вайны. Скончыў Тэхн.ун-т у Мюнхене. Удзельнік гітлераўскага путчу ў Мюнхене ў ліст. 1923. Чл. нацыянал-сацыялісцкай партыі з 1925. Кіраўнік (рэйхсфюрэр) СС (1929—45) і ўласнай сакрэтнай службы — СД (з 1931). Дэп. рэйхстага (з 1930). Нач. паліцыі Мюнхена, Баварыі (з 1933; пад яго кіраўніцтвам створаны адзін з першых канцлагераў у Дахаў). Шэф гестапа Прусіі (з 1934), разам з Р.Гайдрыхам кіраваў забойствам лідэраў штурмавых атрадаў і шэрагу палітыкаў у час т.зв. «ночы доўгіх нажоў» 30.6.1934. Дзярж. сакратар МУС (з 1936). «Рэйхскамісар па ўмацаванні ням. нацыі» (з кастр. 1939). У 2-ю сусв. вайну кіраваў масавым знішчэннем яўрэяў, рэалізацыяй плана «Ост» (у 1941 прысутнічаў на масавых пакараннях смерцю ў Мінску); міністр унутр. спраў (з 1943), галоўнакаманд. рэзервовай арміяй і адказны за ўзбраенне вермахта (з 1944), каманд. групай армій «Вісла» на сав.-герм. фронце (студз.—сак. 1945). 29.4.1945 за спробы заключыць сепаратны мір з зах. дзяржавамі пазбаўлены А.Гітлерам усіх пасад. 21.5.1945 трапіў у брыт. палон у Паўн. Германіі. Скончыў самагубствам.
Літ.:
Хавкин Б.Л. Рейхсфюрер СС Гиммлер // Новая и новейшая история. 1991. № 1;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАТЭРЫЯ́ЛЬНАЯ АДКА́ЗНАСЦЬ,
абавязак аднаго з бакоў працоўнага дагавору кампенсаваць матэрыяльную шкоду, нанесеную ім другому боку гэтага дагавору ў выніку неналежнага выканання сваіх абавязкаў у сферы прац. адносін. Існуюць 2 віды М.а.: работніка перад наймальнікам і наймальніка перад работнікам. Для прыцягнення работніка да М.а. паводле норм прац. заканадаўства неабходна, каб на момант нанясення шкоды работнік быў у прац. адносінах з прадпрыемствам, установай, арг-цыяй, якім ён нанёс шкоду. Парадак прыцягнення да М.а., умовы, яе памер вызначаюцца КЗаП Рэспублікі Беларусь, пастановай Дзярж.к-та Рэспублікі Беларусь па працы і сац. абароне насельніцтва ад 8.10.1993 «Аб зацвярджэнні Узорнага пераліку пасад і работ, якія замяшчаюцца або выконваюцца работнікамі, з якімі наймальнікі могуць заключаць пісьмовыя дагаворы аб поўнай матэрыяльнай адказнасці», Узорным дагаворам або поўнай індывідуальнай М.а. і Палажэннем аб калектыўнай (брыгаднай) М.а. Пытанні М.а. работніка перад наймальнікам рэгламентуюцца і інш. актамі заканадаўства. М.а. настае толькі за прамую сапраўдную шкоду, калі яна ўзнікла ад проціпраўных дзеянняў па віне работніка. У адпаведнасці з заканадаўствам наймальнікі нясуць М.а. за шкоду, нанесеную работніку пакалечаннем або інш. пашкоджаннем здароўя, звязанымі з выкананнем ім сваіх прац. абавязкаў. Абавязковай умовай прыцягнення наймальніка да М.а. з’яўляецца проціпраўнае нанясенне шкоды. Прыкмета проціпраўнасці выяўляецца ў парушэнні наймальнікам абавязкаў, ускладзеных на яго як аднаго з бакоў прац. дагавору.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПСКО́ВА-ПЯЧО́РСКІ МАНАСТЫ́Р,
мужчынскі манастыр у г. Пячоры Пскоўскай вобл. (Расія). Узнік каля сярэдзіны 15 ст., калі ў пячорах пасяліліся першыя манахі-пустэльнікі. Быў своеасаблівым фарпостам абароны на зах. мяжы Расіі. У 1581—82, 1592, 1611—16 на яго нападалі шведы. Пасля Паўн. вайны 1700—21 страціў сваё абарончае значэнне. У 1473 пабудавана першая пячорная Успенская царква (перабудавана ў 1522—23, 18 ст.). У 16 ст. каля манастырскіх пабудоў узнік пасад, які пазней перарос у горад. У 2-й пал. 16 ст. манастыр разам з пасадам абнесены крапасной сцяной з 9 вежамі (перабудавана ў 1701). Уваход на тэр. манастыра цераз Святыя вароты, акцэнтаваныя вежай і ківотам над аркай. Гал. кампазіцыйны элемент — шматпралётная 2-ярусная званіца (16 ст.) з гадзіннікам. Захаваліся таксама цэрквы Дабравешчанская (1541, фасад 18—19 ст.), надбрамная Нікольская (1564, арх. П.Забалотны) з вежай, св. Пятра (17 ст.), Пакроўская (18 ст.); пячоры (даўж. 200 м; з’яўляюцца манастырскімі могілкамі). Абарончыя і культавыя будынкі манастырскага комплексу належаць да Пскоўскай шкалы дойлідства.
Літ.:
Древний Псков: История, искусство, археология;
Новые исслед. М., 1988;
Псков через века: Памятники Пскова сегодня. СПб.;
Псков, 1994.
Г.А.Лаўрэцкі.
Пскова-Пячорскі манастыр. Царква святога Пятра. 17 ст.Абарончыя ўмацаванні Пскова-Пячорскяга манастыра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АПАКРЫ́СІС», Апокрысіс, «Апокрисис, албо отповедъ на книжкы о съборе Берестейском...»,
помнік стараж.бел. пісьменства; твор царкоўна-палемічнай літаратуры. Апубл. ў 1597 у Вільні на польск. мове, перавыд. у 1598 у Астрозе ў перакладзе на старабел. мову. Аўтар (мяркуюць — валынскі пратэстант Марцін Бранеўскі) па даручэнні кн. Канстанціна Астрожскага выступіў у абарону нац.-рэліг. незалежнасці праваслаўных Украіны і Беларусі пасля Брэсцкай уніі 1596 і ў адказ на кнігі яе апалагетаў П.Скаргі і І.Пацея, схаваўшыся пад псеўданімам Хрыстафор Філалет. Аўтар паказаў, што царк. саюз уніяцкіх і каталіцкіх епіскапаў абумоўлены не праблемамі багаслоўскай ісціны і маралі, а імкненнем да гарантаваных матэрыяльных выгод, высокіх дзярж.пасад, рэліг. прывілеяў і паліт. правоў. У «Апакрысісе» выкарыстаны шырокі арсенал літ. і фалькл. мастацкіх сродкаў: анекдатычныя гісторыі, байкі, сатыр. бытавыя замалёўкі, трапныя прыказкі і прымаўкі, каларытныя эпітэты і параўнанні. «Апакрысіс» — яркая старонка антыуніяцкай публіцыстыкі. Ён адыграў значную ролю ў кансалідацыі ўкр. і бел. народаў у іх барацьбе за нац.-культ. самабытнасць. Раскрыўшы вострую супярэчнасць паміж феад. вярхамі двух асн. веравызнанняў Рэчы Паспалітай, аўтар змагаўся за традыцыі і веру народа з пазіцый мясц. знаці, якая баялася, каб палітыка уніяцка-каталіцкага духавенства не прывяла дзяржаву да ўнутр.сац. і нац.-вызв. вайны. Таму ён заклікаў знаць да салідарнасці і сумесных дзеянняў.
Літ.:
Яременко П.К. Український письменник-полемист Христофор Філалет і його «Апокрисис». Львів, 1964.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРА́ЦЫ НДІМіністэрства працы Рэспублікі Беларусь.
Засн. ў 1991 у Мінску на базе Бел. філіяла (з 1971) НДІ працы Дзяржкампрацы СССР. Асн. кірункі навук. даследаванняў: народанасельніцтва (дэмаграфічныя працэсы, міграцыя); рынак працы (рацыянальнае і эфектыўнае выкарыстанне прац. рэсурсаў, занятасць і беспрацоўе, прафарыентацыя і адукацыя, павышэнне кваліфікацыі і перападрыхтоўка кадраў, рэгіянальныя асаблівасці рынку працы); аплата працы (удасканаленне дзярж. механізма рэгулявання заработнай платы, распрацоўка рэкамендацый матэрыяльнага стымулявання для павышэння эфектыўнасці гаспадарання прадпрыемстваў, выканання норм і нарматываў прац. і матэрыяльных выдаткаў); даходы і ўзровень жыцця насельніцтва (фарміраванне даходаў і расходаў насельніцтва, іх структура і дынаміка; распрацоўка мінім.дзярж.сац. стандартаў і іх выкарыстанне пры рэгуляванні даходаў; развіццё сістэм сац. страхавання; беднасць, маштабы і шляхі яе пераадолення); рэгламентацыя і нарміраванне працы (удасканаленне метадалогіі ацэнкі складанасці працы служачых; распрацоўка і вядзенне адзінага тарыфна-кваліфікацыйнага даведніка работ і прафесій рабочых, кваліфікацыйнага даведніка пасад служачых; распрацоўка метадычнай і нарматыўна-інфарм. базы для нарміравання працы і інш); ахова і ўмовы працы (рэфармаванне сістэмы пенсіённага забеспячэння за работу ў асаблівых умовах працы; эканам. стымуляванне стварэння бяспечных умоў працы); сац. праблемы працы (развіццё сістэмы сац. партнёрства, накіраванай на ўзгадненне інтарэсаў работніка, наймальніка і дзяржавы; падрыхтоўка нарматыўных і метадычных матэрыялаў работы з персаналам); маніторынг сац.-працоўнай сферы Беларусі і інш. З 1993 выдае навук., нарматыўную і даведачную л-ру па праблемах даследавання; з 1995 — штомесячнік «Бюллетень Министерства труда Республики Беларусь».