ПЭН ДЭХУА́Й (24.10.1898, в. Шысян, прав. Хунань, Кітай — 29.11.1974),

кітайскі ваенны і дзярж. дзеяч. Маршал КНР (1955). Герой КНДР. Скончыў афіцэрскія курсы (1923). З 1916 на ваен. службе. Удзельнік рэвалюцыі 1925—28 у Кітаі. Летам 1928 узначаліў паўстанне гаміньданаўскіх войск у прав. Хунань, стварыў 5-ы корпус Чырв. Арміі Кітая. Удзельнік Паўн.-Зах. паходу 1934—36. У час нацыянальна-вызваленчай вайны кітайскага народа супраць японскіх захопнікаў 1937—45 нам. каманд. 8-й арміяй, адзін з ініцыятараў «бітвы ста палкоў». У час трэцяй грамадзянскай вайны 1946—49 камандаваў арміямі. Каманд. кіт. войскамі ў Карэйскай вайне 1950—53. З 1954 міністр абароны, нам. старшыні Дзяржсавета КНР, чл. Палітбюро ЦК Кампартыі Кітая. Быў прыхільнікам умацавання дружбы з СССР. У 1959 на 8-м (Лушаньскім) пленуме ЦК Кампартыі выступіў супраць авантурыстычнага курсу Мао Цзэдуна на «вялікі скачок», за што адхілены ад усіх пасад. У 2-й пал. 1960-х г. рэпрэсіраваны ў ходзе «культурнай рэвалюцыі» і быў пакалечаны хунвэйбінамі. Памёр у зняволенні. У 1978 рэабілітаваны.

Тв.:

Рус.пер. — Мемуары маршала. М., 1988.

Ю.​В.​Бажэнаў.

т. 13, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯТРО́ЎСКІ Рыгор Іванавіч (4.2.1878, г. Харкаў, Украіна — 9.1.1958),

савецкі дзярж. і парт. дзеяч. Бацька Л.Р.Пятроўскага. Чл. ЦК (1921—39), канд. у чл. Палітбюро ЦК (1926—39) Камуніст. партыі. У 1897 уступіў у екацярынаслаўскі «Саюз барацьбы за вызваленне рабочага класа». У 1899—1900 на рэв. рабоце ў Харкаве і Мікалаеве. У рэвалюцыю 1905—07 адзін з арганізатараў Екацярынаслаўскага Савета рабочых дэпутатаў і Баявога стачачнага к-та. Дэп. 4-й Дзярж. думы (з 1912), дзе ўзначальваў фракцыю бальшавікоў. У ліст. 1914 арыштаваны, у лют. 1915 навечна сасланы ў Сібір. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 камісар Якуцкай вобл. З чэрв. 1917 на парт. рабоце ў Петраградзе, Екацярынаславе, актыўны ўдзельнік барацьбы за Сав. ўладу ў Данбасе. У ліст. 1917 — сак. 1919 нарком унутр. спраў РСФСР. У 1919—38 старшыня ЦВК Украінскай ССР, адначасова нам. старшыні ЦВК СССР (1922—37), нам. старшыні Прэзідыума Вярх. Савета СССР (1937—38). Старшыня Усеўкр. камісіі бедных сялян (1920—33). З 1940 нам. дырэктара Музея рэвалюцыі СССР. У яго гонар названы г. Днепрапятроўск (б. Екацярынаслаў).

Р.І.Пятроўскі.

т. 13, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯТРЭ́НКА Аляксей Васілевіч (н. 26.3.1938, с. Чэмер Чарнігаўскай вобл., Украіна),

расійскі акцёр. Нар. арт. Расіі (1988). Скончыў Харкаўскі тэатр. ін-т (1961). З 1961 у т-рах Запарожжа і Данецка, з 1964 у Ленінградскім т-ры імя Ленсавета, з 1977 у Маскоўскім драм. т-ры на Малой Броннай, у 1978—83 у Маскоўскім маст. акад. т-ры, у 1991—92 у т-ры «Школа сучаснай п’есы». Мастацтву П. ўласцівы тэмпераментнасць, здольнасць да псіхал. аналізу вобраза: Дзіма («Качынае паляванне» А.​Вампілава), Сцяпан («А што гэта ты ў фраку?» Д.​Сухарава паводле «Прапановы» А.​Чэхава). З 1967 здымаецца ў кіно: «Кароль Лір» (1971), «Агонія» (1974), «Дваццаць дзён без вайны» (1976), «Ключ без права перадачы», «Сказ пра тое, як цар Пётр арапа жаніў» (абодва 1977), «Жаніцьба» (1978), «Гракі» (1983), «Жорсткі раманс», «ТАСС упаўнаважаны заявіць» (абодва 1984), «Наш браняпоезд», «Вязень замка Іф» (абодва 1988), «Кааператыў «Палітбюро», «Мушкецёры дваццаць гадоў пасля» (1992), «Імперыя піратаў» (1994), «Руская ідэя» (1995), «Агапэ» (1996), «Сібірскі цырульнік» (1999), «У жніўні 44-га» (2000) і інш.

т. 13, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАТАЕ́ВІЧ Мендэль Маркавіч (22.3.1893. г. Гомель — 1.2.1939),

савецкі парт. і дзярж. дзеяч. З 1913 чл. Палескага к-та РСДРП. У 1914 арыштаваны і сасланы ў Сібір. У 1917 кіраўнік Гомельскай арг-цыі РСДРП(б), з вер. — чл. Паўн.-Зах. абл. к-та РСДРП(б), чл. выканкома Гомельскага Савета. У 1919 старшыня Гомельскага пав.-гар. к-та РКП(б), чл. Гомельскага рэўкома. У 1920 на Зах. фронце. З 1921 сакратар Гомельскага, з 1923 — Адэскага губкомаў РКП(б). У 1924—25 у апараце ЦК ВКП(б). З 1925 сакратар Татарскага абкома, з 1928 Сярэдняволжскага крайкома ВКП(б). З 1932 сакратар ЦК КП(б)У, адначасова з 1933 Днепрапятроўскага абкома КП(б)У. З 1937 2-і сакратар ЦК КП(б)У. У 1932—37 чл. Палітбюро ЦК КП(б)У. Чл. Цэнтр. рэвіз. камісіі ВКП(б) у 1925—27, канд. у чл. ЦК ВКП(б) у 1927—30, чл. ЦК у 1930—37. Чл. ВЦВК (з 1922), з 1930 чл. ЦВК СССР. У 1937 рэпрэсіраваны, 27.10.1937 прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны ў 1956.

т. 16, с. 560

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Я́ЗАЎ Дзмітрый Цімафеевіч (н. 8.11.1924, с. Язава Аканешнікаўскага р-на Омскай вобл., Расія),

савецкі ваен. і дзярж. дзеяч. Маршал Сав. Саюза (1990). Скончыў ваен. акадэмію імя Фрунзе (1956) і Генштаба (1967). У Чырв. Арміі з 1941. У Вял. Айч. вайну камандзір узвода, нам. камандзіра роты на Волхаўскім і Ленінградскім франтах. Пасля вайны на камандных і штабных пасадах, камандуючы арміяй, з 1974 у Гал. упраўленні кадраў Мін-ва абароны СССР. З 1976 1-ы нам. камандуючага войскамі Далёкаўсходняй ваен. акругі, камандуючы Цэнтральнай групай войск, з 1980 — войскамі Сярэднеазіяцкай, Далёкаўсх. ваен. акруг. У студз.—маі 1987 нам. міністра абароны па кадрах — нач. Гал. ўпраўлення кадраў Мін-ва абароны СССР. У 1987—91 міністр абароны СССР. Чл. ЦК КПСС з 1987 (канд. з 1981); канд. у чл. Палітбюро ЦК КПСС у 1987—90. Дэп. Вярх. Савета СССР з 1979. Чл. т.зв. Дзярж. к-та па надзвычайным становішчы (ДКНС, ГКЧП), які імкнуўся ўстанавіць надзвычайнае становішча ў краіне 19—21.8.1991. Прыцягнуты да крымінальнай адказнасці; вызвалены паводле амністыі Дзярж. думы Рас. Федэрацыі ў 1994.

Дз.Ц.Язаў.

т. 18, кн. 1, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРАСНЁЎСКАЕ НАРО́ДНАЕ ЎЗБРО́ЕНАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1944 у Балгарыі,

антыфашысцкае паўстанне ў 2-ю сусв. вайну. 26.8.1944 ЦК Балг. рабочай партыі (БРП) прыняў цыркуляр № 4 — праграму падрыхтоўкі ўзбр. паўстання, якая мела на мэце выгнаць нацыстаў з Балгарыі, скінуць манарха-фаш. дыктатуру і ўстанавіць уладу Айч. фронту. 5 вер. Палітбюро ЦК БРП і Гал. штаб Нар.-вызв. паўстанцкай арміі зацвердзілі план паўстання. 7 вер. ў Плевене, Сілістры, Перніку, Плоўдзіве, Слівене і інш. гарадах адбыліся дэманстрацыі і забастоўкі працоўных, у час якіх вызвалены палітвязні. 6—8 вер. балг. партызаны вызвалілі 164 нас. пункты. Ноччу 9 вер. нанесены ўдар па асн. урадавых установах у Сафіі. Да раніцы захоплены радыёстанцыі, будынак ваен. мін-ва, цэнтр. пошта і тэлеграф, тэлеф. станцыя, цэнтр. вакзал і інш. Перамозе паўстання спрыяла ўступленне на тэр. Балгарыі 8 вер. часцей Чырв. Арміі (у гэты дзень Балгарыя абвясціла вайну фаш. Германіі). У выніку паўстання скінуты ўрад правага «земляроба» (чл. партыі Балг. земляробскі нар. саюз) К.​Муравіева і сфарміраваны ўрад Айч. фронту.

Літ.:

Боев Б. Революция 9 сентября 1944 года в Болгарии: Пер. с болг. М., 1981;

Краткая история Болгарии: С древнейших времен до наших дней. М., 1987. С. 425—428.

У.​Я.​Калаткоў.

т. 4, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРЖЫ́НСКІ Фелікс Эдмундавіч (11.9.1877, б. маёнтак Дзяржынава Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл. — 20.7.1926),

савецкі парт. і дзярж. дзеяч, удзельнік польскага і рас. рэв. руху. Гімназістам у Вільні ў 1894 уступіў у с.-д. гурток, з 1895 чл. арг-цыі «Літоўская сацыял-дэмакратыя», з 1896 прафес. рэвалюцыянер. Адзін з кіраўнікоў рэвалюцыі 1905—07 у Варшаве. З 1907 чл. ЦК РСДРП. У 1910—12 працаваў у парт. арг-цыях Варшавы, Чанстаховы і інш. 6 разоў быў арыштаваны і засуджаны. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 у Маскоўскай арг-цыі бальшавікоў. Удзельнік падрыхтоўкі і правядзення Кастр. ўзбр. паўстання ў Петраградзе. З 1917 старшыня ВЧК па барацьбе з контррэвалюцыяй і сабатажам. У 1919—23 нарком унутр. спраў РСФСР. Адзін з арганізатараў «чырвонага тэрору» і ініцыятараў стварэння т.зв. папраўча-прац. лагераў. З 1919 на Усх. фронце. У жн.—вер. 1920 у Мінску, чл. РВС Зах. фронту. З 1921 нарком шляхоў зносін. З 1924 старшыня ВСНГ, адначасова старшыня Аб ’яднанага дзяржаўнага палітычнага ўпраўлення пры СНК СССР. Чл. ЦК з 1918, канд. у чл. Аргбюро з 1920, канд. у чл. Палітбюро ЦК ВКП(б) з 1924. У г.п. Івянец Валожынскага р-на адкрыты музей Дз., на б. хутары Дзяржынава — яго філіял.

т. 6, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСЫ́ГІН Аляксей Мікалаевіч (21.2.1904, С.-Пецярбург — 18.12.1980),

савецкі парт. і дзярж. дзеяч. Двойчы Герой Сац. Працы (1964, 1974). Чл. КПСС (з 1927), яе ЦК (з 1939) і Палітбюро (Прэзідыума) ЦК (1948—52, 1960—80). Скончыў Ленінградскі тэкст. ін-т (1935). У 1939—40 нарком тэкст. прам-сці; у 1940—53, 1953—56, 1957—60 нам. старшыні СНК (СМ) СССР, адначасова ў Вял. Айч. вайну ў 1941—42 нам. старшыні Савета па эвакуацыі, у 1942 упаўнаважаны Дзярж. к-та абароны ў Ленінградзе; у 1943—46 старшыня СНК РСФСР; у 1948 міністр фінансаў, у 1949—53 лёгкай, у 1953 лёгкай і харч. прам-сці, у 1953—54 тавараў нар. спажывання СССР. У 1956—57 1-ы нам. старшыні Дзяржэканамкамісіі, з 1957 1-ы нам. старшыні, у 1959—60 старшыня Дзяржплана СССР. З 1960 1-ы нам. старшыні, у 1964—80 старшыня СМ СССР. Адзін з ініцыятараў эканам. рэформы 1965 у СССР (увядзенне гасп. разліку і інш.). У 1970-я г. садзейнічаў працэсу разрадкі міжнар. напружанасці (падпісанне Маскоўскага дагавора з ФРГ, 1970; скліканне Нарады па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе, 1973).

Тв.:

К великой цели: Избр. речи и статьи. Т. 1-2. М., 1979.

Касцянка звычайная.

т. 8, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПТАШУ́К Міхаіл Мікалаевіч (н. 28.1.1943, в. Федзюкі Ляхавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. кінарэжысёр. Засл. дз. маст. Беларусі (1982). Нар. арт. Беларусі (1990). Скончыў Маскоўскае тэатр. вучылішча імя Б.​Шчукіна (1967), Вышэйшыя рэжысёрскія курсы Дзярж. кіно СССР (1972, майстэрня Г.Данеліі). У 1967—70 працаваў рэжысёрам у т-рах Масквы і Казані. З 1974 на кінастудыі «Беларусьфільм». Першыя фільмы «Пра Віцю, пра Машу і марскую пяхоту» (1973; Гран-пры Міжнар. кінафестывалю ў Іспаніі), «Лясныя арэлі» (1975) адзначаны лірычнасцю вобраза дзяцінства. Зняў шэраг кінафільмаў паводле твораў бел. пісьменнікаў: «Вазьму твой боль» (паводле І.​Шамякіна, 1982), «Чорны замак Альшанскі» (2 серыі, паводле У.​Караткевіча, 1983), «Знак бяды» (паводле В.​Быкава, 1986; Гран-пры Міжнар. кінафестывалю ў Югаславіі). Фарміраванне і выяўленне ў складаных жыццёвых і паліт. умовах тыпаў чалавечага характару адлюстраваны ў гіст.-псіхал. стужках «Наш браняпоезд» (1988), «Кааператыў «Палітбюро», або Будзе доўгім развітанне» (1992; Гран-пры Міжнар. кінафестывалю ў Стакгольме, 1993; прыз Міжнар. кінафестывалю ў Карлавых Варах, 1995). Сярод інш. фільмаў: «Нас выбраў час» (тэлевізійны, 5 серый, 1978), «Гульня ўяўленняў» (1995), фільм-спектакль Мінскага т-ра «Вольная сцэна» «Макбет» (1997), «У жніўні 1944» (2000). Дзярж. прэмія Беларусі 1982.

Г.​В.​Ратнікаў.

М.М.Пташук.

т. 13, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЗЯН ЦЗЭМІ́НЬ (н. 17.8.1926, г. Янчжоў, Кітай),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Кітая. Скончыў Шанхайскі політэхн. ін-т «Цзяатун» (1947). Працаваў на інж. і кіруючых пасадах на з-дах і ў тэхнал.-даследчых ін-тах, з 1973 у апараце 1-га Мін-ва машынабудавання. Стажыраваўся ў СССР (1955—56), узначальваў групы кіт. спецыялістаў у Румыніі (1971—73; з кіт. дапамогай там пабудаваны 10 з-даў) і Пакістане (1976). З 1980 нам. старшыні і адказны сакратар Дзярж. к-таў КНР па кіраванні экспартам, імпартам і замежнымі інвестыцыямі. З 1982 нам. міністра, міністр электроннай прам-сці. Мэр г. Шанхай (1985—88), сакратар яго гаркома КПК (1987—89), Чл. ЦК (1982—2002) і Палітбюро ЦК (1987—2002) КПК. Ген. сакратар (чэрв. 1989—ліст. 2002), старшыня Ваен. савета (з ліст. 1989) ЦК КПК і старшыня КНР ( сак. 1993 — сак. 2003). Праводзіў курс на паглыбленне рыначных рэформ пры захаванні кіруючай ролі КПК. У 2001 наведаў з афіц. візітам Беларусь.

Тв.:

Рус. пер. — Реформа, развитие, стабильность: Статьи и выступления. 2 изд. М., 2001;

У кн.: Творцы истории: Мао Цзэдун, Дэн Сяопин, Цзян Цзэминь: Статьи и выступления. Мн., 2001.

Цзян Цзэмінь.

т. 17, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)