ступень насычанасці паветра вадзяной парай; паказчык надвор’я і клімату. Залежыць ад шыраты мясцовасці (у палярных шыротах вадзяной пары 0,2% аб’ёму паветра, у экватарыяльных 2,5—4%), сезона года, т-ры паветра і інш. Уплывае на транспірацыю і рост раслін, выпарэнне з глебы і вадаёмаў, цеплаабмен і самаадчуванне чалавека, лячэнне хвароб; улічваецца пры буд-ве, захоўванні твораў мастацтва, кніг і інш. Характарызуецца абсалютнай вільготнасцю паветра (на Беларусі вагаецца ад 1,5 г/м³ зімой да 14 г/м³ і больш летам) і адноснай вільготнасцю (ад 10—20% у сухія дні летам да 88—90% у вільготныя дні ў ліст.—снеж. і 100% у тумане), пругкасцю вадзяной пары (ад 5 гПа у снеж.—лют. да 14—15 гПа у ліп.), дэфіцытам вільготнасці або недахопам насычэння (ад 0,4—0,7 гПа у снеж.—лют. да 6—7,8 гПа у чэрв.), а таксама пунктам расы.
паказчык колькаснага параўнання біял. ўздзеяння розных відаў радыеактыўнага выпрамянення. Вызначае, у колькі разоў біялагічнае дзеянне іанізавальных выпрамяненняў пэўнага тыпу (напр., альфа-, бэта-выпрамяненне, нейтроны і інш.) большае (ці меншае) за ўздзеянне на той жа біял. аб’ект стандартнага выпрамянення (жорсткіх рэнтгенаўскіх ці гама-прамянёў). Асобныя віды выпрамяненняў суправаджаюцца вызваленнем рознай колькасці энергіі і маюць пэўную пранікальную здольнасць, таму па-рознаму ўздзейнічаюць на жывыя арганізмы. Чым больш энергіі выпрамяненне перадае тканкам, тым больш пашкоджанняў атрымлівае жывы арганізм. Напр., альфа-выпрамяненне (паток цяжкіх часціц — нейтронаў і пратонаў) мае невял. пранікальную здольнасць, што не дазваляе пранікнуць праз вонкавы слой скуры, аднак яно лічыцца найбольш небяспечным пры траплянні радыенуклідаў унутр арганізма праз раны, з ежай ці пры ўдыханні. Адносная біялагічная эфектыўнасць для электроннага, пазітроннага, рэнтгенаўскага і гама-выпрамянення, а таксама хуткіх пратонаў блізкая да 1, для альфа-часціц і хуткіх нейтронаў роўная 10, для цяжкіх шматзарадных іонаў і ядраў аддачы — 20.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛА́НС ГРУНТАВЫ́Х ВО́ДАЎ,
колькасны паказчык намнажэння і расходавання грунтавых водаў на пэўнай тэрыторыі за вызначаны час. Прыходная частка — жыўленне за кошт прасочвання (інфільтрацыя) атм. ападкаў і паверхневых водаў (рэк, азёраў, балотаў, арашальных і інш.), кандэнсацыі вадзяной пары, паступлення з больш глыбокіх напорных гарызонтаў. Расходная частка — падземны сцёк, выпарэнне з паверхні грунтавых водаў, транспірацыя раслінамі, рачны сцёк. Баланс грунтавых водаў залежыць ад клімату (колькасці і віду атм. ападкаў, т-ры паветра), глебава-расліннага покрыва, формаў рэльефу, саставу і структуры горных парод у зоне аэрацыі, гасп. дзейнасці чалавека (водазабор, меліярацыя і інш.). На Беларусі прыходная частка балансу рэзка павялічваецца пры раставанні снегу і ў час працяглых дажджоў. Элементы балансу вызначаюцца ў выніку працяглых назіранняў на гідрагеалагічных стацыянарах. Вывучэнне балансу грунтавых водаў неабходна для колькаснай ацэнкі рэсурсаў грунтавых водаў і рацыянальнага іх выкарыстання на водазабеспячэнне, для прагнозу іх рэжыму на меліяраваных землях, горных вырабатках, у зоне падпору каля вадасховішчаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́НДЭКС КО́ШТУ ЖЫЦЦЯ́,
адносны паказчык, які разлічваецца з улікам змянення кошту фіксаванага «спажывецкага кошыка» або як сярэднеарыфметычная ўзважаная велічыня з індэксаў рознічных цэн на тавары і паслугі і фактычнай структуры расходаў насельніцтва. Адзінкай стат. ўліку з’яўляецца сям’я. У структуру яе расходаў уключаюць прадукты харчавання, адзенне, абутак, тавары працяглага карыстання, паліва, электраэнергію, камунальныя і трансп. паслугі, мед. абслугоўванне, адукацыю і інш. Вага І.к.ж. вызначаецца шляхам бюджэтных абследаванняў структуры спажывецкіх расходаў, якія робяць з дапамогай мэтанакіраваных або выпадковых адбораў. Метады вызначэння складу спажывецкіх набораў у розных краінах адрозніваюцца. У большасці краін пры пабудове І.к.ж. выкарыстоўваюць пастаянныя вагі, якія дзейнічаюць працяглы час. Прымаючы пад увагу іх недахопы, некат. краіны (напр., Вялікабрытанія, Францыя і інш.) перайшлі да неперарыўнага абследавання бюджэтаў сем’яў і злічэнні на гэтай падставе ланцуговых І.к.ж. з бягучымі вагамі. У шэрагу краін акрамя агульнага індэкса разлічваюцца індэксы розных груп насельніцтва (пенсіянераў, з малым, сярэднім даходамі і інш.). Гл. таксама Індэкс цэн, Індэкс узроўню жыцця.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПІТАЛІЗА́ЦЫЯ,
1) расходаванне прыбытку на павелічэнне капіталу; ператварэнне ў капітал будучых даходаў прадпрыемства і накіраванне іх на стварэнне асноўнага капіталу, набыццё або буд-ваасн. фондаў. Напр., вартасць машыны — гэта капіталізаваная вартасць будучых даходаў ад машыны; цана зямлі разглядаецца як капіталізаваная рэнта, а цана аблігацыі вызначаецца вартасцю будучых паступленняў.
2) Метад ацэнкі вартасці прадпрыемства паводле яго даходу або прыбытку. Вызначаецца «велічынёй капіталу, здольнага прыносіць такія даходы або прыбытак пры норме прыбытку, роўнай сярэдняму пазыковаму працэнту (плаце за карыстанне крэдытамі).
3) Агульная рыначная вартасць акцый, якія знаходзяцца ў абарачэнні на пэўнай фондавай біржы або ў рамках асобнай краіны. Пад К. біржы разумеецца сума ўсіх акцый, выпушчаных у абарачэнне кампаніямі, каштоўныя паперы якіх дапушчаны да гандлю на дадзенай біржы. Пад К. якой-н. краіны разумеецца сумарная рыначная вартасць кампаній, якія выпусцілі акцыі ў свабоднае абарачэнне на тэр. дадзенай краіны. Паказчык К. ў гэтым выпадку служыць ацэнкай нац. багацця краіны, ёмістасці карпаратыўнага сектара эканомікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРА́ДАК РЭА́КЦЫІпа дадзеным рэчыве,
паказчык ступені пры канцэнтрацыі гэтага рэчыва ў кінетычным ураўненні рэакцыі (ураўненне, якое звязвае скорасць рэакцыі з канцэнтрацыяй рэчываў, што ўзаемадзейнічаюць).
Паводле дзейных мас закону, скорасць v простай (аднастадыйнай) рэакцыі тыпу nAA + nBB → pC + qD роўная: v = kCnAACnBB, дзе CA і CB — канцэнтрацыі рэчываў A і B, k — канстанта скорасці рэакцыі, nA і nB — асобныя П.р. (па рэчывах A і B адпаведна). Для простай гамагеннай рэакцыі асобныя П.р. адпавядаюць стэхіяметрычным каэф. рэчыва ва ўраўненні хім. рэакцыі. Агульны (сумарны) П.р. роўны суме П.р. па ўсіх рэчывах, канцэнтрацыі якіх уваходзяць у кінетычнае ўраўненне: для простых рэакцый П.р. — цэлы лік (1,2 ці 3), для складаных (напр., паралельных, паслядоўных) рэакцый звычайна не супадае з сумай стэхіяметрычных каэф. (можа быць дробным і нават адмоўным лікам). П.р. залежыць ад механізму рэакцыі і ўмоў, у якіх яна адбываецца (можа змяняцца пры змене т-ры і ціску), і вызначаецца эксперыментальна. Гл. таксама Кінетыка хімічная.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗМЕ́РНАСЦЬфізічнай велічыні,
выраз, які паказвае сувязь вытворнай фізічнай велічыні (адзінкі фіз. велічыні) з велічынямі (адзінкамі), прынятымі за асноўныя ў сістэме велічынь або ў сістэме адзінак.
Абазначаецца сімвалам dim (ад англ. dimension размернасць) і запісваецца ў выглядзе здабытку сімвалаў, якія адпавядаюць асн. велічыням, узведзеным у пэўную ступень (паказчык Р.). У агульным выглядзе Р. некаторай велічыні X запісваецца ў выглядзе dimX = LαMβTγ∙IδQμNυJη, дзе L, M, T, I, Q, N, J — сімвалы даўжыні, масы, часу, сілы току, тэрмадынамічнай т-ры, колькасці рэчыва і сілы святла адпаведна, α, β, γ, δ, μ, υ, η — паказчыкі Р. гэтых велічынь. Напр., Р. сілы F = ma, дзе m — маса цела, a — паскарэнне, вызначыцца формулай dimF = dimm∙dima = (M)(LT−2) = = LMT−2, дзе паказчыкі Р. даўжыні L, масы M і часу T, роўныя 1,1 і -2 адпаведна. Велічыні, якія маюць усе паказчыкі Р., роўныя 0, наз.безразмернымі велічынямі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛАВА́Я ПРАДУ́КЦЫЯ,
паказчык, які характарызуе аб’ём прадукцыі ў вартасным (грашовым) выражэнні, атрыманай на прадпрыемстве ці ў адной з галін матэрыяльнай вытв-сці. Уключае канчатковую (гатовую) і прамежкавую (вузлы і дэталі камплектавання, сыравіну і інш.) прадукцыю. Разлічваецца ў супастаўных цэнах і ў цэнах адпаведных гадоў. Адлюстроўвае аб’ём, дынаміку і тэмпы агульнага росту вытв-сці на прадпрыемствах і ў асобных галінах эканомікі, прапорцыі паміж гэтымі галінамі, што можна выкарыстаць для вызначэння перспектыў вытв-сці.
Валавая прадукцыя прамысловасці — сукупнасць гэтай прадукцыі ўсіх прамысл. прадпрыемстваў за пэўны перыяд. Апрача гатовай прадукцыі ўключае кошт спажытых у вытв. працэсе сыравіны, матэрыялаў, паліва, эл. энергіі, а таксама амартызацыю асн. сродкаў. Валавая прадукцыя прадпрыемства вызначаецца пераважна заводскім спосабам: з усяго валавога абароту вылічваецца ўнутрызаводскі абарот (прадукцыя некаторых цэхаў, выкарыстаная на выраб канчатковай прадукцыі ў інш. цэхах). Валавая прадукцыя сельскай гаспадаркі — сукупная прадукцыя гэтай галіны ў грашовым выражэнні; уключае таксама кошт сродкаў, выкарыстаных у працэсе с.-г. вытв-сці (насенне, кармы, амартызацыя будынкаў, машын і т.д.). Вызначаецца ў супастаўных цэнах, па аб’ектах с.-г. вытв-сці, асобных галінах сельскай гаспадаркі і ў цэлым па краіне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛЬТ РЭЛІГІ́ЙНЫ,
сістэма абрадаў, сродкаў і дзеянняў, накіраваных на абгрунтаванне веры ў звышнатуральнае і зацверджаных у царк.канонах. Яго вытокі ў дахрысц. культах, якія ўключалі розныя праяўленні фетышызму, магіі, татэмізму і да т.п. Элементамі К.р. з’яўляюцца як простыя акты (паклоны, малітвы, пасты, стаянне на каленях і інш.), так і больш складаныя (святы, абрады, набажэнствы, культ святых і інш.). Да іх належаць таксама культавыя збудаванні (храмы, малітоўныя дамы), рэліквіі, адзенне святароў, розныя прыстасаванні для набажэнстваў і інш. Формы К.р. суадносяцца з гіст. формамі рэлігіі: культы татэмічныя, пахавальныя, родавыя, магічныя, анімістычныя (экзаркізм), астральныя, жывёльныя (зоалатрыя), прапіцыяльныя (звязаныя з шанаваннем багоў, якія нібыта кіруюць лёсам як Сусвету, так і кожнага чалавека). Развіццё і ўскладненне К.р., неабходнасць іх абгрунтавання абумовілі з’яўленне спецыфічнай рэліг. супольнасці, храмаў, іерархіі святароў, якія рэгламентавалі К.р. і манапалізавалі права здзяйсняць культавыя дзеянні. К.р. як найб. даступны элемент рэлігіі і непасрэдна набліжаны да простых вернікаў, стымулюе пачуццёва-рэліг. светаўспрыманне, і ў выніку сам ператвараецца ў самастойны аб’ект веры і шанавання як паказчык рэлігійнасці народа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МАГІЛЁЎСКАЯ ДАЎНІНА́»,
1) «Могилевская старина», зборнік матэрыялаў з «Могилевских губернских ведомостей» за 1898—1903. Выйшлі 3 выпускі (1900—03) пад рэд. Е.Р.Раманава. Уключае артыкулы і нататкі па гісторыі, археалогіі, этнаграфіі Магілёўскай губ., гіст. дакументы. У 1-м выпуску змешчаны Баркулабаўскі летапіс, грамата караля Стафана Баторыя ад 1.3.1581, карта магілёўскага намесніцтва 1768, успаміны пра падзеі 1812 на Магілёўшчыне; у 2-м вып. — апісанне Крычаўскага графства А.Меерам у 1786, фрагменты запісак 1816 і 1822 англ. падарожніка Р.Пінкертона пра бел. губерні, бібліяграфічны паказчыкасн. прац Раманава; у 3-м вып. — дакументы 16—20 ст. У 2-м і 3-м вып. змешчаны звесткі пра «апошняга летапісца» Беларусі ігумена Арэста. Публікацыі гіст. крыніц вызначае высокі навук. ўзровень, які не быў характэрны для тагачасных перыяд. выданняў.
2) Зборнік гіст. і краязнаўчых матэрыялаў, які з 1993 штогод выдаецца ў Магілёве як аднаўленне «М.д.» 1898—1903. Матэрыялы ахопліваюць гіст. перыяд развіцця Магілёўшчыны ад старажытнасці да сучаснасці. Мае рубрыкі: «Даследаванні. Меркаванні», «Асоба ў гісторыі», «Малавядомае», «Школьнае краязнаўства» і інш.