АБРАЗА́ННЕ,

абрад выдалення крайняй плоці мужчынскага палавога члена. Узнік у першабытным грамадстве. Праводзілася пры ініцыяцыі. Захавалася ў некат. народаў Аўстраліі, Акіяніі, Афрыкі, у рэліг. рытуале іудаізму (над немаўлятамі) і ісламу (над хлопчыкамі 7—10 гадоў).

т. 1, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНГО́ЛЫ.

1) халха-манголы, народ, асн. насельніцтва Манголіі (1,64 млн. чал., 1992). Жывуць таксама ў Кітаі (манголы Кітая, 5,24 млн. чал.). Гавораць на мангольскай мове. Вернікі — будысты.

2) Назва народаў, якія гавораць на мангольскіх мовах.

т. 10, с. 73

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАТЫ́Р, бахадур (цюрк.-манг.),

ганаровае званне ў цюркаў і манголаў, якое давалася за воінскія подзвігі. З батыраў фарміравалася феад. знаць. Тэрмін «батыр» з’явіўся не пазней як у 6 ст., шырока распаўсюджаны ў фальклоры і побыце цюрк. народаў.

т. 2, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРБЕ́РЫ (саманазва амахаг),

група народаў (тамазігхт, рыф, шыльх, туарэгі, кабілы, зенага і інш.), карэннае насельніцтва Паўн. Афрыкі, Цэнтр. і Зах. Судана. Больш за 10,5 млн. чал. (1987). Гавораць на бербера-лівійскіх мовах. Сярод вернікаў пераважаюць мусульмане-суніты.

т. 3, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКІНА́К (грэч. akinakēs),

кароткі (40—60 см) меч ці кінжал, традыцыйная зброя стараж. іранамоўных народаў (персаў, сакаў, саўраматаў, скіфаў). На Беларусі знойдзены 2 акінакі паблізу в. Асарэвічы Брагінскага р-на Гомельскай вобл.

Акінак з залатой абкладкаю ножнаў.

т. 1, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́О, лаосцы,

група народаў, асн. насельніцтва Лаоса (2,95 млн. чал.). Жывуць таксама на Пн і ПнУ Тайланда (15 млн. чал.), у інш. краінах Індакітая.

Агульная колькасць 18 млн. чал. (1992). Гавораць на лаоскай мове. Вернікі — будысты.

т. 9, с. 127

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ ХАРА́КТАР,

сукупнасць асн. устойлівых псіхал. якасцей, якія сфарміраваліся ў нацыі ў канкрэтных гіст., сац.-культ. і прыродных умовах яе развіцця. Існуюць стэрэатыпныя ўяўленні наконт асаблівасцей Н.х. розных народаў свету (ням. пунктуальнасць, англ. традыцыяналізм, яп. працавітасць, бел. талерантнасць і інш.). Але Н.х. ў асобных народаў адрозніваюцца не столькі пэўнымі псіхал. якасцямі, колькі іх сукупнасцю, ступенню ўласцівасці асобных рыс прадстаўнікам розных нац. супольнасцей. Першапачаткова паняцце «Н.х.» выкарыстоўвалася падарожнікамі, этнографамі для апісання асаблівасцей паводзін, ладу жыцця, звычаяў, абрадаў, традыцый розных народаў. Першыя спробы даследавання Н.х. зроблены ў сярэдзіне 19 ст. ў Германіі прадстаўнікамі кірунку «псіхалогіі народаў» (В.​Вунт, М.​Лацарус, Г.​Штайнталь і інш.). У сярэдзіне 19—1-й пал. 20 ст. рабіліся спробы даследавання рус. (М.​Данілеўскі, К.​Кавелін, М.​Лоскі, М.​Бярдзяеў, Г.​Шпет і інш.) і бел. (П.​Шпілеўскі, А.​Багдановіч, М.​Доўнар-Запольскі, І.​Канчэўскі, У.​Самойла) Н.х. У розных тэарэт. канцэпцыях Н.х. разглядаецца як нешта прыроджанае, прадвызначанае генетычна, або як абумоўленае сац.-гіст. і культ. фактарамі і звязанае з пашыранасцю тыповых псіхал. якасцей сярод асобных прадстаўнікоў нацыі і іх суадносінамі з агульначалавечымі якасцямі. Прадстаўнікі амер. культ. (псіхалагічнай) антрапалогіі (Ф.​Боас, Р.​Бенедыкт, М.​Мід, А.​Кардынер, Р.​Лінтан, К.​Дзюбуа і інш.) лічылі, што ў кожнай культуры складваецца спецыфічны, адносна ўстойлівы тып асобы, выяўленне якога (а значыць, і Н.х.) магчыма дзякуючы вывучэнню асаблівасцей першаснай сацыялізацыі дзяцей. Яны вызначалі асаблівасці Н.х., зыходзячы з канцэпцый «базавай структуры асобы» (комплекс тыповых псіхал. якасцей, уласцівых прадстаўнікам адной нац. культуры) і «мадальнай асобы» (найб. распаўсюджаны ў дадзенай культуры тып асобы). Адсюль атаясамліванне Н.х. з ідэяй адзінай для грамадства структуры асобы, абсалютызацыя міжкульт. і недаацэнка ўнутрыкульт. адрозненняў паміж індывідамі. Н.х. нярэдка разглядаецца ў рамках даследавання праблемы менталітэту. У апошні час псіхал. адметнасці розных народаў даследуюцца праз выяўленне базавых каштоўнасцей, этнічных стэрэатыпаў і ўяўленняў, якія вывучаюцца ў межах этнічнай псіхалогіі. У даследаваннях Н.х. выкарыстоўваюцца этнаграфічныя метады збору інфармацыі, псіхааналіз як спосаб асноўнай інтэрпрэтацыі, а таксама псіхал. тэсты.

Літ.:

Кон И.С. К проблеме национального характера // История и психология. М., 1971;

Дейкер Х.П.Й., Фрейда Н.Х. Национальный характер и национальные стереотипы: Пер. с англ. // Современная зарубежная этнопсихология. М., 1979;

Стефаненко Т.Г. Этнопсихология. М., 1999;

Kardiner A. The psychological frontiers of society. New York, 1946.

Э.​С.​Дубянецкі, Л.​І.​Навуменка.

т. 11, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛА́Ч,

хлебабулачны выраб у некат. слав. народаў. У беларусаў — святочнае печыва з пшанічнай мукі. На З Беларусі — здобны пірог прадаўгаватай формы (пяклі на вяселле спецыяльна для маладых), на У Беларусі — круглае печыва з цеста на пірагі ў форме абаранка.

т. 7, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРШЧЭ́ЎСКІ (Лявон) (Леанід Пятровіч; нарадзіўся 4.3.1958, Полацк),

бел. перакладчык, літ.-знавец. Канд. філал. н. (1989). Скончыў Мінскі пед. ін-т замежных моў (1980). Выкладаў у Наваполацкім політэхн. ін-це (1981—84, 1987—90). З 1991 нам. дырэктара Бел. гуманітарнага адукацыйна-культ. цэнтра. Дэпутат Вярх. Савета Беларусі ў 1990—95. Друкуецца з 1985. Перакладае з стараж.-грэч., лац., ням., англ., франц., польскай, ісп. і інш. моў. У яго перакладзе выйшлі кн. Б.​Брэхта «На шалях праўды» (1988), Н.​Ленаў «Зірні ў паток» (1991), Г.​Бёля «Більярд а палове дзесятай» (1993), Эсхіла «Прыкуты Праметэй» (1993) і інш. Аўтар-укладальнік дапаможнікаў «Хрэстаматыя па літаратуры народаў свету» (ч. 1, 1995), «Літаратура народаў свету» (ч. 1—2, 1995).

І.​У.​Саламевіч.

т. 2, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАДЗЯНІ́К,

вобраз у старадаўніх павер’ях беларусаў і інш. народаў — уладар вадаёмаў, жывых істот у іх. На Беларусі яго ўяўлялі ў выглядзе старога чалавека, укрытага водарасцямі і цінай, з зялёнай барадой, доўгімі валасамі на клінападобнай галаве, расплывістым тварам. Месца яго жыхарства — віры рэк, асабліва каля млыноў («вірнік»), дно азёр, крыніц, глыбокіх калодзежаў («ціхоня»). Яму прыпісвалі рух, памутненне вады, пару над ёю, разлівы рэк, разбурэнне рыбалоўных прылад, млыноў, гібель людзей і жывёл. У першыя замаразкі млынары іншы раз ахвяравалі яму мяса, а ў некаторых мясцінах рыбакі прасілі ўдалай лоўлі. Вобраз Вадзяніка страціў рэліг. значэнне ў 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. і знайшоў адлюстраванне ў фальклоры (марскі цар у рус. былінах і чарадзейных казках беларусаў і інш. народаў).

М.​Ф.​Піліпенка.

т. 3, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)