АНАБЕРГІ́Т (ад назвы радовішча Анаберг у ФРГ),

мінерал класа арсенатаў Ni3[AsO4]2∙8H2O. Поўны ізамарфізм з эрытрынам. Часта мае ў сабе кобальт, прымесі кальцыю, магнію, жалеза, цынку. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Утварае скарынкі, налёты, зямлістыя агрэгаты. Колер светла-зялёны. Бляск шкляны, да зямлістага. Цв. 2,5—3. Шчыльн. 3,1 г/см³. Утвараецца ў зонах акіслення арсенідаў кобальту і нікелю. Анабергіт («нікелевыя кветкі») — пошукавая прыкмета на нікелевыя руды.

т. 1, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБ’ЯДНА́ННЕ Ў АБАРО́НУ РЭСПУБЛІКІ, Аб’яднанне ў падтрымку рэспублікі (Rassemblement pour la Républigue; РПР),

палітычная партыя ў Францыі. Засн. ў 1958 прыхільнікамі Ш. дэ Голя пад назвай Саюз за новую рэспубліку, неаднаразова мяняла назвы, сучасная — з 1976. Асн. праграмныя палажэнні прадугледжваюць незалежны курс на міжнар. арэне, узмацненне ролі дзяржавы і прыярытэт прэзідэнцкай улады. Абапіраецца на дзярж. апарат. З 1976 лідэр Ж.Шырак. У 1993 каля 900 тыс. чал.

т. 1, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́ЗЕНКА (Ганна Міхайлаўна) (н. 6.3.1948, в. Альбянка Нясвіжскага р-на Мінскай вобл.),

бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (1991), праф. (1992). Скончыла Мінскі пед. ін-т імя Горкага (1971). З 1974 у Віцебскім ун-це (з 1991 заг. кафедры агульнага і рус. мовазнаўства). Даследуе бел. і рус. мовы, анамастыку. Аўтар кніг: «Урбананімія Беларусі» (1991), «Назвы вуліц расказваюць» (1995), «Беларуская анамастыка» (1997) і інш.

І.​К.​Германовіч.

т. 10, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАЛЕ́СНІК (Mercurialis),

род кветкавых раслін сям. малачаевых. 8 відаў. Пашыраны ва ўмераным і субтрапічным паясах Еўразіі і Паўн. Афрыкі. На Беларусі 1 від — П. шматгадовы (M. perennis), нар. назвы сіневароць, сінярод. Трапляецца ў шыракалістых і мяшаных лясах, хмызняках.

Адна- і шматгадовыя травы без млечнага соку. Лісце супраціўнае, цэласнае. Кветкі аднаполыя (расліны двухдомныя), дробныя, зеленаватыя, беспялёсткавыя, сабраныя ў суквецце або адзіночныя. Плод — каробачка. Усе віды ядавітыя.

Пралеснік шматгадовы.

т. 12, с. 551

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРА́ЖСКАЕ МО́РА,

адна з былых назваў Балтыйскага мора. Паходжанне назвы звязана з дзейнасцю стараж. скандынаваў, гал. чынам продкаў шведаў, якія жылі на берагах Балтыкі і ў 9—11 ст. рабілі марскія паходы ва Усх. Еўропу (гл. Варагі). Згадваецца ў «Аповесці мінулых гадоў», як «Бахр-Варанк» у працах араб. аўтараў Біруні (пач. 11 ст.), Шыразі (пач. 14 ст.), Хаджы-Хальфы (17 ст.). У рус. мове выкарыстоўвалася да 18 ст.

т. 3, с. 509

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДНАРО́Г (ад назвы міфічнага звера з рогам на лбе),

старажытная руская артылерыйская гладкаствольная гармата. Аднарог — пішчаль-інрог, адліты ў 1577. У 1757—59 распрацавана некалькі ўзораў аднарогу, якія мелі ствалы 7,5—12,5 калібра з ядрамі 1,8—40 кг. 246-міліметровы аднарог страляў на адлегласць да 4 км ядрамі, разрыўнымі і запальнымі гранатамі, бомбамі і карцеччу. Быў на ўзбраенні рус. артылерыі больш за 100 гадоў (да стварэння наразных гармат).

Аднарог. 18 ст.

т. 1, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКАРЫ́НА (італьян. ocarina літар. гусяня),

музычны інструмент класа аэрафонаў віду глабулярных флейтаў. Мае гліняны корпус авальнай формы, свістковае прыстасаванне, 8—10 ігравых адтулін. Створана ў 1860 італьян. майстрам Дж.​Данацы, хутка пашырылася ў краінах Еўропы, у т. л. на Беларусі (нар. назвы «карына», «конік»). У адпаведнасці з бел. традыцыяй набыла цыліндрычную форму. Вырабляецца найчасцей уручную, пакрываецца палівай. Выкарыстоўваецца пастухамі для ігры сола, музыкантамі-аматарамі для суправаджэння спеваў.

І.​Дз.​Назіна.

Акарыны.

т. 1, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫМА́ЛЬДЗІ ((Grimaldi) Франчэска Марыя) (2.4.1618, г. Балоння, Італія — 28.12.1663),

італьянскі фізік і астраном. У 1647 атрымаў ступень д-ра і выкладаў філасофію і матэматыку ў Балонскай езуіцкай калегіі. Адкрыў дыфракцыю святла. Сумесна з Дж.​Б.​Рычолі склаў карту Месяца і ўвёў назвы месяцавых утварэнняў. Асн. вынікі яго навук. даследаванняў апублікаваны ў яго творы «Фізічная навука аб святле, колерах і вясёлцы» (1665).

Літ.:

Льоцци М. История физики: Пер. с итал. М., 1970.

т. 5, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАГІ́,

возера ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Ушача, за 26 км на ПдЗ ад г.п. Ушачы. Пл. 0,24 км², даўж. 820 м, найб шыр. 360 м, даўж. берагавой лініі 2,2 км, Пл. вадазбору 11,5 км² Схілы катлавіны выш. 15—25 м, пад хмызняком, месцамі ў верхняй ч. разараныя. Берагі зліваюцца са схіламі. На З упадае ручай з возера без назвы, на ПнУ выцякае ручай у р. Ушача.

т. 9, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫВО́Е ВО́ЗЕРА,

у Глыбоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Шоша, за 26 км на У ад г. Глыбокае. Пл. 0,32 км², даўж. 1,2 км, найб. шыр. 250 м, даўж. берагавой лініі каля 3,2 км. Пл. вадазбору 12 км². Схілы катлавіны выш. да 5 м, параслі лесам і хмызняком, на Пд часткова разараныя. Берагі высокія, на У зліваюцца са схіламі. Злучана ручаямі з воз. Баброва і возерам без назвы.

т. 8, с. 499

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)