БЕ́ЧКАВІЧ ((Бећковић) Мація) (н. 29.11.1939, г. Сента, Сербія),
сербскі паэт, публіцыст, грамадскі дзеяч. Акад. Сербскай акадэміі навук і мастацтваў (1985). Адзін з самых прыкметных майстроў слова пасляваен. пакалення. Аўтар паэт. зб-каў «Вера Паўладольска» (1962), «Аблудная куля» (1963), «Так казаў Мація» (1965), «Кажа мне адзін чалавек» (1970), «Мяжа Вука Шалёнага» (1976), «Вой і куку» (1978), «Два светы» (1980), «Паэмы» (1983), «Богаяўленне» (1985), кн. публіцыстыкі «Пра міжчассе» (1969). На бел. мову яго вершы перакладалі Н.Гілевіч, М.Мятліцкі, І.Чарота.
Тв.:
Бел.пер. — у кн.: Сербская паэзія. Мн., 1989;
Рус.пер. — у кн.: Поэзия современной Югославии. М., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМІ́Р ХАСРО́Ў ДЭХЛЕВІ́ (1253, г. Паціяла, штат Хар’яна, Індыя — 1325),
індыйскі паэт, вучоны, музыкант. Пісаў на урду, перс. і хіндзі мовах. Яго лірыка сабрана ў 5 дыванах: «Дар юнацтва» (1272), «Сярэдзіна жыцця» (1284), «Паўната дасканаласці» (1293), «Выбраны астатак» (1316), «Мяжа дасканаласці» (1325). На ўзор «Пяцерыцы» Нізамі, абапіраючыся на інд. фальклор, стварыў цыкл з 5 паэм: «Узыходжанне свяцілаў», «Шырын і Хасроў», «Меджнун і Лейла» (усе 1298), «Іскандэрава зярцала» (1299), «Восем райскіх садоў» (1301). Складаў тэсніфы (нар. рамансы). Яму прыпісваюць зборнікі вершаў, загадак, прыказак, слоўнік сінонімаў.
Тв.:
Рус.пер. — Хамса. Маджнун и Лайли: Поэма. М., 1975;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛАЗКО́ЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура пач. бронзавага веку (мяжа 3—2-га тыс. да н.э. — 1200 г. да н.э.) на тэр. Прыбайкалля, Прыангар’я, у вярхоўях Лены і нізоўях Селенгі. Назва ад пахаванняў у б. Глазкоўскім прадмесці г. Іркуцка. Вядома па невял. могільніках (ад 1 да 8 пахаванняў). Пахавальны абрад — у неглыбокіх ямах на спіне ў выцягнутым становішчы, радзей з сагнутымі нагамі; на апошнім этапе ў скурчаным становішчы. Асаблівасць пахаванняў — арыентацыя ўздоўж ракі, часцей галавой уверх па цячэнні. Асн. занятак — рыбалоўства. Насельніцтва карысталася каменнымі і касцянымі прыладамі і зброяй. З’явіліся першыя метал. вырабы: нажы, рыбалоўныя кручкі, іголкі, шылы і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЕ́РБНІК (Falco columbarius),
птушка сям. сакаліных атр. сокалападобных. Пашыраны ў тайзе, лесатундры, часткова ў тундры Еўразіі і Паўн. Амерыкі. Па тэр. Беларусі праходзіць паўд.мяжа гнездавога арэала. Жыве ва ўсіх абласцях, акрамя Брэсцкай, часцей трапляецца ў Бел. Паазер’і на вял. вярховых балотах. Нар. назва галубятнік. Занесены ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь.
Даўж. цела 27—34 см, маса 160—250 г. Самкі большыя за самцоў. Крылы адносна кароткія, хвост доўгі. Апярэнне ў самцоў шызае, у самак дымчата-бурае, брушны бок белавата-рыжы з падоўжнымі стракацінамі, хвост паласаты. Корміцца пераважна дробнымі птушкамі. Гняздуецца на дрэвах у гнёздах інш. птушак, на зямлі, скалах, зрэдку будуе гняздо. Нясе 3—6 яец.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРДЗЕ́ЙЧАЎ (Уладзімір Рыгоравіч) (н. 5.3.1930, г.п. Касторнае Курскай вобл., Расія),
рускі паэт, перакладчык. Скончыў Літ.ін-т імя Горкага (1957). Друкуецца з 1950. У вершах, прасякнутых тонкім лірызмам і філас. роздумам, апяваецца прыгажосць рус. прыроды, дружба і каханне (зб. «Мікітавы камяні», 1957; «Сваімі словамі», 1964; «Пара чаромхі», 1971; «Мяжа», 1979; «У родным коле», 1984, і інш.). Пераклаў на рус. мову творы А.Зарыцкага (кн. «Сустрэча з восенню», 1975; з М.Сідарэнкам), Н.Гілевіча (зб. «Мой белы дзень», 1980, з П.Кошалем і С.Кузняцовай), асобныя вершы бел. паэтаў (зб. «Спасціжэнне», 1990). На бел. мову тв. Гардзейчава пераклалі А.Вярцінскі, В.Зуёнак, Лось.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКРО́МЕТР (ад мікра... + ...метр),
інструмент з дакладным (мікраметрычным) вінтом для вымярэння лінейных памераў кантактным спосабам. Бывае некалькіх тыпапамераў для вымярэння даўжынь ад 0 да 25 мм, ад 25 да 50 ммі г.д. Цана дзялення ад 0,001 да 0,01 мм, мяжа вымярэння да 2000 мм.
Адрозніваюць М.: гладкія — для вымярэння вонкавых памераў дэталей; ліставыя з цыферблатам — для вымярэння таўшчыні лістоў і стужак; трубныя — для вымярэння таўшчыні сценак і труб; зубамерныя — для вымярэння даўжыні агульнай нармалі зубчастых колаў. Ёсць М. з плоскімі, разьбовымі і шаравымі ўстаўкамі для вымярэння дэталей з мяккіх матэрыялаў, стандартных рэзьбаў, сферычных паверхняў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНА́НЬЕЎ (Анатоль Андрэевіч) (н. 18.7.1925, г. Джамбул, Казахстан),
рускі пісьменнік. Герой Сац. Працы (1984). Скончыў Казахскі ун-т (1957). Гал. рэдактар час. «Октябрь» (з 1973). У 1958 апубл. кніга гіст.-рэв. прозы «Верненскія апавяданні». У аповесці «Малы заслон» (1959; аб ваеннай аперацыі ў раёне Мазыр—Калінкавічы ў 1944) і рамане «Танкі ідуць ромбам» (1963; пра бітву на Курскай дузе, удзельнікам якой быў Ананьеў) раскрыта сіла духу сав. воінаў у Вял.Айч. вайну. Філас., маральныя і сац. пытанні сучаснага грамадства ўзнімае ў раманах «Мяжа» (1970), «Вёрсты кахання» (1972), «Гады без вайны» (кн. 1—4, 1975—85), «Скрыжалі і званы» (кн. 1, 1990).
размешчаны пераважна на тэр. Алжыра, ахоплівае таксама паўд. палову Туніса і часткова Лівію. Пл. каля 600 тыс.км². На Пн абмежаваны Сахарскім Атласам, на З — Угарцкімі ланцугамі, на Пд — масівам Ахагар, усх.мяжа басейна дакладна не вызначана. Прыўрочаны да апускання Сахарскай пліты з дакембрыйскім фундаментам. Гал. ваданосны комплекс звязаны з ніжнемелавымі пясчана-гліністымі адкладамі. Глыбіня 100—1300 м. Дэбіт свідравін да 300 л/с самавыліваннем, сярэдні ўдзельны дэбіт 1—3 л/с. Воды нярэдка тэрмальныя (60 °C і болей), прэсныя або маламінералізаваныя (0,3—2,4 г/л). Асн. вобласць жыўлення басейна на схілах гор, а таксама кандэнсацыйная вільгаць у раёнах буйных пясчаных масіваў (эргаў). Воды выкарыстоўваюцца для прам-сці, арашэння і абваднення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАДЗІ́ЛА (Melittis),
род кветкавых раслін сям. ясноткавых. Каля 10 відаў. Пашырана ў Еўропе. На Беларусі К. сармацкае (M. sarmatica). Нар. назвы: бальсан, лясная табака. Усходняя мяжа пашырэння праходзіць па Беларусі. Трапляецца на ПдЗ і З: у Маларыцкім, Камянецкім, Ваўкавыскім, Лельчыцкім і Мазырскім р-нах, Белавежскай пушчы. Расце групамі і асобнымі экз. ў мяшаных і шыракалістых лясах, вырошчваецца ў Цэнтр.бат. садзе Нац.АН. Занесена ў Чырв. кнігу Беларусі.
Шматгадовыя травяністыя расліны з прамастойным апушаным духмяным сцяблом выш. 20—80 см. Лісце супраціўнае, чаранковае, з шырокай яйцападобнай пласцінай. Кветкі буйныя, двухгубыя, бела-ружовыя або бэзаватыя з моцным мядовым пахам, у пазухах верхняга лісця. Плод — арэшак. Цвіце ў маі—чэрвені. Лек. (гіпатэнзіўны, мачагонны, вяжучы, ранагаючы сродак), меданосная і дэкар. расліна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКРАСВЕ́Т І МІКРАСВЕ́Т,
сферы аб’ектыўнай рэчаіснасці, якія адрозніваюцца структурным узроўнем матэрыі. Кожная сфера характарызуецца своеасаблівасцю будовы матэрыі, прасторава-часавых і прычынных адносін, заканамернасцей руху. Макрасвет — гэта звычайны свет, дзе жыве і дзейнічае чалавек (планеты, зямныя целы, крышталі і інш.). Аб’екты макрасвету маюць рэзка выяўленую карпускулярную або хвалевую прыроду і іх рух падпарадкаваны дынамічным законам класічнай механікі. Сфера мікрасвет у — аб’екты, недаступныя непасрэднаму назіранню (малекулы, атамы, ядры атамныя, элементарныя часціцы і інш.). Для з’яў мікрасвету характэрна цесная сувязь карпускулярных і хвалевых уласцівасцей, што адлюстроўваецца ў статыстычных законах квантавай механікі. Своеасаблівая мяжа паміж М. і м. усталявана ў сувязі з адкрыццём пастаяннай Планка — кванта дзеяння. Спецыфіка кожнай сферы знаходзіць сваё адлюстраванне ў пазнанні, прыводзіць да абмежавання дастасоўнасці старых фіз. тэорый і ўзнікнення новых (адноснасці тэорыя, квантавая механіка, фізіка элементарных часціц).