Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬБЕРТУСТА́ЛЕР (ням. Albertustaler),
талерная манета, якая чаканілася з 1612 у паўд. Нідэрландах намеснікамі іспанскага караля Альбертам і Ізабелай (серабра 24,65 г). Мела агульнаеўрапейскае пашырэнне. Альбертусталерам наз. таксама паўд.-нідэрландскія патагоны, чаканеныя каралямі Іспаніі Філіпам IV (1621—65) І Карлам II (1665—1700), якія тыпалагічна капіравалі альбертусталер. На Беларусі і Украіне яны вядомыя пад назвай «крыжовыя».
Да арт.Альбертусталер. Патагон правінцыі Брабант... 1677, Карл II.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАКТЭА́Т (ад лац. bractea тонкая бляха),
сярэбраная манета, якую ў 12—14 ст. чаканілі на тонкім манетным кружку толькі з аднаго боку (верхнім штэмпелем) так, што малюнак на ёй атрымліваўся на аверсе выпуклы, на рэверсе ўвагнуты. З’явіўся ў краінах Зах. Еўропы ў выніку змяншэння масы дэнарыя ў канцы 11 ст. Сярэдневяковаму брактэату папярэднічалі залатыя брактэат ў ант. Грэцыі (4—2 ст. да н.э.), брактэаты — упрыгожанні герм. плямёнаў (5—6 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЛЬБУС (лац. denarius albus белы дэнарый),
высакапробная сярэбраная манета, якая з 2-й пал. 14 ст. выпускалася ў дзяржавах Ніжняга Рэйна, пазней у інш.ням. дзяржавах. Назва ад колеру металу. Першапачатковая агульная маса 3,9 г, чыстага серабра 3,4 г. Да пашырэння талера была асн. грашовай адзінкаю на тэр. Германіі. У канцы 17 ст. стаў разменнай манетай. На слав. землях, у т. л. на Беларусі, вядомы як «белы пенязь».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДА́МЕНКА,
селішча і бескурганны могільнік кіеўскай культуры (паводле Л.Д.Побаля — позназарубінецкай) на Беларусі, каля в. Адаменка Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл. (у л-ры вядома і пад назвай Абідня), ва ўрочышчы Абідня. Раскапана каля 25% плошчы селішча і 12 пахаванняў з трупаспаленнем на могільніку. Выяўлены рэшткі наземных слупавых жытлаў, 29 паўзямлянак зрубнай канструкцыі, шкляныя пацеркі, фібулы, манета Геты (209—212), падвескі з эмаллю (гл.Абідзенскія эмалі) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРАВЕ́ДЗІ.
марабаціна, залатая манета Іспаніі і Партугаліі. Выпускаліся ў 1112—1223 на ўзор араба-ісп. дынарыяў (у абарачэнні з 1087). Маса 3,46—3,9 г. У 2-й пал. 13 ст. некат. час выпускаліся білонныя, 60 штук якіх ішло на 1 залаты М. Пазней М. — грашова-лікавае паняцце. З 15 ст. выпускаліся білонныя, з 16 ст. — толькі медныя манеты ў 2, 4, 8 М. З 1474 білонны ісп. рэал змяшчаў 34 білонныя М.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛУ́ШКА, паўдзенга,
руская манета, раўнялася 1/2 маскоўскай ці 1/4 наўгародскай дзенгі. Пасля грашовай рэформы 1534 складала 1/4 кап. (0,17 г серабра), чаканілася да 1645. Паводле рэформы 1700 выпускаліся медныя П., у т. л. наміналы ў 1/2 П. — паўпалушкі. Эмісія медных П. працягвалася да 1810 і з 1839 да 1916 (1/4 капейкі).
Літ.:
Спасский И.Г. Русская монетная система. 4 изд. Л., 1970.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎТАРА́К,
нізкапробная сярэбраная манета Рэчы Паспалітай у 17—18 ст. вартасцю ў 1,5 гроша. Першыя П. з’явіліся ў 1614, вырабляліся да 1627 (маса 1,58—1,20 г). Іх чаканілі і ў 1648—68 пры Яне II Казіміру (маса 1,09 г). У абарачэнні заставаліся да сярэдзіны 18 ст. П. Рэчы Паспалітай 1753—56 змянілі тып, на іх з’явілася назва «PULTORAK», яны мелі стандартныя лігатурную масу і памеры. У Рас. дзяржаве курс П. адпавядаў сярэбранай капейцы.