Е́РМАЛАВІЦКІ БОЙ 1943,

аперацыя партызан 113-га (камандзір К.​М.​Белавусаў), 121-га (А.​М.​Касаеў), 61-га (Р.​К.​Паўлаў) атрадаў па разгроме ням.-фаш. гарнізона ў в. Ермалавічы Бялыніцкага р-на Магілёўскай вобл. 28—29 кастр. ў Вял. Айч. вайну. Гарнізон быў вузлавым сярод тых, што забяспечвалі рух на шашы Магілёў—Бялынічы, ажыццяўляў карныя аперацыі супраць партызан і мірнага насельніцтва ў Бялыніцкім і Магілёўскім р-нах. Аперацыя распрацавана і праводзілася пад кіраўніцтвам Магілёўскай раённай ВАГ. Партызаны акружылі вёску і нечакана ўварваліся ў гарнізон, захапілі вял. колькасць боепрыпасаў, зброі, амуніцыі, знішчылі значную колькасць жывой сілы ворага.

т. 6, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХО́ДНЯЯ ВО́БЛАСЦЬ,

адм.-тэр. адзінка ў 1917—18. Утворана паводле пастановы Усерас. нарады Саветаў (сак. 1917) на з’ездзе Саветаў Мінскай, Віленскай і Магілёўскай губ. у чэрв. 1917 як часовае аб’яднанне губерняў з мэтай цэнтралізаваць кіраўніцтва мясц. Саветамі. Цэнтр — г. Мінск. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 З.в. стала адм.-тэр. адзінкай у складзе Віленскай, Віцебскай, Магілёўскай і Мінскай губ. У сувязі з акупацыяй большай ч. Беларусі ням. войскамі (люты 1918) цэнтр вобласці перанесены ў Смаленск. Паводле пастановы 2-га з’езда Саветаў Зах. вобласці (10—14.4.1918) у склад З.в. ўключана і Смаленская губ. У вер. 1918 перайменавана ў Заходнюю камуну.

т. 7, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАВАЛЁЎ (Піліп Іванавіч) (27.11.1916, в. Гойкаў Чэрыкаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 17.3.1944),

удзельнік партыз. руху на тэр. Гомельскай і Магілёўскай абл. у Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1944). Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. З чэрв. 1941 на фронце, з чэрв. 1942 у тыле ворага ў дыверсійнай групе, з ліп. 1943 камандзір групы падрыўнікоў 255-га партыз. атрада, потым — партыз. палка 255-га. Падрыхтаваў 13 дыверсійных груп, пусціў пад адхон 19 эшалонаў, падарваў 30 аўтамашын з жывой сілай і тэхнікай ворага. Загінуў у баі каля в. Перунава Кіраўскага р-на.

П.І.Кавалёў.

т. 7, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСАЛЯ́НКА, Перагонка,

рака ў Слаўгарадскім р-не Магілёўскай вобл. і Кармянскім р-не Гомельскай вобл., правы прыток р. Сож (бас. р. Дняпро). Даўж. 34 км. Пл. вадазбору 352 км². Пачынаецца каля паўд.-зах. ускраіны в. Малая Зімніца Слаўгарадскага р-на. Цячэ па паўд.-зах. ускраіне Аршанска-Магілёўскай раўніны. Даліна ў верхнім цячэнні невыразная, ніжэй трапецападобная, шыр. 900 м — 1,5 км. Пойма ў вярхоўі забалочаная, ніжэй сухая, двухбаковая, шыр. 200—900 м. Рэчышча каналізаванае на працягу каля 18 км ад вытоку, далей слаба меандруе, шыр. ракі ў межань у сярэднім цячэнні 8—10 м, у ніжнім 3—5 м.

т. 8, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ПЫСКІ ПАВЕ́Т.

Існаваў у 1777—96, 1802—61 у Магілёўскай губ. Цэнтр — г. Копысь. Утвораны на частцы тэр. скасаваных Аршанскай і Магілёўскай правінцый паводле імператарскага ўказа ад 22.3.1777. Пл. каля 2,3 тыс. км². Уключаў 115 маёнткаў, мястэчкі Абольцы, Барань, Зубрэвічы, Саколіна, Смаляны, Стараселле, Талачын. У 1794 да К. п. далучана тэр. на З ад р. Друць з мястэчкамі Абчуга, Бобр, Зарэчны Талачын, Крупкі, пасля чаго пл. павета склала каля 3,1 тыс. км². У 1796 К.п. скасаваны, у 1801 адноўлены. Паўторна скасаваны ў 1861, тэр. ўключана ў Аршанскі, Горацкі, Магілёўскі і Сенненскі пав.

В.​Л.​Насевіч.

т. 8, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МОГИЛЁВСКИЕ ЕПАРХИА́ЛЬНЫЕ ВЕ́ДОМОСТИ»,

штотыднёвае выданне Магілёўскай правасл. духоўнай кансісторыі. Выдаваліся ў 1883—1917 у Магілёве на рус. мове. Прызначаліся для Магілёўскай правасл. епархіі. Мелі афіц. і неафіц. аддзелы. У афіц. аддзеле друкаваліся пастановы і распараджэнні ўрада і мясц. улад па царк. справах, рашэнні і справаздачы Сінода, аб’явы і распараджэнні кансісторыі, у неафіц. — матэрыялы царк.-гіст. характару: пра дзейнасць брацтваў, царк.-прыходскіх школ і інш. навуч. устаноў, гіст. нарысы пра некаторыя манастыры, мемуарныя матэрыялы магілёўскіх святароў і інш. Змяшчалі метадычна-дыдактычныя рэкамендацыі правядзення работы з насельніцтвам. У 1991 «М.е.в.» адноўлены.

В.​І.​Грыгор’ева.

т. 10, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗІ́КАЕ ВО́ЗЕРА,

у Глускім р-не Магілёўскай вобл., у бас. р. Пціч, за 13 км на ПнУ ад г.п. Глуск. Пл. 0,28 км². Дно выслана сапрапелем. Злучана ручаём з р. Ліса.

т. 6, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНІ́КАВІЦКІ БАНДА́РНА-ЛЕСАПІ́ЛЬНЫ ЗАВО́Д.

Дзейнічаў на Беларусі ў в. Анікавічы (Горацкі р-н Магілёўскай вобл.). Вырабляў бочкі, пілаваны лес. У 1908 меў лакамабіль, працавалі 96 чал. У 1910—13 былі 2 лакамабілі.

т. 1, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІХРА́,

рака на тэр. Магілёўскай вобл. Беларусі і Смаленскай вобл. Расіі, правы прыток Сажа (бас. Дняпра). Даўж. 158 км, у Беларусі 40 км. Пл. вадазбору 2230 км², у межах Беларусі 360 км². Пачынаецца ў Краснінскім р-не Смаленскай вобл., далей цячэ ў Мсціслаўскім р-не Магілёўскай вобл. па Горацка-Мсціслаўскай раўніне. Асн. прытокі: Трасцянка, Упакой, Жалязняк, Вяльнянка (злева), Руфа, Малахоўка, Гарадня, Княгіня, Чорная (справа). Даліна ў вярхоўі невыразная, ніжэй трапецападобная, шыр. 1,5—2 км. Пойма двухбаковая, шыр. 400—600 м. Рэчышча звілістае, шыр. ракі ў межань 15—20 м. Каналізавана 9,9 км рэчышча ў ніжнім цячэнні. Берагі стромкія, часта абрывістыя. На рацэ г. Мсціслаў.

т. 4, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКІ ЦЭНТРА́ЛЬНЫ АРХІ́Ў СТАРАЖЫ́ТНЫХ А́КТАЎ, Цэнтральны архіў старажытных актавых кніг Віцебскай і Магілёўскай губерняў. Існаваў у 1862—1903 у Віцебску. Створаны для збірання і захоўвання дакументаў часоў ВКЛ на тэр. Віцебскай і Магілёўскай губ. Меў 1896 актавых кніг (акты земскіх і гродскіх судоў, магдэбургій, інвентары, каралеўскія прывілеі 16—18 ст. і інш.). З 1871 выдаваў зб. «Гісторыка-юрыдычныя матэрыялы». Значны ўклад у дзейнасць архіва зрабілі М.Л.Вяроўкін, Дз.І.Даўгяла, А.М.Сазонаў, А.П.Сапуноў. Пасля скасавання дакументы архіва перададзены ў Віленскі цэнтральны архіў старажытных актаў. У сувязі з 1-й сусв. вайной большая частка дакументаў эвакуіравана, частка ацалелых матэрыялаў зберагаецца ў Цэнтр. дзярж. гіст. архіве Беларусі.

т. 4, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)