НЕМАТО́ДНЫЯ ХВАРО́БЫ РАСЛІ́Н, фітагельмінтозы,

інфекцыйныя хваробы вышэйшых раслін, што выклікаюцца фітагельмінтамі; група нематадозаў. Пашыраны ўсюды. Узбуджальнікі пранікаюць у расліны праз карані, перадаюцца з часцінкамі глебы, адмерлымі ч. хворых раслін, заражаюць пасадачны і пасяўны матэрыял. Прыкметы: недаразвіццё і дэфармацыя органаў, завяданне раслін, некрозы, хларозы раслін, усыханне верхавін, утварэнне галаў і язваў на каранях, карэнішчах, клубнях, разрыхленне тканак клубняў, цыбулін і інш. Запавольваюць рост, развіццё раслін, выспяванне, садзейнічаюць развіццю інш. хвароб, могуць прыводзіць да гібелі раслін. На Беларусі найб. пашыраны глабадэроз бульбы (выклікаецца залацістай бульбяной нематодай, праяўляецца ачагамі; на каранях бачны жаўтаватыя самкі, якія пазней ператвараюцца ў карычневыя цысты з яйцамі; каранцінная хвароба), дытыленхоз бульбы (выклікаецца сцябловай нематодай бульбы; на клубнях утвараюцца свінцова-шэрыя некратычныя плямы, якія паступова цямнеюць і набываюць метал. бляск, тканкі клубняў парахнеюць; найб. шкодны ў час захоўвання), гетэрадэроз буракоў (гл. Бураковая нематода) і збожжавых злакаў (выклікаецца аўсянай нематодай; кончыкі лістоў чырванеюць, потым жаўцеюць), мелайдагіноз агароднінных культур (выклікаецца паўд. галавай нематодай, мае ачаговы характар, найб. небяспечны ў ахаваным грунце).

Літ.:

Кирьянова Е.С., Кралль Э.Л. Паразитические нематоды растений и меры борьбы с ними. Т. 1—2. Л., 1969—71;

Деккер Х. Нематоды растений и борьба с ними: Пер. с нем. М., 1972.

І.​М.​Ананьева.

Нематодныя хваробы раслін: 1 — глабадэроз бульбы (а — пашкоджаная расліна, б — корань з самкамі-цыстамі); 2 — мелайдагіноз памідора (карані з галамі); 3 — дытыленхоз бульбы; 4 — дытыленхоз цыбулі.

т. 11, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСІЛЕ́ЎСКІ (Даніла Мінавіч) (17.12.1889, в. Новае Сяло Шумілінскага р-на Віцебскай вобл. — 8.12.1963),

бел. краязнавец, гісторык, літ.-знавец. Скончыў Полацкую настаўніцкую семінарыю і Віцебскі настаўніцкі ін-т. Настаўнічаў. З 1910 збіраў фальклор на Полаччыне. З 1919 інструктар школ на Віцебшчыне, пасля інспектар аддз. нар. асветы ў Оршы. У 1923 арганізаваў Віцебскае губ. бюро краязнаўства, з 1924 нам. старшыні Аршанскага акр. т-ва краязнаўства. У 1930—36 выкладчык і дэкан геагр. ф-та Магілёўскага пед. ін-та. 9.12.1936 рэпрэсіраваны, высланы ў Котлас. Працаваў буравіком у Варкуце, з 1945 тэхнік-геолаг Варкуцінскага геолагаразведачнага ўпраўлення. Рэабілітаваны ў 1956. Апошнія гады жыў у Феадосіі. З 1914 друкаваўся ў газ. «Наша ніва» (псеўд. Шчыры, Вітэнь Д.). Даследаваў гісторыю рэв. руху, бел. л-ры 19 ст., бел. кнігадрукавання, развіцця мясц. прэсы, краязнаўчыя, гіст., этнагр. і сац.-эканам. праблемы.

Тв.:

Школа і настаўніцтва на Віцебшчыне // Асвета. 1924. № 3;

Паэт Ян Баршчэўскі аб Беларусі: (З уласных лістоў яго да пані Карсак) // Аршанскі маладняк. 1925. № 2;

Новыя матэрыялы творчасці Яна Баршчэўскага // Полымя. 1925. № 5;

Беларускі нацыянальна-рэвалюцыйны рух на Віцебшчыне ў XIX сталецці // Тамсама;

Крыніцы мінулага Беларусі // Наш край. 1926. № 1;

Сталецце краязнаўчай працы на Беларусі // Тамсама. № 2—3;

Помнікі старасветчыны на Аршаншчыне // Тамсама. 1927. № 2;

З гісторыі аршанскага друку // Тамсама. № 6—9;

Беларускае Вольна-Эканамічнае таварыства // Тамсама. № 12;

Пад аховай роднай песні: (З перапіскі Яна Баршчэўскага) // Маладняк. 1928. № 1;

Сялянства Віцебскай і Магілёўскай губерань у паўстанні 1863 году // Полымя. 1928. № 6;

Арцём Ігнатавіч Вярыга і яго літаратурна-грамадская чыннасць // Тамсама. 1929. № 6;

Паэма «Тарас на Парнасе» ў краязнаўчым асвятленні // Наш край. 1929. № 5.

Літ.:

Кісялёў Г.В. Пошукі імя. Мн., 1978. С. 61—64;

Васілеўская А. Памяць // Полымя. 1990. № 7.

І.​У.​Саламевіч.

т. 4, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЯЎЛЕ́ВІЧ (Яўлевіч) Ігнацій

(26.9.1619, г. Магілёў — каля 1686),

бел. педагог-асветнік, пісьменнік, грамадскі і царк. дзеяч. Першапачатковую адукацыю атрымаў у г. Шклоў. Вучыўся ў Магілёўскай брацкай школе, тэалогію і медыцыну вывучаў у Замойскай акадэміі (Польшча). Працаваў выкладчыкам у Кіева-Магілянскай калегіі, быў прафесарам свабодных навук. Разам з рэктарам гэтай калегіі С.​Пачаскім удзельнічаў у арганізацыі ў Ясах (Румынія) славяна-грэка-лацінскай акадэміі (адкрыта ў 1640). У 1647 пастрыгся ў Кіеве ў манахі. Жыў у Львове, Ярославе (у Галіцыі), Кракаве, Скіце, Камянцы, Сочаве (Валахія), Оршы і інш. З 1655 у Полацку, быў ігуменам Богаяўленскага манастыра, пры якім адкрыў школу і бібліятэку. З 1660 таксама архімандрыт Полацкага Барысаглебскага манастыра. Апекаваўся мясц. паэтамі Ф.Утчыцкім і Сімяонам Полацкім, падтрымліваў прыязныя адносіны з рус. дзярж. і культ дзеячамі Ф.​Рцішчавым і А.​Ардын-Нашчокіным. У час прыезду ў Полацк цара Аляксея Міхайлавіча (1656) выступіў з прамовай. Удзельнік Маскоўскага царк. сабора 1660 па справе патрыярха Нікана. Апошнія звесткі пра І. ў перапісцы з маскоўскім патрыярхам Іаакімам за студз.сак. 1686. З літ. спадчыны І. дайшла яго аўтабіягр. запіска (на польск. мове, апубл. С.​Голубевым у 1886), у якой важныя матэрыялы па гісторыі гар. адукацыі 2-й чвэрці 17 ст., культ. і пед. узаемасувязі бел. і ўкр. народаў. Захаваліся яго прамовы з нагоды розных рэліг. і паліт. падзей, некалькі лістоў да Сімяона Полацкага. Вядомы яго дэкламацыя на прыезд у Магілёў віцебскага, аршанскага, мсціслаўскага і магілёўскага епіскапа Іосіфа Гарбацкага (4.8.1650), некалькі вершаў на ўзор элегій Авідзія. У паэзіі І. яскрава выяўлены рысы сілабізму.

Літ.:

Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры. Мн., 1968. Т. 1. С 363—364.

А.​Ф.​Коршунаў.

т. 7, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ОТЕ́ЧЕСТВЕННЫЕ ЗАПИ́СКИ»,

1) рускі штомесячны часопіс. Выдаваўся ў 1820—30 у С.-Пецярбургу П.​П.​Свіньіным. Часопісу папярэднічалі 2 аднайм. зборнікі (штогоднікі), выдадзеныя ім у 1818—19 і прысвечаныя рус. таленавітым самавукам, іх вынаходніцтвам. Публікаваў матэрыялы па пытаннях прам-сці, этнаграфіі, асобныя творы белетрыстыкі.

2) Рускі штомесячны літаратурны і грамадска-паліт. часопіс. Выдаваўся ў 1839—84 у С.-Пецярбургу пад рэдакцыяй А.​А.​Краеўскага, з 1868 М.​Някрасава, з 1877 М.​Салтыкова-Шчадрына, Р.​Елісеева, М.​Міхайлоўскага. У 1839—46 аддзел крытыкі і бібліяграфіі ўзначальваў В.​Бялінскі, які надаў «О.з.» прагрэсіўны, дэмакр. характар. Часопіс узнімаў найважнейшыя пытанні грамадскага жыцця, прапагандаваў ідэі рэаліст. мастацтва, выступаў супраць рэакц. друку, пазней — тэорыі «чыстага мастацтва». У ім супрацоўнічалі А.​Герцэн, М.​Агароў, М.​Лермантаў, І.​Тургенеў, Ф.​Дастаеўскі і інш., у 1847—66 — ураджэнец Віцебска, літ. крытык С.​Дудышкін. У 1850—60-я г. крытычныя матэрыялы часопіса знізілі сваю сац. вастрыню. Змясціў літ.-крытычныя артыкулы Бялінскага пра М.​Гогаля, Лермантава, А.​Пушкіна, яго літ. агляды за 1840—45, рэцэнзіі М.​Чарнышэўскага на нарысы П.​Шпілеўскага «Беларусь у характарыстычных апісаннях і фантастычных яе казках» і «Падарожжа па Палессі і Беларускім краі» (1854), якія ўтрымлівалі матэрыялы па этнаграфіі, фальклоры, гісторыі Беларусі, рэцэнзію на зб. «Беларускія народныя песні». Побыт, норавы сялян бел. вёскі, стан нар. асветы на Беларусі апісаны ў нататках-успамінах Ф.​А.​Калістава (псеўд. К.​Лістоў) «З памятнай кніжкі народнага настаўніка. Вясковая бурса» (1881). Забаронены царскім урадам.

Літ.:

История русской журналистики XVIII—XIX вв. 3 изд. М., 1973;

Теплинский М.В. «Отечественные записки», 1868—1884. Южно-Сахалинск, 1966;

Боград В. Журнал «Отечественные записки», 1868—1884: Указ. содержания. М., 1971.

Н.​А.​Сніцарава.

т. 11, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДБЯРЭ́СКІ (Друцкі-Падбярэзкі) Рамуальд Андрэевіч; 1812 ці 1813, Вільня — 22.10.1856),

бел. і польскі выдавец, публіцыст, фалькларыст. Скончыў Віленскую гімназію (1830). Вучыўся ў Маск. ун-це (1836—40). З 1840 актыўны ўдзельнік бел. гуртка ў Пецярбургу. Падтрымліваў сувязі з рус. славянафіламі, Т.​Шаўчэнкам. З 1847 у Вільні. Сваёй грамадз. дзейнасцю памагаў гуртаваць культ. сілы Беларусі. Выдаваў літ.-навук. альманахі «Rocznik Literacki» («Літаратурны штогоднік», т. 1—4, Пб.; Вільня, 1843—49) і «Pamiętnik naukowo-literacki» («Навукова-літаратурны дзённік», т. 1—2, ч. 1—6, Вільня, 1849—50), у якіх публікаваў бел. аўтараў і матэрыялы, звязаныя з Беларуссю. У друку выступаў з допісамі пра культ. падзеі, водгукамі на творы мастацтва, літ.-крыт. артыкуламі. У арт. «Беларусь і Ян Баршчэўскі» (прадмова да т. 1 кн. Я.​Баршчэўскага «Шляхціц Завальня...», 1844) з дэмакр. пазіцый характарызаваў бел. л-ру 1-й пал. 19 ст. і ўпершыню вызначыў рысы яе народнасці. Аўтар фальклорна-этнагр. нарыса «Беларускае вяселле» (1848); «Лістоў з Беларусі» (1844). Выдаў зб. Т.​Лады-Заблоцкага «Паэзія» (1845), апублікаваў «Дыярыуш» С.​Бельскага (1842). Вывучаў помнікі старажытнасці і гісторыі Беларусі. На польскую мову пераклаў «Каўказскага палонніка» А.​Пушкіна, «Апавяданні маларасіяніна» П.​Куліша, рус. нар. казкі і інш. У 1850 за антыўрадавую літ. дзейнасць арыштаваны і высланы ў Архангельскую губ., дзе і памёр.

Тв.:

Antoni Abramowicz — muzyk // Rocznik Literacki. 1846. T. 3.

Літ.:

Пачынальнікі. Мн., 1977;

Варановіч С. [Александровіч С.]. Р.​Друцкі-Падбярэскі // Беларусь, 1958. № 11;

Кісялёў Г. Загадка беларускай «Энеіды». Мн., 1971. С. 27—40;

Каханоўскі Г. Лёс Рамуальда Падбярэскага // ЛіМ. 1976. 6 жн ;

Inglot M. Polskie czasopisma literackie ziem litewsko-ruskich w latach 1832—1851. Warszawa, 1966.

У.​І.​Мархель.

т. 11, с. 488

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЕАБАТА́НІКА (ад палеа... + батаніка),

фітапалеанталогія, навука пра выкапнёвыя расліны; раздзел палеанталогіі і батанікі. Вывучае драўніны (палеаксілалогія), насенне, плады, дыяспоры (палеакарпалогія, або палеадыяспаралогія), пылок і споры (палеапаліналогія), эпідэрму і вусцейкавы апарат выкапнёвых раслін (палеастаматаграфія), адбіткі і рэшткі іх лістоў, сцёблаў і інш. ч. (іхнафіталогія), выкапнёвыя водарасці (палеаальгалогія, або палеафікалогія) і грыбы (палеамікалогія). Асн. кірункі даследаванняў: марфал., сістэм. (філагенет.), фларыстычны (палеафларыстыка), экалагічны (палеаэкалогія раслін), вывучэнне пашырэння раслін геал. мінулага (палеафітагеаграфія). Цесна звязана з гіст. геалогіяй, палеагеаграфіяй, палеакліматалогіяй, эвалюц. вучэннем і інш. Мае важнае значэнне для геал. разведкі.

Знаходкі рэшткаў выкапнёвых раслін упаміналіся з 7—6 ст. да н.э. (Ксенафан і інш.). Як навука П. сфарміравалася ў пач. 19 ст. (А.​Браньяр, ням вучоны Э.​Шлотгайм, чэш. — К.​М.​Штэрнберг). Уклад у яе развіццё зрабілі Ф.Унгер, англ. вучоныя В.​Ланг, Дз.​Г.​Скот, У.​Чаланер, Д.​Эдвардс, ням. — Г.​Вайланд, В.​Готан, Р.​Кройзель, амер. — Дж.​Аксельрад, Х.​Банкс, Ф.​Х’юбер, рас. — А.Л.Тахтаджан, Х.Ф.Шмальгаўзен, М.​Дз.​Залескі, Я.​Р.​Зямбніцкі, А.​М.​Крьштафовіч, С.​В.​Меен, К.​Я.​Мерклін, К.​В.​Навік, М.​Ф.​Нейбург, І.​У.​Палібін, Э.​І.​Эйхвальд, А.​Л.​Юрына і інш.

На Беларусі пытанні П. вывучаюць з пач. 20 ст. (У.С.Дактуроўскі, У.М.Сукачоў). Шырокія даследаванні (пераважна сістэм. і фларыстычныя ў галіне палеапаліналогіі, палеакарпалогіі і дыятомавага аналізу) вядуцца з 1950—60-х г. (Ф.Ю.Велічкевіч, Н.А.Махнач, Г.​І.​Кеда, Э.​А.​Крутавус, С.​С.​Маныкін, Г.​К.​Хурсевіч, Т.​В.​Якубоўская, Я.​К.​Яловічава і інш.). Навук. цэнтры: Ін-т геал. навук. Нац. АН Беларусі і Бел. геолагаразведачны НДІ.

Літ.:

Криштофович А.Н. История палеоботаники в СССР. М., 1956;

Палеокарпологические исследования кайнозоя. Мн, 1982;

Мейен С.В. Основы палеоботаники. М., 1986.

Т.​Р.​Абухоўская.

т. 11, с. 542

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУЗЫ́ЧНАЯ КАМІ́ДЫЯ,

музычна-сцэнічны твор, пабудаваны на камедыйнай аснове. Тэрмін «М.к.» выкарыстоўваюць і для абазначэння такіх блізкіх жанраў як опера-буфа, камічная опера, камедыя-балет, аперэта (часам як сінонім), зінгшпіль, танадылля, вадэвіль, мюзікл. Ад класічнай аперэты адрозніваецца менш разгорнутай муз. драматургіяй (хоць устаўныя інтэрмедыйныя нумары могуць быць дастаткова працяглымі), выкарыстаннем сучасных песенных і танц.-быт. жанраў.

У 17 ст. «М.к.» — адно з абазначэнняў італьян оперы. Як самаст. жанр муз. т-ра склалася на мяжы 19—20 ст. і зацвердзілася да сярэдзіны 20 ст. Існуе ў многіх народаў і, як правіла, мае нар. песенна-танц. аснову. У Расіі М.к. фарміравалася на аснове традыцый нар. быт. камедыі і фарса, рус. камічнай оперы 18 ст., вадэвіля і зах.-еўрап. класічнай аперэты з выкарыстаннем іх вобразна-выразных сродкаў. У 20 ст. ў гэтым жанры працавалі Б.​Аляксандраў («Мая Гюзель», «На беразе Амура»), К.​Лістоў («Севастопальскі вальс»), Ю.​Мілюцін («Ціхае сямейства», «Ліхтары-ліхтарыкі»), А.​Фельцман («Паветраны замак») і інш. М.к. можа мець рысы традыц. відаў муз. т-ра ці тых, што развіваюцца, набліжаюцца да оперы (напр., азерб. твор «Аршын мал алан» У.​Гаджыбекава вызначаны аўтарам як камічная опера).

На Беларусі муз.-камедыйны характар мелі інтэрмедыі школьнага тэатра, многія сцэны лялечнага т-ра, у прыватнасці батлейкі. У 1-й пал. 20 ст. відавочнай муз.-камедыйнай накіраванасцю вызначаліся лепшыя спектаклі драм. т-раў, у т. л. «Каваль-ваявода» Е.​Міровіча з муз. У.​Тэраўскага і Л.​Маркевіча (1925), «Простыя сэрцы» С.​Заяіцкага, С.​Розанава і М.​Міцкевіча з муз. В.​Сакалова-Фядотава (1929), «Цудоўная дудка» В.​Вольскага з муз. М.​Шчаглова (1939). У 1930—40-я г. паявіліся М.к. на антырэліг. («Кухня святасці» Я.​Цікоцкага, 1931), с.-г. тэматыку з вял. колькасцю нар. песень і танцаў («Коксагыз» М.​Чуркіна, 1939; «Зарэчны барок» С.​Палонскага і М.​Іванова, 1940). У 1970—80-я г. створаны М.к., вызначаныя як «народная» («Паўлінка» Ю.​Семянякі, паст. 1973; «Несцерка» Р.​Суруса, 1975; «Калі заспявае певень» А.​Чыркуна, 1988), як «гераічная» («Пяе «Жаваранак» Семянякі, паст. 1969; «Дзяніс Давыдаў» А.​Мдывані, 1982; «Судны час» Суруса, 1984), як «М.к.» («Мільянерка» Я.​Глебава, 1986). Блізкая да жанру М.к. пастаноўка «Ідыліі» паводле В.​Дуніна-Марцінкевіча ў Нац. т-ры імя Я.​Купалы (1993), вызначаная як пастараль (кампазітар У.​Кур’ян, з выкарыстаннем музыкі С.​Манюшкі, М.​К.​Агінскага, Ф.​Шапэна). Пераважная большасць М.к. на Беларусі ставіцца ў Дзяржаўным тэатры музычнай камедыі Рэспублікі Беларусь (з 1999 Дзярж. муз. т-р Рэспублікі Беларусь).

Н.​А.​Юўчанка.

т. 11, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАЛЕ́НКА (Уладзімір Галакціёнавіч) (27.7.1853, г. Жытомір, Украіна — 25.12.1921),

рускі пісьменнік, публіцыст, грамадскі дзеяч. Ганаровы акад. Пецярбургскай АН (1900, у 1902 адмовіўся ад звання). Вучыўся ў Тэхналагічным (1871—73) і Горным (1877—78) ін-тах у Пецярбургу, у Пятроўскай земляробчай і лясной акадэміі (1874—76) у Маскве. Яго светапогляд фарміраваўся пад уплывам ідэй рус. рэв. народнікаў. У 1876—77 у ссылцы ў Кранштаце, у 1879 у Вяцкай губ., у 1881—84 у Якуціі. З 1885 жыў у Н. Ноўгарадзе, з 1896 у Пецярбургу, з 1894 чл. рэдакцыі народніцкага час. «Русское богатство», у 1904—18 (з перапынкамі) яго рэдактар, з 1900 у Палтаве. Друкаваўся з 1878. Жыццё народа. яго духоўнае багацце, неабходнасць яднання інтэлігенцыі з народам — асн. матывы творчасці К. У апавяданнях «Дзіўная» (1880, апубл. 1905), «Забойца», «Сон Макара» (абодва 1885), «Сляпы музыка» (1886, 2-я рэд. 1898), «Марусіна заімка» (1889, апубл. 1899), «Рака гуляе», «Ат-Даван» (абодва 1892), «Агеньчыкі» (1901) і інш. выступаў супраць беззаконня самадзяржаўных улад, раскрыў станаўленне новых рыс нац. характару рус. чалавека. Водгукам на актуальныя з’явы і праблемы грамадска- паліт. жыцця былі яго нарысы «У галодны год» (1893), «Мултанскае ахвярапрынашэнне» (1895—96), «Гомельская судовая драма» (1905), «Сарачынская трагедыя» (1907), «Бытавая з’ява» (1910) і інш. Аповесць «Без языка» (1895, 2-я рэд. 1902, прататып гал. героя — рабочы-беларус) — назіранні пісьменніка ад падарожжа ў Амерыку. Мемуары «Гісторыя майго сучасніка» (кн. 1—4, 1906—22) — маст. летапіс пакалення 1870-х г. Творчасць К. вызначаецца рэалістычнасцю, спалучэннем эпічных і лірычных плыняў, паглыбленым псіхалагізмам, гуманізмам. Перамога чалавечага духа над матэрыяльнай абалонкай — адзін з гал. матываў яго твораў. Аўтар літ.-крытычных артыкулаў пра рус. пісьменнікаў. Захавалася 6 лістоў К. да А.​В.​Луначарскага ад 1920, у якіх ён выказаў свае рэзка адмоўныя адносіны да Кастр. рэв 1917 і яе вынікаў. Асобныя творы К. тэматычна звязаны з Беларуссю. Быў асабіста знаёмы з Я.​Купалам. Яго творы друкаваліся ў бел. газ. «Наша ніва», у 1920—30-я г. на бел. мове былі выдадзены яго аповесці «Сляпы музыка», «Судны дзень», «Лес шуміць», «Дзеці падзямелля» і інш. У 1922 у т-ры імя Я.​Купалы (БДТ-1) інсцэніраваны яго твор «Лес шуміць». На бел. мову асобныя творы К. пераклалі А.​Александровіч, С.​Дарожны, М.​Краўцоў, А Кудравец, К.​Чорны, Я.​Шарахоўскі.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—6. М., 1971;

История моего современника. Кн. 1—2. Л., 1976;

Земли! Земли! М., 1991;

Бел. пер. — Апошні прамень: Выбранае. Мн., 1984.

Літ.:

Миронов Г.М. Короленко. М., 1962;

Бялый Г.А. В.​Г.​Короленко. 2 изд. Л., 1983;

Короленко С.В. Книга об отце. Ижевск, 1968.

С.​Ф.​Кузьміна.

У.Г.Караленка.

т. 8, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ЗЕРНАЯ ТЭХНАЛО́ГІЯ,

сукупнасць тэхнал. прыёмаў і спосабаў апрацоўкі, змены ўласцівасцей, стану і формы матэрыялу або паўфабрыкату з дапамогай выпрамянення лазераў. Асн. аперацыі Л.т. звязаны з цеплавым дзеяннем лазернага выпрамянення (пераважна цвердацелых лазераў і газавых лазераў). Эфектыўнасць Л.т. абумоўлена высокай лакальнасцю і кароткачасовасцю ўздзеяння, вял. шчыльнасцю патоку энергіі ў зоне апрацоўкі, магчымасцю вядзення тэхнал. працэсаў у празрыстых асяроддзях (у вакууме, газе, вадкасці, цвёрдым целе). Выкарыстоўваецца ў мікраэлектроніцы і электравакуумнай тэхніцы, паліграфіі, машынабудаванні, у прам-сці буд. матэрыялаў для свідравання адтулін, рэзкі і скрайбіравання (нанясення малюнкаў на паверхню) плёнак і паўправадніковых пласцін, зваркі (гл. Лазерная зварка), загартоўкі, гравіроўкі, нарэзкі рэзістараў, рэтушы фоташаблонаў і інш.

Свідраванне адтулін звычайна робіцца імпульсным лазерам (працягласць імпульсу 0,1—1 мс) у любых матэрыялах (цвёрдых, крохкіх, тугаплаўкіх, радыеактыўных). Лазерам свідруюць алмазныя фільеры для валачэння дроту, стальныя і керамічныя фільеры для вытв-сці штучных валокнаў, рубінавыя камяні для гадзіннікаў, ферытавыя пласціны для запамінальных прыстасаванняў ЭВМ, дыяфрагмы электронна-прамянёвых прылад, керамічныя ізалятары, вырабы са звышцвёрдых сплаваў і інш. Лазерная рэзка вядзецца ў імпульсным і бесперапынным рэжыме, з падачай у зону рэзкі струменю газу (звычайна паветра або кіслароду). Выкарыстоўваецца для раздзялення дыэлектрычных і паўправадніковых падложак (таўшчынёй 0,3—1 мм), скрайбіравання паўправадніковых пласцін, рэзання крохкіх вырабаў са шкла, сіталу і пад. (метадам тэрмічнага расколвання) і інш. Фігурная апрацоўка паверхні — стварэнне мікрарэльефа на матэрыялах выпарэннем, тэрмаапрацоўкай, акісляльна-аднаўляльнымі і інш рэакцыямі, выкліканымі награваннем, тэрмастымуляванымі дыфузійнымі працэсамі. Выкарыстоўваецца ў мікраэлектроніцы, паліграфічнай прам-сці, пры апрацоўцы цвёрдых сплаваў, ювелірных камянёў і інш. У электроннай тэхніцы перспектыўныя кірункі Л.т.: паверхневы адпал паўправадніковых пласцін з мэтай узнаўлення структуры іх крышталічнай рашоткі пры іонным легіраванні, стварэнне актыўных структур на паверхні паўправаднікоў, атрыманне p-n-пераходаў метадам лакальнай дыфузіі з лазерным нагрэвам, нанясенне тонкіх метал. і дыэл. плёнак лазерным выпарэннем і інш. У фоталітаграфіі Л.т. выкарыстоўваюцца для вырабу звышмініяцюрных друкарскіх плат, інтэгральных схем, відарысаў і інш. элементаў мікраэлектроннай тэхнікі; у хім. і мікрабіял. вытв-сці — для селектыўнага стымулявання хім. і біял. актыўнасці малекул; у медыцыне — для лячэння скурных захворванняў, язваў страўніка, кішэчніка і інш. Магутныя (ад 1 кВт і вышэй) лазеры выкарыстоўваюцца для рэзкі і зваркі тоўстых стальных лістоў, паверхневай загартоўкі, наплаўлення і легіравання буйнагабарытных дэталей, ачысткі будынкаў ад паверхневых забруджванняў, рэзкі мармуру, граніту, раскрою тканіны, скуры і інш.

На Беларусі распрацоўкі па Л.т. вядуцца ў ін-тах Нац. АН (фізікі, малекулярнай і атамнай фізікі, фізіка-тэхнічным, прыкладной фізікі, фотабіялогіі і інш.), Ін-це прыкладных фіз. праблем БДУ, Гомельскім ун-це, у шэрагу галіновых НДІ.

Літ.:

Лазерная и электронно-лучевая обработка материалов. М., 1985;

Дьюли У. Лазерная технология и анализ материалов: Пер. с англ. М., 1986;

Промышленное применение лазеров: Пер. с англ. М., 1988.

В.​В.​Валяўка, В.​К.​Паўленка.

Да арт. Лазерная тэхналогія. А. Схема лазернай рэзкі з тэлекантролем працэсу. 1 — дэталь, якая апрацоўваецца; 2 — прыстасаванне факусіроўкі лазернага праменя; 3 — лазер; 4 — замкнёная тэлевізійная сістэма; 5 — дысплей. Б. Схема станка з рубінавым лазерам для святлопрамянёвай апрацоўкі: 1 — імпульсная лямпа; 2 — кандэнсатар; 3 — паралельныя люстэркі; 4 — штучны рубін; 5 — лінза; 6 — выраб, які апрацоўваецца.

т. 9, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПЕРЭ́ТА (італьян. operetta літар. маленькая опера),

адзін з відаў муз. тэатра, у якім спалучаюцца вакальная і інструментальная музыка, танец, балет, элементы эстраднага мастацтва; твор для гэтага тэатра.

У 17 — 1-й пал. 19 ст. — невял., звычайна камічная опера з размоўнымі дыялогамі. На Беларусі гэта былі «Апалон-заканадаўца, або Рэфармаваны Парнас» Р.​Вардоцкага на лібр. М.​Цяцерскага (паст. 1789) і «Агатка, або Прыезд пана» Я.​Д.​Голанда на лібр. М.​Радзівіла (паст. 1784), якія вызначаліся дэмакр. характарам, адлюстроўвалі перадавыя ідэі свайго часу. У сярэдзіне 19 ст. тэрмінам «аперэта» часта вызначаў свае п’есы В.​І.​Дунін-Марцінкевіч, задумваючы іх як лібрэта невял. опер. У супрацоўніцтве з ім С.​Манюшка стварыў свае аперэты «Рэкруцкі набор» (1841), «Спаборніцтва музыкаў», «Чарадзейная вада», «Ідылія» (1852). У 1861 паст. аперэта «Канкурэнты» Ф.​Міладоўскага (лібр. М.​Лапіцкага і У.​Сыракомлі).

Сучасная аперэта — від тэатра, які займае прамежкавае становішча паміж операй і драмай. Аснову муз. драматургіі складаюць звычайна куплетная песня і танец, а таксама традыц. оперныя формы (арыя, ансамбль, хор, уверцюра), якія часцей маюць песенна-танц. характар і больш простыя, чым у оперы. У адрозненне ад вадэвіля і інш. відаў муз. камедыі з развітым драм. тэкстам, музыка ў аперэце нясе асн. сэнсавую нагрузку.

Як самаст. від муз. тэатра аперэта сфарміравалася ў 1850-я г. ў Францыі. Яе вытокі — камічная опера, франц. вадэвіль, аўстрыйскія і ням. зінгшпілі і інш. Вылучаюць некалькі нац.-гіст. разнавіднасцяў аперэты з устойлівымі жанрава-стылявымі прыкметамі: парыжская (1850—70-я г., заснавальнік — Ж.​Афенбах; Ф.​Эрвэ, Ш.​Лекок, Р.​Планкет), венская (Ф.​Зупэ, К.​Мілёкер, І.​Штраус-сын, К.​Цэлер), неавенская (1900—1920-я г., Ф.​Легар, І.​Кальман). У пач. 1920-х г. у ЗША зацвердзіўся новы від муз. т-рамюзікл, які ў некат. сваіх разнавіднасцях набліжаецца да аперэты (творы Ф.​Лоу, Дж.​Гершвіна, Р.​Роджэрса, Л.​Бернстайна і інш.). У Расіі пачатак аперэты пакладзены ў 1920-я г. І.​Дунаеўскім і М.​Стрэльнікавым, сярод майстроў Ю.​Мілюцін, Б.​Аляксандраў, К.​Лістоў, В.​Салаўёў-Сядой, А.​Фельцман, В.​Баснер і інш.

На Беларусі з 1-й пал. 20 ст. развіваліся блізкія да аперэты формы муз.-камедыйнага тэатра («Каваль-ваявода» Е.​Міровіча з муз. У.​Тэраўскага і Л.​Маркевіча, 1925; «Простыя сэрцы» С.​Заяіцкага, С.​Розанава і М.​Міцкевіча з муз. В.​Сакалова-Фядотава, 1929; «Кок-сагыз» М.​Чуркіна, 1939; «Цудоўная дудка» В.​Вольскага з муз. М.​Шчаглова, 1939), а таксама «Кухня святасці» («Мільён Антоніяў») Я.​Цікоцкага (1931) і «Зарэчны барок» С-.Палонскага і М.​Іванова (1940), якія вызначаліся сучаснікамі як «першыя сав. аперэты». У 1970-я г. з’явіліся творы, найб. адпаведныя жанру аперэты: «Паўлінка» Ю.​Семянякі са шматпланавай муз. драматургіяй, скразнымі муз. тэмамі, разгорнутымі сольнымі нумарамі, ансамблямі, харамі і «Несцерка» Р.​Суруса, якія дзякуючы зместу, народнасці муз. мовы і ўдалым масавым сцэнам сталі сапраўднымі аперэтамі буйной формы. Шэраг бел. твораў, блізкіх да жанру аперэты, класіфікуюць як «гераічная муз. камедыя» («Дзяніс Давыдаў» А.​Мдывані, 1985), «муз. камедыя» («Мільянерка» Я.​Глебава, 1987), мюзікл («Джулія», 1991, і «Шклянка вады», 1994, У.​Кандрусевіча).

Сярод артыстаў аперэты: Г.​Шнайдэр (Францыя), А.​Жырардзі (Аўстрыя), Г.​Марышка і Х.​Хонці (Венгрыя), Р.​Ярон, Т.​Шмыга (Расія), М.​Вадзяной (Украіна); у бел. т-ры Н.​Гайда, В.​Мазур, Р.​Харык, А.​Ранцанц, З.​Вяржбіцкая, Г.​Казлоў і інш.

Літ.:

Владимирская А. Звездные часы оперетты. 2 изд. Л., 1991;

Трауберг Л. Жак Оффенбах и другие. М., 1987;

Музычны тэатр Беларусі, 1917—1959. Мн., 1993.

Б.​С.​Смольскі, Н.​А.​Юўчанка.

Да арт. Аперэта. Сцэна са спектакля «Паўлінка» Ю.​Семянякі Дзярж. тэатра муз. камедыі Беларусі. 1973.

т. 1, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)