ПРАДЗЮ́СЕР (англ. producer ад лац. producere вырабляць),

у кіно- і на тэлебачанні асоба, якая ажыццяўляе арганізацыйна-фінансавы кантроль за дзейнасцю здымачнай групы, пытанні падбору кадраў, у т. л. творчых. П. можа быць рэжысёр, акцёр, сцэнарыст.

т. 12, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МАСФІ́ЛЬМ»,

адна з буйнейшых студый маст. фільмаў у Расіі. Створана ў 1924 у Маскве, выпускала фільмы маст., навукова-папулярныя, хранікальна-дакумент., анімацыйныя, з 1935 — толькі мастацкія. З 1991 кінаканцэрн «М.». Гл. таксама раздзел Кіно ў арт. Расія.

т. 10, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАРО́НІНА (Таццяна Васілеўна) (н. 12.9.1933, С.-Пецярбург),

руская актрыса, рэжысёр. Нар. арт. СССР (1981). Скончыла Школу-студыю МХАТ (1956). З 1959 у Ленінградскім Вял. драм. т-ры, у 1972—83 у Маск. драм. т-ры імя У.​Маякоўскага, у 1966—72 і з 1983 у МХАТ імя М.​Горкага. З 1987 маст. кіраўнік сцэны на Цвярскім бульвары (з 1989 самаст. т-р, які захаваў назву МХАТ імя М.​Горкага) — дырэктар, гал. рэжысёр, маст. кіраўнік. Актрыса моцнага, глыбокага тэмпераменту. Сярод роляў: Надзея («Мая старэйшая сястра» А.​Валодзіна; і ў кіно), Настасся Піліпаўна («Ідыёт» паводле Ф.​Дастаеўскага), Аркадзіна («Чайка» А.​Чэхава), лэдзі Макбет («Макбет» У.​Шэкспіра; і рэжысёр). З 1956 здымаецца ў кіно: «Тры таполі на Плюшчысе», «Яшчэ раз пра каханне», «Мачаха» і інш.

т. 6, с. 57

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕА́НС (франц. seance),

1) публічная дэманстрацыя чаго-н. ва ўстаноўлены прамежак часу без перапынку (напр., С. у кіно, С. паказу мадэлей).

2) Выкананне якога-н. дзеяння, работы, лячэння ў вызначаны час, а таксама прамежак часу, калі гэта адбываецца (напр., С. гіпнозу).

т. 14, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛАЎНЯ́ (Анатоль Дзмітрыевіч) (2.2.1900, г. Сімферопаль, Украіна — 25.6.1982),

рускі кінааператар, тэарэтык кіно. Засл. дз. маст. Расіі (1935). Праф. (1939). Д-р мастацтвазнаўства (1966). Герой Сац. Працы (1980). Скончыў Дзярж. тэхнікум кінематаграфіі (1926). Адзін з заснавальнікаў сав. аператарскай школы. У творчай садружнасці з рэжысёрам У.Пудоўкіным зняў фільмы: «Маці» (1926), «Канец Санкт-Пецярбурга» (1927), «Нашчадак Чынгісхана» (1929), «Мінін і Пажарскі» (1939), «Сувораў» (1941), «Адмірал Нахімаў» (1947; Дзярж. прэмія СССР 1947), «Жукоўскі» (1950; Дзярж. прэмія СССР 1951; апошнія 3 фільмы разам з аператарам Т.​Лобавай). Творчасць Галаўні блізкая да традыцый рус. рэаліст. жывапісу з улікам спецыфікі кіно. Смела выкарыстоўваў дынамічныя магчымасці камеры і асвятлення.

Тв.:

Съёмка цветного кинофильма. М., 1952;

Мастерство кинооператора. М., 1965;

Творчество оператора фильма. М., 1978.

Літ.:

Громов Е.С. Кинооператор Анатолий Головня. М., 1980.

т. 4, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛО́ЎБЕК ((Holoubek) Густаў) (н. 21.4.1923, г. Кракаў, Польшча),

польскі акцёр і рэжысёр. Праф. Вышэйшай тэатр. школы (Варшава). Скончыў Вышэйшую тэатр. школу ў Кракаве. З 1947 у т-рах Кракава і Катавіц, з 1957 у розных т-рах Варшавы (у т. л. ў 1969—87 у Т-ры Драматычным, у 1972—82 адначасова дырэктар). Акцёрскае мастацтва Галоўбека вызначаецца высокай інтэлектуальнасцю, строгасцю ў падборы выразных сродкаў разам з глыбокай унутр. засяроджанасцю. Сярод лепшых роляў: Эдып («Эдып» Сафокла), Конрад («Дзяды» А.​Міцкевіча), Скрыпач («Разня» С.​Мрожака), Лір («Кароль Лір» У.​Шэкспіра). Яго лепшая рэжысёрская работа — «Гамлет» Шэкспіра (выканаў таксама гал. ролю). З 1953 здымаецца ў кіно («Пятля», «Супольны пакой», «Санаторый пад Клепсідрай» і інш.). У 1972—81 узначальваў Т-ва польскіх акцёраў т-ра і кіно. Дзярж. прэміі Польшчы 1966, 1978.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 4, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭТЭКТЫ́ЎНЫ ФІЛЬМ,

твор кіна- і тэлемастацтва, прысвечаны расследаванню крымінальных і інш. злачынстваў, рабоце разведчыкаў. Тэматычна звязаны з прыгодніцкім фільмам.

Першыя авантурна-дэтэктыўныя фільмы зняты ў 1910-я г. ў Францыі (серыя фільмаў рэж. Л.​Фёяда пра Фантамаса, рэж В.​Жасэ пра сышчыка Ніка Картэра і інш.). Сярод Д.ф. 1930—40-х г. серыялы пра сышчыкаў, фільмы-«паліцэйскія дакументы»; 1960—70-х г. — серыя фільмаў пра супершпіёна Джэймса Бонда. Сярод лепшых Д.ф. сав. кіно: «Подзвіг разведчыка», «Справа № 306», «Мёртвы сезон», «Вяртанне «Святога Лукі», «Чорны прынц», «Пятроўка 38», тэлевізійныя «Семнаццаць імгненняў вясны», «Месца сустрэчы змяніць нельга».

У бел. кіно дэтэктыўную фабулу маюць фільмы «Дзеці партызана», «Наперадзе — круты паварот», «Блакітны карбункул», «Задача з трыма невядомымі», «Дзікае паляванне караля Стаха», тэлевізійныя «Корцік», «Бронзавая птушка», «Апошняе лета дзяцінства» і інш.

т. 6, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУК’Я́НЧЫКАЎ (Сяргей Пятровіч) (н. 9.11.1945, г. Смаленск, Расія),

бел. кінарэжысёр дакумент. кіно, сцэнарыст. Скончыў Усесаюзны ін-т кінематаграфіі (1974). З 1963 на кінастудыі «Беларусьфільм». Рэжысёрскую манеру вылучаюць экспрэсіўнасць, музыкальнасць, арыгінальнасць маст. вырашэння. Сярод спарт. фільмаў «Паляванне на золата» (1974; Гран пры Міжнар. фестывалю спарт. фільмаў у Корціна-д’Ампеца, Італія, 1975), «Шчаслівыя берагі Алімпіі» (1978), «Тэхніка водналыжнага спорту» (1981), «Гарадкі — народная гульня» (1998, Гран пры Міжнар. фестывалю спарт. фільмаў у Палерма, Італія, 1998). Стварыў цыкл маст.-публіцыст. фільмаў «Наш Афганістан» («Боль», 1986; «Я з падпарадкавання выйшаў», 1989; «Сорам», 1990). Дакумент. фільмы «Адлучэнне» (1993), «Смутак» (1994), «Чарнобыль. Фантомы», «Асколкі аўтабіяграфіі», «Чарнобыль. Попел» (усе 1996) пра чарнобыльскую трагедыю. Сярод інш. фільмаў — «Трамвай NON-STOP» (1993), «Другі» (1996, 1-ы прыз Міжнар. фестывалю «Тыдзень сусв. эксперым. кіно», Мадрыд, 1997). Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1980.

т. 9, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́ТКАІ ((Ruttkai) Ева) (31.12.1927, Будапешт — 1986),

венгерская актрыса. Нар. арт. Венгрыі (1969). Скончыла Вышэйшую школу т-ра і кіно (1953), выкладала ў ёй. На сцэне з 1945. З 1948 у Нац. т-ры, з 1951 у т-ры «Вігсінхаз». Сярод роляў: Луіза («Каварства і каханне» Ф.​Шылера), Раксана («Сірано дэ Бержэрак» Э.​Растана), Ніна Зарэчная («Чайка» А.​Чэхава), Наташа Растова («Вайна і мір» паводле Л.​Талстога), Джульета («Рамэо і Джульета» У.​Шэкспіра), Мэгі («Кошка на распаленым даху» Т.​Уільямса) і інш. Творчасці ўласцівы вытанчанасць, глыбіня ўнутр. пераўвасаблення. З 1948 здымалася ў кіно: «Сабо» (у сав. пракаце «Ганна Сабо»), «Замужжа Каталіны Кіш» (у сав. пракаце «Шчасце Каталіны Кіш»), «Апоўначы», «Гісторыя майго глупства», «Сіндбад», «Лабірынт» і інш. Прэміі імя Ясаі 1950, 1955, 1965. Дзярж. прэмія імя Кошута 1960.

т. 13, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭ́ДГРЭЙВ, Рэдгрэў (Redgrave) Ванеса (н. 30.1.1937, Лондан), англійская актрыса.

Дачка М.С.Рэдгрэйва. Скончыла Цэнтр. школу музыкі і танца. У 1957 дэбютавала ў т-ры, з 1958 у кіно. Адна з найб. яркіх інтэлектуальных актрыс у сусв. кіно, з буйным тэмпераментам, моцным характарам. Знялася ў фільмах рэж. М.​Антаніёні [«Фотапавелічэнне» («Блоу-ап»), 1967], англ. рэжысёраў Т.​Рычардсана («Марак з «Гібралтара», 1967; «Атака лёгкай брыгады», 1968), К.​Рэйса («Морган, выпадак, прыдатны для лячэння», 1966; прэмія Міжнар. кінафестывалю ў Канах; «Айседора», 1968; прэмія Міжнар. кінафестывалю ў Канах), К.​Расела («Д’яблы», 1971), амер. рэжысёраў Ф.​Цынемана («Джулія», 1977; прэмія «Оскар»), С.​Люмета («Забойства ва Усходнім экспрэсе», 1974), Дж.​Шлезінгера («Янкі», 1979) і інш. Сярод фільмаў 1990-х г.: «Хоўардс Энд» («Сядзіба Хоўардс Энд»), «Дом духаў», «Месяц каля возера», «Місія немагчыма», «Дэжа вю», «Нязваны», «Мірка» і інш.

т. 13, с. 551

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)