СКВЕР (ад англ. square квадрат),

невялікі гарадскі сад; важная ч. азелянення населеных месцаў, дэкар. афармлення плошчаў і вуліц. Фарміруецца па асн. прынцыпах садова-паркавага мастацтва. Пл. звычайна 0,5—2 га. У адрозненне ад бульвара прызначаны пераважна для кароткачасовага адпачынку пешаходаў. С. можа мець самаст. закончаную кампазіцыю ці быць элементам буйнога арх.-ландшафтнага ансамбля. Звычайна асн. элемент кампазіцыі С. — пляцоўка для адпачынку з фантанам, дэкар. скульптурай, кветкавым партэрам, клумбамі, газонамі, пасадкамі дрэў, кустоў і інш. Першыя С. ўзніклі ў сярэдзіне 19 ст. ў Англіі, у 2-й пал. 19 ст. — у Расіі. Першыя С. на Беларусі — Аляксандраўскі сад (1870, цяпер Цэнтральны С.) з фантанам (1874) і на Саборнай пл. (1890-я г., цяпер пл. Свабоды) у Мінску. Найб. значныя С. ствараюцца ў адм.-грамадскіх цэнтрах (на плошчах Незалежнасці ў Мінску, Леніна ў Магілёве, Савецкай у Гродне), каля трансп.-планіровачных вузлоў (на прывакзальных плошчах у Гомелі, Маладзечне; Міхайлаўскі каля чыг. вакзала ў Мінску), перад буйнымі грамадскімі будынкамі (каля Бел. муз. т-ра ў Мінску, політэхн. ін-та ў Брэсце), каля помнікаў і мемар. комплексаў (С. на пл. Перамогі ў Мінску, каля помніка Вызвалення на пл. Свабоды ў Брэсце), у квартальнай забудове — т.зв. С.-«кішэні» (па вул. Берсана, на скрыжаваннях вул. Варвашэні і Куйбышава ў Мінску) і інш.

Г.​С.​Ларкін.

Міхайлаўскі сквер у Мінску. Скульптура «Дама на лаўцы» Скульптар У.​Жбанаў. 1998.

т. 14, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАТАНІ́ЧНЫЯ ПО́МНІКІ ПРЫРО́ДЫ,

аб’екты расліннасці і флоры, якія маюць навук., культ.-пазнавальную, гіст., эстэт. каштоўнасць і ахоўваюцца дзяржавай. На Беларусі каля 180 батанічных помнікаў прыроды рэсп. значэння: старадаўнія паркі — Бальценіцкі і Вердаміцкі (гл. адпаведныя артыкулы), Вялікамажэйкаўскі (Шчучынскі р-н), Гомельскі, Мірскі, Нясвіжскі, Радзівілімонтаўскі (Клецкі р-н) і інш.; каштоўныя ўчасткі лесу — Барысаўскае лесанасаджэнне, Барэцкая (Івацэвіцкі р-н), Вепрынская (Чэрыкаўскі р-н) і Шолкавіцкая (Чарнейкаўская; Рэчыцкі р-н) дубровы і інш.; насаджэнні інтрадукаваных дрэў і кустоў — Вінклераўскі (Нясвіжскі р-н) і Ліноўскі (Пружанскі р-н) хвойнікі, Моўчадскае насаджэнне лістоўніцы еўрапейскай (Баранавіцкі р-н) і інш.; раслінныя згуртаванні на межах арэалаў, у месцах, аддаленых ад асн. вобласці свайго пашырэння, — Бёрдаўскае лесанасаджэнне (Клічаўскі р-н), Добрушскія і Маларыцкія ельнікі і інш., а таксама з рэдкімі, рэліктавымі і тымі, якія знікаюць, відамі раслін — Вятчынскае месца росту рададэндрану жоўтага (Жыткавіцкі р-н), Восаўскае і Церабежскае насаджэнні карэльскай бярозы (Івацэвіцкі р-н) і інш.; дрэвы мясц. парод (асабліва вылучаюцца ўзростам, памерамі, прыгажосцю ці звязаныя з гіст. падзеямі) і унікальныя дрэвы-інтрадуцэнты (больш за 50). Гл. таксама Дрэвы-помнікі.

Літ.:

Козловская Н.В. Флора Белоруссии, закономерности ее формирования, научные основы использования и охраны. Мн., 1978;

Охрана важнейших ботанических объектов Украины, Белоруссии, Молдавии. Киев, 1980;

Юркевич И.Д., Голод Д.С., Адерихо В.С. Растительность Белоруссии, ее картографирование, охрана и использование. Мн., 1979.

Батанічныя помнікі прыроды: дуб пірамідальны (1) і змеепадобныя елкі (2) у Брэсце, дуб-волат (3) у Буда-Кашалёўскім раёне.

т. 2, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУГ,

расліннае згуртаванне (біягеацэноз) шматгадовых траў, прыстасаваных да ўмоў сярэдняга ўвільгатнення. Травы нармальна развіваюцца ўвесь перыяд вегетацыі, без летняга перапынку, характэрнага для стэпаў. Займаюць каля 150—200 млн. га ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я (пераважна ў Еўропе) і ў Новай Зеландыі. Адрозніваюць мацерыковыя (сухадольныя ўвільгатняюцца атм. ападкамі, нізінныя — атм. ападкамі і грунтавымі водамі), заліўныя (на тэрасах рачных далін) і горныя (таксама высакагорныя). Агульная ўласцівасць Л. — утварэнне травастою і дзярніны (паверхневы слой глебы з каранямі і карэнішчамі траў). Маса падземных органаў раслін у 3—5 і болей разоў перавышае масу надземных. Характэрны травастой — асаковыя, бабовыя, злакі (мятлюжкакветныя), разнатраўе. Большасць прыродных Л. узнікае на месцы былых лясоў, балот, там, дзе кліматычныя і глебавыя ўмовы спрыяюць шматгадовым травам, а не дрэвам і кустам. Прыродныя Л. — важная крыніца каштоўных кармавых, харч., лек., меданосных, тэхн. раслін, рэзерват генет. фонду траў. Штучныя (сеяныя) Л. ўзнікаюць у выніку дзейнасці чалавека (напр., арашэнне стэпаў). Для павышэння прадукцыйнасці іх акультурваюць (ачышчаюць ад кустоў, падразаюць купіны, уносяць угнаенні і інш.). Выкарыстоўваюцца як сенажаці і пашы. На Беларусі Л. ўзніклі пераважна на месцы высечаных лясоў і хмызнякоў, з іх заліўных — 5,2%, мацерыковых — 94,8% (1996—97). Больш за 20 відаў рэдкіх лугавых раслін занесены ў Чырв. кнігу Беларусі: дрэмлік, касач сібірскі, першацвет веснавы, шпажнік чарапіцавы, ятрышнік мужчынскі і інш.

Літ.:

Санько П.М. Естественные луга Белоруссии, их характеристика и оценка. Мн., 1983;

Мееровский А.С., Касьянчик С.А. Опыт высокоэффективного использования пойменных лугов. Мн., 1986.

У.​П.​Пярэднеў.

Луг. 1 — заліўны; 2 — сухадольны.

т. 9, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБЁР (Castor fiber),

млекакормячая жывёла атр. грызуноў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы, дзе жыве другі від — бабёр канадскі. На Беларусі трапляецца амаль усюды. Ахоўваецца. Трымаецца старыцаў, рэк з павольным цячэннем, азёраў з багатай прыбярэжнай расліннасцю.

Даўж. цела каля 100 см, хваста да 34 см, маса да 30 кг. Тулава тоўстае, масіўнае, ногі кароткія, пяціпальцыя, заднія з плавальнымі перапонкамі. Хвост пляскаты (шыр. да 15 см), укрыты буйнымі рагавымі шчыткамі. Поўсць густая, шаўкавістая, з доўгімі восцевымі валасамі і густым пухам. Жыве сем’ямі. Добра плавае і нырае. Рые норы, будуе хаткі, запруды. Корміцца карэнішчамі травяністых раслін, карой і маладымі галінкамі лазы, асіны і інш. Нараджае 1—5 бабранят. Каштоўны: выкарыстоўваецца футра і бабровы струмень.

У мінулым важны аб’ект палявання, абмену і гандлю на Беларусі. Косці бабра выяўлены пры раскопках гарадзішчаў 6—12 ст. на тэр. рэспублікі і сумежных раёнаў Смаленшчыны. Вядомы граматы 14—16 ст., выдадзеныя манастырам і прыватным асобам на ўгоддзі з бабровымі гонамі (месцы адлову бабра) каля Полацка, Маладзечна, в. Трасцянец (Мінскі р-н), Слуцка і інш. За карыстанне гонамі насельніцтва плаціла падаткі. Статут ВКЛ 1588 забараніў лавіць баброў у чужых уладаннях, трывожыць у месцах пасялення, весці ворыва, высечку кустоў, сенакос паблізу бабровых гнёздаў. Наглядам за бабровымі гонамі і іх аховай займалася спец. катэгорыя сялян-слуг (гл. Баброўнікі). У 18 ст. бабёр — звычайны звер толькі на Бярэзіне, Прыпяці, Піне, Ясельдзе, Свіслачы. На пач. 20 ст. бабёр амаль знік, невял. паселішчы засталіся толькі ў маладаступных для чалавека мясцінах на Бярэзіне, Сажы і Нёмане. Для аднаўлення і павелічэння запасаў у 1925 створаны Бярэзінскі запаведнік.

Бабёр.

т. 2, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІНАГРА́ДАРСТВА,

1) галіна сельскай гаспадаркі, якая займаецца вырошчваннем вінаграду. Забяспечвае насельніцтва свежым і сушаным вінаградам (разынкамі, кішмішам, карынкай), а вінаробную (гл. Вінаробства) і кансервавую прам-сць сыравінай. Вінаградарства мае 4 вытв. кірункі: сталовае вінаградарства — вытв-сць свежага вінаграду для мясц. спажывання, вывазу і захоўвання; вінаградарства як сыравінная база вытв-сці сушанага вінаграду — вырошчванне кішмішна-разынкавых сартоў; вінаградарства як сыравінная база вінаробнай прамысловасці (выкарыстоўвае каля 80% усяго вінаграду) і кансервавай прамысловасці. Адрозніваюць вінаградарства ўкрыўное і неўкрыўное, арашальнае і неарашальнае, або багарнае, коранеўласнае і прышчэпленае на марозаўстойлівых і філаксераўстойлівых прышчэпах.

Вінаградарства з’явілася ў старажытнасці ў краінах Міжземнамор’я, Б. Усходу, Сярэдняй Азіі. Сусв. вытв-сць вінаграду складае штогод 57—60 млн. т. Больш як палову яго атрымліваюць у Італіі, Францыі, ЗША, Іспаніі, Турцыі. Далей ідуць Аргенціна, Іран, ПАР, Грэцыя, Румынія, Партугалія, Германія, Расія, Чылі, Аўстралія, Азербайджан, Бразілія, Малдова. Прамысл. вінаградарства развіта паміж 34—52° паўн. ш. і 20—40° паўд. ш. У Еўропе паўн. мяжа вырошчвання прамысл. вінаграду праходзіць праз Парыж, Льеж, Дзюсельдорф, Камянец-Падольскі, Саратаў. Прысядзібнае аматарскае вінаградарства пашыраецца далей на поўнач.

На Беларусі вінаград вядомы з 16 ст. Аматарскае вінаградарства адзначана ў большасці раёнаў, невял. вытворчае — у Пінскім, Столінскім, Хойніцкім і Мінскім. Найб. спрыяльныя для яго развіцця паўд. раёны Брэсцкай і Гомельскай абласцей (акрамя раёнаў, забруджаных радыенуклідамі ў выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС). Доследныя работы па селекцыі вінаграду на Беларусі праводзяцца ў Бел. НДІ пладаводства (в. Самахвалавічы Мінскага р-на). Беларусь атрымлівае вінаград пераважна з Малдовы. Прамысл. вінаградарства характарызуецца інтэнсіўнасцю, патрабуе вял. капіталаўкладанняў і значных затрат працы. У ім выкарыстоўваецца механізацыя многіх працаёмкіх работ: тэрасавання, плантажу, пасадкі, рыхлення міжрадкоўяў, унясення ўгнаенняў, укрывання і адкрывання кустоў, устаноўкі шпалераў, барацьбы са шкоднікамі і хваробамі і інш.

2) Навука аб біял. асаблівасцях вінаграду і спосабах яго вырошчвання; раздзел раслінаводства. Складаецца з агульнага вінаградарства (вывучае пытанні біялогіі, экалогіі і агратэхнікі вінаграду); прыватнага (распрацоўвае агратэхніку вінаграду ў розных глебава-клімат. умовах, для розных вытв. кірункаў, а таксама пры вырошчванні вінаграду ў цяпліцах); ампелаграфіі — навукі аб сартах і відах вінаграду; селекцыі вінаграду — навукі пра вывядзенне новых сартоў.

т. 4, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕС,

прыродны комплекс згуртаванняў лясных раслін і жывёл з пэўным геагр. асяроддзем; адзін з асн. тыпаў расліннага покрыва Зямлі. Узнаўляльны прыродны рэсурс, які забяспечвае ўстойлівасць біясферы. Важны кампанент геагр. ландшафтаў. Складаецца з сукупнасці дрэвавых, кустовых і травяністых раслін, дзе гал. роля належыць дрэвам. Пашыраны на ўсіх кантынентах (акрамя Антарктыды). Займае больш за 27% сушы. Біямаса Л. — 90% наземнай біямасы. Л. вывучае лесазнаўства, лесаводства і інш.

Структура Л. залежыць ад фіз.-геагр. умоў асяроддзя, відавога складу і біял. асаблівасцей раслін (гл. Біягеацэноз). Для Л. характэрна ярусная будова. Звычайна вылучаюць дрэвавыя ярусы (дрэвастой), ярус кустовага падлеску, кусцікавае, паўкусцікавае і травяністае покрыва, ярус імхоў і лішайнікаў, пазаярусныя расліны (ліяны, эпіфітныя расліны на ствалах і ў кронах дрэў). У залежнасці ад складу, умоў і асаблівасцей развіцця вылучаюць вечназялёныя лясы (вільготныя трапічныя, мангравыя, хвойныя; гл. адпаведныя арт.), лістападныя лясы (дробна- і шыракалістыя, мусонныя, саванныя і інш.). Паводле тыпу аднаўлення адрозніваюць насенныя і парасткавыя, паводле паходжання — натуральныя і штучнаствораныя, паводле гісторыі фарміравання — карэнныя і другасныя, па складзе парод — чыстыя і мяшаныя. Л. уздзейнічае на працэсы глебаўтварэння, клімат, кругаварот вільгаці, з’яўляецца адным з планетарных акумулятараў жывога рэчыва ў біясферы; актыўна ўзаемадзейнічае з трапасферай і вызначае ўзровень кіслароднага і вугляроднага абмену. Выконвае водаахоўную, глебаахоўную, рэкрэацыйную і інш. функцыі. Выключная роля Л. ў экалагічнай раўнавазе біясферы, захаванні генет. разнастайнасці раслін і жывёл, як крыніц рэсурсаў для розных галін прам-сці, сельскай гаспадаркі і інш. робяць неабходнымі мерапрыемствы па ахове лясоў, аднаўленні лясоў, лесаразеядзенні.

На Беларусі агульная пл. Л. 8,68 млн. га (1997), лесаўкрытая (без прагалін, высечак, гараў) 7 млн. га, або 35,4% тэр. краіны. Лясістасць асобных раёнаў ад 10 (Нясвіжскі) да 60% (Лельчыцкі). Найб. лясныя масівы на раўнінах (напр., Цэнтральнабярэзінскай) і нізінах (Полацкай, Верхнебярэзінскай, Верхнянёманскай), у Прыпяцкім і Мазырскім Палессі. Растуць 28 абарыгенных відаў дрэў і каля 80 відаў кустоў, паўкустоў і кусцікаў. Асн. лесаўтваральныя пароды — хвоя, елка, дуб чарэшчаты, бярозы павіслая і пушыстая, асіна, вольхі чорная і шэрая, ясень, граб, клён вастралісты і ліпа драбналістая. У поймах рэк і на забалочаных глебах участкі таполі белай і чорнай, зараснікі вярбы, бярозы нізкай. Тыповыя Л.: хвойныя (хваёвыя лясы, яловыя лясы), шыракалістыя (грабавыя лясы, дубовыя лясы, ясянёвыя лясы), драбналістыя вытворныя (асінавыя лясы, бярозавыя лясы, шэраальховыя лясы), карэнныя лісцевыя балотныя (пушыстабярозавыя лясы, чорнаальховыя лясы). Пераважаюць хваёвыя Л., яловых менш па Пд (на Палессі трапляюцца рэдка), дубовых — на Пн. У паўн. ч. рэспублікі ўсх.-еўрап. Л. паўднёватаежнага тыпу, у асн. яловыя цемнахвойныя, у паўд. ч. пашыраны шыракалістыя Л. зах.-еўрап. тыпу, у цэнтр. ч. — тыя і другія. Занальнае змяненне Л. пакладзена ў аснову геабатанічнага раянавання.

Літ.:

Юркевич И.Д., Гельтман В.С. География, типология и районирование лесной растительности Белоруссии. Мн., 1965;

Морозов Г.Ф. Избр. труды. Т. 1—2. М., 1970—71;

Мелехов И.С. Лесоведение. М., 1980;

Лесная энциклопедия. Т. 1—2. М., 1985—86.

А.​В.​Пугачэўскі.

т. 9, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎДНЁВАЯ АМЕ́РЫКА,

мацярык у Зах. паўшар’і, разам з Паўночнай Амерыкай утварае частку свету Амерыка. Пл. з астравамі 18,28 млн. км², без астравоў 18,1 млн. км². Паўн. пункт — мыс Гальінас 12°25′ паўн. ш., паўд. — мыс Фроўард 53°54′ паўд. ш. (мыс Горн на в-ве Горн — 55°59 паўд. ш.), усх. — мыс Кабу-Бранку 34°46 зах. д., зах. — мыс Парыньяс 81°20′ зах. д. Працягласць з Пн на Пд 7150 км, з У на З да 5150 км. На Пн Панамскім перашыйкам злучана з Паўн. Амерыкай, абмываецца Карыбскім м., на У — Атлантычным ак., на З — Ціхім ак., на Пд — Магеланавым пралівам. Берагі пераважна прамыя, на ПдЗ значна парэзаны фіёрдамі. Асобныя залівы глыбока ўразаюцца ў сушу: на З — Гуаякіль, на Пн — Венесуэльскі і возера-лагуна Маракайба, на ПдУ — Ла-Плата. Да П.А. адносяць архіпелагі Вогненная Зямля і Чылійскі, а-вы Галапагас, Фалклендскія (Мальвінскія) і інш.

Рэльеф. Сярэдняя вышыня П.А. над узр. м. 580 м. На З — горная сістэма Андаў выш. да 6960 м (г. Аканкагуа), складаецца з горных ланцугоў і высокіх плато паміж імі. На У Бразільскае пласкагор’е і Гвіянскае пласкагор’е. Паміж Андамі і пласкагор’ямі Амазонская нізіна, раўніны і нізіны Гран-Чака, Лаплацкая нізіна і нізіна Арынока; паверхня іх раўнінная, рачныя даліны ўрэзаны слаба. На Пд плато Патагоніі.

Геалагічная будова. У тэктанічных адносінах вылучаюцца 2 асн. структуры: геасінклінальная на 3, платформавая на У. Фарміраванне Андаў пачалося ў познім палеазоі — мезазоі. Гораўтварэнне не закончылася (бываюць землетрасенні і вулканічныя вывяржэнні). На У платформавыя структуры: Паўд.-Амерыканская і Патагонская платформы. Стараж. архейскі фундамент выходзіць на паверхню ў Гвіянскім, Зах.-Бразільскім і Усх.-Бразільскім шчытах. За межамі шчытоў тэр. платформ перакрыты пераважна кантынентальнымі адкладамі. Паміж платформавай і геасінклінальнай абласцямі — тэктанічныя ўпадзіны Арынока, Гран-Чака, Ла-Плата; паміж Андамі, Гвіянскім і Зах.-Бразільскім шчытамі — Амазонская ўпадзіна. Упадзіны запоўнены марскімі адкладамі і прадуктамі разбурэння гор. Платформы пачалі фарміравацца ў дакембрыі, у кембрыі злучыліся ў адзін масіў. У трыясе ў бас. р. Парана ўтварыліся разломы і адбыліся вывяржэнні базальтавых лаў.

Карысныя выкапні. П.А. багата карыснымі выкапнямі. Радовішчы нафты і прыроднага газу ў міжгорных і перадгорных прагінах, у прагінах платформ. Найб. запасы ў Венесуэле, Аргенціне, Бразіліі, Калумбіі, ёсць у Эквадоры, Перу, Чылі, Балівіі. Каменны вугаль у Бразіліі, Калумбіі, Венесуэле, Чылі. Вял. запасы медных (Чылі, Перу), жал. (Бразілія, Перу, Венесуэла), марганцавых, тытанавых і хромавых (Бразілія), ванадыевых (Венесуэла, Бразілія, Чылі), вальфрамавых (Балівія, Перу), залатых (Бразілія, Аргенціна, Чылі, Перу), малібдэнавых (Чылі), нікелевых (Бразілія, Калумбія, Венесуэла), алавяных (Бразілія, Балівія), сурмяных (Балівія), уранавых (Бразілія, Аргенціна, Перу), плацінавых (Калумбія), свінцовых і цынкавых (Перу, Бразілія), сярэбраных (Перу, Балівія) руд; баксітаў (Бразілія, Венесуэла, Сурынам). Ёсць рэдкаметальныя руды (берыліевыя, літыевыя, ніобіевыя, танталавыя, цырконавыя), горнахім. сыравіна (барый, борныя руды, калійныя солі, самародная сера, натрыевая салетра. флюарыт, фасфарыты і інш.), алмазы, каштоўныя і вырабныя камяні і інш.

Клімат П.А. абумоўлены размяшчэннем яе пераважна ў экватарыяльным і паўд. трапічным паясах. Характэрна вял. і амаль раўнамернае (акрамя крайняга Пд) паступленне сонечнага цяпла. Сезонныя кліматычныя адрозненні залежаць ад сонечнай радыяцыі, агульнай цыркуляцыі атмасферы, цэнтраў высокага ціску атмасферы. Пераважае экватарыяльная і мусонна-пасатная цыркуляцыя паветра з Атлантычнага ак. На З Амазонскай нізіны вільготны экватарыяльны гарачы клімат без сухога перыяду, на У Амазонскай нізіны — субэкватарыяльны, на Пд — субтрапічны і ўмераны клімат. У паўн. раўніннай частцы т-ра паветра ўвесь год каля 20—28 °C. Ападкаў 2000—3000 мм за год у бас. рэк Арынока і Амазонка. У студз. на Бразільскім пласкагор’і 20—28 °C, у ліп. 12—25 °C, на Лаплацкай нізіне адпаведна 20—24 і 8—16 °C, у Патагоніі 12—23 і 3 °C. Ападкаў на Бразільскім пласкагор’і ад 500 мм на ПнУ да 2000 мм у большай частцы і да 3000 мм на ПдУ, на Лаплацкай нізіне ад 500 мм да 1000 мм, у Патагоніі каля 250 мм. Снегавая лінія ў гарах экватарыяльнай зоны на выш. каля 5 тыс. м, на Пд на выш. каля 1000—1200 м. Максімум ападкаў — да 10 000 мм у гарах на З Калумбіі, да 7000 мм на Пд Чылі; на ўзбярэжжах Перу і Паўн. Чылі (у пустыні Атакама) менш за 100 мм за год.

Унутраныя воды. Па велічыні гадавога сцёку П.А. займае 2-е месца ў свеце — каля 20% сцёку рэк Зямлі (каля 7900 км³/год), па сярэднім слоі сцёку (440 мм) на 1-м месцы ў свеце. Больш за 90% тэр. мацерыка адносіцца да бас. Атлантычнага ак. Найб. рэкі: Амазонка (самая мнагаводная і вял. па пл. басейна ў свеце), Арынока, Парана з Парагваем, Сан-Франсіску, Магдалена. Пераважае дажджавое жыўленне рэк, на Пд Патагоніі снегавое, у Андах месцамі ледавіковае. У экватарыяльных раёнах летнія дажджавыя паводкі і памяншэнне расходаў зімой. Пастаянна паўнаводныя рэкі на З Амазонскай нізіны і на Пд Бразільскага пласкагор’я. Максімум сцёку рэк позняй вясной і летам у Патагоніі і Сярэднім Чылі. На Пн Чылі ў пустыні Атакама сцёк толькі перыядамі. Буйныя азёры Маракайба (на Пн), Тытыкака (на выш. 3812 м) і інш. У Андах ледавікі (больш за 20 тыс. км²), найб. на Пд і на Вогненнай Зямлі.

Глебы і расліннасць. На раўнінах П.А. шыротная занальнасць глеб і расліннасці. У бас. р. Амазонка і на Гвіянскім пласкагор’і вільготныя лясы (гілея) на чырвона-жоўтых латэрытах. Шмат балот. Расліннасць багатая і разнастайная: пальмы, дрэвападобныя папараці, гевея, сейба, фікусы, архідэі. На Пн і Пд ад экватарыяльнай зоны ўмерана вільготныя вечназялёныя лясы і саванны розных тыпаў (льянасы ў бас. р. Арынока, кампас і каатынга на Бразільскім пласкагор’і) на чырвоных, карычнева-чырвоных, чырвона-бурых латэрытных тыпах глеб. Расліннасць у каатынзе — засухаўстойлівыя бутэлечныя і калючыя дрэвы, лісцевыя і сцябловыя сукуленты, у кампасе менш засухаўстойлівыя нізкарослыя дрэвы, кусты і злакі, у льянасах — акацыі, мімозы, кактусы, травы. На Пд Бразільскага пласкагор’я лясы з бразільскай араўкарыі, лісцевых дрэў, кустоў. У бас. р. Парана і на Лаплацкай нізіне на Пн трапічныя лясы і рэдкалессі (кебрача, альгараба і інш.), глебы карычнева-чырвоныя, шэра-карычневыя, шэразёмы, на Пд пампа — злакавае разнатраўе на чарназёмах. У Патагоніі расліннасць паўпустынная, куставая, на бурых, пераважна друзавых, глебах. У Андах выяўляецца верт. пояснасць: у паўд. Андах лясы з паўд. буку, араўкарый, на ўсх. схілах пераважна лясная, на З, Паўн. Чылі і Перу, а таксама ва ўнутр. раёнах — пустынная і паўпустынная расліннасць. П.А. — радзіма бульбы, тытуню, батату, маніёку, гевеі, арахісу і інш.

Жывёльны свет. П.А. ўваходзіць у Неатрапічную біягеаграфічную вобласць. Жывёльны свет багаты і своеасаблівы. Для большай ч. мацерыка характэрны браняносцы, тапіры, пекары, ягуар, грывасты воўк, малпы, яноты, скунсы, дзікабразы; з птушак — туканы, папугаі, калібры, гаацын, кондар; у рэках — ламанціны, рачныя дэльфіны, каля 2 тыс. відаў рыб. Мноства насякомых і павукоў. У саваннах і рэдкалессях алені, грызуны, страус нанду, на Пд у пампе, стэпах і паўпустынях пума, пампасны алень, грызуны. У пустынных высакагор’ях — гуанака і вікунья, рэліктавы мядзведзь-акулярнік. Шмат эндэмікаў: шыраканосыя малпы, ляніўцы, мурашкаеды, апосумы.

Насельніцтва. У П.А. жыве каля 350 млн. чал. (1999). Сярэдняя шчыльнасць насельніцтва 19,1 чал. на 1 км². Найбольшая (больш за 100 чал. на 1 км²) у міжгорных далінах Андаў, у сярэдняй ч. Чылі, найб. асвоеных раёнах Аргенціны і Бразіліі. Найменшая шчыльн. (каля 1 чал. на 1 км²) у асобных раёнах бас. р. Амазонка, самых высакагорных раёнах Андаў, на Пд Патагоніі, на Фалклендскіх а-вах і інш. У краінах П.А. пераважае гарадское насельніцтва, найбольш у Уругваі (91%), Аргенціне (88%), Венесуэле (86%), Чылі (84%), Бразіліі (79%). Карэнныя жыхары П.А. — індзейцы. З канца 15 ст. П.А. пачалі заваёўваць і каланізаваць іспанцы і партугальцы, яны прывозілі як рабоў афр. неграў. У выніку каланізацыі, распаўсюджаныя цяжкіх хвароб мноства абарыгенаў загінула, шмат плямён вымерлі. Сярод сучасных індзейскіх народаў найбольшыя кечуа (14,9 млн.), аймара (2,2 млн.), араўканы (0,9 млн.). Паводле расавага складу насельніцтва П.А. мангалоіды (індзейцы), еўрапеоіды, негроіды, метысы (ад змяшання еўрапейцаў з мясц. нас.), мулаты (еўрапеоідна-негрыцянскага паходжання), самба (змешаны індзейска-негроідны антрапал. тып). Ёсць нядаўнія эмігранты — іспанцы, партугальцы, італьянцы, немцы, яўрэі, палякі, рускія, украінцы, японцы. У Аргенціне жывуць беларусы (каля 5 тыс.) і іх нашчадкі; ёсць звесткі пра групы беларусаў і іх нашчадкаў у Парагваі, Уругваі, на Пд Бразіліі. У П.А. пашыраны раманскія мовы — ісп. (большасць краін), партуг. (Бразілія), франц. (Гвіяна Французская). Англ. (Гаяна і Фалклендскія а-вы) і галандская (Сурынам) мовы адносяцца да германскай групы. У Парагваі гавораць на мовах ісп. і гуарані. Вернікі — пераважна католікі, ёсць пратэстанты і праваслаўныя; выхадцы з Азіі вызнаюць іслам, будызм, сінтаізм і інш., некат. індзейскія плямёны прытрымліваюцца сваіх традыц. вераванняў. Гл. таксама Народы Амерыкі.

Палітычны падзел. На тэр. мацерыка размешчана 12 дзяржаў: Аргенціна, Балівія, Бразілія, Венесуэла, Гаяна, Калумбія, Парагвай, Перу, Сурынам, Уругвай, Чылі, Эквадор. Гвіяна Французская — уладанне Францыі, Фалклендскія а-вы належаць Вялікабрытаніі (аспрэчвае Аргенціна). Пра дзяржавы і ўладанні гл. адпаведныя артыкулы.

Да арт. Паўднёвая Амерыка. Ландшафт цэнтральнай часткі Эквадора.
Пласкагор’е Альтыплана ў Балівіі.
На беразе Амазонкі.
Перадгор’і Андаў у Аргенціне.
Узбярэжжа Ціхага акіяна ў Чылі.

т. 12, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛУ́МБІЯ (Colombia),

Рэспубліка Калумбія (República de Colombia), дзяржава на ПнЗ Паўд. Амерыкі. Мяжуе на У з Венесуэлай і Бразіліяй, на Пд з Перу і Эквадорам, на Пн з Панамай; на З абмываецца Ціхім ак., на Пн — Карыбскім м. Падзяляецца на 32 дэпартаменты і сталічную акругу. Пл. 1141,7 тыс. км². Нас. 37418 тыс. чал. (1997). Сталіца — г. Багата (Санта-Фе дэ-Багата). Афіц. мова — іспанская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (20 чэрв.).

Дзяржаўны лад. К. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1991. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца насельніцтвам тэрмінам на 4 гады без права перавыбару на другі тэрмін. Вышэйшы заканад. орган — Кангрэс, які складаецца з Сената (102 члены) і Палаты прадстаўнікоў (165 дэпутатаў), выбіраецца насельніцтвам на 4 гады. Дэпартаменты ўзначальваюцца губернатарамі, якіх прызначае прэзідэнт, і асамблеямі, выбранымі насельніцтвам. Прэзідэнт назначае таксама кіраўнікоў нац. тэрыторый і мэра спец. раёна. У суд. сістэму ўваходзяць Вярх. суд і 27 суд. акруг, кожная з якіх мае свае вышэйшыя суды.

Прырода Паверхня К. падзяляецца на горны Захад і раўнінны Усход. Зах. ч. займае горная сістэма Андаў, якая складаецца з 3 хрыбтоў: Усх. Кардыльеры (выш. да 5493 м) з шырокімі міжгорнымі плато, Цэнтральнай з конусамі патухлых (Уіла, 5750 м) і дзеючых вулканаў (Руіс, 5400, Таліма, 5215 м) і Заходняй (выш. да 4250 м). Паміж хрыбтамі шырокія і глыбокія ўпадзіны — даліны рэк Магдалена і Каўка. На Пн вулканічны масіў Сьера-Невада-дэ-Санта-Марта з найвыш. вяршыняй краіны г. Крыстобаль-Калон (5775 м). На марскіх узбярэжжах нізіны. Усх. ч. занята нізінамі і раўнінамі басейнаў рэк Арынока і Амазонка. Карысныя выкапні: нафта, прыродны газ, каменны вугаль, жал., медныя і нікелевыя руды, золата, плаціна, серабро, ізумруды, уранавыя руды, фасфарыты, баксіты і інш. К. знаходзіцца ў экватарыяльным і субэкватарыяльным кліматычных паясах.

Сярэднія месячныя т-ры на нізінах да 29 °C, на выш. 1—2 тыс. м ад 17 да 22 °C, на выш. 2—3 тыс. м ад 13 да 16 °C. Ападкаў да 10 000 мм за год на Ціхаакіянскім узбярэжжы, да 4000 мм у бас. Амазонкі, каля 1000 мм (месцамі 200 мм) на Пн. Рачная сетка густая. Гал. рэкі: Магдалена з прытокам Каўка; Мета і Гуаўярэ — прытокі Арынока; Путумайо і Какета — прытокі Амазонкі. Каля 60% тэрыторыі пад лесам (пераважна гілея). На Пн і ПнУ участкі саваннаў (льянасы). У гарах вышынная пояснасць. Жывёльны свет: малпы, браняносец, лянівец, ягуар; з птушак папугаі, калібры, туканы; ёсць кракадзілы, чарапахі, яшчаркі. Нац. паркі: Чырыбікетэ, Парамільё, Сьера-Невададэль-Какуй, Сьера-Невада-дэ-Санта-Марта, Утрыя і інш.; некалькі рэзерватаў.

Насельніцтва. Большасць (каля 95%) — калумбійцы, нацыя, якая склалася ад змяшэння індзейцаў (карэннае насельніцтва) з ісп. каланістамі і неграмі з Афрыкі. Метысаў каля 57%, белых каля 20, мулатаў каля 14, неграў каля 5%. Індзейцы (каля 0,5 млн. чал.) захаваліся ў асобных горных раёнах і трапічных лясах на У. Жывуць таксама выхадцы з суседніх краін, нядаўнія эмігранты з Еўропы і Азіі. Вернікі пераважна католікі (больш за 95%), ёсць пратэстанты (каля 1%), асобныя групы індзейцаў захавалі свае традыц. вераванні. Сярэдняя шчыльн. 32,8 чал. на 1 км². Каля 80% насельніцтва жыве на марскіх узбярэжжах, у далінах і на міжгорных плато Андаў, дзе шчыльн. 200—300 чал. на 1 км², у трапічных лясах на У — каля 1—2 чал. на 1 км². У гарадах жыве 73% насельніцтва. Найб. гарады (тыс. ж., 1997): Багата — 6079, Медэльін — 3291, Калі — 1870. У прам-сці і гандлі занята 24%, у сельскай гаспадарцы — 30, у абслуговых галінах — 46% працаздольнага насельніцтва.

Гісторыя. Тэр. К. са стараж. часоў заселена шматлікімі індзейскімі плямёнамі (пераважна групы чыбча). У 1499 адкрыта іспанцамі і ўключана ў віцэ-каралеўства Перу, з 1717 у складзе віцэ-каралеўства Новая Гранада. Ісп. панаванне выклікала масавыя паўстанні, найб. значнае — камунерас (1781). У канцы 18 — пач. 19 ст. пад уплывам еўрап. Асветніцтва і франц. рэвалюцыі (яе ідэі папулярызаваў А.Нарыньё) у Новай Гранадзе ўзнік рух за незалежнасць. У ліп. 1810 у Багаце ўспыхнула антыісп. паўстанне, створана Рэв. хунта, якая абвясціла незалежнасць краіны. Канчаткова К. вызвалена з-пад ісп. панавання ў 1819 (гл. Вайна за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26). У 1819—30 уваходзіла ў федэратыўную рэспубліку Вялікая Калумбія (прэзідэнт С.Балівар), пасля яе распаду (1830) створана рэспубліка Новая Гранада. У 1831 і 1840 Новая Гранада вяла войны з Эквадорам за свае паўд.-зах. межы; пагранічныя канфлікты з суседзямі працягваліся да канца 19 ст. З 1830-х г. у краіне ішла барацьба за ўладу паміж прадстаўнікамі Кансерватыўнай (прыхільнікі цэнтралізацыі дзяржавы і моцных пазіцый каталіцкай царквы) і Ліберальнай (выступалі за федэралізм і аддзяленне царквы ад дзяржавы) партый. У перыяд кіравання лібералаў адменена рабства (1852), уведзена федэралісцкая і антыклерыкальная канстытуцыя (1853). Ліберал Т.​С.​Маскера-і-Арбаледа (прэзідэнт у 1845—49, 1861—64, 1866—67) спрабаваў умацаваць федэратыўную структуру дзяржавы (у 1861—86 наз. Злучаныя Штаты Калумбіі), абмежаваць уплыў царквы (канстытуцыя 1863). Кансерватар Р.​Нуньес (прэзідэнт у 1880—94) дамогся прыняцця новай канстытуцыі (1886), паводле якой краіна ператворана ў цэнтралізаваную рэспубліку і атрымала назву К., царкве вернута большасць прывілеяў. Кульмінацыяй барацьбы кансерватараў з лібераламі стала грамадз. т. зв. «тысячадзённая вайна» (1899—1902), у выніку якой загінула больш за 100 тыс. калумбійцаў. У 1903 пры падтрымцы ЗША, зацікаўленых у буд-ве канала паміж Атлантычным і Ціхім акіянамі, ад К. аддзелена Панама, якая стала самаст. дзяржавай. Гэта паслужыла прычынай канфлікту паміж К. і ЗША, завершанага пагадненнем 1914, паводле якога К. прызнала незалежнасць Панамы. У 1-ю сусв. вайну К. захоўвала нейтралітэт. У 1921 К. заключыла пагадненне з ЗША, адмовіўшыся ад прэтэнзій на Панаму і Панамскі канал. Сусв. эканам. крызіс 1929—33 значна падарваў эканоміку краіны, арыентаваную на знешнія рынкі У 1930—46, калі на чале ўлады былі лібералы, узмацнілася барацьба сялян за зямлю.

У 2-ю сусв. вайну К. выступіла на баку антыгітлераўскай кааліцыі. Забойства ў 1948 Х.Э.Гайтана выклікала хваляванні ў Багаце, якія перараслі ва ўзбр. паўстанне, задушанае ўладамі. У выніку дзярж. перавароту 1953 прэзідэнтам стаў ген. Г.​Рохас Пінілья, які ўстанавіў ваен. дыктатуру (у 1957 скінуты). У 1958—74 на чале ўлады знаходзіўся ліберальна-кансерватыўны блок Нац. фронт. Планы эканам. развіцця К., распрацаваныя Фронтам, былі звязаны з амер. праграмай Саюз дзеля прагрэсу і ўключалі праекты зямельнай рэформы (не рэалізаваны). Незадаволеныя адсутнасцю рэформ, сяляне захоплівалі землі, у гарадах адбываліся забастоўкі, узмацніліся антыўрадавыя дзеянні партыз. груповак. У канцы 1960-х г. сфарміраваліся 2 гал. партыз. арг-цыі: Рэв. ўзбр. сілы К. і Армія нац. вызвалення, у 1970 — Рух 19 красавіка (М-19). Пасля распаду ў 1974 Нац. фронту на чале ўлады да 1982 былі лібералы. Кансерватар Б.​Бетанкур Куартас (прэзідэнт у 1982—86) імкнуўся да аднаўлення міру ў краіне, заключэння перамір’я з партыз. групоўкамі і ўключэння іх у грамадска-паліт. жыццё. Гэтую палітыку беспаспяхова спрабавалі прадоўжыць лібералы, якія зноў прыйшлі да ўлады ў 1986. У 1987 6 гал. партыз. арг-цый стварылі каардынацыйнае кіраўніцтва — Партыз. дырэктарат імя С.​Балівара. Кампанія па перавыбарах прэзідэнта ў 1990 стала адной з самых крывавых у гісторыі К. (загінулі сотні грамадскіх і паліт. дзеячаў, некалькі тыс. мірных жыхароў). У сак. 1990 М-19 падпісаў з урадам пагадненне пра спыненне ўзбр. барацьбы і ператварэнне ў легальную паліт. партыю; інш. арг-цыі з канца 1990 аднавілі ўзбр. дзеянні. Адначасова ўрад распачаў барацьбу з наркамафіяй (К. з даўніх часоў з’яўляецца адным з буйнейшых у свеце вытворцаў какаіну), у 1994—96 ліквідаваны ці арыштаваны кіраўнікі буйнейшых наркакартэляў.

Неаліберальная палітыка прэзідэнта С.​Гавірыі Трухільё (1990—94) прывяла да паляпшэння эканам. сітуацыі ў краіне, што дало магчымасць аднаму з лідэраў Ліберальнай партыі Э.​Самперу Пісана выйграць прэзідэнцкія выбары 1994. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў снеж. 1992.

Палітычныя партыі і прафсаюзы. Партыі: Ліберальная, Сацыял-кансерватыўная, Дэмакратычны альянс — М-19, Калумбійская камуністычная. Прафс. аб’яднанні: Усеагульная канфедэрацыя працы, Канфедэрацыя працоўных К., Саюз працоўных К. і інш.

Гаспадарка. К. — аграрна-індустр. краіна. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) у 1995 склаў 100,2 млрд. дол., каля 2700 дол. на 1 чал. Доля прам-сці ў ВУП 26%, сельскай гаспадаркі 19%, абслуговых галін 43%. Значныя пазіцыі ў эканоміцы займае замежны капітал. Сярод галін прам-сці найб. развіта горназдабыўная. Каля ​3/4 кошту яе прыпадае на здабычу нафты і прыроднага газу. У 1996 здабыта 32 млн. т нафты і каля 5 млрд. м³ прыроднага газу. Асн. раёны здабычы — даліна р. Магдалена і ПнУ (каля граніцы з Венесуэлай). Здабываюць (1995) каменны вугаль — 25 млн. т (на Пн і ў цэнтр. раёнах), нікель — 20 тыс. т, золата — каля 30 т, плаціну — каля 8 т, ізумруды — каля 7,2 млн. каратаў (90% сусв. здабычы, асн. руднікі ва Усх. Кардыльеры), серабро, жал. і медныя руды, баксіты, цынк, свінец, сурму, фасфарыты, серу, гіпс, каменную соль, уранавыя руды. Вытв-сць электраэнергіі 47 млрд. кВт гадз (1995), 75% яе даюць ГЭС, 25% — ЦЭС на каменным вугалі і нафце. У апрацоўчых галінах пераважаюць сярэднія і невял. прадпрыемствы. Чорная металургія прадстаўлена заводамі ў Медэльіне і каля Багаты. У маш.-буд. прам-сці найб. ролю адыгрываюць аўтазборачныя прадпрыемствы (у 1994 сабрана з імпартных дэталей і вузлоў 65 тыс. легкавых аўтамабіляў і 15,7 тыс. грузавых), з-ды па выпуску абсталявання для цукр., дрэваапр. і тэкст. прам-сці; гал. цэнтры — Багата і Калі. Баранкілья — цэнтр суднабудавання, Багата — эл.тэхн. прам-сці. Штогод перапрацоўваецца каля 15 млн. т нафты; асн. цэнтры Баранкілья і Картахена. Хім. прам-сць выпускае штучныя і сінт. валокны, мінер. ўгнаенні, соду і інш.; асн. цэнтры — Медэльін і Букараманга. Працуюць прадпрыемствы па вытв-сці сінт гумы і аўтамаб. шын. У Багаце некалькі прадпрыемстваў хім.-фармацэўтычнай прам-сці. Харч. і харчасмакавая галіны даюць каля 30% кошту прадукцыі апрацоўчай прам-сці, тэкст. — каля 13%. Шматлікія прадпрыемствы па апрацоўцы кавы, какавы, тытуню, цукр. трыснягу, вытв-сці мукі, круп, хлебабулачных і кандытарскіх вырабаў, безалкагольных напіткаў і інш. У 1995 атрымана 2080 тыс. т цукру і 1510 млн. л піва; гал. цэнтры — Багата, Медэльін, Букараманга, Калі, Картахена. Каля 75 выпуску тэкст. прадукцыі дае Медэльін. Выпускаюцца разнастайныя буд. матэрыялы, цэмент (9,2 млн. т. у 1994) і інш. Развіты гарбарна-абутковая, швейная, дрэваапр., мэблевая, паліграф. прам-сць, разнастайныя саматужныя промыслы (экспартнае значэнне маюць выраб саламяных капелюшоў-панам і керамікі). Больш за 74 прамысл. прадукцыі вырабляецца ў гарадах Багата, Медэльін, Калі і Баранкілья. Каля 73 кошту сельскай гаспадаркі дае раслінаводства. Найб. развіта вырошчванне экспартных культур — кавы, бананаў, какавы, трапічных фруктаў, тытуню, кветак і інш. Апрацаваныя землі складаюць каля 5%, паша — каля 20% пл. краіны. Да 30% апрацаваных зямель (каля 1500 тыс. га) займаюць плантацыі кавы. У вырошчванні яе занята каля 40% прац. рэсурсаў краіны. У 1995 атрымана 810 тыс. т кавы (каля 15% сусв. вытв-сці, 2-е месца ў свеце пасля Бразіліі), 62 тыс. т какавы, каля 1,7 млн. т бананаў, 23 тыс. т тытуню, 0,3 млн. т ананасаў. Плантацыі кавы ў горнай ч. краіны на выш. 1000—2000 м, бананаў — у нізінных раёнах. На ўнутр. патрэбы вырошчваюць (збор тыс. т, 1995): рыс — 1749, кукурузу — 1085, бульбу — 3200, а таксама сорга, ячмень, садавіну і агародніну. Урад вядзе жорсткую барацьбу з незаконным вырошчваннем на тайных плантацыях кустоў кокі, з лісця якой вырабляюць наркотык какаін. Жывёлагадоўля экстэнсіўная, мяснога кірунку, арыентавана на ўнутр. патрэбы. Пагалоўе (тыс. галоў, 1995): буйн. раг. жывёлы — 26018, свіней — 2635, коней — 2000, авечак — каля 3000, мулаў і аслоў — каля 800. Асн. раёны жывёлагадоўлі — прыбярэжныя нізіны на Пн і бас. р. Арынока (льянасы). Каля вял. гарадоў развіты малочная жывёлагадоўля і птушкагадоўля (у 1995 атрымана 315 тыс. т яец). Улоў рыбы каля 100 тыс. т, у асноўным у Ціхім акіяне. Транспарт аўтамаб., чыг., унутр. водны, марскі. Даўж. чыгунак 3435 км, аўтадарог 107,2 тыс. км (у т. л. 12,6 тыс. км з цвёрдым пакрыццём), унутр. водных шляхоў 8,9 тыс. км, нафтаправодаў 2,5 тыс. км. Аўтатранспарт перавозіць каля 90% унутр. грузаў. Гал. рачная магістраль — р. Магдалена. Сувязі з замежнымі краінамі пераважна марскім транспартам. Гал. парты: Баранкілья, Санта-Марта, Картахена (на Карыбскім м.), Буэнавентура і Тумака (на Ціхім ак.). У пасажырскіх зносінах вял. роля авіяц. транспарту. Міжнар. аэрапорты каля Багаты, Медэльіна, Калі, Баранкільі. У 1995 экспарт склаў 9764 млн. дол., імпарт 13 853 млн. дол. К. вывозіць каву (да 50% экспарту), бананы, нафту і нафтапрадукты, ізумруды, кветкі, бавоўну, рыс, хім. прадукты, вугаль, буд. матэрыялы; увозіць аўтатрансп. сродкі, машыны, абсталяванне, сыравіну, паўфабрыкаты, харч. і спажывецкія тавары. Асн. знешнегандл. партнёры: ЗША, Германія, Японія, Венесуэла, Бразілія. К. прадае ў Беларусь каву, садавіну, лесаматэрыялы, купляе шыны, трактары, часткі і абсталяванне аўтамабіляў. Грашовая адзінка — калумбійскае песа.

Літаратура. Развіваецца на ісп. мове. Фальклор індзейцаў збярогся ў запісах 19 ст. Л-ра каланіяльнага перыяду звязана з ісп. культурай: гіст. і быт. хронікі Х. дэ Кастэльянаса, Х.​Радрыгеса Фрэйле, рэліг. і свецкая тэматыка ў прозе Х.​Баўтысты дэ Тора, рэліг.-містычныя кнігі Ф.​Хасефы дэль Кастыльё. Перыяд нац.-вызв. рэвалюцыі і станаўлення самаст. дзяржавы характарызуецца пераарыентацыяй на ідэі змагароў за незалежнасць Паўн. Амерыкі, франц. асветнікаў. Найб. развіццё атрымалі публіцыстыка (А.​Нарыньё), рэв. паэзія. Уплыў Ж.​Ж.​Русо прадвызначыў устойлівую сентыментальна-рамант. накіраванасць л-ры на працягу 19 ст. і пазней. Л-ра гэтага перыяду набыла нац. рысы ў творчасці Х.​Х.​Ортыса, Х.​Арбаледы, Х.​Э.​Кара, Р.​Помба, Х.​Ісаакса (раман «Марыя», 1867 — першы буйны твор нац. прозы). На апісанне нац. звычаяў і побыту (т. зв. кастубрызм) арыентаваліся Х.​М.​Сампер, Х.​М.​Вергара-і-Вергара. У канцы 19 — пач. 20 ст. ўзмацніліся сац.-крытычныя тэндэнцыі (Т.​Караскілья). Гэты перыяд адметны і пашырэннем мадэрнізму (ХА.​Сільва, Г.​Валенсія, Х.​М.​Варгас Віла). Паэты авангарда 1920-х г. — Л. дэ Грэйф, Р.​Мая. Сац. раман Х.​Э.​Рыверы «Бездань» пра жорсткую эксплуатацыю зборшчыкаў каўчуку даў пачатак т. зв. л-ры зялёнага пекла. Рэаліст. традыцыі прадоўжылі С.​Урыве П’едраіта, Х.​А.​Асорыо Лісараса. Сац.-крытычныя тэндэнцыі выявіліся ў творчасці т. зв. паэтаў стагоддзя (Л.​К.​Лопес, П.​Барба Хакоб). Арыентацыяй на псіхалагізм, сюррэалізм вызначаецца творчасць Х.​Рэстрэпа Харамільё, А.​Альварэса Льераса. У 2-й пал. 20 ст. ідэйна-эстэт. дыяпазон нац. паэзіі і прозы пашыраецца. Тэматыка непарыўна звязана з гісторыяй асваення кантынента, трагедыяй грамадз. войнаў.

Значнае месца ў л-ры гэтага часу належыць творчасці Э.​Кабальера Кальдэрона (раманы «Не прызнаны Хрыстос», «Сьерва беззямельны»), Д.​Кайседа (раман «Сухі вецер»), Г.Гарсіі Маркеса. Актуальная праблематыка і маст. вырашэнне ўласцівы паэтам К.​Кастра Сааведры, М.​Сепеду Варгасу, Ф.​Арбелаэсу, Э.​Эскабару, празаікам Д.​Руісу Гомесу, А.​Дуке Лопесу, Р.​Э.​Бургасу. На бел. мову асобныя творы Гарсіі Маркеса перакладалі К.​Шэрман, С.​Шупа, В.​Тарас.

Архітэктура і выяўленчае мастацтва. Са стараж. часоў на тэр. К. развіваліся культуры індзейцаў чыбча-муіскаў, тайрона, кімбая: Сан-Агусцін (1-е тыс. да н.э. — 1-е тыс. н.э.; свяцілішчы з каменных пліт; рэльефы з выявамі жывёл і людзей; статуэткі з золата, серабра, тэракоты; залатыя ўпрыгожанні з выявамі ідалаў-«тунхас»; 2—3-метровыя каменныя схематычныя фігуры людзей, часта са звярынымі рысамі; арнаментальныя размалёўкі), Нарыньё (гратэскавыя статуэткі), Каліма і Сіну (вырабы керамічныя і са сплаву золата з меддзю). Будавалі каменныя храмы і ўмацаванні, драўляныя дамы. У 16—18 ст. гарады мелі прамавугольную сетку вуліц, дамы з цэглы і адобы з галерэямі ва ўнутр. дамах, каменнымі і цаглянымі парталамі. Кляштарныя цэрквы вылучаліся строгімі маналітнымі аб’ёмамі. У 16—17 ст. склалася мясц. школа жывапісу (размалёўкі цэркваў і дамоў, партрэты, алегарычныя карціны з быт. сцэнамі). Пад уплывам італьян. маньерызму развівалася творчасць А.​Асэра дэ ла Круса, элементы барока ў жывапісных партрэтах Г. дэ Фігероа і Б. дэ Варгаса Фігероа. Шэрагу мастакоў уласціва імкненне да перадачы суровай праўдзівасці вобразаў, моцная пластычная лепка (Г.​Васкес і інш.). У 18 ст. жывапіс набыў больш штучны і манерны характар. Скульптура 17—18 ст. вылучаецца багатай дывановай разьбой у інтэр’ерах цэркваў, спалучэннем хрысц. і індзейскіх сімвалаў, выкарыстаннем матываў трапічнай прыроды. У 19 — пач. 20 ст. гарады захоўвалі традыц. выгляд, узводзіліся і пабудовы ў духу класіцызму, пазней — эклектыкі і мадэрну. 3 пач. 20 ст. пачалося прамысл. буд-ва, пад уплывам арх. школ Бразіліі і ЗША (арх. П.​Н.​Гомес Агудэла, Х.​Р.​Мантэра, Г.​Серана Камарга, М.​Г.​Салана, Ф.​Пісана і інш.) з’явіліся будынкі сучаснага тыпу. У жывапісе 19 ст. — тэмы барацьбы за незалежнасць (П.​Х.​Фігероа, Х.​М.​Эспіноса і інш.). У 2-й пал. 19 ст. ўзмацніліся ўплывы еўрап. акадэмізму (А.​Урданета), імпрэсіянізму (А. дэ Санта-Марыя), партрэтнага жывапісу (Э.​Гарай, Р.​Асеведа Берналь). З 1930-х г. павялічылася цікавасць да сац. праблематыкі (І.​Гомес Харамільё). Развіваюцца традыцыі рэаліст. быт. жанру і партрэта (М.​Дыяс Варгас, Э.​Мартынес, скульпт. Х.​А.​Бетанкур і інш.). Пад уплывам мекс. мастакоў пашырылася манум. мастацтва (Гомес Агудэла, Гомес Харамільё). Выкарыстанне індзейскіх традыцый уласціва творчасці жывапісцаў Л.​А.​Акуньі, А.​Рамірэса Фахарда, скульпт. Р.​Роса. Мадэрнісцкія кірункі прадстаўляюць А.​Абрэгон, Э.​Грау Арауха і інш. Захаваліся стараж. традыцыі ткацтва, пляцення і ганчарства.

Літ.:

Manual de Hustoria. Т. 1—3. Bogota, 1982.

І.​І.​Пірожнік (прырода, насельніцтва, гаспадарка), І.​Л.​Лапін (літаратура).

Герб і сцяг Калумбіі.
Да арт. Калумбія. Рынак у маленькім горадзе.
Да арт. Калумбія. Анды ў цэнтральнай частцы краіны.
Да арт. Калумбія. Плантацыі кавы каля г. Антыёкія.
Да арт. Калумбія. Від горада Баранкілья.

т. 7, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЮ́З АРХІТЭ́КТАРАЎ БЕЛАРУ́СІ, Беларускі саюз архітэктараў (БСА),

добраахвотная грамадская творчая арг-цыя архітэктараў Беларусі. Асн. мэты: садзейнічанне дзярж. і грамадскім арг-цыям у праектаванні і буд-ве гарадоў і інш. населеных пунктаў, прамысловых, с.-г., жылых, грамадскіх, культ.-бытавых збудаванняў, павышэнне прафес. ўзроўню сваіх членаў. Створаны на 1-м з’ездзе архітэктараў Беларусі ў 1935 як С.а.Б. З 1999 наз. Бел. саюз архітэктараў. Наступныя з’езды адбыліся ў 1937, 1941, 1950, 1955, 1958, 1961, 1966, 1970, 1975, 1980, 1985, 1991, 1995, 1999. Старшыні праўлення: П.​Амбражунас (1935—37), А.​Брэгман (1937—41), А.​П.​Воінаў (1941—50), М.​Томах (1950—55), Г.​Парсаданаў (1955—58), Л.​Мацкевіч (1958—61), В.​Ладыгіна (1961—64), Э.​Дзямідаў (1964—66), В.​Аладаў (1966—70), Ю.​Шпіт (1970—73), Ю.​Грыгор’еў (1973—75), Я.​Ліневіч (1975—77), І.​Боўт (1977—80), Ю.​Патапаў (1980—85), Я.​Кавалеўскі (1985—99), з 1999 прэзідэнт БСА — А.​Сцяпанаў. У БСА уваходзяць 6 абл. і шэраг пярвічных арг-цый НДІ, ВНУ, праектных арг-цый. Дзейнічае Рэсп. дом архітэктара (засн. ў 1953). У 1990-я г. БСА уваходзіў у Саюз архітэктараў міжнародны. З 1990-х г. з’яўляецца членам Міжнар. асацыяцыі саюзаў архітэктараў. На 2001 у БСА 1040 членаў.

Члены Беларускага саюза архітэктараў

1935. П.​І.​Амбражунас, С.​А.​Асрыеў, А.​П.​Брэгман, І.​І.​Валадзько, У.​М.​Вараксін, А.​П.​Воінаў, В.​П.​Ждановіч, В.​І.​Кандратовіч, З.​К.​Магілеўчык, Н.​М.​Макляцова, Н.​Я.​Трахтэнберг.

1936. В.​М.​Волчак, Я.​І.​Гурарый, В.​І.​Гусеў, У.​П.​Фёдараў.

1937. Б.​А.​Барысаў, П.​Я.​Кузьменка, Л.​П.​Мацкевіч, Т.​С.​Страмцова, М.​І.​Томах.

1938. І.​Дз.​Белагорцаў, М.​Ф.​Кудзінаў, А.​Я.​Кудравіцкі, Г.​А.​Парсацанаў.

1939. М.​І.​Мельнік.

1941. Г.​У.​Заборскі.

1942. У.​А.​Кароль.

1944. У.​А.​Афанасьеў.

1945. С.​Б.​Баткоўскі.

1946. В.​І.​Анікін, М.​І.​Бакланаў, Г.​М.​Бенядзіктаў, Л.​Г.​Гафо, М.​В.​Драздоў, І.​К.​Елісееў, М.​С.​Кацар, І.​А.​Люблінскі, І.​М.​Рудэнка, Л.​А.​Стукачоў, Я.​Р.​Шапіра, Н.А.-Э.​Шпігельман, П.​Х.​Яброў.

1947. М.​Я.​Гулько, М.​Г.​Дабужская, В.​І.​Зайцаў, І.​В.​Мядзведзеў, Г.​І.​Хайкін.

1948. В.​Я.​Сахно.

1949. Л.​І.​Анікіна, І.​М.​Вятрук, Н.​А.​Зельтэн, І.​П.​Раткоў, Л.​Дз.​Усава, У.​А.​Чантурыя.

1950. А.​І.​Наканечны.

1951. І.​Е.​Бачылаў, Э.​М.​Гальдштэйн, Я.​К.​Дзятлаў, Я.​Л.​Заслаўскі, М.​Н.​Ліўшыц, Г.​В.​Сысоеў, Г.​І.​Фадзеева.

1952. А.​Р.​Духан, В.​Б.​Ладыгіна, З.​І.​Озерава, А.​Э.​Фрыдман.

1953. Р.​В.​Андрэева, П.​А.​Громаў, Ф.-А.​А.​Захрэ, Э.​П.​Левіна, Л.​М.​Рымінскі.

1954. Ш.​І.​Хінчын.

1955. С.​В.​Бяляеў, А.​І.​Зысман, І.​Д.​Левін, С.​С.​Мусінскі, Э.​О.​Шуберт.

1956. С.​Г.​Абязава, В.​М.​Аладаў, Р.​Р.​Бекельман, В.​С.​Бурлака, Л.​А.​Каджар, Н.​Г.​Калінічэнка, З.​М.​Леўцава, В.​А.​Літвінаў, Я.​М.​Маршак, Ю.​П.​Пурэцкі, І.​Д.​Спірын.

1957. Я.​Л.​Барсукова, А.​Ю.​Данілава, В.​А.​Данілаў, А.​У.​Жалдакоў, А.​Б.​Маркар’ян, Л.​М.​Міронава, М.​Г.​Мызнікаў, В.​М.​Навумава, А.​М.​Навумаў, Б.​М.​Назаранка, І.​М.​Папова, В.​І.​Перадзерый, Г.​М.​Сінельнікава, В.​П.​Чарнышоў, В.​П.​Шыльнікоўская, Ю.​В.​Шпіт, С.​М.​Ягорава.

1958. Р.​М.​Алімаў, М.​М.​Афанасьеў, Ю.​І.​Глінка, Э.​К.​Кузняцова, П.​І.​Лаўрэнка, А.​В.​Лысенка, Т.​П.​Пенязькова, І.​І.​Сянкевіч.

1959. С.​С.​Атаеў, Л.​П.​Афанасьева, Р.​Р.​Будзько, Ю.​М.​Градаў, Ю.​П.​Грыгор’еў, Г.​У.​Губіш, А.​М.​Гуль, З.​Л.​Драздоўская, Л.​А.​Кітаева, В.​П.​Кудраўцава, І.​М.​Мазнічка, В.​Б.​Масальская, А.​В.​Сычова, Р.​Дз.​Шэліхава.

1960. Ю.​А.​Булай, П.​Р.​Бяляеў, А.​А.​Воінаў, В.​І.​Герашчанка, Ф.​М.​Іванчанка, І.​Т.​Каробкін, В.​М.​Малышаў, Н.​М.​Мароз, В.​С.​Марцьянаў, Л.​М.​Пагарэлаў, М.​М.​Пірагоў, Т.​М.​Пучкаева, Я.​С.​Райхман, Т.​С.​Сераброўская, І.​А.​Станілевіч, А.​П.​Старчай, Г.​А.​Трушнікава, І.​С.​Фрыдман.

1961. Н.​І.​Аладава, А.​А.​Бельскі, Г.​Я.​Булдаў, У.​Л.​Бурмакін, Э.​Р.​Вішнеўская, Э.​М.​Дзямідаў, С.​Р.​Канавалаў, Дз.​П.​Кудраўцаў, Т.​І.​Кузьменка, У.​Р.​Лахоня, Я.​Л.​Ліневіч, І.​І.​Ляўко, А.​І.​Макараў, У.​А.​Мінькін, У.​Э.​Сакалоўскі, А.​А.​Сідзельнікаў, А.​Ф.​Ткачук, К.​Г.​Усцюгаў, Ф.​У.​Хайрулін, Я.​А.​Цюкаў, М.​І.​Чаркасава, А.​І.​Ярушын.

1962. В.​В.​Бажко, М.​З.​Барсукоў, І.​І.​Боўт, У.​М.​Вараксін, К.​П.​Вернер, Л.​Б.​Гельфанд, І.​І.​Есьман, І.​А.​Іода, А.​П.​Каралькоў, А.​Ц.​Кучарэнка, Л.​М.​Левін, В.​С.​Марокін, С.​Б.​Неўмывакін, А.​І.​Патапава, Ю.​Ф.​Патапаў, І.​А.​Сагаловіч, У.​А.​Сакалоў, Ж.​С.​Сахарава, С.​Дз.​Філімонаў, І.​І.​Фралоў, В.​Р.​Чэпік, В.​М.​Шаўчэнка, Б.​А.​Юрцін.

1963. Б.​І.​Аляксандраў, Л.​У.​Архангельская, В.​А.​Астаповіч, І.​В.​Байцова, І.​М.​Байцоў, Э.​А.​Бацян, У.​І.​Брэдзіс, Г.​А.​Бяганская, А.​В.​Гарбачоў, І.​Р.​Голубева, З.​С.​Даўгяла, В.​М.​Емяльянаў, І.​А.​Збароўскі, Ю.​А.​Іваноў, І.​Я.​Ідэльсон, А.​І.​Касякоў, В.​В.​Клімаў, С.​С.​Корчык, Р.​М.​Лесь, З.​М.​Леўчанка, Л.​І.​Мельнік, А.​Р.​Мельнікаў, А.​Л.​Муладжанава, Н.​М.​Нядзелька, Я.​С.​Панамарова, Л.​І.​Прыгунова, Н.​В.​Свебада, Л.​С.​Сідарава, А.​К.​Тэн.

1964. А.​В.​Гедройц, П.​Р.​Жураў, А.​Н.​Занеўскі, М.​С.​Заржэцкі, Э.​А.​Зубялевіч, Л.​П.​Каленікава, Т.​А.​Каманіна, І.​Я.​Крывіцкі, Г.​І.​Ліёпа, А.​Е.​Літвінава, С.​Г.​Майсеева, А.​Р.​Назараў, Л.​С.​Патапаў, Т.​А.​Піпкіна, А.​І.​Расейкін, В.​К.​Сушчыц, І.​П.​Шпіт, Н.​В.​Яснагародская, Ф.​Я.​Яснагародскі.

1965. Г.​Р.​Аляксеева, В.​А.​Бабашкін, А.​А.​Беразоўскі, С.​Б.​Гінзберг, У.​Р.​Зубкоў, Л.​А.​Кажарскі, Я.​К.​Казлоў, А.​С.​Карамышаў, П.​П.​Кракалёў, М.​П.​Кунько, А.​Р.​Марэніч, Р.​Я.​Меметаў, У.​І.​Начараў, К.​У.​Сакалова, М.​Р.​Сундукоў, В.​І.​Сярогіна, Л.​М.​Тамкоў, Л.​І.​Яршова.

1966. Н.​М.​Афанасьева, Э.​А.​Афанасьева, В.​І.​Галеўка, У.​М.​Гапонаў, Г.​Дз.​Горына, Л.​А.​Есьман, Р.​М.​Заікін, Ю.​І.​Казакоў, Л.​М.​Кантаровіч, Я.​Я.​Клапер, В.​Р.​Конюхаў, А.​Я.​Красоўскі, В.​М.​Ласкавы, І.​І.​Некрашэвіч, Я.​А.​Папоў, С.​Ф.​Паўлаў, Л.​М.​Пятроўская, В.​С.​Саенка, М.​М.​Трыгубовіч, С.​І.​Федчанка, Т.​М.​Ханіна, Я.​Р.​Цвінгель, У.​М.​Шынкевіч, А.​Б.​Эльтэрман, В.​В.​Ягадніцкі.

1967. Э.​М.​Арцёмчык, М.​М.​Бурдзін, І.​А.​Бярозкіна, А.​А.​Васільеў, В.​В.​Гараеў, Е.​Г.​Грыневіч, У.​Р.​Ісачанка, І.​С.​Квітко, К.​С.​Кракасевіч, А.​Дз.​Кудзіненка, П.​Б.​Лагуноўская, Ю.​Р.​Лысоў, У.​П.​Пушкін, Т.​Г.​Раманоўская, П.​С.​Рудзік, У.​Л.​Сарочкін, В.​П.​Сільноў, С.​Дз.​Стружкін, М.​Ф.​Ткачук, У.​В.​Трацэўскі, С.​Я.​Ульянава, Н.​І.​Цямнова, У.​І.​Цямноў, В.​І.​Юрціна.

1968. Р.​Л.​Арцёмчык, В.​С.​Бялянкін, В.​Р.​Галавачоў, А.​І.​Еўтушэнка, В.​С.​Жаўняк, У.​М.​Заграбельны, С.​М.​Замараеў, В.​І.​Комар, З.​І.​Конаш, Л.​В.​Маскалевіч, Г.​Г.​Меншыкаў, І.​М.​Міхайлава, А.​І.​Міхед, М.​С.​Навумаў, Я.​А.​Сап’янік, В.​К.​Сцепчанка, Г.​А.​Фядосенка. У.​М.​Чарназёмаў.

1969. М.​Т.​Буйлова, В.​Г.​Бурдзіна, М.​В.​Бялоў, В.​Ф.​Дудзін, Ю.​Н.​Кішык, Л.​С.​Кліцунова, Н.​С.​Краўкова, І.​А.​Краюхіна, В.​І.​Круткене, Н.​А.​Крылова, Б.​М.​Ларчанка, Г.​У.​Ласкавая, А.​М.​Лебедзеў, А.​Г.​Лукомская, А.​К.​Мурашкевіч, Л.​А.​Нардштэйн, Б.​С.​Папоў, С.​І.​Пеўны, Л.​М.​Пятрова, В.​Я.​Савельеў, Л.​Я.​Сагалаў, Т.​Т.​Семянюк, І.​П.​Сітнікава, С.​Л.​Смірнова, С.​М.​Талкачоў, Ю.​Н.​Трахтэнберг, Х.​А.​Хасьянаў, Т.​І.​Чарняўская, В.​Л.​Чыстоўская.

1970. Г.​Э.​Бруніес, Д.​С.​Воранаў, Г.​М.​Гвоздзік, В.​П.​Занковіч, А.​К.​Зензін, Л.​М.​Зензіна, У.​І.​Ізяргін, І.​Д.​Кока, В.​Г.​Крусь, М.​Б.​Марцінкоўскі, А.​І.​Палякоў, А.​П.​Фядорчанка, К.​К.​Хачатранц, Ц.​П.​Ціваноў, В.​М.​Чарнатаў, Г.​П.​Чысцякоў.

1971. Г.​М.​Бараноўская, Р.​М.​Бараноўскі, В.​В.​Быкаў, С.​І.​Васілевіч, У.​Ц.​Васільеў, Л.​А.​Вільчко, М.​Ц.​Гардзеенка, В.​І.​Грыгарышына, Т.​Ф.​Дворына, В.​І.​Кандраценка, В.​М.​Кашырын, Э.​М.​Кляўко, Г.​А.​Кнаўэр, Б.​А.​Кожыхаў, І.​І.​Корж, В.​У.​Крамарэнка, А.​А.​Ладкін, Я.​Я.​Ліневіч, Р.​М.​Махмутаў, Т.​А.​Перасадзька, М.​І.​Пракалей, Н.​В.​Равяка, Я.​С.​Смальгоўскі, А.​В.​Собалеў, У.​М.​Сухарослаў, Р.​К.​Ціхаў.

1972. К.​М.​Аляксееў, Л.​Л.​Беразень, М.​У.​Вараксін, І.​І.​Васілевіч, А.​М.​Главінская, А.​І.​Грачышнікаў, Н.​Р.​Даўгіх, М.​Ф.​Жлоба, І.​С.​Зорын, Т.​М.​Казлова, А.​П.​Калніньш, В.​Ц.​Калюжны, А.​М.​Канстанціновіч, В.​Г.​Котаў, Р.​І.​Крываносава, У.​М.​Крывашэеў, У.​М.​Кузьменка, К.​В.​Лабзоў, Л.​М.​Лісоўскі, У.​Г.​Малахаў, Ю.​М.​Малевіч, А.​М.​Маскалькова, У.​Ю.​Мельцэр, С.​Л.​Мяжэвіч, Л.​І.​Новаш, Г.​А.​Патаеў, В.​Г.​Путроў, А.​А.​Сабалеўскі, В.​І.​Сахно, А.​А.​Серапян, Ю.​І.​Сердзюкоў, А.​А.​Снадскі, В.​І.​Ткачоў, А.​Р.​Трафімчук, С.​І.​Усенка, Я.​М.​Фарбераў, А.​К.​Шабалін, В.​В.​Шубіна, А.​Р.​Шчэрба, А.​А.​Юркеўская, В.​Р.​Ягошын, Ю.​В.​Ягупаў.

1973. Г.​А.​Аляксандрава, Я.​Л.​Барсукова, І.​Ф.​Брэгман, Л.​Р.​Брэль, М.​І.​Бялянкіна, І.​І.​Галушка, М.​Г.​Дзівакоў, Дз.​І.​Жураўлёва, Л.​С.​Краўчыня, У.​А.​Лагуноўскі, Г.​С.​Ларкін, Дз.​М.​Мохаў, А.​Ф.​Няўзораў, Ю.​А.​Павалій, У.​А.​Палівода, Г.​Ф.​Пальчэўская, Л.​М.​Сабалеўская, Г.​М.​Свяцкі, І.​А.​Сітнікава, А.​І.​Фрыдман, У.​Дз.​Часноў, В.​М.​Чыстая, М.​П.​Ягораў, Н.​Г.​Якушка, Л.​І.​Яршова, А.​В.​Яршоў.

1974. М.-В.​К.​Астраменцкі, Г.​І.​Белікаў, А.​А.​Брэгман, М.​К.​Вінаградаў, Т.​В.​Габрусь, В.​М.​Гацілаў, Э.​М.​Георгіева, А.​Г.​Горб, В.​У.​Гразноў, І.​С.​Жураўлёў, Г.​В.​Занеўскі, П.​К.​Казакова, І.​У.​Кароль, Р.​Э.​Кнаўэр, С.​П.​Крывашэеў, В.​М.​Лапцэвіч, Р.​Ф.​Максіменка, Р.​Р.​Маскоў, А.​Л.​Муладжанава, У.​А.​Мякішаў, А.​Л.​Сахно, Г.​Р.​Тарасевіч, У.​М.​Тарноўскі, І.​С.​Фёдарава, Л.​І.​Хаюцін, А.​Е.​Цыкалаў, М.​С.​Шуміхін, У.​І.​Шчарбіна, А.​І.​Шышакін.

1975. Ю.​М.​Абрамовіч, С.​Г.​Алейнікава, В.​Б.​Ангелаў, В.​Ф.​Ачайкін, Я.​Г.​Бранцаў, Л.​В.​Былінская, А.​А.​Ганчароў, І.​А.​Гапонаў, С.​Я.​Гафштэйн, Г.​Г.​Голубева, В.​Ф.​Давыдзёнак, Ю.​Г.​Дзяменцьеў, У.​М.​Еўдакімаў, У.​С.​Залеўскі, М.​С.​Іваноў, В.​П.​Іўлічаў, Я.​М.​Кавалеўскі, В.​І.​Карака, М.​Т.​Кляшторная, І.​А.​Кнаўэр, У.​В.​Крывашэеў, А.​П.​Кушч, Г.​П.​Латышаў, У.​А.​Лытаў, В.​М.​Малышкін, М.​Ф.​Малючэнка, В.​Ф.​Марозаў, В.​Дз.​Пак, А.​П.​Панамароў, В.​М.​Папоў, А.​А.​Пецярбуржцаў, М.​М.​Пірагоў, Г.​А.​Ражкова, Л.​А.​Сазонава, Н.​М.​Сакалова, А.​С.​Сардараў, А.​І.​Сарокін, С.​П.​Сень, В.​І.​Фарафонава, Л.​І.​Чупіна, Ю.​А.​Шаравера, К.​І.​Эпштэйн, А.​Ф.​Юрын, М.​І.​Янчык, М.​М.​Яркоў.

1976. В.​П.​Аганін, В.​В.​Арсеньеў, В.​В.​Баразненка, А.​Г.​Белых, Ю.​В.​Бічан, В.​М.​Бяспалаў, А.​А.​Вераб’ёў, В.​З.​Віткіна, Я.​У.​Гляцэвіч, З.​В.​Говарава, У.​Ф.​Даніленка, У.​С.​Дземідовіч, У.​І.​Драздоў, Л.​Ф.​Думаноўская, В.​Р.​Духаніна, С.​С.​Жураўлёў, А.​М.​Іванчанка, А.​У.​Ільіноў, С.​А.​Капроў, В.​І.​Капылоў, Л.​А.​Карманава, А.​С.​Кісель, В.​П.​Крапіўны, Л.​А.​Краснабай, Л.​А.​Кустова, Ю.​К.​Кустоў, Л.​П.​Луцэвіч, Г.​В.​Лява, М.​А.​Мацяўшук, А.​П.​Назараў, І.​М.​Панамароў, Ю.​П.​Пурэцкі, Г.​М.​Пяшкоў, Т.​Ф.​Розава, В.​В.​Рысакоў, В.​Б.​Садыкаў, Л.​А.​Склярэнка, М.​С.​Смірноў, У.​І.​Старчанка, Л.​Г.​Сядых, У.​Дз.​Таліцкі, А.​В.​Тылевіч, Ю.​І.​Філонаў, В.​С.​Хвяжэнка, В.​І.​Ціхава, Ю.​У.​Чантурыя, А.​А.​Шабалін, Б.​Э.​Школьнікаў, М.​М.​Шляймовіч, Н.​А.​Шыдлоўская, Я.​А.​Якаўлеў.

1977. А.​І.​Агафонава, А.​Р.​Акенцьеў, А.​А.​Антонава, А.​Я.​Балыка, Н.​К.​Белавусава, У.​Г.​Браўн, Н.​С.​Будыка, А.​М.​Быкоўскі, Г.​Р.​Вінаградава, М.​С.​Волкаў, Т.​Я.​Галіёта, А.​С.​Гаўрыкаў, Л.​М.​Гітлін, А.​М.​Горб, Р.​В.​Грынкевіч, Ю.​М.​Дабравольскі, І.​Я.​Дзятлаў, В.​М.​Дутлава, А.​М.​Іванін, Ю.​С.​Іўжанка, В.​Г.​Калінічэнка, А.​П.​Каралькоў, І.​Е.​Карасцялёў, В.​К.​Карунас, В.​М.​Кільчыцкі, У.​Р.​Крышчановіч, І.​А.​Леснякова, С.​Г.​Мацяўшук, А.​В.​Мысаў, Я.​У.​Мядзько, Д.​С.​Паташнікаў, І.​С.​Пілатовіч, А.​У.​Пятрэнка, І.​П.​Равуцкая, А.​М.​Радзівоненка, В.​Р.​Рондаль, С.​Ф.​Самбук, Л.​М.​Смірнова, А.​Г.​Суслаў, М.​В.​Сяўбітаў, В.​Я.​Токарава, А.​З.​Цэйтлін, У.​І.​Чарняўскі, К.​Л.​Шулаева, Л.​К.​Шулаеў, Ю.​А.​Якімовіч.

1978. І.​А.​Абухаў, У.​В.​Аўсянка, Л.​П.​Баліцкая, Я.​А.​Вільчко, І.​С.​Гадэ, М.​І.​Жучко, І.​Л.​Каробкін, А.​П.​Козыраў, А.​І.​Корбут, А.​В.​Кузняцоў, В.​К.​Латышаў, У.​А.​Лытаў, А.​А.​Мазоль, А.​І.​Малашка, У.​Дз.​Маркаў, В.​А.​Мацура, Л.​М.​Нерадзюк, В.​М.​Папоў, С.​Г.​Пінчук, У.​Б.​Праабражэнскі, У.​М.​Сідзюк, С.​А.​Смірнова, Г.​Г.​Тарасава, У.​К.​Філатаў, З.​Р.​Цвірко, В.​С.​Цырш, Н.​С.​Чуйко, Г.​І.​Чырван.

1979. Т.​Р.​Авечка, А.​М.​Арцюхін, А.​В.​Асяненка, У.​І.​Бакаеў, Э.​К.​Басава, В.​М.​Батузава, У.​В.​Бачкоў, А.​І.​Белавусаў, У.​П.​Данец, В.​М.​Данілаў, Я.​У.​Дворак, Л.​Г.​Зайцава, А.​У.​Івашкоў, Ю.​І.​Івашчанка, У.​В.​Карповіч, В.​У.​Кісель, Б.​С.​Косціч, А.​М.​Кулагін, І.​А.​Куніцкі, Т.​А.​Купрэева, Б.​М.​Малчанаў, А.​С.​Мальцаў, Ю.​Я.​Мамлін, В.​А.​Марухін, Т.​В.​Мікаэлян, В.​П.​Мусіенка, І.​В.​Навіцкі, В.​Дз.​Нікіцін, У.​М.​Перасадзька, Т.​М.​Пракаповіч, Т.​М.​Пукач, Ю.​І.​Раманаў, Н.​С.​Саладкова, С.​П.​Сахарава, В.​Р.​Слюнчанка, А.​А.​Сувораў, А.​В.​Федарэнкаў, А.​М.​Філіповіч, У.​М.​Целяпнёў, І.​С.​Чаравікаў, Г.​М.​Шарый, М.​А.​Шумячар, І.​У.​Шчакоцін, Р.​П.​Яўменаў.

1980. А.​М.​Аліфірэнка, В.​П.​Андаралаў, В.​У.​Балоцін, Л.​П.​Баннава, Р.​І.​Белагорцаў, І.​Л.​Бікешчанка, Л.​К.​Быстрова, М.​М.​Гайдуковіч, У.​Э.​Гальдштэйн, М.​Р.​Гарон, Н.​Я.​Гоціна, М.​М.​Гроднікаў, Г.​У.​Гур’янаў, Л.​Г.​Дзям’янава, У.​Г.​Еўтух, Б.​І.​Кавалькоў, І.​А.​Каменскіх, Г.​К.​Кескевіч, В.​В.​Кірылаў, М.​П.​Кошалеў, І.​М.​Кравец, А.​А.​Крутава, А.​В.​Кухарэнка, В.​А.​Ліхапол, С.​В.​Манкевіч, А.​І.​Машуцін, В.​М.​Неўдах, Ф.​Ф.​Пархімовіч, Л.​У.​Паўлава, Л.​М.​Пілатовіч, Дз.​М.​Пуцявец, Г.​М.​Саглаева, В.​У.​Сакалова, В.​П.​Свічэнскі, Н.​А.​Сіроціна, А.​Б.​Смольскі, Т.​П.​Станішэўская, У.​А.​Тычына, Ю.​Г.​Цяпкін, А.​Ф.​Чэркас, В.​М.​Шалкоўскі, Н.​М.​Шарая, А.​С.​Шафрановіч, В.​Я.​Яўсееў.

1981. В.​І.​Айсіна, І.​І.​Аляксеенка, У.​А.​Арлоўскі, С.​Г.​Багласаў, Л.​С.​Баскакава, В.​Н.​Беглякоў, Г.​В.​Бокун, Я.​Ю.​Болатаў, А.​У.​Брыгадны, В.​А.​Буры, Т.​У.​Бутрымовіч, Дз.​І.​Бялецкі, А.​М.​Вержук, І.​К.​Вінаградаў, А.​Г.​Воўк, Ю.​П.​Вялічка, У.​К.​Гагунскі, А.​К.​Галутвін, М.​Л.​Гаўхфельд, Г.​Б.​Гераўкер, В.​А.​Грэцкі, А.​М.​Гурбо, Г.​У.​Гур’янаў. Г.​Б.​Дыдыкіна, Г.​П.​Жаровіна, А.​М.​Калантай, В.​В.​Калнін, А.​Ц.​Караткоў, В.​І.​Каўрыговіч, А.​К.​Крывашэева, У.​М.​Крывуля, Н.​Г.​Курыліна, У.​С.​Ларын, І.​А.​Лаўрэнава, Г.​П.​Лядзяева, У.​Г.​Малахаў, І.​А.​Маніс, І.​М.​Марчанка, У.​С.​Маскалёў, У.​К.​Машукоў, М.​В.​Міхайлаў, С.​П.​Мульчэўская, В.​Б.​Навасёлак, В.​М.​Новікаў, М.​І.​Новікаў, Ю.​І.​Панчук, У.​У.​Пахолкін, С.​А.​Петракоў, У.​В.​Петухоў, А.​Р.​Прохараў, І.​Л.​Ром, Я.​С.​Ром, У.​Дз.​Севярынаў, М.​А.​Спясіўцава, Ю.​М.​Спясіўцаў, Г.​Л.​Танявіцкі, Л.​А.​Таршыс, М.​М.​Турлюк, Л.​І.​Фамін, В.​М.​Хромаў, У.​В.​Чаленка, А.​В.​Чысты, Л.​М.​Шарамецьева, В.​А.​Шарамецьеў, В.​П.​Якавенка.

1982. А.​А.​Бабуноў, С.​І.​Барысовіч, В.​А.​Бобрык, В.​В.​Васільеў, У.​П.​Галушчанка, І.​В.​Грышчынскі, В.​Л.​Драздоўскі, А.​С.​Дрэйцар, Дз.​В.​Дуднічэнка, В.​С.​Забродзец, С.​С.​Іваноў, А.​Р.​Канаваленка, І.​І.​Карват, А.​А.​Каўрэй, К.​І.​Кожыч, Я.​П.​Крапіўной, У.​М.​Кузняцоў, Ю.​М.​Кузьмін, Л.​М.​Куртанідзе, М.​Ц.​Лапато, І.​В.​Марозаў, Ю.​А.​Міхайлаў, В.​А.​Новікаў, А.​М.​Пятроў, А.​І.​Старасценка, У.​М.​Счыслёнак, У.​Э.​Сяргееў, У.​С.​Шаліма, А.​І.​Шарапава.

1983. Н.​А.​Абухава, С.​Б.​Аляксандраў, М.​Т.​Багацеля, Э.​І.​Важнік, Л.​С.​Валахановіч, В.​В.​Васілюк, Л.​Д.​Вахоніна (Новікава), В.​В.​Вірасава, А.​М.​Галерка, В.​У.​Гаруновіч, В.​М.​Герус, Г.​Г.​Голубеў, М.​М.​Грэнь, Н.​А.​Гур’янава, Л.​Б.​Далгоўскі, У.​А.​Далецкі, Г.​В.​Дзмітронак, І.​М.​Дорахава, А.​С.​Дубініна, Г.​А.​Дулевіч, М.​В.​Емяльянаў, А.​Г.​Заборскі, Л.​І.​Каракоўцава, І.​В.​Карпаў, В.​Г.​Кескевіч, В.​Ц.​Клюковіч, Р.​Б.​Клябанава, Т.​Я.​Кузьміна, В.​Б.​Куняўскі, Н.​М.​Лісоўская, А.​А.​Мазалёў, Л.​В.​Макарэвіч, С.​М.​Малышаў, А.​Л.​Мароз, Л.​А.​Мініна, Т.​Г.​Мураева, Б.​Ц.​Ніжагародаў, Я.​А.​Палітыка, М.​П.​Правалінскі, М.​Я.​Прасолаў, А.​Х.​Прасяная, М.​А.​Пушкоў, А.​М.​Пятроў. Б.​М.​Розін, М.​У.​Рыбнікаў, У.​Т.​Рылькоў, В.​М.​Саломенік, Г.​С.​Саўчанка, У.​В.​Свідуновіч, Ж.​Л.​Сініцына, Ю.​М.​Скарэнка, В.​А.​Сокал, М.​І.​Сугака, А.​Г.​Сысоеў, У.​В.​Тамашэвіч, Г.​І.​Фрэнкель, Т.​В.​Халадзінская, Я.​М.​Ханіна, А.​М.​Цэван, У.​М.​Чайкоўскі, У.​Л.​Шахлевіч, А.​В.​Шорап, А.​М.​Юркавец, Э.​А.​Юшка, І.​У.​Яркова.

1984. С.​В.​Анікін, Л.​М.​Белавусава, П.​П.​Бялюк, С.​С.​Вечар, В.​М.​Гапіенка, А.​Я.​Гарцуева, І.​Я.​Герасіменка, В.​І.​Гутман, А.​А.​Дарэнскі, А.​І.​Дыдышка, В.​Г.​Жаўняк, І.​Я.​Заслаўская-Алерс, С.​Б.​Ібраў, С.​У.​Іода, Т.​П.​Калеснік, А.​Я.​Кандратаў, Л.​П.​Качаноўская, У.​Л.​Куртанідзе, В.​Б.​Куцко, Л.​П.​Ларына, Г.​А.​Ліпуноў, І.​В.​Лукомская, В.​В.​Лукомскі, Т.​І.​Ляўданская, М.​У.​Мароз, А.​І.​Мартынаў, У.​В.​Мацельскі, У.​К.​Мацяш, А.​І.​Мінакоў, І.​І.​Навацкая, А.​М.​Перэльман, У.​І.​Плоткін, М.​І.​Рудэнка, А.​А.​Сазонаў, М.​А.​Сакалоў, В.​В.​Саурава, Б.​Дз.​Сідарэнка, Г.​Дз.​Фёдараў, А.​А.​Фралова, Т.​У.​Шаўлюкевіч, У.​І.​Шкарупін, Р.​А.​Шылай.

1985. Ю.​С.​Ананіч, І.​Б.​Анікіна, М.​А.​Бабіч, Т.​В.​Багданава, В.​В.​Барташэвіч, А.​А.​Валовіч, Н.​І.​Вапнярская, А.​А.​Васкалей, А.​І.​Грэчын, В.​К.​Зайцаў, Л.​А.​Касцюк, С.​К.​Качаеў, К.​К.​Керуціс, Н.​Б.​Кузняцова, А.​В.​Ліхачоў, А.​Ю.​Лобушкін, М.​К.​Майструк, Н.​П.​Мартынава, А.​І.​Нічкасаў, Т.​С.​Осіпава, А.​Л.​Папін, Г.​Я.​Паркава, М.​Л.​Патэнт, Н.​Ц.​Прыбыль, А.​А.​Пятроў, А.​А.​Райскі, У.​У.​Сарока, У.​І.​Свінарэнка, Э.​В.​Святлова, І.​В.​Сініцкі, М.​М.​Суцягін, В.​У.​Тарасаў, Б.​І.​Тумашчык, І.​П.​Федарынчык, А.​У.​Хартановіч, С.​Я.​Худайдатава, Т.​В.​Царова, А.​І.​Чадовіч, М.​П.​Чарненка, Л.​Л.​Чыгаева, Я.​Я.​Шапавалаў, А.​Г.​Шпанікаў, Л.​М.​Шулінская, Ю.​Ю.​Шчарбакоў, В.​І.​Шчэрбіч.

1986. А.​В.​Афанасенка, А.​В.​Бандарэнка, Г.​П.​Баярына, У.​А.​Бірала, У.​А.​Будаеў, М.​С.​Вайтовіч, А.​С.​Вітко, Л.​С.​Галубкова, С.​В.​Данілаў, У.​І.​Дзмітрычэнка, П.​А.​Жараў, І.​А.​Захарава, Л.​У.​Зданевіч, П.​А.​Знак, Ю.​А.​Камісараў, С.​Ф.​Карповіч, С.​А.​Карчэўскі, У.​М.​Корань, А.​З.​Кратовіч, Л.​Б.​Крываносаў, Я.​С.​Кузняцоў, Л.​П.​Курзянкова, В.​М.​Ладзіс, А.​Л.​Лобаў, А.​А.​Лойка, Ю.​Г.​Магілёўкін, М.​У.​Маразюк, Ю.​В.​Нікалаеў, І.​Ю.​Патапаў, В.​В.​Путнік, І.​Г.​Ратнікаў, Л.​Я.​Селівончык, А.​Ф.​Сідзюк, Ю.​І.​Сонец, В.​С.​Судзілоўскі, І.​І.​Танаеўская, А.​П.​Таф, С.​П.​Трафімец, А.​М.​Філімонаў, І.​В.​Харэўскі, С.​А.​Хоміч, В.​А.​Цецераўкова, П.​У.​Цямноў. С.​В.​Чарніцкі, В.​С.​Чумак, У.​С.​Шаўчэнка, А.​А.​Штэн, С.​Я.​Шыманскі, В.​І.​Юхнеўская, В.​А.​Ясімчык.

1987. Т.​С.​Бакун, В.​К.​Быкоўская, Н.​А.​Воінава, С.​Б.​Галалоб, М.​М.​Горбава, Н.​І.​Грахоўская, І.​У.​Дацюк, Л.​А.​Жлоба, Н.​Г.​Жуклевіч, С.​Р.​Казлоў, Т.​В.​Каленік, А.​Р.​Карчэўскі, Л.​В.​Кафанава, Н.​Б.​Кляўко, У.​А.​Корнеў, Л.​М.​Краснова, Б.​С.​Кудраватых, Т.​Ц.​Кузняцова, І.​А.​Лабанава, У.​М.​Лагун, А.​А.​Літвінава, Т.​М.​Мацура, Л.​П.​Мацыпура, Э.​В.​Новікава, Л.​Р.​Орсіч, Л.​І.​Патапейка, В.​І.​Рылько, А.​Я.​Садчыкава, В.​У.​Сакалова, Л.​Я.​Сакевіч, Ю.​А.​Самойлік, М.​Ю.​Сапуноў, С.​А.​Сергачоў, М.​А.​Смарчок, А.​В.​Сцяпанаў, А.​В.​Трухін, В.​М.​Хаванскі, С.​І.​Цырш, А.​П.​Цяльцоў, М.​І.​Шавяльзон, А.​Ф.​Шаўчук, Г.​Р.​Штэйнман, М.​В.​Ярмольчык, І.​В.​Яршоў.

1988. Г.​Г.​Баранец, Н.​С.​Белагорцава, К.​В.​Вазміцель, У.​М.​Галкоўскі, А.​А.​Галякоў, Л.​Ф.​Іванчанка, М.​М.​Іоська, М.​Я.​Калечыц, А.​І.​Капцюг, Т.​Р.​Карпенка, Н.​У.​Кожар, Р.​В.​Літвак, С.​У.​Лявонаў, С.​А.​Малюк. А.​Б.​Марозава, А.​У.​Мяжэвіч, А.​К.​Падоксік, Т.​А.​Палаўнёва, Н.​Я.​Спяранская, А.​І.​Супрон, А.​Б.​Тараненка, В.​В.​Усімаў, А.​А.​Утулкін, В.​А.​Фралоў, М.​А.​Ягорава, А.​А.​Якімчук, К.​К.​Янчук.

1989. М.​Р.​Алексяюк, У.​Ю.​Анісімаў, В.​А.​Брылёў, Э.​Я.​Валовіч, У.​В.​Гнаявой, В.​В.​Жарліцын, П.​І.​Жураў, М.​М.​Кітаеў, В.​Л.​Кобызеў, У.​А.​Кузьмін, Л.​І.​Ладзіс, С.​В.​Ларын, А.​А.​Літаш, Б.​У.​Лядзенка, У.​І.​Мелех, Г.​А.​Міцкевіч, А.​А.​Новікаў, І.​Б.​Нячай, Т.​З.​Паўлоўская, С.​Ф.​Платко, Ю.​У.​Рудых, В.​У.​Свінарэнка, У.​Л.​Сірыхар, В.​А.​Талкачоў, В.​С.​Турлюк, В.​К.​Увараў, Л.​М.​Шакінка, В.​М.​Шыкавец.

1990. А.​А.​Андраюк, У.​В.​Барэхаў, А.​І.​Быстроў, М.​А.​Гаеўская, Н.​Р.​Галякова, Л.​П.​Гарбачова, І.​В.​Дзямура, М.​М.​Дзятко, Н.​С.​Емяльянава, А.​І.​Жабрун, Р.​Р.​Зубарава, П.​П.​Зяленскі, Я.​К.​Калбовіч, Т.​Ф.​Косціч, Ф.​Н.​Муладжанаў, Н.​А.​Самусенка, А.​Дз.​Севярын, Г.​А.​Смактуновіч, Я.​С.​Урбан, З.​З.​Хайкіна, М.​М.​Царык, А.​М.​Цецярук, Б.​Р.​Цыёнскі, У.​М.​Шапавалаў, А.​А.​Шчапіла.

1991. С.​В.​Асташонак, А.​У.​Бандарчык, Л.​У.​Бандарчык, Л.​У.​Белякова, І.​А.​Вайцяховіч, Дз.​В.​Герашчанка, В.​А.​Дзенісенка, М.​Б.​Іслямаў, Я.​М.​Іўліеў, В.​І.​Калечыц, Г.​К.​Касцюкевіч, А.​Я.​Катовіч, У.​У.​Кулевіч, І.​М.​Рацько, Ю.​Г.​Сакалоўскі, А.​В.​Свішчоў, Ю.​А.​Смольскі, А.​М.​Сямашка, А.​Г.​Трусаў, В.​В.​Турко, С.​В.​Чыгір, С.​Л.​Шайко.

1992. В.​К.​Бялькевіч, Я.​К.​Верычаў, В.​В.​Віслаўскі, А.​Ю.​Грыбаедава, К.​Г.​Джапарыдзе, А.​А.​Зафатаеў, У.​Б.​Зелянкевіч, А.​П.​Зіноўева, М.​П.​Зуеў, М.​Г.​Казак, А.​І.​Касабука, С.​І.​Куніцкі, В.​М.​Майсяюк, Н.​А.​Манаенкава, Ю.​І.​Нічкасаў, М.​В.​Пімашкоў, І.​А.​Савіцкі, Т.​А.​Свірская, В.​І.​Сысоева, Г.​І.​Чапурын.

1993. Дз.​С.​Бубноўскі, Л.​Л.​Жук, І.​І.​Канановіч, Т.​П.​Лабінская, Т.​М.​Папкова, А.​М.​Раінчык, Дз.​У.​Сідзельнікаў, Я.​В.​Чараповіч.

1994. М.​А.​Палякова, Т.​І.​Пешкава, Ю.​У.​Прудзялюк, М.​Б.​Самасюк, С.​Л.​Стоцкі.

1995. А.​І.​Андрончык, А.​Ф.​Базевіч, В.​У.​Буры, В.​Б.​Васіленка, А.​М.​Волах, С.​А.​Галашоў, М.​М.​Жулёва, І.​М.​Казлоўскі, Л.​А.​Кішчук, І.​Я.​Кратовіч, Д.​А.​Крывашэй, Т.​А.​Лабанава, Э.​А.​Марцінчык, М.​І.​Міклашэвіч, В.​Ф.​Саннікава, Т.​А.​Шчаброва.

1996. А.​В.​Ангелава, А.​І.​Грышан, В.​С.​Карпенка, В.​В.​Руцкі, А.​А.​Сярэдзіч.

1997. У.​І.​Архангельскі, А.​Ф.​Канцэраў, Дз.​А.​Касьяненка, А.​С.​Пархута, В.​І.​Патапаў, С.​Ф.​Ткачэнка, П.​І.​Чуеў.

1999. А.​А.​Барысенка, К.​Б.​Бражнік, А.​С.​Вашкевіч, Н.​В.​Дарашкевіч, Р.​Ш.​Даўлетшын, М.​М.​Кандалін, В.​І.​Карасёў, А.​У.​Касаткін, А.​А.​Лапко, І.​У.​Лапуноў, П.​А.​Ляшковіч, А.​Дз.​Міхайлюкоў, Г.​У.​Палянская, В.​У.​Стоцкая, Б.​А.​Хасан, В.​А.​Цыёнская, М.​М.​Чураба.

2000. Н.​М.​Барабанава, І.​І.​Бельцюкова, В.​У.​Бельцюкоў, Л.​А.​Верхалап, Я.​К.​Гешчанок, І.​В.​Гудзік, Т.​У.​Зубела, С.​І.​Кавыроў, С.​А.​Кізілава, С.​Р.​Майсеенка, І.​Г.​Малкоў, А.​В.​Радзюк, Т.​П.​Разанава, Т.​У.​Сівая, А.​А.​Стаянава, В.​І.​Сцепанковіч, У.​П.​Талочка, А.​І.​Усольцаў, А.​І.​Цішкевіч.

2001. А.​І.​Дубаневіч, Р.​А.​Зялінскі.

Т.​Р.​Мартынепка.

т. 14, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІКАБРЫТА́НІЯ (Great Britain),

Злучанае Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі (The United Kingdom of Great Britain and Northern Ireland), астраўная дзяржава ў Зах. Еўропе. Займае в-аў Вялікабрытанія, паўн.-ўсх. ч. в-ва Ірландыя і каля 5,5 тыс. дробных астравоў, у т. л. Англсі, Мэн, Уайт, Гебрыдскія, Аркнейскія, Шэтлендскія, а таксама Нармандскія а-вы каля берагоў Францыі. Абмываецца Атлантычным ак. і яго морамі — Паўночным (на У) і Ірландскім (на З); на Пд праліў Ла-Манш і яго найб. вузкая ч. — Па-дэ-Кале. Падзяляецца на 4 адм.-паліт. гіст. вобласці: Англію (39 графстваў і 7 метрапалітэнскіх графстваў), Уэльс (8 графстваў), Шатландыю (9 раёнаў і 3 астраўныя тэрыторыі), Паўночную Ірландыю (26 акруг). Пл. 244 тыс. км². Нас. 58 млн. чал. (1995). Сталіца — г. Лондан (вылучаны з прыгарадамі і суседнімі гарадамі ў асобную адм. адзінку — Вялікі Лондан). Дзярж. мова — англійская. Нац. свята — Дзень нараджэння каралевы Лізаветы II (адзначаецца ў адну з субот у 1-й пал. чэрвеня).

Дзяржаўны лад. Вялікабрытаніі — парламенцкая манархія. Канстытуцыі як адзінага закону няма. Дзейнічаюць Вялікая хартыя вольнасцей 1215, Петыцыя аб праве 1628, Габеас корпус акт 1679, «Біль аб правах» 1689, Вестмінстэрскі статут 1931, Акт аб нар. прадстаўніцтве 1969 і інш. Кіраўнік дзяржавы — манарх (кароль або каралева), паўнамоцтвы і прэрагатывы якога фактычна знаходзяцца ў руках урада, які фарміруецца кіруючай партыяй. Заканад. ўлада належыць манарху і парламенту, які складаецца з 2 палат: верхняй (палата лордаў, каля 1200 чл. з ліку свецкіх і духоўных пэраў) і ніжняй (палата абшчын, 650 чл.), якія выбіраюцца на 5 гадоў. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад (кабінет міністраў) на чале з прэм’ер-міністрам. Мясцовыя органы самакіравання ў графствах, гарадах-графствах, акругах і прыходах — саветы (выбіраюцца насельніцтвам на 3 гады) на чале з мэрамі (выбіраюцца на 1 год). Судовая сістэма: палата лордаў, Вярх. суд правасуддзя (складаецца з Высокага суда і Апеляцыйнага суда па цывільных справах). Высокі суд падзяляецца на суд завяшчанняў, разводаў і адміралцейства.

Судаводства 1-й інстанцыі ажыццяўляюць у сёлах міравыя суды, у гарадах — паліцэйскія суды.

Мясцовае кіраванне ў Англіі, Уэльсе, Шатландыі мае свае органы, суд. сістэму, нац. царкву, адм.-тэр. падзел. Аўтаномная частка Злучанага Каралеўства — Паўн. Ірландыя, якая з 1972 знаходзіцца пад непасрэдным кіраўніцтвам урада Вялікабрытаніі, мае свой уласны парламент, у склад якога ўваходзяць сенат, палата абшчын і прызначаны манархам губернатар. Вялікабрытанія ўзначальвае Садружнасць — аб’яднанне большасці краін і тэрыторый, якія раней уваходзілі ў Брытанскую імперыю (усяго 49). Захавала кантроль над 14 параўнальна невялікімі каланіяльнымі тэрыторыямі.

Прырода. Прыроду Вялікабрытаніі вызначаюць астраўное размяшчэнне, блізкасць цёплага Паўн.-Атлантычнага цячэння і значная парэзанасць берагавой лініі. Пн і З гарыстыя, у цэнтры і на Пд пераважаюць нізіны. Горы сярэдняй вышыні, моцна згладжаныя, парэзаныя ледавіковай і рачной эрозіяй. Найб. высокае Паўн.-Шатландскае нагор’е з Грампіянскімі гарамі (найвыш. пункт Вялікабрытаніі — г. Бен-Невіс, 1343 м). Далей на Пд размешчаны Сярэдне-Шатландская нізіна і Паўд.-Шатландскае ўзвышша. На Пн уласна Англіі ў мерыдыянальным напрамку цягнуцца Пенінскія горы. На п-ве Уэльс Кембрыйскія горы, гарысты і п-аў Корнуал. Найбольшыя нізіны Паўд.-Усходняя і Мідленд. У Паўн. Ірландыі нізіна з воз. Лох-Ней і ўзвышшы па яе краях. У нетрах Вялікабрытаніі ёсць каменны вугаль (Пеніны, Пд Шатландыі і Уэльса; 45 млрд. т), жал., свінцова-цынкавыя і алавяныя руды, каменная і калійныя солі, каалін, буд. матэрыялы; у нетрах шэльфа Паўн. мора — нафта (2,6 млрд. т) і прыродны газ (1400 млрд. м³). Клімат умераны акіянскі, з няўстойлівым надвор’ем, парывістымі вятрамі і частымі густымі туманамі, з мяккай зімой і халаднаватым летам. Т-ра паветра ад 13—17 °C у ліп. да 3 °C у студз. Ападкаў ад 2000—3000 мм на З да 600—700 мм за год на ПдУ. Найб. рэкі: Северн, Тэмза, Трэнт; некалькі важных суднаходных каналаў. Ёсць значныя азёры, найб. Лох-Ней (пл. 396 км²) у Паўн. Ірландыі. Пераважае культурная расліннасць, шмат лугоў, верасовых пустак. Пад лесам (дуб, вяз, граб, бук, хвоя) і хмызнякамі 9% пл. краіны. Жывёльны свет у параўнанні з мацерыковай Еўропай крыху збеднены. Шматлікія нац. рэзерваты прыроды і рэкрэацыйныя паркі (Пік-Дыстрыкт, Сноўданія і інш.).

Насельніцтва. 81,5% складаюць англічане. Нац. меншасці: шатландцы (9,6%), уэльсцы, або валійцы (1,9%, у аднайм. частках краіны), ольстэрцы (1,8%, перасяленцы ў Паўн. Ірландыю з Англіі і Шатландыі), ірландцы (2,4% у Паўн. Ірландыі і гарадах Англіі); значныя групы выхадцаў з Вест-Індыі, Індыі, Пакістана, краін Афрыкі і Азіі, яўрэяў, італьянцаў, французаў. Невял. колькасць ірландцаў, уэльсцаў, а таксама гэлы (60 тыс. чал.) на Пн Шатландыі збераглі свае мовы (кельцкія паводле паходжання). Сярод вернікаў — пратэстанты (27 млн. англікан пераважна ў Англіі, 0,8 прэсвітэрыян у Шатландыі), католікі (9 млн. чал., у т. л. каля паловы насельніцтва Паўн. Ірландыі), мусульмане (каля 1 млн. чал.), метадысты, сікхі, індуісты, іудаісты. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 236.8 чал. на 1 км² (ад 1000 чал. на 1 км² у прамысл. раёнах да 1—10 чал. на 1 км² на Пн Шатландыі). Гар. насельніцтва больш за 89%. Вял. гарады (тыс. ж., 1992): Лондан (у межах Вялікага Лондана) — 6905, Бірмінгем — 1009, Лідс — 722, Глазга — 684, Шэфілд — 531, Ліверпул — 479, Брадфард — 478, Эдынбург — 440, Манчэстэр — 435. Каля трэці гар. насельніцтва жыве ў гар. канурбацыях: Вял. Лондан, Вял. Манчэстэр, Уэст-Мідлендс (вакол Бірмінгема), Клайдсайд (вакол Глазга), Уэст-Йоркшыр (вакол Лідса), Саўт-Йоркшыр (вакол Шэфілда), Мерсісайд (вакол Ліверпула), Тайнсайд (вакол Ньюкасла). У прам-сці і буд-ве занята 25% працаздольнага насельніцтва, у кіраванні — 9,1, энергетыцы — 1,9, сельскай гаспадарцы — 1,2, у гандлі і абслуговых галінах — 62,8%.

Гісторыя. Паводле археал. звестак, чалавек на тэр. Вялікабрытаніі жыве з эпохі ранняга і сярэдняга палеаліту. Значнага развіцця стараж. насельніцтва Брытаніі (плямёны скотаў і піктаў) дасягнула ў перыяд неаліту: росквіт першабытнай абшчыны, пераход да жывёлагадоўлі і земляробства. У 6—1 ст. да н.э. Брытанскія а-вы засялілі кельты. Напярэдадні рымскага заваявання брыты (так сталі наз. кельцкія і кельтызаваныя плямёны Брытаніі) перажывалі перыяд распаду першабытнаабшчыннага ладу і зараджэння класавага грамадства. У 1 ст. н.э. Брытанія заваявана Рымам, аднак яе раманізацыя была нязначнай. У пач. 5 ст. рымляне пакінулі Брытанскія а-вы. У сярэдзіне 5 — пач. 7 ст. пачалася іх каланізацыя герм. плямёнамі англасаксаў, у ходзе якой утварылася некалькі каралеўстваў (гл. Англасаксонскае заваяванне). У канцы 6—7 ст. англасаксы прынялі хрысціянства. Аснову іх сац.-эканам. сістэмы складала сельская абшчына, якая пачынала ўжо распадацца. У 7—8 ст. значнага развіцця дасягнула буйное і сярэдняе землеўладанне феад. тыпу. З канца 8 ст. пачаліся набегі на Брытанскія а-вы нарманаў, пераважна э тэр. Даніі. Гэта стала адной з прычын аб’яднання ў 829 большасці англасакскіх каралеўстваў у адну дзяржаву — Англію. У 1066 яе захапілі нарманы на чале з герцагам Вільгельмам, які стаў англ. каралём Вільгельмам I (гл. Нармандскае заваяванне Англіі 1066). Першы перапіс насельніцтва, праведзены ў 1086 («Кніга страшнага суда») засведчыў існаванне моцнай цэнтр. улады. Большасць сялян трапіла ў прыгонную залежнасць (гл. Віланы). Нармандскае заваяванне паскорыла эканам. развіццё Англіі. Да канца 12 ст. тут канчаткова склалася цэнтралізаваная феад. дзяржава. Першыя каралі дынастыі Плантагенетаў, асабліва Іаан Беззямельны, умацавалі каралеўскую ўладу. Гэта выклікала апазіц. выступленні шырокіх слаёў насельніцтва (баронаў, рыцараў, гараджан), і кароль вымушаны быў падпісаць у 1215 Вялікую хартыю вольнасцей пераважна для буйных феадалаў. Аднак супраціўленне каралеўскаму самавольству не заціхала і перарасло ў грамадз. вайну (1263—67), у час якой быў створаны (1265) 1-ы ў гісторыі Англіі парламент — сход прадстаўнікоў ад графстваў і гарадоў. У канцы 13 ст. ў Англіі ўсталявалася новая форма дзяржавы — феад. манархія з саслоўным прадстаўніцтвам — парламентам. У 14 ст. ён падзяліўся на 2 палаты, верхнюю (палата лордаў) і ніжнюю (палата абшчын). У канцы 13 ст. Англія заваявала Уэльс. Тэрытарыяльныя і гандл. супярэчнасці паміж Англіяй і Францыяй прывялі да Стогадовай вайны 1337—1433, у выніку якой Англія страціла на кантыненце ўсе тэрыторыі, акрамя г. Кале. Вайна аслабіла краіну, узмацніла сац. нестабільнасць. Сялянскія хваляванні выліліся ў антыфеад. Уота Тайлера паўстанне 1381. У канцы 14 — пач. 15 ст. пачаўся крызіс феад. прыгоннай сістэмы. З сярэдняга і дробнага дваранства, багатых сялян і інш. слаёў узнікла т.зв. новае дваранства — джэнтры, якія сталі пераходзіць на арэнду. Асн. зямельным уладаннем у большасці сялян стаў капігольд. Вялікіх поспехаў дасягнула суконная справа, з’явіліся першыя мануфактуры. У 15 ст. абвастрылася і міжусобная барацьба феадалаў, асабліва паміж дынастыямі Ланкастэраў і Йоркаў. Яна скончылася Пунсовай і Белай руж вайной (1455—85), у якой загінулі гал. прадстаўнікі многіх старадаўніх дынастый. Да ўлады прыйшлі Цюдары. Яны паклалі пачатак англ. абсалютызму, асн. асаблівасцю якога было захаванне органаў саслоўнага прадстаўніцтва і мясц. самакіравання. Абсалютызм дасягнуў свайго росквіту пры каралю Генрыху VIII. Пры ім праведзена Рэфармацыя, у ходзе якой узнікла англіканская царква, царк. ўласнасць ператворана ў свецкую, што ўмацавала каралеўскую казну і ўладу. У 16 ст. адбываўся эканам. ўздым краіны, ішоў працэс накаплення першапачатковага капіталу. У сувязі з хуткім ростам мануфактур, асабліва суконных, павялічыўся попыт на воўну, што спрыяла развіццю авечкагадоўлі. Буйныя землеўладальнікі зганялі сялян з зямлі і здавалі яе ў арэнду пад пашу (гл. Агароджванні), што прыводзіла да сял. выступленняў (найб. вядома паўстанне пад кіраўніцтвам Р.​Кета, 1549). Перамяшчэнне гал. гандл. шляхоў з Міжземнамор’я ў Атлантыку паставіла Англію ў цэнтр сусв. эканомікі. У 16 ст. ўзніклі буйныя гандл. кампаніі (Ост-Індская, 1600, і інш.), якія валодалі манапольнымі правамі. У канцы 16 — пач. 17 ст. Англія ўступіла ў барацьбу за гандл. шляхі і сферы ўплыву. Пасля англа-ісп. вайны 1587—1604 яна стала буйнейшай марской дзяржавай. З канца 16 ст. пачалося пранікненне Англіі ў Індыю, у 1607 заснавана першая англ. калонія ў Паўн. Амерыцы (Віргінія). Працягвалася падпарадкаванне Ірландыі (з 12 ст.), рос англ. уплыў у Шатландыі. Развіццё капіталіст. ўкладу патрабавала ліквідацыі феад. сістэмы і абсалютызму. Антыманархічная апазіцыя сканцэнтравалася ў парламенце, ніжняя палата якога складалася з новага дваранства і вярхоў буржуазіі. Процістаянне парламента каралю абвастрылася з прыходам да ўлады ў Англіі шатл. дынастыі Сцюартаў, якія сталі на шлях. феад. рэакцыі. Вынікам гэтага канфлікту сталі Англійскія рэвалюцыі 17 стагоддзя, якія скончыліся перамогай бурж. апазіцыі. У 1649 у Англіі ўсталявалася рэспубліка. У 1652 да Англіі канчаткова далучана Шатландыя (да гэтага яны былі звязаны асабістай уніяй), а таксама падпарадкавана Ірландыя. З 1653 рэспубліка набыла форму пратэктарату О.Кромвеля. Яго ўнутр. і знешняя палітыка праводзілася ў інтарэсах буржуазіі і новага дваранства — працягваліся агароджанні, вяліся войны з Іспаніяй і Галандыяй (гл. Англа-галандскія войны 17 стагоддзя). Няўстойлівасць новага рэжыму, адсутнасць яго падтрымкі народам прывялі да рэстаўрацыі ўлады Сцюартаў (1660—88). Імкненне апошніх да абсалютызму зноў выклікала фарміраванне парламенцкай апазіцыі. У 1688 у Англіі адбылася т.зв. «Слаўная рэвалюцыя», якая скончылася перамогай апазіцыі і запрашэннем на прастол Вільгельма Аранскага (гл. Вільгельм III Аранскі). Паліт. сістэма, якая склалася ў Англіі, грунтавалася на кампрамісе паміж зямельнай арыстакратыяй і вярхамі буржуазіі: «Біль аб правах» (1689) канчаткова замацаваў у краіне рэжым канстытуцыйнай манархіі. З 1707 афіц. назва краіны — Злучанае каралеўства Вялікабрытаніі і Паўн. Ірландыі. На працягу 1-й пал. 18 ст. адбывалася абмежаванне каралеўскай улады і павелічэнне ролі парламента. Паступова аформіліся 2 паліт. партыі — вігі (выражалі інтарэсы радавітай арыстакратыі, звязанай з вярхамі буржуазіі) і торы (абапіраліся на зямельную арыстакратыю і кансерватыўнае дваранства), якія мелі свае фракцыі ў палаце абшчын. У пач. 18 ст. пераважалі кабінеты торы, у 1714—62 — вігаў, якія праводзілі палітыку пратэкцыянізму. У сярэдзіне 18 ст. росквіту дасягнуў мануфактурны капіталізм, завяршаўся аграрны пераварот, які вёў да размывання сялянства і ператварэнне яго ў наёмных рабочых. Прамысл. пераварот у сярэдзіне 18 ст. выклікаў глыбокія змены ў эканам., сац. і паліт. жыцці краіны. З 1825 пачалося буд-ва чыгунак, завяршылася фарміраванне ўнутр. рынку. На паліт. арэну выходзіла прамысл. буржуазія, якая стварыла самастойны паліт. рух — бурж. радыкалізм. Яго асн. патрабаванні — выбарчая рэформа і адмена пратэкцыянізму. З 2-й пал. 18 ст. сістэматычны характар прынялі выступленні рабочых. У канцы 18 — пач. 19 ст. шырокі размах набыў рух разбуральнікаў машын (лудзітаў), якія выступалі супраць укаранення ў вытв-сць машын, бо лічылі іх прычынай пагаршэння свайго становішча. Пачалося стварэнне прафсаюзаў — трэд-юніёнаў. Знешняя палітыка Вялікабрытаніі вызначалася актыўнай калан. экспансіяй. У выніку Сямігадовай вайны 1756—63 Вялікабрытанія расшырыла свае ўладанні за кошт Францыі і Іспаніі. У 1780-я г. яна пачала каланізацыю Аўстраліі, у пач. 19 ст. захоп тэрыторый у Афрыцы (Капская калонія). Аднак у выніку Вайны за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83 ад Вялікабрытаніі аддзяліліся яе паўн.-амер. калоніі. У канцы 18 ст. пад уплывам амер. і франц. рэвалюцый пачаўся ўздым англ. дэмакр. руху, які працягваўся з перапынкамі да 1830-х г. Англія ўдзельнічала ў вайне супраць рэв. Францыі і антыфранц. кааліцыях, гэта была вайна за калан. першынство і панаванне на сусв. рынках. Англа-ірландская унія 1801 знішчыла рэшткі аўтаноміі Ірландыі. У 1770—1830 краінай у асноўным кіравалі торы. Яны праводзілі палітыку рэпрэсій, прынялі шэраг антыдэмакр. законаў: увялі «хлебныя законы» (1815), якія выклікалі рост цэн. Аднак паступова на палітыку краіны ўсё больш сталі ўплываць памяркоўныя торы, якія імкнуліся прыстасавацца да новых умоў жыцця, больш лічыцца з інтарэсамі буржуазіі (урад Піта Малодшага). У пач. 19 ст. ўрад торы заклаў асновы фабр. заканадаўства, правёў некаторыя рэформы. Вігі пераарыентаваліся на прамысл. буржуазію і сталі на абарону прынцыпаў лібералізму, што дапамагло ім у 1830 вярнуцца да ўлады. У 1832 яны правялі першую парламенцкую рэформу, паводле якой выбарчае права атрымала буйная і сярэдняя буржуазія. Пачалося ўзаконенне двухпартыйнай сістэмы, вігі і торы трансфармаваліся адпаведна ў лібералаў і кансерватараў. У 1830—40-я г. яны па чарзе кіравалі краінай. Вігі-лібералы спрабавалі вырашыць некаторыя сац. праблемы: прынялі выгадны для буржуазіі закон «Пра бедных» (1834), пад націскам рабочага руху правялі закон аб 10-гадзінным рабочым дні для жанчын і падлеткаў (1847). Торы-кансерватары заставаліся апорай зямельнай арыстакратыі. Аднак ва ўладзе знаходзілася іх памяркоўнае крыло на чале з Р.​Пілем (піліты). Яны адмянілі «хлебныя законы» (1846), правялі некаторыя фабр. законы У канцы 1830 — пач. 1850-х г. барацьба брыт. рабочых вылілася ў масавы паліт. рух (чартызм), асн. патрабаваннем якога было ўсеагульнае выбарчае права. Венскі кангрэс 1814—15 замацаваў за Вялікабрытаніяй вядучую ролю ў міжнар. палітыцы, умацаваў яе пазіцыі на Еўрап. кантыненце. Брыт. ўрады будавалі сваю знешнюю палітыку на аснове прынцыпаў захавання «раўнавагі сіл» у Еўропе і свабоды дзеянняў. У сярэдзіне 19 ст. Вялікабрытанія завяршыла заваяванне Індыі, узмацніла свой уплыў на Б. і Д. Усходзе, абвастрыўшы тым самым англа-рус. адносіны, з 1840-х г. пачалося яе сістэм. пранікненне ў Кітай, т.зв. «опіумныя войны» (гл. Англа-кітайская вайна 1840—42). 1850—60-я г. — час абсалютнай манаполіі Вялікабрытаніі на сусв. рынку. К таму часу яна стала магутнай калан. імперыяй (больш падрабязна пра калан. палітыку Вялікабрытаніі гл. ў арт. Брытанская імперыя, Англа-афганскія войны, Англа-бірманскія войны, Англа-бура-зулуская вайна 1838—40, Англа-бурская вайна 1899—1902, Англа-майсурскія войны, Англа-маратхскія войны, Англа-сікхскія войны, Англа-франка-кітайская вайна 1856—60). Да сярэдзіны 19 ст. ў краіне завяршыўся прамысл. пераварот, па тэмпах росту на 1-е месца выйшла цяжкая прам-сць, расла канцэнтрацыя вытв-сці і капіталу, высокага агратэхн. ўзроўню дасягнула сельская гаспадарка. У адрозненне ад інш. краін у Вялікабрытаніі ўжо існавалі асн. бурж.-дэмакр. свабоды, былі легалізаваны рабочыя і дэмакр. арг-цыі. Эканам. перавага буржуазіі паскорыла ў 1850-я г. фарміраванне Ліберальнай партыі, якая аб’яднала вігаў, фрытрэдэраў, пілітаў. У 2-й пал. 19 ст. яна заняла пануючае становішча ў паліт. жыцці Вялікабрытаніі, значную ролю адыгрываў яе лідэр Г.​Дж.Пальмерстан. Вакол торы ўтварылася Кансерватыўная партыя Вялікабрытаніі, адным з самых уплывовых яе лідэраў быў Б.Дызраэлі. У 1867 кансерватары правялі дэмакр. выбарчую рэформу, паводле якой права голасу атрымалі дробная буржуазія і рабочая арыстакратыя. У 1868 у Вялікабрытаніі створана агульнанац. прафс. арг-цыя — Брытанскі кангрэс трэд-юніёнаў. У знешняй палітыцы Вялікабрытанія падтрымала рабаўладальнікаў Поўдня ў час Грамадзянскай вайны ў ЗША 1861—65, працягвала саперніцтва з Францыяй і Расіяй за панаванне ў Еўропе, на Б. і Д. Усходзе, выступіла супраць Расіі ў Крымскай вайне 1853—56, у выніку ўмацавала свае пазіцыі ў Асманскай імперыі. У апошняй трэці 19 ст. англ. капіталізм уступіў у новы этап развіцця, гал. рысай якога было ўзнікненне манаполій. Аднак працэс манапалізацыі ў Вялікабрытаніі ішоў больш павольна, чым у маладых капіталіст. краінах (ЗША, Германія). Устарэлая тэхн. база не дазваляла ўкараняць навейшыя дасягненні. Зніжаліся тэмпы росту прам-сці, намецілася адставанне Вялікабрытаніі ад інш. развітых краін. У 1880-я г. манаполія Вялікабрытаніі на сусв. рынку была страчана. Наяўнасць велізарнай калан. імперыі і вываз капіталу за рубеж сталі асн. рысамі англ. манапаліст. капіталізму. Вялікабрытанія ўмацавала свае пазіцыі ў Індакітаі, канчаткова захапіла Бірму (1886), Егіпет (1882), Судан (1890-я г.), устанавіла пратэктарат над Афганістанам (1879). У 1876 англ. каралева абвешчана імператрыцай Індыі. Вынікі 2-й выбарчай рэформы (1867) паказалі неабходнасць барацьбы і кансерватараў, і лібералаў за расшырэнне сваёй сац. апоры. З гэтай мэтай абедзве партыі ў канцы. 19 ст. праводзілі бурж.-дэмакр. рэформы. Ліберальныя кабінеты У.​Гладстана (1868—74, 1880—85, 1886, 1892—94) легалізавалі прафсаюзы (1871), расшырылі выбарчае права (1884), правялі адм. рэформы, якія аслабілі пазіцыі арыстакратыі ў дзярж. апараце і арміі. Імкнучыся ўзмацніць кантроль над рабочым насельніцтвам, якое павялічвалася, лібералы прынялі законы пра пач. адукацыю, што стала пачаткам буд-ва дзярж. сістэмы нар. асветы. Кансерватыўныя ўрады Дызраэлі (1874—80) і Р.​Солсберы (1885—86, 1886—92, 1895—1902) канчаткова ўзаконілі стачкі (1875), дэмакратызавалі мясц. кіраванне, прадоўжылі сістэматызацыю нар. асветы. Дэмакратызацыя выбарчай сістэмы выклікала перагрупоўку сіл кансерватараў і лібералаў.

Кансерватары пераарыентаваліся на буйных прамыслоўцаў. Лібералы перажывалі крызіс, у 1880-я г. адбыўся раскол іх партыі, выкліканы ірландскай праблемай. У канцы 19 ст. пачалі стварацца масавыя трэд-юніёны, узнікалі сацыяліст. арг-цыі. у 1900 утварылася агульнанац. рабочая партыя — К-т рабочага прадстаўніцтва (з 1906 Лейбарысцкая партыя Вялікабрытаніі).

З канца 19 ст. тэмпы эканам. росту Вялікабрытаніі запаволіліся, па аб’ёме вытв-сці яна пачала адставаць ад ЗША і Германіі. У пач. 20 ст. абвастрыліся супярэчнасці з Германіяй з-за рынкаў збыту і панавання на моры. Сац. напружанасць вымусіла кіруючыя колы Вялікабрытаніі пайсці на пэўныя ўступкі працоўным і ў адносінах да заморскіх тэр.: правы дамініёнаў атрымалі Канада (1867), Аўстралійскі Саюз (1901), Новая Зеландыя (1907). Абвастрэнне англа-герм. супярэчнасцей садзейнічала ўрэгуляванню адносін Вялікабрытаніі з Францыяй і Расіяй. Падпісанне англа-французскага пагаднення 1904 і англа-рускага 1907 (гл. Англа-расійскія пагадненні 1873, 1885, 1907) заклала асновы ваен. саюзу Антанты. У 1-й сусв. вайне Вялікабрытанія шырока выкарыстоўвала матэрыяльныя рэсурсы сваіх калоній. Упершыню былі ўведзены воінская павіннасць, ваен. рэжым. У выніку вайны Вялікабрытанія атрымала частку б. герм. і тур. уладанняў у Афрыцы і Азіі. Германія перастала быць яе асн. сапернікам на сусв. рынках, у калоніях і на моры. Але вайна каштавала Вялікабрытаніі амаль трэці нац. багацця, яна страціла частку рынкаў і вядучую ролю ў сусв. гандлі, аслаблі яе міжнар. фінансавыя пазіцыі. Узмацніўся нац.-вызв. рух у калоніях і рабочы рух у метраполіі. Брыт. ўрад быў адным з гал. арганізатараў узбр. інтэрвенцыі супраць Сав. Расіі, што выклікала масавы рух «Рукі прэч ад Расіі!». Правал інтэрвенцыі вымусіў урад пайсці на сав.-англ. перагаворы і падпісаць у 1921 гандл. пагадненне, што азначала прызнанне Сав. Расіі дэ-факта. На хвалі ўздыму барацьбы працоўных за свае правы ў 1920 ўзнікла кампартыя Вялікабрытаніі (КПВ), якая не стала значнай паліт. сілай у краіне (спыніла дзейнасць у ліст. 1991). Крызісныя з’явы вымусілі кіруючыя колы Вялікабрытаніі правесці шэраг рэформаў (выбарчае права для мужчын з 21 года, для жанчын з 30 гадоў, пашырэнне сістэмы сац. страхавання, абавязковае навучанне дзяцей да 14 гадоў, дзярж. дапамога ў вырашэнні жыллёвага пытання). Пасля 1-й сусв. вайны ліберальная партыя паступова выцяснялася з паліт. жыцця лейбарыстамі, якія ў 1924 і 1929—31 сфарміравалі ўрад на чале з Дж.Р.Макдональдам. Але гал. ролю ў міжваен. перыяд адыгрывала партыя кансерватараў, якая ў сваіх мэтах выкарыстоўвала кааліцыю з нацыянал-лейбарыстамі і нацыянал-лібераламі (1931—39). Эканоміка Вялікабрытаніі развівалася марудна з-за тэхн. адсталасці прам-сці (асабліва вядучых галін — вуглездабыўной, металургічнай, машынабуд.), абумоўленай недахопам капіталаўкладанняў. Узмацнілася і канкурэнцыя з боку ЗША і інш. краін. Спроба мадэрнізаваць прам-сць і павысіць яе эфектыўнасць за кошт працоўных выклікала супраціўленне прафсаюзаў. Усеагульная стачка 1926 скончылася паражэннем і новым наступленнем на заваёвы працоўных. У час сусв. эканам. крызісу 1929—33 у Вялікабрытаніі ўзмацніліся бурж.-рэфармісцкія тэндэнцыі. Умяшанне дзяржавы ў эканоміку вялося амаль выключна ўскоснымі метадамі рэгулявання фін.-крэдытнай сферы. Але для барацьбы з рабочым рухам урад часцей прыбягаў да рэпрэсій, чым да рэформаў. Разам з тым у Вялікабрытаніі рабочыя мелі значныя сац. заваёвы. У абставінах абвастрэння адносін з дамініёнамі англ. ўрад пашырыў іх правы і перайшоў да палітыкі поўнага пратэкцыянізму (гл. Англа-трансіарданскія дагаворы 1928, 1946, 1948, Вестмінстэрскі статут 1931). У знешняй палітыцы Вялікабрытаніі ў міжваен. перыяд пераважалі антысав. тэндэнцыі, імкненне наладзіць адносіны з Германіяй, утаймаваць агрэсара. Таму ўрад Н.​Чэмберлена (1937—40) падпісаў Мюнхенскае пагадненне 1938, не прыклаў намаганняў для стварэння сістэмы калектыўнай бяспекі ў Еўропе. Пасля нападу Германіі на Польшчу Вялікабрытанія разам з Францыяй 3.9.1939 уступіла ў вайну, але не вяла актыўных дзеянняў. Канец «дзіўнай вайне» паклала ў крас. 1940 агрэсія Германіі ў Даніі і Нарвегіі. Пасля капітуляцыі Францыі (22.6.1940) Вялікабрытанія засталася сам-насам з Германіяй. Пасля адстаўкі Чэмберлена з мая 1940 урад узначаліў У.Чэрчыль, які асэнсаваў глыбіню нацысцкай пагрозы і арганізаваў абарону Брытаніі. Значную матэрыяльную дапамогу Вялікабрытаніі аказалі ЗША. 12.7.1941 СССР і Вялікабрытанія заключылі пагадненне пра сумесныя дзеянні ў вайне супраць Германіі, а 26.5.1942 — Дагавор аб саюзе ў вайне супраць гітлераўскай Германіі і яе сатэлітаў у Еўропе, аб супрацоўніцтве і ўзаемадапамозе пасля вайны тэрмінам на 20 гадоў, англа-савецка-іранскі дагавор 1942. Нягледзячы на саюзныя абавязацельствы, Вялікабрытанія адцягвала адкрыццё 2-га фронту ў Зах. Еўропе. У 2-й сусв. вайне Вялікабрытанія панесла меншыя чалавечыя ахвяры (каля 300 тыс. чал.), чым у 1914—18. Значна большымі былі матэрыяльныя страты — 8,5 млрд. фунтаў стэрлінгаў. Унутр. і знешняя дзярж. запазычанасць патроілася. Аслаблі пазіцыі Вялікабрытаніі і на сусв. рынку, яе цяснілі ЗША. Значная частка залатога запасу Вялікабрытаніі перамясцілася ў амер. банкі, рэзка вырас дэфіцыт яе плацежнага балансу. Узмацніўся рух за нац. незалежнасць калан. краін. Эканоміка Вялікабрытаніі пасля вайны развівалася нізкімі тэмпамі. Асабліва ў 1950-я г. ва ўмовах нарастання навук.-тэхн. прагрэсу, узмацнення інтэграцыйных працэсаў у Зах. Еўропе і распаду калан. сістэмы. У сярэдзіне 1960-х г. Вялікабрытанія саступіла 2-е месца па развіцці ФРГ, а ў 1970-я г. яе абышлі Японія і Францыя. Значныя страты эканоміцы нанеслі крызісы 1974—75 і 1980—82. Да 1986 узровень беспрацоўя не апускаўся ніжэй за 3 млн. чал. (13—14% працаздольнага насельніцтва). Эканам. цяжкасці былі абумоўлены адставаннем Вялікабрытаніі ад многіх краін па ўзроўні прадукцыйнасці працы, нерацыянальным выкарыстаннем інвестыцый, недастатковым укараненнем дасягненняў навук.-тэхн. прагрэсу, вял. ваен. выдаткамі, імкненнем захаваць свой уплыў у краінах Брыт. садружнасці.

З канца вайны хутка рос паліт. ўплыў лейбарысцкай партыі. У 1945 прыняты маніфест «Тварам да будучыні», у якім ставілася мэта стварыць сацыяліст. садружнасць Вялікабрытаніі шляхам эвалюцыі ў рамках змешанай эканомікі ў бок павелічэння ў ёй ролі дзярж. маёмасці, абвешчана шырокая сац. праграма. Лейбарысты выказваліся за захаванне саюзу з СССР і ЗША. Іх урады (у 1945—51 К.Этлі, у 1964—70 і 1974—76 Г.Вільсана, у 1976—79 Дж.Калагэна) нацыяналізавалі Англ. банк, вугальную, газавую, сталеліцейную, электраэнергетычную прам-сць, чыгунку, сродкі сувязі, шэраг авіякампаній, радыё, тэлебачанне і інш. Дзяржава выплаціла ўладальнікам гэтых прадпрыемстваў буйныя кампенсацыі і затраціла вял. сродкі на іх мадэрнізацыю. Каб зберагчы прыбыткі манаполій, быў прыняты план Маршала, уведзена новая сістэма сац. страхавання, палепшана сістэма адукацыі, адменены антыпрафсаюзны закон 1927. У 1965 упершыню прыняты 5-гадовы «нац. эканам. план». Імкнучыся стрымаць рост заработнай платы, спыніць забастоўкі, увесці арбітраж пры працоўных канфліктах, урад Вільсана ў 1975 дамогся «сац. кантракта» паміж трэд-юніёнамі і ўрадам: прафсаюзы абавязаліся на 2 гады абмежаваць павелічэнне зарплаты 10% у год, што стала асновай антыінфляцыйнай палітыкі.

Кансерватары, якія знаходзіліся ва ўладзе у 1915—55 (Чэрчыль), 1955—57 (А.Ідэн), 1957—63 (Г.Макмілан), 1963—64 (А.Дуглас-Х’юм), 1970—74 (Э.Хіт), 1979—90 (М.Тэтчэр) і з 1990 (Дж.Мэйджар), прызналі рэформы лейбарыстаў, але абмежавалі іх маштабы. У аснове іх эканам. палітыкі была дэнацыяналізацыя ў інтарэсах прыватнага капіталу. Яны адмянілі кантроль над платай за жыллё, павялічылі ўзносы працоўных у фонд нац. службы аховы здароўя; у 1962 стварылі Нац. савет эканам. развіцця, які распрацоўваў рэкамендацыйныя планы развіцця эканомікі, абмежавалі рост заработнай платы 2,5%. У 1971 урад Хіта прыняў закон «аб адносінах у прамысловасці», які прымушаў прафсаюзы рэгістравацца ў спец. органах дзярж. нагляду, забараніў стачкі салідарнасці і паліт. выступленні трэд-юніёнаў, што выклікала пратэсты рабочых. У 1960 кансерватары стварылі Еўрап. асацыяцыю свабоднага гандлю. Найб. выніковай была дзейнасць урада Тэтчэр, якая праводзіла палітыку радыкальнай перабудовы эканомікі на прынцыпах неакансерватызму. Праведзены шэраг мер па ліквідацыі інфляцыі, дэнацыяналізацыя і прыватызацыя, заахвочвалася прыватна-прадпрымальніцкая ініцыятыва, у т. л. дробны бізнес, скарачалася падаткаабкладанне асабістых прыбыткаў. Разам з гэтым пачалося наступленне на прафсаюзы. Тэмпы эканам. росту ў Вялікабрытаніі перавышалі ўсе еўрап. паказчыкі, створана больш рабочых месцаў, чым у краінах ЕЭС, разам узятых. Рэзка павялічылася колькасць акцыянераў (11 млн. чал.) і ўладальнікаў прыватнага жылля (60% сем’яў). У 1980-я г. змянілася аблічча брыт. мадэлі дзярж.-манапаліст. капіталізму. Гэта выявілася ў скарачэнні дзярж. сектара пры павышэнні яго эфектыўнасці, у выкарыстанні пераважна крэдытна-фін. метадаў дзярж. рэгулявання, у дзярж. стымуляванні развіцця эканомікі на базе перадавых навукаёмістых тэхналогій і інш. Ва ўмовах эканам. крызісу 1990—92 карэктывы ў палітыку ўнёс урад Мэйджара. Ён адмовіўся ад рэзкага скарачэння сац. выдаткаў, адмяніў непапулярны падушны падатак. З 1994 пачаўся рост поўнай занятасці, хоць беспрацоўе яшчэ захоўвалася на ўзроўні 8,4%. Мэйджар працягвае курс на частковы дэмантаж дзярж. сістэмы сац. абароны, праводзіць няўхільную лінію на зніжэнне кошту рабочай сілы. Праўленне кансерватараў адзначана жорсткім курсам у адносінах да Паўн. Ірландыі (Ольстэр). У 1970 спынена дзейнасць заканад. сходу Ольстэра і ўведзена прамое праўленне Лондана. У 1985 Тэтчэр падпісала пагадненне з Ірландскай Рэспублікай аб кіраванні справамі Паўн. Ірландыі. У 1995—96 дасягнута дамоўленасць аб правядзенні выбараў у Асамблею Ольстэра, а ў чэрв. 1996 пачаліся перагаворы з удзелам усіх зацікаўленых бакоў пры ўмове, што Ірландская рэсп. армія (ІРА) адмовіцца ад тэрору.

Знешняя палітыка лейбарыстаў і кансерватараў пасля 2-й сусв. вайны была прасякнута духам «халоднай вайны»: мацаваліся адносіны з ЗША, Вялікабрытанія ўдзельнічала ў стварэнні сістэмы ваен.-паліт. саюзаў, вяла «малыя» каланіяльныя войны ў Малаі, Угандзе, Нігерыі і інш., адыграла значную ролю ў суэцкай авантуры 1956 і інш. (гл. Англа-егіпецкі дагавор 1936, Англа-егіпецкае пагадненне 1954). Пад націскам нац.-вызв. руху Вялікабрытанія вымушана была пайсці на прызнанне незалежнасці б. калоній. У 1949 адменены Вестмінстэрскі статут 1931 (аб вернасці кароне); манарх прызнаны сімвалам свабоднай асацыяцыі незалежных нацый у рамках брыт. Садружнасці. Рэцыдывам імперскай свядомасці стаў англа-аргенцінскі канфлікт 1982. У 1952 Вялікабрытанія выпрабавала атамную, у 1957 — вадародную бомбу. Рашэнне аб’яднаць ядз. сілы з амер. ў рамках агульных ваен. стратэгічных планаў і размяшчэнне амер. ракет на брыт. тэр. выклікалі антыядзерны рух у краіне. З 1960-х г. узмацнілася еўрап. арыентацыя брыт. знешняй палітыкі. У 1973 Вялікабрытанія ўступіла ў ЕЭС, у 1975 падпісала Заключны акт Арг-цыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ). У 1980-я г. Вялікабрытанія першая з зах. краін падтрымала працэс перабудовы ў СССР. Дасягнута дамоўленасць з КНР аб перадачы ёй ў 1997 Ганконга. У 1990 разам з СССР, ЗША і Францыяй падпісала з ГДР Дагавор аб канчатковым урэгуляванні адносін з Германіяй, аб спыненні дзеяння чатырохбаковых пагадненняў аб Берліне і ўсёй Германіі, заключаных пасля 2-й сусв. вайны. Вялікабрытанія — чл. ААН з 1945, пастаянны чл. Савета Бяспекі ААН, чл. Еўрапейскага Саюза, Савета Еўропы, НАТО і інш. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь з 1992. Гл. таксама раздзел Гісторыя ў арт. Паўночная Ірландыя, Уэльс, Шатландыя.

Палітычныя партыі і прафсаюзы.

Кансерватыўная партыя, Лейбарысцкая партыя Вялікабрытаніі, Ліберальна-дэмакр. партыя. Дзейнічае 413 прафсаюзаў, найбуйнейшае аб’яднанне — Брытанскі кангрэс трэд-юніёнаў. У Шатландыі і Уэльсе свае праф. аб’яднанні — Шатландскі кангрэс трэд-юніёнаў і Уэльскі кангрэс трэд-юніёнаў.

Гаспадарка. Вялікабрытанія — высокаразвітая індустрыяльная краіна (7-е месца ў свеце па вытв-сці прамысл. прадукцыі). Доля ў валавым унутр. прадукце (ВУП): прам-сці каля 40%, сельскай гаспадаркі каля 2, гандлю каля 6, транспарту каля 7, будаўніцтва каля 6%. Дзяржава кантралюе кам.-вуг. прам-сць, эл.-энергетыку, чыг. транспарт, нац. банк, чорную металургію, некаторыя кампаніі апрацоўчай прам-сці. З 1980-х г. узяты курс на дэнацыяналізацыю, продаж дзярж. прадпрыемстваў і скарачэнне дзярж. сектара. Прамысловасць дае 90% экспарту. Вугальная прам-сць — старэйшая ў краіне. У 1992 кам. вугалю здабывалася 87 млн. т, бурага 10 млн. т. Асн. раёны здабычы — Йоркшырскі (60%), Нортамберленд-Дарэмскі, Паўднёва-Уэльскі. Здабыча нафты 87 млн. т, прыроднага газу — 48 млрд. м³ на шэльфе Паўн. мора. Нафтаперапр. прам-сць у прыморскіх і прамысл. раёнах (26 з-даў агульнай магутнасцю 123 млн. т за год). Вытв-сць эл.-энергіі 327 млрд. кВт∙гадз (1992), у т. л. на ЦЭС 77,8%, АЭС 16,2, ГЭС 6%. Чорная металургія працуе на ўласным паліве і імпартнай жал. рудзе. Пераважае кіслародна-канвектарны спосаб і электраплаўка. Выплаўляецца 16,2 млн. т сталі (1992). Асн. металург, з-ды ў прыбярэжных раёнах: Паўд. Уэльс, Тайнсайд, Шатландыя; высакаякасныя сталі — у раёне Шэфілда, яе асн. вытворца — дзярж. кампанія «Брытыш стыл». Каляровая металургія працуе амаль цалкам на прывазной сыравіне, яе прадпрыемствы размешчаны пераважна ў партовых гарадах эстуарыя Тэмзы, Паўд. Уэльса, Ланкашыра. Алюміній выпускаюць з-ды на ПнУ і на в-ве Англсі. Апрацоўка каляровых металаў сканцэнтравана ў буйных цэнтрах машынабудавання, якое дае 40% кошту прамысл. прадукцыі і ​1/3 экспарту. Вылучаецца агульнае машынабудаванне (комплекснае, дарожнае, пагрузачна-разгрузачнае, пад’ёмна-транспартнае, с.-г., станкі і прылады), электроннае (ЭВМ і мікраэлектронныя элементы), транспартнае (рухомы састаў чыгунак, судна-, аўтамабіле- авіяракетабудаванне). Вытв-сць легкавых аўтамабіляў — 1291 тыс. (1992): асн. кампаніі «Форд», «Джэнерал мотарс», «Брытыш Лейленд мотар». Асн. цэнтры разнастайнага машынабудавання — Брысталь, Вял. Лондан, Дэрбі, стаканабудавання — Ковентры, Лестэр, Бірмінгем, прыладабудавання — Вял. Лондан, Бірмінгем, вытв-сці тэкстыльных машын — Ланкашыр, Йоркшыр, Усх. Мідленд, цяжкага машынабудавання — металургічныя цэнтры ПнУ Англіі і Клайдсайда, аўтамабілебудавання — Бірмінгем, Ковентры, Вял. Лондан, Лутан, Оксфард, Ланкашыр, суднабудавання — Клайдсайд, ПнУ Англіі, Белфаст. У аснове хім. прам-сці — вытв-сць сернай кіслаты, хлору, соды, мінер. угнаенняў, разнастайнай прадукцыі: сінт. валокнаў, пластмас, фарбавальнікаў, мыйных сродкаў, аграхімікатаў, фармацэўтычных тавараў і інш. Асн. раёны хіміі: ПдУ (Вял. Лондан — тонкая хімія і фармацэўтыка, Фолі — нафтахімія), Ланкашыр (асн. хімія і нафтахімія), ПнУ (комплекс вытворчасцей арган. і неарган. хіміі, цэнтр г. Білінгем), сярэдняя Шатландыя (нафтахімія — г. Грэйнджмут), Паўд. Уэльс (нафтахімія — каля г. Суонсі), ПдУ і Йоркшыр (мінер. ўгнаенні). Тэкст. прам-сць — старэйшая экспартная галіна, але былое сваё значэнне страціла. Асн. раён баваўнянай прам-сці — Ланкашыр, шарсцяной — Йоркшыр, трыкатажнай — Усх. Мідленд, ільняной — Паўн. Ірландыя. Разнастайная вытв-сць тканін з хім. валокнаў. Добра развіты швейная і абутковая прам-сць. Усюды развіта харч. прам-сць, якая перапрацоўвае мясц. сыравіну, у партовых гарадах — імпартную.

Сельская гаспадарка высокамеханізаваная, інтэнсіўная, забяспечвае больш за 80% патрэбы краіны ў харч. прадуктах. Больш за палову зямлі належыць буйным фермам (больш за 100 га), якія даюць асн. ч. таварнай прадукцыі. Гал. галіна — малочная і мясная жывёлагадоўля (70% кошту с.-г. прадукцыі), добра забяспечаная натуральнымі сенажацямі і пашамі (70% с.-г. зямель), кармавымі культурамі (​1/3 пасяўной плошчы) і імпартным фуражом. У 1994 (млн. галоў): буйн. раг. жывёлы 12, свіней (пераважна беконных) 7,7, авечак 43, птушкі 127. У раслінаводстве пераважаюць збожжавыя культуры (​3/5 ворыва, збор 22,5 млн. т у 1993). Гал. культуры — ячмень і пшаніца, вырошчваюць кукурузу, бульбу, цукр. буракі. Развіта агародніцтва, садоўніцтва, парніковая гаспадарка, кветкаводства. Сярэдняя ўраджайнасць пшаніцы больш за 60 ц/га, ячменю — 48 ц/га, цукр. буракоў — 350 ц/га, бульбы — 340 ц/га. Марское і рачное рыбалоўства. Гал. жытніца краіны — Усх. Англія і ПдУ.

Гал. від транспарту — марскі (больш за 90% грузаабароту). Танаж марскога флоту 19,2 млн. бр. рэг. т (1994). Найб. марскія парты (1994): Лондан (каля 80 млн. т, 40% экспарту і 25% імпарту краіны), Ліверпул, Мілфард-Хейвен, Саўтгемптан, Манчэстэр, Глазга, Хал (Гуль), Брысталь. Даўж. чыгунак 16,9 тыс. км (1994), у т. л. 4,5 тыс. км электрыфікавана. Гал. чыг. вузел — Лондан (11 промняў). Тунэль пад Ла-Маншам і паромныя пераправы звязваюць чыгункі Вялікабрытаніі і мацерыковай Еўропы. Аўтатранспарт (22 млн. аўтамабіляў, у т. л. 17 млн. легкавых) ажыццяўляе б.ч. ўнутр. грузаперавозак і 90% пасажыраперавозак. Даўж. шашэйных дарог 363 тыс. км. З унутр. водных шляхоў (даўж. 2,3 тыс. км) найб. значэнне маюць р. Тэмза і Манчэстэрскі канал. У краіне 933 км нафтаправодаў, 2993 км нафтапрадуктаправодаў, 12,8 тыс. км газаправодаў. Працуе 385 аэрапортаў, найбуйнейшыя каля Лондана, Манчэстэра, Глазга. Асн. гандл. партнёры — краіны Еўрап. супольнасці (45% знешнегандл. абароту), асабліва ФРГ і Францыя, а таксама краіны Садружнасці і ЗША. Доля Вялікабрытаніі ў сусв. экспарце — каля 9% (5-е месца ў свеце). Вывозяцца нафта і нафтапрадукты, машыны і абсталяванне, аўтамашыны, сталь, прадукцыя хім. прам-сці, тэкстыль. На долю Вялікабрытаніі прыпадае больш за 80% сусв. экспарту віскі, 44,5% авіяц. рэактыўных рухавікоў, больш за 28% штучных валокнаў. Імпарт: бавоўна, руды металаў, сера, фасфарыты, натуральны каўчук, шэрсць, харч. тавары. Вялікабрытанія — буйны экспарцёр капіталу (2-е месца ў свеце пасля ЗША). Турызм дае 4% ВУП, занята больш за 1 млн. чал. Грашовая адзінка — фунт стэрлінгаў.

Узброеныя сілы. Складаюцца з сухап. войск (арміі), ВПС і ВМФ, якія знаходзяцца ў стане рэфармавання (да 2000 года). У канцы 1994 налічвалі 254,3 тыс. чал. (376,2 тыс. рэзервістаў). Камплектуюцца з добраахвотнікаў. Вярх. галоўнакамандуючы — манарх. Сухап. войскі (1995) налічваюць 119 тыс. чал., размешчаны ў метраполіі (механізаваная і бранятанкавая дывізіі, 15 асобных пях. брыгад і інш.), ФРГ (23 тыс. чал., уваходзяць у склад «сіл хуткага разгортвання» НАТО) і на заморскіх тэрыторыях, у т. л. 2 пях. батальёны на Кіпры, па аднаму пяхотнаму батальёну ў Брунеі, Белізе, на Фалклендскіх а-вах, у Ганконгу (пях. брыгада, да 1997). Паводле дагавора аб звычайных узбр. сілах у Еўропе яны маюць на ўзбраенні да 1015 танкаў, 636 гармат палявой артылерыі, 384 баявых верталётаў, 3176 баявых браніраваных машын. У ВПС (1995) 75,7 тыс. чал., больш за 320 баявых самалётаў і 159 верталётаў. ВМФ (1994) найбуйнейшы ў Зах. Еўропе — 53 600 чал., 113 баявых караблёў (4 атамныя ракетныя, 13 атамных мнагамэтавых і 5 дызельных падводных лодак, 3 лёгкія авіяносцы, 12 эскадраных мінаносцаў, 26 фрэгатаў, 10 патрульных, 33 мінна-тральныя, 7 дэсантных) і 20 патрульных катэраў.

Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця ў мужчын 74, у жанчын 80 гадоў. Смяротнасць 11 на 1 тыс. чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 146 чал., урачамі — 1 тэрапеўт на 611 чал. Узровень нараджальнасці 13 на 1 тыс. чал. Дзіцячая смяротнасць 7 на 1 тыс. нованароджаных (1994).

Асвета, навуковыя ўстановы. Сучасная сістэма адукацыі Вялікабрытаніі грунтуецца на актах аб адукацыі 1944 (Англія і Уэльс), 1945 (Шатландыя) і 1947 (Паўн. Ірландыя). У Англіі і Уэльсе яна складаецца з 3 ступеняў: 1-я — пач. адукацыя, 2-я — сярэдняя, 3-я — далейшая і універсітэцкая адукацыя. Абавязковая адукацыя для дзяцей ва ўзросце 5—16 гадоў. Існуе дзярж. сістэма нар. адукацыі (93% навучэнцаў) і прыватная (7%). Дзярж. сістэма — дашкольныя ўстановы (для дзяцей да 5 гадоў), пач. школы (5—11 гадоў), сярэднія школы (11—16 гадоў — няпоўныя, да 18 гадоў — поўныя). Сярэднюю адукацыю вучні атрымліваюць, як правіла, у аб’яднаных школах (да іх прымыкаюць школы з прамежкавай ступенню). Захоўваюцца і традыц. тыпы сярэдніх школ: граматычныя і сучасныя, ёсць нязначная колькасць сярэдніх тэхн. школ. Формы і метады навучання ў розных тыпах школ неаднолькавыя. Пасля заканчэння сярэдняй школы вучні здаюць экзамены звычайнага ўзроўню, якія даюць магчымасць паступаць у навуч. ўстановы сістэмы далейшай адукацыі, або экзамены павышанага ўзроўню, якія замяняюць уступныя выпрабаванні ва ун-т і інш. ВНУ. Вучні, якія не здавалі выпускных экзаменаў (каля 30%), пакідаюць школу ва ўзросце 16 гадоў. Далейшая адукацыя (для асоб ва ўзросце больш за 16 гадоў) уключае агульнаадук., прафес. і тэхн. навуч. ўстановы рознага ўзроўню, установы для адукацыі дарослых, некаторыя ВНУ (усе віды вышэйшай адукацыі ў Англіі і Уэльсе, за выключэннем універсітэцкай, належаць да ступені далейшай адукацыі). Ун-ты традыцыйна не належаць да сістэмы далейшай адукацыі, да іх далучаюцца некаторыя спец. каледжы вышэйшай адукацыі, якія маюць курсы, што даюць магчымасць выпускнікам здаваць экзамены на атрыманне вучонай ступені або дыплома аб вышэйшай адукацыі (тэхн., маст. і інш.). Школьная сістэма Шатландыі будуецца на ўзор англійскай, аднак у пач. школах тэрмін навучання 7 гадоў, у сярэдніх — 6. Асноўны тып сярэдняй школы — аб’яднаная школа. Ёсць нязначная колькасць прыватных школ. Сярэднюю прафес. адукацыю даюць дзённыя і вячэрнія каледжы на базе няпоўнай сярэдняй школы, вышэйшую — цэнтр. ін-ты (на базе поўнай сярэдняй школы). У Паўн. Ірландыі паводле закону 1947 створана сістэма адукацыі на ўзор англійскай.

На 1.1.1996 у Вялікабрытаніі 29 900 дзярж. агульнаадук. школ, 1800 спецыялізаваных, 2500 прыватных (ва ўсіх відах школ навучалася больш за 9 млн. навучэнцаў); больш за 90 ун-таў (1 млн. 541 тыс. студэнтаў). Буйнейшыя ун-ты: Оксфардскі універсітэт, Кембрыджскі універсітэт, Лонданскі універсітэт, ун-т у Глазга (з 1451), Абердзінскі (з 1495), Эдынбургскі (з 1583), Дарэмскі (з 1832), Каралеўскі ун-т у Белфасце (з 1845), ун-т Уэльса ў Кардыфе (з 1893), Ольстэрскі ун-т у Калрэйне (з 1984). У 1988 статус ун-таў атрымалі 47 ін-таў, заснаваны ун-т і Каралеўскі каледж мастацтваў. Буйнейшыя б-кі: Брытанская бібліятэка ў Лондане, б-ка Оксфардскага ун-та (з 1602), б-ка Кембрыджскага ун-та, Нац. б-ка Уэльса ў Кардыфе (з 1907), Публічная б-ка Ланкашыра (з 1924), Нац. б-ка Шатландыі ў Эдынбургу (з 1682), б-кі Эдынбургскага і Лонданскага ун-таў. Найб. музеі: Брытанскі музей (з 1753), Брытанскі музей прыродазнаўчай гісторыі, Навуковы музей (з 1857; мае унікальную калекцыю машын), Лонданскі музей (з 1912), Нац. галерэя (з 1824), Музей Вікторыі і Альберта (з 1852), Галерэя Тэйт (з 1897), Нац. партрэтная галерэя (з 1857) — усе ў Лондане; Нац. музей Уэльса ў Кардыфе (з 1907), мемарыяльны музей Шэкспіра ў г. Стратфард-он-Эйван; Шатландскі каралеўскі музей (з 1854), Нац. галерэя Шатландыі (з 1859), Нац. музей шатландскіх выдатнасцей (з 1780) — усе ў Эдынбургу. Навукова-даследчую работу ў Вялікабрытаніі праводзяць ун-ты, Лонданскае каралеўскае т-ва, Грынвіцкая астр. абсерваторыя, Савет даследаванняў па грамадскіх навуках, галіновыя дэпартаменты і навук. цэнтры, а таксама каап. асацыяцыі, фірмы, прыватна-прамысл. лабараторыі і інш.

Друк, радыё, тэлебачанне. Вялікабрытанія займае адно з вядучых месцаў у свеце па насычанасці прэсай. Выходзіць каля 160 штодзённых і нядзельных газет, 1300 штотыднёвых, 7,5 тыс. інш. перыяд. выданняў (1992). Найб. уплывовыя газеты: «The Daily telegraph and morning post» («Штодзённы тэлеграф і ранішняя пошта», з 1855); «Daily express» («Штодзённы экспрэс», з 1900), «Daily mail» («Штодзённая пошта», з 1896), «Sunday times» («Нядзельны час», з 1822), «The Times» («Час», з 1785), «Daily mirror» («Штодзённае люстэрка», з 1903), «Sunday mirror» («Нядзельнае люстэрка», з 1915), «The People» («Народ», з 1881), «Tribune» («Трыбуна», з 1937), «The Observer» («Аглядальнік», з 1791). У Вялікабрытаніі няма афіц. цэнзуры, дзейнасць сродкаў масавай інфармацыі рэгулюецца заканад. актамі. Амаль усе газеты ў фінансавых адносінах незалежныя ад паліт. партый і праводзяць самаст. рэдакцыйную палітыку. Вядучыя інфармацыйна-тэлеграфныя агенцтвы: Рэйтэр (Reuter), Прэс Асашыэйшэн (The Press Association), Эксчэйндж Тэлеграф (The Exchange Telegraph). Рэгулярнае радыёвяшчанне з 1922. Радыё- і тэлевяшчанне вядзецца пераважна 2 буйнымі агульнанац. арг-цыямі: «Брытыш бродкастынг карпарэйшэн» (Бі-бі-сі) «і Індэпэндэнт бродкастынг асорыты» (Ай-бі-эй). Дзейнічае некалькі дробных радыёкампаній, якія вядуць вяшчанне на асобныя рэгіёны краіны. Тэлевяшчанне (2 агульнанац. і 10 рэгіянальных праграм) вядзецца Бі-бі-сі і 16 прыватнымі тэлекампаніямі, якія адносяцца да Ай-бі-эй. Тэлеслужба Бі-бі-сі (з 1936) вядзе перадачы па 2 каналах (Бі-бі-сі I ахоплівае 99% насельніцтва Вялікабрытаніі, Бі-бі-сі II — 94%). Праграмы тэле- і радыёвяшчання трансліруюцца з дапамогай шырока развітых сетак наземнага, спадарожнікавага вяшчання і кабельнага тэлебачання. З некалькіх дзесяткаў спадарожнікаў розных краін і кампаній магчымы прыём больш за 100 тэле- і радыёпраграм (з іх каля 80 на англ. мове), практыкуюцца перадачы на некалькіх мовах з магчымасцю выбару любой з іх. Тэлепраграмы вядуцца па сістэмах каляровага тэлебачання PAL і SECAM; PAL plus і D2=MAC; MPEG. Мона- і стэрэафанічнае гукавое суправаджэнне перадаецца аналагавым і лічбавым спосабамі. Прыём вядзецца на індывідуальныя (76%) і калектыўныя (24%) антэны. Многія праграмы носяць агульнаеўрапейскі (BBC World, Euronews, Eurosport і інш.) і міжнародны (CNN) характар. Шырока практыкуецца паказ закадзіраваных праграм.

Літаратура. Вытокі л-ры Вялікабрытаніі ў багатым фальклоры англасаксаў, якія ў 5—6 ст. прыйшлі з кантынента і прынеслі з сабою герм. міфы і легенды, што вусна перадаваліся з пакалення ў пакаленне. З твораў нар. паэзіі англасаксаў зберагліся элегічныя паэмы «Бадзяга», «Скаргі Дэора», «Жальба жонкі», фрагмент эпічнай паэмы «Фінсбургская бітва». Пісьмовая л-ра ўзнікла ў 7 ст. Найб. стараж, помнікі гераічнага эпасу — паэмы «Беавульф» (напісана ў канцы 7 ст., захавалася ў рукапісе 10 ст.). Пасля ўвядзення хрысціянства з’явілася л-ра на лац. мове (Альдгельм, Беда Высокашаноўны, Алкуін), ствараліся рэліг. паэмы і на англасаксонскай мове (Кэдман, Кюневульф). Англасаксонская проза зарадзілася ў 9—11 ст. (кароль Альфрэд, Эльфрык, Вульфстан). Пасля заваявання Англіі нарманамі (11—13 ст.) развівалася трохмоўная л-ра: царк. творы на лац. мове, рыцарскія вершы і паэмы на франц., англ. паданні на англасаксонскай. Да сярэдзіны 14 ст. склалася агульнанац. англ. мова. Апошняй праявай літ. трохмоўя была творчасць Джона Гаўэра (паэма «Люстэрка роздуму», 1376—79, на франц. мове; «Марны лямант у пустыні», 1382, на лац.; «Гісторыя закаханага», 1390, выд. 1483, на англ.). Драм. падзеі часоў Сял. вайны пад кіраўніцтвам Уота Тайлера адлюстраваны ў творчасці У.​Ленгленда (паэма «Мроя аб Пятру-аратаю», 1362). Вяршыня л-ры класічнага сярэднявечча і прадвеснік рэнесансу ў Англіі — нац. эпас Дж.Чосера «Кентэрберыйскія апавяданні» (канец 14 ст.). Стогадовая вайна з Францыяй, вайна Пунсовай і Белай руж затрымалі развіццё л-ры Вялікабрытаніі. Сярод нямногіх помнікаў 15 ст. — выкладзеныя ў прозе легенды аб рыцарах Круглага стала (раман «Смерць Артура» Т.​Мэлары, апубл. ў 1485); развівалася нар. паэзія — балады легендарнага, гіст., драм. характару.

Спыненне феад. спрэчак і ўстанаўленне абсалютызму Цюдараў спрыялі адраджэнню л-ры. У пач. 16 ст. актыўна пранікаюць з кантынента на Брытанскія а-вы ідэі гуманізму. Т.​Мор стварыў новы ў еўрап. л-ры жанр рамана-утопіі («Утопія», 1516, на лац. мове; 1551, на англ. мове), а паэты-«петраркісты» — узоры англ. санета (зб. «Песні і санеты», 1557). З уступленнем на трон Лізаветы I гуманізм становіцца гал. кірункам у англ. л-ры. Вяршыняй эпічнай паэзіі стала паэма Э.Спенсера «Каралева фей» (1590), напісаная арыгінальнай страфой (спенсерава страфа). Зарадзіліся жанры махлярскага і прыгодніцкага раманаў, пастаральнай л-ры («Эўфуэс і яго Англія» Дж.​Лілі, 1580; «Аркадыя» Ф.​Сідні, 1590, «Вопыты і павучанні» Ф.​Бэкана, 1597—1625). Тэарэт. маніфестам англ. рэнесансу ў л-ры стала «Абарона паэзіі» Сідні (1581, апубл. 1595). У драматургіі аб’яднанне традыцый нар. т-ра з «вучонай» драмай ажыццявілі К.Марла, Р.​Грын, Т.​Кід, Лілі. Найвышэйшае дасягненне англ. драматургіі — творчасць У.Шэкспіра. Завяршаюць перыяд росквіту англ. драматургіі Б.Джонсан, Т.​Хейвуд, Т.​Дэкер, Ф.​Бомант і Дж.​Флетчэр.

Да буйнейшых з’яў л-ры 17 ст. належыць «метафізічная школа» паэтаў (Дж.​Дон, Дж.​Херберт), лірыка кавалераў (Э.​Марвел), алегарычны раман «Шлях паломніка» Дж.​Беньяна, паэзія і драматургія Дж.​Драйдэна, класіцыстычная камедыя нораваў (У.​Уічэрлі, У.​Конірыў, Дж.​Этэрыдж, Дж.​Ванбру, Дж.​Фаркер). Паэма Дж.​Мільтана «Страчаны рай» пазначыла пераход ад гуманізму да асветніцкай ідэалогіі. У 18 ст. ў рэчышчы англ. Асветніцтва развівалася некалькі літ. кірункаў: класіцызм (паэмы А.​Попа), рэалізм (раманы Дж.Свіфта, Д.Дэфо, Г.Філдынга, Т.​Дж.Смолета) і сентыменталізм (раманы С.​Рычардсана, О.Голдсміта, Л.Стэрна, паэзія Э.​Юнга, Т.​Грэя). Драматургію 18 ст. прадстаўляюць жанры класіцыстычнай трагедыі («Катон» Дж.​Адысана), «баладнай оперы» («Опера жабракоў» Дж.​Гея), «мяшчанскай» драмы («Лонданскі купец» Дж.​Ліла). Майстрам асветніцкай камедыі быў Р.Б.Шэрыдан. Апазіцыйныя класіцызму літ. плыні і з’явы аб’яднаны паняццем перадрамантызму, калі адраджалася цікавасць да фальклору і нац. традыцый («Паэмы Асіяна» Дж.​Макферсана; «Брыстольская трагедыя» Т.Чатэртана, зб-кі нар. балад Т.​Персі, Дж.​Макдональда). У прозе перадрамантызм выявіўся ў раманах «жахаў і таямніц» Х.​Уолпала і Г.​Радкліф. Адраджэнне цікавасці да нар. паэзіі вызначыла шырокую папулярнасць шатл. паэта Р.Бёрнса. Пачатак рамантызму ў англ. л-ры звязваюць з выхадам у свет зб-ка «Лірычныя балады» У.Вордсварта і С.Т.Колрыджа, з творчасцю паэтаў «Азёрнай школы» (Вордсварт, Колрыдж, Р.​Саўці). Асобнае месца ў англ. рамантызме займае міфатворчасць У.Блейка. Малодшае пакаленне рамантыкаў прадстаўляе плеяда вял. паэтаў — Дж.Г.Байран, П.Б.Шэлі, Дж.Кітс. Жанр гіст. рамана стварыў В.Скот. Асобная роля ў працэсе пераходу ад рамантызму да рэалізму належыць творчасці сясцёр Бронтэ. Традыцыі асветніцкага дыдактычнага і сац.-псіхал. рэаліст. раманаў звязала Дж.​Осцін («Гордасць і прадузятасць»).

Росквіт прозы пісьменнікаў-рэалістаў прыпадае на 1830—60-я г. (Ч.Дзікенс, У.М.Тэкерэй, Э.Гаскел, Э.​Дж.​Булвер-Літан, Ш.​Бронтэ). Спалучэнне сац. праблематыкі з тонкім псіхал. аналізам у творчасці Дж.​Эліята («Млын на Флосе») і Дж.​Мерэдзіта («Эгаіст»). Псіхолагам, які апярэдзіў праблематыку 20 ст., быў «апошні віктарыянскі класік» А.​Тролап (цыкл раманаў «Барсетшырскія хронікі»), У канцы 19 ст. назіраюцца кантрастныя кірункі ў прозе: жорсткі рэалізм Т.​Хардзі і С.​Батлера, неарамантызм Т.М.Рыда і Р.Л.Стывенсана, натуралізм Дж.​Мура і Дж.​Гісінга. Вобраз рэвалюцыянера стварыла ў рамане «Авадзень» Э.Л.Войніч. Развівалася і паэзія познарамантычнага тыпу: апавядальная лірыка А.​Тэнісана, філас. паэзія Р.Браўнінга, грамадз. і інтымная лірыка Э.​Браўнінг, геданістычная — Э.​Фіцджэралда (пераклады А.​Хаяма). Яркай з’явай у паэзіі і мастацтве стала творчасць «Брацтва прарафаэлітаў», тэарэтыкамі якога былі Дж.​Рэскін і У.​Морыс. Гэты рух вылучыў паэтаў Д.​Г.​Расеці і К.​Расеці. Блізкі да прарафаэлітаў быў позні рамантык А.​Ч.​Суінберн. На фоне афіц.-дыдактычнай дзіцячай л-ры адметныя філас. казкі-гратэскі Л.Кэрала і «бяссэнсіцы» Э.​Ліра. Тэндэнцыі эстэтызму, імпрэсіянізму, сімвалізму знайшлі адлюстраванне ў творчасці О.Уайльда. На абнаўленне драматургіі паўплывала творчасць Б.Шоу, аўтара «драм-дыскусій», майстра п’ес, дзе выкрываюцца парадоксы бурж. грамадства. Тэндэнцыі рэалізму з выкарыстаннем формы фантаст. і дэтэктыўнага жанраў у л-ры прадаўжалі Г.К.Чэстэртан, А.К.Дойл, Г.​Дж.Уэлс. Філігранны стыль, тонкі псіхалагізм, дакладнасць сац. крытыкі вызначаюць прозу Дж.Голсуарсі («Сага аб Фарсайтах»), У.С.Моэма («Цяжар жаданняў чалавечых»), А.​Бенета («Клейхенгер»), К.​Мэнсфілд, А.​Э.​Копарда, Э.​М.​Форстэра. Гумарыстычны кірунак у прозе прадстаўляе Дж.​К.​Джэром, марыністыку — Дж.​Конрад. Наватарскай была творчасць Р.Кіплінга, аўтара асобай эстэтыкі трагічнага стаіцызму. 1910-я г. сталі пачаткам новага этапу ў развіцці англ. паэзіі (геаргіянцы — Дж.​Мейсфілд, У.​Дж. дэ ла Мар; імажысты — Р.Олдынгтан, Э.​Паўнд).

Крызіс познавіктарыянскай эпохі, 1-я сусв. вайна, пасляваен. крызіс выклікалі пераломныя з’явы ў англ. л-ры. Геаргіянцы, якія сталі «акопнымі паэтамі», пісалі пра трагедыю вайны (Р.​Брук, З.​Сасун). У пошуках дакладнага слова і сэнсу паэты-мадэрністы спрабуюць пераўтвараць паэт. мову, адмаўляюцца ад традыц. формы верша, ствараюць асобую міфал. сістэму (Т.​С.​Эліят, Паўнд). Наблізілася да грамадз. тэматыкі і вярнула ў паэзію жывую нар. мову т.зв. «оксфардская» група паэтаў (У.​Х.​Одэн, С.​Спендэр, С.​Д.​Льюіс). У англ. прозе 1920—30-х г. вядучае становішча займае раман (раманы «плыні свядомасці» — «Уліс» Дж.​Джойса, эксперым. псіхалагічны «Місіс Дэлаўэй» В.Вулф, сац.-псіхал. эратычны «Палюбоўнік лэдзі Чатэрлі» Д.​Г.​Лорэнса; «інтэлектуальны раман» «Цудоўны новы свет» О.​Хакслі, сатырычны «Заняпад і разбурэнне» І.​Во, традыцыйны рэалістычны «Цытадэль» А.​Кроніна, «Усе людзі — ворагі» Олдынгтана). Драматургію развівалі Дж.​Бары, Дж.​Б.​Прыстлі. Паступовы распад Брыт. імперыі пасля 2-й сусв. вайны выклікаў у л-ры песімізм і «прарочую» ацэнку будучыні таталітарных дзяржаў (антыўтопія Дж.​Оруэла «1984-ы год»). Рэаліст. проза шукае новы дынамізм і псіхал. дакладнасць («З любові да бліжняга» Дж.​Кэры).

У 1950-я г. ўзнікла л-ра «раззлаваных маладых людзей». Расчараванне моладзі ў перспектывах бурж. грамадства паказалі К.​Эміс («Шчасліўчык Джым»), Дж.​Уэйн («Спяшайся ўніз»), А.​Сілітаў і С.​Чаплін — аўтары «рабочага» рамана, Дж.Олдрыдж і Ч.П.Сноў — палітычнага. Пра ўплыў НТР на лёс чалавецтва разважаюць пісьменнікі-фантасты (А.​Кларк, Дж.​Уіндэм, Дж.​Г.​Болард). Англ. экзістэнцыялізм прадстаўляюць раманы-прытчы У.Голдынга («Валадар мух»), мадэрнісцкія пошукі — Л.Дарэл (квадралогія «Александрыйскі квартэт»). Традыцыі класічнага рэалізму 19 ст. і экзістэнцыяльныя матывы ярка выяўлены ў творах А.Мэрдак («Пад сеткай», нап. 1966). Майстрам сац.-паліт. гратэскавага рамана зарэкамендавала сябе М.​Спарк, псіхал. раман абнавілі адкрыццямі экзістэнцыяльнай эстэтыкі Дж.​Фаўлс, С.​Хіл, М.​Дрэбл, Ч.​Дж.​Мітчэл. Традыцыі дэтэктыўнай прозы прадоўжылі А.Крысці, Дж. Ле Карэ. Яркай з’явай англ. паэзіі 1960-х г. стала творчасць «Групы» (ад назвы «Анталогія паэтаў «групы», куды ўвайшлі 17 паэтаў). Паэзія 1970-х г. імкнецца да аб’ектыўнасці і паказу непрыхарошанай праўды жыцця (Т.​Х’юз, Ф.​Ларкін).

У 2-й пал. 20 ст. зарадзілася і развіваецца англ. постмадэрнісцкая л-ра: «Жанчына французскага лейтэнанта» Фаўлса, «Розенкранц і Гільдэнстэрн мёртвыя» Т.​Стопарда, «Грошы» М.​Эліса, «Лэрнэк» Э.​Грэя, «Ногі ў цырку» А.​Картэра, «Сорам» С.​Рушдзі, «Апанаванасць востравам» Т.​Мо. У гэтым рэчышчы працуюць Дж.​Барнс, Э.Бёрджэс, Т.​Шарп, Г.​Свіфт. Актыўна развіваецца і постмадэрнісцкая драматургія (Х.​Бернтан, Э.​Бонд). Англ. «літаратуразнаўчы раман» стварае П.​Акрайд. У перакладзе на бел. мову з 1928 выдадзены творы Дойла, Уэлса, Войніч, Скота, Кіплінга, Шэкспіра, Свіфта, Дэфо, Дзікенса, Стывенсана, Бёрнса, Байрана і інш.; у перыяд. друку апублікаваны асобныя творы Блейка, Кітса, Тэнісана, Уайльда, Шэлі, А.​Мэя і інш. Бел. перакладчыкі: Ю.​Гаўрук, У.​Дубоўка, К.​Крапіва, Я.​Семяжон, а таксама В.​Валынскі, В.​Небышынец, А.​Разанаў, Я.​Рапановіч, С.​Шупа і інш. Гл. таксама раздзел Літаратура ў арт. Паўночная Ірландыя, Шатландыя.

Архітэктура. Ранні перыяд развіцця мастацтва Вялікабрытаніі прадстаўляюць мегалітычныя комплексы энеаліту і бронзавага веку (Стонхендж, Эйвберы), руіны рым. пабудоў (Адрыянаў вал), разьба па камені, метал. ўпрыгожанні, культавыя прадметы кельцкіх плямён, піктаў, англасаксаў (1 ст. да н.э. — 10 ст. н.э.). Раманскі стыль прадстаўлены англа-нарманскім храмам у Ілі (1083—1190), Дарэме (1093—1133), Норыджы (1095—1150), з магутнымі квадратнымі вежамі, замкамі ў Лондане (Таўэр), Віндзары (канец 11 ст.), крэпасцю ў Рочэстэры (канец 1130-х г.). Пабудовы гатычнага стылю Вялікабрытаніі падзяляюць на ранні (да 1250), «дэкаратыўны стыль» (1250—1340), «перпендыкулярны стыль» (1340—1550). Гатычныя храмы вылучаюцца маштабнасцю, дамінантамі вежаў, шырокімі фасадамі з развітым дэкорам, нервюрнымі скляпеннямі; ім характэрна спалучэнне простых і масіўных выцягнутых аб’ёмаў, багацце дэкар. разьбы на фасадах, ускладненыя ўзоры, дэкар. і канструкцыйныя эфекты: саборы ў Кентэрберы (1070—1509), Дарэме (1-я пал. 12 ст.), Солсберы (1220—66), Уэлсе (1230—33), Лінкальне (1075—1380), Вестмінстэрскага абацтва ў Лондане (13 ст.). «Перпендыкулярны стыль» вызначаецца пышнасцю аздобы і пластычных эфектаў нервюрных скляпенняў: сабор у Глостэры (1351—1407), капліца Каралеўскага каледжа ў Кембрыджы (1446—1515). Рэфармацыя і англ. рэвалюцыі 17 ст. паўплывалі на станаўленне свецкага характару мастацтва і рацыянальных схем у архітэктуры. Класіцызм развіваў традыцыі архітэктара позняга Адраджэння А.Паладыо. Пабудовам і гар. ансамблям уласцівы строгасць і яснасць формаў, ураўнаважанасць і ўрачыстасць кампазіцыі: Фіцрой-сквер у Лондане (арх. Р. і Дж.​Адам, 1790—1800), пл. Шарлоты ў Эдынбургу (арх. Адам, 1792—1807). Вяршыня англ. класіцызму — сабор св. Паўла ў Лондане (арх. К.​Рэн, 1675—1710). У архітэктуры 18 ст. панавалі пышныя формы барока (Дж.​Ванбру, Н.​Хоксмар). У.​Кет і У.Чэймберс распрацавалі тып «англійскага парку» (парк у Бленіме). У выніку прамысл. перавароту канца 18 — пач. 19 ст. гарады цэнтр. Англіі (Манчэстэр, Бірмінгем, Шэфілд) і паўд. Шатландыі (Глазга) ператварыліся ў вял. індустр.-гандл. цэнтры. З 19 ст. англ. архітэктары распрацоўваюць прынцыпы тыповай, масавай гар. забудовы, складаныя метал. канструкцыі мастоў і перакрыццяў (інж. Т.​Тэлфард, Р.​Стывенсан). «Крыштальны палац» у Лондане (арх. Дж.​Пакстан, 1851) са зборным метал. каркасам і шкляным запаўненнем стаў маніфестам рэвалюцыі ў еўрап. архітэктуры. Гэтаму кірунку процістаялі тэндэнцыі неакласіцызму (Брытанскі музей у Лондане, арх. Р. і С.​Смёрк, 1823—57) і неаготыкі (Парламент у Лондане, арх. Ч. і Э.​Бэры, А.​П’юджын, 1840—68), а потым і эклектызм. Адначасова ідуць пошукі рацыянальнай сціпласці і ўтульнасці ў архітэктуры жылля, пераважна загарадных дамоў (Б.​Скот, Н.​Шо, Ч.​Ф.​Войзі). У 20 ст. хаатычны рост гарадоў і прыгарадаў з малапавярховай забудовай спарадзілі новыя тэндэнцыі ў горадабудаўніцтве: Э.Хоўард і Р.​Ануін першымі распрацавалі праекты гарадоў-садоў і гарадоў-спадарожнікаў. П.​Гедэс і Л.П.Аберкрамбі стварылі праекты комплекснай планіроўкі прамысл. раёнаў. У пач. 20 ст. побач з прадстаўнікамі неакласіцызму (Э.​Лачэнс) і неаготыкі (Т.Скот Малодшы) выступалі ініцыятары стылю мадэрн і рацыяналізму (Ч.Макінташ), а у 1920—30-х г. — і функцыяналізму (М.​Фрай, О.​Уільямс). Пасля 2-й сусв. вайны рэканструяваны разбураныя гар. раёны. Прынцып мікрараянавання выкарыстоўваўся да 1960-х г. Сярод пабудоў вылучаюцца Каралеўская канцэртная зала (арх. Р.​Мэцью, Л.​Марцін, 1949—51), Культурны цэнтр Барбікан (1984) — абодва ў Лондане, сабор у Ковентры (арх. Б.​Спенс, 1954—62).

Выяўленчае мастацтва. У раннім сярэднявеччы была пашырана кніжная мініяцюра («Ліндысфарнскае евангелле», каля 681—721). Блізкія да мініяцюры па стылі і першыя насценныя размалёўкі (саборы ў Кентэрберы, 12 ст.; у Чычэстэры, каля 1260). Гатычная скульптура была падпарадкавана дэкар.-арнаментальным мэтам (надмагілле Эдварда II у саборы у Глостэры, 14 ст.); развіваліся жывапіс (алтар у Вестмінстэры, канец 13 ст.) і вітраж (капліца св. Тройцы сабора ў Кентэрберы, пач. 13 ст.). У 14 ст. з’яўляецца станковы, у т. л. партрэтны, жывапіс. Тонкасцю і вытанчанасцю адметныя тагачаснае ткацтва, вышыўка, дыванаробства, разьба па дрэве і косці, ювелірная справа. Рэнесансавыя традыцыі ў мастацтве Вялікабрытаніі не мелі такой сілы, як у інш. еўрап. краінах. У жывапісе 16—17 ст. пераважаў партрэтны жанр (мініяцюрысты Н.​Хіліярд, А.​Олівер, С.​Купер, жывапісцы У.​Добсан, Дж.​Райлі). Выяўл. мастацтва дасягнула росквіту ў 18 ст. ў творах рэаліста і сатырыка У.Хогарта, у багатых па каларыце партрэтах Дж.Рэйналдса, Т.Гейнсбара, Г.​Рэберна, Дж.​Опі, якія спалучалі парадную імпазантнасць з натуральнасцю і адухоўленасцю вобразаў, трапнасцю, сац. і індывід. характарыстыку з віртуознай лёгкасцю і свабодным жывапісам. Эфектныя партрэты стваралі Дж.​Ромні, Т.​Лорэнс і інш. У 2-й пал. 18 ст. развівалася нац. школа пейзажа: рамант. рысамі адзначаны паэт. работы Гейнсбара і Дж.​Крома, акварэлі Дж.​Козенса і Т.​Гёртына. Жанравы жывапіс прадстаўлены творамі Дж.​Морленда і Дж.​Райта. У 17—18 ст. распрацоўваліся высокамастацкая мэбля (Т.​Чыпендэйл, Дж.​Хеплуайт, Т.​Шэратан), вынайдзены англ. крышталь і фаянс (вырабы мануфактуры Дж.​Уэджвута з рэльефамі ў ант. формах), працавалі шпалерныя мануфактуры ў Мортлейку, заводы фарфору ў Боу, Чэлсі, Вустэры, Дэрбі. У графіцы 18 — 1-й пал. 19 ст. важнае месца належала паліт. і быт. карыкатуры (Дж.​Гілрэй, Т.​Роўлендсан), рэпрадукцыйнай гравюры. Т.​Б’юік вынайшаў тарцовую ксілаграфію. У 1-й пал. 19 ст. жывапіс рамантызму дасягнуў вяршыні ў творах У.Блейка і перадімпрэсіяністычных краявідах У.Тэрнера. Пленэрныя рэалістычныя пейзажы ствараў Дж.Констэбл, пейзажы і гіст. палотны Р.Бонінгтан, акварэль развівалі Дж.​С.​Котмен і Д.​Кокс. У сярэдзіне і 2-й пал. 19 ст. мастакі-прэрафаэліты (Д.​Г.​Расеці, Э.​Мілес, Х.​Хант, У.​Морыс, Э.Бёрн-Джонс) імкнуліся да яснай прыгажосці, эстэтызацыі прадметнага асяроддзя. Графіка О.Бёрдслі прадвызначыла сецэсію ў еўрап. мастацтве. Каларыстыка твораў Дж.Уістлера стала першаасновай імпрэсіянізму. Жанравы жывапіс 2-й пал. 19 ст. нясе адбітак сентыментальнасці і літ. займальнасці (У.​Сікерт, У.​Стыр, У.​Фрыт, Х.​Херкамер). У мастацтве 20 ст. росквіт рэаліст. партрэтнага і жанравага жывапісу і графікі (Ф.Брэнгвін, О.​Джон, У.​Орпен), спалучаўся з нараджэннем новых авангардных плыняў: фавізм (М.​Сміт, А.​Хітчэнс), футурызм і кубізм (У.​Льюіс), сюррэалізм (С.​Спенсер, Г.​Сазерленд, П.​Нэш, Ф.​Бейкан), абстракцыянізм (Б.​Нікалсан, Б.​Хепуарт), сюррэалізм і абстракцыянізм (Г.​Мур, К.​Армітэдж), поп-арт (П.​Філіпс). Гл. таксама раздзел Архітэктура і выяўл. мастацтва ў арт. Шатландыя, Паўночная Ірландыя, Уэльс.

Музыка. Вытокі музыкі Вялікабрытаніі — у муз. культуры стараж. кельцкіх плямён, носьбітамі якой былі барды. Муз. фальклор народаў Брытанскіх а-воў адметны нац. своеасаблівасцю, аднак мае агульныя рысы — ладавую сістэму, элементы шматгалосся, дакладную рытміку. Асн. інстр. жанры — танцы жыга, кантрданс, хорнпайп. Сярод найб. стараж. інструментаў: пайп (дудка), рэкордэр (флейта), фідль (скрыпка), тэйбар (барабаны); пазней з’явіліся арфа, ліра, лютня, валынка і інш. З усталяваннем хрысціянства развівалася царк. прафес. муз. мастацтва. У сярэдневяковай царк. музыцы Вялікабрытаніі панаваў грыгарыянскі харал, літургія суправаджалася ігрой на аргане. Ранні ўзор свецкага шматгалосся — 6-галосы падвойны канон «Лета прыйшло» (на мяжы 14 ст.). Нармандскія заваёўнікі прынеслі ў Вялікабрытанію мастацтва менестрэляў і трубадураў. У канцы 14 — пач. 15 ст. паявіліся прыдворныя капэлы. У 1-й пал. 15 ст. вылучылася англ. школа поліфаністаў на чале з Дж.​Данстэйблам, якая заняла гал. месца ў еўрап. поліфанічным мастацтве. У эпоху Адраджэння музыка ўвайшла ў побыт англ. арыстакратаў і гараджан, пашырыліся кансорты — садружнасці людзей, якія ігралі на розных інструментах, з’явіліся салісты-інструменталісты. У 16 ст. ў царк. музыку ўведзены буйныя формы — меса, магніфікат і інш., у свецкую — мадрыгал (У.​Бёрд). У 16—17 ст. працавалі пачынальнікі еўрап. клавірнай музыкі кампазітары Дж.​Бул, А.​Гібанс, К.​Тай, Дж.​Тавернер, Т.​Таліс, Дж.​Даўленд. У пач. 17 ст. фарміруецца англ. муз. т-р, што ўзяў пачатак ад містэрый, музыку да якіх пісалі А.​Ферабоска, браты Г. і У.​Лоўс і інш. У час панавання пурытан (сярэдзіна 17 ст.) развіццё свецкай музыкі прыпынілася, асн. муз. жанрамі сталі рэліг. гімны, псалмы і хары на біблейскія тэксты, блізкія да нар. песеннасці. Пасля рэстаўрацыі Сцюартаў (1660) у муз. культуру зноў пачалі пранікаць ідэі Адраджэння, уплывы свецкай музыкі, што адбілася на творчасці Г.Пёрсела, стваральніка адной з першых англ. опер «Дыдона і Эней» (1689). Муз. культура 1-й пал. 18 ст. звязана з імем Г.Ф.Гендэля. У 18—19 ст. у муз. культуры Вялікабрытаніі панавалі іншаземныя ўплывы, асабліва італьян. опера. Захапленне ёю высмеяна ў парадыйнай «Оперы жабрака» (1728) Дж.​Гея і І.​К.​Пепуша, якая дала пачатак т.зв. баладнай оперы, звязанай з традыцыямі менестрэляў. Творчасць кампазітараў 18—19 ст. (Т.​Арн, У.​Бенет, Г.​Бішап, М.​Балф, Дж.​Барнет) звязана пераважна з т-рам. У канцы 19 ст. папулярныя былі аперэты А.​Салівена і С.​Джонса. У 19 ст. Лондан — адзін з цэнтраў еўрап. муз. жыцця. Тут гастралявалі Ф.​Шапэн, Ф.​Ліст, Н.​Паганіні, Г.​Берліёз, Р.​Вагнер, Дж.​Вердзі, А.​Дворжак, П.​Чайкоўскі, А.​Глазуноў; створаны т-р «Ковент-Гардэн» (1732), Каралеўская акадэмія музыкі (1822), Трыніты-каледж (1872), Каралеўскі муз. каледж (1883), Акадэмія старадаўняй музыкі (1770), Кэтч-клуб (1761), шматлікія муз. т-вы. З 1784 у Лондане праводзяцца Гендэлеўскія фестывалі (з 1857 рэгулярна). Заснаваны фірмы муз. інструментаў «Бродвуд», «Хіл і сыны». З канца 19 ст. развіваецца муз. навука (сярод музыказнаўцаў Дж.Гроў). На мяжы 19—20 ст. узнікла т.зв. англ. муз. адраджэнне. Сярод прадстаўнікоў новай англ. кампазітарскай школы Э.​Элгар, Х.​Пэры, Ф.​Дыліус, Г.​Холст, Р.Воан-Уільямс, Дж.​Айрленд, Ф.​Брыдж. Адзін з буйнейшых майстроў англ. музыкі 20 ст. Б.Брытэн. Сярод інш. дзеячаў муз. культуры кампазітары М.​Тыпет, Л.​Берклі, А.​Бліс, А.​Бенджамін; дырыжоры Дж.​Барбіролі, Т.​Бічэм, М.​Сарджэнт, А.​Боўлт; піяністы Дж.​Мур, Дж.​Огдан; вакалісты К.​Ферыер, Дж.​Мак-Кормак, П.​Пірс і інш. Сярод шматлікіх эстр. ансамбляў найб. вядомы «Бітлз», «Ролінг-Стоўнз», «Куін» і інш. У Лондане працуюць т-ры «Ковент-Гардэн» і «Сэдлерс-Уэлс», Англійская нац. опера, Каралеўскі балет, сімф. і камерныя аркестры, у т. л. Лонданскі філарманічны аркестр, Бі-Бі-Сі і інш.

Тэатр. Вытокі англ. т-ра звязаны з абрадавымі гульнямі. З 11 ст. існаваў царк. т-р як частка рэліг. рытуалу (літургічная драма, міракль). У пач. 13 ст. з пераносам царк. паказаў на гар. плошчы закладзены пачатак нар. містэрыяльнага сярэдневяковага т-ра (містэрыі, маралітэ, фарсы). У 14—16 ст. склаўся прафес. т-р. У 16 ст. з’явіліся вандроўныя трупы, аматарскі школьны т-р. Росквіту англ. тэатр. мастацтва і драматургія дасягнулі ў эпоху Адраджэння. Драматургія У.​Шэкспіра на многія стагоддзі стала школай акцёрскага майстэрства. Найб. вядомыя тагачасныя акцёры Э.​Алейн і Р.Бёрбедж. Пабудаваны тэатр. памяшканні — «Тэатр» (1576), «Лебедзь» (1596), «Глобус» (1599) і інш., набылі папулярнасць дзіцячыя трупы хлопчыкаў. У канцы 16 — пач. 17 ст. тэатр быў пераважна нар. відовішчам, з 1620-х г. ён ператварыўся ў арыстакратычную забаву. У час бурж. рэвалюцыі пурытане спец. указам (1642) забаранілі тэатр. паказы. Аднавілася тэатр. дзейнасць з рэстаўрацыяй манархіі Сцюартаў (1660). У 1663 у Лондане адкрыты т-р «Друры-Лейн». Росквіт тэатр. мастацтва эпохі Асветніцтва звязаны з «камедыямі нораваў» Р.​Шэрыдана, творчасцю акцёра Д.Гарыка. Узвышаны стыль акцёрскага выканання, што панаваў у канцы 18 — пач. 19 ст., асабліва выявіўся ў творчасці Дж.Кембла і С.Сіданс. У рэпертуары т-раў 19 ст. пераважалі меладрамы, фарсы, перакладныя класічныя творы. Рамантычны кірунак у акцёрскім мастацтве звязаны з творчасцю Э.Кіна. У 2-й пал. 19 ст. ў Лондане пабудаваны новыя т-ры, набылі вядомасць акцёры і рэжысёры Ч.Кін, У.Макрэдзі, Г.Ірвінг і Э.Тэры (кіраўнікі т-ра «Ліцэум»). У 1890-я г. ўзніклі «Незалежны тэатр», «Олд Вік» і інш., якія прапагандавалі творы Б.​Шоу, Дж.​Голсуарсі. Разам з рэалістычным існавала пампезнае мастацтва акцёра і рэжысёра Г.Б.Тры; рэж. Т.Крэг вёў пошукі формаў сімвалісцкага т-ра. Дасягненні тэатр. мастацтва 20 ст. звязаны з творчасцю акцёраў Л.Аліўе, Дж.Гілгуда, А.Гінеса, В.Лі, Р.​Рычардсана, М.​Рэдгрэйва, П.Скофілда, С.Торндайк, Э.Эванс, П.Эшкрафт. Рэжысуру вызначаюць новае асэнсаванне шэкспіраўскай драматургіі, шырыня абагульненняў, вастрыня сцэн. прыёмаў (П.Брук, Т.​Гатры, Рэдгрэйв), імкненне да рэалізму (Дж.​Літлвуд, П.​Хол, Т.​Рычардсан). Пасля 2-й сусв. вайны ўзніклі т.зв. рэпертуарныя т-ры. Новы ўздым англ. т-ра пачаўся з п’есы Дж.​Осбарна «Азірніся ў гневе» (1956). З’явілася драматургія «раззлаваных маладых людзей», новая сацыяльна-быт. драма. Не абмінулі англ. т-р «эксперыментальныя» кірункі, што ўзніклі ў Еўропе ў 1950—60-я г., у т. л. «тэатр абсурду». Тэатр. калектываў з пастаяннай трупай і ўласным памяшканнем у Вялікабрытаніі амаль няма. Звычайна тэатр. будынкі здаюць у арэнду трупам, якія фарміруюцца для пастаноўкі адной п’есы. Выключэнне складаюць Каралеўскі Шэкспіраўскі тэатр і Нацыянальны т-р (створаны ў 1963 на аснове т-ра «Олд Вік»). Сярод тэатр. навуч. устаноў: Каралеўская акадэмія драм. мастацтва, Цэнтр. школа дыкцыі і драм. мастацтва (Лондан), Бірмінгемская школа дыкцыі і драм. мастацтва, тэатр. ф-т пры Брыстольскім ун-це. З 1947 у г. Эдынбург штогод праводзіцца Міжнар. фестываль музыкі і драмы.

Кіно. Пачаткам нац. кінавытворчасці лічыцца першы паказ англ. фільма, арганізаваны ў 1896 У.​Полам, які адначасова з братамі Люм’ер сканструяваў кінакамеру. Пол і рэжысёры т.зв. брайтанскай школы Э.​Колінз, Дж.​Уільямсан і Дж.​А.​Сміт выпускалі эксцэнтрычныя камедыі, экранізацыі, трукавыя фільмы. Вял. папулярнасцю карысталіся хронікі, дакумент. фільмы і кінамеладрамы. З 1906 у кінематаграфіі Вялікабрытаніі пачаўся працяглы крызіс; дэманстраваліся пераважна франц. экранізацыі і амер. «кінабаевікі». У 1927 парламент прыняў закон у падтрымку нац. кінематаграфіі, выпуск фільмаў павялічыўся. Асн. кінапрадукцыя 1930-х г. — меладрамы, фарсы і салонныя камедыі. Вылучаліся фільмы заснавальніка фірмы «Лондан філмс» рэж. А.​Корды, у якіх здымаліся вядомыя акцёры Ч.​Лоўтан, Р.​Донат, Л.​Хоўард, В.Лі, Л.Аліўе і інш. Вядомасць набылі дэтэктыўныя фільмы А.Хічкака, фільмы К.Відара («Цытадэль», 1938), К.​Рыда («Зоркі глядзяць уніз», 1939). У 2-ю сусв. вайну значных поспехаў дасягнула дакумент. кіно (рэж. Х.​Джэнінгс, С.​Джыліят, Ф.​Лаўндэр і інш.), якое паўплывала і на маст. кінематаграфію. Павялічыўся імпарт фільмаў ЗША (да 70%). Кінамастацтва пасляваен. гадоў дасягнула пэўных поспехаў у экранізацыях твораў У.​Шэкспіра («Гамлет», 1948, «Рычард III», 1955, рэж. абодвух Аліўе), у пастаноўках эксцэнтрычных, сатыр. камедый (А.​Макендрык, Г.​Карнеліус, Дж. і Р.​Боўлтынгі). Сярод лепшых фільмаў: «Шлях у вышэйшыя колы» (1958) Дж.​Клейтана, «Азірніся ў гневе» (1958), «Смак мёду» (1962) і «Том Джонс» (1963) Т.​Рычардсана, «У суботу ўвечары, у нядзелю ўранні» К.​Рэйса (1960), «Так званае каханне» Дж.​Шлезінгера і інш. Працавала кінагрупа дакументалістаў «Свабоднае кіно» (рэж. Л.​Андэрсан, Рэйс і інш.). З сярэдзіны 1960-х г. пачалася актыўная амерыканізацыя брыт. кінапрамысловасці. Асн. кінапрадукцыя — дэтэктыўныя фільмы, прымітыўныя камедыі. Сац.-крытычнай накіраванасцю вылучаліся фільмы рэж. Р.​Лестэра, П.​Уоткінса. Творчасць рэжысёраў рэаліст. кірунку звязана пераважна з тэлебачаннем. Сярод вядомых акцёраў: Дз.Богард, Р.Бёртан, М.Рэдгрэйв, В.Рэдгрэйв, П.Усцінаў і інш. Гал. навуч. ўстановы: Лонданская кінашкола, Нац. кінашкола, Каралеўскі каледж мастацтваў, Тэлевізійная кінаакадэмія ў Лондане. У г. Эдынбург штогод праводзяцца кінафестывалі (у рамках Міжнар. фестывалю музыкі і драмы).

Беларусы ў Вялікабрытаніі. Першая значная хваля бел. эміграцыі ў Вялікабрытанію ўзнікла пасля 2-й сусв. вайны. Аснову эміграцыі склалі беларусы, якія ўдзельнічалі ў ваен. дзеяннях саюзнікаў у складзе Другога корпуса Андэрса арміі. Разам з перасяленцамі іх было каля 15 тыс. У 1947 засн. Згуртаванне беларусаў Вялікабрытаніі (ЗБВБ) з аддзеламі ў Лондане (1947), Брадфардзе (1948), Манчэстэры (1948) і Бірмінгеме (1952); праз давераных прадстаўнікоў ЗБВБ праводзіла работу ў Кембрыджы, Нотынгеме, Лідсе, Ковентры. У 1948 засн. Хрысц. аб’яднанне бел. работнікаў у Вялікабрытаніі (ХАБР), Згуртаванне бел. камбатантаў, Бел. хрысц. акад. аб’яднанне «Жыццё», Бел. незалежніцкі нар.-хрысц. рух, Саюз журналістаў. У 1949 створаны Каардынацыйны цэнтр бел. арг-цый у Вялікабрытаніі, які ўзгадняў культ. і грамадскую працу, наладжваў сувязі з сародзічамі ў інш. краінах. Пасля легалізацыі ЗБВБ (1948) беларусы атрымалі ліцэнзію на стварэнне ўласных прадпрыемстваў. Былі адчынены бюро па перасылцы паштовых пасылак, стаматалагічная лабараторыя, фотастудыя. У 1948 беларусы купілі ў Лондане дом, дзе размясціліся рэдакцыі іх часопісаў і газет, б-ка, архіў, праводзіліся сходы, лекцыі, святкаванні нац. угодкаў, працавала нядзельная школа. У 1949 пачаў дзейнасць бел. клуб у Манчэстэры. На сабраныя грошы набыты дамы ў Брадфардзе (1952) і Манчэстэры, якія сталі цэнтрамі бел. жыцця. У 1963 пры ЗБВБ засн. дапамогавая секцыя, якая мае аўтаномію, кіруецца асобным статутам і распараджаецца фондам (папаўняецца сродкамі з касы ЗБВБ і ахвяраваннямі прыватных асоб). Фонд зарэгістраваны брыт. ўладамі і вызвалены ад падаткаў, што дае магчымасць фінансаваць працу замежных даследчыкаў у галіне беларусазнаўства, сельскай гаспадаркі, эканомікі, палітыкі, выплачваць стыпендыі маладым вучоным з Беларусі, якія стажыруюцца ў ВНУ Вялікабрытаніі, аказваць дапамогу ахвярам Чарнобыля на Бацькаўшчыне. У 1964 у Бел. доме ў Лондане адкрыты Бел. юнацкі клуб, які аказваў моладзі дапамогу ў вучобе, працавала дадатковая школа для дзяцей, танц. гурток. У 1970 у Брадфардзе адкрыты грамадскі клуб «Сакавік», які разам з брадфардскім аддзяленнем ЗБВБ займаўся культ. і грамадскай працай. Цэнтрамі навук.-культ. жыцця ў Вялікабрытаніі сталі Беларуская бібліятэка і музей імя Францішка Скарыны і Англа-беларускае таварыства (АБТ), якія ўзаемадзейнічаюць у арг-цыі і правядзенні семінараў, навук. канферэнцый, выставак, літ. вечарын і інш. З нагоды 60-х угодкаў БНР у маі 1978 у Лондане дзейнічала Бел. замежная пошта. Значную ролю ў духоўным і культ. жыцці беларусаў Вялікабрытаніі адыгрывае царква. Місіі Бел. аўтакефальнай правасл. царквы існуюць у Лондане, Манчэстэры, Брадфардзе, Нотынгеме, Кембрыджы. У 1947 створана Бел. каталіцкая місія. Пры Доме марыянаў у Лондане дзейнічае царква св. Пятра і Паўла, у 1961—15 тут працавала бел. школа для хлопчыкаў імя св. Кірылы Тураўскага. У 1989 у Лондане створаны Бел. к-т дапамогі ахвярам радыяцыі, які ўзначаліў айцец К.Надсан. Выдавецкую дзейнасць ажыццяўляюць ЗБВБ, ХАБР, АБТ, Бел. б-ка і музей імя Ф.​Скарыны і інш. На бел. мове выходзілі часопісы: грамадска-паліт. «Беларус на чужыне» (1947—50), «Аб’яднанне» (з 1948), «Патрыёт» (з 1949); навук. «The Journal of byelorussian studies» («Часопіс беларускіх даследаванняў», 1965—88); царк. «Божым шляхам» (1957—80), «Званіца» (1974), «На шляху» (1946—51), «Голас часу» (1989—95); маладзёжныя «Наперад» (1948—53), «Да мэты» (1948), сатырычны «Крапіва» (з 1949), бюлетэні «Змагар» (Згуртавання бел. камбатантаў, 1949—50), «Жыццё» (1948) і «Рунь» (Бел. хрысц.-акад. аб’яднання, 1950), «Чарнобыль у Беларусі» (з 1992), камунікаты Бел. выдавецкага фонду (1950), Бел. незалежнага нар.-хрысц. руху (1948—49). Выходзяць (1997): «Камунікат ЗБВБ» (з 1946), «Веснік Беларускага каталіцкага душпастырства» (з 1982).

Літ.:

Англия в эпоху абсолютизма: (статьи и источники). М., 1984;

Городецкая И.Е. Великобритания: избиратели, выборы, партии, 1945—1970. М., 1974;

Жигалов И.И. Современная история Великобритании (1945—1975). М., 1978;

Кертман Л.Е. География, история и культура Англии. 2 изд. М., 1979;

Аникст А. История английской литературы. М., 1956;

Английская литература, 1945—1980. М., 1987;

Daiches D. A critical history of English literature. Vol. 1-2, London, 1963;

Sanders A. The short Oxford history of English literature. London, 1996;

Виппер Б.Р. Английское искусство: Краткий ист. очерк. М., 1945;

Ковнацкая Л.Г. Английская музыка XX в.: Истоки и этапы развития. М., 1986;

Raynor H. Music in England. London, 1980;

Harrison F.L. Music in medieval Britain. 4 ed. Buren, 1980.

Ф.​С.​Фешчанка (прырода, гаспадарка), Н.​Я.​Арлова (гісторыя да канца 19 ст.), К.​А.​Далгучыц (гісторыя 20 ст), А.​П.​Ткачэнка (радыё, тэлебачанне), Н.​М.​Саркісава, В.​В.​Халіпаў (літаратура), В.​Я.​Буйвал (архітэктура, выяўл. мастацтва), Л.​А.​Сівалобчык (музыка), А.​С.​Ляднёва (беларусы ў Вялікабрытаніі).

Герб і сцяг Вялікабрытаніі.
Да арт. Вялікабрытанія. Плошча Пікадылі-сёркус у Лондане.
Да арт. Вялікабрытанія. Рачная даліна ва Уэльсе.
Да арт. Вялікабрытанія. Ландшафт на ПдЗ Шатландыі.
Да арт. Вялікабрытанія. Сабор у Кентэрберы. 1070—1503.
Да арт. Вялікабрытанія. Сабор у Лінкальне. 1075—1380.
Да арт. Вялікабрытанія. Каралеўскі замак у Віндзары. Канец 11 ст.
Да арт. Вялікабрытанія. Комплекс будынкаў універсітэта ў Оксфардзе.
Да арт. Вялікабрытанія. Інтэр’ер сабора ў Дарэме. 1-я пал. 12 ст.
Да арт. Вялікабрытанія. Сабор св. Паўла ў Лондане. 1675—1710.
Да арт. Вялікабрытанія. Дэкаратыўны парк палаца ў Бленіме.
Да арт. Вялікабрытанія. Культурны цэнтр Барбікан у Лондане. 1984.
Да арт. Вялікабрытанія. Дж.​Рэйналдс. Партрэт графіні Спенсер з дачкой. 1759—61.
Да арт. Вялікабрытанія. Англасаксонскія воіны. Мініяцюра з англійскага рукапісу 11 ст.
Да арт. Вялікабрытанія. Т.​Гейнсбара. Партрэт герцагіні дэ Бофарт (Дама ў блакітным). 1770-я г.
Да арт. Вялікабрытанія. Мініяцюра «Месяц жнівень». 14 ст. Лондан. Брытанскі музей.
Да арт. Вялікабрытанія. Адрыянаў вал. 122—133.
Да арт. Вялікабрытанія. Галава надмагільнай статуі Эдуарда II. Сабор у Глостэры. Каля 1331.
Да арт. Вялікабрытанія. У.​Блейк. Жыццё чалавека. 1820-я г.
Да арт. Вялікабрытанія. Н.​Хіліярд. Юнак сярод кустоў руж. Каля 1588.

т. 4, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)