АПАТРАПЕ́Й (ад грэч. apotropaios які адводзіць бяду),
амулет, абярэг, прадмет, выява або дзеянне, якім прыпісвалі магічную здольнасць засцерагаць ад няшчасця і злога духу.
Апатрапеямі былі выявы жахлівых божастваў, звяроў і прадметаў (егіпецкага Беза, Гарпагоны, льва, грыфона, фаласа, складзеных пальцаў і г.д.), якія насілі як нацельныя амулеты; архітэктурныя рэльефы ў выглядзе звярыных мордаў і падобныя выявы на пасудзінах, зброі; нацельныя крыжыкі і ладанкі, што быццам аберагаюць вернікаў ад «нячыстай сілы».
Бел.нар. назва абярэ́г. З эпохі палеаліту як апатрапей выкарыстоўвалі амулеты з зубоў, кіпцюроў і касцей жывёл. Розныя амулеты-апатрапеі былі ў эпоху язычніцтва і ранняга хрысціянства: у курганных могільніках 9—13 ст. на Беларусі знойдзены амулеты-падвескі (лунніцы, крыжыкі), амулеты-змеевікі, змеегаловыя бранзалеты і інш. Апатрапейная сімволіка прысутнічала ў традыц. сямейнай і каляндарнай абраднасці. На Палессі апатрапеем было «завівала», якім накрывалі маладую ў найб. адказныя моманты вяселля; да вянца незалежна ад пары года надзявалі верхняе суконнае або футравае адзенне. Апатрапейная заклінальная магія — неад’емная частка вясенне-летніх абрадаў: сцябанне людзей і жывёлы асвячонай вярбой з традыц. прыгаворамі, асвячэнне вуглоў новай хаты свянцонай вадою; магічны круг вакол двара ў час падрыхтоўкі да веснавой сяўбы; трохразовы абход жывёлы з магічнымі прадметамі і заклінаннямі перад першым выганам у поле; юраўская раса, абрадавае печыва ў выглядзе крыжа і інш. Апатрапейны кірунак мелі такія формы калектыўнай абраднасці, як абворванне вёскі, хрэсны ход, тканне ручніка за дзень ці ноч, здабыванне «жывога» агню трэннем і інш. Адным з дзейсных апатрапеяў здаўна лічыўся чырвоны колер і арнамент. Апатрапеем лічыліся хлеб, вада, агонь, раса, зямля, вострыя металічныя прадметы, чалавечыя валасы, бурштын, зерне, ільняное валакно і семя, мак, пахучыя расліны (цыбуля, часнок, мята, палын) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНВЕРГЕ́НЦЫЯ (ад лац. convergo набліжаюся, сыходжуся),
у біялогіі — набыццё падабенства далёкімі па паходжанні арганізмамі ў выніку прыстасавання іх да аднолькавых умоў існавання. Найчасцей закранае асобныя органы і абумоўлена падабенствам іх функцый, радзей ахоплівае ўвесь арганізм. Напр., канвергентнымі з’яўляюцца форма цела ў акул і тунцоў (рыб) і кітападобных (млекакормячых), форма цела ў скакальных млекакормячых, мікраскапічная будова хіцінавых утварэнняў насякомых і касцей вышэйшых жывёл. Падабенства прыкмет, якое з’явілася ў выніку К., наз.аналогіяй у адрозненне ад гамалогіі — падабенства, заснаванага на паходжанні розных груп ад агульнага продка шляхам дывергенцыі. Канвергентна могуць развівацца цэлыя біяцэнозы, што ўключаюць рады канвергентных відаў. У фізіялогіі — сыходжанне многіх нерв. імпульсаў да аднаго і таго ж нейрона (устаўнога ці эферэнтнага); стварае гал. перадумовы для інтэгратыўнай дзейнасці нерв. сістэмы. У этнаграфіі — незалежнае ўзнікненне аднолькавых, падобных з’яў (рыс, форм) у матэрыяльнай і духоўнай культуры, мове, самасвядомасці, сац. структуры і інш. этнасац. прыкметах розных народаў. этн. і этнагр. груп. Узнікае на глебе аднолькавых сац.-эканам., паліт., прыродна-геагр., этнагенетычных і інш. фактараў ці выпадкова. Напр., у эпоху ранняга сярэдневякоўя на землях Беларусі. Украіны і Расіі склаліся аднолькавыя формы і з’явы жыццядзейнасці (земляробства, жывёлагадоўлі, жылля, промыслаў і рамёстваў), абумоўленыя падобнымі прыродна-геагр. ўмовамі. У мовазнаўстве — збліжэнне або аб’яднанне некалькіх моўных сістэм у адну. Найб. пашыраны тып К. — стварэнне адзінай літ. мовы на аснове аб’яднання мясц. дыялектаў з перавагай рыс аднаго дыялекту. Сустракаюцца і інш. тыпы К., якія адбываюцца ў выніку кантактавання моў: кайнэ, піджыны, крэольскія мовы. Да К. адносяць і збліжэнне моў у выніку ўплыву агульнага для іх субстрату. Яна ахоплівае асобныя элементы моўнай сістэмы (фаналагічную сістэму, лексіку) або мову ў цэлым. К. і процілеглая ёй дывергенцыя — узаемазвязаныя моўныя працэсы.
І.У.Чаквін (у этнаграфіі), А.Г.Лукашанец (у мовазнаўстве).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРТАПЕДЫ́Я [ад арта... + грэч. pais (paidos) дзіця],
галіна медыцыны, якая вывучае прадухіленне, распазнаванне і лячэнне захворванняў, дэфармацый і вынікаў пашкоджанняў апорна-рухальнай сістэмы. Разам з траўматалогіяй складае адзіную ўрачэбную спецыяльнасць.
Заснавальнік навук. артапедыі — франц. ўрач Н.Андры (N.André), які ў 1741 увёў гэты тэрмін. Класічныя апісанні пашкоджанняў і захворванняў органаў апоры і руху і рэкамендацыі па іх лячэнні трапляліся яшчэ ў працах Гіпакрата і Ібн-Сіны. У пач. 16 ст.франц. ўрач А.Парэ распрацаваў метады ампутацыі канечнасцяў і прапанаваў апараты для выкарыстання іх пры артапедычных захворваннях. Прагрэсу артапедыі ў Расіі садзейнічалі працы Я.В.Мухіна (1806) пра асновы лячэння пераломаў і вывіхаў, М.І.Пірагова (1840), які распрацаваў вучэнне аб працэсах рэгенерацыі пасля аперацыі ахілавага сухажылля, увёў нерухомую гіпсавую павязку і інш. Працы М.П.Нікольскага (1870), М.Ф.Руднева (1880) садзейнічалі прагрэсу касцёва-пластычнай хірургіі, працы В.І.Разумоўскага, М.І.Студэнцкага, В.М.Шаўкуненкі (канец 19 — пач. 20 ст.) — развіццю артапедычных аперацый пры артрадэзіі, астэаміі, касалапасці. Пад кіраўніцтвам заснавальніка сістэмы артапедычнай дапамогі ў краінах б.СССР М.М.Прыёрава створаны Лячэбна-пратэзны ін-т (1921), метадычны цэнтр па артапедыі і траўматалогіі.
На Беларусі асобныя пытанні артапедыі пачалі вывучаць у 19 — пач. 20 ст. У ліку першых у Еўропе К.І.Гібенталь выкарыстаў гіпс для фіксацыі зламанай канечнасці (1812). Сістэматычныя даследаванні па артапедыі вядуцца з 1930-х г. у Бел.НДІ траўматалогіі і артапедыі, Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў, на адпаведных кафедрах мед. ін-таў. Развіццю артапедыі садзейнічалі працы М.Н.Шапіры, Б.Н.Цыпкіна, В.А.Маркса, Р.Х.Мінінай, І.Р.Варановіча, А.С.Крука, А.У.Руцкага, С.С.Навумовіча, А.А.Губко, А.М.Сакалоўскага і інш.Асн. кірункі даследаванняў: прафілактыка і лячэнне артапедычных захворванняў і траўмаў, распрацоўка метадаў і сродкаў мед. рэабілітацыі хворых і інвалідаў з прычыны ўскладненых пашкоджанняў касцей і суставаў, хірургічнага лячэння пухлін, ліквідацыі вынікаў дэгенератыўна-дыстрафічных працэсаў у касцях і суставах, эндапратэзаванне, удакладненне пытанняў дыягностыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНАТО́МІЯ (ад грэч. anatomē рассячэнне, расчляненне),
навука пра форму і будову асобных органаў, сістэм і арганізма ў цэлым; раздзел марфалогіі. Адрозніваюць анатомію чалавека (антрапатомію), анатомію жывёл (заатомію) і анатомію раслін (фітатомію). Самастойнай з’яўляецца параўнальная анатомія жывёл. Разам з фізіялогіяй анатомія складае аснову тэарэт. і практычнай медыцыны і ветэрынарыі.
У сваім развіцці анатомія чалавека і жывёл як навука прайшла шэраг этапаў. Першапачатковы, апісальны, этап узнік пры выкарыстанні метаду расчлянення, калі збіраліся і апісваліся факты пра будову цела чалавека і жывёл. Заснавальнік яе — фламандзец А.Везалій (16 ст.). Апісальную анатомію падзяляюць на сістэматычную (вывучае органы па сістэмах), тапаграфічную (разглядае будову і форму органаў і іх узаемаразмяшчэнне) і пластычную (даследуе статыку і дынаміку вонкавых формаў цела). Новы этап у развіцці анатоміі — функцыянальны — тлумачэнне назапашаных фактаў з пункту гледжання антагенезу і філагенезу і функцыянальнага назначэння органаў і сістэм. Сучасны этап — эксперыментальны — аналіз структурна-функцыянальнай арганізацыі органаў і сістэм у сувязі з рознымі фактарамі навакольнага асяроддзя. Вылучаюць таксама анатомію дынамічную, узроставую, мікраскапічную (гісталогія і цыталогія) рэнтгенаанатомію і інш. Заснавальнікі анатоміі: Арыстоцель, К.Гален, Везалій, Леанарда да Вінчы, У.Гарвей і інш. У Расіі найб. значныя даследаванні ў 18—19 ст. па пытаннях будовы і функцыі страўніка (А.П.Пратасаў), будовы нырак (А.М.Шумлянскі), стварэнні тапаграфічнай анатоміі (М.І.Пірагоў), рус.анат. тэрміналогіі (М.І.Шэін). У 19 ст.засн. першая рус.анат. школа (П.А.Загорскі, 1807), складзены анатамічны слоўнік (Н.М.Амбодзік-Максімовіч). Прагрэсу анат. навукі спрыялі таксама працы П.С.Лесгафта, Дз.М.Зёрнава, У.А.Беца, В.П.Вараб’ёва, У.М.Танкова, Дз.А.Жданава, Б.М.Долга-Сабурава і інш.
На Беларусі 1-е анатаміраванне цела праведзена ў 1586 у Гродне для ўдакладнення прычыны смерці караля Стафана Баторыя. Станаўленне сучаснай анат. навукі звязана з арганізацыяй у 1921 кафедры анатоміі на мед. ф-це БДУ. Заснавальнік — С.І.Лябёдкін, які стварыў нац. школу марфолагаў. Н.-д. работа вядзецца на кафедрах анатоміі Віцебскага, Гомельскага, Гродзенскага, Мінскага мед. ін-таў, Бел. акадэміі фізічнай культуры і спорту, у Віцебскай акадэміі вет. медыцыны, БДУ і інш. Значную ролю ў развіцці анатоміі адыгралі працы Д.М.Голуба па праблемах эмбрыягенезу чалавека і жывёл, вывучэнні структурнай арганізацыі вегетатыўнай нерв. сістэмы, нерв. шляхоў і дапаўняльных цэнтраў інервацыі. Высветлена анатомія сімпатычнага ствала, нерваў наднырачнікаў, крывяносных сасудаў і інш. органаў (А.С.Леанцюк, А.П.Амвросьеў, П.І.Лабко і інш.). Даследуюцца будова лімфатычных сасудаў касцей і суставаў (У.І.Ашкадзёраў), касцявы і перапончаты лабірынты чалавека і жывёл (З.І.Ібрагімава), узроставыя асаблівасці галаўнога мозга чалавека і яго артэрыяльных сасудаў (А.М.Габузаў). Існуе навук.т-ва анатамаў, гістолагаў і эмбрыёлагаў.
Літ.:
Анатомия человека. Т. 1—2. 2 изд. М., 1993;
Акаевский А.И. Анатомия домашних животных. 3 изд. М., 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПТУ́ШКІ (Aves),
клас пазваночных жывёл; наземныя двухногія яйцародныя амніёты, прыстасаваныя да палёту. 2 падкл.: яшчарахвостыя П. (гл.Археаптэрыкс) і веерахвостыя П., або новыя (сапраўдныя). 34 атр., у т. л. 28 сучасных, каля 9 тыс. відаў. Продкамі П. лічаць стараж. (трыясавых) паўзуноў атр. псеўдазухій. Пашыраны ўсюды. На Беларусі 19 атр., 307 відаў, з якіх гняздуюцца 226, сустракаюцца ў час міграцыі 26, зімуюць 11, вядомы як выпадкова залётныя 37; 75 занесены ў Чырв. кнігу. Большасць відаў арнітафауны належыць да атр.вераб’інападобных.
Памеры ад 5,5 см, масай 2 г (калібры) да больш як 2,5 м, масай да 150 кг (страус); размах крылаў да 4 м (альбатрос). Цела абцякальнай формы, укрытае пер’ем, пярэднія канечнасці ператвораны ў крылы. Шкілет лёгкі і трывалы (за кошт злучэння ці зрашчэння тонкіх пнеўматычных касцей). Грудзіна мае кіль (у бегаючых птушак адсутнічае) для прымацавання развітай лятальнай мускулатуры (у некат. відаў дасягае 50% масы цела). Шыйны аддзел з 11—25 пазванкоў, вельмі рухомы. Сістэма паветраных мяшкоў павялічвае газаабмен, забяспечвае тэрмарэгуляцыю, дазваляе змяняць шчыльнасць цела пры ныранні (у вадаплаўных П.). Скура без залоз (за выключэннем копчыкавай, якая выдзяляе сакрэт для змазкі апярэння). Пёры маюць розную будову (ніткападобныя, шчацінкі, пуховыя, контурныя) і функцыі (датыкальнага адчування, тэрмарэгуляцыі, спрыяюць абцякальнасці і ўзнікненню пад’ёмнай сілы пры палёце, ахоўваюць цела ад мех. пашкоджанняў). Дзюба (відазмененая сківіца без зубоў) пакрыта рагавым чахлом. У многіх відаў ёсць валлё. Страўнік падзелены на залозісты і мускульны (для мех. перацірання корму) аддзелы, кішэчнік доўгі. Задняя кішка і мачавы пузыр адсутнічаюць. Стрававальны тракт, мачаточнік і пратокі палавых залоз адкрываюцца ў клааку. Сэрца 4-камернае (у дробных відаў П. скарачаецца да I тыс. разоў за мінуту). Т-ра цела пастаянная, высокая (37,5—45,5 °C), абмен рэчываў інтэнсіўны, патрэбнасці ў корме вялікія (да 28% ад масы цела за дзень). Маюць вострыя каляровы зрок і слых, здольныя выдаваць разнастайныя гукі. Галаўны мозг з развітымі зрокавымі долямі і мазжачком забяспечвае высокі ўзровень нерв. дзейнасці і складаны тып паводзін. Размнажэнне цыклічнае, звязанае з сезонным развіццём палавых залоз. У час гнездавання могуць утвараць птушыныя базары. Апладненне ўнутранае, нясуць яйцы (ад 1 да 25). Па характары постэмбрыянальнага развіцця адрозніваюць вывадкавых птушак, паўвывадкавых птушак і птушанятных птушак. Жывуць асела, вандруюць або мігрыруюць (гл.Міграцыя жывёл, Кальцаванне птушак). Некат. пералётныя птушкі зімуюць на тэр. Беларусі, напр.: гракі, дразды, часам шпакі, крыжанкі, чыркі і інш. Шэраг відаў свойскіх і дэкаратыўных птушак, многія — аб’екты палявання (гл.Паляўнічыя жывёлы), некат. (арлы, сокалы, ястрабы) палююць на інш. жывёл. З пач. 16 ст. вымерла ці знішчана каля 170 відаў П. Адыгрываюць важную ролю ў харч. ланцугах біяцэнозаў, падтрымцы біял. разнастайнасці. Маюць вял.навук., гасп. і эстэт. значэнне. Існуе Міжнародны савет аховы птушак. Вывучае П. арніталогія.
Літ.:
Ильичев В.Д., Карташев Н.Н., Шилов И.А. Общая орнитология. М., 1982;
Никифоров М.Е., Яминский Б.В., Шкляров Л.П. Птицы Белоруссии. Мн., 1989;
Птицы Беларуси на рубеже XXI в. Мн., 1997;
Птушкі Еўропы: Палявы вызначальнік: Пер. з пол. Варшава, 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕЗАЗО́ЙСКАЯ ЭРАТЭ́МА (Э́РА),
мезазой
[ад мез(а)... +грэч. zōe жыццё],
другая эратэма слаёў фанеразою, якая ў агульнай стратыграфічнай шкале знаходзіцца паміж палеазойскай эратэмай (эрай) і кайназойскай эратэмай (эрай), і адпаведная ёй эра геал. гісторыі Зямлі. Вылучана у 1841 англ. геолагам Дж.Філіпсам. Пачалася каля 230 млн. гадоў назад і цягнулася каля 163 млн. гадоў. Падзяляецца на трыясавую сістэму (перыяд), юрскую сістэму (перыяд) і мелавую сістэму (перыяд).
У трыясавым перыядзе ў многіх абласцях Зямлі адбылося павелічэнне пл. кантынентаў. Мора пакінула платформы і асобныя ўчасткі геасінкліналяў (Кардыльеры). У канцы трыясу — пач. юры развіваліся старажытнакімерыйскія гораўтваральныя працэсы (Балканскі п-аў, Крым, Каўказ, Мангышлак, Індакітай, ПнУ Азіі). Пачалося драбленне мацерыка Гандвана, актывізавалася вулканічная дзейнасць (Афрыка, Паўд. Амерыка). У пач. юры апусканне значных участкаў сушы абумовіла новую трансгрэсію (наступанне вод мора на сушу), якая завяршылася ў канцы юры новакімерыйскай складкавасцю (гл.Мезазойская складкавасць). У 1-й палавіне мелавога перыяду мора пакрывала некаторыя ўчасткі Усх.-Еўрапейскай і Сібірскай платформы. У пач. позняга мелу адбывалася найб. ў М.э. (э.) трансгрэсія мора, якая пашырылася на б.ч.Паўд. паўшар’я. У Паўн. паўшар’і мора пакрыла Паўд. і Сярэднюю Еўропу. У мелавым перыядзе канчаткова распаўся мацярык Гандвана, з частак якога ўтварыліся сучасныя мацерыкі Паўд. паўшар’я. У канцы М.э. (э.) ларамійскія гораўтваральныя рухі адбываліся пераважна ўздоўж узбярэжжа Ціхага ак. (горныя сістэмы Паўн.-Усх. і Усх. Азіі, Скалістых гор, Андаў і інш.). М.э. (э.) адзначана істотнымі зменамі ў складзе арган. свету. З’явіліся дыятомавыя і харавыя водарасці, какалітафарыды. Сярод споравых пераважалі папараці. З канца трыясавага перыяду пачалі развівацца голанасенныя, хвойныя, гінкгавыя, бенетытавыя і сагоўнікавыя. У сярэдзіне мелавога перыяду дамінавалі пакрытанасенныя, што захаваліся да сённяшняга часу. Рэзка змяніўся ў мезазоі і склад беспазваночных жывёл. Дасягнулі росквіту галаваногія малюскі: цэратыты (трыяс), аманіты (юра), белемніты (мел). Існавалі таксама пласціністашчэлепныя, бруханогія, плечаногія, марскія вожыкі, каралы, губкі і інш. Характэрны гіганцкія паўзуны (дыназаўры, плезіязаўры, іхтыязаўры і інш.). З’явіліся першыя млекакормячыя і птушкі (юра, мел), пануючае становішча занялі касцістыя рыбы.
Марскія геасінклінальныя адклады прадстаўлены пясчанікава-сланцавымі, часам з эфузівамі, і вапняковымі тоўшчамі; платформенныя — пясчана-гліністымі пародамі з глаўканітам і праслоямі фасфарытаў, на ПдУсх.-Еўрапейскай платформы — тоўшчамі мергеляў і пісчага мелу; кантынентальныя ўтварэнні — чырванаколернымі і вугляноснымі тоўшчамі. Да адкладаў мезазою прымеркаваны радовішчы каменных і бурых вуглёў, нафты, баксітаў, каменнай і калійных солей, фасфарытаў і жалеза; у геасінклінальных абласцях Азіі і Амерыкі з імі звязаны радовішчы золата, серабра, волава, свінцу, цынку, медзі і інш.
На Беларусі вядомы адклады ўсіх 3 сістэм М.э. (э.). Макс. магутнасць іх да 800 м (цэнтр.ч. Прыпяцкага прагіну). У трыясе б.ч. тэрыторыі была сушай, толькі ў Прыпяцкім прагіне і Брэсцкай упадзіне спачатку існавалі прэснаводныя лагуны, пазней невял. азёры. Магутнасць трыясавых адкладаў 2—11 м (Брэсцкая ўпадзіна) і 450 м (Прыпяцкі прагін), прадстаўлены пясчана-гліністымі і глініста-мергелістымі пародамі, у ніжняй тоўшчы з рэшткамі філапод. астракод, абломкаў лускі і касцей рыб, харавых водарасцей. У перыяд юрскай трансгрэсіі мора пранікла на тэр. Беларусі з ПнУ і З. Мелкаводныя марскія басейны нармальнай салёнасці пакрылі ўсх. і зах.ч. тэрыторыі. Адклады. магутнасцю да 200 м, прадстаўлены тэрыгенна-карбанатнымі тоўшчамі (вапнякі, мергелі, гліны, пясчанікі, спангаліты). З канца юры да ранняга мелу існавалі кантынентальныя ўмовы. У мелавы перыяд трансгрэсіі і рэгрэсіі мора неаднаразова паўтараліся. У канцы маастрыхцкага веку мора поўнасцю пакінула тэр. Беларусі. Мелавыя адклады магутнасцю больш за 400 м (паўд.-зах. схіл Варонежскай антэклізы), складзены з пясчана-карбанатных, мергельна-мелавых і крамяністых парод, маюць у сабе рэшткі фарамініфер, астракод, белемнітаў, брахіяпод, пеліцыпод, касцістых рыб і інш. У адкладах мезазою на Беларусі выяўлены радовішчы бурага вугалю, мергельна-мелавых і крэменязёмістых парод і фасфарытаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫЛЛЁ,
збудаванні для жыцця і арганізацыі побыту чалавека, аховы ад неспрыяльных уздзеянняў прыродных фактараў. Тыпы Ж. вызначаюцца ўзроўнем развіцця прадукц. сіл грамадства, буд. тэхнікі, характарам сац. адносін, геагр. асяроддзя і традыцый арганізацыі сямейнага ладу; разнавіднасці, маст. і кампазіцыйныя асаблівасці, абсталяванне і ўпрыгожанне інтэр’еру — эстэт. густам чалавека.
Найб. простыя тыпы Ж. вядомы з часоў каменнага веку (пячоры, зямлянкі, паўзямлянкі, буданы, пабудовы на палях і інш.). Краінам з цёплым кліматам характэрны тып Ж. з групоўкай замкнёных звонку памяшканняў вакол унутр. адкрытых дворыкаў (мегароны Стараж. Грэцыі, атрыумна-перыстыльныя дамы Стараж. Рыма); у краінах з умераным і халодным кліматам будавалі прамавугольныя ў плане дамы з асвятленнем праз вокны ў сценах. З паяўленнем гарадоў вылучыліся тыпы гар. і сельскіх пабудоў. У гарадах побач з індывід. 1—2-павярховымі дамамі будавалі шматпавярховыя на некалькі сем’яў (інсулы Стараж. Рыма). Для сярэдневякоўя характэрны замкі і палацы — Ж. феадалаў. Складваліся тыпы сялянскага Ж., якое захавала свае характэрныя рысы на многія стагоддзі; у гарадах сфарміраваўся тып дома, дзе спалучаліся жылыя, гандл. і складскія памяшканні, майстэрні рамеснікаў. У буд-ве такіх дамоў выкарыстоўвалі драўляныя канструкцыі (на аснове каркаса ці зруба), а таксама цагляныя, каменныя і мяшаныя (тэхніка «прускага муру»). Высокім маст. узроўнем вызначалася архітэктура рэнесансу (гл.Адраджэнне), барока, класіцызму. Рост гарадоў і гар. насельніцтва ў 19 ст. прывялі да разбурэння структуры старых феад. гарадоў і, як вынік, да змены традыц. тыпаў Ж. Гар. Ж. 20 ст. развіваецца ў рэчышчы асн.арх. стыляў (мадэрн, канструктывізм, функцыяналізм і інш.; гл. таксама Урбанізм і Дэзурбанізм).
На Беларусі з прымітыўных відаў Ж. (ямы, пячоры, буданы) развіліся яго найб.стараж. формы, што адносяцца да эпохі палеаліту. Пабудовы мелі канструкцыйную аснову з касцей маманта (паселішча Бердыж Чачэрскага р-на). Для неаліту і бронз. веку характэрны паглыбленыя ў зямлю жылыя збудаванні з шатровымі дахамі (каля воз. Ліцін Калінкавіцкага, в. Лучын Рагачоўскага р-наў). Вядомы таксама збудаванні на палях і памостах (в. Асавец Бешанковіцкага р-на). У жал. веку будавалі паўзямлянкі слупавой канструкцыі (в. Малышкі Вілейскага р-на), якія з 5—8 ст. паступова змяніліся невял. наземнымі дамамі слупавой і зрубнай канструкцый, разлічанымі на адну сям’ю (в. Гарадзішча Мядзельскага, в. Тайманава Быхаўскага р-наў). Такое аднакамернае Ж. забяспечвала патрэбы сям’і і стала асновай для развіцця ўсіх тыпаў жылых сельскіх і гар. дамоў на Беларусі. У сярэдневякоўі вядомы зрубныя 1-, 2-, 3-камерныя дамы, якія разам з гасп. будынкамі складалі сядзібу. Архітэктура Ж., яго планіроўка і маст. асаблівасці вызначаліся заможнасцю гаспадара і арх.-буд. традыцыямі асобных гіст.-этнагр. рэгіёнаў (Паазер’е, Падняпроўе, Панямонне і інш.). Гар. Ж. 9—13 ст. у асноўным складалася з невял. адназрубных пабудоў, якія ставілі вельмі шчыльна (Брэст, Віцебск, Мінск, Полацк і інш.). Ж. феадалаў 14—16 ст. мела элементы абарончых збудаванняў (замкі, дамы-крэпасці). У 16—18 ст.гар. і местачковае Ж. характарызавалася ўскладненнем планіроўкі, пашырэннем мураванага буд-ва, буд-ва ў тэхніцы «прускага муру» і змешаных канструкцый. Дамы гандляроў і рамеснікаў стваралі аснову забудовы цэнтр. вуліц і плошчы (рынку), часам мелі на гал. фасадзе галерэю на слупах — падчэні (Іўе, Мір). У 18 ст. атрымаў пашырэнне гар. дом з мураваным гал. фасадам і драўлянай часткай у глыбіні двара (Нясвіж, Гродна, Паставы). З 17 ст. пашырылася буд-ва палацава-паркавых комплексаў. Асн. элементам іх стаў палац ці сядзібны дом з элементамі ордэрнай сістэмы, а таксама ў стылі рамантызму. З 2-й пал. 19 ст. ў сувязі з распрацоўкай планаў забудовы гарадоў структура гар. Ж. змянілася. Павялічылася буд-ва шматкватэрных жылых дамоў. У 1920-я г.буд-ва і рэканструкцыя Ж. пачалі ажыццяўляцца на планавай аснове. З’явіліся рабочыя пасёлкі (імя Камінтэрна ў Мінску і інш). У канцы 1920 — пач. 1930-х г. сталі будаваць шматпавярховыя шматкватэрныя дамы. Сац. ўмовы садзейнічалі з’яўленню новых тыпаў Ж.: інтэрнаты, дзіцячыя дамы, дамы-камуны, якія ўключалі і прадпрыемствы камунальна-быт. абслугоўвання. У Вял.Айч. вайну на Беларусі знішчана каля 400 тыс. жылых будынкаў, што патрабавала значных намаганняў для аднаўлення жылога фонду. З сярэдзіны 1950-х г. пашырылася буд-ва Ж. індустр. метадамі, выкарыстанне вял.арх. элементаў (панэльныя і аб’ёмныя блокі і інш), што дало магчымасць паскорыць тэмпы ўзвядзення будынкаў. Значныя аб’ёмы жыл.буд-ва садзейнічалі прагрэсіўным метадам планіроўкі і забудовы раёнаў. Сучасныя жылыя дамы маюць адпаведнае быт. і інж. забеспячэнне, адпавядаюць нормам сан. гігіены. Сталі пашыранымі малапавярховыя (1—2 паверхі), сярэдняй паверхавасці (3—5), шматпавярховыя (6—10), павышанай паверхавасці (11—16) і вышынныя (больш за 16 паверхаў), адна- ці шматсекцыйныя, калідорныя, галерэйныя, змешанай планіроўкі будынкі. Больш сталі будаваць дамоў катэджавага тыпу і аднаго з відаў часовага Ж. — садовых домікаў. Асн. тыпам сял. Ж. заставаліся зрубныя хаты пач. і сярэдзіны 20 ст. (гл.Драўлянае дойлідства). Сучасныя вясковыя жылыя дамы па планіровачнай арганізацыі і ўзроўні інж. абсталявання набліжаюцца да гарадскіх, у іх аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі і маст. вырашэнні адчуваецца імкненне да захавання традыц. вырашэнняў.
Літ.:
Воинов А.А. Жилищное строительство в Белорусской ССР. Мн., 1980;
Трацевский В.В. История архитектуры народного жилища Белоруссии. Мн., 1989;
Рэшткі жылля старажытнага Бярэсця. 12—13 ст.Да арт.Жыллё. Дом рамесніка ў г. Нясвіж Мінскай вобл. 1721.Да арт.Жыллё. Дом канца 19 — пач. 20 ст. Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту.Да арт.Жыллё. Жылы дом у г.п. Ветка Гомельскай вобл. 1950-я г.Да арт.Жыллё. Сядзібны дом у в. Чырвоны Бераг Жлобінскага раёна Гомельскай вобл.Да арт.Жыллё. Жылы дом у Мінску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́МНІКІ ГІСТО́РЫІ І КУЛЬТУ́РЫ,
аб’екты матэрыяльнай і духоўнай творчасці, якія маюць гіст. ці маст. каштоўнасць; своеасаблівае адлюстраванне гісторыі народа. Вылучаюць тыпалагічныя групы помнікаў: археалогіі, гісторыі, архітэктуры і горадабудаўніцтва, мастацтва, дакументальныя. П.г. і к. адыгрываюць важную ролю ў патрыят. і духоўным выхаванні людзей усіх дзяржаў і нацый, складаючы вобразны летапіс іх гісторыі 1 культуры. Найб. выдатныя помнікі сусв. значэння ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны. На тэр. Беларусі П.г. і к. сусв. значэння са снеж. 2000 з’яўляецца Мірскі замкава-паркавы комплекс. У 1972 прынята міжнар. Канвенцыя па ахове сусв.культ. і прыроднай спадчыны, падпісаная большасцю краін свету. У Рэспубліцы Беларусь П.г. і к. прызнаны ўсенар. набыткам і ахоўваюцца дзяржавай. У Расіі захады па ахове асобных помнікаў старажытнасці ўпершыню прыняты Пятром 1 (1718, 1722). Указамі 1838 і 1839 зацверджана дзярж. апека над помнікамі, пачалася работа па іх уліку і каталагізацыі. У сав. час выдадзена больш за 15 дэкрэтаў па ахове помнікаў. На Беларусі 24.12.1923 СНКБССР прыняў пастанову аб абавязковай рэгістрацыі і ахове помнікаў мастацтва, старажытнасці і прыроды, якія знаходзіліся ва ўласнасці ўстаноў, т-ваў, прыватных асоб. Да 1925 ахову помнікаў ажыццяўляў Наркамат асветы БССР, потым Інбелкульт. Першы спіс помнікаў культуры зацверджаны пастановай СНКБССР ад 5.7.1926. У 1950 і 1957 праведзена перарэгістрацыя помнікаў, што зберагліся, зацверджаны новыя спісы помнікаў ваен. гісторыі, археалогіі, архітэктуры і мастацтва, якія падлягалі дзярж. ахове. У снеж. 1966 створана Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры. З 1967 ахова помнікаў ускладзена на Мін-ва культуры БССР, а нагляд за іх станам — на выканкомы мясц. Саветаў і іх аддзелы культуры. У 1969 у БССР прыняты закон «Аб ахове помнікаў культуры», у 1978 — закон «Аб ахове і выкарыстанні помнікаў гісторыі і культуры», паводле якога з 1.11.1978 дзярж. кіраўніцтва па ахове помнікаў ажыццяўляў СМБССР, выканкомы абл., раённых, пасялковых Саветаў, а таксама ўпаўнаважаныя дзярж. органаў аховы помнікаў. У 1.984—88 выд-ва «Беларуская Энцыклапедыя» выпусціла «Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі» ў 7 тамах (8 кнігах), які стаў афіц. дакументам уліку помнікаў, што падлягаюць дзярж. ахове. 13.11.1992 прыняты закон Рэспублікі Беларусь «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны» (змены і дапаўненні 1995 і 1998), паводле якога дзярж. палітыка ў галіне ўліку і аховы гіст.культ. спадчыны ажыццяўлялася ўрадам рэспублікі праз спец.дзярж. орган — Дзярж. інспекцыю (у 1997 пераўтворана ў Камітэт па ахове гіст.-культ. спадчыны пры Мін-ве культуры). Матэрыяльныя аб’екты і нематэрыяльныя праяўленні чалавечай творчасці, якім у адпаведнасці з гэтым законам нададзены статус каштоўнасці, уносяцца ў Дзярж. спіс гіст.-культ. каштоўнасцей. Вінаватыя ў наўмысным разбурэнні і пашкоджанні помнікаў падлягаюць крымін. адказнасці. Кансервацыю і рэстаўрацыю помнікаў архітэктуры, выяўл. і дэкар.-прыкладнога мастацтва праводзяць пад кантролем К-та па ахове гіст.-культ. спадчыны дзярж. і прыватныя спецыялізаваныя прадпрыемствы: «Мінскрэстаўрацыя», «Брэстрэстаўрацыя», «Белбудэнерга» і інш. У 1970—89 Бел. добраахвотнае т-ва аховы помнікаў гісторыі і культуры выдавала інфармацыйны навук.-метадычны бюлетэнь «Помнікі гісторыі і культуры Беларусі», з 1989 сумесна з Бел. фондам культуры выдае час.«Спадчына». На тэр. Беларусі (кастр. 2000) зарэгістравана 17 769 нерухомых гіст.-культ. каштоўнасцей (помнікаў).
Да помнікаў археалогіі адносяцца: стаянкі і паселішчы, селішчы, гарадзішчы розных археалагічных культур, ч.стараж. гарадоў (вакольны горад, замчышчы, пасады); стараж. помнікі вытв. дзейнасці чалавека — руднікі, шахты крэменездабыўныя, майстэрні, ірыгацыйныя сістэмы, курганы, могільнікі, каменныя ідалы і крыжы, наскальныя малюнкі і помнікі эпіграфікі (Барысавы камяні), знаходкі першабытнага мастацтва, следавікі, свяцілішчы, месцы асобных знаходак археал. прадметаў (касцей выкапнёвых жывёл, скарбаў, затанулых стараж. суднаў і іх грузаў).
Помнікі гісторыі ўключаюць: стараж. прылады земляробства (саха, валакуша), вытв-сці і перапрацоўкі с.-г. прадуктаў (млыны, ветракі і інш.), прамысл. вытв-сці (будынкі мануфактур, першых фабрык, з-даў і майстэрняў), гідратэхн. і дарожнага буд-ва (каналы, дарогі, масты і г.д.), інж. гаспадаркі (унікальныя збудаванні, механізмы), рамесныя і гандл. цэнтры, цэнтры нар. промыслаў, мясціны і помнікі прац. дзейнасці, гіст.прамысл. будоўлі. Помнікі і памятныя мясціны, звязаныя з гісторыяй грамадска-паліт. рухаў, паліт. падзей, нар. паўстанняў, у т. л. з рэв. рухам дзекабрыстаў, рэв.-дэмакратаў, з кіраўнікамі і дзеячамі нац.-вызв. руху, з рэвалюцыяй 1905—07, Лютаўскай і Кастр. рэвалюцыямі 1917, грамадзянскай вайной і замежнай інтэрвенцыяй 1918—20. Помнікі і памятныя мясціны, звязаныя з дзярж. і грамадскім жыццём, уключаюць месцы гіст.нар. сходаў, будынкі дзярж. устаноў, будынкі, у якіх адбываліся важныя з’езды, кангрэсы, нарады. Помнікі і памятныя мясціны, звязаныя з жыццём і дзейнасцю нар. герояў, рэвалюцыянераў, герояў воінскай славы і працы, выдатных грамадска-паліт., дзярж., паліт. і ваен. дзеячаў. Да помнікаў гісторыі таксама адносяцца: будынкі, звязаныя з узнікненнем культ.-асв. устаноў, навуковых т-ваў, творчых саюзаў і інш. арг-цый, дзе працавалі выдатныя дзеячы культуры; памятныя мясціны, сядзібы, паркі, будынкі, звязаныя з жыццём і дзейнасцю вядомых асветнікаў, вучоных, пісьменнікаў, мастакоў, музыкантаў і інш.; магілы дзеячаў навукі і культуры і скульптурныя надмагіллі на іх. Помнікі барацьбы народа за сваю незалежнасць і мясціны воінскай славы ўключаюць месцы бітваў, месцы фарміравання нар. дружын і апалчэнняў, вайск. часцей, дыслакацыі партыз. атрадаў і злучэнняў, падп.патрыят. арг-цый, памятныя мясціны братэрства па зброі, брацкія і адзіночныя магілы сав. воінаў і партызан, помнікі ахвярам фашызму, помнікі аднавяскоўцам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну, месцы спаленых ням.-фаш. захопнікамі разам з жыхарамі вёсак; помнікі і памятныя знакі, звязаныя з ахвярамі рэпрэсій палітычных у СССР, з воінамі-інтэрнацыяналістамі, што загінулі ў Афганістане і інш. мясцінах. На месцы гіст. падзей ці ў іх гонар, на месцы пахаванняў ставяцца помнікі, сярод якіх шмат выдатных арх.-маст. твораў. Найб. пашыраны абеліскі, храмы, мемар. капліцы, манументы, стэлы, мемарыяльныя дошкі, арх.-маст. комплексы і інш. мемарыяльныя збудаванні.
Помнікі архітэктуры і горадабудаўніцтва ўключаюць: помнікі горадабуд. мастацтва — гіст. гарады (Гродна, Мінск, Полацк, Тураў і інш.) і іх часткі, рэшткі стараж. планіроўкі, буйныя арх. комплексы і ансамблі, якія вызначаюць сілуэт стараж. гарадоў і вёсак, іх панараму; жыллёвай архітэктуры — гар. і сельскія жылыя дамы, гасп. будынкі, палацы і палацава-замкавыя комплексы; грамадз. архітэктуры — будынкі ратуш, банкаў, судоў, навуч. устаноў, тэатраў, бальніц, вакзалаў, гандлёвыя будынкі, музеі; прамысл. архітэктуры — вытв. збудаванні; культавай архітэктуры — манастыры, цэрквы, саборы, касцёлы, капліцы, сінагогі, мячэці, кірхі; ваеннаабарончага дойлідства — равы, валы, дзядзінцы, вежы, абарончыя збудаванні; садова-паркавага мастацтва — планіроўка паркаў з насаджэннямі, фантанамі, каналамі, альтанкамі, паркавай скульптурай, малымі формамі ў архітэктуры; арх. манументы ў гарадах, на месцах пахаванняў, мемарыяльныя ансамблі на тэрыторыях, звязаных з гіст. падзеямі — абеліскі, стэлы, калоны, Курганы Славы, Курганы Дружбы, арх.-скульптурныя комплексы.
Помнікі мастацтва ўключаюць творы манум., выяўл.дэкар.-прыкладнога і інш. відаў мастацтва. Помнікі манум. мастацтва: манум. скульптуры — скульптурныя кампазіцыі, манументы, бюсты, надмагіллі, скульптура прыдарожная, рэльефы, мемарыяльныя дошкі; манументальнага жывапісу — унутр. і вонкавая размалёўка сцен, перакрыццяў; дэкар. мастацтва — арнаментальная і дэкар. размалёўка, дэкар. лепка, разьба па дрэве. Помнікі выяўл. мастацтва — творы станковага і дэкар. жывапісу, мініяцюры; станковая, газетна-часопісная, кніжная, прамысл.графіка, плакат, карыкатура; станковая скульптура і скульптура малых форм. Помнікі дэкар.-прыкладнога мастацтва — посуд, прылады працы, адзенне, ювелірныя і ткацкія вырабы.
Дакументальныя помнік і — акты органаў дзярж. улады і органаў дзярж. кіравання, інш. пісьмовыя і графічныя дакументы, кінафотадакументы і гуказапісы, а таксама стараж. і інш. рукапісы і архівы, запісы фальклору і музыкі, рэдкія друкаваныя выданні. Да П.г. і к. могуць быць аднесены і інш. аб’екты, якія маюць гіст., навук., мастацкую і інш.культ. каштоўнасць. Іл.гл. пры арт.Архітэктура, Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, Жывапіс, Манументальная скульптура, Манументальны жывапіс, Мемарыяльныя збудаванні і інш.
Літ.:
Короткевич В.Б. Памятники истории и культуры. Мн., 1978;
Кисель В.П. Памятники всемирного наследия. Мн., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАВІЛО́НА-АСІРЫ́ЙСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
культура народаў, што насялялі ў 4−1-м тыс. да н.э. Месапатамію (Двухрэчча Тыгра і Еўфрата, тэр. сучаснага Ірака) і стварылі буйныя дзяржавы — Шумер, Акад, Вавілонію і Асірыю.
Матэрыяльная культура Месапатаміі мела дастаткова высокі ўзровень. З 3-га тыс. да н.э. тут вядомы ліццё і коўка металаў, чаканка і філігрань. У ваен. тэхніцы выкарыстоўваліся калясніцы (пач. 2-га тыс.), панцыры з медных пласцінак (сярэдзіна 2-га тыс.), мячы, каменныя і наплаўныя масты і інш. У 7 ст. да н.э. ў Асірыі пабудаваны першы каменны акведук. Для практычнага гасп. выкарыстання распрацоўваліся сістэмы мер, метады вызначэння плошчаў і аб’ёмаў, што садзейнічала развіццю шумера-вавілонскай матэматыкі. Вавілонскія матэматыкі карысталіся шасцідзесяцярычнай сістэмай лічэння. На яе аснове былі створаны табліцы дзялення і множання лікаў, квадратаў і кубаў лікаў і іх квадратных і кубічных каранёў; маглі рашаць квадратныя ўраўненні, карысталіся правілам, якое зараз наз.Піфагора тэарэмай. Хімія ў вавіланян мела выключна дастасавальны характар: захаваліся рэцэпты вырабу бронзы, прыгатавання шматколернай палівы для керамікі. У сувязі з мараплаваннем развівалася астраномія. Вавілонскія астраномы адрознівалі планеты і зоркі. Кожная планета (акрамя Меркурыя) мела сваю назву, праводзіліся назіранні планет, быў адкрыты сарас — прамежак часу, праз які сонечныя і месяцавыя зацьменні паўтараюцца ў пэўнай паслядоўнасці. Адносна высокі ўзровень дасягнуты і ў медыцыне: сістэматызацыя захворванняў і лекавых сродкаў, анатамічныя апісанні асобных частак цела чалавека, хірургічныя аперацыі (ампутацыя, зрошчванне касцей і інш.).
Зачаткам гісторыі як навукі ў Вавілоне лічыцца «Спіс цароў», дзе выкладзены гіст. падзеі ад моманту, «калі царственнасць спусцілася з неба», і да больш позніх цароў. Спіс складзены каля 2100 да н.э. для абгрунтавання абсалютнасці царскай улады. Вяліся таксама спісы найб. прыкметных падзей, рабілася датаванне. Быў звычай закладваць у фундамент будынкаў для будучых пакаленняў царскія надпісы з апісаннем дзеянняў цароў. З сярэдзіны 8 ст. да н.э. вёўся рэгулярны летапіс. Да першых прац навук. характару адносяцца спісы знакаў пісьма (напачатку малюнкавых, потым клінапісных) і пераліку тэрмінаў, запісаных з дапамогай такіх знакаў. Упершыню яны былі складзены каля 3000 да н.э.
Міфы, што дайшлі да нас, адлюстроўваюць уяўленні народаў, якія займаліся ірыгацыйным земляробствам, жывёлагадоўляй і паляваннем. Паводле міфаў, свет створаны або багіняй-маці, або (у позніх міфах) мужчынскім бажаством (Энліль, Мардук); унутры зямлі знаходзіцца змрочны горад мёртвых. Вавілонскі міф 2-га тыс. да н.э. апавядае пра барацьбу старэйшых багоў (іх узначальвае пачвара — багіня Тыямат — «Мора») з малодшымі (на чале з богам Мардукам). Прыкметнае месца займае міф пра патоп і адзінага чалавека, які выратаваўся, — мудрага Зіусудру (шумерскае; акадскае — Утнапішты). Канкрэтныя рысы міфу надалі параўнаўча частыя ў Двухрэччы разбуральныя навадненні. Цыкл міфаў г. Урук звязаны з імёнамі герояў Энмеркара, Лугальбанды і Гільгамеша. Да нашага часу дайшлі пераважна запісы афіц. версій міфаў, прасякнутыя ідэяй чалавечага бяссілля перад багамі.
Рэлігіястараж. плямён Двухрэчча прайшла складаную эвалюцыю ад першасных культаў — фетышызму, татэмізму, анімізму праз політэізм да фарміравання монатэізму. У вераваннях шумера-акадскіх плямён спачатку пераважалі абшчынныя культы. З утварэннем рабаўладальніцкай Акадскай дзяржавы ўзніклі культы агульнадзярж. багоў Ана, Энліля і Энкі. З ператварэннем Вавілона ў цэнтр дзяржавы гал. богам стаў Мардук. У Асірыі быў пашыраны той жа пантэон багоў, дапоўнены асобнымі мясц. божаствамі, сярод якіх вярхоўным лічыўся Ашур — заступнік аднайм. горада Асірыі. Вавілона-асірыйская рэлігія ўключала таксама земляробскія культы, у прыватнасці культ бога Думузі (Тамуза), які памірае і ўваскрасае; у ёй былі пашыраны дэманалогія, магія, астральныя культы і да т.п. З вавілона-асірыйскай рэлігіі многае запазычылі наступныя рэлігіі, у прыватнасці іудаізм і хрысціянства.
Літаратура народаў Двухрэчча ў 1-й пал. 3-га тыс. да н.э. была вусная. Верагодна, менавіта ў гэты час узнікла частка шумерскіх эпічных песень пра герояў г. Урук — Энмеркара, Лугальбанду і Гільгамеша, якія дайшлі ў запісах 19—18 ст. да н.э., а таксама пра багіню Інін. 24—21 ст. да н.э. — перыяд росквіту гіст.-гераічнага эпасу на шумерскай і акадскай мовах пра дзейнасць і ваен. паходы цароў Саргана і Нарамсіна. Да 22 ст. да н.э. можна аднесці ўзнікненне акадскай эпічнай паэмы пра Гільгамеша, у якой з вял.маст. сілай расказваецца пра трагічны чалавечы лёс і пошукі бессмяротнасці. Да канца 3-га тыс. да н.э., відаць, адносяцца асн. вядомыя шумерскія літ. тэксты — афарыстычныя павучанні, пакаянныя псалмы, літургічныя «плачы», пахавальныя элегіі і інш. Класічная акадская (вавілонская) л-ра 16—12 ст. да н.э. складаецца з вял. касмаганічнага эпасу з 7 песень, у якіх апісваецца стварэнне свету з хаосу, а таксама барацьба старэйшага і малодшага пакаленняў багоў. Вял. колькасць акадскіх і частка шумерскіх тэкстаў, што дайшлі да нашага часу, захоўваліся ў Ніневійскай бібліятэцы асірыйскага цара Ашурбаніпала. Арыгінальныя літ. помнікі ў Асірыі амаль не ствараліся. Самаст. жанрам асірыйскай л-ры лічацца царскія аналы, напісаныя рытмічнай прозай, у якіх намаляваны яскравыя карціны ваен. паходаў і бітваў. Помнікі старой вавілонскай, а часткова і шумерскай, пераважна культавай, л-ры перапісваліся да I ст. да н.э. на жывой арамейскай мове. Амаль уся л-ра народаў стараж. Двухрэчча — вершаваная.
У маст. культуры стараж, свету важнае месца займаюць пластычныя мастацтвы плямён і народаў Месапатаміі 4—1-га тыс. да н.э. Тут складваліся і развіваліся многія формы архітэктуры, скульптуры і інш. формы ўвасаблення ў мастацтве чалавека і навакольнага свету, характэрныя для наступных эпох. Мастацтва 5—4-га тыс. да н.э. — гэта культавыя пасудзіны з гліны, расфарбаваныя геам. узорам і стылізаванымі выявамі птушак, звяроў і людзей, статуэткі з гліны. З сярэдзіны 4-га тыс. да н.э. тут з’явіўся ганчарны круг, развівалася буд-ва храмаў, сцены якіх часам аздабляліся геям. Мазаічнымі ўзорамі. У канцы 4 — пач. 3-га тыс. да н.э. развівалася круглая скульптура, дасягнула росквіту мастацтва гліптыкі. У эпоху ўзвышэння Шумера вызначальную ролю адыгрывала храмавая архітэктура, развіваўся тып шматступеньчатай вежы (зікурата) з «жыллём Бога» наверсе (зікурат у г. Ур, 22—21 ст. да н.э.). Дробная пластыка Шумера з каменю і бронзы вызначалася схематычнасцю, выявы на рэльефах былі плоскасныя і статычныя (т.зв. штандар з г. Ур — мазаіка з ракавін і лазурыту з батальнымі сцэнамі, каля 2600 да н.э.). Выдатныя залатыя прадметы з «царскіх» грабніц — арнаментаваны шлем, дыядэма і кінжал з ножнамі філіграннай работы і інш. Нешматлікія помнікі перыяду аб’яднання Месапатаміі пад уладай дынастыі Акада (24—22 ст. да н.э.) сведчаць пра ўзмацненне культу ўладара. Пры захаванні ўмоўных прыёмаў у рэльефах заўважаюцца памкненні да большай свабоды кампазіцыі, аб’ёмнасці фігур, увасаблення прыроды (стэла ў гонар перамогі Нарамсіна з батальнымі сцэнамі, статуя правіцеля Гудэа з г. Лагаш). Дасканаласці дасягнула тэхніка маст. апрацоўкі бронзы — ліццё, чаканка, гравіроўка. У аб’яднанай дзяржаве III дынастыі Ура (канец 22—21 ст. да н.э.) ва ўмовах жрэцкага бюракратычнага рэжыму ў маст. майстэрнях ствараліся гал. чынам рэльефы з кананічнымі сцэнамі пакланення божаствам. З 18 ст. да н.э. (перыяд узвышэння Вавілона) захавалася мала помнікаў: дыярытавая стэла з рэльефнымі выявамі і выкладаннем законаў цара Хамурапі; размалёўкі палаца ў Мары з культавымі сцэнамі і выявамі багоў і інш. Новы этап у развіцці мастацтва Месапатаміі звязаны з узвышэннем Асірыі. На мастацтва Асірыі (складвалася ў 2-м тыс. да н.э.) паўплывала культура стараж. плямён хурытаў, хетаў, дзяржавы Акад; развіваліся архітэктура, манум дэкар. і прыкладное мастацтва. Цэнтрамі рэгулярных па планіроўцы гарадоў сталі палацы-крэпасці са шматлікімі памяшканнямі вакол адкрытых двароў; парадныя арачныя парталы ўпрыгожваліся паабапал гарэльефамі ў выглядзе крылатых чалавека-быкоў «шэду». Сярод найб. значных комплексаў — палац Саргана II у Дур-Шарукіне (сучасны г. Харсабад) з храмамі, у т. л. свяцілішча з вежай-зікуратам. Для пластыкі Асірыі характэрны манум. рэльефы (часам фарбаваныя) з фрызавымі кампазіцыямі. Гіпертрафіраваная трактоўка мускулатуры і прапорцый чалавечага цела ў рэльефах 9 — пач. 8 ст. да н.э. (палац Ашурнасірпала II у Кальху) змянілася ў 2-й пал. 8 — пач. 7 ст. да н.э. рэльефамі больш свабоднай кампазіцыі апавядальнага характару (палац Сінахерыба ў Ніневіі). Рэльефы 7 ст. да н.э. вылучаюцца жыццёвай выразнасцю вобразаў, дынамізмам (сцэны палявання на львоў у палацы Ашурбаніпала ў Ніневіі). Нешматлікім помнікам круглай скульптуры (каменныя статуі цароў) уласцівы строгая кананічнасць, манументальнасць, арнаментальна-дэкар. трактоўка валасоў, адзення, атрыбутаў (статуі Ашурнасірпала II, Саламанасара III з Ашура). Пра жывапіс Асірыі можна меркаваць па фрагментах фрэсак з палаца ў Тыль-Барсібе («Два асірыйскія саноўнікі», «Паляванне на льва» і інш., 9—8 ст. да н.э.). Развіваліся таксама маст. ткацтва, разьба па косці і дрэве, апрацоўка металу. Пасля падзення Асірыі (канец 7 ст. да н.э.) мастацтва Вавілона зноў перажыло кароткачасовы росквіт (7—6 ст. да н.э., т.зв. новававілонскі перыяд), створаны цудоўны ансамбль г.Вавілон. Пасля заваявання Вавілона дзяржавай Ахеменідаў (539 да н.э.) і яго ўключэння ў дзяржаву Селеўкідаў (канец 4 ст. да н.э.) вавілонская культура зазнала ўплыў персідскага, а пазней і эліністычнага мастацтва.
Літ.:
Очерки по истории техники Древнего Востока. М.; Л., 1940;
Вайман А.А. Шумеро-вавилонская математика III — І тыс. до н.э.М., 1961;
Нейгебауер О. Точные науки в древности: Пер. с англ.М., 1968;
Кленгель-Брандт Э. Путешествие в древний Вавилон: Пер. с нем. М., 1979;
Клочков И.С. Духовная культура Вавилонии: человек, судьба, время: Очерки. М., 1983;
Дандамаев М.А. Вавилонские писцы. М., 1983;
Матвеев К., Сазонов А. Земля Древнего Двуречья: (Мифы, легенды, находки и открытия). М., 1986;
Козырева Н.В. Древняя Ларса: Очерки хоз. деятельности. М., 1988;
Оппенхейм А. Древняя Месопотамия: Портрет погибшей цивилизации: Пер. с англ. 2 изд. М., 1990.
Да арт. Вавілона-асірыйская культура. Зікурат у г. Ур. 22—21 ст. да н.э.Да арт. Вавілона-асірыйская культура. Статуя саноўніка Эбіх-іля з Мары. Фрагмент. Сярэдзіна 3-га тыс. да н.э.Да арт. Вавілона-асірыйская культура. Статуя правіцеля Гудэа з г. Лагаш. 22 ст. да н.э.Да арт. Вавілона-асірыйская культура. Рэльеф з палаца Саргана II у Дур-Шарукіне. 8 ст. да н.э.Да арт. Вавілона-асірыйская культура. Так званы штандар з г. Ур. Фрагмент. Каля 2600 да н.э.Да арт. Вавілона-асірыйская культура. Рэльеф з палаца Ашурнасірпала II у Кальху. 883—859 да н.э.Да арт. Вавілона-асірыйская культура. «Шэду» з палаца цара Саргана II у Дур-Шарукіне. 712—707 да н.э.Да арт. Вавілона-асірыйская культура. Шлем з г. Ур.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЫРГЫЗСТА́Н, Кыргызская Рэспубліка (Кыргыз Рэспублікасынын),
дзяржава на ПнУ Сярэдняй Азіі. Мяжуе на Пн з Казахстанам, на З з Узбекістанам, на Пд з Таджыкістанам, на ПдУ і У з Кітаем. Падзяляецца на 6 абласцей. Пл. 198,5 тыс.км². Нас. 4,6 млн.чал. (1997). Сталіца — г.Бішкек. Дзярж. мова — кіргізская, мова міжнац. зносін — руская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (31 жніўня).
Дзяржаўны лад. К. — дэмакр. рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1993, мадыфікаваная ў 1994. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца насельніцтвам на 5 гадоў. Вышэйшы прадстаўнічы і заканад. орган — аднапалатны парламент, 105 дэпутатаў якога выбірае насельніцтва тэрмінам на 5 гадоў. Выканаўчая ўлада належыць ураду, прэм’ер-міністра якога назначае прэзідэнт. Судовую сістэму краіны ўзначальвае Вярх.суд. Ніжэйшыя суд. звёны — абл. і раённыя суды. Суддзі выбіраюцца тэрмінам на 5 гадоў.
Прырода. К. — адна з высакагорных краін свету. Размешчана ў межах Паміра-Алая на ПдЗ і Цянь-Шаня на ПнУ. Характарызуецца вышынямі больш за 500 м, каля 72 яе плошчы ляжыць на выш. ад 1000 да 3000 м, 73 — ад 3000 да 4000 м. Хрыбты распасціраюцца ад горнага вузла з пікамі Перамогі (найвыш. пункт краіны, 7439 м) і Хан-Тэнгры (6995 м) трыма буйнымі дугамі. Паўн. дугу складаюць хрыбты Кюнгёй-Ала-Тоо, Кіргізскі, Таласкі Алатау, Чаткальскі; сярэднюю — хрыбты Тэрскей-Ала-Тоо, Молда-Тоо, Суусамыр-Тоо, якія на З прылягаюць да Ферганскага хр.; паўд. — хрыбты Ат-Башы, Какшаал-Тоо. На ПдЗ — хрыбты Алайскі, Туркестанскі, Заалайскі. Горныя хрыбты чаргуюцца з далінамі і катлавінамі, найб. з іх Чуйская, Ісык-Кульская, Талаская, Нарынская, Алайская, частка Ферганскай. Тэр. К. характарызуецца высокай сейсмічнасцю. Карысныя выкапні: ртуць (Хайдарканскае, Чаўвайскае радовішчы), сурма (Кадамджайскае, Тэрэк-Сайскае), свінцова-цынкавыя і жал. руды, нефелінавыя сіяніты, малібдэн, вальфрам, кобальт, волава, мыш’як, золата, медзь. Ёсць радовішчы каменнага і бурага вугалю, нафты і газу, солі, серы, барытаў. Вял. запасы буд. матэрыялаў (гліны, вапнякі, мармур, граніт). Каштоўныя і вырабныя камяні. Крыніцы мінер. вод. Клімат кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. ў Ферганскай даліне (Джалал-Абад) -1,5 °C, у паўн. далінах -5,3 °C, у высакагорных далінах -17,5 °C, ліп. адпаведна 25,7 °C, 22,9 °C, 9,2 °C. Ападкаў за год 100—200 мм на ўнутр. схілах гор, 400—500 мм у ніжніх зонах зах. і паўн. схілаў, 800—1000 мм на сярэдніх вышынях. На выш. больш за 5000 м клімат арктычны, летнія т-ры ніжэй 0 °C. Снегавая лінія на выш. 3500—4600 м. Пашыраны ледавікі, найб. з іх Паўд. Іныльчэк (даўж. 59,5 км), Паўн. Іныльчэк (38,2 км), Каінды (29 км). Агульная пл. зледзянення 6578 км². Гал. рэкі: Нарын, Чу, Талас, Кызыл-Суу, Сары-Джаз, Чаткал, іх жыўленне пераважна ледавіковае і снегавое. Каля 3 тыс. азёр; буйныя — Ісык-Куль (салёнае), Сонг-Кёль (прэснае), Чатыр-Кёль (саленаватае). Глебы пераважна горныя, у перадгор’ях да выш. 1200 м шэразёмы, у міжгорных упадзінах і на горных схілах да выш. 3000 м светла- і цёмна-каштанавыя, вышэй — горналугавыя; у Ісык-Кульскай катлавіне горныя чарназёмы, высока ў гарах высакагорна-пустынныя глебы. У перадгор’ях палыновыя, злакавыя і палынова-злакавыя стэпы, вышэй у гарах разнатраўна-злакавыя лугі. Вышэй зоны лугоў пачынаецца зона лясоў з грэцкага арэху, клёну, елкі, піхты, потым — высакагорныя лугі. У далінах і катлавінах Унутр. Цянь-Шаня камяністыя пустыні, сухія стэпы і паўпустыні. Жывёльны свет багаты і разнастайны: каля 80 відаў млекакормячых, 336 відаў птушак, каля 35 відаў паўзуноў і земнаводных, больш за 30 відаў рыб. Запаведнікі: Ісык-Кульскі, Сары-Чэлекскі, Беш-Аральскі, Сонг-Кёльскі, Нарынскі. Нац. парк Ала-Арча.
Насельніцтва. Большасць насельніцтва — кіргізы (60,8%). Жывуць рускія (15,3%), узбекі (14,3%), украінцы (1,5%), немцы, татары, казахі, карэйцы, уйгуры, таджыкі, дунгане і інш. Пануючая рэлігія — іслам суніцкага толку, ёсць хрысціяне (праваслаўныя). Сярэдняя шчыльн. 23 чал. на 1 км². Найб. шчыльна заселены даліны і міжгорныя катлавіны. У гарадах жыве 34% насельніцтва. Найб. гарады (тыс.ж., 1996): Бішкек — 595,3, Ош — 239, Джалал-Абад — 80, Такмак — 72, Балыкчы — 65, Кара-Балта — 55. У эканоміцы краіны занята (1996) 1650 тыс.чал., у т. л. ў сельскай і лясной гаспадарцы 49%, у прам-сці і буд-ве 16%.
Гісторыя. Людзі на тэр. К. пасяліліся больш за 300 тыс. гадоў назад. У далінах рэк Он-Арча (Цэнтр. Цянь-Шань) і Хаджа-Бакіргансай (бас.р. Сырдар’я) знойдзены прылады працы эпохі ніжняга палеаліту, у далінах рэк Ісфара, Капчыгай і Ахна — сярэдняга палеаліту (мусцьерская культура). У Чуйскай даліне, на берагах воз. Ісык-Куль і ў Цэнтр. Цянь-Шані выяўлены рэшткі неалітычных стаянак, з іх найб. вядомая пячора Ак-Чункур у даліне р. Сары-Джаз. Акрамя прылад працы і гліняных пасудзін тут захаваліся наскальныя выявы людзей і жывёл (3—4-е тыс. да н.э.). Да 5—3-га тыс. да н.э. адносіцца ўзнікненне жывёлагадоўлі і земляробства. У канцы 3 — пач. 2-га тыс. да н.э. тут пашырыліся медныя, потым бронзавыя прылады працы. У сярэдзіне 2 — пач. 1-га тыс. на Пд К. жылі земляробчыя (чусцкая культура), а на Пн пастухоўска-земляробчыя (адронаўская культура) плямёны. З пашырэннем жал. прылад працы (6—7 ст. да н.э.) склаліся 2 формы гаспадаркі — качавая жывёлагадоўля і земляробства. Паўн. раёны К. ўваходзілі ў саюзы качавых плямён: сакскі (7—3 ст. да н.э.) і усуньскі (2 ст. да н.э. — 1 ст.н.э.), паўднёвыя — у дзяржаву Паркан (2—1 ст. да н.э.) і Кушанскую дзяржаву (1—4 ст.н.э.). У 6—7 ст.тэр. К. ўваходзіла у склад Зах-Цюркскага каганата (гл.Цюркскі каганат), сталіца якога (г. Суяб) знаходзілася ў Чуйскай даліне. У пач. 8 ст. тут усталявалася ўлада плямён цюргешаў. У сярэдзіне 8 ст. з зах. Алтая на Цянь-Шань перасяліліся карлукі, якія стварылі Карлукскі каганат. Яго насельніцтва трымалася шаманізму, зараастрызму і хрысціянства, з 8 ст. пачалося пашырэнне ісламу. З сярэдзіны 10 да сярэдзіны 12 ст. К. з’яўляўся асн. удзелам Караханідаў дзяржавы. Толькі ў Чуйскай даліне было больш за 10 гарадоў — цэнтраў рамяства і гандлю, значнага развіцця дасягнула архітэктура (маўзалей ва Узгене, мінарэт Буран і інш.). У сярэдзіне 12 ст. большая частка К. заваявана кіданямі. У пач. 13 ст. сюды ўварваліся манголы, большая частка тэр. К. ўвайшла ў Джагатайскі (Чагатайскі) улус. У выніку манг. нашэсця былі зруйнаваны і разбураны гарады, спустошаны земляробчыя аазісы. Пануючай галіной гаспадаркі стала экстэнсіўная качавая і паўкачавая жывёлагадоўля. У 13—15 ст. з вярхоўяў р. Об на тэр. К. перасяліліся кімакска-кірг. плямёны, што сталі ядром аб’яднання разнастайных цюркскіх этнасаў у адзіную кірг. народнасць. Да канца 15 ст. склалася самаст.кірг. ханства. У 16—17 ст. яно вяло барацьбу за незалежнасць з Айрацкім ханствам, у канцы 17 ст. было ім заваявана. Пасля разгрому Айрацкага ханства маньчжурамі ў 1758—59 К. увайшоў у склад Цынскай імперыі, але яе ўлада была намінальнай. У 1830—40-я г. К. заваяваны Какандскім ханствам. Какандцы пабудавалі шэраг крэпасцей, на месцы іх выраслі гарады Пішпек (Бішкек), Такмак і інш. Грамадска-эканам. лад кіргізаў меў патрыярхальна-феад. характар, плямёнамі кіравала феад. знаць — манапы і баі. У 1860-я г. паўночны, а пасля ліквідацыі ў 1876 Какандскага ханства і паўд. К. увайшоў у склад Расійскай імперыі. У 1867—1917 у Туркестанскім ген.-губернатарстве, тэр. К. была падзелена паміж Сямірэчанскай, Сырдар’інскай, Ферганскай і Самаркандскай абласцямі. Спрыяльныя кліматычныя ўмовы прыцягвалі сюды і рус. сялян-перасяленцаў, колькасць якіх асабліва павялічылася ў час Сталыпінскай аграрнай рэформы. У выніку ў К. склаўся значны асяродак рускамоўнага насельніцтва. Пад яго ўплывам пачаўся пераход кіргізаў да аселасці. З’явіліся першыя прамысл. прадпрыемствы, у т. л. па здабычы вугалю ў Кызыл-Кіі і Сулюкце, нафты ў Майлі-Саі. Летам 1916 большая частка тэр. К. была ахоплена Сярэднеазіяцкім паўстаннем 1916.
Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 ў Расіі ў К. створаны Саветы рабочых і сял. дэпутатаў, узніклі першыя нац. аб’яднанні. 1.1.1918 сав. ўлада ўсталявана ў Пішпеку, а ў маі—чэрв. 1918 — на ўсёй тэр. К. З крас. 1918 К. у складзе Туркестанскай аўт.сав.сацыяліст. рэспублікі. У 1921 праведзена зямельна-водная рэформа на Пн, а ў 1927 і на Пд К. 2.10.1920 адбылася Джэтысайская мусульм.парт. канферэнцыя, з якой пачаўся ўдзел кірг. насельніцтва ў сацыяліст. будаўніцтве. 14.10.1924 створана Кара-Кірг. (з 25.5.1925 Кірг.) аўт. вобласць, якая 1.2.1926 ператворана ў Кірг.аўт.сав.сацыяліст. рэспубліку. 5.12.1936 абвешчана Кірг.Сав.Сацыяліст. Рэспубліка (КССР), 23.3.1937 прынята канстытуцыя К., а 23.4.1937 створана камуніст. партыя (бальшавікоў) К., пазней — Камуніст. партыя К. (КПК). У час існавання КССР (1936—91) адбыўся пераход кіргізаў да аселасці, была ліквідавана непісьменнасць, сфарміравана нац. інтэлігенцыя. У пач.перабудовы 1-м сакратаром ЦККПК выбраны А.Масаліеў (у крас.—снеж. 1990 Старшыня Вярх. Савета КССР) і прыняты закон аб дзярж. статусе кірг. мовы. Да 1990 узніклі апазіц. арг-цыі, найбуйнейшая з іх «Ашар». Яе дзеянні ў Ошскай вобл. прывялі да міжнац. сутыкненняў з узбекамі, у выніку якіх загінулі сотні людзей. Было ўведзена надзвычайнае становішча (скасавана ў вер. 1995). У 1990 Вярх. Савет выбраў першым прэзідэнтам А.Акаева. У снеж. 1990 КССР перайменавана ў Рэспубліку К. (з 1993 Кыргызская Рэспубліка). У жн. 1991 забаронена КПК (адноўлена ў сярэдзіне 1992). 31.8.1991 абвешчана незалежнасць К., 12.10.1991 на першых усенар. выбарах прэзідэнтам выбраны Акаеў (перавыбраны ў 1995). 13.12.1991 К. далучыўся да СНД. 5.5.1993 прынята канстытуцыя, якой К. абвешчаны парламенцкай рэспублікай. Паводле вынікаў рэферэндуму (кастр. 1994) створаны двухпалатны парламент (Жагорку кенеш), выбары ў які адбыліся ў лют. 1995. На рэферэндуме ў лют. 1996 большасць насельніцтва выказалася за пашырэнне паўнамоцтваў прэзідэнта, наданне рус. мове роўнага статуса з кірг., што зменшыла міграцыю рускамоўнага насельніцтва з К. (са 100 тыс. у 1994 да 20 тыс. у 1996). У сак. 1996 сумесна з Беларуссю, Расіяй і Казахстанам К. заключыў дагавор аб мытным саюзе. К. — член ААН (з 1992), Арг-цыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе, арг-цыі «Ісламская канферэнцыя», Сусв.гандл. арг-цыі (з 1998). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 21.1.1993.
Палітычныя партыі і рухі. Грамадз. рух «Адзілет», Агр. партыя К., Партыя нац. адраджэння «Асаба», Сац.-паліт. рух «Ашар», Партыя «Ата-Мекен», Дэмакр. партыя К., Кірг.камуніст. партыя, Аб’яднаная партыя К., Сацыял-дэмакр. партыя К. і інш.
Гаспадарка. К. — аграрна-індустр. краіна. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) у 1996 склаў 5,4 млрд.дол. ЗША (1140 дол. на душу насельніцтва). На долю дзярж. прадпрыемстваў і арг-цый прыпадала 24%, на долю прыватнага сектара — 72% занятых. Сельская гаспадарка — аснова эканомікі краіны, яе доля ў ВУП складае 43%. С.-г. ўгоддзі займаюць 6,8 млн.га, у т. л. ворныя землі 1,3 млн.га, сенажаці і пашы 5,5 млн.га. Пл. арашальных угоддзяў 1 млн.га. Гал. галіна сельскай гаспадаркі — жывёлагадоўля, якая дае 65% таварнай с.-г. прадукцыі. Вылучаецца танкарунная авечкагадоўля. Пагалоўе (тыс. галоў, 1996): авечак і коз — 3716, буйн. раг. жывёлы — 848, коней — 314, свіней — 88, птушкі — 2122. Вытв-сць мяса (у забойнай вазе) 180,2 тыс.т, малака 882 тыс.т, яец 159,3 млн. штук. Настрыг воўны 12,2 тыс.т. Развіта шаўкаводства (на Пд), пчалярства, рыбалоўства (на воз. Ісык-Куль). Земляробства пераважна ў далінах. Пасяўная пл. (тыс.га, 1996) 1193,6, у т. л. пад збожжавымі культурамі 616,2, тэхн. — 126, кармавымі — 363,9, бульбай і агароднінна-бахчавымі — 87,5. Збор (тыс.т) пшаніцы —964. ячменю — 166, кукурузы — 182, рысу — 9, цукр. буракоў — 189,8, бавоўны — 73,1, тытуню — 17,9, бульбы — 662,4 агародніны і бахчавых — 368,5. Сеюць эфіраалейныя культуры, лек. мак. Садоўніцтва, вінаградарства і субтрапічнае пладаводства (персікі, гранаты, хурма). Насенняводства (цукр. буракі, люцэрна). На долю прамысловасці прыпадае каля 13% ВУП. Вядучая галіна — машынабудаванне (27% прамысл. прадукцыі). Вытв-сцьс.-г. машын, металарэзных станкоў, электрарухавікоў, фіз. прылад, ЭВМ (Бішкек), электралямпаў (Майлуу-Суу), аўтаагрэгатаў (Джалал-Абад), электратэхнікі (Каракол), помпаў (Ош). Суднабудаванне і суднарамонт у г. Балыкчы. Здабыча і абагачэнне ртутных, сурмяных і свінцова-цынкавых руд, вытв-сць сурмы (Карамджай) і ртуці (Хайдаркан). Паліўнаэнергет. комплекс уключае здабычу каменнага і бурага вугалю (Кызыл-Кія, Таш-Кумыр, Сулюкта, Кок-Янгак), нафты і прыроднага газу (Майлуу-Суу). У 1996 здабыта 432 тыс.т вугалю, 84 тыс.т нафты, 25,6 млн.м³ прыроднага газу. Нафтаперапрацоўчы з-д у г. Джалал-Абад. Вытв-сць электраэнергіі пераважна на ГЭС (Курпсайская, Тактагульская, Учкурганская, Таш-Кумырская) і буйных ЦЭС (Бішкек, Ош). У 1996 выпрацавана 13,7 млрд.кВтгадз электраэнергіі. З галін лёгкай прам-сці вылучаецца першасная апрацоўка бавоўны і воўны (Ош, Такмак, Джалал-Абад, Кара-Суу). Развіты баваўняная, шаўковая (Ош), камвольна-суконная (Бішкек), гарбарна-абугковая (Бішкек, Ош, Каракол, Джалал-Абад), валюшна лямцавая (Такмак), трыкат. і швейная прам-сць. Вытв-сць дываноў (Кара-Балта, Узген). З галін харч. прам-сці развіты мяса-малочная (Бішкек, Ош, Балыкчы), цукр. (6 з-даў у Чуйскай даліне), кансервавая, алейнаэкстракцыйная, тытунёвая, кандытарская. Вытв-сцьбуд. матэрыялаў (цэмент, цэгла, шкло, жалезабетонныя вырабы і канструкцыі, вырабы з мармуру і граніту). Хім. і хіміка-фармацэўтычная прам-сць у Бішкеку. Дрэваапр.прам-сць, у т. л. мэблевая, у гарадах Бішкек, Ош, Джалал-Абад. Нар.маст. промыслы (Ош). Асн. від транспарту — аўтамабільны. Даўж. аўтадарог 19,3 тыс.км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 17,3 тыс.км. Гал. аўтадарогі: Бішкек—Нарын—Кёк-Айгыр, Бішкек—Алматы, Бішкек—Ош, кальцавая дарога вакол воз. Ісык-Куль. Даўж. чыгункі 371 км. Суднаходства па воз. Ісык-Куль. 2 аэрапорты. Праз тэр. К. праходзіць газаправод Бухара—Ташкент—Бішкек—Алматы, дзейнічае газаправод Майлуу-Суу—Джалал-Абад—Ош. Ісык-Кульская курортная зона (Чалпон-Ата, Джэргалан, Ак-Суу, Джэты-Агуз, Тамга), курорты Джалал-Абад, Ісык-Ата, Кызыл-Булак. Экспарт (580 млн.дол. ЗША, 1996) канцэнтратаў каляровых металаў, ртуці, сурмы, прадукцыі сельскай гаспадаркі, машынабудавання і лёгкай прам-сці. Імпарт (680 млн.дол. ЗША, 1996) машын і абсталявання, харч. прадуктаў. На краіны СНД прыпадае каля 60% гандл. сувязей. Асн.гандл. партнёры: Расія, Узбекістан, Казахстан, Кітай, ЗША, Афганістан. Знешнегандлёвы абарот К. з Рэспублікай Беларусь у 1997 склаў 17,5 млн.дол. ЗША. Грашовая адзінка — сом.
Узброеныя сілы. Складаюцца з рэгулярных узбр. сіл, унутр. войск і нац. гвардыі. Агульная колькасць (1996) каля 14 тыс.чал.Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Камплектаванне — па прызыве. У рэгулярных узбр. сілах 1 дывізія, 9 тыс.чал. асабовага складу. Ва ўнутр. войсках 3,5 тыс.чал. У нац. гвардыі 1 тыс.чал. На ўзбраенні розная баявая тэхніка і стралк. зброя.
Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 59,3, жанчын 68,9 года. Смяротнасць — 9 на 1 тыс.чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 95 чал., урачамі — 1 на 319 чал. Узровень нараджальнасці — 26 на 1 тыс.чал. Натуральны прырост 1,7%. Дзіцячая смяротнасць — 77 на 1 тыс. нованароджаных (1997).
Друк, радыё, тэлебачанне. Перыядычныя выданні К. выходзяць на кірг., рус., дунганскай і англ. мовах. У 1990-я г. выдаецца каля 140 газет і часопісаў, з іх каля 80 на кірг. мове. Найб. тыраж і папулярнасць маюць: штодзённыя грамадска-паліт. газеты «Эркін Тоо» («Вольныя горы», з 1924), «Асаба» («Сцяг»), «Кыргыз Туусу» («Сцяг Кіргізіі», з 1924), літ.-маст.газ. «Кыргыз маданіяты» («Кіргізская культура»), на кірг. і рус. мовах — «Республика», на рус. мове — «Слово Кыргызстана», «Вечерний Бишкек», «Утро Бишкека», грамадска-паліт. незалежная — «Дело — номер», на англ. мове — «The Chronicle of Kyrgyzstan» («Хроніка Кыргызстана») і інш. Працуе Кіргізскае тэлегр. агенцтва (Кыргызкабар, з 1936). Радыёвяшчанне з 1931 (2 праграмы, на кірг., рус., ням., дунганскай мовах). Рэтрансліруюцца таксама перадачы з Масквы, Алматы, Ташкента. Тэлебачанне з 1956 (на кірг. і рус. мовах).
Асвета. Сістэма адукацыі К. ўключае дашкольныя ўстановы, агульнаадук. школу, прафес.-тэхн., сярэднія спец. і вышэйшыя навуч. ўстановы. Агульнаадук. школа ўключае асн. (1—9 кл.) і сярэднюю (10—11 кл.) школы. Прафес.-тэхн. адукацыю даюць прафес. вучылішчы, сярэднюю спецыяльную — тэхнікумы. У сістэме вышэйшай адукацыі тэрмін навучання 4—6 гадоў (1996). Пасля 4 гадоў навучання выпускнікі атрымліваюць дыплом бакалаўра без права паступлення ў аспірантуру, пасля 5 гадоў навучання — дыплом з правам паступлення, пасля 6 — дыплом магістра. Буйнейшыя ВНУ: Кыргызскі дзярж.нац.ун-т (з 1951, больш за 13 тыс. студэнтаў) і Кыргызскі тэхн.ун-т (каля 14 тыс. студэнтаў) у Бішкеку. Вядучы навук. цэнтр, які ажыццяўляе і каардынуе асн. аб’ём навук. даследаванняў — Нац.АН Кыргызскай Рэспублікі (з 1954). Н.-д. работу вядуць таксама ВНУ і галіновыя н.-д. ўстановы. У Бішкеку буйнейшая Нац.б-ка Кыргызскай Рэспублікі, Дзярж.гіст. музей і Нац. музей выяўл. мастацтваў імя Г.Айтыева.
Літаратура К. ўзнікла на аснове традыцый вуснай нар. творчасці. Жанры кірг. фальклору разнастайныя: пастухоўскія, працоўныя, абрадавыя, лірычныя песні, галашэнні-кашокі, казкі, сказы, легенды, паданні і інш.Найб. значны фальклорны твор — гераічны эпас «Манас». Вядомы таксама і т.зв. малыя эпасы. Папулярызацыі фальклору садзейнічалі акыны Тактагул Сатылганаў, Тагалок Малдо, казачнік-манасчы С.Каралаеў. Запісы фалькл. твораў упершыню зрабіў у 1856 каз. вучоны Ч.Валіханаў. Пісьмовая л-ра К. зарадзілася ў 1920-я г. (паэт А.Такамбаеў, празаік К.Баялінаў). Найб. плённа ў гады станаўлення нац. л-ры развівалася паэзія (Такамбаеў, К.Малікаў, Т.Сыдыкбекаў, Дж.Баканбаеў, Дж.Турусбекаў, М.Элебаеў і інш.). У 1930—40-я г. ўзніклі літ. жанры: паэма (Малікаў, У.Абдукаімаў), драма (Турусбекаў, К.Джантошаў, Баканбаеў), раман (Джантошаў, Сыдыкбекаў) і інш. Паэзія вызначалася навізной вобразаў, грамадз. пафасам, публіцыстычнасцю, проза — маштабнасцю, пераканаўчасцю характараў. Патрыятычным гучаннем прасякнута паэзія Вял.Айч. вайны (Элебаеў, Т.Уметаліеў, Такамбаеў). Вядучае месца ў л-ры К. займае проза: раманы «Кен-Су» (кн. 1—2, 1937—38), «Тэмір» (1939—40), «Людзі нашых дзён» (1948, Дзярж. прэмія СССР 1949), трылогія «Жанчыны» (кн. 1—2, 1962—66) Сыдыкбекава, «Каныбек» (кн. 1—3, 1939—48), «Чабан нябесных гор» (1963) Джантошава, «Шлях да шчасця» (кн. 1—2, 1957—62), «Голас нашчадкаў» (1969), «Стальное пяро» (1981) Ш.Бейшэналіева, «Майдан» (ч. 1—2, 1961—66) Абдукаімава і інш. У пасляваен. час развіваецца проза т.зв. малых жанраў, якой уласцівы вастрыня маральна-псіхал. калізій, сучасная інтэрпрэтацыя фалькл. матываў: аповесці Ч.Айтматава, творчасць якога паўплывала на развіццё кірг. прозы ў цэлым, апавяданні (Абдукаімаў, Т.Абдумамунаў, М.Байджыеў), нарысы (Абдумамунаў). Надзённасцю тэматыкі і праблематыкі, складанасцю канфліктаў вылучаецца драматургія (п’есы Малікава, Байджыева, Абдумамунава і інш.). Сучасная л-ра К. тэматычна і жанрава разнастайная, адметная ўвядзеннем новых форм і вобразаў, прадстаўлена пісьменнікамі розных пакаленняў (М.Абылкасымава, Айтматаў, Байджыеў, Бейшэналіеў, М.Джангазіеў, С.Джусуеў, С.Эраліеў і інш). У 1934 засн. Саюз пісьменнікаў К.
Творы бел. пісьменнікаў на кірг. мове з’явіліся ў 1950-я г. Асобнымі выданнямі выйшлі «Вершы» Я.Купалы (1954, 2-е выд. 1982), «Апавяданні» З.Бядулі (1958), аповесць «Міколка-паравоз» М.Лынькова (1960), зб. вершаў і паэм «А дні ідуць» П.Броўкі (1966). Актывізацыя дзейнасці бел. перакладчыкаў прыпадае на 1970—80-я г. Творы Айтматава, Б.Абакірава, Джусуева, Н.Джундубаевай, А.Кыдырава, Уметаліева, Такамбаева і інш. перакладалі Р.Барадулін, В.Вольскі, В.Іпатава, С. Законнікаў, С.Міхальчук, М.Стральцоў, У.Шахавец, Я.Янішчыц і інш. Асобнымі выданнямі выйшлі аповесці і раман «Буранны паўстанак: I вякуе дзень даўжэй за век» Айтматава (1987), «Кіргізскія народныя казкі» (1988).
Архітэктура. Найб. раннія ўмацаваныя паселішчы з глінабітнымі і сырцовымі пабудовамі выяўлены на Пд К. (Шурабашат, 4—1 ст. да н.э.). У 5—10 ст. будавалі крэпасці, замкі феадалаў, гарады (Ош, Узген), гарадзішчы (Ак-Бешым, Бурана, Баласагун) з цытадэллю і гар. ядром — шахрыстанам і ўмацаваным прыгарадам рамеснікаў — рабадам. На Цянь-Шані захаваліся рэшткі гарадоў-ставак цюркскіх ханаў (гарадзішчы Кашой-Курган, Шырдакбек), якія былі абнесены пахсавымі сценамі (выш. да 12 м) з вежамі, а таксама руіны ўмацаванага караван-сарая Чалдывар на р. Манакельды з т.зв. гафрыраванымі сценамі. У 10—12 ст. (дзяржава Караханідаў) узводзілі манум. культавыя пабудовы — мячэці, мінарэты, маўзалеі (цэнтрычны маўзалей Шах-Фазіль у Ошскай вобл., 11—2-я пал. 12 ст.; група з 3 маўзалеяў ва Узгене, 11—12 ст.). На гарадзішчы Бурана захаваўся мінарэт — «вежа Бурана» (пач. 11 ст.; выш. 21,5 м). У выніку манг.-тат. заваявання (1-я чвэрць 13 ст.) гарады заняпалі. Насельніцтва стала качавым, асн. тыпам іх жылля была разборная круглая юрта, накрытая лямцам. З манум. будынкаў узводзілі пераважна маўзалеі (партальна-купальны маўзалей Манаса, 1334) і караван-сараі (Таш-Рабат на р. Каракаюм, 1-я пал. 15 ст.). З сярэдзіны 19 ст. развіваюцца гарады Бішкек, Каракол (Пржавальск), Такмак і інш. з прамавугольнай планіроўкай, дробнымі кварталамі, забудаванымі 1-павярховымі глінабітнымі або сырцовымі дамамі. Пабудовы 1920—30-х г. у духу канструктывізму, з рысамі класіцызму (будынак мед. ін-та ў Бішкеку). У арх. дэкоры выкарыстоўваецца нац. арнамент (Летні т-р у Бішкеку, 1940, арх. Г.А.Градаў). У пабудовах 2-й пал. 20 ст. выкарыстоўваюцца зборны жалезабетон і шкло (будынкі АН у Бішкеку, 1960-я г., арх. Ю.Бялінскі, А.Бачароў). Вядзецца курортнае буд-ва на воз. Ісык-Куль. У 1960—80-я г. створаны новыя генпланы гарадоў. Архітэктура адметная выразнасцю сучасных форм і канструкцый: Кырг. т-р оперы і балета (1955, арх. А.Лабурэнка, з удзелам П.П.Іванова), будынкі музея выяўл. мастацтва (1974, арх. Ш.Джэкшанбаеў), цырка (1976, арх. Л.Сегал). У Бішкеку пастаўлены помнік Тактагулу Сатылганаву (1974). У 1941 засн. Саюз архітэктараў К.
Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. На тэр. К. захаваліся наскальныя размалёўкі, ляпная кераміка з геам. ўзорамі эпох неаліту і бронзы. Да 4—1 ст. да н.э. адносяцца ўпрыгожанні з золата і бронзы, размаляваная кераміка, літыя з бронзы фігуркі жывёл, посуд. Да манг.-тат. нашэсця паралельна развівалася мастацтва аселага (кераміка з ляпным ці ўціснутым геам. узорам, гліняныя і тэракотавыя стылізаваныя фігуркі людзей і жывёл, асуарыі — урны для захавання касцей, фрагменты жывапісу, скульптуры) і качавога (накладкі на конскую збрую з металу, спражкі, падвескі-медальёны з арнаментам, выявамі жывёл) насельніцтва. У будыйскіх храмах 5—10 ст. статуі багоў аздаблялі барэльефамі і размалёўкамі (гарадзішча Ак-Бешым у Чуйскай даліне). Мячэці, маўзалеі 10—12 ст. дэкарыраваны ўзорыстай муроўкай з цэглы, разьбой па ганчы і тэракоце (геам. і расл. ўзоры, надпісы). У дэкар.-прыкладным мастацтве пераважала ткацтва дываноў (лямцавыя дываны «шырдакі» з мазаічнымі, аплікацыйнымі ўваленымі ўзорамі; ворсавыя дываны; падвесныя паліцы для юртаў). Вышыўкай аздаблялі насценныя пано з аксаміту ці сукна (туш-«кійізы»), сумкі для посуду, адзенне, плялі ўзорыстыя цыноўкі з травы чый. З серабра рабілі ювелірныя ўпрыгожанні, якія аздаблялі гравіраваным узорам, насечкамі, чарненнем і інш. Для нар. мастацтва характэрны кантрастнасць колеру (найб. пашыранае спалучэнне чырвонага з сінім), ураўнаважанасць кампазіцыі, рытмічнасць. Ва ўзорах пераважалі круглаватыя формы і матыў «барановы рог». У 20 ст. зараджаюцца жывапіс, графіка, скульптура. У станаўленні прафес.выяўл. мастацтва значная роля належыць С.Чуйкову, а таксама жывапісцам В.Абразцову, Г.Айтыеву, С.Акылбекаву, І.Гальчанку, А.Ігнацьеву, скульпт. В.Мануілавай, графікам Л.Ільіной, А.Міхалёву, А.Згібневу. У Вял.Айч. вайну створаны работы ў гонар герояў вайны (помнік І.Панфілаву ў Бішкеку, 1942, скульпт. А. і В.Мануілавы). З 1950-х г. развіваюцца партрэт (Айтыеў, А.Усубаліеў), пейзаж, павялічылася цікавасць да тэматычнай карціны (Л.Дэймант). Сярод мастакоў 1950—60-х г. жывапісцы Усубаліеў, Дж.Кажахметаў, К.Керымбекаў, Дж.Джумабаеў, А.Асмонаў, графік М.Амаркулаў. Развіваюцца скульптура (Т.Садыкаў, А.Мухутдзінаў, манум.-дэкар. мастацтва (рэльефы на мемар. музеі М.В.Фрунзе ў Бішкеку, 1967, мастакі А.Варонін, А.Каменскі, С.Бакашоў). Сярод тэатр. мастакоў А.Арэф’еў, А.Малдахматаў і інш. У 1970—80-я г. створаны работы высокага грамадз. гучання (ансамбль «Манас» у Бішкеку, 1981, скульпт. Садыкаў, арх. А.Пячонкін). Багатыя традыцыі нар. мастацтва працягваюцца ў дыванаткацтве, вышыўцы, вырабах са скуры, у тэкст. і керамічнай вытв-сці. Развіваецца прафес.дэкар.-прыкладное мастацтва (Дж.Уметаў). Мастацтва 1980—90-х г. адметнае пашырэннем тэматычнага кругагляду, імкненнем абнавіць маст.-пластычныя вырашэнні, пошукамі новых сродкаў выразнасці (М.Акынбекаў, Бакашоў, М.Бекджанаў, Т.Касымаў). У 1958 створаны Саюз мастакоў К.
Музыка К. імправізацыйная, у ёй важная роля належыць варыянтна-варыяцыйным прынцыпам развіцця. Фарміравалася ў рэчышчах нар. і нар.-прафес. вусных традыцый. Ладавая аснова — дыятанічныя шасці-, сямі- і больш ступенныя гукарады; характэрна ладавая пераменнасць. Традыц.нар. песні (абрадавыя, працоўныя, лірычныя, дзявочыя, жаночыя, дзіцячыя і інш.) аднагалосыя; інстр. музыка 2- і 3-галосая, асн. жанр — кю (вял. п’еса праграмнага зместу). Сярод нар.муз. інструментаў: камуз (шчыпковы), кыяк (смычковы), чоар (духавы), доал (ударны). Сярод пар. музыкантаў (акынаў, манасчы, ырчы, куудулаў, камузчы, кыякчы, чоарчу, сурнайчы) Тактагул Сатылганаў, Калык Акіеў, Алымкул Усенбаеў, Сагымбай Аразбакаў, Саякбай Каралаеў, Атай Агамбаеў, Муса Баетаў, Куйручук, Ш.Цермечыкаў, Ніязалы, Жалбун, Мураталы Курэнкееў і інш. У 1920—30-я г. створаны драм. п’есы, насычаныя нар. песнямі, муз. драмы. Першыя кірг. оперы — «Месяцавая прыгажуня» У.Уласава, А.Малдыбаева і У.Ферэ (1939) і «Тактагул» А.Вепрыка (1940), балеты — «Анар» (1940), «Арэлі» Уласава і Ферэ, «Чалпон» М.Раўхвергера (абодва 1944). Пазней створаны балет-араторыя «Мацярынскае поле» К.Малдабасанава (паст. 1975), дзіцячыя балеты, муз. камедыі, творы сімф. і кантатна-аратарыяльнага жанраў і інш. У стварэнні нац. опернага і балетнага рэпертуару ўдзельнічалі Уласаў, Ферэ, Малдыбаеў, Раўхвергер, М.Абдраеў, Малдабасанаў, Г.Окунеў, М.Ракаў, С.Раўзаў, у галінах сімф. і кантатна-аратарыяльнай музыкі працавалі Абдраеў, А.Аманбаеў, Н.Даўлесаў, А.Джаныбекаў, Ч.Джумаканаў, Ж.Малдыбаева, С.Медзетаў, А.Мурзабаеў, А.Тулееў, Т.Эрматаў і інш. Сярод выканаўцаў: дырыжоры Даўлесаў, А.Джумахматаў, Малдабасанаў; спевакі С.Кіізбаева, Малдыбаеў, Б.Мінжылкіеў, Х.Мухтараў, А.Мырзабаеў, К.Сартбаева, Т.Сейталіеў, балетмайстар М.Холфін; артысты балета Б.Бейшэналіева, К.Мадземілава, У.Сарбагішаў, А.Такамбаева, Р.Чакоева. У К. працуюць: Кырг. т-р оперы і балета (з 1942, Бішкек), муз.-драм.т-р (з 1946, Нарын), філармонія (з 1936), дзіцячая філармонія (з 1986), сімф. аркестр Кырг. радыё і тэлебачання (з 1970), аркестр нар. інструментаў (з 1936), Дзярж. ансамбль танца К., Кырг. ін-т мастацтваў, муз. вучылішчы (Бішкек, Ош), больш за 130 муз. школ. У 1939 створаны Саюз кампазітараў К.
Тэатр. Тэатр. элементы былі ў абрадах і нар. гульнях, спаборніцтвах акынаў (айтыш), выступленнях казачнікаў, манасчы, куудулаў (нар. комікаў). Першыя тэатр. паказы на кірг. мове адбыліся ў пач. 20 ст. У 1926 у Бішкеку арганізавана тэатр. студыя, у 1930 ператвораная ў прафес.драм.т-р (з 1936 муз.-драм., з 1942 т-р оперы і балета). Драм. спектаклі на кірг. мове ставіў Т-р юнага гледача (1936—41). У 1941 адкрыты Кырг. драм. т-р. Ставяцца п’есы нац. драматургаў: Т.Абдумамунава, Б.Амураліева, М.Байджыева, Ш.Бейшэналіева, Б.Джакіева, К.Джантошава, А.Кутубаева, К.Малікава, А.Такамбаева, Р.Шукурбекава, рус. і замежная класіка; асобнае месца ў рэпертуары займаюць інсцэніроўкі твораў Ч.Айтматава. Працуюць т-ры: Кырг. драматычны, лялек (з 1938), рус. драмы (з 1935; усе ў Бішкеку), т-ры драм. ў Ошы, муз.-драм. ў Нарыне і інш. Сярод артыстаў: Д.Куюкава, Б.Кыдыкеева, М.Рыскулаў, А.Баталіеў, С.Джаманаў, А.Джанкарозава, Н.Кітаеў, А.Кабегенаў, С.Кумушаліева, А.Кутубаева, Л.Маідава, Р.Мумінава, Т.Хасанава і інш. У кірг. т-рах ставіліся п’есы А.Макаёнка, А.Маўзона і інш.бел. драматургаў.
Кіно. У 1942 у Бішкеку на базе карэспандэнцкага пункта кінахронікі (з 1939) створана студыя кінахронікі (з 1956 кінастудыя дакумент. і маст. фільмаў, з 1961 «Кіргізфільм»). У 1947 зняты першы дакумент. фільм «Савецкая Кіргізія» (рэж. М.Слуцкі). У галіне дакумент. кіно працавалі рэж. Ш.Апылаў, А.Відугірыс («Замкі на пяску», 1967, гал. прыз міжнар. кінафестывалю ў Кракаве), Ю.Герштэйн, Б.Абдылдаеў, Б.Шамшыеў («Манасчы», 1956, гал. прыз міжнар. кінафестывалю ў Оберхаўзене) і інш. Першы маст. фільм — «Салтанат» (1955, рэж. В.Пронін, з кінастудыяй «Масфільм»). Першы самаст.маст. фільм — «Мая памылка» паводле А.Такамбаева (1958, рэж. І.Кобызеў). У 1960—70-я г. ствараліся фільмы паводле твораў пісьменнікаў: «Стрэл на перавале Караш» (паводле аповесці М.Аўэзава «Стрэл на перавале»; 1970, рэж. Шамшыеў), «Пакланіся агню» (паводле Н.Байтэмірава; 1972), «Люты» (паводле аповесці М.Аўэзава «Шэры люты»; 1974, рэж. абодвух Т.Акееў) і інш. Шмат фільмаў пастаўлена паводле твораў Айтматава: «Першы настаўнік» (1965, рэж. А.Міхалкоў-Канчалоўскі), «Мацярынскае поле» (1968, рэж. Г.Базараў), «Джаміля» (1969, рэж. І.Паплаўская), «Белы параход» (1976, рэж. Шамшыеў; Дзярж. прэмія СССР 1977), «Улан» (1977, рэж. Акееў) і інш. У 1980-я г. створаны фільмы «Залатая восень» (1980), «Нашчадак Белага Барса» (1985; рэж. абодвух Акееў), «Воўчая яма» (1984), «Снайперы» (1985; рэж. абодвух Шамшыеў) і інш. З 1977 ствараюцца анімацыйныя фільмы (рэж. С.Ішэнаў, В.Бялоў і інш.). У развіццё кінамастацтва К. вял. ўклад зрабілі: рэж. М.Убукееў, Л.Турусбекава, Ш.Апылаў, К.Акматаліеў; сцэнарысты К.Амуркулаў, Б.Джакіеў, Э.Барбіеў, М.Байджыеў; аператары М.Мусаеў, К.Абдыкулаў, С.Давыдаў; мастакі Дж.Джумабаеў, Б.Джумаліеў; акцёры Б.Кадыкеева, М.Раскулаў, Д.Куюкава, Т.Турсунбаева, Ч.Думанаеў. У 1962 створаны Саюз кінематаграфістаў К.
Літ.:
Петров К.И.К истории движения киргизов на Тянь-Шань и их взаимоотношений с ойратами в XIII—XV вв. Фрунзе, 1961;
Я г о ж. Очерки феодальных отношений у киргизов в XV—XVIII вв. Фрунзе, 1961;
Джамгерчинов Б.Д. Очерки политической истории Киргизии XIX в. Фрунзе, 1966;
Плоских В.М. Киргизы и Кокандское ханство. Фрунзе, 1977;
История Киргизской ССР с древнейших времен до наших дней: В 5 т.Т. 1—4. Фрунзе, 1984—90;
Озмитель Е. Наследие классики и киргизская литература. Фрунэе, 1980;
История киргизской советской литературы. М., 1970;
Нусов В.Е. Архитектура Киргизии с древнейших времен до наших дней. Фрунзе, 1971;
Горячева В.Д. Средневековые городские центры и архитектурные ансамбли Киргизии (Бурана, Узген, Сафид-Булан). Фрунзе, 1983;
Уметаллиева Д.Т. Изобразительное искусство Киргизии. Фрунзе, 1978;
История киргизского искусства. Фрунзе, 1971;
Дюшалиев К. Киргизская народная песня. М., 1982;
Кино Киргизии. М., 1981;
Артюхов О.Б. Кинематографисты Советской Киргизии: Справ. Фрунзе, 1981.
П.І.Рогач (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Р.Ч.Лянькевіч (узброеныя сілы), А.Дз.Шапашнікава (архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва), Г.В.Ратнікаў (кіно).
Герб і сцяг Кыргызстана.Да арт.Кыргызстан. Чумышскі гідравузел.Да арт.Кыргызстан. На горнай пашы.Да арт.Кыргызстан. На схілах Цянь-Шаня.Да арт.Кыргызстан. Горная рэчка.Да арт.Кыргызстан. Мінарэт «вежа Бурана» на гарадзішчы Бурана. Пач. 11 ст.Да арт.Кыргызстан. Маўзалей Шах-Фазіль у Ошскай вобл. Канец 11—2-я пал. 12 ст.Да арт.Кыргызстан. Помнік Тактагулу Сатылганаву ў Бішкеку. 1974.Да арт.Кыргызстан. М.Акынбекаў. Мае мамы. 1970.Да арт.Кыргызстан. С.Чуйкоў. Дачка чабана. 1956.Да арт.Кыргызстан. Жаночы халат. 2-я пал. 19 — пач. 20 ст.Да арт.Кыргызстан. Вясельны жаночы касцюм. 1970-я г.Да арт.Кыргызстан. Скульптурна-архітэктурны ансамбль «Манас» у Бішкеку. 1981.Да арт.Кыргызстан. Л.Ільіна. Мацярынскае поле. 1971.Да арт.Кыргызстан. Т.Касымаў. Дыван «Паляўнічы». 1975. Лямец, звальванне.