АЛЬДО́НА (Ганна; 1309 ці 1310 — 26.5.1339),

дачка вял. князя ВКЛ Гедзіміна. У 1325 (паводле інш. звестак 1323) аддадзена замуж за сына польск. караля Уладзіслава I Лакеткі Казіміра (з 1333 польскі кароль Казімір III). Гэты дынастычны шлюб быў заключаны дзеля ўмацавання саюзу паміж ВКЛ Польшчай з мэтаю сумеснай барацьбы супраць Тэўтонскага ордэна. Вынікам збліжэння дзяржаў стаў сумесны паспяховы паход на Брандэнбург 1326 на чале з кн. Давыдам Гарадзенскім.

М.​І.​Ермаловіч.

т. 1, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛІ́ПА (ад швед. klippe рэзаць нажніцамі),

назва манет квадратнай формы. Выраблялі з мэтай паменшыць затраты працы. Вядомы з пач. 16 ст. ў Даніі, Швецыі. Арыгінальную кампаноўку мелі талеры караля Рэчы Паспалітай Аўгуста П (1697—1709, 1709—33). У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. ў форме К. выпускалі манеты прыватныя асобы ці прадпрыемствы з-за недахопу дзярж. плацежных сродкаў. Часам К. называюць манеты на 6- або 8-гранных пласцінках.

т. 8, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУШЭ́ ((Boucher) Франсуа) (29.9.1703, Парыж — 30.5.1770),

французскі жывапісец. Прадстаўнік ракако. З 1765 дырэктар Каралеўскай акадэміі жывапісу і скульптуры ў Парыжы і «першы жывапісец караля». Зазнаў уплыў К.Вато. Пісаў плафоны, пано, карціны з міфалагічнымі, пастаральнымі і жанравымі сцэнамі, партрэты, ідылічныя пейзажы («Від у ваколіцах Бавэ», «Геркулес і Амфала», «Купанне Дыяны», 1742), выконваў эскізы шпалераў, тэатр. дэкарацыі. У позніх творах узмацніліся дэкаратыўнасць, эротыка, «фарфоравасць» фігур.

Літ.:

Ф.​Буше: Альбом. М., 1978.

Ф.Бушэ. Купанне Дыяны. 1742.

т. 3, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́СТЫНГС, Хейстынгс (Hastings),

горад на ПдУ Вялікабрытаніі, на беразе праліва Па-дэ-Кале. Каля 100 тыс. ж. (1994). У раёне Гастынгса 14.10.1066 войскі герцага Нармандыі Вільгельма нанеслі паражэнне англа-саксонскім войскам караля Гаральда, які загінуў у бітве, і Вільгельм стаў англ. каралём (Вільгельм I Заваёўнік). Месца правядзення штогадовых міжнар. шахматных турніраў (з 1920). Прыморскі кліматычны курорт. Вял. пясчаны пляж, мяккі марскі клімат забяспечваюць умовы эфектыўнага кліматалячэння нерв., сардэчна-сасудзістых, лёгачных і інш. хвароб.

т. 5, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАГАВО́Р 1338,

пагадненне паміж Лівонскім ордэнам і ВКЛ. Заключана ад імя лівонскага магістра і вял. князя ВКЛкараля») Гедзіміна. Паводле дагавора на сумежжы абедзвюх краін устанаўлівалася паласа зямлі, на якой павінен быў заўсёды захоўвацца мір; войскі кожнага з бакоў павінны былі ўстрымлівацца ад забойстваў і рабаванняў. Купцам ВКЛ і Лівоніі дазвалялася свабодна ездзіць па тэр. абедзвюх дзяржаў, па ўсёй Дзвіне і яе берагах. Дагавор рэгуляваў суд. парадак разгляду цывільных і крымінальных спраў.

Я.​А.​Юхо.

т. 5, с. 569

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎДНЁВАЯ ГЕО́РГІЯ (South Georgia),

вулканічны востраў на ПдЗ Атлантычнага ак. ў Антарктыцы. Пл. каля 4,2 тыс. км². Выш. да 2934 м (г. Паджэнт). Значная ч. вострава ўкрыта снегам і лёдам. Шмат марскіх птушак, калоніі пінгвінаў, лежбішчы марскіх ільвоў і сланоў. Адкрыты ў 1775 экспедыцыяй Дж. Кука. Названы ў гонар англ. караля Георга III. У 1905—50 на востраве працавала аргенцінская метэаралагічная станцыя. Назіранні працягваюцца на англ. станцыі Грутвікен (порт на мысе Кінг-Эдуард).

т. 12, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКІ АБЛАСНЫ́ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й.

Засн. ў 1918 у Віцебску як губернскі на базе музеяў старажытнасцей пры Віцебскім губ. стат. к-це (засн. ў 1868), Віцебскай вучонай архіўнай камісіі, матэрыялаў Віцебскага царкоўна-археалагічнага музея, Віленскага ваен. збору, прыватнага музея В.​П.​Федаровіча, калекцый А.​Брадоўскага і інш. З 1924 — Віцебскае аддз. Бел. дзярж. музея, з 1929 Віцебскі культ.-гіст. музей, з 1951 сучасная назва. У Вял. Айч. вайну частка экспанатаў разрабавана ням.-фаш. захопнікамі. Адноўлены ў 1945. Займае будынак б. ратушы (18 ст.), мае 16 экспазіц. залаў (пл. экспазіцыі 921 м²), каля 157 тыс. экспанатаў асн. фонду (1996). Аддзелы: н.-д. фондаў, навук асветны, рэстаўрацыйна-мастацкі. Сярод экспанатаў археал. знаходкі, берасцяная грамата 13 ст., кніга прывілеяў Віцебска, рыцарскі пояс караля Стафана Баторыя, кларнет караля Яна III Сабескага, старадрукі 17—18 ст., посуд Налібоцкай і Ўрэцкай мануфактур 18 ст., калекцыі манет 9—20 ст., у т. л. рэдкая — яфімкаў, стараж. зброі, атрыбутыкі масонаў, габеленаў 18—19 ст. Зберагаюцца асабістыя фонды гісторыка А.П.Сапунова, грамадскага дзеяча Ф.​Нікановіча, матэрыялы па гісторыі Вял. Айч. вайны, пасляваен. развіцця Віцебшчыны. Мае філіялы: мастацкі, літаратурны, музей прыватных калекцый, Рэпіна Ільі музей-сядзібав. Здраўнева).

В.​І.​Акуневіч.

т. 4, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМУНЕ́РАС (ісп. comuneros ад comuna абшчына),

1) паўстанне сярэдневяковых самакіравальных гарадоў Кастыліі (Іспанія) у 1520—22 супраць каралеўскага абсалютызму, у абарону гар. вольнасцей. Выклікана патрабаваннямі караля Карла I грашовых субсідый ад гарадоў. Пасля ад’езду караля ў Германію, дзе ён быў абраны імператарам «Свяшчэннай Рым. імперыі», паўстаўшыя гарады (Таледа, Сеговія, Мурсія, Авіла, Бургас, Мадрыд і інш.) аб’ядналіся ў ліп. 1520 у «Святую хунту» (цэнтр у г. Авіла), да якой далучылася ч. дваранства і духавенства. Паўстанцы патрабавалі, каб Карл I жыў у Іспаніі, рэгулярнага склікання картэсаў, пашырэння гар. самакіравання, забароны вы вазу залатой манеты за мяжу і інш. У бітве каля Вільялары (23.4.1521) сілы К. на чале з Х.​Падзілья разгромлены, ён і інш. кіраўнікі хунты ўзяты ў палон і пакараны смерцю. У 1522 паўстанне канчаткова задушана, урадавыя рэпрэсіі працягваліся да 1526.

2) Антыкалан. паўстанне ў Новай Гранадзе (цяпер Калумбія) у сак.кастр. 1781. Паўстанцы (да 20 тыс. чал.) патрабавалі адмены каралеўскіх манаполій і памяншэння падаткаў, мелі на мэце знішчэнне ісп. калан. панавання і стварэнне рэспублікі на чале з выбарным каралём. Паўстанне задушана ісп. ўладамі, яго кіраўнікі (у т. л. Х.​А.​Галан) пакараны смерцю.

т. 7, с. 541

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́СТГО́ТЫ, астраготы, грэйтунгі,

германскае племя, усх. галіна готаў. У 3 ст. насялялі Паўн. Прычарнамор’е і часткова Крым. У 375 племянны саюз О. разгромлены і падпарадкаваны гунамі. Асн. маса О. перасялілася ў Панонію. У сярэдзіне 5 ст. яны вызваліліся з-пад улады гунаў і ў 493 заснавалі ўласнае каралеўства ў Італіі са сталіцай у Равене. Сутыкнуўшыся з рым. цывілізацыяй, О. ўспрынялі значную частку яе дзярж.-прававых і сац. ін-таў. У выніку пачаўся працэс збліжэння рым. і остгоцкай знаці, якому спрыяла палітыка караля О.​Тэадорыха [493—526], Пасля смерці Тэадорыха трон заняла яго дачка Амаласунта [526—534], забойства якой антырым. апазіцыяй стала падставай для Візантыйскай імперыі ў 535 пачаць з О. вайну. У 540 візант. палкаводзец Велісарый заняў Равену і захапіў у палон караля Віцігіса [536—540]. Кароль Тоціла [541—552] працягваў вайну з пераменным поспехам да 552, але быў разбіты візант. палкаводцам Нарсесам. Да 555 супраціўленне спынілі апошнія гарнізоны О. Каралеўства О. было падпарадкавана Візантыйскай імперыі і спыніла існаванне.

Літ.:

Буданова В.П. К вопросу о формировании вестготов и остготов (по данным письменных источников) // Взаимосвязь социальных отношений и идеологии в средневековой Европе. М., 1983;

Яе ж. Готы в эпоху Великого переселения народов. М., 1990.

Дз.​М.​Чаркасаў.

т. 11, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАСВЕ́ТАЎ Іван Сямёнавіч, пісьменнік-публіцыст ВКЛ і Русі, ідэолаг дваранства сярэдзіны 16 ст. Паходзіў з бел. шляхецкага роду, гаспадарскі дваранін. У канцы 1520-х г. у складзе атрада Ф.​Сапегі на службе ў венг. караля Яна Запальі, потым у чэш. караля Фердынанда I. З сярэдзіны 1530-х г. у ВКЛ. У канцы 1538 ці пач. 1539 пераехаў у Маскву. У 1549 перадаў Івану IV Грознаму свае творы: «Казанне пра кнігі», «Казанне пра Магмет-Салтана», «Першае прадказанне філосафаў і дактароў», «Казанне пра цара Канстанціна» і інш. (захаваліся ў складзе 2 рукапісных зборнікаў 17 ст.). Выступаў супраць баярства, за задавальненне асн. патрабаванняў «воиников» (дваран). Лічыў неабходным стварэнне пастаяннага войска стральцоў колькасцю 300 тыс. чал. Заклікаў цара да стварэння «судовых кніг», наступальнай палітыкі ў адносінах да Казанскага ханства. Яго праграма дзярж. рэформ у асноўным супадала з палітыкай Выбранай рады. Асуджаў халопства, усякае «закабаленне» і занявольванне людзей, выступаў за агульную роўнасць. Ставіў праўду вышэй за веру. Верагодна, з-за сваіх поглядаў у сярэдзіне 16 ст. стаў ахвярай рэпрэсій. Яго творы напісаны простай мовай, пазбаўленай царкоўнаславянізмаў, блізкай да фальклору.

Тв.:

Соч. М.; Л., 1956.

Літ.:

Замалеев АФ. Философская мысль в средневековой Руси (XI—XVI вв.). Л., 1987.

т. 12, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)