ДЗЬЮ́І (Dewey) Джон (20.10.1859, г. Берлінгтан, штат Вермонт, ЗША — 1.6.1952),
амерыканскі філосаф, псіхолаг і педагог, адзін з вядучых прадстаўнікоў прагматызму. Скончыў Вермонцкі ун-т (1879). Праф. Мічыганскага (1889—94), Чыкагскага (1894—1904) і Калумбійскага (1904—30) ун-таў. Развіў новы кірунак прагматызму — інструменталізм, распрацаваў прагматысцкую метадалогію ў галіне логікі і тэорыі пазнання. Паводле Дз., адрозненні суб’екта і аб’екта, псіхічнага і фізічнага — гэта толькі адрозненні ўнутры «вопыту», які ўключае арганізм і асяроддзе, усведамленне чалавека і прыроду. Пазнанне ён трактаваў у духу біхевіярызму, як складаную форму паводзін, канчаткова — сродак барацьбы за біял. выжыванне. Этычная канцэпцыя Дз. зыходзіць з таго, што дабро з’яўляецца унікальным, устойлівых агульных нормаў маральнасці няма і вырашэнне этычных праблем з’яўляецца сітуацыйным. Стваральнік педацэнтрычнай тэорыі і методыкі навучання (гл.Педацэнтрызм), у аснове якой прынцып навучання шляхам фарміравання практычных навыкаў. Аўтар прац «Філасофія і цывілізацыя» (1931), «Вопыт і прырода» (1934), «Праблемы чалавецтва» (1946) і інш.
Тв.:
Рус.пер. — Введение в философию воспитания. М., 1921;
Психология и педагогика мышления. 2 изд. Берлин, 1922;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДЫВІДУА́ЛЬНАЯ ПСІХАЛО́ГІЯ,
адзін з кірункаў глыбіннай псіхалогіі, які заснаваны на вучэнні аўстр. псіхолага А.Адлера. Гал. яе ідэя ў тым, што чалавек — адзіны і непадзельны арганізм, ва ўзаемасувязі якога знаходзяцца не толькі мозг і цела, але і ўсе праявы яго псіхічнага жыцця, Адлер лічыў, што ўжо ў дзяцінстве ў чалавека часам праяўляецца пачуццё фіз. ці псіхал. непаўнацэннасці (т.зв. «комплекс непаўнацэннасці»), якое ён імкнецца пераадолець. У кожнага складваецца свой унікальны стыль жыцця, фарміруецца т.зв. «сацыяльны інтарэс», на развіццё якога істотны ўплыў аказваюць асаблівасці сямейнага выхавання і сацыялізацыі асобы. Састаўной часткай І.п. з’яўляецца канцэпцыя творчага «Я», паводле якой кожны чалавек патэнцыяльна здольны дзейнічаць творча, стваральна, а яго паводзіны вызначаюцца пастаўленай жыццёвай мэтай — дасягнуць асабістай дасканаласці, цэласнасці і самарэалізацыі. І.п. аказала ўплыў на развіццё сацыяльна-псіхалагічных і групавых метадаў тэрапіі (К.Хорні, Э.Фром і інш.).
Літ.:
Адлер А. Практика и теория индивидуальной психологии: Пер. с нем. М., 1995;
Яго ж. Понять природу человека: Пер. с нем. СПб., 1997;
Хьел Л., Зиглер Д. Теории личности: Основные положения, исслед. и применение: Пер. с англ. СПб., 1997.
французскі сацыёлаг і этнограф; адзін з гал. прадстаўнікоў структуралізму. Член Франц. акадэміі (1973). Скончыў ун-т у Парыжы (1933). Яго канцэпцыя звязана з сацыялаг. школай Э.Дзюркгейма—М.Моса амер.культ. антрапалогіяй (Ф.Боас, А.Кробер). Пры вылучэнні суадносін біял. і сац. ў паводзінах чалавека лічыў гал. наяўнасць фармальных структур ва ўзаемаадносінах паміж людзьмі, уплыў на паводзіны чалавека традыцый, правіл шлюбу, роднасці, міфаў як асаблівага роду моў, якія мадэліруюць структуру грамадскіх ін-таў. Стварыў арыгінальную тэорыю першабытнага мыслення як мыслення канкрэтнага, метафарычнага, здольнага да абагульненняў, класіфікацыі і лагічнага аналізу; такое мысленне, на яго думку, заклала асновы тэхн. і інтэлектуальнага прагрэсу ў эпоху неаліту. Гнасеалагічны аспект канцэпцыі Л.-С. заключаецца ў прызнанні разумнасці як уласцівасці самога сусвету, саміх рэчаў, а не ўласцівасці, якая прыўносіцца суб’ектам. Працы: «Татэмізм сёння», «Неасвоеная думка» (абедзве 1962), «Міфалогія» (т. 1—4, 1964—71), «Шлях масак» (т. 1—2, 1975).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРУДАНІ́ЗМ,
кірунак грамадска-паліт. думкі, тэарэт. асновай якога з’яўляецца філас.-сацыялагічная канцэпцыяфранц. філосафа П.Прудона. Для П. характэрны вульгарная інтэрпрэтацыя гегелеўскай дыялектыкі і звядзенне яе да тэзы аб наяўнасці ў кожным прадмеце ці з’яве добрага і дрэннага; тлумачэнне развіцця грамадства барацьбой ідэй; сцвярджэнне магчымасці вырашэння грамадскіх супярэчнасцей шляхам ураўнаважання дзеючых у грамадстве сац. сіл. Эканам. пасылкі П. ўключаюць; асуджэнне буйной капіталіст. уласнасці, абарону дробнай прыватнай уласнасці, адмаўленне грашовай сістэмы, ідэю аб арганізацыі «справядлівага абмену» паміж асобнымі таваравытворцамі. Для П. характэрны некат. анархісцкія тэндэнцыі: адмаўленне дэмакратыі, нігілістычныя адносіны да паліт. партый, пропаведзь ліквідацыі дзяржавы і замены яе федэрацыяй супольнасцей вытворцаў. Паліт. праграма П. грунтавалася на палажэннях аб ажыццяўленні сацыяліст. рэвалюцыі мірным шляхам і паступовым рэфармаванні грамадства, неабходнасці рэалізацыі ідэі сац. справядлівасці і маральнага ўдасканалення асобы. Прадстаўнікі П. адмоўна ставіліся да ўдзелу жанчын у прамысл. працы і грамадскім жыцці. Некаторыя палажэнні П. выкарыстаны прадстаўнікамі анархізму (М.А.Бакунін), сацыял-дэмакратыі (Э.Бернштэйн), а яго антыдэмакр. ідэі знайшлі адбітак у ідэалогіі фаш. рухаў у Італіі, Францыі, Германіі, Іспаніі, Лац. Амерыцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАРЛА́МАЎ Іван Пятровіч (н. 4.10.1928, хутар Фядотава Пералюбскага р-на Саратаўскай вобл., Расія),
бел. мастак, дызайнер. Скончыў Ленінградскае вышэйшае маст.-прамысл. вучылішча імя В.І.Мухінай (1953). З 1953 працаваў у Мінгарпраекце, з 1957 гал. архітэктар НДІбуд-ва і архітэктуры, у 1965—85 выкладаў у Бел.тэатр.-маст. ін-це. Працуе ў галіне дэкар.-прыкладнога мастацтва, канструявання мэблі, афармлення інтэр’ера. Сярод работ: камплекты мэблі для 2- і 3-пакаёвых кватэр (адпаведна 1958, 1961), для кухні (1967); маст.канцэпцыя афармлення інтэр’ераў і абсталявання Міжнар. маладзёжнага цэнтра «Юнацтва» («Рыбацкі склеп») на Заслаўскім вадасховішчы пад Мінскам (1975), Палаца культуры Мінскага трактарнага з-да (1976), рэстарана «Мінск» у г. Патсдам (Германія, 1977), Уфімскага авіяц. ін-та (1979), добраўпарадкавання нас. пунктаў Мазырскага р-на Гомельскай вобл. (1981; усе праекты ажыццёўлены ў сааўт.). Аформіў кнігі І.Елатомцавай «Мастацкая кераміка Савецкай Беларусі» (1966), «Манументальны летапіс эпохі» (1969), «Да тайнаў творчасці» (1973), «Нарысы па гісторыі беларускай савецкай станковай скульптуры» (1974), «Станковая скульптура. Паняцце пра жанры» (1975). Аўтар жывапісных твораў («Псіхея», 1988, і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКО́РД (ад італьян. сугучнасць),
спалучэнне некалькіх гукаў рознай вышыні, якія ўспрымаюцца як гукавое адзінства. Асн. элемент гармоніі. Заканамернасць будовы акорда — тэрцавасць складу (гукі размешчаны або шляхам перастановак могуць быць размешчаны па тэрцыях; гл. таксама Абарачэнне). Ніжні гук акорда наз. асноўным тонам. Адрозніваюць 2 класы акорда: тэрцавыя (трохгуччы, септакорды, акорды з секстай, нон-акорды, ундэцым- і тэрцдэцымакорды) і нятэрцавыя монаакорды і поліакорды (акорды складанай структуры, частка якіх, узятая асобна, можа разглядацца як акорд). Выразнасць акорда абумоўлена яго функцыяй, звязанай са становішчам акорда ў ладзе, і фанізмам — характарам гучання, які залежыць ад інтэрвальнага складу, размяшчэння, рэгістра, муз. кантэксту. Найб. пашыраны акорд тэрцавай будовы, ускладненыя храматычнай зменай гукаў — альтэрацыяй; некат. пашырэнне атрымалі акорды квартавай будовы.
Перадформа акорда — двухгучча ў раннім шматгалоссі. Гістарычна першая канцэпцыя акорда — у поліфанічнай музыцы канца 12 ст. Тэрмін «акорд» узнік у 14 ст. У практыцы генерал-баса (17 — 1-я пал. 18 ст.) замацавалася аперыраванне акордамі-комплексамі, якія трактаваліся як кансанантныя і дысанантныя сугуччы. У 18—19 ст. катэгорыя акорда супрацьпастаўляецца сугуччу з неакордавымі гукамі. У 20 ст. рэзка ўзмацнілася санорная трактоўка акорда. (гл.Санорыка), фактар гучнасці.
Літ.:
Гуляницкая Н. Введение в современную гармонию. М., 1984.
пісьменнік. Па паходжанні ірландзец. Пісаў на фанц. і англ. мовах. Скончыў Трыніты-каледж у Дубліне (1927). Быў сакратаром Дж.Джойса. Удзельнік франц. Руху Супраціўлення. Адзін з заснавальнікаў абсурду драмы («У чаканні Гадо», 1952; «Канец гульні», 1957; «Апошняя стужка Крапа», 1959; і інш.). У п’есе «Катастрофа» (1982) выступіў супраць абмежавання свабоды мастака. Тэкст раманаў «Мёрфі» (1938), «Малой», «Малон памірае» (абодва 1951), «Невыказны», «Уот» (абодва 1953), «Як гэта» (1961) — алагічны, без сувязі «паток свядомасці». Аўтар зб-каў апавяданняў («Больш уколаў, чым штуршкоў», 1934), вершаў («Кастаньеты рэха», 1936) і артыкулаў («Кавалкі і абрыўкі», 1977), анталогіі «Я не магу працягваць, я працягваю» (1976), эсэ пра М.Пруста (1931) і Джойса (1936). У яго творах знайшла ўвасабленне экзістэнцыялісцкая канцэпцыя свету і чалавека. На бел. мову п’есу Бекета «Не я» пераклаў Л.Баршчэўскі (у кн. «Пры зачыненых дзвярах», 1995). Нобелеўская прэмія 1969.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭВІЯ́НТНЫЯ ПАВО́ДЗІНЫ,
паводзіны з адхіленнем ад агульнапрынятых у грамадстве прававых і маральна-этычных норм. Асн. іх віды: злачыннасць, алкагалізм, наркаманія, прастытуцыя, самазабойствы, сексуальная разбэшчанасць. Узнікненне Д.п. абумоўлена недахопамі выхавання, дэфектамі маральнай і прававой свядомасці, нізкім узроўнем інтэлектуальнага развіцця асобы, неспрыяльным уплывам спадчыннасці, асаблівасцямі характару, інтарэсаў і патрэбнасцей чалавека, яго эмацыянальна-валявой дзейнасці і інш. фактарамі. Італьян. псіхіятр Ч.Ламброза лічыў «крымінальны тып» своеасаблівым «вынікам» дэградацыі на больш ранніх стадыях чалавечай эвалюцыі. Франц. сацыёлаг Э.Дзюркгейм і прыхільнікі яго канцэпцыі сцвярджалі, што распаўсюджванню Д.п. садзейнічаюць сац.-эканам. і паліт. нестабільнасць, рэзкія змены ў грамадскім жыцці, сац. канфлікты, стрэсы і інш. Паводле тэорый анаміі і сацыялізацыі, праявы Д.п. узрастаюць, калі сацыяльна дапушчальныя сродкі дасягнення грамадскіх і індывід. мэт выконваюцца не ўсімі людзьмі або калі іх уваходжанне ў сац. жыццё адбываецца ў абставінах цярпімых адносін грамадства да амаральных учынкаў, насілля. У 1960-я г. атрымала пашырэнне канцэпцыя стыгматызацыі, паводле якой Д.п. — заканамерны вынік своеасаблівага «наклейвання» на чалавека ярлыкоў накшталт «алкаголік», «наркаман», «прастытутка» і імкнення сацыяльна ізаляваць, прыцягнуць да адказнасці, выправіць ці вылечыць такіх людзей. Існуюць канцэпцыі, у якіх сцвярджаецца, што Д.п. абумоўлены асаблівасцямі будовы чалавечага цела, анамаліямі палавых храмасом.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСТЫТУ́Т ЗААЛО́ГІІНацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Засн. ў 1980 у Мінску на базе Аддзела заалогіі і паразіталогіі АН Беларусі (у 1932—58 Аддзел фауны Ін-та біялогіі). Лабараторыі (1998): экалогіі наземных пазваночных жывёл, арніталогіі, энтамалогіі, іхтыялогіі, водных беспазваночных жывёл, гідраэкалогіі, паразіталогіі. Аспірантура (з 1958), дактарантура па спецыяльнасцях «заалогія» і «гідрабіялогія» (з 1994).
Асн. кірункі даследаванняў: вывучэнне механізмаў фарміравання біял. разнастайнасці жывёльнага свету ва ўмовах нарастання антрапагеннай нагрузкі на прыродныя комплексы; распрацоўка прынцыпаў і метадаў вядзення экалагічнага маніторынгу; навук. абгрунтаванне развіцця і расшырэння сеткі ахоўных прыродных тэр.; вядзенне Чырв. кнігі рэдкіх і знікаючых відаў жывёл. Вынікі даследаванняў: распрацаваны метадычныя асновы, прынцыпы складання і прагноз стану і дынамікі жывёльнага свету, канцэпцыя для планавання рацыянальнага выкарыстання рэсурсаў найб. значных відаў і груп паляўнічай фауны, рыбных запасаў вял. азёр Беларусі і ахове рэдкіх і знікаючых відаў рыб, рэканструкцыя фауны і акліматызацыя гідрабіёнтаў у падагрэтых водах энергет. аб’ектаў, меры па барацьбе з узбуджальнікамі паразітозаў і пераносчыкамі каранцінных і асабліва небяспечных захворванняў на тэр. Беларусі. У Ін-це працавалі акад.АН Беларусі М.Е.Макушок, чл.-кар. І.М.Сяржанін; працуюць акад.Нац.АН Беларусі і Рас.АН Л.М.Сушчэня, чл.-кар. М.М.Пікулік (дырэктар), 7 дактароў навук.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСТЫТУ́Т ФІЗІЯЛО́ГІІНацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Засн. ў 1953 у Мінску на базе Ін-та тэарэт. медыцыны (з 1947). Лабараторыі (1998): фізіялогіі функцыян. сістэм, рэгулятарных бялкоў і пептыдаў, фізіялогіі аферэнтных сістэм, прыкладной фізіялогіі, фізіялогіі ствала галаўнога мозга; групы функцыян. нейрамарфалогіі, экстракардыяльных механізмаў рэгуляцыі кровазвароту, эколага-фізіял. праблем. Аспірантура (з 1953).
Асн. кірункі навук. даследаванняў: вывучэнне цэнтр. і перыферыйных механізмаў тэрмарэгуляцыі, тэмпературнай устойлівасці арганізма; функцыянальная характарыстыка вісцэральных аферэнтных сістэм і іх сувязі з нерв. цэнтрамі; фізіял. механізмы і марфалагічныя асновы жыццяздольнасці арганізмаў чалавека і жывёл у залежнасці ад фіз. і хім. фактараў асяроддзя. Вынікі даследаванняў: распрацавана канцэпцыя дзейнасці нерв. цэнтраў (мадэль нейроннай сеткі), у аснову якой пакладзены прынцып растарможвання нейронаў; вывучаны пытанні паталагічных станаў пры парушэнні працэсаў спалучэння тэрмарэгуляцыі і абмену складаных ліпідаў у арганізме; выяўлены ахоўныя ўласцівасці фактару росту нерваў і эпідэрмісу пры цеплавым і акісляльным стрэсе, уздзеянні на арганізм іанізуючай радыяцыі. У Ін-це працавалі акад.АН Беларусі І.А.Булыгін, А.С.Дзмітрыеў, В.А.Лявонаў, Д.А.Маркаў, чл.-кар. А.Ю.Бранавіцкі, працуюць акад.Нац.АН Беларусі Д.М.Голуб, В.М.Гурын (дырэктар з 1984), акад.Нац.АН Беларусі і РАМН У.А.Мацюхін, чл.-кар. М.І.Арынчын, У.У.Салтанаў, 9 дактароў навук.