ГІДРАЛАГІ́ЧНАЯ СЕ́ТКА, сетка гідралагічных назіранняў,
сукупнасць гідралагічных станцый і пастоў, размешчаных у межах пэўнай тэрыторыі (рачнога басейна, адм. раёна, краіны). Ствараецца з мэтай сістэм. атрымання інфармацыі для вывучэння гідралагічнага рэжыму (у т. л. забруджвання радыенуклідамі) і катастрафічных з’яў на рэках, азёрах і вадасховішчах. На Беларусі дзейнічае з сярэдзіны 19 ст. Гідралагічныя назіранні і іх апрацоўку ў 1996 ажыццяўлялі цэнтры па гідраметэаралогіі ў абл. гарадах (у Гомелі і Магілёве і радыяцыйны кантроль), 7 станцый (балотная, азёрная і 5 рачных) і 135 пастоў К-та па гідраметэаралогіі пры Мін-ве па надзвычайных сітуацыях і абароне насельніцтва ад наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМІТЭ́Т ДЗЯРЖА́ЎНАЙ БЯСПЕ́КІ (КДБ) Рэспублікі Беларусь, рэспубліканскі орган дзярж. кіравання, які ажыццяўляе ў межах сваіх паўнамоцтваў кіраванне ў сферы забеспячэння бяспекі асобы, грамадства і дзяржавы. Утвораны 23.10.1991 на аснове былога КДББССР. Узначальваецца старшынёй КДБ, якога назначае на пасаду Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь. Прававая аснова і прынцыпы дзейнасці, сістэма органаў дзярж. бяспекі і іх паўнамоцтвы рэгламентуюцца Законам «Аб органах дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь» ад 3.12.1997. Асн. кірункі дзейнасці: разведвальная і контрразведвальная дзейнасць, барацьба са злачыннасцю, арганізацыя ўрадавай і аператыўнай сувязі. Кантроль за дзейнасцю органаў КДБ ажыццяўляе Прэзідэнт і СМ Рэспублікі Беларусь, нагляд за законнасцю іх дзейнасці — Ген. пракурор Рэспублікі Беларусь і падначаленыя яму пракуроры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НГУЕ́НЫ,
дынастыя правіцеляў (16—18 ст.) Паўд. і Цэнтр. В’етнама, імператараў В’етнама (1802—1945). З сярэдзіны 16 ст. фактычныя правіцелі Паўд. і Цэнтр. В’етнама пры намінальнай уладзе імператараў дынастыі Ле. У 17—18 ст. вялі войны з домам Чыняў, які правіў на Пн В’етнама, за кантроль над усёй краінай. У пач. 19 ст. пры дапамозе французаў задушылі паўстанне тэйшонаў (1771—1802) і аб’ядналі пад сваёй уладай увесь В’етнам. У 1802 Нгуен Ань (Зя Лонг) абвясціў сябе імператарам [1802—20], У 1884 прызналі франц. пратэктарат, застаючыся намінальнымі імператарамі Паўн. і Цэнтр. В’етнама. Пасля ўзяцця ўлады В’етмінем у жн. 1945 апошні з Н. — Бао Дай [1926—45] — адрокся ад прастола.
французскі дзярж. дзеяч, фінансіст. Бацька франц. пісьменніцы А.Л. Ж. дэ Сталь. З 1747 у Парыжы, працаваў у банку, разбагацеў з дапамогай умелых фін. аперацый. Аўтар твораў па эканам. пытаннях, накіраваных супраць сістэмы поглядаў фізіякратаў. Абгрунтаваў неабходнасць дзярж. рэгулявання хлебнага гандлю. З 1776 дырэктар каралеўскай казны, у 1777—81, 1788—90 (з перапынкамі) міністр фінансаў. Імкнуўся пераадолець фін. крызіс дзяржавы частковымі рэформамі (абмежаванне выдаткаў двара, некат. пераўтварэнні ў сістэме збору падаткаў, кантроль над расходаваннем дзярж. сродкаў і інш.). Адыграў вял. ролю ў падрыхтоўцы Ген. штатаў 1789 і наданні 3-му саслоўю двайнога прадстаўніцтва. З 1790 у адстаўцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ШПАРТНАЯ СІСТЭ́МА,
сукупнасць правіл, якія рэгулююць парадак уліку і перамяшчэння насельніцтва пры дапамозе ўвядзення адзінага дакумента, што сведчыць асобу, — пашпарта. Упершыню П.с. ўведзена ў СССР пастановай ЦВК і СНК 27.12.1932. Асн. прынцыпы, якія выкладзены ў палажэнні аб П.с., зацверджаным пастановай СМСССР 28.8.1974, захоўваюцца ў некаторых краінах СНД, у т. л. ў Рэспубліцы Беларусь. Парадак пашпартызацыі насельніцтва Беларусі рэгламентуецца адпаведным палажэннем, зацверджаным пастановай урада Рэспублікі Беларусь ад 14.7.1993 і ўнесенымі ў яго наступнымі зменамі і дапаўненнямі. Пашпарт пэўнага ўзору і зместу належыць прапісцы па месцы жыхарства грамадзяніна. Кантроль за выкананнем патрабаванняў П.с. ўскладзены на органы міліцыі. Парушальнікі П.с. прыцягваюцца да адм. адказнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХО́ВА ВО́ДАЎ,
комплекс міжнар., дзярж., рэгіянальных гасп.-адм. і грамадскіх мерапрыемстваў па захаванні, узнаўленні і рацыянальным выкарыстанні водных рэсурсаў; састаўная частка аховы прыроды. Накіравана на ліквідацыю і папярэджанне адмоўнага ўплыву гасп. дзейнасці на стан паверхневых і падземных водаў, на захаванне воднага балансу тэрыторый, а таксама ў мэтах чалавека і як жыццёвага асяроддзя для мноства жывых арганізмаў. Уключае мерапрыемствы па вывучэнні рэсурсаў водаў і ўстанаўленні навукова абгрунтаваных прававых патрабаванняў да ўсіх водакарыстальнікаў, дзярж. і грамадскі кантроль за станам і рацыянальным выкарыстаннем водных рэсурсаў.
На Беларусі ахова водаў рэгулюецца нормамі і палажэннямі воднага заканадаўства, а таксама шэрагу інш. яго раздзелаў, міжнар. пагадненнямі, канвенцыямі і інш.Арганізац.-тэхн. мерапрыемствы па ахове водаў прадугледжваюцца ў планах эканам. і сац. развіцця: выяўленне крыніц забруджвання паверхневых і падземных водаў і яго прадухіленне, арганізацыя даследаванняў і ўкараненне новых метадаў ачысткі сцёкавых водаў, буд-ва ачышчальных збудаванняў, зваротных сістэм водакарыстання, укараненне безадходных тэхналогій, размяшчэнне гасп. аб’ектаў з улікам водаахоўных патрабаванняў і інш., а таксама стварэнне запаведнікаў, спецыялізаваных гідралаг. заказнікаў (гл.Асабліва ахоўныя прыродныя тэрыторыі і аб’екты), выдзяленне спец. водаахоўных зон, тэр., лясоў і гэтак далей. Кантроль за мерапрыемствамі па ахове водаў ажыццяўляюць Мін-ва прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, Галоўгідрамет і інш.дзярж. ўстановы з залучэннем грамадскасці. Праблемы аховы водаў даследуюцца ў Комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў Цэнтральным НДІ, Меліярацыі і лугаводства Беларускім НДІ, Бел.дзярж. ін-це па праектаванні водагасп. і меліярац. будаўніцтва і інш.
Да арт.Ахова водаў: ачышчальныя збудаванні на Гродзенскім вытворчым аб яднанні «Азот» (злева); водаахоўны лес на беразе Свіслачы ў Асіповіцкім раёне Магілёўскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЮ́ТНЫЯ АБМЕЖАВА́ННІ,
сістэма мерапрыемстваў і нарматыўных правіл, устаноўленых у заканадаўчым ці адміністрацыйным парадку з мэтай абмежавання аперацый з замежнай валютай і інш. валютнымі каштоўнасцямі; элемент валютнай палітыкі. Ажыццяўляюцца для рэгулявання плацежнага балансу краіны, падтрымання валютнага курсу, канцэнтрацыі валюты ў дзярж. структурах і фарміравання ўстойлівай валютнай сістэмы. Да валютных абмежаванняў адносяцца: ліцэнзаванне валютных аперацый, поўнае ці частковае блакіраванне валютных рахункаў, абмежаванне канверсаванасці валют, абавязковы (поўны ці частковы) продаж экспарцёрамі валютнай выручкі цэнтр. банку ці інш. упаўнаважаным на гэта органам, асобы рэжым увозу-вывазу валюты (у т. л. і нац.), жорсткі кантроль за дзейнасцю валютнага рынку і інш. Могуць пашырацца на бягучыя валютныя аперацыі і аперацыі, звязаныя з рухам капіталу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ ЧЫГУ́НАЧНАЯ ГРАМАДА́ў Маскве,
грамадска-паліт. і прафес.арг-цыябел. чыгуначнікаў — бежанцаў 1-й сусв. вайны. Існавала ў 1918, зарэгістравана Беларускім нацыянальным камісарыятам 25.5.1918. Асн. задачы: нац.-культ. адраджэнне Беларусі, развіццё прам-сці, гандлю, асветы; беларусізацыя чыгункі, удасканаленне і развіццё чыг. сеткі і інш. шляхоў зносін на Беларусі. Паліт. платформа: федэрацыя дэмакр. Беларусі з Сав. Расіяй, роўнасць усіх нацый і рэлігій, роўнае выбарчае права, выбарнасць судовай адміністрацыі, права на арганізацыю нар. міліцыі, кантроль дзяржавы над вытв-сцю, свабода забастовак, 8-гадзінны працоўны дзень, аддзяленне царквы ад дзяржавы, адкрыццё на Беларусі сваіх ВНУ; увядзенне бел. мовы ў справаводства органаў мясц. самакіравання, судоў і навуч. устаноў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЗІРА́ЛЬНЫЯ КАМІ́СІІ Рэспублікі Беларусь, органы грамадскага кантролю за дзейнасцю папраўча-працоўных устаноў. Створаны ў 1965 пры выканкомах раённых, гар. і абл. Саветаў і пры СМ з ліку дэпутатаў Саветаў, таксама прадстаўнікоў грамадскіх арг-цый і прац. калектываў. Склад Н.к. зацвярджаецца мясц. Саветамі. Іх дзейнасць рэгулюецца папраўча-працоўным заканадаўствам і Палажэннем аб Н.к. Асн. задачы: кантроль за дзейнасцю органаў, якія выконваюць пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі, папраўчых работ з пункту гледжання захавання імі патрабаванняў заканадаўства, за арганізацыяй і правядзеннем выхаваўчай работы з асуджанымі, прыцягненне грамадскасці да перавыхавання асуджаных, назіранне за паводзінамі асоб у быце і на вытворчасці пасля адбыцця імі пакарання, аказанне дапамогі ім у прац. і быт. уладкаванні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЖА́РНАЯ ПРАФІЛА́КТЫКА,
комплекс арганізац. і тэхн. мерапрыемстваў для прадухілення і лакалізацыі пажараў. Задачы П.п.: нарміраванне аб’ектаў па пажарнай небяспецы і выбухованебяспечнасці; забеспячэнне неабходнай вогнеўстойлівасці буд. канструкцый; зніжэнне гаручасці матэрыялаў; прадухіленне вылучэння гаручых рэчываў з тэхнал. абсталявання і ўтварэння выбухованебяспечнага асяроддзя, а таксама ліквідацыя крыніц загарання; заніраванне тэр. прадпрыемстваў; стварэнне проціпажарных разрываў і перашкод; забеспячэнне своечасовай эвакуацыі людзей; тэхн. забеспячэнне зніжэння задымленасці будынкаў; забеспячэнне сістэмамі вентыляцыі і пажарнай сігналізацыі. П.п. з’яўляецца сродкам стварэння пажарнай бяспекі і грунтуецца на комплексе нарматыўных дакументаў. Кантроль за выкананнем проціпажарных норм і правіл ажыццяўляе пажарны нагляд.
Літ.:
Обеспечение пожарной безопасности объектов народного хозяйства. Ч. 1—3. Мн., 1992—98.