РОД (genus) у біялогіі, асноўная надвідавая катэгорыя біял. класіфікацыі, якая аб’ядноўвае блізкароднасныя віды з улікам іх эвалюц. паходжання. Навук. назва Р. абазначаецца адным лац. словам (т.зв. унінамінальная назва). Напр., розныя віды нерп (байкальская, каспійская, кольчатая) аб’ядноўваюць у Р. нерп (Pnsa), розныя віды бярозы (каменная, павіслая і інш.) — у Р. бяроза (Betula). Некат. Р. складаюцца з 1 віду (манатыпныя), большасць Р. аб’ядноўвае сотні ці тысячы відаў (у раслін. насякомых). Асабліва блізкія віды ўтвараюць падроды. Некалькі падродаў складаюць прамежкавую катэгорыю — трыбу; трыбы ў сваю чаргу групуюцца ў падсямействы, якія складаюць сямейства. У палеабатаніцы, акрамя звычайнага Р., вылучаюць яшчэ орган-Р. і фармальныя Р. Гл. таксама Сістэматыка.

т. 13, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАГНА́ЦЫЯ (франц. stagnation ад лац. stagno раблю нерухомым, спыняю),

дэпрэсія ў эканоміцы, застой у вытв-сці, гандлі і інш., якія папярэднічаюць спаду або суправаджаюць яго; перыяд нізкай актыўнасці на рынку каштоўных папер. Настае ва ўмовах, калі вытв-сць вычарпала ўнутр. рэзервы і рухаючыя сілы свайго развіцця. Асн. прыкметы С наяўнасць незагружаных вытв. магутнасцей на прадпрыемствах, затрымка інвестыцыйнага працэсу, нулявыя ці нязначныя (меншыя за 3%) тэмпы росту або адмоўная велічыня гэтага росту з улікам інфляцыі, нязменныя структуры эканомікі і яе неўспрыімлівасць да дасягненняў навук.-тэхн. прагрэсу. С. была характэрна для эканомікі ЗША у 1930-я г. і для сав. эканомікі з сярэдзіны 1980-х г.

М.​В.​Радзіеўскі.

т. 15, с. 127

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПІТА́ЛЬНЫ РАМО́НТ,

рамонт, які выконваецца для аднаўлення спраўнасці вырабу з заменай любых яго частак. Пры К.р. праводзяць поўную разборку агрэгата, замену або аднаўленне ўсіх зношаных, у т. л. базавых, дэталей, асн. элементаў канструкцыі, поўнае аднаўленне ўстаноўленай дакладнасці і працаздольнасці. К.р. выконваецца, калі далейшая эксплуатацыя машын і абсталявання немагчыма з-за зношанасці (рамонт па патрэбнасці), або раней, не чакаючы выхаду са строю (рэгламентаваны рамонт). Апошні выконваюць у адпаведнасці з патрабаваннямі нарматыўна-тэхн. дакументацыі. Патрэба ў К.р. ўстанаўліваецца камісіяй на аснове грунтоўнага аналізу тэхн. стану аб’екта з улікам тэрміну службы (напрацоўкі) з пачатку эксплуатацыі або апошняга К.р. Рамонт маральна ўстарэлых асн. фондаў звычайна спалучаюць з іх мадэрнізацыяй.

І.​І.​Пішч.

т. 8, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТА́РЫКАЎ Георгій Пятровіч (н. 24.10.1940, г. Саратаў, Расія),

бел. вучоны ў галіне прыкладной механікі. Д-р тэхн. н. (1995). Скончыў Бел. ін-т інжынераў чыг. транспарту (1964), дзе і працаваў у 1973—76 і з 1980 (у 1982—87 заг. кафедры). З 1989 у Гомельскім тэхн. ун-це (з 1998 заг. кафедры). Навук. працы па метадах эл. мадэліравання задач механікі кантактнага ўзаемадзеяння. Стварыў арыгінальныя электрамадэліруючыя прыстасаванні, распрацаваў спосабы рашэння прасторавых кантактных задач для штампаў рознай геаметрычнай формы і з улікам т-ры і мех. зносу.

Тв.:

Построение весовой функции для круговой трещины в -упругом слое (разам з М.​М.​Барадачовым) // Докл. Нац. АН-Беларуси. 1999. Т. 43, № 2;

Электрическое моделирование пространственных контактных задач. Гомель. 2001.

т. 15, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЛО́ЎСКІ Уладзіслаў Піліпавіч (н. 25.9.1933, в. Маўчаны Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне меліярацыі. Акад. Акадэміі аграрных навук Беларусі (1992), д-р тэхн. н. (1980), праф. (1982). Скончыў БСГА (1955). З 1960 у Бел. НДІ меліярацыі і лугаводства (з 1969 нам. дырэктара, у 1977—97 дырэктар). Навук. працы па асн. прынцыпах канструявання меліярац. сеткі і тэхналогіі правядзення меліярац. работ. Пад яго кіраўніцтвам распрацаваны канструкцыі меліярац. сістэм, якія забяспечваюць рэгуляванне водна-паветранага рэжыму глебы і рацыянальнае выкарыстанне зямельных і водных рэсурсаў з улікам экалагічных патрабаванняў.

Тв.:

Мелиорация земель и охрана окружающей среды. Мн., 1982 (разам з С.​Г.​Скарапанавым, У.​С.​Бразгуновым);

Строительство закрытой осушительной сети. М., 1984.

Н.​В.​Губарэвіч.

т. 8, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАПО́К Мікалай Мікалаевіч (н. 8.1.1953, в. Паланэчка Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. вучоны ў галіне машынабудавання. Д-р тэхн. н. (2003). Чл.-кар. бел. інж. акадэміі (1997). Скончыў Наваполацкі політэхн. ін-т (1975). З 1975 у Полацкім ун-це (з 1998 прарэктар). Навук. працы па развіцці маш.-буд. вытв-сці, сістэмах аўтаматызаванага праектавання. Стварыў тэарэт. і тэхнал. асновы мабільнай рэарганізацыі і развіцця маш.-буд. вытв-сці з улікам сучасных эканам. умоў. Распрацаваў сістэму аўтаматызаванага праектавання модульных рэжучых інструментаў, тэхналогіі і абсталявання высокаэфектыўнай мех. апрацоўкі паверхняў дэталей з цяжкаапрацоўвальных матэрыялаў.

Тв.:

Комплексное моделирование и оптимизация обработки материалов резанием в гибком автомонтированном производстве. Новополоцк, 1997;

Мобильная реорганизация машиностроительного производства. Мн., 2001.

т. 18, кн. 1, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАНДША́ФТНЫ АНА́ЛІЗ,

вывучэнне структуры і ўласцівасцей прыродных тэрытарыяльных комплексаў; адзін з метадаў ландшафтазнаўства. Разглядае марфал. структуры і прасторавую дыферэнцыяцыю працэсаў, якія працякаюць у ландшафтах, гісторыю іх развіцця і сучаснай дынамікі, прыродныя і тэхнагенныя структуры, а таксама комплексныя ўласцівасці і функцыі ландшафту як адзінага цэлага, у т. л. яго сац.-эканам. функцыі. На аснове Л.а. робяць прагназіраванне кірункаў, шляхоў і вынікаў развіцця ландшафтаў з улікам ацэнкі колькаснага і якаснага бакоў уздзеяння на іх прыродных і антрапагенных фактараў. Прагназіраванне ўключае выпрацоўку рэкамендацый па аптымізацыі ландшафтаў і больш поўнай рэалізацыі іх сац.-эканам. функцый. Улічваецца пры распрацоўцы праектаў, звязаных з арх.-планіровачнымі, інж., аграпрамысл., меліярац., рэкрэацыйнымі і інш. кірункамі пераўтварэння прыродных ландшафтаў.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 9, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫШЫВА́ЛКА Анатоль Пятровіч (3.11.1924, в. Нізгалава Бешанковіцкага р-на Віцебскай вобл. — 16.10.1997),

бел. фізік. Д-р фіз.-матэм. н. (1981), праф. (1984). Скончыў БДУ (1955). З 1955 у Ін-це фізікі Нац. АН Беларусі (у 1963—70 нам. дырэктара, у 1982—94 заг. лабараторыі). Навук. даследаванні па оптыцы рассейвальных і паглынальных асяроддзяў. Распрацаваў метады разліку рассеяння і паглынання святла (у т. л. лазернага выпрамянення) неаднароднымі часцінкамі з улікам іх награвання і разбурэння.

Тв.:

Отражение света от поглощающих сред. Мн., 1963;

Оптические и тепловые поля внутри светорассеивающих частиц. Мн., 1983;

Рассеяние и поглощение света неоднородными и анизотропными сферическими частицами. Мн., 1984 (разам з В.​А.​Бабенкам, У.​М.​Кузьміным).

Г.​П.​Леднева.

т. 13, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУДО́ВАЯ ЭКСПЕРТЫ́ЗА,

даследаванне, якое праводзіцца экспертам у парадку, прадугледжаным працэсуальным заканадаўствам, для ўстанаўлення па матэрыялах крымін., цывільнай або гасп. справы фактычных даных і акалічнасцей. Падставай для правядзення С.э. з’яўляецца пастанова асобы, якая вядзе следства або дазнанне, пракурора, вызначэнне суда. У працэсе С.э. на аснове спец. ведаў, неабходных для экспертызы па канкрэтнай справе, устанаўліваюцца факты, акалічнасці. С.э. вызначаецца пытаннямі, якія ставяць следчы або суд. Аб’ектам С.э. могуць быць рэчавыя доказы, месца здарэння, параўнальныя ўзоры і г.д. С.э. праводзіцца з дапамогай пэўных прыёмаў, з выкарыстаннем розных тэхн. сродкаў, з улікам прадмета экспертызы. Адрозніваюць экспертызы крыміналістычныя, мед. і псіхіятрычныя (гл. Судова-псіхіятрычная экспертыза), біял., фін.-эканам., аўтатэхн., пажарна-тэхн., буд. і інш.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 15, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАПРА́ЎЧЫЯ ЎСТАНО́ВЫ,

дзяржаўныя ўстановы, дзе адбываюць пакаранне асуджаныя да пазбаўлення волі. Заканадаўства Рэспублікі Беларусь прадугледжвае сістэму П.у., якая ўключае папраўчыя калоніі, турмы (для дарослых), выхаваўчыя калоніі (для непаўналетніх), лячэбныя П.ў. Следчыя ізалятары выконваюць функцыі П.у. у адносінах да асуджаных да пазбаўлення волі, якія пакінуты там для выканання работ па гасп. абслугоўванні. Від П.у., у якіх асуджаны павінен адбываць пакаранне, вызначаецца ў прыгаворы суда з улікам характару цяжкасці злачынства, ступені грамадскай небяспекі і асобы злачынца. Наяўнасць розных П.у., якія адрозніваюцца рэжымам і ўмовамі ўтрымання, дазваляе дыферэнцыравана падыходзіць да выканання прыгавору аб асуджэнні да пазбаўлення волі і перавыхавання кожнай катэгорыі асуджаных.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 12, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)