ІУДЗЕ́ЙСКАЕ ЦА́РСТВА,

назва дзвюх стараж.-яўр. дзяржаў у Паўд. Палесціне. Першая (раннерабаўладальніцкая) дзяржава ўзнікла ў 928 да н.э. ў выніку распаду Ізраільска-Іудзейскага царства (існавала з 11 ст. да н.э.) і знаходзілася пад уладай нашчадкаў Давіда. Сталіца — Іерусалім, дзе знаходзіўся храм бога Яхве — гал. рэліг. цэнтр іудаізму. Аснову эканомікі складалі земляробства і жывёлагадоўля. Уварванне егіпцян у гады праўлення Рэхаваама (928—911 да н.э.) і войны з Ізраільскім царствам аслабілі І.ц. Аднак пры цару Узіі [785—733 да н.э.] яно аднавіла кантроль над Ідумеяй і атрымала выхад да Чырвонага мора. Пасля разгрому Ізраільскага царства асірыйцамі (722 да н.э.) І.ц. стала даннікам Асірыі. Асірыйскае панаванне ліквідавана пры цару Іасіі [639—609 да н.э.], які далучыў да І.ц. большую ч. тэр. Ізраільскага царства. У 587 да н.э. І.ц. заваявана вавілонскім царом Навухаданосарам II, Іерусалім і храм разбураны, большасць насельніцтва выведзена ў палон. Другое І.ц. ўзнікла ў выніку паспяховага нац.-вызв. паўстання іудзеяў супраць улады сірыйскіх правіцеляў Селеўкідаў (167 да н.э.). Яго межы не былі пастаяннымі, тэр. ядро разам з уласна Іудзеяй складалі Галілея і Самарыя. Сталіца — Іерусалім. У 165—37 да н.э. на чале ўлады знаходзілася дынастыя Хасманеяў, прадстаўнік якой Арыстобул I [104—103 да н.э.] першы афіцыйна прыняў царскі тытул. Хасманеі ваен. шляхам далучылі да І.ц. новыя тэр., насельніцтва якіх прымусова іудаізавалася. У 63 да н.э. Іерусалім захапіў рым. палкаводзец Пампей Вялікі. З гэтага часу І.ц. знаходзілася пад пратэктаратам Рыма, а яго правіцелі былі рым. стаўленікамі. Апошнімі іудзейскімі царамі, пад уладай якіх знаходзіліся ўласна Іудзея, Самарыя, Галілея і інш. тэрыторыі, былі прадстаўнікі Ідумейскай дынастыі: Ірад I [37—4 да н.э.] і яго ўнук Агрыпа I [41—44 Н.э.]. У 6—41 і з 44 н.э. Іудзея — рым. правінцыя.

Літ.:

Иосиф Флавий. Иудейская война. Мн., 1991;

Яго ж. Иудейские древности. Т. 1—2. Мн., 1994.

М.​Г.​Нікіцін.

т. 7, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТРАЛЬЦЫ́,

1) катэгорыя сялян-слуг у ВКЛ у 15—18 ст., асн. павіннасцю якіх у дзярж. уладаннях была арганізацыя і ўдзел у паляванні вял. князя (егерская служба), акрамя таго, С. лічыліся ваеннаабавязанымі. З сярэдзіны 16 ст. С. плацілі чынш (у той год, калі не выконвалі сваіх прамых абавязкаў). Паводле ардынацыі пушчаў 1641 С. былі вызвалены ад абавязку ўдзелу ў ваен. паходах, а павіннасці з іх сталі спаганяцца як з адной валокі зямлі. З 2-й пал. 17 ст. С. зноў ваеннаабавязаныя. У 18 ст., як правіла, пры выкананні егерскай павіннасці абавязаны былі плаціць чынш, натуральны падатак і інш. У прыватных і царк. уладаннях С. выконвалі ў асн. толькі егерскую службу.

2) Назва воінаў ВКЛ у 15—17 ст., якіх выстаўлялі мяшчане ўсх.-бел. гарадоў для абароны замкаў у час небяспекі.

3) Першае пастаяннае войска ў Рас. дзяржаве ў 16 — пач. 18 ст. (стралецкае войска), узброенае халоднай (бердышы) агнястрэльнай зброяй (пішчалі). Створана ў 1540—50-х г. Напачатку С. набіралі з пасадскага і сельскага насельніцтва, потым іх служба стала пажыццёвай і спадчыннай. С. атрымлівалі жалаванне грашамі, хлебам, зрэдку зямлёю. Падпарадкоўваліся Стралецкаму прыказу, а ў час вайны — военачальнікам. Жылі асобнымі слабодамі, мелі сем’і, займаліся рамёствамі і гандлем. У мірны час неслі гарнізонную і пагран. службу, у ваенны — прымалі ўдзел у паходах і бітвах. У 17 ст. С. ўдзельнічалі ў антыпрыгонніцкіх выступленнях, сял. войнах пач. 17 ст. і 1670—71 (пад кіраўніцтвам С.​Разіна), антыўрадавых паўстаннях, у т. л. ў Маскоўскім паўстанні 1682, Стралецкім паўстанні 1698. У 1720-х г. стралецкае войска расфарміравана Пятром I. Да гэтага часу завершана стварэнне рас. рэгулярнага войска, заснаванага на рэкруцкай павіннасці.

Літ.:

Чернов А.В. Вооруженные силы Русского государства в XV—XVII вв. М., 1954;

Буганов В.И. Московские восстания конца XVII в. М., 1969.

т. 15, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАТЭМАТЫ́ЧНАЯ ЛІНГВІ́СТЫКА,

матэматычная дысцыпліна, якая распрацоўвае фармальны апарат для апісання будовы натуральных і некаторых штучных моў. Развіваецца ў цесным узаемадзеянні з мовазнаўствам. Узнікла ў 1950-я г. ў сувязі з унутр. патрэбамі лінгвістыкі і развіццём аўтам. перакладу (гл. Машынны пераклад). Мае 2 лінгвістычныя аспекты: інфарматыка для лінгвістыкі — выкарыстанне статыстыкі, тэорыі кадзіравання, розных галін матэматыкі (напр., фактарнага аналізу) пры вырашэнні ўласна лінгвістычных задач (апрацоўка тэкстаў натуральнай мовы пры дапамозе камп’ютэрнай тэхнікі); лінгвістыка для інфарматыкі — цыкл даследаванняў у рамках інтэлекту штучнага, накіраваны на аўтам. або аўтаматызаванае рашэнне задач, якія да гэтага часу рашаліся выключна чалавекам. Апошняя развіваецца пераважна бел. лінгвістычнай школай. Да матэм. метадаў у лінгвістыцы адносяць тэорыю фармальных граматык, лінгвастатыстыку, семантычнае кадзіраванне. Яны дапамагаюць фармалізацыі семантыкі і сінтаксісу натуральных моў і іх статыстычнай апрацоўцы, у выніку чаго атрымліваюць дакладныя фармулёўкі найб. агульных правіл функцыянавання мовы, т.зв. універсаліі. Статыстычная апрацоўка тэкстаў рэалізуецца ў канкардансах (паказальніках слоў у выглядзе прамога, зваротнага, частотнага, камбінаторнага спісаў слоў і іх тэкставых прадстаўленняў). Семантычнае кадзіраванне дазваляе фармалізаваць інфармацыйны пошук у разнастайных тэкстах, атрымаць магчымасць фармальнага вырашэння задач. Ва ўсіх даследаваннях з выкарыстаннем матэм. метадаў у мовазнаўстве ўжываецца новая камп’ютэрная тэхніка, якая дапамагае аналізаваць вял. тэкставыя масівы ў аўтам. рэжыме. Ствараюцца таксама розныя варыянты кананізаванай мовы для прамых зносін камп’ютэра і чалавека, іх інтэрфейс. Кананізацыя мовы павінна адпавядаць моўным заканамернасцям, якія дапамагаюць забяспечыць адпаведнае разуменне тэкстаў. Семантычнае кадзіраванне абапіраецца на некаторыя тыпы алгебры, што дазваляе фармалізаваць адпаведнасць тэкстаў натуральнай мове. Агульная тэндэнцыя ідзе ў кірунку стварэння сістэм штучнага інтэлекту.

Літ.:

Гладкий А.В., Мельчук И.А. Элементы математической лингвистики. М., 1969;

Лесохин М.М., Лукьяненков К.Ф., Пиотровский Р.Г. Введение в математическую лингвистику. Мн., 1982;

Арапов М.В. Квантитативная лингвистика. М., 1988;

Мартынаў В.У., Шуба П.П., Ярмаш М.І. Марфемная дыстрыбуцыя ў беларускай мове: Дзеяслоў. Мн., 1967;

Плотников Б.А. Дистрибутивно-статистический анализ лексических значений. Мн., 1979;

Мартынов В.В. Принципы объективной семантической классификации // Полилог. Мн., 1998. Вып. 1.

В.​У.​Мартынаў.

т. 10, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЬЮ́ТАН (Newton) Ісаак (4.1.1643, Вулстарп, каля г. Грантэм, Вялікабрытанія — 31.3.1727),

англійскі фізік, матэматык і астраном, стваральнік класічнай механікі і асноў сучаснага прыродазнаўства. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1672, з 1703 яго прэзідэнт). Замежны чл. Парыжскай АН (1699). Скончыў Трыніты-каледж Кембрыджскага ун-та (1665). У 1669—1701 заг. кафедры матэматыкі гэтага ун-та. З 1696 даглядчык, з 1699 дырэктар Манетнага двара ў Лондане. Навук. працы па механіцы, оптыцы, астраноміі, матэматыцы. Даў азначэнні зыходных паняццяў і сфармуляваў асн. законы класічнай механікі (гл. Ньютана законы механікі). Адкрыў сусветнага прыцягнення закон. Увёў тэрмін «гравітацыя» і стварыў класічную тэорыю гравітацыі. На яе аснове растлумачыў Кеплера законы, асаблівасці руху Месяца, прэцэсію Юпітэра, прапанаваў тэорыю фігуры Зямлі, тэорыю прыліваў і адліваў. У галіне оптыкі адкрыў дысперсію святла (1666), храматычную аберацыю, інтэрферэнцыю святла ў тонкіх слаях паветра (гл. Ньютана кольцы). Сканструяваў люстэркавы тэлескоп-рэфлектар (1668), вынайшаў рэфлектарны мікраскоп (1672) і секстант. Развіў карпускулярную тэорыю святла. Распрацаваў дыферэнцыяльнае і інтэгральнае злічэнні (1665—66; гл. Ньютана—Лейбніца формула), пашырыў бінаміяльную формулу на выпадак адвольных рэчаісных паказчыкаў (гл. Ньютана біном). Гал. праца Н. — «Матэматычныя асновы натуральнай філасофіі» (1687), якая стала фундаментам класічнай фізікі і вызначыла развіццё прыродазнаўства ў наступныя 2 стагоддзі. У аснову ньютанаўскай карціны свету пакладзены паняцці абс. прасторы і часу, апісанне фіз. ўзаемадзеяння праз паняцце сілы, тэорыя далёкадзеяння, а таксама філас.-тэалагічныя погляды Н. Яго імем названа адзінка сілы ў СІ — ньютан.

Тв.:

Рус. пер. — Всеобщая арифметика или книга об арифметических синтезе и анализе. М., 1948;

Оптика или трактат об отражениях, преломлениях, изгибаниях и цветах света. 2 изд. М., 1954;

Математические начала натуральной философии. М., 1989.

Літ.:

Исаак Ньютон, 1643—1727: Сб. статей к трехсотлетию со дня рождения. М.; Л., 1943;

Карцев В.П. Ньютон. М., 1987;

Вавилов С.И. Исаак Ньютон, 1643—1727. 4 изд. М., 1989.

М.​М.​Касцюковіч.

І.Ньютан.

т. 11, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАСЛАВА́НСКАЯ МО́ВА, агульнаславянская мова,

мова старажытных славян перыяду іх адноснага адзінства. У 2-й пал. 1-га тыс. н.э. распалася на асобныя славянскія мовы. На думку некат. вучоных, паміж індаеўрап. і праслав. перыядамі існаваў перыяд балтаславянскай прамовы, з якой П.м. вылучылася ў канцы 1-га тыс. да н.э. Разам з прабалт., індаіран. і армянскай П.м. належыць да групы satem індаеўрапейскіх моў. Носьбіты П.м. змянілі тэр. жыхарства (слав. прарадзіму) у Цэнтр. і Усх. Еўропе; верагодна ў 1-м тыс. да н.э. тэр. прарадзімы славян (да гэтага часу размяшчаліся больш на З і Пн) ахоплівала Прыпяцкае Палессе. П.м. зведала дыялектнае чляненне. Адна са стараж. дыялектных ’яе рыс — адрозненне выбухнога і фрыкатыўнага вымаўлення «г». Перад распадам П.м. вылучаліся паўн. і паўд., зах. і ўсх. дыялектныя зоны. За час існавання зазнала істотныя змены. У фанетыцы пры вылучэнні з індаеўрап. адзінства мяккія заднеязычныя зычныя ператварыліся ў свісцячыя, супалі прыдыхальныя і непрыдыхальныя зычныя, у пэўных пазіцыях s перайшло ў «х», адбылася дэлабіялізацыя галосных. Фанет. працэсы праходзілі ў 2 гал. кірунках: узыходнай гучнасці (манафтангізацыя дыфтонгаў, узнікненне насавых галосных, станаўленне закона адкрытага складу і інш.) і гармоніі (палаталізацыя заднеязычных зычных, змена гукаў побач з j і інш.) складу. У марфалогіі адбывалася перабудова сістэмы часцін мовы (падзел імені на назоўнікі і прыметнікі, узнікненне ўмоў для вылучэння лічэбнікаў, рост прыслоўяў), тыпаў скланення, утварэнне новага імперфекта ў дзеяслова, станаўленне апазіцыі незакончанага і закончанага трывання. Пашырылася прэфіксальнае словаўтварэнне дзеясловаў, суфіксальнае — назоўнікаў і прыметнікаў, замацоўваўся слав. тып простага сказа, ствараліся перадумовы для развіцця складанага сказа. Лексіка П.м. значна ўзбагацілася ўласнымі новаўтварэннямі, часткова запазычаннямі з балт., германскіх, іранскіх і інш. моў. П.м. не мела пісьмовай фіксацыі. Стан і развіццё яе рэканструююцца параўнальна-гістарычным мовазнаўствам. П.м. як продка ўсіх сучасных слав. моў вывучае славянскае мовазнаўства.

Літ.:

Чекман В.Н. Исследования по исторической фонетике праславянского языка. Мн., 1979;

Супрун А.Е., Калюта А.М. Введение в славянскую филологию. Мн., 1981;

Мартынов В.В. Становление праславянского языка по данным славяно-иноязычных контактов. Мн., 1982;

Этимологический словарь славянских языков: Праславянский лексический фонд. Вып. 1—25. М., 1974—99.

А.​Я.​Супрун.

т. 13, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКАРУ́ЛЬСКІ (Skorulski) Антоній Адам (22.11.1715, Жамойць — 28.1.1777),

філосаф, асветнік. З 1730 чл. ордэна езуітаў, у 1742 пасвячоны ў ксяндза. Выкладаў філасофію, гісторыю і геаграфію ў езуіцкіх навуч. установах Латвіі і Літвы. Рэктар калегіумаў у Навагрудку (1760—64) і Коўне (1764—66), у 1766—72 правінцыял літоўскі (кіраўнік Літ. правінцыі ордэна). Рэктар Віленскай акадэміі (1772—74; з 1803 Віленскі ун-т). Пасля скасавання ордэна езуітаў (1773) заставаўся белым ксяндзом, з 1775 канонік віленскі. У адзіным творы С. «Каментарыі па філасофіі, або логіцы, гэта значыць метафізіцы, агульнай і спецыяльнай фізіцы» (1755) выкладзены асн. філас. сістэмы Новага часу і адкрыцці ў прыродазнаўстве, прыведзены каштоўныя звесткі па астраноміі, механіцы і інш. галінах ведаў. Лічыў, што існуе толькі адзін свет, а не мноства; ён абмежаваны пэўнымі межамі сваёй велічыні, заснаванай у пэўны час. Адмаўляў асн. палажэнні вучэння М.​Каперніка, тэорыі першасных і другасных якасцей, атамізму. Гнасеалагічныя погляды С. знаходзіліся пад уплывам сенсуалізму. Паводле С., пазнанне рэчаіснасці пачынаецца з уздзеяння аб’екта на органы пачуццяў; любое адчуванне ўключае 3 элементы: орган пачуццяў, уздзеянне, якое робіцца на яго, і здольнасць да ўспрымання гэтага ўздзеяння. Крытыкаваў тэорыю прыроджаных ідэй і інтуітыўнага пазнання, перасцерагаў ад легкадумнага, некрытычнага адмаўлення ўсялякай новай ідэі без папярэдняга апрабавання яе розумам. Даследаваў праблему лагічнага метаду ў непарыўнай сувязі з традыц. аперацыямі розуму (паняцце, суджэнне і вывад); пры гэтым лагічны метад падзяляў на сінтэтычны, з дапамогай якога пазнанне рухаецца ад простага да складанага, ад частак да цэлага, ад прычыны да выніку, і аналітычны, пры дапамозе якога розум вяртаецца ад складанага да простага, ад усеагульнага да адзінкавага.

Тв.:

Рус. пер. — Комментарии по философии, или логике, то есть метафизике, общей и специальной физике. Вильна, 1755 // Памятники философской мысли Белоруссии XVII — первой половины XVIII в. Мн., 1991.

Літ.:

Бирало А.А. Философская и общественная мысль в Белоруссии и Литве в конце XVII — середине XVIII в. Мн., 1971;

Дорошевич Э.К. Философия эпохи Просвещения в Белоруссии. Мн., 1971;

Очерки истории философской и социологической мысли Белоруссии (до 1917 г.). Мн., 1973;

Цукерман А.Я. Философская мысль в Белоруссии середины XVIII в. Мн., 1980.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 14, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАСЛЕДАВАННІ ПА ЎСЕАГУЛЬНАЙ ГІСТОРЫІ

На Беларусі вывучэнне асобных праблем сусветнай гісторыі пачалі ў 18 ст. выпускнікі Віленскага ун-та — ураджэнцы Беларусі. Адным з заснавальнікаў антыказнаўства ў Пецярбургу і Маскве быў М.​С.​Кутарга; у галіне антыказнаўства і медыявістыкі працавалі Дз.​І.​Азарэвіч, І.​Анацэвіч, А.​Здановіч, В.​Макавельскі, А.​Нарушэвіч; арыенталістыкі — І.​А.​Гашкевіч, В.​М.​Кавалеўскі, В.​І.​Сянкоўскі, Б.​А.​Тураеў. У пач. 20 ст. М.​К.​Судзілоўскі звяртаўся да аналізу праблемы міжцывілізацыйнага ўзаемадзеяння. З 1920-х г. цэнтрамі вывучэння праблем усеагульнай гісторыі сталі БДУ, АН Беларусі, Мінскі пед. ін-т. На кафедры гісторыі стараж. свету і сярэдніх вякоў БДУ (у 1934—55 кафедра гісторыі стараж. свету) вяліся даследаванні па арыенталістыцы, антыказнаўстве і медыявістыцы. Заснавальнікам бел. навук. школ стараж. арыенталістыкі і вывучэння антычнага хрысціянства быў М.​М.​Нікольскі. Даследаванне гісторыі стараж. свету і антычных дзяржаў прадоўжылі Г.​І.​Даўгяла, І.​А.​Еўтухоў, М.​С.​Корзун, Г.​М.​Ліўшыц, Р.​А.​Нікольская, Ф.​М.​Нячай, А.​В.​Перзашкевіч, У.​М.​Перцаў, А.​А.​Прохараў, К.​А.​Равяка, В.​І.​Ханкевіч і інш.

Даследаванні па медыявістыцы вялі Перцаў (гісторыя прусаў) і Ліўшыц (гісторыя каталіцкай царквы, Рэфармацыя і вальнадумства ў сярэдневяковай Еўропе). Сярэдневякоўе Чэхіі вывучалі Н.​А.​Гусакова і А.​М.​Ясінскі, міжнар. адносіны ў Еўропе ў познім сярэдневякоўі — Ю.​Я.​Івонін і А.​Б.​Кузняцоў. Сучасная бел. медыявістыка вызначаецца шырокім спектрам праблематыкі, разнастайнасцю метадалагічных падыходаў. Сац. адносіны ў сярэдневяковай Еўропе даследуюць В.​І.​Гарамыкіна і Я.​Я.​Рыер, гісторыю Візантыі і Польшчы — Л.​П.​Сушкевіч, гісторыю антычнага хрысціянства — В.​А.​Фядосік, сярэдневяковы побыт і ранні гуманізм — А.​Дз.​Смірнова, сярэдневяковую гісторыю Брытаніі — А.​І.​Малюгін, франкскай дзяржавы — А.​М.​Сурта, праблемы Адраджэння — А.​П.​Вахніна.

З 1937 у БДУ існуе кафедра новай і навейшай гісторыі. Перцаў вывучаў праблемы гісторыі новага і навейшага часу Прусіі, Вял. франц. рэвалюцыі, эканам. гісторыі Англіі 19 ст. У міжваенны перыяд бел. вучоныя займаліся пытаннямі паходжання і сутнасці фашызму (С.​Я.​Вальфсон, Н.​М.​Канаплін), гісторыі герм. сацыял-дэмакратыі (Е.​І.​Рыўлін). Пасля вайны гэта кафедра стала вядучым цэнтрам навук. даследаванняў і падрыхтоўкі кадраў адпаведнага профілю. Новая і навейшая гісторыя замежных краін вывучаецца таксама на інш. гіст. кафедрах пед. ін-таў і ун-таў, у Ін-це гісторыі АН Беларусі. Адным з гал. кірункаў даследаванняў стала вывучэнне міжнар. адносін у 19—20 ст. Уклад у вывучэнне знешняй і ўнутр. палітыкі еўрап. і амерыканскіх дзяржаў гэтага часу зрабілі А.​М.​Байчораў, Г.Г.

Бойчанка, А.​Д.​Гусеў, Э.​А.​Калініна, Д.​С.​Клімоўскі, А.​С.​Кляўчэня, М.​Р.​Круцько, Н.​Г.​Лабаценка, А.​М.​Малашка, С.​А.​Малевіч, Н.​А.​Міхайлідзіс, М.​П.​Палетыка, І.​Л.​Пятровіч, У.​М.​Сікорскі, А.​Ф.​Смірноў, В.​П.​Сярэбранікаў, Р.​М.​Трухноў, В.​П.​Увараў, Р.​А.​Чыкалаў, Г.​Ф.​Шмыгаў, Л.​М.​Шнеерсон і інш. З 1960-х г. вывучалася і ўсходазнаўчая праблематыка новага і навейшага часу (В.​К.​Дашкевіч, У.​С.​Кошалеў і інш.).

У 1970—80-я г. важным кірункам заставаліся даследаванні навейшай гісторыі Германіі (М.​Г.​Елісееў, В.​А.​Космач, Г.​А.​Космач, Р.​Р.​Лазько, У.​Е.​Снапкоўскі, М.​С.​Стралец, І.​Р.​Чыкалава, А.​В.​Шарапа, П.​А.​Шупляк і інш.). У 1980-я г. бел. гісторыкі даследавалі камуністычны і дэмакратычны рух, знешнюю палітыку краін Лацінскай Амерыкі (А.​А.​Чалядзінскі), праблемы раззбраення, ідэалагічнай барацьбы і міжнар. бяспекі (Л.​Н.​Анісімаў, В.​К.​Мазураў, А.​А.​Разанаў).

Гісторыю славянскіх краін і народаў, у т. л. гісторыю Расіі, у 1920—80-я г. даследавалі Д.​Б.​Мельцэр, У.​І.​Пічэта, А.​П.​П’янкоў, А.​А.​Савіч, Ясінскі і інш.

Пасля набыцця Беларуссю незалежнасці ўнесены істотныя змены ў паняцце і змест тэрміна «ўсеагульная гісторыя», што запатрабавала перагляду тэарэтыка-метадалагічных падыходаў да асэнсавання і даследавання розных праблем усеаг. гісторыі. Да праблематыкі ўсеаг. гісторыі адышла гісторыя народаў б. СССР, якая раней уваходзіла ў спецыяльнасць «гісторыя СССР». У 1998 на гіст. факультэце БДУ створана кафедра гісторыі Расіі, якая ўвабрала праблематыку рас., сав. і ўкр. гісторыі, Гіст.-славістычныя даследаванні ажыццяўляюцца на кафедры гісторыі паўд. і зах. славян БДУ і ў інш. навучальных і навук. установах Беларусі. Гісторыяй краін Цэнтр. і Усх. Еўропы займаюцца В.​А.​Аляшкевіч, В.​І.​Бобышаў, В.​В.​Брыгадзіна, Л.​В.​Лойка, Л.​Л.​Міхайлоўская, С.​В.​Пазняк, А.​П.​Салькоў, В.​А.​Сімакова, Н.​А.​Царук, В.​М.​Цемушаў, С.​М.​Цемушаў, М.​Э.​Часноўскі, А.​А.​Яноўскі і інш.

З пач. 1990-х г. больш актыўна вядуцца даследаванні міжнар. адносін на кафедры гісторыі міжнар. адносін факультэта міжнар. адносін (створана ў 1992) і ў Цэнтры міжнар. даследаванняў (створаны ў 2000) БДУ, Ін-це гісторыі Нац. АН Беларусі, дзе ў 2001 створаны аддзел усеаг. гісторыі новага і навейшага часу, Ін-це сац.-паліт. даследаванняў і Акадэміі кіравання пры Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, інш. ун-тах і недзярж. даследчых цэнтрах краіны (Н.​Я.​Аблава, А.​А.​Гардзейчык, А.​А.​Дастанка, А.М.

Космач, Кошалеў, Ю.​І.​Малевіч, Разанаў, А.​В.​Русакевіч, Снапкоўскі, У.​В.​Фральцоў, Л.​М.​Хухлындзіна, А.​В.​Ціхаміраў, Чалядзінскі, В.​Г.​Шадурскі, Шарапа і інш.).

Пытанні бел. гістарыяграфіі ўсеаг. гісторыі даследавалі В.​А.​Астрога, А.​В.​Гурын, Клімоўскі, Кошалеў, Мельцэр, Нікольскі, Нячай, Перцаў, Равяка, Снапкоўскі, Трухноў, У.​Я.​Улаховіч, Шнеерсон, рас. гістарыяграфіі 2-й пал. 19 ст. — А.​М.​Нечухрын, германскай гістарыяграфіі 2-й сусв. вайны — С.​Я.​Новікаў, англа-амерыканскай гістарыяграфіі паліт. сістэмы СССР — В.​І.​Манькоўскі, гістарыяграфіі ЗША аб эвалюцыі міжнар. адносін пасля «халоднай вайны» — С.​Ф.​Свілас, метадалогіі гіст. даследаванняў — Нечухрын і У.​Н.​Сідарцоў. У 1990-я г. выдадзены першыя бел. школьныя падручнікі па гісторыі стараж. свету і сярэдніх вякоў, па сусветнай гісторыі новага і навейшага часу, падручнікі БДУ па гісторыі стараж. Усходу і сярэдніх вякоў, навучальныя дапаможнікі для ВНУ па гісторыі Еўропы і Амерыкі і навейшага часу.

У.​Е.​Снапкоўскі.

т. 18, кн. 2, с. 470

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЕТЫШЫ́ЗМ (франц. fétichisme ад партуг. feitięo амулет),

вера ў звышнатуральныя ўласцівасці прыродных або вырабленых чалавекам неадушаўлёных прадметаў (фетышаў) і іх ушанаванне. Узнік у перыяд першабытнага грамадства; быў пашыраны ва ўсіх першабытных народаў. Характэрны, хоць і не ў аднолькавай ступені, для ўсіх рэлігій (напр., шанаванне крыжа, мошчаў, абразоў у хрысціянстве, «чорнага каменя» ў г. Мекка ў ісламе і інш.). Своеасаблівымі рэшткамі Ф. з’яўляецца вера ў амулеты, абярэгі, талісманы.

Тэрмін «фетыш» уведзены ў навуку галандскім падарожнікам В.​Босманам у пач. 18 ст. Франц. асветнікі разглядалі Ф. як архаічную форму рэлігіі, звязаную з неадукаванасцю.

Г.​Гегель бачыў у Ф. форму чараўніцтва, імкненне чалавека ажыццяўляць ускосную ўладу над прыродай пры дапамозе фетыша. К.​Маркс лічыў Ф. з’явай не толькі рэлігійнай і ўвёў паняцце «таварнага фетышызму», пад якім разумеў грамадскі працэс надзялення прадуктаў працы звышнатуральнымі ўласцівасцямі, абумоўлены «арэчаўленнем» сац. адносін. Э.​Б.​Тайлар, Г.​Спенсер разглядалі Ф. як адну з форм анімізму.

На бел. землях Ф. адлюстраваны ў стараж. павер’ях пра здольнасці асобных камянёў вылечваць ад цяжкіх хвароб, даваць людзям вял. энергію і магічную сілу. Паводле старадаўніх уяўленняў беларусаў, у глыбокай старажытнасці камяні былі жывымі істотамі: маглі расці, размнажацца, гаварыць, есці і піць, перамяшчацца ў прасторы і інш. Асобныя «свяшчэнныя камяні» мелі ўласныя імёны: Кравец, Сцяпан, Змяіны камень і інш. Культ камянёў быў даволі пашыраны на Беларусі: камяні ўшаноўвалі, маліліся ім, прасілі ў іх дапамогі ў паўсядзённым жыцці, рабілі ім ахвярапрынашэнні (грошы, палатно, зрэдку хатніх жывёл); рэшткі гэтага культу назіраюцца ў некат. бел. вёсках да нашага часу. Гл. таксама Прошча.

Літ.:

Афанасьев А.Н. Поэтические воззрения славян на природу: Опыт сравнит. изучения славян. преданий и верований в связи с мифич. сказаниями других родственных народов. Т. 1—3. М., 1995;

Волошина Т.А., Астапов С.Н. Языческая мифология славян. Ростов н/Д, 1996;

Тайлор Э.Б. Миф и обряд в первобытной культуре: Пер. с англ. Смоленск, 2000;

Шамякіна Т. Міфалогія: Вытокі нашай самасвядомасці // Роднае слова. 1993. № 8.

Э.​С.​Дубянецкі.

т. 16, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САНКТ-ПЕЦЯРБУ́РГСКІ МАЛЫ́ ТЭА́ТР О́ПЕРЫ І БАЛЕ́ТА імя М.​П.​Мусаргскага.

Адкрыты ў 1918 у будынку б. Міхайлаўскага т-ра (1833, арх. А.​Брулоў). З 1919 Дзярж. акад. т-р камічнай оперы, з 1921 — Малы петраградскі дзярж. акад. т-р, з 1926 — Дзярж. акад. Малы оперны т-р, з 1964 — Ленінградскі Малы т-р оперы і балета, з 1989 імя Мусаргскага, з 1992 сучасная назва. Напачатку ставіліся камед. спектаклі, аперэты, аднаактовыя оперы: «Птушкі пеўчыя» Ж.​Афенбаха (1918), «Цар-цясляр» А.​Лорцынга (1919), «Верцер» Ж.​Маснэ (1920), «Скупы рыцар» С.​Рахманінава, «Цыганскі барон» І.​Штрауса(1922) і інш. Пазней пастаўлены оперы «Нос» (1930) і «Лэдзі Макбет Мцэнскага павета» (1934) Дз.​Шастаковіча; «Ціхі Дон» (1935) і «Узнятая цаліна» (1937) І.​Дзяржынскага. З 1933 працуе і балетная трупа. Пастаўлены балеты «Светлы ручай» Шастаковіча (1935), «Каўказскі нявольнік» Б.​Асаф’ева (1938) і інш. З 1941 т-р знаходзіўся ў г. Арэнбург, дзе ў 1943 пастаўлены оперы «Кроў народа» Дзяржынскага і «Мацней за смерць» В.​Валошынава. З 1944 у Ленінградзе, працягваў прапагандаваць сучасныя творы і набыў вядомасць як т-р-эксперыментатар. Сярод пастановак: оперы «Вайна і мір» С.​Пракоф’ева (1946), «Маладая гвардыя» Ю.​Мейтуса (1950), «Вірынея» С.​Сланімскага (1967), «Не толькі каханне» Р.​Шчадрына (1973) і інш. З 1981 т-р узначаліў С.​Гаўдасінскі, які лічыў гал. задачай адраджэнне ў т-ры рус. класікі. У рэпертуары гэтага часу — «Барыс Гадуноў» і «Хаваншчына» Мусаргскага, «Яўген Анегін» і «Пікавая дама» П.​Чайкоўскага, «Залаты пеўнік» і «Казка пра цара Салтана» М.​Рымскага-Корсакава, «Марыя Сцюарт» Сланімскага, «Пётр I» Ц.​Хрэннікава; балеты «Макбет», «Баядэрка» Ш.​Калаша і інш. Уклад у развіццё т-ра ўнеслі дырыжоры С.​Самасуд, Б.​Хайкін, А.​Дзмітрыеў, Ю.​Багданаў, П.​Бубельнікаў, А.​Аніханаў, А.​Кукушкін, А.​Сітнікаў; рэжысёры М.​Смоліч, Э.​Пасынкаў, У.​Лук’янаў; балетмайстры Ф.​Лапухоў, Л.​Лаўроўскі, П.​Гусеў, І.​Бельскі, А.​Вінаградаў, М.​Баярчыкаў; хормайстары М.​Траўкін, А.​Чарноў; салісты оперы С.​Балашоў, А.​Галавін, К.​Камісарава, А.​Мадэстаў, А.​Алмазаў, Т.​Багданаў, А.​Ступальскі, С.​Шапашнікаў і інш.; балета В.​Зімін, Ю Літвіненка, Л.​Сафронава, В.​Станкевіч і інш. Салісты 1999—2001 Н.​Бірукова, Н.​Уласава, М.​Трагубовіч, С.​Акопаў, А.​Барысевіч, С.​Бурэеў, С.​Дрэйт, М.​Казанцаў, А.​Пятроў і інш.

Л.​А.​Шымановіч.

т. 14, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЫРВО́НАЙ А́РМІІ ПАХО́Д У ЗАХО́ДНЮЮ БЕЛАРУ́СЬ І ЗАХО́ДНЮЮ УКРАІ́НУ 1939,

увод сав. войск на тэр. Заходняй Беларусі і Зах. Украіны, які пачаўся 17.9.1939 і паклаў пачатак іх уз’яднанню з СССР. Паводле ўмоў Рыжскага мірнага дагавора 1921 зах.-бел. і зах.-ўкр. землі знаходзіліся ў складзе Польшчы. У ходзе польскай кампаніі 1939 герм. войскі акупіравалі большую частку тэр. Польшчы (да 16 вер. акружылі Варшаву). У гэтых умовах сав. ўрад прыняў рашэнне «ўзяць пад сваю абарону жыццё і маёмасць насельніцтва Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі», як было сказана ў ноце польскаму паслу ў Маскве 17.9.1939. Для гэтага на базе Бел. і Кіеўскай ваен. акруг былі створаны франты: Бел. (4 арміі, конна-механізаваная група і асобны стралк. корпус; камандуючы камандарм 2-га рангу М.​П.​Кавалёў) і Укр. (3 арміі; каманд. камандарм 1-га рангу С.К.Цімашэнка). На Палессі па Прыпяці на З рухалася Дняпроўская ваенная флатылія (перасекла граніцу 18 вер.). Ім процістаялі нязначныя польскія сілы (найб. баяздольнай была аператыўная група «Палессе» пад камандаваннем ген. Ф.​Клеберга з 17 тыс. чал., з іх толькі палавіна ўзброена). Часцям Чырв. Арміі загадвалася быць лаяльнымі да польскіх ваеннаслужачых, калі яны не будуць аказваць супраціўлення. СССР не абвяшчаў вайну Польшчы, урад Польшчы таксама прызнаў, што стану вайны з СССР не існуе. Вярх. галоўнакамандуючы ўзбр. сіл Польшчы маршал Э.Рыдз-Сміглы 17 вер. загадаў польскім войскам: «з Саветамі не ваяваць, у бой не ўступаць, за выключэннем, калі яны будуць атакаваць ці спрабаваць раззброіць нашы часці...» Таму маштабных баявых дзеянняў паміж польскімі і сав. войскамі фактычна не было. Паводле польскіх крыніц, адбылося каля 40 выпадкаў супраціўлення пагран. патрулёў, а таксама баявыя сутычкі пад Кобрынам, Гроднам, Вільняй, Сапоцкінам і інш. Найб. упартыя баі разгарнуліся 20—21 вер. ў Гродне, дзе 15-ы танк. корпус толькі 20 вер. страціў 16 танкаў, 3 бронемашыны, 47 чал. было забіта і 156 паранена. У выніку паходу сав. войскі занялі тэр. Зах. Беларусі і Зах. Украіны да абумоўленай з ням. кіраўніцтвам мяжы (паводле сав.-герм. камюніке ад 22 вер. дэмаркацыйная лінія паміж сав. і герм. войскамі праходзіла па рэках Піса, Нараў, Буг, Вісла і Сан, г.зн. на З ад «Керзана лініі», што было агаворана ў сакрэтным пратаколе ад 23.8.1939 да Пакта Рыбентропа—Молатава 1939). Аднак гэта мяжа праіснавала толькі тыдзень. Паводле сакрэтнага дадатковага пратакола да дагавора аб дружбе і граніцы паміж СССР і Германіяй ад 28.9.1939 (гл. Савецка-германскія пагадненні), усх. частка Варшаўскага і Люблінскае ваяводства адыходзілі да Германіі ў абмен на Літву, якая з гэтага часу стала сферай уплыву СССР. Беззваротныя страты Бел. і Укр. франтоў склалі 1475 чал. З 17 па 30 вер. войскі Бел. фронту інтэрніравалі і раззброілі 60 202 польскіх вайскоўцаў, сярод якіх 2066 афіцэраў. У выніку паходу зах. граніца СССР была адсунута на З на 400 км. Гл. таксама Уз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР, Віленскі край, Украіна.

Літ.:

Антосяк А.В. Освобождение Западной Украины и Западной Белоруссии // Воен.-ист. журн. 1989. № 9;

Марков А.Д. Военно-политические аспекты присоединения к СССР Западной Украины и Западной Белоруссии // Великая Отечественная война в оценке молодых. М., 1997;

Третьяк С. Воссоединение Белоруссии // Армия. 1999. № 5;

Назаўсёды разам: Да 60-годдзя ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР. Мн., 1999;

Ладысеў У.Ф. Падзеі верасня—кастрычніка 1939 г. ў лёсе беларускага народа // Праблемы ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР Гісторыя і сучаснасць. Мн., 2000. Мельтюхов М.И. Советско-польские войны: Воен.-полит. противостояние, 1918—1939 гг. М., 2001.

У.​Ф.​Ладысеў.

т. 17, с. 313

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)