з’явы, звязаныя з уздзеяннем магнітнага поля на металы і паўправаднікі, па якіх працякае электрычны ток. Адрозніваюць няцотныя (характарыстыкі гальванамагнітных з’яў мяняюць знак пры змене напрамку поля) і цотныя (не мяняюць знака); падоўжныя (магн. поле накіравана ўздоўж напрамку току) і папярочныя (упоперак да напрамку) гальванамагнітныя з’явы, напр.Хола эфект, магнітарэзістыўны эфект, падоўжны гальванамагн. эфект. Выкарыстоўваюцца для вымярэння велічыні магн. палёў, даследавання электроннага энергет. спектра і механізму рассейвання носьбітаў зараду ў металах і паўправадніках, генерацыі і ўзмацнення эл. поля і інш.
Гальванамагнітныя з’явы абумоўлены скрыўленнем траекторый носьбітаў зараду (электронаў праводнасці і дзірак) у магн. полі пад уздзеяннем Лорэнца сілы. Ва ўсіх металах і паўправадніках (акрамя ферамагнетыкаў) з павелічэннем поля павялічваецца ўдзельнае супраціўленне. Павелічэнне супраціўлення металаў у магн. полі, паралельным току, наз.падоўжным гальванамагнітным эфектам. У тонкіх плёнках і дратах выяўляецца залежнасць гальванамагнітных з’яў ад памераў і формы даследаванага ўзору (памерныя эфекты); у моцных магн. палях — квантавыя эфекты, якія вызначаюць неманатонную залежнасць пастаяннай Хола і супраціўлення ад параметраў поля. Гл. таксама Тэрмамагнітныя з’явы.
Літ.:
Бонч-Бруевич В.Л., Калашников С.Г. Физика полупроводников. 2 изд. М., 1990;
Блейкмор Дж. Физика твердого тела: Пер. с англ.М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́НЕЗІС (грэч. genesis),
філасофская катэгорыя, якая абазначае ўзнікненне, паходжанне, станаўленне аб’ектаў і з’яў, што развіваюцца. Першапачаткова стасаваўся да ўяўленняў аб паходжанні прыроды, быцця. Гэты аспект назіраўся яшчэ ў міфалогіі (багі як стваральнікі космасу), а потым у філасофіі (Геракліт, І.Кант, Г.Гегель) і канкрэтна-навук. галінах ведаў (касмаганічная гіпотэза Канта—Лапласа, атамістыка Дж.Дальтона і інш.). З 19 ст. катэгорыя генезісу пачынае адыгрываць важную метадалагічную ролю ў навук. пазнанні, асабліва ў навуках аб працэсах развіцця (тэорыя паходжання відаў праз натуральны адбор у біялогіі). Гэта прывяло да ўсталявання генетычнага метаду як асобнага метаду пазнання і ўзнікнення навук. дысцыплін, што вывучаюць пераважна генетычныя аспекты з’яў і працэсаў (генетычная псіхалогія, генетычная сацыялогія і інш.). У сучаснай навуцы асэнсавана неабходнасць злучэння генетычнага (дыяхроннага) і структурна-функцыянальнага (сінхроннага) даследавання аб’ектаў. У рамках апошняга, у прыватнасці, у розных варунках агульнай тэорыі сістэм (Ю.А.Абрамаў, Л.Берталанфі, Дж.Клір, Э.М.Сарока, А.І.Уёмаў, Ю.А.Урманцаў) робяцца спробы па мадыфікацыі структурна-функцыянальнага падыходу з тым, каб было магчымым вывучэнне генезісу і развіцця структур. Выключна важную ролю набываюць праблема глабальнай эвалюцыі і праблема генеалогіі формаў свядомасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРАВІ́К-РАМА́НАЎ (Віктар Андрэй Станіслававіч) (н. 18.3.1920, С.-Пецярбург),
расійскі фізік-эксперыментатар. Акад.АНСССР (1972, чл.-кар. з 1966). Скончыў Маскоўскі дзярж.ун-т (1947). З 1956 у Ін-це фіз. праблем АНСССР, адначасова ў Маскоўскім фізіка-тэхн. ін-це. Навук. працы па фізіцы магнітных з’яў. Адкрыў п’езамагнетызм, шэраг новых антыферамагнетыкаў, распрацаваў метады назірання спінавых хваляў.
Літ.:
Дзялошинский И.Е. и др. А.С.Боровик-Романов: (К шестидесятилетию со дня рождения) // Успехи физ. наук. 1980. Вып. 3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ЧНАСЦЬ,
непасрэднае, пачуццёвае ўспрыманне чалавекам з’яў прыроды і грамадства. У філасофіі называецца ўяўнасцю. Па сутнасці мае аб’ектыўную аснову, але звычайна не адпавядае ёй, бо адлюстроўвае тое, што ляжыць на паверхні, што бачна вонкава і часта залежыць ад рэальных умоў назірання, будовы органа ўспрымання (напрыклад, уяўны злом прадмета, часткова апушчанага ў ваду; бачны рух Сонца вакол Зямлі і інш.). Задача пазнання — звядзенне бачнасці да аб’ектыўнай сутнасці і вытлумачэнне яе ў знешніх формах, з’явах (гл.Сутнасць і з’ява).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗВЯ́ЗАНЫЯ СІСТЭ́МЫвагальныя,
сукупнасць узаемадзейных вагальных сістэм з 1 ступенню свабоды кожная (парцыяльных сістэм). Напр., сукупнасць 2 (ці больш) вагальных контураў, дзе ваганні ў адным з іх з-за наяўнасці сувязі выклікаюць ваганні ў астатніх. Мае спецыфічны характар рэзанансных з’яў: рэзананс выяўляецца пры супадзенні частаты знешніх ваганняў з любой з частот нармальных ваганняў З.с. Гл. таксама Звязаныя ваганні.
Да арт.Звязаныя сістэмы. Паласавыя фільтры: а — індуктыўная сувязь; б — ёмістасная сувязь; C — ёмістасці; L — індуктыўнасці Cсув — кандэнсатар сувязі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАКЛО́ ((Laclos) П’ер Амбруаз Франсуа Шадэрло дэ) (Choderlos de; 18.10. 1741, г. Ам’ен, Францыя — 5.9.1803),
французскі пісьменнік. Вядомасць Л. прынёс адзіны раман у пісьмах «Небяспечныя сувязі» (т. 1—4, 1782), у якім адлюстравана разлажэнне арыстакратычнага грамадства напярэдадні франц. рэвалюцыі канца 18 ст. Твор — адна са значных з’яў л-ры позняга ракако; вылучаецца тонкім псіхалагізмам, пераканаўчасцю вобразаў, удалай кампазіцыяй, адмысловым густам. Аўтар публіцыстычных і гіст. прац, пед. трактатаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРЫЁТ ((Mariotte) Эдм) (1620, г. Дыжон, Францыя — 12.5.1684),
французскі фізік. Чл. Парыжскай АН (1666) і адзін з яе заснавальнікаў. Навук. працы па механіцы, тэорыі цеплавых з’яў і оптыцы. Незалежна ад Р.Бойля адкрыў адзін з газавых законаў (гл.Бойля—Марыёта закон). Выявіў сляпую пляму на сятчатцы вока (1666), даследаваў рух вадкасцей і дыфракцыю святла. Напісаў трактат аб мех. сутыкненнях цел, сканструяваў шэраг розных фіз. прылад.
Літ.:
Льоцци М. История физики: Пер. с итал. М., 1970. С. 107—109.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТРАПАМАРФІ́ЗМ (ад антрапа... + грэч. morphē форма, від),
прыпадабненне да чалавека, надзяленне чалавечымі ўласцівасцямі прадметаў і з’яў нежывой прыроды, нябесных целаў, жывёлін, міфічных істот. Узнік як першапачатковая форма светапогляду чалавека на ранніх ступенях развіцця грамадства (гл.Анімізм). Антрапамарфізм уласцівы большасці рэліг. уяўленняў пра багоў і інш. звышнатуральных істот (багі т.зв. вышэйшых рэлігій, язычніцкія багі і інш.). Антрапаморфныя паняцці выкарыстоўваюць і ў сучаснай навук.-тэхн. л-ры (камп’ютэр «запамінае», «рашае задачу» і г.д.), для эмацыянальнай выразнасці ў выяўл. мастацтве, паэзіі, прозе («зямля спіць», «мора хвалюецца»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛЬВА́НІ ((Galvani) Луіджы) (9.9.1737, г. Балоння, Італія — 4.12.1798),
італьянскі фізік і фізіёлаг, заснавальнік эксперым. электрафізіялогіі, адзін з заснавальнікаў навукі пра электрычнасць. Скончыў Балонскі ун-т (1759). З 1763 праф. анатоміі, потым медыцыны ў Балонскім ун-це. У «Трактаце пра сілы электрычнасці пры мускульным руху» (1791) апісаў з’яву электрызацыі пры кантакце разнародных металаў. Гэта дало магчымасць А.Вольта стварыць гальванічны элемент. Эксперыментальна даказаў наяўнасць электрычных з’яў у жывёльных тканках (1794).
Літ.:
Льоцци М. История физики: Пер. с итал. М., 1970. С. 190—194.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІ́ЛЬБЕРТ, Гілберт (Gilbert) Уільям (24.5.1544, г. Колчэстэр, Вялікабрытанія — 30.11.1603), англійскі фізік; адзін з заснавальнікаў навукі аб электрамагнетызме. Вучыўся ў Кембрыджы і Оксфардзе. Быў прыдворным урачом каралевы Лізаветы I. У 1600 выдаў кн. «Аб магніце, магнітных целах і вялікім магніце — Зямлі...» (рус.пер. 1956), дзе прапанаваў тэорыю магн. і эл.з’яў; даказаў, што Зямля мае магн. поле, падобнае на поле намагнічанага жал. шара, і выказаў меркаванне, што яе магн. полюсы супадаюць з геаграфічнымі. Выступаў з крытыкай вучэння Арыстоцеля, падтрымліваў геліяцэнтрычную сістэму М.Каперніка.