Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКАЯ ЗЯМЛЯ́,
адм.-тэр. адзінка ў ВКЛ у 15—16 ст. Землямі звычайна наз. асабліва значныя намесніцтвы, якія мелі элементы аўтаноміі, замацаваныя абласнымі прывілеямі. Намесніцтва ў Віцебску, верагодна, з моманту свайго ўтварэння (1392) атрымала ад вял. кн. Вітаўта грамату, якая гарантавала захаванне пэўных нормаў мясц. права, што ўзыходзілі да дагавораў паміж горадам і князем. Сляды такой граматы прасочваюцца ў віцебскім прывілеі вял. князя Казіміра IV (каля 1440—47, не захаваўся), які пазней быў пацверджаны вял. князямі Аляксандрам (1503) і Жыгімонтам І Старым (1509, 1547). Гэтыя прывілеі гарантавалі мясц. феадалам і мяшчанам правы, абвешчаныя шляхце цэнтр. часткі ВКЛ (Віленскаму і Трокскаму ваяв.) прывілеямі 1387, 1432, 1434, а таксама права несці гарнізонную службу толькі ў сваёй зямлі, мясцовы (замкавы) суд і непадлегласць юрысдыкцыі ўпаўнаважаных вял. князя (дзецкіх). Мясц. баяры карысталіся выключным правам па чарзе кіраваць дзярж. валасцямі, што знаходзіліся ў складзе зямлі, за выключэннем некалькіх маёнткаў, падпарадкаваных непасрэдна віцебскаму намесніку (гл. Віцебскае права). Аднак на практыцы самастойнасць Віцебскай зямлі была даволі абмежаваная. Асн. ўлада належала намесніку (ужо ў прывілеях 1503 і 1509 ён наз. ваяводам). Азярышчанская і Усвяцкая воласці пры Казіміру IV былі вылучаны з-пад кіравання мясц. баяр і ператвораны ў асобныя намесніцтвы. Відаць, самастойны намеснік быў і ў Оршы. Значныя воласці ў Віцебскай зямлі былі падараваны князям Андрэю Уладзіміравічу, Друцкім, Жылінскім, што таксама выключала іх з-пад кантролю віцебскага баярства. Пасля 1511 за Віцебскай зямлёй канчаткова замацавалася назва «ваяводства». Яе асобны статус быў афіцыйна скасаваны з прыняццем Статута ВКЛ 1566, які пашырыў на ўсю тэр. ВКЛ агульныя прававыя нормы.
В.Л.Насевіч.
т. 4, с. 221
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЛЬГЕ́ЛЬМА II ЗЯМЛЯ́ (Wilhelm II Land),
частка тэр. Антарктыды паміж 88° і 92° усх. д. Абмываецца м. Дэйвіса. Тоўшча ледавіковага покрыва 1000—2000 м. Свабодны ад лёду патухлы вулкан Гаўсберг (выш. 369 м). Адкрыта ў 1902 ням. экспедыцыяй Э.Дрыгальскага і названа ў гонар герм. імператара.
т. 4, с. 171
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЯКСА́НДРА І ЗЯМЛЯ́,
паўднёва-заходняя частка Антарктычнага п-ва ў Антарктыдзе. Злучана з мацерыком шэльфавым ледавіком Георга VI. Працягласць з Пн на Пд каля 400 км, з У на З — 200 км. Над ледавіковым покрывам горы (выш. да 2987 м, г. Стывенсан). Адкрыта ў 1821 рус. экспедыцыяй Ф.Ф.Белінсгаўзена і М.П.Лазарава.
т. 1, с. 295
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЗЯМЛЯ́ І ЛЮ́ДЗІ»,
абласная грамадска-паліт. аграпрамысл. штотыднёвая газета. Выходзіць з 1992 у Магілёве на бел. і рус. мовах. Асвятляе надзённыя праблемы жыцця рэспублікі, дзярж. палітыку ў галіне сельскай гаспадаркі, шляхі сац.-эканам. развіцця вёскі, прапагандуе вопыт калектыўных і фермерскіх гаспадарак аграрна-прамысл. комплексу. Мае рубрыкі: «Навіны, падзеі, факты», «Чарнобыльскае рэха» і інш.
Т.А.Меляшкееіч.
т. 7, с. 132
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАК-РО́БЕРТСАНА ЗЯМЛЯ́ (MacRobertson Land),
частка тэр. Антарктыды паміж 60 і 73° усх.д.; абмываецца на Пн морам Садружнасці. Магутнасць ледавіковага покрыва ў цэнтр. ч. больш за 2000 м. У прыбярэжнай паласе (бераг Моўсана) ёсць участкі, свабодныя ад лёду, на Пд — вялізны горны раён (горы Прынс-Чарлз). Аўстрал. навук. станцыя Моўсан. Адкрыта ў 1930 Брытанска-аўстрала-новазеландскай экспедыцыяй Д.Моўсана. Названа ў гонар аўстрал. прадпрымальніка, які фінансаваў экспедыцыю.
т. 9, с. 543
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЗЯМЛЯ́ І ВО́ЛЯ»,
тайная рэв. арг-цыя разначынцаў у Рас. імперыі ў 1861—64 (назва з 1862); федэрацыя рэв. гурткоў. Узнікла пад ідэйным уплывам А.А.Герцэна, М.Г.Чарнышэўскага, М.П.Агарова. Арганізатары і кіраўнікі М.А. і А.А.Серна-Салаўевічы, А.А.Сляпцоў і інш. Узначальваў «З. і в.» Цэнтр. рускі нар. к-т у Пецярбургу, мясц. арг-цыі існавалі ў Пецярбургу, Маскве, Казані, Саратаве, Тамбове і інш. У канцы 1862 да «З. і в.» далучылася ваен.-рэв. арг-цыя «Камітэт рускіх афіцэраў у Польшчы». Арг-цыя падтрымлівала сувязі з газ. «Колокол». Яе праграма: увядзенне рэсп. кіравання, скліканне бессаслоўнага Нар. сходу, уладкаванне выбарнага самакіравання па абласцях, пашырэнне абшчынных прынцыпаў у сял. і гар. жыцці, ураўнаванне жанчын у правах з мужчынамі. Асн. праграмны дакумент — адозва Агарова «Што патрэбна народу». Выдавала лісткі «Свобода», рэв. пракламацыі. У час паўстання 1863—64 уступіла ў саюз з партыяй «чырвоных», імкнулася ператварыць яго ва ўсерасійскае сял. паўстанне за зямлю і волю. У канцы 1863 «З. і в.» ўступіла ў паласу ідэйнага крызісу, паўстанне 1863—64 было разгромлена, частка землявольцаў арыштавана, некат. эмігрыравалі. Да вясны 1864 арг-цыя самаліквідавалася.
Літ.:
Нечкина М.В. Возникновение первой «Земли и воли» // Революционная ситуация в России в 1859—1861 гг. М., 1960;
Віткоўскі Я. «Зямля і воля» 60-х гадоў і сувязь яе з паўстаннем 1863 г. // Полымя. 1930. № 4.
т. 7, с. 132
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЭ́РЫ БЭРД ЗЯМЛЯ́ (Marie Byrd Land),
частка тэр. Зах. Антарктыды, паміж шэльфавым ледавіком Роса на З і Зямлёй Элсуарта на У. Большая ч. тэрыторыі — паверхня ледавіковага плато, на якім пераважаюць вяршыні 1000—1500 м. Таўшчыня ледавіковага покрыва 1000—2000 м, у некаторых месцах дасягае 4000 м. Ложа ледавіка месцамі знаходзіцца ніжэй узр. м. на 500—1500 м. Трапляюцца месцы, дзе лёд запаўняе ўпадзіны, дно якіх знаходзіцца ніжэй узр. м. на 2000 м і больш. Каля ўзбярэжжа над ледавіковай паверхняй узвышаюцца нунатакі і горныя хрыбты (Эдсел-Форд, Хал-Флад, Эгзэк’ютыў-Каміты і інш.) выш. да 3000—4000 м. Найб. высокая вяршыня — г. Сідлі ў хр. Эгзек’ютыў-Каміты. Адкрыта амер. экспедыцыяй Р.Бэрда ў 1929. Названа ў імя жонкі нач. экспедыцыі. У 1957—72 дзейнічала навук. станцыя ЗША Бэрд.
т. 11, с. 58
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)