ваенныя і дзярж. дзеячы ВКЛ і Расіі герба «Гурка». Родапачынальнікам лічыцца Гурка (Гурый) Аляксандравіч Рамейка, які ў 1539 быў намеснікам смаленскім. Яго нашчадкі жылі ў Віцебскім ваяв. Праўнук Гурыя Андрэй (н. каля 1600) у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 трапіў у палон і памёр у Маскве, яго лінія згасла ў 19 ст. Нашчадкі Іосіфа Гуркі (брата Андрэя) пасля падзелаў Рэчы Паспалітай перайшлі ў рас. падданства. З іх найб. вядомыя:
Іосіф Аляксандравіч (1782—21.12.1857), ген.-лейтэнант, сенатар (1845).
Уладзімір Іосіфавіч (1795 — 24.1.1852), ген. ад інфантэрыі (1851). Удзельнік вайны 1812 і замежных паходаў рус. арміі 1813. У 1820-я г. на штабных пасадах. Планаваўся яго ўдзел у выступленні дзекабрыстаў у Маскве ў снеж. 1825 (быў пад следствам) У 1830-я г. на камандных і штабных пасадах. З 1845 нач. штаба Асобнага Каўказскага корпуса, з 1851 нач. усіх рэзервовых і запасных войск.
Іосіф Уладзіміравіч (28.7.1828, в. Бурнеўка Круглянскага р-на Магілёўскай вобл. — 28.1.1901), сын Уладзіміра Іосіфавіча. Ваен. і дзярж. дзеяч, ген.-фельдмаршал (1894). Скончыў Пажаскі корпус (1846). Удзельнік Крымскай вайны 1853—56. У рус.-турэцкую вайну 1877—78 на чале Перадавога атрада перайшоў Балканы і вызваліў частку паўд. Балгарыі, аднак быў вымушаны адысці, утрымліваў Шыпкінскі перавал. У вер.—кастр. 1877 нач. кавалерыі Зах. атрада, завяршыў акружэнне Плеўны. У снеж. 1877 на чале 70-тыс. арміі зноў перайшоў Балканы, якія лічыліся недаступнымі зімой, уступіў у Сафію, разбіў турак пад Тышкісенам і Філіпопалем, заняў Адрыянопаль. Часовы ген.-губернатар Пецярбурга (1879—80) і Адэсы (1882—83). У 1883—94 ген.-губернатар Прывіслінскага краю і Варшавы і камандуючы Варшаўскай ваен. акругай. З 1886 чл.Дзярж. савета. З 1894 у адстаўцы.
Уладзімір Іосіфавіч (1863—1931), сын Іосіфа Уладзіміравіча. З 1902 у МУС, таварыш (намеснік) міністра. Пасля 1917 удзельнік белага руху на Пд Расіі, потым у эміграцыі.
Васіль Іосіфавіч (19.5.1864 — 11.11.1937), сын Іосіфа Уладзіміравіча. Ген. ад кавалерыі (1916). Скончыў Акадэмію Генштаба (1892). У час англа-бурскай вайны 1899—1902 ваен. агент пры арміі бураў. Удзельнік рус.-японскай вайны 1904—05. У 1-ю сусв. вайну камандаваў 5-й арміяй Паўн. фронту, Асобай арміяй Паўд.-зах. фронту (з 1916). З ліст. 1916 да лют. 1917 в.а. нач. штаба Вярх. галоўнакамандуючага, у сак.—маі 1917 камандуючы Зах. фронтам. Зняты з пасады Часовым урадам за манархічныя погляды, высланы за мяжу. Аўтар успамінаў.
Дзмітрый Іосіфавіч (5.10.1872 — ?), сын Іосіфа Уладзіміравіча. Ген.-маёр (1915). Скончыў Акадэмію Генштаба (1900). У 1-ю сусв. вайну камандзір гусарскага палка, нач. штаба корпуса, нач. дывізіі. Удзельнік белага руху на ПнЗ, потым у эміграцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫСЕМІТЫ́ЗМ,
праяўленне варожых адносін да яўрэяў (семітаў); адна з формаў нац. нецярпімасці, расізму і шавінізму. Гіст. карані антысемітызму ідуць ад часоў вымушанага масавага перасялення яўрэяў з Палесціны ў інш. краіны Рымскай імперыі (1 ст.н.э.), іх шматвяковых блуканняў па краінах Еўропы, дзе яны ўспрымаліся мясц. насельніцтвам як «іншароднае цела». У эпоху феадалізму ў Германіі, Аўстра-Венгрыі, Рас. імперыі яўрэі былі непаўнапраўнымі, падвяргаліся рэліг. і нац. ганенням, часта іх сялілі ў асобных, ізаляваных кварталах (гета). У выніку бурж. рэвалюцый гэтыя прававыя абмежаванні ў большасці краін зняты, але міфы пра «сусветную змову яўрэяў», іх вінаватасць у розных супярэчнасцях і няўстойлівасці жыцця перыядычна адраджаліся. Напр., у Расіі для яўрэяў у канцы 18 ст. была ўведзена мяжа аселасці, дзейнічалі законы, якія забаранялі ім купляць зямлю, паступаць на дзярж. службу, займаць афіцэрскія пасады ў арміі, служыць у паліцыі, працаваць на чыгунцы, у паштовых установах і інш. У 1880-я г. і ў перыяд рэвалюцыі 1905—07 па Расіі пракаціліся хвалі пагромаў, арганізатарамі якіх найчасцей выступалі паліт. паліцыя, шавіністычныя арг-цыі, аддз. чарнасоценнага «Саюза рускага народа» і інш. Асабліва жахлівыя формы набыў антысемітызм у фаш. Германіі і акупіраваных ёю краінах, калі гітлераўцы знішчылі каля 6 млн. яўрэяў, у т. л. 3 млн. грамадзян б.СССР. Палітыка дзярж. антысемітызму праводзілася пасля вайны і кіраўніцтвам СССР, сведчаннем чаго сталі кампаніі супраць т.зв. касмапалітаў (1949), «справа ўрачоў» (1953) і інш. У сучасных умовах праяўленні антысемітызму ёсць у ЗША (т.зв. «негрыцянскі антысемітызм»), Францыі (Ле Пен і яго аднадумцы), у асяроддзі арабскіх экстрэмістаў, у дзейнасці праварадыкальных нацыяналістычных арг-цый Расіі і інш. краін.
На Беларусі, дзе яўрэі пражывалі з 14—16 ст., антыяўрэйскія акцыі напачатку мелі эпізадычны характар, пазней праяўляліся ў выступленнях на соймах, у магістратах і цэхах з патрабаваннямі абмежавання яўрэяў у правах. Найбольш антысемітызм праявіўся напярэдадні і ў час рэвалюцыі 1905—07. У вер. 1903 яўр. пагром адбыўся ў Гомелі, у якім удзельнічала і частка паліт. несвядомых рабочых чыг. майстэрняў. У кастр. 1905 чарнасоценцам удалося арганізаваць яўр. пагромы ў Полацку, Оршы, Рэчыцы і інш. У 1920-я г.яўр. пагромы на тэр. Беларусі ўчынялі польскія акупац. ўлады, атрады С.Булак-Балаховіча, бандыцкія фарміраванні. У гады сталінскага тэрору былі ліквідаваны створаныя ў 1920-я г.яўр.культ.-асв. арг-цыі і школы, распачаты рэпрэсіі супраць дзеячаў яўр. культуры. На тэр. Беларусі ў час яе акупацыі ням. фашыстамі створана 70 лагераў смерці (гета) і знішчана больш за 300 тыс. яўрэяў. Пасля вайны ўлады Беларусі (як і інш. рэспублік б.СССР) праводзілі палітыку скрытага антысемітызму, а сёння ён пакладзены ў аснову дзейнасці розных груповак і аб’яднанняў, якія стаяць на пазіцыях вялікадзяржаўнага шавінізму.
Літ.:
Бебель А. Социал-демократия и антисемитизм. Спб., 1407;
Ларин Ю. Евреи и антисемитизм в СССР. М.; Л., 1929;
Бич М.О. Рабочее движение в Белоруссии в 1861—1904 гг.Мн., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІРО́ВІЧ (сапр.Дунаеў) Еўсцігней Афінагенавіч
(10.8.1878, С.-Пецярбург — 16.2.1952),
бел. драматург, рэжысёр, педагог, адзін са стваральнікаў бел.т-ра. Нар.арт. Беларусі (1940). Праф. (1945). Скончыў школу малявання пры Акадэміі мастацтваў і курсы Пецярбургскага гуртка аматараў драм. мастацтва імя Волкава. Прафесійную сцэн. дзейнасць пачаў у 1900 у Пецярбургу як акцёр і рэжысёр. З 1919 працаваў на Беларусі. Акцёр і рэжысёр Мінскага гарнізоннага т-ра (1919), Т-рарэв. сатыры («Тэрэўсат», 1921), рус.т-ра «Шануар» (1922). Маст. кіраўнік Бел.т-ра імя Я.Купалы (1921—31, у 1941—45 рэж.), Гомельскага ТРАМа (з 1932), Гомельскага калгасна-саўгаснага (з 1935) і Бел. юнага гледача (1937—40) т-раў, Рэсп.тэатр. вучылішча (1938—41). З 1945 маст. кіраўнік і заг. кафедры майстэрства акцёра Бел.тэатр. ін-та. З 1904 выступаў як драматург. Першыя п’есы «Алекуны» (нап. 1904), «Гнілыя ўстоі» (нап. 1905), «Сучасны вампір» («Жах часу») і «Ноч мільянера» (абедзве нап. 1906, забаронены царскай цэнзурай). З дакастр. п’ес і сатыр. сцэнічных мініяцюр папулярнасцю карысталіся «Графіня Эльвіра», «Тэатр купца Япішкіна» (паст.Бел. тэлебачаннем 1978, Т-рам-студыяй кінаакцёра 1993), «Вова прыстасаваўся», «Крутавертаў і сын». Некаторыя персанажы гэтых п’ес сталі назыўнымі. У п’есах «Машэка» (першая п’еса на бел. мове, пач. назва «У часы даўнейшыя», паст. 1923) і «Каваль-ваявода» (паст. 1925) шырока выкарыстаў фалькл. сюжэты, традыцыі бел.нар. драмы. Драм. творы М. вызначаліся жанрава-тэматычнай шырынёй, сцэнічнасцю, глыбінёй пранікнення ў псіхалогію герояў. Укладам у развіццё сатыр. жанраў бел. л-ры з’явілася яго камедыя «Кар’ера таварыша Брызгаліна» (паст. 1925). П’еса «Кастусь Каліноўскі» (паст. 1923, экранізавана 1928) — першая спроба стварэння гіст. драмы на Беларусі. У драме «Перамога» (паст. 1926) упершыню ў сав. драматургіі выкарыстаў «кінематаграфічныя» кампазіцыйныя элементы. Паслядоўнік вучэння К.Станіслаўскага, рэжысёр высокай тэатр. культуры, М. узбагаціў бел. сцэну лепшымі традыцыямі сусв. і рус.рэаліст. мастацтва. Гал. прынцып рэжысуры — творча асэнсаваная і ўвасобленая на сцэне жыццёвая праўда, дакладная распрацоўка псіхалогіі характараў, стварэнне сцэн. твора ў суладдзі з аўтарскай канцэпцыяй, логікай паводзін персанажаў, ансамблевасць выканання. Шырока апіраўся на нар. традыцыі, выкарыстоўваючы элементы фальклору і этнаграфіі як вобразны кампанент спектакля, сродак вобразнага ўздзеяння на гледача. Шмат увагі аддаваў распрацоўцы нар. масавых сцэн. Зрабіў вял. ўплыў на фарміраванне бел.нац. акцёрскай школы і рэжысуры. Сярод пастановак: «На Купалле» М.Чарота (1921), «Пасланец» Л.Родзевіча, «Вучань д’ябла» Б.Шоу (абодва 1922), «Мешчанін у дваранах» Мальера (1924), «Змрок» В.Шашалевіча, «Мяцеж» Дз.Фурманава і С.Паліванава (абодва 1927), «Гута» Р.Кобеца (1930), «Гадзіншчык і курыца» І.Качаргі (1935), «Даходнае месца» А.Астроўскага (1936), «Цудоўная дудка» В.Вольскага (1939) і інш. Пра М. знятыдакумент. фільм «Праз усё жыццё» (1978). У 1998 у Нац. т-ры імя Я.Купалы пастаўлена п’еса «Інтымны тэатр Еўсцігнея Міровіча» паводле твораў М., створаных для «Інтымнага тэатра», якім ён кіраваў у Пецярбургу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЫРВО́НЕЦ,
назва залатой манеты стандарту дуката, грашова-лікавая адзінка абмежаванага ўжытку; вагавая адзінка для золата. Назва ад рус. вызначэння «червонный золотой» у адносінах да замежных залатых манет 15 — пач. 18 ст.; пісьмова зафіксавана ў 1749 указам Манетнай канцылярыі Рас. імперыі, калі ў 1701—97 выпускаліся залатыя манеты без пазначэння наміналу (лігатурная маса 3,47 г, проба 986—960), у 1701—51 — двайны Ч. У 1768—1806 і 1818—67 залатая манета — рэлікт нідэрл. дуката, што незаконна білася да 1849 у Рас. імперыі для замежных плацяжоў і выплат жалавання ў пагранічных гарнізонах; вызначэнне «червонный» проціпастаўлялася Ч. і ўжывалася ў дачыненні да імперыялаў. У 1834—41 афіц. назва рас. манет двайнога наміналу 3 руб., або 20 злотых, у 1868—85 — наміналу 3 руб., якія паводле метралагічных даных прыблізна адпавядалі дукату. У 1922 Ч. — залатая манета РСФСР са стандартам утрымання золата, адпаведным дарэв. 10-рублёвай манеце. Яна эмітавалася і ў 1923 Дзяржбанкам СССР, але ва ўнутр. абарачэнне не паступіла, а для замежных плацяжоў не ўжывалася з-за адмовы прымаць яе замежнымі краінамі. У 1925 выпушчана пробная залатая манета СССР паводле стандарту Ч. РСФСР. У 1923—24 адзін з наміналаў і адзінка зборных адносна Ч. наміналаў банкаўскіх білетаў Дзяржбанка РСФСР узору 1922 (1, 3, 5, 10, 25 Ч.), якія былі законным плацежным сродкам ва ўсіх сав. рэспубліках. Папулярная іх назва «белыя Ч.» з-за аднабаковага афармлення тыпу англ. фунтаў стэрлінгаў. Па ўтрыманні золата адпавядалі манеце Рас. імперыі ў 10 руб. У 1923 Ч. забяспечвалася 80% грашовага абарачэння краіны, пасля рэформы 1924 банкноты складалі 67%. З 1923 Ч. стаў адзіным цвёрдым плацежным сродкам, але фактычная адмова ад практычнай яго канверсоўнасці выклікала выбух інфляцыі Ч. Афіцыйна зняты з абарачэння ў 1947, фізічна — з пач. 1930-х г. Узор білетаў 1937 кампазіцыйна нагадваў долар ЗША 1933. Забарона вывазу па-за межы СССР банкаўскіх білетаў у 1926 выклікала адмену каціровак Ч. на замежных біржах, што прычыніла моцную шкоду замежным фін. структурам—трымальнікам Ч. і канчаткова вызначыла курс на фін. самаізаляцыю сав. краіны. Афіцыйна ўсе ўзоры Ч. СССР, знятыя ў 1947, паступова выключаліся з абарачэння з увядзеннем новых узораў адпаведных наміналаў. У Вял.Айч. вайну адзін з наміналаў і адзінка зборных адносна Ч. наміналаў акупац. грошай рэйхскамісарыята Украіна, да якога была далучана і паўд.ч. Беларусі (старыя сав. грашовыя знакі з курсам 1 Ч. = 1 акупац. марцы). Залатая манета з наміналам Ч. і гербам РСФСР узору 1922 з датамі 1974—82 выпускалася ў парушэнне прававых норм СССР для замежных калекцыянераў сав.-герм. прадпрыемствам «Міжнумізматыка». У пасляваен. час «Ч.» — простанародная назва банкаўскага білета чырв. колеру ўзору 1961 наміналам 10 руб., з пач. 1990-х г. — папулярная на тэр. Беларусі назва банкноты ЗША у 10 долараў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАСНІ́ЙСКІ КРЫ́ЗІС 1990-х г.,
палітыка-этнаграфічны канфлікт у Босніі і Герцагавіне, які ўзнік на пачатку 1990-х г. ва ўмовах распаду Югаславіі (СФРЮ) на самаст. краіны. Мясц.паліт. эліта, абапіраючыся на Сербію і Харватыю, у сваіх сепаратысцкіх інтарэсах выкарыстала спецыфіку Босніі і Герцагавіны — падзел яе насельніцтва па нац.-канфесійным прынцыпе на правасл. (сербы — 37%), католікаў (харваты — 20%) і мусульман (наз. сябе асобнай этн. супольнасцю — мусліманамі — 40%). У ліст. 1990 у выніку першых шматпартыйных выбараў у Босніі і Герцагавіне да ўлады прыйшлі партыі, якія прадстаўлялі асн. нац.-рэліг. групы насельніцтва: мусульманская Партыя дэмакр. дзеяння, Сербская дэмакр. партыя і Харвацкая дэмакр. садружнасць. Большасць у парламенце атрымала Партыя дэмакр. дзеяння, яе кіраўнік А.Ізетбегавіч стаў старшынёй Прэзідыума Босніі і Герцагавіны. Пачала праводзіцца лінія на стварэнне адзінай дзяржавы ісламскай арыентацыі. Паліт. проціборства бакоў адносна нац.тэр. ўладкавання краіны пасля абвяшчэння суверэнітэту Босніі і Герцагавіны (кастр. 1991), правядзення рэферэндуму па пытаннях незалежнасці (сак. 1992, сербы яго байкатавалі) і прызнання міжнар. супольнасцю незалежнасці Босніі і Герцагавіны (крас.—май 1992) прывяло да стварэння сербамі сваёй рэспублікі з парламентам і прэзідэнтам. Харваты таксама аформіліся як адасобленая этн. група са сваім паліт. Кіраўніцтвам. Паліт. рознагалоссі выліліся ва ўзбр. сутычкі вайск. фарміраванняў этн. абшчын, якія перараслі ў грамадз. вайну. Міжнар. супольніцтва віну за эскалацыю насілля ўсклала на сербскі бок. Сербія была абвінавачана ў падтрымцы сепаратысцкіх дамаганняў баснійскіх сербаў і агрэсіі супраць Босніі і Герацагавіны. Савет Бяспекі ААН увёў супраць новай Югаславіі (Сербія і Чарнагорыя) эканам. санкцыі (зняты ў снеж. 1995). Баявыя дзеянні, у якіх прымалі ўдзел і наёмнікі, вяліся пераважна паміж сербамі і мусульманамі, мусульманамі і харватамі. Пазней аформіўся мусульм.-харвацкі альянс супраць сербаў. Этн. чысткі, дзесяткі тысяч забітых, каля 3 мільёнаў бежанцаў, масавыя парушэнні правоў чалавека, разбураныя гарады (у т. л. Сараева) — такі вынік грамадз. вайны. На паглыбленне Баснійскага крызісу ўплывала і сутыкненне ў гэтым рэгіёне інтарэсаў Сербіі і Харватыі, а таксама вял. дзяржаў. Міжнар.дыпламат. намаганні і перагаворы аб урэгуляванні Баснійскага крызісу доўгі час не мелі поспеху. Пры садзейнічанні ЗША у вер. 1995 паміж варагуючымі бакамі дасягнута пагадненне пра спыненне агню. У ліст. 1995 у г. Дэйтан (ЗША) прайшлі перагаворы прэзідэнтаў Босніі і Герцагавіны (Ізетбегавіч), Сербіі (С.Мілошавіч) і Харватыі (Ф.Туджман). На аснове дэйтанаўскіх дамоўленасцяў у снеж. 1995 прайшлі перагаворы у Парыжы, у выніку якіх прадугледжана захаванне адзінай і суверэннай дзяржавы Боснія і Герцагавіна з 2 частак — Харвацка-мусульманскай федэрацыі (51% тэрыторыі) і Сербскай Рэспублікі Боснія. Раўнапраўе 3 народаў краіны забяспечваецца прапарцыянальным іх прадстаўніцтвам у вышэйшых органах улады. Мерапрыемствы па мірным урэгуляванні Баснійскага крызісу маюць ваенны і грамадз. аспекты: ваенны прадугледжвае раз’яднанне варагуючых бакоў, забеспячэнне перамір’я, кантроль над узроўнем узбраення, садзейнічанне Міжнар. трыбуналу па ваен. злачынствах у пошуку і прыцягненні да суда ваен. злачынцаў; грамадз. блок мераў — правядзенне выбараў, фарміраванне мясц. органаў улады, забеспячэнне правоў чалавека і нац. меншасцяў, вырашэнне праблем бежанцаў, аднаўленне эканомікі і інш. Для кантролю за выкананнем дамоўленасцяў у зону канфлікту, якая падзелена на сектары, уведзены міжнар. міратворчыя сілы, у складзе якіх вайск. кантынгенты з 33 краін, у т. л. ЗША, Англіі, Францыі, Германіі, Расіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУСЬФІ́ЛЬМ»,
кінастудыя Беларусі. Створана ў 1928 кінаарганізацыяй Белдзяржкіно пад назвай «Савецкая Беларусь» (напачатку ў Ленінградзе, з 1939 у Мінску), з 1946 сучасная назва. Выпускае фільмы маст. і тэлевізійныя ігравыя, хранікальна-дакумент. і навук.-папулярныя, анімацыйныя. У даваенны час на студыі створаны маст. фільмы: «Кастусь Каліноўскі» (1928), «Да заўтра» (1929), «Атэль «Савой» і «У агні народжаная» (1930), «Жанчына» (1932), «Першы ўзвод» (1933), «Двойчы народжаны» (1934), «Паручнік Кіжэ» (1934), «Палескія рабінзоны» (1935), «Дзяўчына спяшаецца на спатканне» і «Шукальнікі шчасця» (1936), «Дачка Радзімы» і «Балтыйцы» (1937), «Адзінаццатага ліпеня»; кінанавелы «Мядзведзь», «Маска» і «Мянтуз» (усе 1938), «Чалавек у футарале» (1939) і інш.
Сярод пачынальнікаў студыі рэжысёры Ю.Тарыч, У.Гардзін, аператары А.Кальцаты, М.Казлоўскі, Н.Навумаў-Страж, Д.Шлюглейт, мастак М.Літвак. У 1920—30-я г. на студыі здымаліся акцёры бел. т-раў У.Крыловіч, Л.Мазалеўская, П.Малчанаў, Б.Платонаў, В.Пола, У.Уладамірскі і інш., а таксама Л.Кміт, Б.Бабачкін, М.Сіманаў, М.Чаркасаў. На пачатку тут працавалі многія вядомыя майстры кіно: рэжысёры М.Данской, Р.Рашаль; кампазітары І.Дунаеўскі, В.Салаўёў-Сядой, А.Туранкоў; у 1930-я г. — сцэнарысты Б.Брадзянскі, А.Вольны, Р.Кобец, М.Таўбэ; рэжысёры М.Авербах, Э.Аршанскі, І.Аненскі, Я.Дзіган, У.Корш-Саблін, С.Сплашноў, А.Файнцымер; аператары А.Булінскі, С.Бяляеў, С.Іваноў, Б.Рабаў, А.Рагоўскі; мастакі С.Мандэль, У.Пакроўскі, Р.Фэдор.
У Вял.Айч. вайну аператары кінахронікі (І.Вейняровіч, М.Бераў, У.Цяслюк і інш.) працавалі ў франтавых кінагрупах, частка работнікаў — на студыях Алма-Аты і Масквы, дзе створаны кіназборнік «Беларускія навелы» (1942), фільм-канцэрт «Жыві, родная Беларусь» (1944), дакумент, фільм «Вызваленне Савецкай Беларусі» (1944). Першыя пасляваен. маст. фільмы здымаліся на студыях Кіева, Адэсы і Ленінграда, у Мінску ствараліся пераважна кіначасопісы і кінанарысы. З 1950-х г.маст. фільмы здымаліся ў Мінску. У 1954 створаны першы бел. каляровы маст. фільм «Дзеці партызана». У 1971 зняты першы бел. шырокафарматны фільм «Крушэнне імперыі». Студыя ажыццявіла сумесныя пастаноўкі з кінастудыямі Чэхаславакіі («Пушчык едзе ў Прагу», 1966; «Маленькі сяржант», 1977; «Заўтра будзе позна», 1972) і Балгарыі («Братушка», 1976).
Многія творы студыі атрымалі шырокае прызнанне і адзначаны прэміямі на міжнар. і ўсесаюзных кінафестывалях. Сярод іх: «Канстанцін Заслонаў», «Чырвонае лісце», «Гадзіннік спыніўся апоўначы», «Масква—Генуя», «Альпійская балада», «Дзяўчынка шукае бацьку», «Анюціна дарога», «Іван Макаравіч», «Паланэз Агінскага», «Руіны страляюць...» (тэлевізійны), «Вянок санетаў», «Горад майстроў», «Праз могілкі», «Вазьму твой боль», «Дзікае паляванне караля Стаха», «Людзі на балоце», «Хам», «Наш браняпоезд» і інш.; дакументальныя «Генерал Пушча», «Праз дзесяць гадоў, або Надзеі і трывогі 10 «А», «Боль мой — Хатынь», «А зязюля кукавала...», «Палескія калядкі», цыкл «У вайны не жаночы твор», «Паляванне на золата» і інш.
У 1940—50-я г. на студыі працавалі рэжысёры П.Васілеўскі, Л.Голуб, М.Фігуроўскі; аператары У.Акуліч, А.Аўдзееў, І.Пікман, Г.Удавянкоў; мастакі У.Белавусаў, Ю.Булычаў, Е.Ганкін; у 1960-я г. — рэжысёры У.Бычкоў, Р.Віктараў, В.Вінаградаў, І.Дабралюбаў, М.Калінін, Б.Сцяпанаў, В.Тураў, В.Чацверыкоў; аператары А.Забалоцкі, Ю.Марухін, І.Рамішэўскі; мастакі Ю.Альбіцкі, У.Дзяменцьеў, Я.Ігнацьеў; у 1970 — пач. 90-х г. — рэжысёры А.Карпаў. Л.Мартынюк, В.Нікіфараў, М.Пташук, В.Рыбараў, В.Рубінчык; аператары П.Аліфер, Дз.Зайцаў, Т.Логінава, Р.Масальскі, С.Пятроўскі, Ю.Ялхоў; мастак А.Чартовіч і інш.; стваральнікі дакумент. фільмаў В.Дашук, Ю.Лысятаў, М.Жданоўскі, С.Лук’янчыкаў, Дз.Міхлееў, В.Сукманаў, Ю.Цвяткоў, Р.Ясінскі; мультыплікатары А.Белавусаў, І.Волчак, А.Піткевіч і інш. У складзе «Беларусьфільма» працуюць творчыя аб’яднанні «Летапіс», «Тэлефільм», майстэрня анімацыйных фільмаў (з 1975). Пры «Беларусьфільме» працуе Тэатр-студыя кінаакцёра. Гл. таксама нарыс Кіно ў арт.Беларусь.
Л.І.Паўловіч.
Да арт.«Беларусьфільм». Кадр з кінафільма «Чырвонае лісце». 1958.Да арт.«Беларусьфільм». Кадр з кінафільма «Масква—Генуя». 1964.Да арт.«Беларусьфільм». Кадр з кінафільма «Іван Макаравіч».Да арт.«Беларусьфільм». Кадр з кінафільма «Палескія калядкі».Да арт.«Беларусьфільм». Кадр з кінафільма «Наш браняпоезд».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІНО
Першыя сеансы кінематографа на Беларусі адбыліся ў Віцебску ў 1898. Да 1925 уласнай кінавытворчасці не было. У 1910—12 адкрыты кінатэатры ў Віцебску, Мінску, Гомелі, Гродне, Баранавічах, Бабруйску. У 1914 на Беларусі мелася 56 стацыянарных кінаўстановак. Кіназдымкі на тэр. Беларусі праводзілі пераважна кінааператары-хранікёры Масквы і Петраграда. У ліку першых створаны хранікальныя стужкі ў Брэсце (перагаворы ў лістападзе—снежні 1917 паміж сав. дэлегацыяй і германскім камандаваннем), Оршы (вяртанне бежанцаў у горад, вітанне ням. салдат у сувязі з рэв. падзеямі ў Германіі), Мінску (сав.-польскія перагаворы), Віцебску (аднаўленчыя работы на чыгунцы). Кінакадры, знятыя на Беларусі, увайшлі ў агітфільм Л.Куляшова «На чырвоным фронце» (1920). У 1922 заснавана Упраўленне па справах кінематаграфіі Кінорэсбел (Кіно рэспублікі Беларусі), у 1924 — арганізацыя «Беларускае пралеткіно», якія займаліся кінапракатам. Паводле пастановы Саўнаркома БССР ад 17.12.1924 створана Дзярж. ўпраўленне па справах кінематаграфіі і фатаграфіі (Белдзяржкіно), якое ажыццяўляла камерцыйна-гандлёвую і паліт.-асветную дзейнасць і атрымала правы на манаполію кінапракату на Беларусі. Уласная кінавытворчасць пачалася ў 1925 з кінахронікі: зняты першамайскія святочныя ўрачыстасці. З гэтага часу ствараліся хранікальныя кінавыпускі, якія адлюстроўвалі грамадска-паліт. жыццё рэспублікі (аператары М.Лявонцьеў, Я.Глас). Першыя фільмы Белдзяржкіно (кінанарысы «Меліярацыя БССР», «У здаровым целе — здаровы дух», абодва 1925) — т. зв. культурфільмы. Сярод першых дакумент. стужак — «Такая наша Беларусь» (1927), «Беларуская вёска», «Гомельшчына» (абодва 1929), «Уздымайся, Беларусь!» (1930) і інш. У мультыплікацыйнай майстэрні пры Белдзяржкіно пастаўлены фільмы «Кастрычнік і буржуазны свет» (1927), «Жывыя дамы» (1928, рэж. абодвух А.Найдзіч), «Бунт зубоў» (1928, рэж. В.Астроўскі). Анімацыя выкарыстана ў маст. фільме «Прастытутка» (1926, рэж. А.Фрэліх) і рэкламнай стужцы «Спажывецкая кааперацыя БССР» (1930). У 1926 рэж. Ю.Тарыч зняў першы маст. фільм «Лясная быль» паводле аповесці М.Чарота «Свінапас». Значнае месца ў бел. кінамастацтве занялі фільмы гіст.-рэвалюцыйнай тэматыкі, заснаваныя на рэальных фактах: «Кастусь Каліноўскі» (рэж. У.Гардзін), «Яго яснавяльможнасць» (рэж. Р.Рашаль; абодва 1927), «Хвоі гамоняць» (рэж. Л.Малчанаў), «Атэль «Савой» (рэж. А.Файнцымер), «У агні народжаная» (рэж. У.Корш-Саблін; усе 1929). У 1920—30-я г. створаны фільмы «Прастытутка», «У вялікім горадзе» (рэж. М.Авербах і М.Данской), «Песня вясны» паводле аповесці Я.Коласа «На прасторах жыцця» (рэж. У.Гардзін), «Саша» (рэж. А.Хахлова), «Сапраўднае жыццё» (рэж. А.Гаўронскі і В.Уліцкая), «Суд павінен працягвацца» (рэж. Я.Дзіган), дзіцячы фільм «Кульгаўка» (рэж. Ю.Вінакураў) і інш., у якіх узнімаліся праблемы маралі, сцвярджаўся сацыяліст.быт. Надзённая тэма падзелу Беларусі знайшла адлюстраванне ў сатыр. камедыі «Джэнтльмен і певень» (1928, рэж. У.Балюзек), фільме «Да заўтра» (1929, рэж. Ю.Тарыч). Фільм-памфлет «Нянавісць» (1930, рэж. Ю.Тарыч) паклаў пачатак звароту бел. кінематаграфіі да замежнай тэматыкі. На замежным матэрыяле створаны фільмы «Чатырыста мільёнаў» (1928, рэж. У.Гардзін), «Рубікон» (1930, рэж. У.Вайншток), «Слава свету» (1932, рэж. У.Вайншток), «Першае каханне» (1933, рэж. Б.Шрэйбер). У 1928 у Ленінградзе створана кінастудыя маст. фільмаў «Савецкая Беларусь» (з 1939 у Мінску). З 1931 дзейнічаў сектар кінахронікі (у 1935 ён пераўтвораны ў Мінскую студыю кінахронікі).
Сярод найб. значных дакумент. фільмаў 1-й пал. 1930-х г. «Знойдзеная зямля» (рэж. У.Вайншток), «На ўздыме» (рэж. Л.Эпельбаўм). У 1930 выйшла першая гукавая кінапраграма «Пераварот» (рэж. Ю.Тарыч), паказаная ў дзень адкрыцця ў Мінску першага ў БССР гукавога кінатэатра «Чырвоная зорка». Значнае месца ў пач. 1930-х г. занялі т. зв. агітпрапфільмы — ігравыя кінаілюстрацыі агітацыйна-прапагандысцкага характару «Хто лепш?», «Гонар», «Ураган». Карціна пра калектывізацыю на вёсцы — «Сонечны паход» (1931, рэж. У.Корш-Саблін). Цікавай спробай разгледзець жаночы лёс ва ўмовах сацыяліст. пераўтварэнняў на вёсцы быў фільм «Жанчына» (1932, рэж. Я.Дзіган). На «агітпрапаўскім» фоне вылучаліся гіст.-рэвалюцыйны фільм «Першы ўзвод» (1932, рэж. У.Корш-Саблін) і кінатвор пра сучаснасць «Двойчы народжаны» (1933, рэж. Э.Аршанскі, муз. да абодвух напісаў І.Дунаеўскі), стваральнікі якіх імкнуліся адысці ад вобразаў-тэзісаў і лозунгавага мыслення. У гэтых фільмах упершыню гук выкарыстоўваўся як паўнацэнны сродак маст. вырашэння. У значнай ступені эксперым. была сатыр. камедыя «Паручнік Кіжэ» (1933, рэж. А.Файнцымер, сцэн. Ю.Тынянава, муз. С.Пракоф’ева). Сярод лепшых фільмаў для дзяцей — экранізацыя аповесці Я.Маўра «Палескія рабінзоны» (1934, рэж. І.Бахар і Л.Малчанаў). Фільмы «Шлях карабля» (1935, рэж. Ю.Тарыч), «Шукальнікі шчасця» (1936, рэж. У.Корш-Саблін) прысвечаны фарміраванню чалавека ва ўмовах сацыяліст. рэчаіснасці (муз. І.Дунаеўскага дадавала ім папулярнасці). На гіст.-рэвалюцыйныя тэмы пастаўлены фільмы: «Балтыйцы» (1937, рэж. А.Файнцымер), «Адзінаццатага ліпеня» (1938, рэж. Ю.Тарыч), «Вогненныя гады» (1939, рэж. У.Корш-Саблін). Сярод фільмаў 1930-х г. значнае месца належала экранізацыям літаратурных твораў: «Салавей» паводле аднайм. аповесці З.Бядулі (рэж. Э.Аршанскі), «Маска», «Мянтуз» (рэж. абодвух С.Сплашноў), «Мядзведзь», «Чалавек у футарале» (рэж. абодвух І.Анненскі) паводле твораў А.Чэхава. Самы папулярны кінатвор таго часу — кінакамедыя «Маё каханне» (1940, рэж. У.Корш-Саблін, муз. І.Дунаеўскага).
У Вял.Айч. вайну бел. дакументалісты М.Бераў, І.Вейняровіч, У.Цяслюк здымалі хроніку на фронце і ў партыз. атрадах. З 1942 у Маскве на Цэнтр. студыі дакумент. фільмаў выпускаліся кіначасопісы «Савецкая Беларусь», у якія ўваходзілі сюжэты пра беларусаў-франтавікоў, працу эвакуіраваных прадпрыемстваў, творчасць майстроў нац. мастацтва. У 1942 на Цэнтр. аб’яднанай кінастудыі ў Алма-Аце Ю.Тарыч і У.Корш-Саблін стварылі кіназборнік «Беларускія навелы», прысвечаны барацьбе з ням.-фаш. акупантамі на бел. зямлі. У 1944 выйшлі фільм-канцэрт «Жыві, родная Беларусь!» (аўтары — У.Корш-Саблін і М.Садковіч), поўнаметражны дакумент. фільм «Вызваленне Савецкай Беларусі» (рэж. У.Корш-Саблін, М.Садковіч, аператары 1-га, 2-га і 3-га Бел. франтоў).
У першыя пасляваен. гады кінематограф асвойваў 3 асноўныя тэматычныя пласты: падзеі мінулай вайны, адраджэнне жыцця ў разбураных вайной вёсках і гарадах, культ. спадчына. З 1945 здымаліся кінанарысы, выйшла 12 нумароў кіначасопісаў. У кастр. 1946 кінастудыя «Савецкая Беларусь» перайменавана ў кінастудыю маст. і дакумент. фільмаў «Беларусьфільм». Аднавіўся выпуск маст. («Новы дом», 1947, рэж. У.Корш-Саблін) і дакумент. («Наваселле», 1947, рэж. І.Вейняровіч; «Савецкая Беларусь», 1948, рэж. Л.Голуб; 1951, рэж. У.Корш-Саблін, М.Краўчуноўскі і інш.) фільмаў. Найбольш значны фільм пасляваенных гадоў — «Канстанцін Заслонаў» (1949, рэж. У.Корш-Саблін і А.Файнцымер). Тэма Вял.Айч. вайны атрымала працяг у фільме пра Мінскае падполле «Гадзіннік спыніўся апоўначы» (1958, рэж. М.Фігуроўскі). Экранізаваны п’есы бел. драматургаў: «Паўлінка» Я.Купалы (1952, рэж. А.Зархі), «Пяюць жаваранкі» (1953) і «Хто смяецца апошнім» (1954, рэж. абодвух У.Корш-Саблін) К.Крапівы, «Несцерка» В.Вольскага (1955, рэж. А.Зархі). У 1950-я г. выйшлі фільмы пра сучаснасць: «Зялёныя агні» (1955, рэж. С.Сплашноў і І.Шульман), «Пасеялі дзяўчаты лён» (1956, рэж. У.Корш-Саблін), «Нашы суседзі» (1957), «Каханнем трэба даражыць» (1959, рэж. абодвух С.Сплашноў), «Шчасце трэба берагчы» (1958, рэж. І.Шульман). Л.Голуб зняў дзіцячыя фільмы «Дзеці партызана» (1954, з М.Фігуроўскім), «Міколка-паравоз» (1956), «Дзяўчынка шукае бацьку» (1959). Рэв. падзеям у Зах. Беларусі прысвечаны фільм «Чырвонае лісце» (1958, рэж. У.Корш-Саблін). З пабудовай у 1960 новага памяшкання студыі значна выраслі яе вытворчыя магчымасці. Створаны 3 творчыя аб’яднанні: маст., дакумент. і тэлевізійных (з 1968) фільмаў. У 1962 створаны Саюз кінематаграфістаў Беларусі. Творчы калектыў кінастудыі папоўніўся маладымі кінематаграфістамі: рэжысёры У.Бычкоў, В.Вінаградаў, І.Дабралюбаў, Б.Сцяпанаў, В.Тураў, аператары А.Аўдзееў, А.Забалоцкі, Ю.Марухін, І.Рамішэўскі, мастакі У.Дзяменцьеў, Я.Ігнацьеў. Дзейнічала маладзёжнае творчае аб’яднанне пад кіраўніцтвам С.Скварцова. У пач. 1960-х г. пачалі стварацца кінаальманахі «Апавяданні пра юнацтва», «Маленькія летуценнікі». Пастаўлены фільмы: «Дзень, калі мінае 30 год» (1961, рэж. В.Вінаградаў), «Апошні хлеб» (1963, рэж. Б.Сцяпанаў), «Увага! У горадзе чараўнік!» (1963, рэж. У.Бычкоў). Вырашаныя ў. героіка-рамант. плане эпапея «Першыя выпрабаванні» паводле трылогіі Я.Коласа «На ростанях» (1960—61), фільмы пра падзеі Кастр. рэвалюцыі «Запомнім гэты дзень» (1967), «Крушэнне імперыі» (1970, рэж. усіх У.Корш-Саблін) не пазбаўлены стандартных рашэнняў. На рэальных гіст. фактах першых крокаў сав. дыпламатыі на міжнар. арэне заснавана карціна «Масква — Генуя» (1964, рэж. А.Спешнеў пры ўдзеле У.Корш-Сабліна і П.Арманда). Найб. значныя творы бел. кінамастацтва 1960-х г. прысвечаны Вял.Айч. вайне: экранізацыі аповесцей В.Быкава «Трэцяя ракета» (1963, рэж. Р.Віктараў), «Альпійская балада» (1965, рэж. Б.Сцяпанаў); фільмы рэжысёраў В.Турава «Праз могілкі» (1964), «Я родам з дзяцінства» (1966), «Вайна пад стрэхамі» (1967), «Сыны ідуць у бой» (1969); В.Вінаградава «Лісты да жывых» (1964), «Усходні калідор» (1966), «Чакай мяне, Ганна!» (1969); І.Шульмана «Чалавек не здаецца» (1960); І.Дабралюбава «Іван Макаравіч» (1968); Л.Голуба «Вуліца малодшага сына» (1962). З’явай у кінематографе стаў фільм-казка У.Бычкова «Горад майстроў» (1965).
У 1961 арганізавана Мінская студыя навукова-папулярных і хранікальна-дакумент. фільмаў, пераўтвораная ў 1968 у аб’яднанне дакумент. фільмаў «Летапіс» «Беларусьфільма», дзе больш выразна пачалі выяўляцца новыя прынцыпы аўтарскага падыходу да жыццёвага матэрыялу. Сярод маладых яе рэжысёраў і аператараў П.Аліфярэнка, В.Дашук, С.Прошын, У.Скітовіч, В.Сукманаў, М.Хубаў, В.Шаталаў і інш. Значны ўклад у творчыя пошукі зрабіў паэт і сцэнарыст А.Вялюгін. Рэгулярна пачалі выходзіць на экраны кіначасопісы «Мастацтва», «Спартыўныя навіны». Створаны фільмы пра людзей яркіх біяграфій — «Дарога без прывалу» (1965, рэж. І.Вейняровіч), «Арліная крыніца» (1966, рэж. В.Сукманаў), пра падлетка-падпольшчыка Валодзю Шчарбацэвіча — «Пакараны смерцю ў 41-м» (1967, рэж. В.Чацверыкоў), аб асноўных этапах партыз. руху на Беларусі — «Генерал Пушча» (1967, рэж. І.Вейняровіч), галоўных этапах гісторыі рэспублікі — «Штрыхі да партрэта» (1968, рэж. І.Пікман, У.Цяслюк і Р.Ясінскі). Пры звароце да сучаснасці выкарыстоўваўся метад працяглага назірання: «Урок даўжынёю ў год» (1963, рэж. С.Фрыд і Р.Ясінскі), «Першыя ноты» (1967, рэж. В.Шаталаў). Зняты стужкі праблемнага характару — «Шчырая размова» (1966), «Гродзенскі кашалёк» (1967, рэж. абодвух М.Хубаў). У 1965 пачаўся выпуск тэлевізійных фільмаў у творчым аб’яднанні «Тэлефільм» Бел. тэлебачання («Матухны благаславенне», 1958, рэж. У.Кухта; «Снежны конь», 1962, рэж. Ю.Дубровін; «Зімовы дуб», 1963, рэж. М.Кожын; «Камлючок», 1968, рэж. М.Калінін). У 1960—70-я г. ў тэлекіно працавалі рэжысёры А.Гутковіч, Ю.Дубровін, І.Калоўскі, В.Карпілаў, У.Станкевіч, Ю.Сцяпанаў, Я.Шабан. Пазней ставілі фільмы С.Агеенка, У.Арлоў, В.Басаў, У.Бокун, А.Войніч, Н.Гаркунова, Л.Гедравічус, В.Жыгалка, А.Кашэўнікаў, У.Траццякоў, В.Шавялевіч, А.Шклярэўскі. З 1966 здымаліся тэлефільмы ў тэлевізійным аб’яднанні «Беларусьфільм». Ствараліся тэленавелы, экранныя мініяцюры: «Крокі па зямлі» (1968, рэж. І.Дабралюбаў), «Страказіныя крылы» (1968, рэж. К.Красніцкі), «Бераг прынцэсы Люські» (1969, рэж. В.Нікіфараў), «Вясковыя канікулы» (1969, рэж. В.Жарыкаў і В.Рыбараў), «Чырвоны агітатар Трафім Глушкоў» (1969, рэж. В.Рубінчык), «Сачыненне» (1970, рэж. І.Калоўскі). Сярод першых тэлесерыялаў: «Белая зямля» (1970, рэж. А.Карпаў-старэйшы), «Вашынгтонскі карэспандэнт» (1972, рэж. Ю.Дубровін), «Тыя, што ідуць за гарызонт» (1972, рэж. М.Калінін), «Парашуты на дрэвах» (1973, рэж. І.Шульман); у т. л. для дзяцей — «Корцік» (1973), «Бронзавая птушка» (1974, рэж. абодвух М.Калінін), «Апошняе лета дзяцінства» (1974, рэж. В.Рубінчык). Найб. значны тэлефільм — «Руіны страляюць...» (1971—72, рэж. В.Чацверыкоў) — пра Мінскае антыфаш. падполле.
У 1970—80-я г. пастаўлены кінафільмы пра сучаснасць: «Неспадзяванае каханне» (1970, рэж. І.Шульман), «Міравы хлопец» (1971, рэж. Ю.Дубровін), «Залаты ганак» (1972, рэж. І.Шышоў), «Вуліца без канца» (1972), «Расклад на паслязаўтра» (1978), «Белыя Росы» (1983, рэж. усіх І.Дабралюбаў), «Час яе сыноў» (1974), «Нядзельная ноч» (1976, рэж. абодвух В.Тураў), «Сын старшыні» (1976), «Узбочына» (1978, рэж. абодвух В.Нікіфараў), «Паводка» (1980, рэж. В.Чацверыкоў). Маладыя кінематаграфісты М.Лук’янаў, С.Сычоў і А.Яфрэмаў у 1977 зрабілі кінаальманах паводле апавяданняў В.Шукшына «У профіль і анфас». Рэж. Л.Нячаеў паставіў дзіцячыя тэлефільмы-казкі ў жанры мюзікла «Прыгоды Бураціна» (1975), «Пра Чырвоную Шапачку» (1977), «Прададзены смех» (1981), «Казка пра Зорнага Хлопчыка» (1983), «Рыжы, сумленны, закаханы...» (1984), «Пітэр Пэн» (1987). Кінематаграфісты звярталіся і да гіст. мінулага. Пра жыццё і дзейнасць бел. асветніка зняты фільм «Я, Францыск Скарына...» (1969, рэж. Б.Сцяпанаў); В.Рубінчык стварыў карціны «Магіла льва» (1971), «Дзікае паляванне караля Стаха» (1979). Рэв. падзеям на Беларусі прысвечаны фільмы «Рудабельская рэспубліка» (1971, рэж. М.Калінін), «Хлеб пахне порахам» (1973, рэж. В.Нікіфараў). Эпізоды гісторыі пагранічнай службы адлюстраваны ў шматсерыйным тэлефільме «Дзяржаўная граніца» (1980—88, рэж. В.Нікіфараў і Б.Сцяпанаў). Тэма Вял.Айч. вайны мела працяг у фільмах пра бел. партызан М.Шмырова — «Бацька» (1971, рэж. Б.Сцяпанаў), пра В.Каржа «Трэцяга не дадзена» (1980, рэж. І.Дабралюбаў), славака Яна Налепку «Заўтра будзе позна...» (1972, рэж. А.Карпаў і М.Цяпак). Біяграфія легендарнага К.Арлоўскага адлюстравана ў дакумент. фільме «У агні жыцця» (1970, рэж. І.Вейняровіч). Падзеі партыз. руху на Беларусі абагульнены В.Чацверыковым у фільме-эпапеі «Полымя» (1974), яго фільм «Чорная бяроза» (1977) пра ваенныя лёсы будучых будаўнікоў Мінскага аўтазавода. Вял.Айч. вайне прысвечаны фільмы для дзяцей «Пяцёрка адважных» (1970, рэж. Л.Мартынюк), «Паланэз Агінскага» (1971), «Маленькі сяржант» (1975, рэж. абодвух Л.Голуб), «Зімародак» (1972, рэж. В.Нікіфараў). У жанры кінапаэмы вырашаны фільм «Вянок санетаў» (1976, рэж. В.Рубінчык). У дакумент. кіно падзеі Вял.Айч. вайны адлюстраваны ў фільмах «Бронзавы салдат» (1970, рэж. Б.Сарахатунаў), «Балада пра мужнасць і любоў» (1972, рэж. І.Вейняровіч), «Абпаленая памяць» (1974, рэж. А.Канеўскі), «Навальнічная далеч памяці» (1983, рэж. В.Сукманаў, Р.Ясінскі). З’явай ва ўсёй сав. кінадакументалістыцы сталі 2 цыклы фільмаў В.Дашука: пра зверствы гітлераўцаў на бел. зямлі — «Жанчына з забітай вёскі», «Жменя пяску», «Немы крык» (усе 1975), «Суд памяці» (1976); пра дзяўчат, удзельніц вайны — «Гэта была не я» (1981), «Страляць хацела», «Раніца туманная, раніца сівая...», «Я вас сустрэў...» (усе 1982), «Калі народзіцца дзяўчынка» (1983), «Тады я не плакала», «Міласэрнасць» (абодва 1984). Экранізаваліся творы бел. і рускай літаратуры. Да твораў Я.Купалы звярнуліся ў маст. кіно Б.Луцэнка («Раскіданае гняздо», 1981), у тэлекіно — В.Раеўскі («Па шчасце, па сонца», 1971, з В.Акімушкіным), Б.Бахціяраў («Гусляр», 1982, паводле паэмы «Курган»), Н.Арцімовіч («На Куццю», 1982), у кінадакументалістыцы — В.Дашук («А зязюля кукавала...», 1972). Вобразы твораў Я.Коласа ўвасоблены ў маст. тэлефільмах «І смех, і бяда» (1973, рэж. Я.Шабан), «Сымон-музыка» (1977) і «Новая зямля» (1982, рэж. абодвух У.Траццякоў). Паводле трылогіі І.Мележа «Палеская хроніка» рэж. А.Гутковіч зняў тэлефільм «Людзі на балоце» (1965), рэж. В.Тураў стварыў кінаэпапею з 2 стужак «Людзі на балоце» (1981), «Подых навальніцы» (1982) і 8-серыйны тэлефільм «Людзі на балоце» (1984). Аповесць І.Шамякіна «Вазьму твой боль» (1980) і раман У.Караткевіча «Чорны замак Альшанскі» (1983) экранізаваў М.Пташук. Паводле твораў В.Быкава пастаўлены маст. фільм «Воўчая зграя» (1975, рэж. Б.Сцяпанаў), тэлефільмы «Доўгія вёрсты вайны» (1975, А.Карпаў), «Фруза» (1981, рэж. В.Нікіфараў). Фільмы рэж. В.Рыбарава «Чужая Бацькаўшчына» (1982) паводле рамана В.Адамчыка, «Сведка» (1985) паводле аповесці В.Казько «Суд у Слабадзе», Э.Клімава «Ідзі і глядзі» (з «Масфільмам», 1985) паводле «Хатынскай аповесці» і «Карнікаў» А.Адамовіча сведчылі аб новым этапе асэнсавання гіст. мінулага. Пастаўлены тэлефільмы паводле твораў І.Тургенева «Жыццё і смерць двараніна Чартапханава» (1971, рэж. В.Тураў), «Гамлет Шчыгроўскага павета» (1975, рэж. В.Рубінчык), «Зацішша» (1981, рэж. В.Чацверыкоў), «Бацькі і дзеці» (1984, рэж. В.Нікіфараў).
Перыяд на мяжы 20—21 ст. у бел.маст. кіно — час змяншэння выпуску фільмаў, зніжэння крытэрыяў і арыенціраў. Дамінуе развіццё дакументалістыкі і анімацыі. З 1989 працуе «Белвідэацэнтр», у якім ствараюцца відэафільмы, прысвечаныя культурна-гіст. падзеям. Пастаўлены маст. фільмы пра сучасныя праблемы: у жанры меладрамы — «Гульня ўяўлення» (1995, рэж. М.Пташук), «Батанічны сад» (1997, рэж. У.Гасцюхін), «Павадыр» (2001, рэж. А.Яфрэмаў); у жанры дэтэктыва — «Гладыятар па найме» (1993), «Паміж жыццём і смерцю» (2002, рэж. абодвух Дз.Зайцаў), «Сын за бацьку» (1995, рэж. М.Яроменка-малодшы), «Уцёкі ад смерці» (1996, рэж. В.Дзяругін), «Забіць прытворшчыка» (1997, рэж. В.Марчанкова); у жанры фантастыкі — «Анамалія» (1993, рэж. Ю.Ялхоў), «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» (1994, рэж. В.Тураў); у жанры камедыі — «Тры жанчыны і мужчына» (1998, рэж. В.Дудзін), «Армія Выратавання» (1999, рэж. Я.Краўцоў), «Свежына з салютам» (2001, рэж. І.Паўлаў). Спробы больш паглыблена акрэсліць персанажы стужак адчуваюцца ў псіхалагічных драмах «Мяне завуць Арлекіна» (1988), «Прыкаваны» (2002, рэж. абодвух В.Рыбараў), «Восеньскія сны» (1987, рэж. І.Дабралюбаў), «Кветкі правінцыі» (1994, рэж. Дз.Зайцаў). Экранізаваліся творы А.Пушкіна (2-серыйны кінафільм і 4-серыйны тэлефільм «Высакародны разбойнік Дуброўскі», 1988, рэж. В.Нікіфараў), М.Гогаля (дакумент.-маст. тэлефільм «Несыграная роля», 1999, рэж. Н.Гаркунова), І.Буніна («Няспешная вясна», 1990, рэж. У.Талкачыкаў), Ф.Дастаеўскага («Вечны муж», 1991, рэж. Я.Маркоўскі), М.Булгакава («Нататкі маладога доктара», 1991, рэж. М.Якжэн), Э.Ажэшкі (тэлефільм «Хам», 1990, рэж. Дз.Зайцаў і С.Шульга). Тэма рэпрэсій і падзеі вайны адлюстраваны ў фільмах М.Пташука «Знак бяды» (1986) — экранізацыя аповесці В.Быкава, «Наш бронецягнік» (1988), «Кааператыў «Палітбюро», ці Будзе доўгім развітанне» (1992). Пасля пэўнага перапынку бел. кінематаграфісты зноў звярнуліся да тэмы Вял.Айч. вайны. Экранізавана ваенная проза В.Быкава: «Яго батальён» (1988, рэж. А.Карпаў-старэйшы), «Круглянскі мост» (1989, рэж. А.Мароз). Зняты эпічныя тэлесерыялы: маст. фільм «Плач перапёлкі» паводле твораў І.Чыгрынава (1991, рэж. І.Дабралюбаў), дакумент. фільм «Пасля Перамогі» (1994—95, рэж. В.Жыгалка і С.Шчаглоў). Дакументалісты расказваюць пра духоўна-маральны вопыт ваеннага пакалення праз успаміны, дзённікі, дакументы ўдзельнікаў вайны («Мы марылі пра мір», 1995, рэж. С.Жыткевіч; «Зямля, зямлянкі, землякі», 1996, рэж. В.Жыгалка, С.Шчаглоў; «Адзін з многіх», 2000, рэж. Т.Вашчанка; «Ад зор чэрвеньскіх...», 2000, рэж. У.Цяслюк; «Апошнія сведкі», 2001, рэж. Ф.Кучар; «Салдаты Італіі», 2002, рэж. А.Алай). Вострадраматычныя падзеі канца вайны адлюстраваны ў фільме пра вызваленне Польшчы («З пекла ў пекла», 1996, рэж. Дз.Астрахан). Пра дзейнасць разведчыкаў у час вайны дакумент. фільмы «Эцьен. Вяртанне» (1998), «Кент, ці Вялікая гульня «маленькага шэфа» (2000, рэж. абодвух С.Агеенка), «Апошні з групы «Джэк» (2000, рэж. В.Жыгалка). У дынамічна-экспрэсіўным маст. фільме «У жніўні 44-га...» (2000, рэж. М.Пташук) у эпічна-манум. плане паказана карціна вызвалення Зах. Беларусі ад ням.-фашысцкіх захопнікаў. Абагульнены вобраз ваеннага пакалення створаны ў дакумент. тэлефільмах «Курган» (1995, рэж. В.Басаў), «Святыні беларускай зямлі. Брэст» і «Святыні беларускай зямлі. Хатынь» (2000, рэж. абодвух В.Купрыянаў). Узрасла цікавасць да шматвяковай гісторыі Беларусі, па-новаму асэнсоўваюцца падзеі мінулых дзесяцігоддзяў. Створаны дакумент.-маст. тэлецыкл В.Шавялевіча: «Да вас, сучаснікі мае» (1989—90), «Прыйдзі і віждзь» (1992), «Пастка для зубра» (1994), «Беларусь на крыжы стагоддзяў» (2000—2002) пра гісторыю Беларусі 9—16 ст. У маст. тэлекіно пастаўлены гіст. меладрамы «Раман імператара» (1994, рэж. Дз.Ніжнікоўская), тэлесерыял «Пракляты ўтульны дом» (1998, рэж. У.Арлоў). У жанры легенды вырашаны гіст.-прыгодніцкі фільм «Анастасія Слуцкая» (2003, рэж. Ю.Ялхоў) пра абарону Слуцка ад татарскага набегу ў пач. 16 ст.
Знятыдакумент. фільмы пра гіст.-культ. помнікі: «Чорная дама» (1992), «Брэст» (1993), «Куток Радзімы — Іўе» (1994) і «Нясвіжскі фарны» (1997, рэж. усіх Л.Гедравічус), «Мсціслаў. Жнівеньскія нататкі» (1994), «Гальшаны на мове вады» (1995) і «Заслаўе. Фрагменты стагоддзяў і жыццяў» (1997, рэж. усіх Т.Кіракозава), «Крэва» (рэж. М.Жданоўскі), «Каложская царква» (рэж.
Ю.Ківалаў-Станкевіч, абодва 1996), «Бярэсце» (1997, рэж. В.Сюмакоў), «Замкі Беларусі» (1998, рэж. В.Шышоў), «Крэва» (1997), «Навагрудак» (1998), «Сцены старажытнага Гродна» (1999) і «Гродна. Фарны касцёл» (1999, рэж. усіх С.Пятроўскі). Тэма хрысц. каштоўнасцей увасоблена ў дакумент. тэлефільмах В.Шавялевіча «Па дарогах «Слова аб паходзе Ігаравым» (1986), «Уладыка» (1993), «Пад крыламі Ефрасінні» (1997), «Крыжу твайму» (1998), «Пісьмы пра добрае і прыгожае» (1998—99), В.Моракавай «Ефрасіння Полацкая» (1989), С.Гайдука «Запавет Ефрасінні» (1997). Рэліг. дзеячам, асветнікам прысвечаны дакумент. фільмы «Сімяон Полацкі» (1995, рэж. С.Гайдук), «Зорка Афанасія» (1997, рэж. М.Князеў) пра А.Філіповіча, «Слова да вас, Георгій Каніскі» (1998, рэж. Б.Калякін, В.Купрыянаў), «...3 забыцця і праху...» Іаан Грыгаровіч» (2000, рэж. М.Якжэн). Дзеячам гісторыі і культуры прысвечаны фільмы «Паланэз для касінераў» (1994) пра Т.Касцюшку, «І засталася музыка» (1998) пра М.К.Агінскага (рэж. абодвух Р.Ясінскі), «Ніколі я не паміраў» (1992), «Імша па Купале» (1993, рэж. абодвух У.Бокун) пра Я.Купалу, «Максім Багдановіч» (1992, рэж. В.Каралёў), «Максім Гарэцкі» (1993, рэж. Ю.Цвяткоў і В.Купрыянаў), «Што ў Пімене табе маім?» (1997, рэж. Г.Адамовіч) пра П.Панчанку, «За Кушлянамі снег» (1996, рэж. М.Жданоўскі) пра Ф.Багушэвіча, «Навагрудак. Чытаючы А.Міцкевіча» (1980, рэж. А.Рудэрман), «Балада пра Свіцязь» (1997, рэж. С.Шчаглоў) і «Два стагоддзі Адама Міцкевіча» (1998, рэж. М.Жданоўскі) пра А.Міцкевіча. Абуджэнне цікавасці да стараж. гісторыі праявілася ў экранізацыі п’есы У.Караткевіча «Маці ўрагану» (1990, рэж. Ю.Марухін). Факты біяграфіі пісьменніцы Л.Геніюш пакладзены ў аснову маст. фільма «Птушкі без гнёздаў» (1996, рэж. В.Дудзін). Дакумент. фільмы «Напалеон Орда» (1990, рэж. Л.Гедравічус), «Беларусь Напалеона Орды» (1994, рэж. М.Жданоўскі), «Летуценні Драздовіча» (1997, рэж. С.Агеенка) пра славутых мастакоў Беларусі. Вобразы бел. пейзажыста В.Бялыніцкага-Бірулі ў маст. тэлефільме «Крыж на зямлі і поўня ў небе» (1992, рэж. В.Басаў), у дакумент. карцінах «Пасля пленэру. Час цішыні» (1996, рэж. Б.Берзнер), «Вяртанне ў вырай» (1999, рэж. В.Шышоў). Пра маст. школу Віцебска створаны фільмы «Калі Віцебск быў Парыжам» (1992, рэж. У.Бокун), «Дом Шагала» (1994, рэж. М.Дзінаў), «Засталася душа яго тут» (1997, рэж. Ю.Гарулёў), «Мой пачатак» (1998), «Зорнае неба Віцебска» (2000, рэж. абодвух Н.Гаркунова), «Малако без бутэлькі» (1999, рэж. М.Князеў).
Пастаўлены фільмы пра сучасных мастакоў: «Апаленая памяць» (1974, рэж. А.Канеўскі), «Доўг памяці» (1982, рэж. Б.Гарошка), «Міхаіл Савіцкі» (1992, рэж. С.Жыткевіч), «Крыж надзеі» (1997, рэж. В.Шавялевіч) пра М.Савіцкага, «Аляксандр Кішчанка. Гульні генія» (1995, рэж. Я.Росцікаў), «Мастак Леанід Шчамялёў» (1998, рэж. Ю.Марухін), «Іван Ахрэмчык у часе» (1998, рэж. С.Агеенка), «Маё Палессе» (1981, рэж. Ю.Марухін), «Адлучэнне. Смутак» (1993, рэж. С.Лук’янчыкаў), «Мастак Гаўрыіл Вашчанка» (2002, рэж. А.Суханава) пра Г.Вашчанку, «Пад знакам любові» (1997, рэж. В.Шавялевіч) пра А.Кузьміча, «Мара» (1992, рэж. У.Арлоў) пра А.Марачкіна, «На зямлі і ў нябёсах. Павел Масленікаў» (2000, рэж. С.Агеенка), «Дагараючы вечар чалавечага жыцця» (2001, рэж. У.Траццякоў) пра Я.Чамадурава, «Дрэва за акном. Мастак Яўген Ігнацьеў» (1999, рэж. М.Якжэн), «Фауст Арлена» (1996, рэж. Г.Адамовіч) пра А.Кашкурэвіча і яго сына І.Кашкурэвіча, «Запрашэнне ў Мадрас» (1978, рэж. В.Шаталаў), «Як цяжка паўтарыць жывую прыгажосць» (1979, рэж. А.Чакмянёў), «Наталля і Георгій» (2001, рэж. В.Скварцова) пра Г. і Н. Паплаўскіх. Бел. скульптарам прысвечаны фільмы «З надзеяй і любоўю» пра З.Азгура (1995, рэж. Ф.Кучар), «Партрэт у рост» пра С.Гарбунову (1999, рэж. Л.Гедравічус), «Анатоль Аляксандравіч Анікейчык» (2000, рэж. Ю.Войніч), «Дотык да вечнасці» пра В.Занковіча (2000, рэж. А.Кашэўнікаў).
Шматколернае прафес. і нар. мастацтва адлюстравана ў карцінах «Жывая дрэва душа» (1985, рэж. Л.Гедравічус), «Агонь мігатлівы ў сасудзе» (рэж. Дз.Міхлееў), «Іосіф і яго брат Пётр» (рэж. С.Лук’янчыкаў), «Каб квітнела любоў» (рэж. М.Князеў), «Неглюбскі лістапад» (рэж. С.Гайдук, усе 1994), «Мастацтва зямлі і агню» (1995), «Падвор’е» (1996, рэж. абодвух А.Суханава), «Сямейны блюз пад гукі акарыны» (1996, рэж. Р.Грыцкова), «Штукар Ямеля з Хальча» (1996), «Ці застанецца спадчына?» (1999, рэж. абодвух В.Каралёў), «Нёманская вясёлка» (1998, рэж. С.Пятроўскі). Знятыдакумент. фільмы пра музеі Беларусі: «Імгненні музейнай цішыні» (1986, рэж. У.Бокун), «Дырэктар музея» (1998, рэж. І.Волах), «Ронда» (1998, рэж. С.Галавецкі), «Дом на былой Сялянскай» (1981, рэж. У.Бокун), «Дабрахожыя» (1991, рэж. В.Урагаў), «Веткаўская Атлантыда» (1994, рэж. С.Галавецкі), «Свой голас» (2000, рэж. С.Смірноў). Створаны дакумент. фільмы пра бел. акцёраў тэатра і кіно: «У юбілей — выхадны дзень» (1990, рэж. Б.Берзнер), «Прызнанне ў каханні» (1994, рэж. В.Моракава) пра акцёраў Нац.акад.драм.т-ра імя М.Горкага; «Маналог з адступленнямі» (1987, рэж. Л.Гедравічус) пра Р.Янкоўскага; «Гасцюхін» (1995, рэж. М.Князеў); «Брава, Браварская» (1997, рэж. С.Гайдук); «Фёдар Шмакаў. Фрагменты» (1998, рэж. В.Аслюк); «Маналогі за кадрам» (1991, рэж. У.Цяслюк) пра Г.Гарбука; «Артыст Генадзь Аўсяннікаў» (1990, рэж. Б.Берзнер); «У палоне сваіх роляў» (2002, рэж. А.Бугор) пра Г.Давыдзьку; «Такі вось лёс» (1994, рэж. А.Канеўскі) пра Т.Мархель; «Святлана» (1997, рэж. А.Трафіменка) пра С.Акружную; «Нясумны сад Фамы Варанецкага» (2001, рэж. С.Кацьер); «Нерастрачаны час» (1996, рэж. М.Князеў) і «Мікалай Яроменка-старэйшы. Пасляслоўе» (2001, рэж. В.Дудзін).
Значныя набыткі бел. дакументалістыкі звязаны з т. зв. візуальнай антрапалогіяй. Створаны унікальны цыкл этнамузыкалагічных фільмаў паводле сцэнарыяў музыказнаўцы З.Мажэйкі: «Палескія калядкі» (1972), «Галасы вякоў» (1979), «Памяць стагоддзяў» (1982, рэж. усіх Н.Сава), «Палескія вяселлі» (1986), «Крывыя вечары» (1993, рэж. абодвух Ю.Лысятаў), «Пранясі, Божа, хмару» (1990, рэж. А.Шклярэўскі), «Рух зямлі» (1999, рэж. С.Гайдук). У фільмах цыкла ў вобразнай форме зафіксаваны гукаідэал народа, яго інтанацыйны эталон як праява нац. менталітэту. Значэнне нар.муз. культуры вобразна раскрыта ў 1970—90-я г. ў фільмах дакументалістаў Р.Грыцковай («Хутка летца мінецца», «Валянціна Каралёва — вясёлая ўдава»), І.Волах («Калядныя цары», «Хрэсьбіны»), С.Гайдука («Мужчынскі рой»), А.Шклярэўскага («Карагод»), У.Міхарскага («Іграюць вяселле гармонікі»), У.Арлова («Суботы з дзядзькам Монічам», «Тры тысячы песень», «Як пайду я дарогай»), Л.Гедравічуса («Сцісні ў жмені», «Песня на ўсё жыццё»), В.Скварцовай («Мая 80-я восень»), М.Жданоўскага («У хвіліны музыкі»). Муз. спадчына беларусаў адлюстравана ў фільме «Полацкі сшытак» (1988, рэж. Л.Гедравічус) — экраннай рэканструкцыі вобразаў свецкай музыкі бел. барока 17 ст. У 1970—90-я г.зняты фільмы-канцэрты з удзелам вядучых муз. калектываў рэспублікі, фільмы-спектаклі. Створаны фільмы-партрэты кампазітараў: «І песня ўзлятае сама» (1972, рэж. У.Арлоў) пра У.Алоўнікава, навела «Эцюд» у фільме «Тварам да вас» (1976, рэж. В.Шавялевіч) пра Л.Шлег, «Ты мне вясною прыснілася» (1980, рэж. Ю.Сцяпанаў) пра Ю.Семяняку, «Фантазіі на тэму» (1981), «Урыўкі з ненапісанага. Яўген Глебаў» (1999, рэж. абодвух У.Арлоў), «Яўген Глебаў. Васемнаццаць гадоў пазней» (1995, рэж. С.Лук’янчыкаў) і «Майстар» (2000, рэж. М.Жданоўскі) пра Я.Глебава, «Картэс» (1997, рэж. Я.Росцікаў) пра С.Картэса. З 1999 г. на «Белвідэацэнтры» ствараецца цыкл экалагічных фільмаў: «Жывыя сведкі ледавікоў», «Лясныя хованкі», «Жывая вада», «Жабы на дарогах», «У царстве бакланаў і чапляў», «Чаму ў бабра падрапаны нос», «Апошнія арлы» (рэж. усіх І.Бышнёў). У кіно 1990-х г. увасабляецца тэма Чарнобыля і яго наступстваў: маст. фільмы — «Чорны бусел» (1993, рэж. В.Тураў), «Душа мая, Марыя» (1993), «Рэйнджэр з атамнай зоны» (1999, рэж. абодвух В.Нікіфараў), «Эпілог» (1994, рэж. І.Дабралюбаў); дакумент. — «Жылі-былі людзі» (1991, рэж. В.Жыгалка), «Бяда» (1992, рэж. У.Цяслюк), «Імгненні радасці» (1993, рэж. В.Басаў), «Зона адчужэння» (1994, рэж. С.Бондараў), «Чарнобыль. Попел» (рэж. С.Лук’янчыкаў), «Чарнобыльская восень» (рэж. А.Франскевіч, абодва 1996), «Жыццё пасля Чарнобыля» (1999, рэж. У.Цяслюк), «Жылі-былі...» (рэж. Г.Адамовіч), «Хойніцкія хронікі» (рэж. М.Князеў, абодва 2001). Створаны маст. фільмы для дзяцей у жанры кінафантастыкі («Вогненны стралок», 1994, рэж. М.Князеў; «Падзенне ўверх», 1998, рэж. А.Трафіменка), жорсткай сац. драмы («Шэльма», 1996, рэж. А.Ганчаронак, І.Чацверыкоў; «Маленькі баец», 1998, «Зорка Венера», 2000, рэж. абодвух М.Касымава), камедыі («Аб тым, як Колька і Пецька ляталі ў Бразілію», 1998, рэж. Р.Грыцкова), лірычнай аповесці з элементамі кінаказкі («Бальная сукенка», 2003, рэж. М.Касымава, І.Волах).
З 1970-х г. развіваецца анімацыя (маляваная, лялечная, перакладная і ў галіне змешанай тэхнікі). Пастаўлены фільмы-казкі рэжысёрамі Л.Шукалюковым («Аленчына кураня», 1974; «Касар-волат», 1976), Ю.Бутырыным («Мілавіца», 1977; «Светлячок і Расінка», 1978), К.Красніцкім («Лістападнічак», 1977; «Ціхае балота», 1979; «Пінчэр Боб і сем званочкаў», 1984; «Як дзед за дажджом хадзіў», 1986; «Хлопчык і праменьчык», 1987; «Мая маці — чараўніца», 1989), М.Лубянікавай («Цімка і Дзімка», 1975), Н.Лось («Гліняная Аўдотка», 1984), В.Доўнарам («Як Васіль гаспадарыў», 1983), Т.Жыткоўскай («Кацяня Філя і...», 1981; «Дыназаўрык», 1982; «Фантазіі Сідарава», 1991; «Гора горкае», 1997; «Фантазёрка», 1999), Я.Ларчанкам («Дудка-весялушка», 1978; «Дзед і Жораў», 1983; «Кацігарошак», 1990; «Шэры конік», 1992), І.Волчакам («Як ліса ваўка судзіла», 1989), У.Пяткевічам («Ёрш і Верабей», 1999), А.Туравай («Пра рыцара, які нічога не баяўся», 1991; «Балада пра тры апельсіны», 1995; «Казка пра Сінюю Світку», 1996; «Музыкант-чарадзей», 2000; А.Ленкіным («Зімоўе звяроў», 1999; «Яма, танцы, чатыры струны», 2000). Дарослым адрасаваны фільмы-прытчы, элегіі, экранныя медытацыі, якія насычаны паэт. метафарамі, сімваламі, прасякнуты аўтарскім роздумам пра чалавека ў сусвеце: «Лафертаўская макаўніца» (1986), «Жыло-было дрэва...» (1996), «Казкі лесу» (1996), «Сава» (1998, аўтары ўсіх У. і А. Пяткевічы), «Капрычыо» (1986), «Канчэрта гроса» (1988), «Скерца» (1994), «Пастараль» (1998; рэж. усіх І.Волчак), «Песня пра зубра» (1982, рэж. А.Белавусаў), «Меч» (1998, рэж. В.Доўнар). А.Ленкін звярнуўся да анімацыйных камед. серыялаў («Рэактыўны парсючок-1», 1994—2004). Распрацоўка жанравай палітры анімацыі, пошукі сінтэзу розных навейшых тэхнік адчуваюцца ў кінаальманахах, што аб’ядноўваюць асобныя навелы: «Крокі» (1998, рэж. В.Альковіч, В.Бакуновіч, М.Тумеля), «Лабірынт-1» (1990, рэж. М.Берэнштэйн, Н.Касцючэнка, Л.Крэсікаў, А.Ленкін), «Лабірынт-2» (1992, рэж. І.Волчак, В.Доўнар, А.Суслава). У жанры філас. прытчы на тэмы хрысц. каштоўнасцей вырашаны фільмы І.Кадзюковай («Прытча пра Гасана», 1987; «Калядныя апавяданні», 1994; «Дзяўчынка з запалкамі», 1996; «Дзіўная вячэра на Куццю», 1999; «Прытча пра Каляды», 2000; «Сястра і брат», 2002; «Легенда пра лэдзі Гадзіву», 2004). Бел. анімацыйныя фільмы адзначаны прызамі на міжнар. кінафестывалях у Расіі, Германіі, Францыі, Партугаліі, Канадзе, Японіі і інш. краінах. У бел.маст. кіно выразныя, яскравыя вобразы ў розныя гады стварылі акцёры: В.Арланава, Г.Аўсяннікаў, У. і З.Белахвосцік, З.Браварская, Г.Гарбук, У.Гасцюхін, Г.Глебаў, С.Зелянкоўская, М.Кірычэнка, А.Клімава, А.Кот, У.Крыловіч, Г.Макарава, В.Манаеў, Б.Платонаў, Л.Ржэцкая, С.Станюта, С.Сухавей, В.Тарасаў, Р.Янкоўскі, М.Яроменка. Плеяду майстроў экраннай пластыкі склалі аператары бел. кіно: Б.Аліфер, А.Аўдзееў, А.Забалоцкі, Ф.Кучар, Т.Логінава, Ю.Марухін, І.Рамішэўскі, У.Спарышкоў, А.Суханава, Ю.Ялхоў. Візуальны вобраз фільмаў бел. кіно ўзбагацілі мастакі: Я.Ганкін, У.Дзяменцьеў, Я.Ігнацьеў, В.Назараў, А.Чартовіч. Плённа працавалі ў кіно як драматургі бел. пісьменнікі: В.Быкаў, А.Адамовіч, А.Дудараў, У.Караткевіч, А.Макаёнак, Г.Марчук. Гуказрокавы вобраз карцін узбагацілі сваёй музыкай кампазітары Я.Глебаў, В.Капыцько, І.Лучанок, А.Янчанка. Кадры для бел. кіно рыхтуюцца ў Бел.АМ. Сярод іх: Г.Адамовіч, В.Аслюк, І.Волах, Р.Грыцкова, А.Кудзіненка, А.Трафіменка, І.Чацверыкоў. Кінадраматургаў рыхтуе Бел. універсітэт культуры. Пытанні бел. кіно і тэлебачання асвятляюцца ў часопісах «Мастацтва», «На экранах» і «Роднае слова». Навукова-даследчая работа праводзіцца ў аддзеле кіна- і тэлемастацтва Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац.АН Беларусі.
Літ.:
История белорусского кино. Кн. 1—2. Мн., 1969—1970;
Кино Советской Белоруссии. М., 1975;
Современное белорусское кино. Мн., 1985;
Экран и культура: Бел. кино и телевидение в системе худож. культуры. Мн., 1988;
Гісторыя кінамастацгва Беларусі: У 4 т. Т. 1—3. Мн., 2001—04;
Белорусское кино: Молодые режиссёры. Мн., 1999;
Экран и культура (Белорусское документальное кино и культура Беларуси): К 75-летию бел. кино: Сб. материалов научно-практ. конф. Бел. союза кинематографистов, Мин-ва культуры Респ. Беларусь, НАН Беларуси, Минск, 27—30 сент. 1999. Мн., 1999;
Белорусское игровое кино на пороге XXI века: Реальность и перспектива. Мн., 2000;
Концепция развития белорусского кино. Мн., 2001;
Все белорусские фильмы: Кат.-справ. Т. 1—2. Мн., 1996—2000;
Белорусская культура и кино: Тематич. кат.бел. документ. фильмов. Мн., 2002.
А.В.Красінскі, В.Ф.Нячай.
Кадр з фільма «Лясная быль». 1926.Кадр з фільма «Рыжы, сумленны, закаханы...». 1984.Экранізацыя «Палескай хронікі» І.Мележа. 1981—82.Кадр з тэлефільма «Бацькі і дзеці». 1984.Кадр з фільма «Павадыр». 2001.Кадр з фільма «Паміж жыццём і смерцю». 2002.Кадр з тэлефільма «Хам». 1990.Кадр з фільма «Анастасія Слуцкая». 2003.Кадр з фільма «Знак бяды». 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУ́НІН-МАРЦІНКЕ́ВІЧ Вінцэнт (Вікенцій Іванавіч; 4.2.1808, фальварак Панюшкавічы, Бабруйскі р-н Магілёўскай вобл. — 29.12.1884),
паэт, драматург, класік бел. л-ры 19 ст. Лічыцца, што ў 1824 скончыў Бабруйскае пав. вучылішча, працягваў вучобу ў Пецярбургу пад апекай сваяка С.І.Богуш-Сестранцэвіча. З 1828 каморнік Мінскага межавога суда, служачы палаты крымінальнага суда, перакладчык пры каталіцкай духоўнай кансісторыі. У 1840 набыў маёнтак Люцынка (Люцінка, Валожынскі р-н) і пакінуў дзярж. службу. У час паўстання 1863—64 паліцыя прыпісвала Д.-М. аўтарства антыўрадавых выданняў (напр., «Гутаркі старога дзеда»). З кастр. 1864 да снеж. 1865 зняволены ў мінскую турму, потым быў пад наглядам паліцыі (зняты ў 1872—74, зноў устаноўлены ў 1876), яго дачка Каміла з 1863 адбывала ссылку ў Салікамску. Як драматург і акцёр дэбютаваў у Мінску, паставіўшы аперэту «Рэкруцкі яўрэйскі набор» (1841) і выканаўшы ў ёй адну з гал. роляў. У 1846 апубл.муз.-драм. твор «Сялянка» («Ідылія»), у якім сяляне гавораць па-беларуску. Опера была паст. 9.2.1852 на мінскай сцэне створаным ім тэатр. калектывам (гл.Дуніна-Марцінкевіча тэатр; паўторна паст. ў Мінску ў 1994). Д.-М. выконваў ролю Навума Прыгаворкі (адсюль яго псеўданім). Першыя вядомыя паэт. творы Д.-М. на польск. мове («Малітва на памінальны дзень», «Дзіця і маці», «Вясна») прасякнуты сентыменталізмам і рэліг. матывамі. У 1850-я г. распрацоўваў новыя жанравыя формы — вершаванае апавяданне і аповесць, баладу, вытрыманыя ў павучальна-дыдакт. духу («Вечарніцы», «Гапон», 1855, «Купала», 1855, «Шчароўскія дажынкі», 1857, «Травіца брат-сястрыца» і «Быліцы, расказы Навума», нап. 1857). У гэтых творах сплавіліся рамант. цікавасць да нар. звычаяў, традыцый і рэаліст. імкненне перанесці на грунт рэальнага жыцця матывы, вобразы нар. легенд, казак, паданняў. У творчасці Д.-М. сфарміраваўся своеасаблівы метад рамант. этнаграфізму, які адпавядаў пач. этапу развіцця бел. л-ры 19 ст. Адыход ад сентыментальна-ідылічных форм і жанраў выявіўся ў структуры вершаваных твораў, іх вострай канфліктнасці, імкненні вылучыць на першы план маральна-бытавую праблематыку, у спробах асэнсаваць некат. надзённыя з’явы сац.-гіст. рэчаіснасці. У «Стаўроўскіх дзядах» (2-я ч. «Вечарніц») побач са звычаёвымі рэаліямі выразна гучаць агульнагуманіст. і сац. матывы. Ідэя маральнай чысціні народа выяўлена ў вершаванай аповесці «Купала». З пазіцый нар. этыкі зыходзіў аўтар і ў паэме «Гапон», паказаўшы барацьбу героя за асабістае шчасце, шырыню яго натуры, моцнае пачуццё чалавечай годнасці. У творы адлюстраваны і характэрныя сац.-псіхал. з’явы часу — нарастанне стыхійнага бунту сялян, трагедыя рэкрутчыны, маральны заняпад феад. грамадства. Этнагр.-бытавая праблематыка вызначальная і для вершаванай аповесці «Шчароўскія дажынкі», вершаванага апавядання «Быліцы, расказы Навума», балады «Травіца брат-сястрыца» і інш. У іх асн. матывіроўкай паводзін і ўчынкаў сталі нар. крытэрыі працавітасці і сумленнасці чалавека. Паэтызацыя земляробчай працы, узвышэнне чалавека з народа — сведчанне сувязі творчасці пачынальніка бел. л-ры з перадавымі традыцыямі слав. л-р, глыбокага дэмакратызму яго эстэтыкі. У «Быліцах, расказах Навума» п’янства, маральная разбэшчанасць матывуюцца адмоўным уплывам феад. культуры. Ідэя абнаўлення жыцця на больш гуманных, дэмакр. прынцыпах выразна выяўлена ў «Халімоне на каранацыі» (нап. 1857, апубл. 1946). Твор праўдзіва адлюстраваў супярэчнасці ў свядомасці сял. масы напярэдадні рэформы 1861: нягледзячы на расчараванне спадарожнікаў Халімона пасля каранацыі, у іх усё ж застаецца вера ў «добрага» цара. У распрацоўцы жанру балады паэт апіраўся на багатыя традыцыі рамантызму слав. л-р, яе вытокі бачыў у нар. творчасці. Пра шырыню і плённасць творчых інтарэсаў Д.-М. сведчаць яго вершаваныя апавяданні на польскай мове, прысвечаныя актуальным з’явам грамадскага жыцця («Благаславёная сям’я», 1856), гіст. падзеям («Славяне ў XIX стагоддзі», 1856, «Люцынка, або Шведы на Літве», нап. 1857). Пра арыентацыю на здабыткі А.Міцкевіча і яго рамант. школы сведчаць і творы на польск. мове, і пераклад Д.-М. на бел. моду «Пана Тадэвуша» (1859), забароненыя царскай цэнзурай (выйшлі толькі 2 «быліцы»). У камедыі «Пінская шляхта» (аўтарскае вызначэнне: фарс-вадэвіль, нап. 1866, апубл. 1918) аўтар выкрывае паразітычную сутнасць царскага чыноўніцтва. Тут многа камедыйна-бытавых сцэн, дзеянне часта суправаджаецца песнямі і танцамі, але вядучыя прынцыпы — сатыр. выкрыццё «чыноўных п’явак». Высмейваецца каставая абмежаванасць пінскай шляхты. Сатыр. камедыя «Залёты» (нап. 1870, апубл. 1918) напісана ў традыцыях двухмоўя і прысвечана праблеме расслаення парэформеннай вёскі. У цэнтры п’есы вобраз вясковага гандляра Антона Сабковіча, асн. прынцыпы якога індывідуалізм, цынічны разлік, эгаізм. Творчае станаўленне Д.М. складанае. Ён паэтызаваў жыццё і побыт селяніна як носьбіта высокіх маральных і эстэт. каштоўнасцей, што садзейнічала нараджэнню новых дэмакр. ідэй у бел. л-ры. Вял. заслуга Д.-М. ў развіцці бел.літ. мовы, сілабічнага вершаскладання, у выпрацоўцы новых жанрава-стылістычных форм (ідылія, вершаванае апавяданне і аповесць, балада, камедыя). Імя пісьменніка прысвоена Магілёўскаму абл. тэатру драмы і камедыі ў Бабруйску.
Тв.:
Творы. Мн., 1984.
Літ.:
Купала Я. Памяці Вінцука Марцінкевіча // Зб.тв.Мн., 1973. Т. 2;
Багдановіч М. Белорусское возрождение // Поўны зб.тв.Мн., 1995. Т. 2;
Семяновіч А.А. Беларуская драматургія (дакастрычніцкі перыяд). Мн., 1961;
Кісялёў Г. Сейбіты вечнага. Мн., 1963;
Яго ж. Героі і музы. Мн., 1982;
Яго ж. Спасцігаючы Дуніна-Марцінкевіча: Спроба навук. сістэматызацыі дак. і матэрыялаў. Мн., 1988;
Грынчык М.М. Фальклорныя традыцыі ў беларускай дакастрычніцкай паэзіі. Мн.. 1969;
Пачынальнікі: З гісторыка-літ. матэрыялаў XIX ст.Мн., 1977;
Лойка А. Гісторыя беларускай літаратуры. Дакастрычніцкі перыяд. Ч. 1. 2 выд.Мн., 1989;
Гісторыя беларускай літаратуры, XIX — пачатак XX ст.Мн., 1981;
Янушкевіч Я.Я. Беларускі Дудар: Праблема слав. традыцый і ўплываў у творчасці В.Дуніна-Марцінкевіча. Мн., 1991;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫГО́ДНІЦКІ ФІ́ЛЬМ,
сістэма жанраў кіно, заснаваных на напружаным сюжэце, нечаканых паваротах падзей, розных прыгодах герояў пры раскрыцці таямніцы, пошуках скарбаў, невядомых зямель, пераадольванні катастроф, барацьбе са злачынцамі і інш. Сфарміраваўся пад уплывам прыгодніцкай літаратуры. У залежнасці ад ідэйнай накіраванасці, гіст., геагр., прасторавых умоў падзяляецца на фільмы падарожжаў (гіст. і сучасныя), вестэрн, трылер, ваен., шпіёнскі, крымінальны, дэтэктыўны фільм, навукова-фантастычны фільм, фэнтэзі, парадыйны фільм. Герой П.ф. павінен валодаць пэўнымі фізічнымі і маральнымі якасцямі, загартаваным характарам, нязломнай воляй, у фантаст. сюжэтах — надзвычайнымі магчымасцямі.
Першы П.ф. — славуты вестэрн і гангстэрскі фільм «Вялікае абрабаванне цягніка» (1903, рэж. Э.С.Портэр, ЗША). З 1920-х г. у ЗША пашырыліся гангстэрскія фільмы, у Зах. Еўропе — «фільмы плашча і шпагі» (у т. л. пра мушкецёраў з аднайм. рамана А.Дзюма, шматлікія варыяцыі прыгод «высакародных ліхадзеяў» Зора, Робін Гуда і інш.). З 1960-х г. у еўрап. і амер. кіно развіваюцца традыц. і абноўленыя мадыфікацыі гангстэрскіх фільмаў («Боні і Клайд», 1967, рэж. А.Пен; «Хросны бацька», 1972, рэж. Ф.Копала; «Аднойчы ў Амерыцы», 1984, рэж. С.Леоне), акультныя («Дзіця Розмары», 1968, рэж. Р.Паланскі; «Выганяючы д’ябла», 1973, рэж. У.Фрыдкін), катастроф і жахаў («Прыгоды Пасейдона», 1972, рэж. Р.Нім; «Аэрапорт-75», 1974, рэж. Дж.Смайт; «Парк юрскага перыяду», 1993, рэж. С.Спілберг), на ваен. тэму («Доктар Стрэйнджлаў, або Як я навучыўся не хвалявацца і палюбіў бомбу», 1963, рэж. С.Кубрык; «Зялёныя берэты», 1968, рэж. Дж.Уэйн; «Жалезны крыж», 1977, рэж. С.Пекінпа; «Паляўнічы на аленяў», 1978, рэж. М.Чыміна; «Апакаліпсіс сёння», 1979, рэж. Копала), філасофска-фантаст. (серыял «Зорныя войны», з 1977, рэж.Дж-Дукас; «Неба над Берлінам», 1987, рэж. В.Вендэрс; «Пяты элемент», 1998, рэж. Л.Бесон) фільмы. У канцы 1980—90-х г. вызначыўся постмадэрнісцкі кірунак П.ф.: «Повар, злодзей, яго жонка і каханак» (1989, рэж. П.Грынуэй), «Крымінальная чытаніна* (1994, рэж. К.Таранціна), «Рассякаючы хвалі» (1996, рэж. С.Ларс фон Трыер), «Шырока заплюшчаныя вочы» (1999, рэж. Кубрык) і інш. У рас. кінематографе 1920-х г. элементы П.ф. спалучаліся з ідэйнай рэв. скіраванасцю («Чырвоныя д’ябаляты», 1923, рэж. І.Перэстыяні; «Незвычайныя прыгоды містэра Веста ў краіне бальшавікоў», рэж. Л.Куляшоў; «Прыгоды Акцябрыны», рэж. Р.Козінцаў і Л.Траўберг; «Аэліта», рэж. Я.Пратазанаў; усе 1924). У 1930-я г. адымаліся фільмы пра навук. экспедыцыі («Залатое возера», 1935, рэж. У.Шнейдэраў; «Сямёра смелых», 1936, рэж. С.Герасімаў), падарожжы («Дзеці капітана Гранта», 1936; «Востраў скарбаў», 1938, рэж. абодвух У.Вайншток), шпіёнскія фільмы («Джульбарс», 1936, рэж. У.Шнейдэраў), з 1940-х г. — ваен. («Сакратар райкома», 1942, рэж. І.Пыр’еў; «Смелыя людзі», 1950, рэж. К.Юдзін; «А досвіткі тут ціхія...», 1972, рэж. С.Растоцкі; тэлесерыял «Семнаццаць імгненняў вясны», 1973, рэж. Т.Ліёзнава; карціны пра міжнар. адносіны («Сакрэтная місія», рэж. М.Ром, 1950; «Мёртвы сезон», 1968, рэж. С.Куліш), рэв. тэматыкі («Няўлоўныя мсціўцы», 1967, рэж. Э.Кеасаян; «Белае сонца пустыні», 1969, рэж. У.Матыль; «Свой сярод чужых, чужы сярод сваіх», 1974, рэж. М.Міхалкоў). Сярод лепшых П.ф. 1970—90-х г.: фантастычна-філас. прытчы «Салярыс» (1972), «Сталкер» (1980, абодва рэж. А.Таркоўскі), таксама фільмы пра тэхнагенныя і экалагічныя катастрофы: «Уцёкі містэра Мак-Кінлі» (1975, рэж. М.Швейцэр), «Экіпаж» (1980, рэж. А.Міта) і інш.
У бел. кінематографе жанр П.ф. развіваецца з 2-й пал. 1920-х г. («Лясная быль», 1926, рэж. Ю.Тарыч; «Кастусь Каліноўскі», 1928, рэж. У.Гардзін). У 1930-я г. структурныя прыкметы П.ф. выявіліся ў фільмах-экранізацыях «Паручнік Кіжэ» (1934, рэж. А.Файнцымер), «Салавей» (1937, рэж. Э.Аршанскі), карцінах пра «ворагаў народа», шпіёнаў, дыверсантаў: «Вораг ля парога» (1931, рэж. Л.Анцы-Палоўскі), «Дачка Радзімы» (1938, рэж. У.Корш-Саблін) і інш. З 2-й пал. 1940-х г. пераважалі П.ф. пра рэвалюцыю і гіст. — «Чырвонае лісце» (1958, рэж. Корш-Саблін), ваен. тэматыкі — «Канстанцін Заслонаў» (1949, рэж. Корш-Саблін, Файнцымер), «Гадзіннік спыніўся апоўначы» (1956, рэж. М.Фігуроўскі), «Альпійская балада» (1966), «Воўчая зграя» (1975, рэж. абодвух Б.Сцяпанаў), «Круглянскі мост» (1989, рэж. А.Мароз), «Пайсці і не вярнуцца» (1992, рэж. М.Князеў), «У жніўні 44-га» (2000, рэж. М.Пташук), тэлевізійныя «Руіны страляюць» (1971—72, рэж. В.Чацверыкоў), «Парашуты на дрэвах» (1973, рэж. І.Шульман), «Дзяржаўная граніца» (1980—84). У 1980—90-я г. пашырыліся гісторыка-прыгодніцкія экранізацыі з элементамі дэтэктыва («Дзікае паляванне караля Стаха», 1980, рэж. В.Рубінчык; «Чорны замак Альшанскі», 1983, рэж. Пташук; «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях», 1994, рэж. В.Тураў), дэтэктывы і трылеры («Уік-энд з забойцам», 1992, рэж. Ю.Марухін; «Сын за бацьку», 1995, рэж. М.Яроменка; «Бег ад смерці», 1996, рэж. У.Дзяругін; «Рэйнджэр з атамнай зоны», 1999, рэж. В.Нікіфараў), фантаст. фільмы («Адступнік», 1986—87, рэж. Рубінчык; «Кашкадаў Сільвер», 1989, «Анамалія», 1993, рэж. абодвух Ю.Ялхоў). У жанры П.ф. зняты шэраг фільмаў для дзяцей (гл. ў арт.Дзіцячае кіно), у т. л. «Палескія рабінзоны» (1934, І.Бахар, П.Малчанаў), «Корцік» (3 серыі, 1973), «Бронзавая птушка» (3 серыі, 1974, рэж. абодвух М.Калінін), «Апошняе лета дзяцінства» (1974. рэж. Рубінчык) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМУНІСТЫ́ЧНАЯ ПА́РТЫЯ ЗАХО́ДНЯЙ БЕЛАРУ́СІ (КПЗБ). Створана ў кастр. 1923 на канферэнцыі Беластоцкага, Брэсцкага і Віленскага акр. к-таў Камуніст. рабочай партыі Польшчы (КПРП), скліканай паводле рашэння II з’езда КПРП, з лют. 1925 Камуністычная партыя Польшчы, КПП. У КПЗБ увайшлі члены б. арг-цый КП(б)Б і КП Літвы, што перайшлі ў падполле, чл. КПРП. У снеж. 1923 у КПЗБ улілася Беларуская рэвалюцыйная арганізацыя (БРА), кіраўнікі якой І.К.Лагіновіч (П.Корчык), Л.І.Родзевіч (Антось), А.Р.Капуцкі (Лёкса) былі кааптаваны ў склад Цэнтральнага Камітэта КПЗБ, што садзейнічала павелічэнню бел. элемента ў кіраўніцтве КПЗБ. Функцыянавала да жн. 1938 на правах тэр.-аўтаномнай арг-цыі КПП, зыходзіла з яе праграмных установак. КПЗБ змагалася за сацыяліст. рэвалюцыю, ліквідацыю памешчыцкага землеўладання і перадачу сялянам зямлі без выкупу, за права самавызначэння Заходняй Беларусі і ўз’яднанне з БССР. Працавала нелегальна ва ўмовах паўакупац. рэжыму ў краі. Польскія ўлады праследавалі членаў КПЗБ, знявольвалі іх у турмы, Бяроза-Картузскі канцэнтрацыйны лагер, наладжвалі масавыя палітычныя працэсы. На час стварэння КПЗБ у яе парт. арг-цыях налічвалася 528 чал.; у канцы 1924—2296 чал., у канцы 1927—3254 чал. У 1924—29 дзейнічала 6 акруговых (Баранавіцка-Слонімскі, Беластоцкі, Брэсцкі, Віленскі, Гродзенскі, Пінскі) і больш за 50 раённых к-таў КПЗБ. У сак. 1932 у КПЗБ налічвалася 3600 членаў, з іх 20% пражывалі ў гарадах і каля 80% на вёсцы; у 1933—3800—4000 членаў, дзейнічала 11 акруговых (дадаткова Лідскі, Маладзечанскі, Навагрудскі, Пастаўска-Глыбоцкі, Свянцянска-Браслаўскі) і больш за 90 раённых к-таў партыі. Прыкладна палова членаў КПЗБ знаходзілася ў турмах і канцлагеры. Сярод бел.паліт. партый, што дзейнічалі ў краі, КПЗБ была найб. шматлікай і ўплывовай. Пад яе кіраўніцтвам дзейнічалі Камуністычны саюз маладзі Заходняй Беларусі, Міжнародная арганізацыя дапамогі рэвалюцыянерам Заходняй Беларусі. За час існавання КПЗБ адбыліся 2 з’езды і 3 канферэнцыі. Практычную работу партыі ўзначальваў ЦККПЗБ, які складаўся з Бюро ЦККПЗБ і Краявога сакратарыята ЦККПЗБ. Частка членаў Бюро і ЦК знаходзілася ў Мінску з мэтай кіраўніцтва Прадстаўніцтвам ЦККПЗБ пры ЦККП(б)Б, замежнай часткай Цэнтр. рэдакцыі і Мінскай школай КПЗБ. Цэнтр. орган КПЗБ — газ.«Чырвоны сцяг», з 1924 выдаваўся тэарэт.час.ЦККПЗБ«Бальшавік». Легальнымі органамі партыі былі газ.«Барацьба», «Беларуская газета», «Наша воля», сатыр.час.«Асва».
На этапе станаўлення КПЗБ карысталася падтрымкай з боку КП(б)Б. З ліп. 1924 да лют. 1925 у Мінску існавала Бюро дапамогі Кампартыі Заходняй Беларусі пры ЦККП(б)Б. Да стварэння КПЗБ асноўнай формай рэв. і нац.-вызв. руху на анексіраваных Польшчай бел. землях была партыз. барацьба, якая ў 1923—24 ахапіла большасць паветаў (гл.Партызанскі рух у Заходняй Беларусі). На Другой канферэнцыі КПЗБ (ліст. 1924) арганізацыйна аформілася антыпарт. групоўка, якая зыходзіла з курса на ўзбр. паўстанне, патрабавала адасаблення КПЗБ ад КПРП (гл.Сэцэсія). Трэцяя канферэнцыя КПЗБ (студз. 1926) прызнала памылковым курс на ўзбр. паўстанне і вызначыла новую тактыку па збіранні сіл рабочых, сялян і нац. інтэлігенцыі. Гэта тактыка далей развіта ў рашэннях Першага з’езда КПЗБ (чэрв.—ліп. 1928). Па ініцыятыве ЦККПЗБбел. паслы (дэпутаты) у польск. сейме стварылі ў чэрв. 1925 асобны куб — фракцыю Беларуская сялянска-работніцкая грамада (БСРГ), якая перарасла ў больш як стотысячную арг-цыю і фактычна стала легальным асяродкам КПЗБ. Пасля разгрому ў студз. 1927 Грамады правадніком ідэй Кампартыі ў сейме быў бел. рабоча-сял. пасольскі клуб «Змаганне». КПЗБ была ў авангардзе барацьбы супраць рэжыму Ю.Пілсудскага, узначальвала большасць выступленняў рабочых у абарону сваіх эканам. і паліт. правоў. Праз БСРГ, «Змаганне», Таварыства беларускай школы Кампартыя арганізоўвала масавыя акцыі супраць нац. ўціску, што стрымлівала працэс паланізацыібел. насельніцтва. У канцы 1920 — пач. 1930-х г. палітыка КПЗБ характарызавалася лявацка-сектанцкім падыходам, адмоўным стаўленнем да бел.нац.паліт. партый і арг-цый — Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, Беларускай санацыі, Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры, кваліфікуючы іх як састаўную частку нацыянал-фаш. лагера. Арыентацыя на сацыяліст. рэвалюцыю і выключэнне з рэв. лагера дэмакр. сіл звузіла фронт апазіцыйнага да пілсудчыкаў бел.дэмакр. лагера і стала адной з прычын спаду нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі ў пач. 1930-х г. На яго аслабленне адмоўна паўплывалі і рэпрэсіі палітычныя ў 1930-я г. ў БССР у адносінах да кіраўнікоў БСРГ, «Змагання» і ЦККПЗБ, якія ў 1932 па абмене палітзняволенымі перададзены ў СССР. У рэзалюцыях ЦККПЗБ 1934 па нац. пытанні БРА трактавалася як агентура бел. нацыяналізму ў радах КПЗБ. У 2-й пал. 1930-х г. Кампартыя ўзяла курс на аб’яднанне дэмакр. сіл. У рашэннях Другога з’езда КПЗБ (май 1935) выпрацаваны новыя тактыка і стратэгія, скіраваныя на адзінства дзеянняў і стварэнне шырокага антыфашысцкага народнага фронту. Забастоўкі, мітынгі, дэманстрацыі ў 1936—37 праходзілі пад заклікамі барацьбы супраць наступу сіл фашызму і вайны, увядзення антыдэмакр. канстытуцыі, за амністыю палітзняволеным, салідарнасць з рэсп. Іспаніяй, разрыў саюза з гітлераўскай Германіяй і за супрацоўніцтва з СССР. У 1938 дзейнасць КПЗБ спынена. Паводле рашэння Выканкома Камінтэрна КПП і яе састаўныя часткі КПЗБ і КПЗУ ў жн. 1938 на аснове беспадстаўнага абвінавачання былі распушчаны. Роспуску папярэднічалі рэпрэсіі ў 1937 у адносінах да кіруючага актыву партыі. Абвінавачанні супраць КПЗБ і яе актыву зняты пасля апублікавання 21.2.1956 у газ. «Правда» заявы Цэнтр. Камітэтаў Кампартый Сав. Саюза, Балгарыі, Італіі, Польшчы і Фінляндыі, у якой дадзена высокая ацэнка дзейнасці КПП, падкрэслена, што роспуск яе быў неабгрунтаваны.
Літ.:
Борьба трудящихся Западной Белоруссии за социальное и национальное освобождение и воссоединение с БССР’ Док. и материалы. Т. І—2. Мн., 1962—72;
Революционный путь Комларгии Западной Белоруссии (1921—1939 гг.). Мн., 1966;
Полуян В.А., Полуян И.В. Революционное и национально-освободительное движение в Западной Белоруссии в 1920—1939 гг.Мн., 1962;
Мацко А.Н. Революционная борьба трудящихся Польши и Западной Белоруссии против гнета буржуазии и помещиков 1918—1939 іт. Мн., 1972;
Воткович Г.Б. КПЗБ в борьбе за интернациональное единство трудящихся (1929—1933 гг.). Мн., 1975;
Ладысеў У.Ф. КПЗБ — арганізатар барацьбы працоўных за дэмакратычныя правы і свабоды (1934—1938 гг.). Мн., 1976;
Яго ж. В борьбе за демократические права и свободы. Ми., 1988;
Орехво Н.С. Дела и люди КПЗБ: Воспоминания. Мн., 1983;
Зелинский П.И. Политическая работа КПЗБ в массах, 1923—1938. Мн., 1986;
Мисаревич Е.А. На освобожденной земле. Мн., 1989;
Bergmann A Sprawy białoruskie w II Rzeczypospolitej. Warszawa, 1984.
У.Ф.Ладысеў.
Дэлегаты II з’езда Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі. 1935.