БУДАЎНІ́ЧАЯ КЕРА́МІКА,
матэрыялы і вырабы з керамікі, якія выкарыстоўваюцца ў буд-ве. Да будаўнічай керамікі адносяць сценавыя матэрыялы (цэгла, керамічны камень), матэрыялы для аздаблення фасадаў і ўнутр. паверхняў будынкаў (гл. Аддзелачныя матэрыялы), дахавыя матэрыялы (чарапіца), сан.-буд. вырабы, керамічныя трубы, кіслота- і вогнетрывалыя вырабы (абліцовачныя пліты, вогнетрывалая цэгла і інш.), вырабы спец. прызначэння (клінкер, камень для падземных збудаванняў і інш.).
т. 3, с. 310
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРМАКАМЕ́ННЫЯ КАНСТРУ́КЦЫІ,
часткі будынкаў ці збудаванняў (сцены, калоны, слупы, прасценкі, перамычкі і інш.), мураваныя з каменю або цэглы і ўзмоцненыя арматурай. Для арміравання выкарыстоўваюць стальныя сеткі, якія ўкладваюцца ў гарыз. швы для павелічэння нясучай здольнасці армакаменных канструкцый пры сцісканні; стрыжні і дрот — укладваюцца ўнутры каменных элементаў і супрацьстаяць у асн. расцягванню. Выкарыстоўваюць таксама ўзмацненне каменнай муроўкі ж.-б. элементамі (комплексныя канструкцыі).
т. 1, с. 487
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛСЕЛЬБУДПРАЕ́КТ, Праектна-вышукальны інстытут Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Рэспублікі Беларусь. Засн. ў 1970 у Мінску як Бел. рэсп. праектна-вышукальны ін-т «Белкалгаспраект» на базе абл. праектных арг-цый сістэмы Белміжкалгасбуда. З 1986 сучасная назва. Асн. кірункі дзейнасці: праектаванне агароднінасховішчаў, адм., жылых, гандл. і культ.-бытавых будынкаў і збудаванняў; распрацоўка праектаў заводаў буйнапанэльнага домабудавання, жалезабетонных вырабаў; інж.-вышукальныя работы і праектаванне дарог.
т. 3, с. 81
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДАВЫ́ ПРЫКА́ЗЧЫК,
выбраны з павятовых служылых людзей правіцель горада (павета) у Расіі ў 16—17 ст. Выконваў функцыі гараднічага. Падпарадкоўваўся намесніку. Наглядаў за справамі служылых дваран, буд-вам і рамонтам гар. крапасных збудаванняў, боепрыпасамі, зборам падаткаў і выкананнем павіннасцей. У ваен. час выконваў функцыі гар. ваен. каменданта. Пасля ўвядзення ў гарадах пасады ваяводы гарадавыя прыказчыкі сталі іх памочнікамі, прызначаліся ваяводамі з мясц. дваран.
т. 5, с. 38
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЛАТУ́ХІН (Юрый Дзмітрыевіч) (н. 2.6.1932, г. Кіраваград, Украіна),
бел. вучоны ў галіне буд-ва. Канд. тэхн. н. (1968), праф. (1991). Скончыў Адэскі гідратэхн. ін-т (1956). З 1967 у Бел. дзярж. ун-це транспарту (г. Гомель). Навук. працы па даследаванні і выпрабаванні жалезабетонных канструкцый, рэканструкцыі і павелічэнні эксплуатацыйнай надзейнасці збудаванняў.
Тв.:
Испытание строительных конструкций. Мн., 1983;
Испытание сооружений. Мн., 1992 (у сааўт.).
т. 6, с. 511
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДНЫ АРХІТЭ́КТАР СССР,
ганаровае званне, якое прысвойвалася Прэзідыумам Вярх. Савета СССР за асаблівыя заслугі ў развіцці сав. архітэктуры, выдатную творчую дзейнасць у галіне горадабудаўніцтва, за стварэнне грамадз., прамысл. і сельскіх арх. комплексаў, будынкаў і збудаванняў, што атрымалі ўсенар. прызнанне. Устаноўлена Указам Прэзідыума Вярх. Савета СССР 12.8.1967. Існавала да 1991.
Народныя архітэктары СССР у Беларусі
1970. У.А.Кароль.
1981. Г.У.Заборскі.
т. 11, с. 178
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНЭ́ЛЬ (ад ням. Paneel),
1) плоскі буйнапамерны элемент (канструкцыя) заводскага вырабу. Шырока выкарыстоўваецца пры буд-ве будынкаў і збудаванняў (напр., П. перакрыцця, сценавая).
2) Драўляная абшыўка, дэкаратыўная аддзелка (пластыкам, масленай фарбай і інш.) ніжняй часткі сцяны ў памяшканні.
3) Пешаходная дарожка па баках вуліцы, тратуар.
4) Частка эл. шчыта, пульта кіравання, радыётэхн. прыстасавання, трансп. сродкаў і інш., дзе размяшчаецца сігнальная, кантрольная, вымяральная апаратура.
т. 12, с. 57
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРМІ́РАВАНАЕ ШКЛО,
ліставое сілікатнае шкло, у якое пры фармаванні запрасавана зварная метал. сетка. Выкарыстоўваецца для шклення светлавых праёмаў і пакрыццяў будынкаў і збудаванняў, святлопрапускальных перагародак, агароджы лесвічных клетак, шахтаў ліфтаў і г.д. Вырабляецца неперарыўным пракатам. Ад удару ці ўздзеяння высокай т-ры не рассыпаецца на асколкі. Дапускае разрэзку і адломку без растрэсквання. Сетка робіцца з дроту дыяметрам 0,35—0,45 мм. Святлопрапусканне 65% і болей.
т. 1, с. 495
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎД ((Oud) Якабус Іаганес Пітэр) (9.2.1890, г. Пюрмерэнд, Паўн. Галандыя — 5.4.1963),
галандскі архітэктар. Вучыўся ў Вышэйшай тэхн. школе ў Дэлфце і Мюнхене. Лідэр галанд. функцыяналізму і групы «Стыль». Аўтар праектаў комплекснай планіроўкі і забудовы жылых раёнаў у Ротэрдаме (1922—30). Сярод збудаванняў Аўда: дамы ў пас. Вайсенгоф (Штутгарт, 1928), будынкі фірмы «Шэл-Недэрланд» (1940) і Кангрэса (1963) у Гаазе, санаторый каля Арнема (1960) і інш.
т. 2, с. 84
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫНО́СЛІВАСЦЬ матэрыялаў,
здольнасць матэрыялаў супраціўляцца ўздзеянню паўторных (цыклічных), знакапераменных нагрузак, у выніку якіх развіваецца стомленасць матэрыялаў. Характарызуецца мяжой вынослівасці — колькасцю цыклаў нагрузак да ўзнікнення макрашчылін або поўнага разбурэння матэрыялу. Мяжа вынослівасці можа быць меншая за мяжу трываласці або мяжу цякучасці. Вынослівасць залежыць ад уласцівасцей матэрыялу, віду нагрузкі, стану паверхні, памераў дэталі або канструкцыі і інш. Улічваецца пры канструяванні машын і праектаванні збудаванняў.
М.К.Балыкін.
т. 4, с. 316
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)