ГІНГІВІ́Т (ад лац. gingiva дзясна + ...іт),

запаленне дзясны. Бывае лакальны, генералізаваны, востры, хранічны або як вынік агульных захворванняў стрававальнай і сардэчна-сасудзістай сістэмы. Найчасцей сустракаецца гінгівіт катаральны (кроватачывасць дзясен пры ядзе і чыстцы зубоў). Гіпертрафічны гінгівіт праяўляецца як разрастанне дзясны вакол верхніх і ніжніх франтальных зубоў. Язвавы гінгівіт (дзясна ўкрываецца болькамі светла-шэрага ці жаўтаватага колеру) рэзка балючы. Пры генералізаваным гінгівіце пагаршаецца агульны стан хворага, павышаецца т-ра цела, узнікаюць галаўны боль, слабасць, бяссонніца, парушэнне апетыту, гніласны пах з рота і інш. Лячэнне накіравана на ліквідацыю асн. захворвання.

т. 5, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛУХАТА́,

адсутнасць або недастатковасць слыху. Адрозніваюць прыроджаную, набытую, аднабаковую і двухбаковую глухату.

Прыроджаная бывае ад няправільнага развіцця і фарміравання вуха; можа быць ад перанесеных пры цяжарнасці вірусных хвароб, уздзеяння на арганізм цяжарнай жанчыны таксічных рэчываў. Прычыны набытай глухаты — інфекц. хваробы (менінгіт, грып, сіфіліс, адзёр і інш.), запаленне ўнутр. вуха, атыт, доўгае ўздзеянне моцных гукаў і шумаў, парушэнне кровазвароту ўнутр. вуха, уздзеянне на арганізм таксічных рэчываў. Глухата двухбаковая, прыроджаная або набытая ў раннім дзяцінстве, выклікае глуханемату. Лячэнне: хімія- і фізіятэрапія, хірургічнае. Пры няпоўнай глухаце карыстаюцца слыхавымі апаратамі.

П.​А.​Цімашэнка.

т. 5, с. 304

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛЕБСІЕ́ЛЫ (Klebsiella),

род капсульных неспараносных энтэрабактэрый. Найб. вывучана K. pneumonie, што жыве на слізістай абалонцы носа, рота і кішэчніка здаровых людзей; пашырана сярод цеплакроўных жывёл; здольная выклікаць запаленне лёгкіх (умоўна патагенная). Да аблігатна патагенных паразітаў чалавека адносяцца K. ozaenae і K. scleromatis.

Палачкі (0,3—1,5×0,6—6 мкм) нерухомыя, грамадмоўныя; факультатыўныя анаэробы. На шчыльным пажыўным асяроддзі ўтвараюць круглыя, пукатыя слізістыя калоніі. Зброджваюць глюкозу, цукрозу, лактозу з утварэннем 2,3-бутандыёлу, этанолу і арган. кіслот. Некат. віды фіксуюць азот. Здольныя выклікаць хваробы чалавека і жывёл — клебсіялёзы.

т. 8, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАРЫНГІ́Т [ад грэч. larynx (laryngos) гартань],

запаленне слізістай абалонкі гартані. Адрозніваюць Л. востры і хранічны. Востры Л. бывае пры вял. нагрузцы на голас, вострай рэспіраторнай інфекцыі, алергічным пашкоджанні, пры адры, грыпе, дыфтэрыі, шкарлятыне. Запаленчы працэс можа пашкоджваць слізістую абалонку трахеі (ларынгатрахеіт). Асн. сімптомы — сухасць, пяршэнне ў горле, сухі кашаль, парушэнне голасу. Пры вострым Л. іншы раз узнікае ацёк падскладкавай вобласці (найчасцей у дзяцей) са стэнозам дыхальных шляхоў да асфіксіі. Прычына хранічнага — частыя вострыя Л. Лячэнне вострага Л. тэрапеўт. і фізіятэрапеўт., а таксама рэфлекторная тэрапія.

П.​А.​Цімашэнка.

т. 9, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІМФАДЭНІ́Т (ад лімфа + грэч. adēn залоза),

запаленне лімфатычных вузлоў у чалавека. Развіваецца як рэакцыя на пападанне ў лімфатычныя вузлы прасцейшых, мікробаў, вірусаў, радзей — іншародных рэчываў. Адрозніваюць Л. востры і хранічны, па прычынным фактары — неспецыфічны і спецыфічны. Часцей сустракаецца Л. востры неспецыфічны як другасная рэакцыя на інфекцыю (ангіна, карыёзныя зубы, фурункулы і інш.). У дзяцей інфекцыя пранікае праз трахеябранхіяльнае дрэва і страўнікава-кішачны тракт. Прыкметы: павышэнне т-ры цела, ламота ў суставах, павелічэнне лімфавузлоў і інш. Хранічны неспецыфічны Л. бывае рэдка, часцей — лімфадэнапатыя. Лячэнне тэрапеўтычнае і хірургічнае.

В.​Я.​Рэбека.

т. 9, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕЗІКУЛІ́Т (ад лац. vesicula пузырок + ...іт),

сперматацыстыт, запаленне семявага пузырка ў чалавека і жывёл. У мужчын назіраецца часцей разам з прастатытам, урэтрытам, эпідыдымітам. Праяўляецца адчуваннем цяжару і болем у вобласці прамежнасці і ў прамой кішцы, які аддае ў паясніцу і машонку. Адзначаецца пачашчанае мочаспусканне, што суправаджаецца пачуццём пякоты. Характэрны павышаная палавая ўзбуджальнасць, частыя эрэкцыі і палюцыі, болі пры эякуляцыі з ірадыяцыяй у галоўку палавога члена. Пры хранічным везікуліце развіваецца бясплоднасць. Лячэнне: фізіятэрапія, антыбіётыкі. З жывёл на везікуліт найчасцей хварэюць быкі, бараны, кныры. Працякае ў катаральнай або гнойнай форме. Хворых жывёл звычайна выбракоўваюць.

т. 4, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭРМО́ІД (ад дэрма + грэч. eidos выгляд),

дэрмоідная кіста, пухлінападобнае ўтварэнне, што ўзнікае пры парушэннях эмбрыягенезу з эктадэрмы і мезадэрмы, а таксама ў працэсе жыццядзейнасці з функцыян. элементаў скуры — потавых і тлушчавых залоз, валасяных фалікулаў. Разнавіднасць тэратомы. Бывае ў розных участках цела, найчасцей на скуры галавы, вельмі рэдка ва ўнутр. органах, галаўным мозгу і яго абалонках. Поласць Д. запоўнена жэле- ці тлушчападобный масай з валасамі, касцявымі структурамі, зубамі і інш. тканкамі. Пры росце Д. з’яўляецца боль, іншы раз запаленне тканкі і скуры вакол яго. Магчыма развіццё з Д. пласкаклетачнага рака. Лячэнне хірургічнае.

В.​Я.​Рабека.

т. 6, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕМАРО́Й (ад гема... + грэч. rheō цяку),

пачачуй, вузлаватае расшырэнне вен прамой кішкі, пераважна ў вобласці задняга праходу. Адрозніваюць вузлы вонкавыя (падскурныя) і ўнутр. (падслізістыя). Хварэюць найчасцей людзі сярэдняга і пажылога ўзросту, мужчыны ў 3 разы часцей, чым жанчыны.

Развіццю гемарою садзейнічаюць прыроджаныя асаблівасці вен, запаленні прамой кішкі, загіны маткі, запоры, сядзячая праца і інш. Прыкметы: сверб, адчуванне гарачыні, напружання і болю ў заднім праходзе пры дэфекацыі, бывае крывацёк. Ускладненні: запаленне, ушчамленне ўнутр. вузлоў гемарою ў заднім праходзе, малакроўе. Лячэнне: дыета, фізія- і медыкаментозная тэрапія; у цяжкіх выпадках — хірургічнае. Гл. таксама Варыкознае расшырэнне вен.

т. 5, с. 147

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАН’ЮНКТЫВІ́Т (ад лац. conjunctivus злучальны + ...іт),

запаленне слізістай (злучальнай) абалонкі вока. Адна з найб. пашыраных хвароб вачэй. Адрозніваюць К. востры і хранічны. Найчасцей бывае востры; выклікаецца інфекцыяй, дзеяннем розных хім. рэчываў, траўмамі і інш. Прыкметы: пачырваненне слізістай абалонкі вока, рэзь, слёзацячэнне, святлабоязь, слізістыя ці слізіста-гнойныя выдзяленні. Пры своечасовым лячэнні ўскладненняў не пакідае, доўжыцца 3—6 дзён, вірусны — да 1 мес. К. ад трахомы, ганарэі, дыфтэрыі пакідаюць язвы рагавой абалонкі, бяльмо. Хранічнаму К. садзейнічаюць пыл, дым, недастатковае асвятленне, некарыгіраваныя акулярамі анамаліі зроку, анеміі, гельмінтозы, адэноіды, парушэнне абмену рэчываў. Лячэнне: ліквідацыя асн. прычын, тэрапеўтычнае.

Л.​М.​Марчанка.

т. 8, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЯКАРДЫ́Т (ад мія... + грэч. kardia сэрца),

запаленне мышцы сэрца (міякарда) у чалавека і жывёл. Бывае востры, падвостры і хранічны, дыфузны і ачаговы. Паводле ступені цяжкасці — лёгкі, сярэднецяжкі, цяжкі. Прычыны: інфекцыя (ангіна, дыфтэрыя, шкарлятына, туберкулёз і інш.), алергія, інтаксікацыя. У дзяцей можа развіцца пры рэўматызме. Рэўматычны М. нярэдка спалучаецца з эндакардытам. Прыкметы М. залежаць ад парушэння сардэчнага рытму і недастатковай скарачальнай функцыі міякарда (агульная слабасць, задышка ў спакоі, набраканне шыйных вен, працяглы «ныючы» боль у вобласці сэрца, сэрцабіццё, хуткая стамляльнасць). Ускладненні: кардыясклероз, сардэчная недастатковасць. Лячэнне: пасцельны рэжым, вітаміны, сардэчна-сасудзістыя сродкі, ліквідацыя асн. хваробы.

т. 10, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)