ПУ́РПУР (ад лац. purpura пурпурная куклянка, пурпурны колер) антычны, прыродны чырванавата-фіялетавы фарбавальнік. Утрымліваецца ў выдзяленнях гіпабранхіяльных залоз марскіх бруханогіх малюскаў—іглянак, або пурпурных куклянак, напр., балінус, або мурэкс, брандарыс (Bolinus brandaris, або Murex brandaris). Па хім. прыродзе — вытворнае прыроднага фарбавальніка індыга.
Вядомы каля 1600 г. да н.э. (Стараж. Егіпет, Фінікія). Выкарыстоўваўся для афарбоўкі тканін, а таксама ў жывапісе, касметыцы і інш. У стараж. Рыме афарбаваная П. адзежа была адметнай адзнакай вышэйшых пасад.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭНТГЕНАТЭРАПІ́Я,
метад прамянёвай тэрапіі, заснаваны на выкарыстанні рэнтгенаўскага выпрамянення. Ажыццяўляецца з дапамогай спец.мед. рэнтгенатэрапеўт. апаратаў. Прыгнечвае жыццядзейнасць клетак паталагічна змененых тканак або цалкам іх разбурае. Пры непухлінных захворваннях Р. накіравана на спыненне запаленчай рэакцыі, зніжэнне болевай адчувальнасці і сакраторнай актыўнасці залоз. Адрозніваюць Р. глыбокую (уздзеянне на органы і тканкі, размешчаныя ў глыбіні цела), мясцовую (асобнага органа або абмежаванага ўчастка цела), агульную (усяго цела). Пашырана пры лячэнні захворванняў скуры, слізістых абалонак і інш. Часам спалучаецца з антыбактэрыяльнай тэрапіяй і інш. метадамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДАПТАГЕ́НЫ,
лекавыя прэпараты расліннага паходжання, якія павышаюць адаптацыю арганізма да неспрыяльных умоў асяроддзя. Да іх належаць прэпараты з жэньшэню, радыёлы (залаты корань), элеўтэракоку і інш. раслін, якія маюць гліказіды, дубільныя рэчывы, флаваноіды, эфірны алей, арган. к-ты, мікраэлементы і інш. Адаптагены здольныя павышаць тонус цэнтр.нерв. сістэмы і працаздольнасць, дзейнасць залозунутр. сакрэцыі (шчытападобнай, падстраўнікавай, гіпофізу, кары наднырачнікаў), устойлівасць арганізма да інфекц. захворванняў і інш. шкодных уздзеянняў асяроддзя (высокія ці нізкія т-ры, гравітацыйныя перагрузкі, інтаксікацыі прамысл. ядамі, іанізаванае апрамяненне і інш.). Выпускаюцца адаптагены ў выглядзе настояў і вадкіх экстрактаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІШЫ́ (Vichy),
горад у Францыі, у дэпартаменце Алье, на р. Алье. Вядомы з часоў Стараж. Рыма. У 1940—44 месца знаходжання калабарацыянісцкага ўрада маршала Ф.Петэна. 28 тыс.ж. (1990). Вузел чыгунак. Аэрапорт. Эл.-тэхн., фармацэўтычная, шкларобчая прам-сць. Маст. і гіст. музеі. Казіно. Буйнейшы бальнеакліматычны курорт у Францыі. Развіваецца з пач. 17 ст. Цёплы, умерана вільготны клімат, спрыяльны для адпачынку і лячэння. Больш за 10 крыніц субтэрмальных і гарачых (да 66 °C) радонавых мінер. вод, якія выкарыстоўваюцца пры лячэнні хвароб печані, жоўцевых шляхоў, кішэчніка, нырак, эндакрынных залоз.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНАДАТРАПІ́НЫ, ганадатропныя гармоны,
гармоны, якія рэгулююць эндакрынную функцыю палавых залоз (ганад) пазваночных. Вырабляюцца пярэдняй доляй гіпофіза (гіпафізарныя ганадатрапіны) і плацэнтай (харыянічны ганадатрапін). Да гіпафізарных ганадатрапінаў належаць фалікуластымулюючыя гармоны (фолітрапін, пралан А, тылакентрын), лютэінізуючыя гармоны (пралан Б, метакентрын) і лютэатропныя гармоны (пралактын, лютрапін, маматрапін, мамаген), што стымулююць у самак выспяванне яйцаклетак, авуляцыю, утварэнне жоўтага цела (у млекакормячых) і сакрэцыю эстрагенаў, у самцоў узмацняюць сперматагенез, рост інтэрстыцыяльных клетак і сакрэцыю тэстастэрону. Харыянічныя ганадатрапіны, якія атрымліваюць з мачы цяжарных жанчын і сывараткі крыві жарэбных кабыл, выкарыстоўваюць у гінекалогіі, пры атлусценні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГНІЛАРЫ́БАЎ (Цімафей Ерамеевіч) (14.5.1901, с. Гусава Растоўскай вобл., Расія — 13.11.1970),
вучоны ў галіне хірургіі. Д-рмед.н. (1941), праф. (1943). Скончыў мед.ф-т Растоўскага ун-та (1925). З 1930 у хірург. клініцы мед. ін-та ў Растове, з 1941 гал. хірург эвакуацыйных шпіталяў у Кіславодску. З 1945 у Днепрапятроўскім, з 1960 у Мінскім мед. ін-тах. Навук. працы па лячэнні трафічных язваў, ваенна-палявой хірургіі, пластыцы сасудаў, перасадцы залозунутр. сакрэцыі на сасудах, па аднаўленчай хірургіі.
Тв.:
Пластика свободным кожным лоскутом. Мн., 1968 (разам з А.І.Катом).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПТУШКАЕ́ДЫсапраўдныя
(Aviculariidae),
сямейства членістаногіх атр. павукоў. Каля 600 відаў. Пашыраны пераважна ў Паўд. Амерыцы, а таксама ў Паўд.-Усх. Азіі, Усх. Афрыцы, у трапічных лясах. Актыўныя на змярканні і ўначы. Віды родаў акантаскурыя (Acanthoscurria), тэрафоза (Theraphosa) і інш. небяспечныя для чалавека (яд паражае ц. н. с.).
Даўж. да 11 см. Цела і ногі ўкрыты шматлікімі валаскамі. Хеліцэры заканчваюцца кіпцікамі з адтулінамі ядавітых залоз на канцы. Лёгкіх 2 пары. Кормяцца буйнымі насякомымі, дробнымі пазваночнымі, у т. л. птушанятамі (адсюль назва).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРМАФРАДЫТЫ́ЗМ, двухполавасць, бісексуалізм,
наяўнасць прыкмет мужчынскага і жаночага полу ў аднаго арганізма. Бывае натуральны, уласцівы вышэйшым і ніжэйшым раслінам (аднадомнасць, гоматалізм) і беспазваночным жывёлам (чэрві, малюскі, ракападобныя і інш.), і анамальны (заганы развіцця), які трапляецца і ў чалавека. Пры натуральным гермафрадытызме ў арганізме адначасова ўтвараюцца яйцы і сперматазоіды; здольнасцю да апладнення валодаюць абодва віды палавых клетак або адзін з іх. Анамальны гермафрадытызм — прыроджаная, у большасці выпадкаў генетычна абумоўленая паталогія, што ўзнікае пры парушэнні развіцця палавых залоз і іх гарманальнай дзейнасці; назіраецца ў чалавека і жывёл. Можа быць сапраўдны (наяўнасць палавых залоз абодвух полаў) і несапраўдны (псеўдагермафрадытызм), калі палавыя залозы сфарміраваны правільна, па мужчынскім або жаночым тыпе, але вонкавыя палавыя органы маюць прыкметы двухполавасці.
У чалавека сапраўдны гермафрадытызм трапляецца рэдка; характэрна наяўнасць яечніка і яечак або змешанай залозы, часцей мужчынскі набор палавых храмасом (46 XY). Другасныя палавыя прыкметы, як правіла, маюць элементы абодвух полаў. Гермафрадытызм несапраўдны бывае вонкавы і ўнутраны. Пры вонкавым мужчынскім гермафрадытызме ёсць мужчынскія палавыя залозы, а вонкавыя палавыя органы падобныя да жаночых; пры ўнутраным — побач з яечнікамі, недаразвітай прадстацельнай залозай і семявымі пузыркамі могуць быць матка і матачныя трубы. Зрэдку трапляюцца выпадкі жаночага несапраўднага гермафрадытызму, калі сфарміраваны яечнікі, а вонкавыя палавыя органы і другасныя палавыя прыкметы развіваюцца па мужчынскім тыпе. Лячэнне гермафрадытызму: аператыўная змена полу. Дзетанараджэнне немагчыма.
Літ.:
Савченко Н.Е. Гипоспадия и гермафродитизм. Мн., 1974;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВУКІ́, аранеі (Aranei) атрад беспазваночных жывёл кл. павукападобных тыпу членістаногіх. Вядомы з дэвону (каля 400 млн.г. назад). 3 падатр.: ліфістыяморфныя, або членістабрухія (Liphistiomorphae) мігаламорфныя, або П.-птушкаеды (Mygalomorphae), і вышэйшая аранеаморфныя, або двухлёгачныя (Araneomorphae). Больш за 27 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды. Жывуць пераважна на сушы. Вандроўныя не будуюць сховішчаў, аселыя селяцца ў норках і логавах. Пераважна начныя жывёлы. Актыўнасць залежыць ад т-ры і вільготнасці асяроддзя. На Беларусі каля 300 відаў з сям. вадзяных П. (Argironetidae), кругапрадаў (Araneidae), П.-бакаходаў (Thomisidae), П.-скакуноў (Salticidae), П.-цянётнікаў (Theridiidae) трубкавых (Desderidae) і інш.
Даўж. ад 0,7 мм да 11 см. Самкі большыя за самцоў. Афарбоўка разнастайная. Цела складаецца з укрытых шчытком галавагрудзей і брушка, якія злучаны кароткай сцяблінкай. Вачэй 4 пары. Канечнасцей 6 пар (хадзільных ног 4 пары, з іх дапамогай робяць лоўчыя сеткі, яйцавыя коканы). На канцах хеліцэраў адкрываюцца пратокі ядавітых залоз. На брушку бародаўкі (1—4 пары) з адтулінамі павуцінных залоз. Павуціна дыяметрам да 3—7∙10−3мм складаецца з бялку фібраіну; трываласць на разрыў да 260 кг/мм², мае ў сабе бактэрыцыдныя рэчывы. Есць органы дотыку, нюху, слыху. Для П характэрны складаныя паводзіны, некаторым уласцівы канібалізм. Драпежнікі. Кормяцца насякомымі, трапічныя птушкаеды — дробнымі птушкамі, жабамі, яшчаркамі, мышамі. Раздзельнаполыя. Самкі адкладваюць яйцы ў коканы або яйцавыя мяшкі, якія носяць з сабой і ахоўваюць. Гл. таксама Каракурт, Крыжавікі, Птушкаеды, Тарантулы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЦІШЭ́ЎСКІ (Аляксандр Аляксандравіч) (н. 30.11.1933, г. Горкі Магілёўскай вобл.),
бел. гістолаг і эмбрыёлаг. Д-рмед.н. (1986), праф. (1988). Скончыў Мінскі мед.ін-т (1958). З 1960 у гэтым ін-це. Навук. працы па эмбрыялогіі, станаўленні эндакрыннай сістэмы ва ўмовах нормы і пры стрэсавых сітуацыях. Увёў у практыку даследавання эмбрыялагічных эндакрынных залоз чалавека гістахім. метады, электронную мікраскапію, колькасны аналіз.
Тв.:
Надпочечные железы. Мн., 1977;
Гистофизиология органов кроветворения и иммунитета: Учеб. пособие. Мн., 1988 (разам з Н.А.Жарыкавай, В.Л.Жарыкавай);
Даведнік напісання дыягназаў асноўных захворванняў унутраных органаў на беларускай, рускай і лацінскай мовах. Мн., 1994 (у сааўт.).