АНУПРЫЕ́НКА (Сяргей Пятровіч) (н. 20.4.1954, г. Мінск),
бел. філосаф. Канд.філас.н. (1985). Скончыў БДУ (1979). Працуе ў Ін-це філасофіі і права АН Беларусі. Распрацаваў цэласную тэарэтыка-метадалагічную канцэпцыю фарміравання эколагакаштоўнасных поглядаў чалавека ў сучасных умовах, праграму практычных мер па псіхарэабілітацыі насельніцтва, якое жыве на тэр. Беларусі, забруджанай радыенуклідамі. Даследуе праблемы экалагічнай адукацыі, нетрадыцыйных падыходаў у галіне псіхасац. развіцця чалавека.
Тв.:
Экология в системе образования и просвещения Белоруссии: проблемы и перспективы. Мн., 1990;
Социально-культурные аспекты экологических проблем в Беларуси. Мн., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЙЦО́ВАЯ РЫ́БКА (Betta splendens),
сіямскі пеўнік, рыба роду пеўнікаў атр. акунепадобных. Пашырана ў прэсных вадаёмах Паўд.-Усх. Азіі. У Еўропу завезена ў канцы 19 ст. На Беларусі жыве ў акварыумах.
Даўж. 3—8 см. Цела выцягнутае, рознага колеру, пры спалоху і рэзкай змене ўмоў бясколернае. Самцы ярчэйшыя за самак, задзірыстыя, асабліва ў шлюбны перыяд (адсюль назва). У Тайландзе спецыяльна трэніруюць для баёў. Самец будуе гняздо з паветраных бурбалак, у якое пераносіць у роце ікрынкі. Лічынкі ахоўвае. Выведзена шмат парод для акварыумаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АШЧУ́ПНІКІ (Pselaphidae),
сямейства жукоў падатр. разнаедных. У сусв. фауне больш за 4 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі найб. вядомы жоўты бязвочка (Claviger testaceus), які жыве ў гнёздах жоўтых мурашак.
Даўж. 0,8—6 мм. Звычайна бурай або рыжай, радзей чорнай афарбоўкі. Надкрылы вельмі ўкарочаныя, 5—8 нерухомых членікаў брушка голыя. Жывуць у лясным подсціле, пад карой дрэў, камянямі, у пнях, пячорах, многія ў мурашніках. Кормяцца дробнымі беспазваночнымі. Выдзяленні асобных залоз прывабліваюць мурашак, якія кормяць ашчупнікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКСЁНАЎ (Васіль Паўлавіч) (н. 20.8.1932, Казань),
рускі пісьменнік. Сын А.С.Гінзбург. Скончыў Ленінградскі мед.ін-т (1956). З 1980 жыве за мяжой. На пач.літ. творчасці перавагу аддаваў творам пра жыццё моладзі, напісаным у жанры т.зв. «спавядальнай» прозы — аповесць «Калегі» (1960, аднайм. фільм 1963), раман «Зорны білет» (1961), зб-кі «Катапульта» (1964), «На паўдарозе да Месяца» (1966). Аўтар сатыр.-фантаст. аповесці «Затавараная бачкатара» (1968), раманаў «Пошукі жанру» (1978), «Апёк» (1980), «Востраў Крым» (1981), кнігі пра Амерыку «У пошуках сумнага бэбі» (1986).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРЭ́ЦА (Валянцін Іванавіч) (н. 5.3.1938, пас. Выпалзава Цвярской вобл., Расія),
бел. мастак. Скончыў Харкаўскі маст.ін-т (1966) і да 1978 выкладаў у ім. З 1985 жыве і працуе на Беларусі. Асн. творы: жывапісныя «Зямля» (1966), «Летам» (1968), «Раніца» (1969), «Памяці Вавілава» (1988), «Бег» і «Мелодыя» (1989), «Стыхія» (1990), «Украінскі трыптых» (1991), «Місія» (1992); манум. размалёўкі «Сям’я» (1971), «Вызваленне» (1973), «Юнацтва» (1975), «Золата» (1976); графічныя «Рамантыкі» (1969), серыя «Гістарычныя асобы Беларусі» (1993—96, разам з Л.Варэца) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІ́НТУХ (Columna oenas),
птушка сям. галубіных атр. голубападобных. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн.-Зах. Афрыцы. На Беларусі пералётны від; сустракаецца ўсюды, найб. на Палессі. Жыве пераважна ў старых лісцевых і мяшаных увільготненых лясах; чароды трапляюцца на лугах, палях, выганах.
Даўж. да 33 см, маса да 340 г. Апярэнне шаравата-шызае, шыя і валлё з метал. бляскам, дзюба белая або жаўтаватая. Корміцца насеннем травяністых раслін. Гняздуецца ў дуплах, зрэдку на галінах асіны, вольхі, дуба, ліпы, хвоі. Нясе 2 яйцы (двойчы за год).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІЧЫ́НКА (лац. larva),
постэмбрыянальная стадыя індывідуальнага развіцця арганізмаў, у якіх запасаў пажыўных рэчываў у яйцы недастаткова для завяршэння марфагенезу. Характэрна для многіх беспазваночных і некат. пазваночных (рыбы, земнаводныя). Жыве самастойна, актыўна корміцца, расце і (у беспазваночных) перыядычна перажывае лінькі. Можа мець органы, якіх няма ў дарослай формы і не мець тых органаў, што характэрны для імага. Найб. характэрныя формы Л. — апалонік, вусень, маляўка, наўпліус, трахафора. Працягласць стадыі Л. ад 1 месяца (матылі, мухі) да 2—3 гадоў (хрушч майскі). Гл. таксама Метамарфоза, Неатэнія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯСУ́Н, лесавік,
вобраз у старадаўніх павер’ях беларусаў; гаспадар лесу і звяроў, які жыве ў лясных нетрах. Яго ўяўлялі ў выглядзе вялізнага (у рост дрэва) старога чалавека з белым, як бяроста, тварам, з вял. вачыма, у звярынай шкуры. Л. мог, нібыта, паказваць грыбныя і ягадныя мясціны, наганяць у бок паляўнічага звяроў і птушак, выбіраць бортнікам месца для ўстаноўкі калод, а таксама наганяць на чалавека страху, прымусіць яго блукаць на адным месцы. Вобраз Л. страціў рэліг. значэнне ў пач. 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВА́ГІ (Eleginus),
род рыб сям. трасковых. 2 віды: Н. паўночная (E. navaga) і Н. далёкаўсходняя, або вахня (E. gracilis). Пашыраны ў морах Паўн. Ледавітага ак. (ад Белага м. да Обскай губы) і паўн.ч. Ціхага акіяна. Жыве каля берагоў, заходзіць у вусці рэк.
Даўж. да 50 см, маса да 700 г. Спінных плаўнікоў 3, анальных 2. Верхняя сківіца даўжэйшая за ніжнюю. Характэрны для Н. ўздутыя папярочныя адросткі пазванкоў (парапофізы). Корміцца планктонам, бентасам, моладдзю рыб. Аб’ект промыслу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЦЭ́ЛІЙ (ад грэч. mykēs грыб),
грыбніца, вегетатыўнае цела грыба (талом), якое складаецца з тонкіх галінастых нітак — гіфаў. Развіваецца ўнутры (радзей на паверхні) субстрата, дзе жыве грыб. Праз М. асматычным шляхам з субстрату паглынаюцца пажыўныя рэчывы. У хітрыдыевых грыбоў, зігаміцэтаў і ааміцэтаў М. няклетачны і з’яўляецца адной клеткай, якая дасягае ў некат. грыбоў (напр., у мукора) некалькіх Дзесяткаў сантыметраў. У аскаміцэтаў, базідыяльных і недасканалых грыбоў М. клетачны. Часткамі М. ажыццяўляецца вегетатыўнае размнажэнне грыбоў, на ім утвараюцца рэпрадуктыўныя органы і пладовыя целы.