СВІДРАВА́ЛЬНЫ СТАНО́К,

станок для свідравання адтулін у метал. і неметал. загатоўках.

Асн. характарыстыкі С.с. — найб. ўмоўны дыяметр свідравання, памеры конуса шпіндэля, вылет шпіндэля, найменшая і найб. адлегласць ад тарца шпіндаля да стала і да фундаментнай пліты. Тыпы універсальных С.с. у металаапрацоўцы: настольна-свідравальныя (аднашпіндэльныя), вертыкальна-свідравальныя (аднашпіндэльныя), радыяльна-свідравальныя, мнагашпіндэльныя, С.с. для глыбокага свідравання. Канструкцыі С.с. для дрэваапрацоўкі — свідравальна-пазавальныя і свідравальна-даўбёжныя (гл. Даўбёжны станок). Выкарыстоўваецца таксама для чыставой апрацоўкі (зенкеравання, разгортвання) адтулін, для наразання ўнутр. разьбы, для зенкавання паверхняў.

На Беларусі вертыкальна- і настольна-свідравальныя станкі вырабляе Маладзечанскі станкабудаўнічы завод.

т. 14, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДАПТА́ЦЫЯ тэксту, скарачэнне і спрашчэнне друкаванага тэксту. Найчасцей адаптуюць літ. творы для пач. чытання (кнігі для дзяцей і інш.), а таксама іншамоўныя тэксты, прызначаныя для вывучэння мовы.

т. 1, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТАДРО́М (ад аўта... + грэч. dromos месца для бегу),

тэрыторыя з комплексам дарог і збудаванняў для выпрабавання аўтамабіляў і правядзення аўтаспаборніцтваў. Тэр. для спарт. спаборніцтваў і выпрабаванняў аўтамабіляў і матацыклаў наз. аўтамотадромам. Адзін з першых аўтадромаў (трэкаў) пабудаваны ў Англіі — Бруклінскі (1906).

Аўтадром складаецца з замкнёнай (асноўнай) дарогі і дапаможных дарог. Замкнёная дарога (трэк) мае бетоннае пакрыццё і нахіл на віражах, што дае магчымасць развіваць макс. скорасць. Дапаможныя дарогі маюць розныя тыпы пакрыццяў: асфальтабетонныя, гравійныя, грунтавыя, на асобных участках з калдобінамі, крутымі пад’ёмамі і з’ездамі, рабрыстымі бетоннымі пакрыццямі і інш. перашкодамі для выпрабавання аўтамабіляў на трываласць, надзейнасць, устойлівасць. У склад аўтадрома ўваходзяць таксама трыбуны для гледачоў, пляцоўкі для спаборніцтваў, гаражы, памяшканні для тэхн. абслугоўвання машын, метэаралагічная станцыя і інш.

т. 2, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭПЕЛЕ́НТЫ [ад лац. repellens (repelentis) які адпіхвае, адганяе],

хімічныя прэпараты або рэчывы з групы пестыцыдаў для адпужвання насякомых, кляшчоў, птушак, грызуноў, для абароны людзей і жывёлы ад нападу насякомых крывасмокаў, аховы с.-г. раслін і насення ад шкоднікаў.

У якасці Р. супраць насякомых (камароў, сляпнёў, мошкі і інш.) выкарыстоўваюць кампазіцыі N,N-дыэтыл-м-талуаміду (ДЭТА) і дыметылфталату з інш. Р. (напр., 2-этылгександыол-1,3, эфірныя алеі), якія вырабляюць у выглядзе ласьёнаў, крэмаў, аэразолей. Для адпужвання кляшчоў адзенне прамочваюць бензілбензаатам, N-бутылацэтанілідам. Для аховы насення ад птушак у пратравы дадаюць меркаптадыметур ці аксалат медзі, для абароны раслін ад зайцоў, аленяў і інш. у пасты для абмазкі ствалоў або ў прэпараты для апырсквання — тэтраметылтыурамдысульфід (ТМТД), каніфоль, дыцыклапентадыен і інш.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 14, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПАРЭ́ЛЬ (ад франц. appareil уезд),

1) пакаты спуск у акопах і ўкрыццях для ўезду (выезду) ваен. тэхнікі. У крэпасцях апарэль рабілі для ўсцягвання гармат на ўзвышшы.

2) Пакаты насып (часам рухомая платформа) для пагрузкі тэхнікі (жывёлы) на чыг. транспарт або пераправачныя сродкі.

3) Прыстасаванне ў насавой частцы карабля для сходу асабовага складу і ваен. тэхнікі на бераг.

4) Нахіленая пліта для ўезду (праезду) да ўзвышаных будынкаў і інш. (гл. таксама Пандус).

Апарэль.

т. 1, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАНШЭ́Т (франц. planchette літар. дошчачка),

1) плоская драўляная дошка квадратнай формы з прыстасаваннем для замацавання яе на трынозе. Уваходзіць у камплект інструментаў для палявых тапагр. здымкаў.

2) Спец. ўстройства на камандных пунктах ППА, ВПС, ВМФ і інш., для адлюстравання паветр. (марскога) становішча; можа быць механізаваны або аўтаматызаваны.

3) Дошка (драўляная або метал.), на якой замацавана геагр. карта (ліст паперы для чарчэння) з сеткай ізаліній (сеткай каардынат Гаўса) для графічных пабудоў і вылічэнняў.

т. 12, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́НКЕР (англ. bunker),

1) ёмістасць (стацыянарная ці перасоўная) для часовага захоўвання збожжа, вугалю ці якіх-н. іншых сыпкіх рэчываў і матэрыялаў. Ніжняя частка бункера служыць для самацёчнай разгрузкі, абсталявана засаўкамі і прыстасаваннямі для рэгулявання выпуску матэрыялу.

2) Бункер суднавы — памяшканне на судне для захоўвання паліва.

3) Бетанаванае сховішча, даўгачаснае фартыфікацыйнае збудаванне.

т. 3, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРМУ́ШКА,

абсталяванне для скормлівання кармоў с.-г. жывёлам і птушкам. Умяшчае макс. разавую порцыю кармоў, забяспечвае гігіенічныя ўмовы кармлення, зручная для загрузкі кармоў, ачысткі і дэзінфекцыі.

Бываюць стацыянарныя, паўстацыянарныя (пад’ёмныя), пераносныя, перасоўныя і аўтам. (аўтакармушкі). Выкарыстоўваюць таксама К.-транспарцёры, кармавыя карыты, К. камбінаваныя, індывідуальныя і групавыя. Для буйн. раг. жывёлы найчасцей выкарыстоўваюць стацыянарныя К. з адна- і двухбаковым падыходам, на даільных устаноўках — індывідуальныя для канцэнтраванага корму, для свіней — адна- і двухбаковыя, у якіх задні борт вышэйшы за пярэдні, для курэй — аўтакармушкі бункернага тыпу і жалабковыя.

Кармушкі: а — кармушка-транспарцёр (1 — стужка, 2 — ланцуг); б — аўтакармушка (1 — карыта, 2 — бункер з кормам, 3 — размеркавальны конус); в — аўтакармушка з сістэмай распазнавання жывёл (1 — камбікорм, 2 — станцыя кіравання, 3 — антэна, 4 — датчык, 5 — шнэкавы дазатар); г, д — паваротная і спараная кармушкі для свіней, е — бункерная аўтакармушка для курэй (1 — конусны бункер, 2 — кормаправод, 3 — кармавая чаша).

т. 8, с. 78

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІТВІНО́ЎСКІ (Аляксандр Фёдаравіч) (н. 1.5.1962, Мінск),

бел. кампазітар. Скончыў Бел. кансерваторыю (1987, клас Дз.Смольскага). З 1987 рэдактар муз. вяшчання Бел. тэлерадыёкампаніі. Для яго творчасці характэрны цікавасць да бел. тэматыкі, жанравая вынаходлівасць, полістылістыка. Сярод твораў: містэрыя «Францыск» для баса і аркестра (1990; тэкст прадмоў і каментарыяў Ф.​Скарыны да «Бібліі»), Грыгарыянская меса (Missa ordinarium, 1994), кантаты «Вяселле» (1987) і «Зборная суботка» (1988) на нар. словы, «Да Маці Божай» (1996), «Stabat Mater» (1997), «Песні на Божае нараджэнне» (1998); сімфонія (1986), сімф. фрэска «Крэва» (1987), «Concertino barocco» для стр. аркестра (1988), п’есы «Zbieg» для флейты, габоя, віяланчэлі і фп., «Wir» для 4 валторнаў, «Пастараль» і «U1» для стр. квінтэта, сюіта «Intavolatura» для гітары; «Filix» для флейты і гітары; цыклы рамансаў на вершы Я.​Купалы, А.​Пушкіна, С.​Ясеніна і інш.; электронныя кампазіцыі; апрацоўкі зборніка інстр. музыкі 17 ст. «Віленскія табулатуры» (1991).

Р.​М.​Аладава.

т. 9, с. 314

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАДАСПУ́СК,

напорнае гідратэхнічнае збудаванне з вежай, у якой зроблены адтуліны для зліву вады. Размяшчаецца ў целе бетоннай плаціны, у асновах грунтавых плацін або ў берагах (тунэльны вадаспуск). Прызначаны для рэгулявання ўзроўню вады ў вадаёмах, спуску вадасховішчаў, прамывання донных наносаў, а таксама для пропуску вады ў ніжні б’еф. Забяспечваецца засаўкамі для рэгулявання расходу вады.

т. 3, с. 435

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)