БЕЛАПЯТРО́ВІЧ Ежы (1740 — 16.3.1812),

дзяржаўны дзеяч ВКЛ. Лідскі стражнік (1764), лоўчы (1771), навагрудскі гродскі суддзя (1780), пісар вайсковы літоўскі (1783—87), чл. Пастаяннай рады (1780—84), удзельнічаў у рабоце дэпартамента справядлівасці. У час паўстання 1794 зачытаў на гар. рынку ў Вільні акт аб пачатку паўстання ў ВКЛ. Сябар Вышэйшай літоўскай рады ў Вільні, суддзя крымінальны літоўскі. З утварэннем Цэнтральнай дэпутацыі Вялікага княства Літоўскага кіраўнік аддзела вайск. патрэб. За справядлівасць, самаадданае выкананне грамадскіх і службовых абавязкаў яго назвалі «літоўскім Арыстыдам». Увекавечаны ў паэме А.​Міцкевіча «Пан Тадэвуш».

т. 2, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭМІРЭ́ЛЬ (Demirel) Сулейман (н. 1.11.1924, Іслямкёй, пав. Іспарта, Турцыя),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Турцыі. Скончыў Стамбульскі тэхн. ун-т (1949). У 1964—80 ген. старшыня Партыі справядлівасці. У 1965—71, 1975—77 (з перапынкамі), 1979—80 і ў 1991—93 прэм’ер-міністр Турцыі. Пасля ваен. перавароту 1980 двойчы інтэрніраваны (1980, 1983), апынуўся ў групе палітыкаў, якім была забаронена любая паліт. дзейнасць. Пасля вяртання ў 1983 да парламенцкага праўлення адзін са стваральнікаў, з 1987 ген. старшыня Партыі правільнага шляху (правапераемніцы Партыі справядлівасці). З 1993 прэзідэнт Турцыі.

т. 6, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАБЕ́ЛА Васіль Сцяпанавіч (20.5.1901, в. Кішчына Слабада Барысаўскага р-на Мінскай вобл. — 4.12.1949),

дзяржаўны дзеяч БССР. Скончыў Бел. політэхн. ін-т (1935). У 1922—24 у Чырв. Арміі, пасля на сав. і парт. рабоце. У 1938—45 нарком, з сак. 1949 міністр камунальнай гаспадаркі БССР. У 1945—49 нам. старшыні СМ БССР. У Вял. Айч. вайну ўдзельнічаў у арганізацыі партыз. руху на Беларусі, чл. Мінскага падп. абкома КП(б)Б. Дэп. Вярх. Савета БССР з 1947. Канд. у чл. ЦК КП(б)Б у 1949.

т. 6, с. 487

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХА́РАЎ Іван Антонавіч (18.9.1898, в. Сямёнаўка Маскоўскай вобл., Расія — 19.3.1944),

дзяржаўны дзеяч БССР. Скончыў Прамакадэмію лёгкай прам-сці СССР (1937). Удзельнік грамадз. вайны. З 1926 на парт. і гасп. рабоце ў Маскоўскай вобл. З 1937 у Віцебску: дырэктар ільнопрадзільнай ф-кі, старшыня гарвыканкома. З крас. 1938 нам. старшыні СНК БССР. У Вял. Айч. вайну выконваў даручэнні ЦК КП(б)Б і БШПР па кіраўніцтве партыз. рухам у Беларусі. Канд. у чл. ЦК КП(б)Б у 1938—40, чл. ЦК КП(б)Б з 1940. Дэп. Вярх. Савета БССР з 1938.

т. 7, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСАКО́ЎСКІ Шыман Марцін (1741, в. Шылы Ковенскага пав., Літва — 25.4.1794),

дзяржаўны дзеяч ВКЛ. Брат Ю.Касакоўскага. У 1767 як сакратар дэлегацыі ад Радамскай канфедэрацыі выязджаў у Маскву для пошуку падтрымкі ў барацьбе супраць рэформ у Рэчы Паспалітай. Адзін з кіраўнікоў Барскай канфедэрацыі. Пасля разгрому яе змяніў паліт. арыентацыю на карысць Расіі. Ў 1792 пасля абвяшчэння Таргавіцкай канфедэрацыі прымаў удзел у ваенных дзеяннях Расіі супраць Рэчы Паспалітай. Пасля захопу Вільні прызначыў сябе польным гетманам ВКЛ. Адстойваў аўтаномію ВКЛ у складзе Рэчы Паспалітай. У час паўстання 1794 прылюдна павешаны паўстаўшымі ў Вільні.

т. 8, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕ́ЛАГ (Kellogg) Фрэнк Білінгс (22.12.1856, г. Патсдам, ЗША — 21.12.1937),

дзяржаўны дзеяч ЗША, дыпламат. Чл. Рэсп. партыі. У 1877—1904 адвакат, кансультант шэрагу карпарацый на ПнЗ ЗША. У 1904—12 спец. саветнік па антытрэстаўскіх справах пры ген. пракурору. З 1912 старшыня Амер. асацыяцыі адвакатаў. У 1917—23 чл. сената ЗША (выступаў за ўступленне ЗША у Лігу Нацый), у 1924—25 пасол ЗША у Вялікабрытаніі. У 1925—29 дзяржсакратар ЗША, адзін з ініцыятараў заключэння Келага—Брыяна пакта 1928. У 1930—35 чл. Міжнар. суда ў Гаазе. Нобелеўская прэмія міру 1929.

Ф.Келаг.

т. 8, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕ́НЭДЗІ (Kennedy) Роберт Фрэнсіс (20.11.1925, г. Бруклайн, ЗША — 6.6.1968),

дзяржаўны і паліт. дзеяч ЗША. Брат Дж.Ф.Кенэдзі. Па адукацыі юрыст. У 1953—60 юрыд. саветнік сенацкіх камісій, у т. л. ў 1953—54 пастаяннага падкамітэта па расследаваннях на чале з Дж.Р.Макарці. У 1961—64 міністр юстыцыі (ген. пракурор), падтрымліваў рух за грамадз. правы негрыцянскага насельніцтва, спрыяў прыняццю ў 1964 закона аб грамадз. правах. У 1964—68 сенатар ад штата Нью-Йорк. У 1968 абвясціў пра намер дамагацца вылучэння сваёй кандыдатуры на пасаду прэзідэнта ЗША ад Дэмакр. партыі. Забіты ў час перадвыбарчай кампаніі.

т. 8, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ЙВІСТА (Koivisto) Маўна Генрык (н. 25.11.1923, г. Турку, Фінляндыя),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Фінляндыі. Скончыў ун-т у Турку. Д-р філасофіі. Чл. С.-д. партыі Фінляндыі (з 1947). У 1958—67 адзін з кіраўнікоў Хельсінкскага рабочага ашчаднага банка, у 1968—82 ген. дырэктар і старшыня праўлення Паштовага банка Фінляндыі, старшыня праўлення каап. аб’яднання «Эланта». У 1966—67 міністр фінансаў, у 1972 — нам. прэм’ер-міністра і міністр фінансаў, у 1968—70 і 1979—82 прэм’ер-міністр. У 1982—94 прэзідэнт Фінляндыі.

Тв.:

Рус. пер. — Вехи пути. М., 1987.

т. 8, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ХАНАЎ Піліп Лаўрэнцьевіч (н. 9.10.1911, в. Мілаславічы Клімавіцкага р-на Магілёўскай вобл.),

дзяржаўны дзеяч Беларусі. Скончыў Бел. ін-т нар. гаспадаркі (1936). З 1935 у апараце Наркамфіна БССР: інспектар, нам. начальніка, нач. бюджэтнага ўпраўлення. З 1946 нам. міністра, у 1951—65 міністр фінансаў БССР. У 1965—78 старшыня Дзяржплана БССР і нам. старшыні СМ БССР. Чл. ЦК КПБ у 1952—81. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1951—67, Вярх. Савета СССР у 1966—79, нам. старшыні планава-бюджэтнай камісіі Савета Нацыянальнасцей Вярх. Савета СССР у 1970—79.

т. 8, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЎРАКАРДА́ТАС (Maurokardatos) Аляксандрас (11.12.1791, г. Стамбул, Турцыя — 18.8.1865),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Грэцыі; адзін з кіраўнікоў Грэчаскай нацыянальна-вызваленчай рэвалюцыі 1821—29. У студз. 1822 прэзідэнт Нац. сходу ў Эпідаўры, які абвясціў незалежнасць Грэцыі і выбраў М. яе прэзідэнтам (1822—23). Імкнуўся цэнтралізаваць кіраванне краінай, арыентаваўся на Вялікабрытанію. У сувязі з абвастрэннем супярэчнасцей паміж кіраўнікамі паўстання адмовіўся ад пасады прэзідэнта. У 1827—31 быў у апазіцыі да І.Кападыстрыі. Пры каралю Атоне I займаў урадавыя і дыпламат. пасады, у 1844 і 1854—55 прэм’ер-міністр.

т. 10, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)