КАСМАДРО́М (ад космас + грэч. dromos бег, месца для бегу), ракетадром,
комплекс збудаванняў, тэхн. сродкаў і зямельных участкаў для зборкі, падрыхтоўкі і запуску касмічных апаратаў.
У склад К. ўваходзяць: тэхнічны (ТК), стартавы (СК), камандна-вымяральны (КВК) комплексы, комплекс сродкаў пошуку і выратавання, жыллёвы комплекс, дапаможныя службы. ТК забяспечвае прыём з заводаў-вытворцаў ступеней ракет-носьбітаў і касмічных апаратаў, іх захоўванне, зборку, выпрабаванне вузлоў і агрэгатаў ракетна-касм. сістэм (РКС). СК служыць для ўстаноўкі РКС на пускавую пляцоўку, запраўкі кампанентамі паліва і акісляльніку, кантрольных выпрабаванняў і пуску. Перадстартавую падрыхтоўку, функцыянаванне РКС пры вывядзенні касм. апаратаў на арбіту, вызначэнне элементаў траекторыі палёту кантралюе КВК (складаецца з наземных станцый сачэння і марскіх суднаў уздоўж трасы палёту). Функцыі комплексу сродкаў пошуку і выратавання — дапамога пры аварыі на К. ці пры вывядзенні на арбіту касм. апаратаў, эвакуацыя касм. аб’ектаў і іх экіпажаў пасля вяртання на Зямлю. Сучасныя К. займаюць вял. тэрыторыі з трансп. і інж. камунікацыямі, лініямі сувязі і электраперадач, вял. колькасцю абслуговага персаналу. Касм. апараты запускаюцца з К. Байканур (Казахстан), Плясецк (Расія), Усх. выпрабавальнага палігона на мысе Канаверал, Зах. выпрабавальнага палігона (ЗША), Січан (Кітай), Танегасіма (Японія), Куру (Францыя), Сан-Марка (Італія, адзіны ў свеце К. на вадзе) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРДЫЯЛО́ГІЯ (ад кардыя... + ...логія),
раздзел медыцыны, які вывучае сардэчна-сасудзістую сістэму чалавека, яе хваробы, іх прафілактыку, дыягностыку і лячэнне.
Асобныя звесткі пра будову сардэчна-сасудзістай сістэмы чалавека вядомы са старажытнасці. Схему кровазвароту распрацаваў рымскі ўрач К.Гален (2 ст.), якая толькі ў 1628 была абвергнута англ. вучоным У.Гарвеем. У 17—19 ст. апісаны каранарны кровазварот, асобныя заганы сэрца, грудная жаба. У 19 ст. ўклад у даследаванне сардэчна-сасудзістай сістэмы зрабілі чэш. фізіёлаг Я.Пуркіне, ням. ўрач В.Гіс, англ. вучоныя А.Кіс і М.Флэк; у Расіі — І.М.Сечанаў, І.Ф.Цыён, А.Б.Фохт, І.П.Паўлаў, В.Я.Данілеўскі, Л.А.Арбелі, К.М.Быкаў і інш. У самаст. раздзел унутр. хвароб К. вылучылася ў пач. 20 ст.
На Беларусі станаўленне К. адносіцца да 1977, калі створаны Бел.НДІ кардыялогіі. Навук. працы вядуцца таксама ў Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў, мед. ін-тах. Уклад у і развіццё К. зрабілі Г.І.Сідарэнка, У.В.Гарбачоў, М.Ф.Волкаў, Я.Б.Бардзін, А.Г.Даўгяла і інш. Вывучаюцца пытанні эпідэміялогіі сардэчна-сасудзістых захворванняў. Распрацаваны эфектыўныя метады прафілактыкі, лячэння і рэабілітацыі хворых на гіпертанічную хваробу і ішэмічную хваробу сэрца, новыя віды аперацый на сэрцы і сасудах, створаны штучны клапан сэрца, прэпараты з кардыялагічным дзеяннем. Дапамога хворым аказваецца ў Мінскім і абл. кардыялагічных дыспансерах, кабінетах і стацыянарах, аддзяленнях рэабілітацыі ў санаторыях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́НТАСА ПАЎСТА́ННЕ,
узброеная барацьба старажытных прусаў у 1260—73 пад кіраўніцтвам князя племя натангаў Геркуса Мантаса супраць Тэўтонскага ордэна. Першае паўстанне 1243, нягледзячы на падтрымку яго Міндоўгам і войскамі ВКЛ, было безвыніковым. Штуршком для новага выступлення прусаў стала паражэнне ў 1260 крыжакоў у бітве каля воз. Дурбе (цяпер Латвія). 22.1.1261 войска Мантаса нанесла паражэнне крыжакам каля Пакарбена, аднак двухгадовая аблога замка Кёнігсберг (засн. у 1255) поспеху не мела. Апошняй буйной перамогай Мантаса была бітва пад Любавай (1263). Дапамога крыжакам з ням. зямель, гал. чынам з Брандэнбурга, змяніла суадносіны сіл. У 1273 войска Мантаса было разбіта, а ён сам узяты ў палон і павешаны. У 1275 узята апошняе ўмацаванне прусаў Каменівіке (у раёне сучаснага г. Чарняхоўск у Калінінградскай вобл. Расіі). Прусы масава сыходзілі ў Жамойць, Літву, слав. землі, у т. л. сяліліся каля Гродна, Слоніма (у 1283 ад’ехаў са сваімі воінамі апошні князь Скурда). Лаўрэнцьеўскі летапіс 1276 і інш. тагачасныя крыніцы адзначаюць мужнасць прусаў у дружынах князёў ВКЛ, у т. л. ў Гродне, Слоніме і інш. гарадах. М.п. і наступная барацьба прусаў адыгралі важную ролю ў супраціўленні крыжовым паходам супраць славян і балтаў у 12—15 ст.
Літ.:
Восточная Пруссия: С древн. времен до конца второй мировой войны: Ист. очерк. Калининград, 1996;
Насевіч В.Л. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: Падзеі і асобы. Мн., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́РСКІ БОЙ 1812.
Адбыўся 9—10 ліп. каля мяст. Мір (цяпер г.п. Мір Гродзенскай вобл.) паміж рас. казацкім корпусам ген. М.І.Платава і дывізіяй польскіх уланаў ген. А.Ражнецкага са складу напалеонаўскіх войск у час вайны 1812. Адступаючы з Ваўкавыска на Нясвіж, камандуючы 2-й Зах. арміі ген. П.І.Баграціён загадаў Платаву затрымаць ворага на 2 дні каля Міра. У склад рас. корпуса ўваходзілі 3 казацкія брыгады (5 тыс.чал.). Дывізія ген. Ражнецкага налічвала 6 палкоў. За 3 вярсты ад Міра па дарозе на Карэлічы была падрыхтавана засада, з Міра іх павінен быў падтрымаць полк Сысоева. 9 ліп. 3 палкі польскай дывізіі пад камандаваннем ген. К.Турно пачалі атаку на Мір, але былі контратакаваны казакамі з засады, якіх падтрымалі інш. палкі корпуса Платава. У ноч на 10 ліп. да Платава падышоў атрад І.В.Васільчыкава (16 эскадронаў). Платаў пакінуў у Міры 3 казацкія палкі, а з астатнімі пачаў адступленне на Нясвіж. Раніцай 10 ліп. дывізія Ражнецкага размясцілася каля Міра і пачала дзеянні супраць часцей Васільчыкава. Спачатку праціўнік пацясніў рускіх, але з падыходам брыгады Д.Е.Куцейнікава палякі адступілі да Міра, дзе іх чакала дапамога ў складзе коннай брыгады ген. Т.Тышкевіча і артыл. брыгады. Пасля бою корпус ген. Платава адышоў да Нясвіжа і 12 ліп. далучыўся да гал. сіл 2-й Зах. арміі. М.б. даў магчымасць 2-й Зах. арміі адарвацца ад праследавання і праз Слуцк і Бабруйск рушыць на злучэнне з 1-й Зах. арміяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАЛАВЕ́ЧНАСЦЬ, гуманнасць,
маральна-псіхалагічная якасць, што характарызуе добразычлівыя і бескарыслівыя адносіны да людзей, адпаведнасць думак, пачуццяў і дзеянняў чалавека лепшым бакам яго сацыяпрыроднай сутнасці. Праяўляецца ў павазе да годнасці асобы, справядлівасці ў дзеяннях і ацэнках, самаахвярнасці ва ўчынках, міласэрнасці, спагадлівасці, праўдзівасці, шчырасці. Прадугледжвае таксама любоў да працы, прыроды, да ўсяго прыгожага ў дзеяннях чалавека, што надае яму высакароднасць, павагу інш. людзей. Адна з вышэйшых каштоўнасцей чалавека — любоў да Айчыны і да свайго народа. У паняцце «4.» уваходзіць таксама непрыманне любых праяў зла і насілля, жорсткасці, несправядлівасці і здрадніцтва.
Ч. грунтуецца на нормах маралі, сфармуляваных у розных этычных вучэннях і замацаваных шматгадовай жыццёвай практыкай. І.Кант вылучаў спец. этычныя катэгорыі, якія характарызуюць Ч. як высокую маральнасць, звязаную з практычным розумам (дапамога людзям, садзейнічанне іх шчасцю, адмаўленне ад хлусні, рабалепства, зайздрасці, пагарды і да т.п.). В.Р.Бялінскі лічыў Ч. вышэйшай дабрачыннасцю, бо «без яе чалавек ёсць толькі жывёліна». Праблему Ч. ў 20 ст. разглядалі А.Камю, Ж.П.Сартр, Э.Фром, З.Фрэйд і інш.
Прынцыпы Ч., агульнага дабра і гуманізму адстойвалі ў сваёй творчасці Ф.Скарына, С.Будны, А.Доўгірд, Я.Даманеўскі, Ф.Багушэвіч, Я.Лучына, Я.Колас, Я.Купала і інш.бел. мысліцелі і асветнікі. Гл. таксама Гуманізм, Дабро і зло.
Літ.:
Фромм Э. Человек для себя: Иметь или быть?: Пер. с англ.Мн., 1997;
Скарына Ф. Творы. Мн., 1990;
О человеческом в человеке: [Сб.] М., 1991;
Бердяев Н.А. О назначении человека. М., 1993;
Кант И. Основы метафизики нравственности: Пер. с нем. М., 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САВЕ́ЦКА-ПО́ЛЬСКАЕ ПАГАДНЕ́ННЕ 1941, пагадненне Сікорскага — Майскага,
падпісана 30 ліп. ў Лондане ў 2-ю сусв. вайну паслом СССР у Вялікабрытаніі І.М.Майскім і кіраўніком польскага ўрада ў эміграцыіген. У.Сікорскім. Спыніла польска-сав. канфлікт, які пачаўся пасля ўступлення 17.9.1939 Чырв. Арміі ва Усх. Польшчу (Зах. Беларусь і Зах. Украіну) у пач. 2-й сусв. вайны, калі Польшча абаранялася ад нападу фаш. Германіі. Урад Сікорскага з ліст. 1939 лічыў Польшчу ў стане вайны з СССР, да нападу Германіі на СССР (22.6.1941) афіц. польска-сав. кантакты адсутнічалі. Перагаворы пачаліся 5.7.1941 у Лондане пры пасрэдніцтве міністра замежных спраў Вялікабрытаніі Э.Ідэна. Яны выявілі рознагалоссі бакоў адносна міждзярж. граніцы. Але пад націскам брыт. ўрада, зацікаўленага ў супрацоўніцтве з СССР у барацьбе з Германіяй, Сікорскі згадзіўся на кампрамісны тэкст пагаднення, не закранаючы ў ім пытання аб граніцы. Пагадненне складалася з 5 пунктаў: сав.-герм. дагаворы 1939, што датычыліся тэр. змен у Польшчы, прызнаваліся страціўшымі сілу; аднаўляліся двухбаковыя дыпламат. адносіны; прадугледжвалася ўзаемная дапамога ў вайне супраць Германіі; урад СССР даваў згоду на стварэнне на сваёй тэр. польскай арміі; прадугледжвалася неадкладнае, без ратыфікацыі, уступленне пагаднення ў сілу. 14.8.1941 у Маскве падпісаны спец. ваенны дагавор, які рэгуляваў пытанні стварэння польскай арміі. Да вясны 1942 у СССР сфарміравана польская Андэрса армія. С.-п.п. 1941 страціла сілу ў момант разрыву ўрадам СССР адносін з польскім урадам (25.4.1943) у адказ на патрабаванне апошняга высветліць абставіны Катыньскага расстрэлу 1940 (гл.Катынь).
Літ.:
Документы и материалы по истории советско-польских отношений. М., 1973. Т. 7. С 198, 201—202, 207—208, 217—218;
Układ Sikorski—Majski: Wybór dokumentów. Warszawa, 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЦЫЯЛЬНАЯ АБАРОНА НАСЕЛЬНІЦТВА
Сацыяльная абарона як састаўная частка сац. палітыкі Рэспублікі Беларусь накіравана на развіццё сац. сферы грамадства, задавальненне інтарэсаў і патрэбнасцей розных груп насельніцтва, паляпшэнне ўмоў жыцця і працы, забеспячэнне належнага ўзроўню аховы здароўя, адукацыі і выхавання людзей, скарачэнне беднасці і сац. няроўнасці, развіццё чалавечага патэнцыялу. Яна прадугледжвае комплекс мер па матэрыяльнай падтрымцы самых слабых і малазабяспечаных груп насельніцтва, сац. абароне інвалідаў, ветэранаў, пажылых людзей, беспрацоўных, сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей, пенсіённым забеспячэнні, сац. абслугоўванні грамадзян, сац. страхаванні, удасканаленні прац. адносін.
Асн. нарматыўнымі актамі, якія рэгулююць адносіны ў сферы сац. абароны насельніцтва, з’яўляюцца Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, законы «Аб сацыяльнай абароне інвалідаў у Рэспубліцы Беларусь» (1991, у рэд. ад 14.7.2000), «Аб сацыяльнай абароне грамадзян, якія пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС» (1991), «Аб ветэранах» (1992, у рэд. ад 12.7.2001), «Аб пенсіённым забеспячэнні» (1992, са зменамі ў 1998), «Аб папярэджанні інваліднасці і рэабілітацыі інвалідаў» (1994), «Аб дзяржаўнай дапамозе сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей» (1992, у рэд. ад 19.3.2002), «Аб асновах дзяржаўнага сацыяльнага страхавання» (1995), «Аб сацыяльным абслугоўванні» (2000) і інш. Пытаннямі рэалізацыі дзярж. палітыкі ў галіне сац. абароны, павышэння эфектыўнасці прафес.сац. работы з рознымі катэгорыямі насельніцтва, забеспячэння сац. гарантый грамадзян непасрэдна займаюцца Мін-ва працы і сац. абароны Рэспублікі Беларусь, інш.рэсп. органы дзярж. кіравання, мясц. распарадчыя і выканаўчыя органы ўлады.
З гісторыі сацыяльнай дапамогі на Беларусі. Розныя формы дапамогі і ўзаемадапамогі існавалі ўжо ў насельніцтва, што жыло на тэр. Беларусі да 10 ст. З пашырэннем хрысціянства з’явіліся структураваныя дзяржавай і грамадствам ін-ты дапамогі і падтрымкі — бальніцы, шпіталі, вучэльні, а таксама царк.-манастырская і царк.-прыходская сістэма абароны, якая ахоплівала ўсіх, хто меў патрэбу ў дапамозе. У ліку першых на Беларусі прытулкаў для дзяцей былі манастырскія вучылішчы, створаныя Ефрасінняй Полацкай; у манастырах знаходзілі прытулак і заспакаенне ўдовы, сіроты, нядужыя і ўбогія. З 14 ст. развіццё сац. дапамогі адбывалася ў рамках дзярж.-муніцыпальнага і абшчыннага апекавання. Статуты ВКЛ і інш. нарматыўна-прававыя акты 16—18 ст. змяшчалі шэраг патрабаванняў і норм па прадухіленні беднасці, абароне правоў сацыяльна слабых і маргінальных слаёў насельніцтва. З пач. 19 ст. на тэр. пражывання этнічных беларусаў дзейнічаў Статут грамадскага апекавання Рас. імперыі. Складвалася пэўная структура «закрытых» устаноў дапамогі, якія знаходзіліся ў падпарадкаванні Прыказаў грамадскага апекавання (бальніцы, дамы апекі, багадзельні, інвалідныя дамы, дамы для невылечных хворых, выхаваўчыя дамы, сіроцкія і дзіцячыя прытулкі). З 1860—70-х г. на аснове айч. і замежнага вопыту намецілася тэндэнцыя пераходу ад дзярж. апекавання да дэцэнтралізаванага грамадскага апекавання, індывідуалізацыі дапамогі насельніцтву. У 1903 на Беларусі было 110 дабрачынных устаноў для апекі і выхавання дзяцей, іх лячэння, агульнага і спец. бясплатнага навучання, дзейнічала 29 сіроцкіх дамоў і дзіцячых прытулкаў.
З 1917 на тэр. Беларусі ўсталёўвалася сав. мадэль сац. забеспячэння і сац. страхавання насельніцтва на аснове фінансавання з дзярж. бюджэту і цэнтралізаванай сістэмы размеркавання фондаў. У 1920 у БССР створаны нар. камісарыят сац. забеспячэння. У 1921 дапамогу ад дзяржавы атрымлівалі больш за 276 тыс.чал. (каля 10% насельніцтва тагачаснай БССР). Паступова складвалася гарантаваная сістэма сац. забеспячэння, якая ўключала матэрыяльнае забеспячэнне грамадзян у старасці, у выпадку страты працаздольнасці і інш. У пасляваенны час дзяржава ўзяла на поўнае ўтрыманне інвалідаў Вял.Айч. вайны, якія страцілі родных і блізкіх і мелі патрэбу ў пастаянным доглядзе. У 1945 на Беларусі працавалі 22 дамы-інтэрнаты для інвалідаў гэтай катэгорыі і для састарэлых. У 1956 паводле Закона аб дзярж. пенсіях расшырана кола асоб, якія мелі права на пенсію, памер пенсій рабочым і служачым па старасці павялічаны больш як у 2 разы, па інваліднасці — у 1,7 раза. З 1965 сталі назначацца пенсіі калгаснікам па старасці, інваліднасці, у выпадку страты карміцеля, а таксама дапамогі жанчынам-калгасніцам па цяжарнасці і родах. У 1960—80-я г павялічваліся мінімальныя памеры пенсій розным катэгорыям інвалідаў, рабочым і служачым, членам калгасаў. Развіваліся такія формы сац. падтрымкі, як дапамога мнагадзетным і адзінокім маці, утрыманне на сродкі дзяржавы адзінокіх і састарэлых грамадзян, якія страцілі працаздольнасць. Пасля абвяшчэння незалежнасці Беларусі з 1991 пачала фарміравацца сучасная бел. сістэма сац. абароны насельніцтва, сталі адраджацца традыцыйная бел. духоўнасць і практыка міласэрнасці, дабрачыннасці і канфесіянальнага сац. служэння.
Сістэмай пенсіённага забеспячэння ахоплены кожны непрацаздольны, які пастаянна пражывае ў Рэспубліцы Беларусь, незалежна ад грамадзянства, дзейнасці ў мінулым і інш. абставін; тым, хто не можа працаваць, але не мае права на прац. пенсію, назначаецца пенсія сацыяльная. Адзіная крыніца фінансавання прац. пенсій — бягучыя страхавыя ўзносы наймальнікаў (для большасці — 35% фонду аплаты працы) і работнікаў (1% індывід. зарплаты). Гэтыя сродкі акумулююцца ў пазабюджэтным Фондзе сац. абароны насельніцтва Мін-ва працы і сац. абароны. На пенсіі затрачваецца каля 80% сабраных узносаў, астатняя іх частка ідзе на выплаты, звязаныя з інш. страхавымі выпадкамі (аздараўленне насельніцтва, аплата часовай непрацаздольнасці, дапамога сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей да 3-гадовага ўзросту). Пенсіённае забеспячэнне ваеннаслужачых і прыроўненых да іх асоб, дзярж. служачых, а таксама пацярпелых ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС і людзей, якія атрымліваюць сац. пенсіі, ажыццяўляецца за кошт дзярж. бюджэту (поўнасцю або часткова).
Агульная колькасць пенсіянераў (з улікам пенсіянераў сістэмы мін-ваў абароны, унутр. спраў, па надзвычайных сітуацыях і К-та дзяржбяспекі Рэспублікі Беларусь) на працягу 1990—2003 павялічылася з 2375 тыс. да 2599 тыс.чал. За гэты час найб. павялічылася колькасць пенсіянераў, якія атрымліваюць пенсіі па ўзросце (з 1725 тыс. да 1912 тыс.чал.), што звязана з дэмаграфічнымі тэндэнцыямі т.зв. старэння насельніцтва. Колькасць пенсіянераў, якія атрымліваюць пенсіі за выслугу гадоў, павялічылася з 3 тыс. да 17 тыс.чал. На 14,5% скарацілася колькасць пенсіянераў, якія атрымліваюць пенсіі з выпадку страты карміцеля (з 187 тыс. да 160 тыс.чал.). У 1,4 раза вырасла колькасць атрымальнікаў сац. пенсіі і ў 2003 дасягнула 52 тыс.чал. (гл.табл. 1). Прагназуецца, што да 2020 на Беларусі асоб пенсіённага ўзросту (60/55 гадоў) будзе амаль 28%, а з улікам усіх, хто будзе атрымліваць дапамогу па інваліднасці і інш. віды выплат ва ўзросце ніжэй за пенсіённы, іх колькасць перавысіць 32% агульнай колькасці насельніцтва. У 2003 сярэдні памер назначаных пенсій склаў 114 тыс.руб. за месяц, або 38% сярэдняй налічанай заработнай платы і 69% велічыні мінімальнага спажывецкага бюджэту (у 1992 было адпаведна 20% і 78%). Сярэдні памер пенсій па ўзросце ў 2003 складаў 119 тыс.руб., па інваліднасці — 109 тыс., у выніку страты карміцеля — 77 тыс., за выслугу гадоў — 150 тыс., сац. пенсій — 52 тыс.руб. Мінімальная пенсія па ўзросце склала 82 тыс.руб. (гл.табл. 2).
У 2003 на пенсіі затрачана 9,6% ВУП (у 1994—5,8%), што абумоўлена павышэннем узроўню забеспячэння і павелічэннем колькасці пенсіянераў. Сістэматычна праводзіцца індэксацыя пенсій, заснаваная на росце сярэдняй заработнай платы і змяненні велічыні бюджэту пражытачнага мінімуму. За 2003 каэфіцыент замяшчэння мінулага заработку (пенсіі па ўзросце) дасягнуў 43,6%; у адносінах да пражытачнага мінімуму пенсіянера гэтая дапамога перавысіла 125%. У сувязі з рэструктурызацыяй прадпрыемстваў колькасць занятых у эканоміцы (плацельшчыкаў узносаў) прыкметна зніжаецца, а доля атрымальнікаў пенсій павялічваецца. З 1990 колькасць пенсіянераў павялічылася на 10,9%, а колькасць работнікаў скарацілася на 13,9%. У выніку колькасць атрымальнікаў пенсій, якія прыпадаюць на кожныя 100 работнікаў, павялічылася з 46 да 60 чал., або на 28%. Узмацненне дэфармацыі ўзроставай структуры грамадства і скарачэнне прац. патэнцыялу павялічвае нагрузку на эканамічна актыўнае насельніцтва. Для падтрымання пенсій на дасягнутым узроўні і своечасовай іх выплаты вядзецца карэкціроўка ўмоў і норм назначэння пенсій, змяненне фактычнага ўзросту выхаду на яе па старасці, правіл выплаты працуючым пенсіянерам, умоў назначэння і крыніц фінансавання датэрміновых пенсій і інш. Ажыццяўляецца паступовы пераход да налічэння пенсій, зыходзячы з аб’ёму выплачаных страхавых узносаў, а ў перспектыве плануецца задзейнічаць накапляльныя механізмы фарміравання сродкаў на гэтыя мэты. Па індывіднакапляльнаму прынцыпу з розных крыніц будзе ажыццяўляцца фінансаванне дадатковага, абавязковага і добраахвотнага прафес. пенсіённага страхавання.
Сацыяльная абарона сем’яў з дзецьмі. Сямейная палітыка ў Рэспубліцы Беларусь разглядаецца як састаўная частка сац. палітыкі дзяржавы і накіравана на забеспячэнне неабходных умоў для рэалізацыі сям’ёй яе эканам., узнаўленчай, выхаваўчай і культ.-псіхал. функцый, рэалізацыю права дзяцей і моладзі на паўнацэннае фіз., інтэлектуальнае, маральнае і сац. развіццё. На Беларусі пражывае 2920 тыс. нуклеарных сем’яў, з іх 1580 тыс., або 54% ад агульнай колькасці, складаюць сем’і, якія маюць дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў. Каля 60% такіх сем’яў маюць адно дзіця, 35% — двое і 6% — трое і больш дзяцей. Каля 33% насельніцтва краіны маюць сярэднедушавы даход ніжэй за бюджэт пражытачнага мінімуму, што абумоўлівае нізкі ўзровень даходаў у мнагадзетных і няпоўных сем’ях. Практычна кожная другая сям’я распадаецца, павялічваецца колькасць няпоўных сем’яў, пазашлюбнай нараджальнасці, бацькоў, якія вядуць асацыяльны лад жыцця. Востра стаіць праблема дзяцей-сірот і дзяцей, што засталіся без апекі бацькоў, павялічваецца колькасць дзяцей-інвалідаў.
Асн. формамі дзярж. падтрымкі сем’яў, якія маюць дзяцей, з’яўляюцца: грашовыя выплаты сям’і на дзяцей у сувязі з іх нараджэннем, выхаваннем і ўтрыманнем (дапамогі і пенсіі); прац., падатковыя, крэдытныя і інш. льготы; матэрыяльная дапамога ў грашовай і рэчавай формах; сац. абслугоўванне сям’і. Такую дапамогу атрымліваюць больш за 700 тыс. дзяцей, або 37% ад іх агульнай колькасці. У 2003 на гэтыя мэты зрасходавана 334 млрд.руб.Дапамога на дзяцей ва ўзросце да 3 гадоў, а таксама сем’ям, якія выхоўваюць дзіця-інваліда і дзіця, інфіцыраванае вірусам СНІД, ва ўзросце да 18 гадоў, назначаецца незалежна ад сукупнага даходу. Сем’ям з дзецьмі прадугледжаны льготы па падаткаабкладанні, аплачваюцца харчаванне ў дашкольных установах і падручнікі. Малазабяспечаныя сем’і атрымліваюць бясплатнае харчаванне да першых двух гадоў жыцця дзіцяці; мнагадзетныя вызваляюцца ад выплаты зямельнага падатку. Калі расходы на жыллё і камунальныя паслугі перавышаюць 25% сярэднямесячнага сукупнага даходу сям’і, то ёй даюцца безнаяўныя жыллёвыя субсідыі.
На Беларусі дзейнічае сістэма адраснай сац. дапамогі, якую атрымліваюць найб. неабароненыя сем’і і грамадзяне, мнагадзетныя і няпоўныя сем’і, а таксама тыя, што выхоўваюць непаўналетніх у выпадку, калі сукупны сярэднедушавы даход сям’і за 3 мес, што папярэднічалі звароту па дапамогу, не перавышае 60% дзеючага бюджэту пражытачнага мінімуму на душу насельніцтва. Розныя сац. паслугі сям’і аказваюць 153 цэнтры сац. абслугоўвання насельніцтва, 24 сац.-пед. цэнтры, 74 прытулкі для непаўналетніх і 97 цэнтраў навучання і рэабілітацыі. Значныя паслугі, матэрыяльную дапамогу мнагадзетным і няпоўным сем’ям аказваюць мясц. выканаўчыя і распарадчыя органы са сродкаў мясц. бюджэтаў. Развіццю сістэмна-комплекснага падыходу да вырашэння праблем дзяцінства і сям’і садзейнічае рэалізацыя прэзідэнцкай праграмы «Дзеці Беларусі» на 2001—05 з падпраграмамі «Дзеці Чарнобыля», «Дзеці-сіроты», «Дзеці-інваліды», «Дзіцячае харчаванне», «Удасканаленне сацыяльнай абароны сям’і і дзяцей».
Сацыяльная абарона ветэранаў, інвалідаў і пажылых людзей. На Беларусі пражывае амаль 95 тыс. ветэранаў Вял.Айч. вайны, 25 тыс. ветэранаў баявых дзеянняў на тэр.інш. краін, 480 тыс. інвалідаў, каля 900 чал. дажылі да 100 гадоў. Дзейнічае Рэсп. міжведамасны савет па праблемах інвалідаў. У краіне створана сістэма мед. рэабілітацыйнай службы, якая ўключае 284 аддзяленні (62 стацыянарныя і 222 амбулаторныя), 15 санаторных і 16 цэнтраў мед. рэабілітацыі (усяго больш чым на 2,5 тыс. ложкаў). У 2003 на базе 97 цэнтраў навучання і рэабілітацыі прайшлі падрыхтоўку каля 1000 дзяцей з парушэннямі развіцця. У Мінску, Гродне і Магілёве дзейнічаюць цэнтры сац. работ, у якіх інваліды працуюць і атрымліваюць спецыяльнасць. З мэтай рэалізацыі творчых і вытворчых здольнасцей інвалідаў і з улікам індывід. праграм рэабілітацыі ім забяспечваецца права працаваць у наймальнікаў са звычайнымі ўмовамі працы, у спецыялізаваных арганізацыях, у цэхах і на ўчастках, якія выкарыстоўваюць працу інвалідаў, а таксама займацца прадпрымальніцкай і інш.прац. дзейнасцю, не забароненай законам. Зацверджаны Дзярж. рэестр тэхн. сродкаў сац. рэабілітацыі, якія выдаюцца інвалідам бясплатна або на льготных умовах. Пратэзна-артапедычнымі вырабамі і інш.тэхн. сродкамі сац. рэабілітацыі карыстаюцца амаль 90 тыс.бел. грамадзян. Вырашаецца праблема стварэння безбар’ернага асяроддзя для інвалідаў, іх доступу да аб’ектаў сац. інфраструктуры, грамадскага транспарту, месцаў працы, адпачынку і вольнага часу, павышэння сац. статусу інвалідаў праз прац. дзейнасць.
Са сродкаў рэсп. і мясц. бюджэтаў, прадпрыемстваў, арг-цый і ўстаноў фінансуецца Рэсп. комплексная праграма па праблемах пажылых людзей. У краіне функцыянуюць 72 інтэрнатныя ўстановы на 17 240 тыс. месцаў, у т. л. 25 дамоў-інтэрнатаў для састарэлых інвалідаў на 5079 месцаў, 4 санаторыі сац. сістэмы. Пабудаваны 13 спецыялізаваных жылых дамоў для ветэранаў, састарэлых і інвалідаў з комплексам службаў сац.-быт. прызначэння на 1800 кватэр. У сельскай мясцовасці працуе 509 дамоў сац. паслуг, 17 невялікіх дамоў-інтэрнатаў, якія фінансуюць аграпрадпрыемствы ці мясц. выканаўчыя органы. У рамках прэзідэнцкай праграмы «Дзеці Беларусі» здадзены ў эксплуатацыю Багушэўскі, Гарадзішчанскі і Чэрвеньскі дамы-інтэрнаты. З лістапада 2000 у Рэсп. цэнтры для дзяцей-інвалідаў прайшлі рэабілітацыю 35 тыс.чал. У большасці раёнаў рэспублікі створаны фонды дапамогі малазабяспечаным грамадзянам, якія фарміруюцца за кошт адлічэнняў гар.мясц. бюджэту і пазабюджэтных сродкаў, добраахвотных узносаў прац. калектываў, грамадскіх арг-цый і асобных грамадзян. Традыцыйным стала штогадовае правядзенне 1 кастрычніка Дня пажылых людзей.
Сацыяльнае абслугоўванне грамадзян ажыццяўляецца на аснове дзярж.сац. стандартаў па абслугоўванні насельніцтва. У сістэме Мін-ва працы і сац. абароны дзейнічае нарматыў: адзін цэнтр сац. абслугоўвання на адм. раён. Ва ўсіх 156 раёнах краіны працуюць аддзяленні сац. дапамогі дома, якія абслугоўваюць больш за 62 тыс. грамадзян; 70% апекаваных жыве ў сельскай мясцовасці. У рэспубліцы больш за 560 тыс. грамадзян з’яўляюцца адзінокімі або жывуць асобна ад дзяцей і сваякоў.
Больш за 12,5 тыс.сац. работнікаў апякуюць адзінокіх інвалідаў. Такое сац. абслугоўванне абыходзіцца дзяржаве ў 10 разоў танней, чым у стацыянарнай сац. установе. У цэлым па краіне з кожных 10 тыс. пенсіянераў надомным абслугоўваннем карыстаюцца 283,7 чал.Найб. развіццё такая форма атрымала ў Мінскай (469 чал.) і Магілёўскай (334 чал.) абласцях. Для цяжкахворых або знявечаных пры бальніцах ствараюцца палаты (ложкі) сястрынскага догляду (усяго 2304 ложкі, у т. л. ў Віцебскай вобл. 515, Мінскай — 431). У сельскай мясцовасці і аддаленых населеных пунктах працуюць 286 дамоў сац. паслуг, ствараюцца гаспразліковыя брыгады, якія аказваюць насельніцтву быт. паслугі. У Мінскай вобл. такіх дамоў 123, у Віцебскай — 95. У Гомельскай і Магілёўскай абласцях функцыянуюць дамы-інтэрнаты для ветэранаў працы на 10—20 месцаў. Праводзяцца шэфская дапамога, дабрачынныя марафоны па зборы сродкаў для падтрымкі малазабяспечаных сем’яў, адкрываюцца спец. рахункі, магазіны сац. падтрымкі, аказваецца гуманіт.дапамога. У рэспубліцы дзейнічае 19 сац. сталовых, 79 салонаў «Міласэрнасць», 80 цэнтраў медыка-сац. дапамогі, у структуры цэнтраў сац. абслугоўвання ёсць аддзяленні першаснага прыёму інфармацыі, аналізу, прагназіравання, рэабілітацыі, тэрміновай сац.-быт. і псіхал. дапамогі. У Мінску адкрыты дом начнога знаходжання для асоб без пэўнага месца жыхарства. Аказваецца сац.дапамога мігрантам (бежанцы з былых рэспублік СССР, перасяленцы з Чарнобыльскай зоны), накіраваная на стварэнне ўмоў для ўладкавання і сац. адаптацыі.
Сац. дапамогу сям’і і дзецям аказваюць Бел. камітэт «SOS — Дзіцячая вёска», Бел. дзіцячы фонд, фонд «Дзецям Чарнобыля», Фонд сац. падтрымкі дзяцей і падлеткаў «Мы — дзецям», Фонд дапамогі дзецям-сіротам «Надзея» і інш. Дабрачыннай дзейнасцю займаюцца 16 правасл. брацтваў і 54 сястрынствы, каталіцкае т-ва «Карытас» (яго аддзяленні ёсць у Мінску, Гродне, Барысаве і Полацку), 8 місій Саюза евангельскіх хрысціян-баптыстаў, аб’яднанні мусульманскай канфесіі. У 2000 у Мінску адкрыты Дом міласэрнасці, дзе праводзіцца рэабілітацыя інвалідаў і дзяцей-сірот, аказваецца мед.дапамога састарэлым.
Удасканаленне працоўных адносін. Дзяржава арганізуе ахову працы, ажыццяўляе дзярж. нагляд і кантроль за захаваннем заканадаўства аб ахове працы і прадугледжанай ім адказнасці за парушэнне яе норм і правіл, арганізуе абучэнне і інструктаванне работнікаў па ахове працы. Устаноўлены пэўныя гарантыі і кампенсацыі за работу са шкоднымі або небяспечнымі ўмовамі працы, прымаюцца меры па зніжэнні захворванняў, траўматызму на вытворчасці, сац. абароненасці работнікаў.
На канец 2003 у органах дзярж. службы занятасці на ўліку было 136,1 тыс.чал., якія не мелі работы, у т. л. 90 тыс. жанчын (66,1%) і 23,2 тыс. асоб, што пражываюць у сельскай мясцовасці. Узровень зарэгістраваных беспрацоўных склаў 3,1% эканамічна актыўнага насельніцтва (у 1996 была 4%). Патрэбнасць у работніках, заяўленая арганізацыямі ў органы дзярж. службы занятасці, склала 31,7 тыс.чал.Дзярж. палітыка ў гэтай сферы накіравана на недапушчэнне масавага беспрацоўя, і яе цяжкай формы — застойнага і працяглага беспрацоўя, а таксама на сац. падтрымку найб. бедных беспрацоўных грамадзян. Гэтая работа вядзецца на аснове штогадовых дзярж. і рэгіянальных праграм занятасці насельніцтва. Для страхавання ад беспрацоўя і фінансавання мерапрыемстваў такіх праграм існуе Дзярж. фонд садзейнічання занятасці, які фарміруецца за кошт абавязковых адлічэнняў усімі арганізацыямі, незалежна ад форм уласнасці і гаспадарання, у памеры 0,5—1% фонду аплаты працы. Органы дзярж. службы занятасці аказваюць дапамогу беспрацоўным у працаўладкаванні, ствараюць новыя рабочыя месцы, арганізуюць прафес. падрыхтоўку і перападрыхтоўку па запатрабаваных прафесіях, аказваюць фін. падтрымку ў прадпрымальніцкай дзейнасці, развіваюць сістэму прафес. арыентацыі моладзі, незанятага насельніцтва, аказваюць матэрыяльную дапамогу. У 2003 у адпаведнасці з дзярж. праграмай пры садзейнічанні цэнтраў занятасці насельніцтва на пастаянную работу працаўладкавана 208,2 тыс. беспрацоўных. Сярэдні памер дапамогі беспрацоўным склаў каля 8% сярэдняй заработнай платы. Прафес. падрыхтоўку і перападрыхтоўкі прайшлі 27,7 тыс. беспрацоўных. Праводзіцца сац. работа ў сем’ях беспрацоўных па іх сац.-псіхал. рэабілітацыі і гуманізацыі сац. акружэння.
Літ.:
Социальная политика Республики Беларусь в условиях реформирования экономики: Сб. науч. тр.Мн., 1998;
Григорьев А.Д. Социальная работа на Беларуси: история, опыт, проблемы. Мн., 2000;
Яго ж. История отечественной социальной работы (X — начало XX в.). Мн., 2004;
Морова А.П. Социальная политика в сфере трудовых отношений. Мн., 2000;
Проблемы развития национальной экономики Беларуси (теоретические и практические аспекты). Мн., 2002;
Социальная работа с семьей: мир взрослых и детей. Мн., 2002;
Ванкевич Е.В., Морова А.П., Новикова И.В. Управление региональным рынком труда при переходе к рыночной модели социальной политики в Беларуси. Витебск, 2004.
А.П.Морава.
Табліца 1 Колькасць пенсіянераў і сярэдні памер назначаных ім месячных пенсій па відах пенсіённага забеспячэння (на канец года)
1990
1995
2000
2002
2003
Колькасць пенсіянераў, тыс.чал.
2375
2659
2622
2615
2599
у тым ліку атрымліваюць пенсіі: па ўзросце
1725
2001
1953
1922
1912
па інваліднасці
277
318
322
321
312
у выпадку страты карміцеля
187
138
157
165
160
за выслугу гадоў
3
6
11
16
17
сацыяльныя
37
53
50
52
52
Сярэдні памер назначаных месячных пенсій, тыс.руб.
1071
387
362
90
114
у тым ліку: па ўзросце
110
407
38
94
119
па інваліднасці
94
368
34
85
109
у выпадку страты карміцеля
63
217
24
60
77
за выслугу гадоў
111
491
49
115
150
сацыяльныя
62
127
17
39
52
1 У рублях.
2 З улікам дэнамінацыі (памяншэнне ў 1000 разоў).
Табліца 2 Асноўныя паказчыкі пенсіённага забеспячэння (на канец года)
1992
1995
2000
2002
2003
Колькасць пенсіянераў, тыс. чалавек
2551
2659
2622
2615
2599
Колькасць занятых у эканоміцы, якія прыпадаюць на 1 пенсіянера
1,95
1,66
1,69
1,68
1,66
Мінімальная пенсія па ўзросце, тыс.руб.
2
249
271
63
82
Сярэдні памер назначанай пенсіі, тыс.руб.
3
387
361
90
114
Мінімальны спажывецкі бюджэт пенсіянера, тыс.руб.
3
762
541
128
165
Суадносіны сярэдняга памеру назначанай месячнай пенсіі, у % да:
велічыні мінімальнага спажывецкага бюджэту пенсіянера
78
51
67
70
69
сярэдняга памеру налічанай заработнай платы
20
38
42
41
38
Рэальны памер назначанай месячнай пенсіі, у % да адпаведнага перыяду папярэдняга года
37,9
130,3
143,2
102,3
101,4
1 З улікам дэнамінацыі (памяншэнне ў 1000 разоў).
Івянецкі дзіцячы дом-інтэрнат.Рэспубліканскі інтэрнат ветэранаў вайны і працы.Рэспубліканскі санаторый «Бярэзіна».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́РШАЛА ПЛАН, Праграма аднаўлення Еўропы,
канцэпцыя эканам. дапамогі, якую ЗША аказвалі краінам Еўропы і Турцыі пасля 2-й сусв. вайны. Прапанаваны як ідэя 5.6.1947 дзярж. сакратаром ЗША Дж.К.Маршалам (адсюль назва) у яго выступленні ў Гарвардскім ун-це, папярэдне абмяркоўваўся на Парыжскай нарадзе міністраў замежных спраў ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі і СССР (чэрв.—ліп. 1947). Згоду на атрыманне амер. дапамогі далі Вялікабрытанія, Францыя, Італія, Бельгія, Нідэрланды, Люксембург, Аўстрыя, Швейцарыя, Швецыя, Нарвегія, Данія, Ірландыя, Ісландыя, Партугалія, Грэцыя, Турцыя, якія ў ліп. 1947 заключылі канвенцыю аб стварэнні Арг-цыі (спачатку К-т) еўрап.эканам. супрацоўніцтва. План садзейнічаў умацаванню пазіцый ЗША у Еўропе. Ад прапаноў амер.эканам. дапамогі адмовіліся СССР і саюзныя яму краіны Усх. Еўропы (вер. 1947), а таксама Фінляндыя. Ажыццяўляўся з 3.4.1948, калі ў ЗША набыў сілу закон аб 4-гадовай праграме «дапамогі замежным дзяржавам». Прадугледжваў папаўненне валютных запасаў еўрап. дзяржаў, стымуляванне іх эканам. аздараўлення, умацаванне эканам. і паліт. супрацоўніцтва ЗША з Еўропай, падштурхоўванне працэсу агульнаеўрап. інтэграцыі. Дапамога аказвалася на падставе двухбаковых пагадненняў паміж ЗША і кожнай з 17 краін Зах. Еўропы (падпісаны ў 1948, у 1949 далучыліся ФРГ і Югаславія; Швейцарыя не падпісала пагадненне, але атрымлівала амер. дапамогу) з федэральнага бюджэту ЗША у выглядзе бязвыплатных субсідый і пазык. З крас. 1948 да снеж. 1951 ЗША выдаткавалі паводле М.п. каля 17 млрд. долараў, прыбл. 60 % гэтай сумы атрымалі Вялікабрытанія, Францыя, Італія, ФРГ. Каардынацыяй і кантролем выканання М.п. займалася Адміністрацыя эканам. супрацоўніцтва (размяшчалася ў Вашынгтоне) на чале з б. прэзідэнтам кампаніі «Студэбекер» П.Гофманам. Афіцыйна дзейнічаў да 30.12.1951, заменены законам «аб узаемным забеспячэнні бяспекі» (прыняты кангрэсам ЗША 10.10.1951), які прадугледжваў адначасовае аказанне эканам. і ваен. дапамогі. М.п. садзейнічаў пачатку 25-гадовага перыяду пасляваен. эканам. росту краін Зах. Еўропы, актывізацыі працэсу іх рэгіянальнай інтэграцыі (у 1950 узнік Еўрап. плацежны саюз).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНГІ́ЛЬЯ, Ангуіла (Anguilla),
уладанне Вялікабрытаніі ў Вест-Індыі, на а-вах Ангілья і Самбрэра ў паўн. частцы М. Антыльскіх а-воў. Пл. 91 км². Нас. 8,8 тыс.чал. (1992), пераважна афр. паходжання. Афіцыйная мова — англійская. Пануючая рэлігія пратэстантызм (англіканства і метадызм). Адм. цэнтр — г. Валі. Нац. свята — Дзень Ангільі (20 мая).
Прырода. Ангілья — нізкі вапняковы востраў, акаймаваны рыфамі. Развіты карст. Клімат трапічны пасатны, гарачы. Сярэднямесячныя т-ры паветра 18—24 °C. Ападкаў 700—1200 мм за год. Характэрны моцныя ўраганы ў канцы лета. Глебы чырваназёмныя, расліннасць — другасная саванна.
Гісторыя. Востраў адкрыты ў 1493 Х.Калумбам. Першыя паселішчы засн. ў 1631 галандцамі. З 1650 англ. калонія, якую ў 1745 і 1796 спрабавала захапіць Францыя. З 1882 Ангілья адміністрацыйна аб’яднана з а-вамі Сент-Кітс і Невіс; разам з імі ўваходзіла ў 1958—62 у Вест-Індскую федэрацыю; у лют. 1967 астравы набылі статус «асацыіраванай з Вялікабрытаніяй дзяржавы». Пасля заявы пра разрыў з Сент-Кітсам і Невісам (1967) Ангілья ў лют. 1969 у аднабаковым парадку абвясціла сябе незалежнай рэспублікай. У сак. 1969 Вялікабрытанія высадзіла на Ангілью свае войскі і аднавіла кантроль над востравам. У 1976 Ангілья атрымала частковае самакіраванне. Аддзяленне Ангільі ад астатніх астравоў у 1980 замацавана англ. парламентам. Дзейнічаюць Нац. альянс, Дэмакр. партыя.
Гаспадарка. Аснову эканомікі складаюць турызм, вытв-сць лодак, здабыча солі і морапрадуктаў. С.-г. патэнцыял абмежаваны. Апрацоўваецца 5% тэрыторыі. Доля сельскай гаспадаркі і рыбалоўства не перавышае 10% валавога ўнутр. прадукту (ВУП). Асн. культуры — батат, гарох, сорга, кукуруза. На мясц. патрэбы гадуюць авечак, коз, свіней. Вядзецца лоўля рыбы і амараў, здабываецца соль. На турызм прыпадае 29% (1987) ВУП. Асн. транспарт — аўтамабільны. Працягласць дарог 90 км, з іх 46 км з цвёрдым пакрыццём. 2 гавані — Роўд-Бей і Блоўінг-Пойнт. Аэрапорт Уолблейк. У пач. 1990 у Ангільі зарэгістравана 45 замежных аддз. банкаў. Знешняя фін.дапамога (у асн. Вялікабрытаніі) складае каля 3 млн. долараў за год. Ангілья экспартуе соль у Трынідат і Табага, амараў на сумежныя астравы (асн. крыніца экспартных паступленняў каля 64% прыбытку ў 1987). Грашовая адзінка — усх.-карыбскі долар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЭ́НДА ЗЯМЛІ́,
форма землекарыстання, пры якой уласнік зямлі перадае за плату на пэўны тэрмін зямельны ўчастак іншай асобе (арандатару) для вядзення гаспадаркі. Узнікла ў рабаўладальніцкім грамадстве і дала пачатак развіццю арэнды. У часы рабаўладальніцтва і феадалізму пераважала прадуктовая (дзеля атрымання прадуктаў), пры капіталізме набыла прадпрымальніцкі характар: арандатар укладвае ў зямлю ўласны капітал, вядзе гаспадарку з дапамогай наёмнай рабочай сілы і атрымлівае прыбытак. Пераходнымі формамі ад прадуктовай да прадпрымальніцкай арэнды зямлі былі здольшчына і адработкі. Капіталістычная арэнда зямлі найбольш пашырана ў развітых краінах (ЗША, Вялікабрытанія, Бельгія, Нідэрланды, Францыя). На развіццё арэндных адносін у аграрным сектары істотна ўплывае дзяржаўнае рэгуляванне — фінансавая дапамога для тэхнічнага аснашчэння сельскай гаспадаркі, падтрымка ў збыце прадукцыі і інш. З улікам гэтага асобныя землеўладальнікі самі становяцца і прадпрымальнікамі. Зямлю для прадпрымальніцкай дзейнасці і здачы ў арэнду набываюць таксама буйныя карпарацыі.
На Беларусі да 1861 пераважала дакапіталістычная арэнда зямлі. Пасля адмены прыгону сяляне атрымалі права заключаць арэндныя здзелкі, што спрыяла развіццю арэндных адносін. Патрэбу ў гэтым мелі не толькі беззямельныя сяляне, а і памешчыкі, якія не маглі ўласнымі сіламі апрацаваць сваю зямлю. Аграрны крызіс канца 19 стагоддзя паскорыў гэты працэс. У 1887 арэндны фонд складаў каля 2,5 млн. дзесяцін, а ў 2-й палове 1890-х гадоў каля 3,5 млн. дзесяцін. Пераважала сялянская арэнда зямлі. Але ў канцы 19 стагоддзя больш за 1,5 млн. дзесяцін зямлі арандавалі дваране, купцы, мяшчане, якія вялі буйныя прадпрымальніцкія гаспадаркі з выкарыстаннем вольнанаёмнай працы. Да 1917 арэндны фонд на Беларусі, паводле ацэнак спецыялістаў, дасягнуў прыкладна 5 млн. дзесяцін, у т. л. не менш як 3,3 млн. дзесяцін прыпадала на сялянскую арэнду. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 зямля была нацыяналізавана, а яе арэнда забаронена. З некаторымі абмежаваннямі адноўлена ў часы нэпа і існавала да калектывізацыі. Права на арэнду зямлі грамадзяне і арганізацыі зноў атрымалі на аснове прынятых Вярхоўным Саветам Беларусі «Кодэкса Беларускай ССР аб зямлі» і «Закона Беларускай ССР аб арэндзе» (1990). Здаваць у арэнду зямлю і іншыя прыродныя рэсурсы могуць толькі мясцовыя Саветы дэпутатаў.