САЦЫЯ́ЛЬНАЕ СТРАХАВА́ННЕ,

сістэма гарантый, заснаваная на сукупнасці пенсій, дапамог і інш. выплат грамадзянам за кошт сродкаў дзярж. страхавых фондаў. На Беларусі ажыццяўляецца на аснове Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, Закона «Аб асновах дзярж. сац. страхавання» ад 31.1.1995 і інш. заканад. актаў. Прынцыпы дзярж. С.с.: удзел наёмных работнікаў і наймальнікаў у стварэнні дзярж. страхавых фондаў і размеркаванне сродкаў ад працаздольных грамадзян да непрацаздольных, ад працуючых да непрацуючых; гарантаванне пенсій, дапамог і інш. выплат у адпаведнасці з заканадаўствам; роўнасць грамадзян перад правам на С.с.; дыферэнцыяцыя ўмоў і памераў страхавання; удзел прадстаўнікоў юрыд. і фіз. асоб, якія плацяць страхавыя ўзносы, у кіраванні дзярж. С.с. Сродкі дзярж. С.с. складваюцца з абавязковых узносаў наймальнікаў і грамадзян, інш. паступленняў у дзярж. страхавыя фонды, што захоўваюцца ў пазабюджэтных страхавых фондах (ствараюцца ўрадам). Гэтыя сродкі не падлягаюць выняццю, не абкладаюцца падаткамі і не могуць быць выкарыстаны на інш. мэты.

Абавязковаму дзярж. С.с. падлягаюць асобы, якія працуюць на аснове прац. дагавораў і членства ў кааператывах, прадпрыемствах і т-вах калект. форм уласнасці. Пры ўмове платы страхавых узносаў дзярж. С.с. пашыраецца на прадпрымальнікаў, работнікаў, якія працуюць на падрадзе, членаў сялянскіх (фермерскіх) гаспадарак, творчых работнікаў, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, што працуюць у краіне. Выпадкі, пры якіх застрахаваныя грамадзяне маюць права на дзярж. С.с.: хвароба і часовая непрацаздольнасць, уключаючы цяжарнасць і роды; нараджэнне дзіцяці і догляд яго да 3 гадоў; дасягненне пенсіённага ўзросту; страта карміцеля; страта работы (беспрацоўе); вытв. траўмы і прафес. захворванні; смерць застрахаванага або члена яго сям’і. Наймальнікі маюць права за кошт уласных сродкаў ажыццяўляць дадатковае С.с. сваіх работнікаў. Грамадзяне могуць заключаць дагаворы на добраахвотнае С.с. Добраахвотнае і дадатковае С.с. можа ажыццяўляцца недзярж. страхавымі арг-цыямі ў адпаведнасці з заканадаўствам. Гл. таксама Сацыяльнае забеспячэнне.

Г.​А.​Маслыка.

т. 14, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯЖА́ АСЕ́ЛАСЦІ, мяжа яўрэйскай аселасці,

частка тэр. Рас. імперыі, з якой у 1792—1917 не дазвалялася свабоднае перасяленне яўрэяў у інш. рэгіёны краіны. Першапачаткова ўводзілася з мэтай абараніць інтарэсы рас. купцоў і прадпрымальнікаў ад канкурэнцыі яўр. капіталу з зямель, што былі далучаны да Расіі ў сярэдзіне 17 — пач. 19 ст.: у выніку вайны з Рэччу Паспалітай 1654—67, трох падзелаў Рэчы Паспалітай (1772, 1793, 1795) і войнаў з Турцыяй (1735—39, 1768—74, 1787—91, 1806—12). Ахоплівала пераважна вобласці традыц. рассялення яўрэяў на тэр. б. Рэчы Паспалітай (Беларусь, б.ч. Украіны, Літва, ч. Латвіі) і каланізаваныя яўрэямі стэпавыя раёны Паўн. Прычарнамор’я, што былі адваяваны Расіяй у туркаў і крымскіх татар (паўд. вобласці Украіны і ч. Малдовы). Падставай для ўвядзення М.а. стаў дазвол у студз. 1780 яўрэям Магілёўскага і Полацкага намесніцтваў запісвацца ў гар. купецкае і мяшчанскае саслоўі. Указам ад 3.1.1792 Кацярына II забараніла яўрэям запісвацца ў купецкае саслоўе рас. гарадоў і партоў, а дазволіла мець правы «грамадзянства і мяшчанства» толькі ў межах бел. намесніцтваў і Таўрычаскай вобл. Указам ад 4.10.1794 права аселага жыхарства і купецка-мяшчанскіх заняткаў для яўрэяў дазволена ў 10 новаўтвораных губернях. 14.5.1795 яўрэям-купцам і мяшчанам забаронена перамяшчацца з губерні ў губерню. Паводле Палажэння аб яўрэях 1804 ім дазвалялася пражываць у 13 зах. губернях. У адпаведнасці з палажэннем 1835 у М.а. ўключаны 15 губерняў: Бесарабская, Валынская, Віленская, Віцебская, Гродзенская, Екацярынаслаўская, Кіеўская, Ковенская, Магілёўская, Мінская, Падольская, Палтаўская, Таўрычаская, Херсонская, Чарнігаўская. У межах М.а. яўрэям забаранялася пражываць у вёсках, а таксама ў Кіеве, Севастопалі і Ялце. У Курляндскай губ., на Каўказе, а пазней і ў Сярэдняй Азіі дазвалялася пражываць толькі «мясц. яўрэям». Абмежавальнае заканадаўства не датычыла яўрэяў, якія прымалі праваслаўе. У 1835 яўрэям дазволена па-за М.а. набываць нерухомасць (акрамя маёнткаў, населеных сялянамі), засноўваць земляробчыя калоніі і фабрыкі. З абмежавальнага заканадаўства выключаліся купцы 1-й гільдыі (указ 1859), асобы з вышэйшай (1861) і сярэдняй (1865, 1866, 1872) адукацыяй, рамеснікі, механікі, вінакуры (1865), аптэкары, дантысты, фельчары, павітухі (1879), ваеннаслужачыя па рэкруцкім наборы з сем’ямі (1860, 1867). М.а. і ўсе заканадаўчыя абмежаванні яўрэяў у грамадзянска-маёмасных правах скасаваны пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 паводле закону «Аб адмене веравызнальных і нацыянальных абмежаванняў» (2.4.1917).

Літ.:

Анищенко Е.К. Черта оседлости: (Бел. синагога в царствование Екатерины II). Мн., 1998.

Я.​К.​Анішчанка.

т. 11, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУВЕРЭНІТЭ́Т (ням. Souveränität ад франц. souveraineté вярхоўная ўлада),

незалежнасць і поўнаўладдзе суб’екта дзярж.-паліт. і прававых адносін пры прыняцці рашэнняў у межах сваёй кампетэнцыі і выкананні паўнамоцтваў улады. У распрацоўку навук. тэорыі С. значны ўклад зрабіў Ж.​Ж.​Русо («Аб грамадзянскім дагаворы, або Прынцыпы палітычнага права» 1762). Паводле Русо, улада суверэна ў асобе народа ў цэлым, не абмяжоўваецца ніякімі законамі або дагаворамі і можа быць пашырана на права жыцця і смерці любой асобы; адначасова адмаўляюцца гарантыі яе правоў, што прыводзіць да абсалютызацыі паняцця С. Па сваёй прыродзе і сутнасці С. у Русо — агульная воля народа, якая шляхам грамадскага дагавору перадаецца дзяржаве. У навуцы і паліт. практыцы разглядаюцца асобныя віды С. — дзяржаўны, нацыянальны і народны. Пад дзяржаўным С. разумеюць самастойнасць дзярж. улады, яе вышэйшых органаў у ажыццяўленні атрыманага ад народа мандата на кіраванне дзяржавай; недапушчэнне ўмяшання ва ўнутр. і знешнюю палітыку з боку інш. дзяржаў. Дзярж. С. ажыццяўляецца праз практычную дзейнасць заканад., выканаўчай і судовай улад у адпаведнасці з канстытуцыйнымі паўнамоцтвамі і прынцыпамі. Нацыянальны С. з’яўляецца канкрэтным увасабленнем права нацыі і яе імкнення да захавання ўласнай ідэнтычнасці ў зносінах з інш. нацыямі і народамі. У межах і на падставе нац. С. вырашаюцца найважнейшыя праблемы нац. жыцця: нацыянальнае самавызначэнне і стварэнне ўласнай дзяржавы; самаст. развіццё ўкладу жыцця, нац. культуры, мовы, традыцый. Арганічная сувязь нац. С. з дзяржаўным выяўляецца ў нац. характары дзяржавы і адстойванні ёю нацыянальных інтарэсаў. Народны С. падкрэслівае прынцып поўнаўладдзя народа, якое служыць асн. вытокам усіх відаў і форм С. З 2-й пал. 20 ст. назіраецца пашырэнне паняцця С. (у філасофіі, эканам. навуцы), калі ён фактычна атаясамліваецца са свабодай індывіда і яго правам самастойна і незалежна выбіраць адпаведны склад мыслення і паводзін (С. «спажыўца», «пакупніка» і г.д.). Прававой асновай С. Рэспублікі Беларусь з’яўляюцца Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі і Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь. Вызначэнне С. абумовіла прыняцце прававых норм, якія замацавалі грамадзянства Беларусі, уласнасць бел. народа на зямлю, нетры, паветраную прастору, нац., культ., і гіст. каштоўнасці, непадзельнасць і недатыкальнасць тэрыторыі, права на стварэнне сваіх фін.-крэдытнай і грашовай сістэм, на ўласныя ўзбр. сілы, права заключаць добраахвотныя саюзы з інш. дзяржавамі і выходзіць з гэтых саюзаў.

В.​І.​Боўш.

т. 15, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСЦЮ́ШКА Андрэй Тадэвуш Банавентура (ахрышчаны 12.2.1746, фальварак Мерачоўшчына каля г. Косава Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл. — 15.10.1817),

палітычны і ваенны дзеяч Рэчы Паспалітай, кіраўнік нац.-вызв. паўстання 1794. З роду Касцюшкаў. Скончыў Любяшоўскі піярскі калегіум (1760), Варшаўскі кадэцкі корпус (1769), Парыжскую акадэмію (1774). Вывучаў артылерыю, архітэктуру, фартыфікацыі, быў слухачом у Акадэміі жывапісу і скульптуры. У 1774 вярнуўся на радзіму. У 1775 выехаў у Парыж, у 1776—83 добраахвотна ўдзельнічаў у вайне за незалежнасць ЗША. Служыў у амер. арміі на пасадзе гал. вайсковага інжынера арміі Поўначы. У 1777 удзельнічаў у буд-ве фартыфікацый пад Саратогай, кіраваў буд-вам найвялікшай цытадэлі ЗША ва Уэст-Пойнце. У 1783 Кангрэс ЗША надаў К. званне брыгаднага генерала; узнагароджаны ордэнам Цынцыната, атрымаў амер. грамадзянства, пажыццёвую пенсію і зямельны надзел. У 1784 К. вярнуўся на радзіму з намерам служыць у войску ВКЛ. Гаспадарыў у сваім радавым маёнтку Сяхновічы. У 1789 прызначаны ген.-маёрам у кароннае войска. Удзельнічаў у ваен. дзеяннях супраць Таргавіцкай канфедэрацыі 1792. Як камандзір дывізіі ў арміі Ю.​Панятоўскага вызначыўся ў бітве пад Дубенкай. Узнагароджаны ордэнам «Віртуці Мілітары» з наданнем чына ген.-лейтэнанта (1792). У 1792—93 выязджаў у Лейпцыг і Парыж за дапамогай для паўстання (канкрэтнай дапамогі не атрымаў). 24.3.1794 аб’яўлены галоўнакамандуючым узбр. сіламі і нач. паўстання. К. даў прысягу на вернасць паўстанню і абвясціў, што будзе змагацца за непарушнасць межаў дзяржавы, устанаўленне самаўладдзя народа і ўсеагульную свабоду. У маі 1794 прызначыў Найвышэйшую нацыянальную раду, выдаў Паланецкі універсал пра вызваленне сялян ад прыгоннай залежнасці. Імкнуўся надаць паўстанню агульнанар. дэмакр. характар, але яго намер зрабіць уступкі сялянству сустрэў супраціўленне шляхты, што звузіла сац. базу паўстання. У бітве каля Мацяёвіц 10.10.1794 К. цяжка паранены, трапіў у палон і зняволены ў Петрапаўлаўскую крэпасць. Пасля вызвалення (1796) выехаў у ЗША, у 1798 вярнуўся ў Еўропу. Памёр у Швейцарыі. Астанкі К. перапахаваны ў Кракаве. У гонар К. пад Кракавам насыпаны курган, яму пастаўлены помнікі ў Польшчы, ЗША, Швейцарыі, яго імем названа самая высокая гара ў Аўстраліі, адна з акруг штата Індыяна, горад у штаце Місісіпі, астравы на Алясцы (ЗША). Музей К. існуе ў Салюры (Швейцарыя). Імем К. названы вуліцы ў Гродне, Брэсце, Косаве, у Гродне і Косаве ўстаноўлены мемарыяльныя знакі. К. нацыянальны герой Беларусі, Польшчы, ЗША, ганаровы грамадзянін Францыі.

Літ.:

Юхо Л., Емяльянчык У. «Нарадзіўся я ліцьвінам...». Мн., 1994;

Szyndler B. Tadeusz Kościuszko, 1746—1817. Warszawa, 1991.

У.​П.​Емяльянчык.

А.Т.Б.Касцюшка.

т. 8, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛЖАНІ́ЦЫН Аляксандр Ісаевіч (н. 11.12.1918, г. Кіславодск, Расія),

рускі пісьменнік. Акад. Рас. АН (1997). Скончыў Растоўскі ун-т, Маскоўскі ін-т філасофіі, л-ры і гісторыі (абодва 1941). У 1945 арыштаваны, да 1953 у лагерах, да 1956 у ссылцы. У 1956 рэабілітаваны. У 1974 пазбаўлены сав. грамадзянства, жыў у Швейцарыі, з 1976 у ЗША. У 1994 вярнуўся ў Маскву. Друкуецца з 1962. У аповесці «Адзін дзень Івана Дзянісавіча» (1962), апавяданні «Матронін двор» (1963, абодва апубл. А.​Твардоўскім у час. «Новый мир»), аповесці «У крузе першым» (1968) захаванне чалавечай душы ва ўмовах жорсткай рэчаіснасці. Гал. тэма аповесці «Ракавы корпус» (1968, апубл. за мяжой) — барацьба чалавека са смерцю. Аўтар рамана «Архіпелаг ГУЛАГ» (1973, апубл. за мяжой; Дзярж. прэмія Расіі 1990). У цыкле гіст. раманаў «Чырвонае кола» (т. 1—10, 1971—91) на вял. фактычным матэрыяле разглядаюцца прычыны рэвалюцыі (слабасць улады, упадак рэлігіі, грамадскі радыкалізм) і яе ход, аналізуюцца паліт. і ідэалагічныя платформы розных партый і груп, абгрунтоўваецца магчымасць альтэрнатыўнага гіст. развіцця Расіі. Нарысы грамадскага і літ. жыцця 1960 — пач. 1970-х г. у кн. «Бадалася цяля з дубам» (1975, дапоўненае выд. 1991). Важныя праблемы грамадскага жыцця ўзнімае ў публіцыстыцы («Ліст да правадыроў Савецкага Саюза», «Раскаянне і самаабмежаванне як катэгорыі нацыянальнага жыцця», абодва 1973; «Як нам уладкаваць Расію», 1990; «Рускае пытанне» к канцу XX ст.», 1994, і інш.). Аўтар кн. «Дзвесце гадоў разам (1795—1995)» (ч. 1, 2001), п’ес і інш. У творчасці С., які працягвае традыцыі рус. класікі 19 ст., трагічныя лёсы герояў асэнсоўваюцца ім у святле маральнага і хрысціянскага ідэалу. У страце духоўных жыццёвых арыенціраў, страце асн. маральных прынцыпаў ва ўсіх сферах чалавечай дзейнасці, і найперш у палітыцы, С. бачыць вытокі крызісу сучаснага жыцця. Аснова гіст. працэсу — у маралі, прытрымліванні дабра. Нобелеўская прэмія 1970.

Тв.:

Избр. проза: Рассказы, повесть. М., 1990;

Архипелаг ГУЛАГ, 1918—1956: Опыт худож. исслед. Т. 1—3. М.; Мн., 1990—91;

Пьесы М., 1990;

«Русский вопрос» к концу XX в. М., 1995;

Публицистика. Т. 1—3. Ярославль, 1995—97;

Россия в обвале. М., 1998;

На изломах: Малая проза. Ярославль, 1998;

Протеревши глаза. М., 1999.

Літ.:

Нива Ж. Солженицын: Пер. с фр. М., 1992;

Мешков Ю.А. Александр Солженицын: Личность. Творчество. Время. Екатеринбург, 1993;

Слово пробивает себе дорогу: Сб. статей и док. об А.​И.​Солженицыне, 1962—1974. М., 1998.

А.І.Салжаніцын.

т. 14, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЖАНЦЫ,

асобы, якія пакінулі краіну свайго грамадзянства ці пастаяннага месцажыхарства ў выніку ваен. дзеянняў ці інш. надзвычайных сітуацый або ганенняў па паліт., расавых, рэліг. матывах і не атрымалі грамадзянства інш. дзяржавы. У міжнар. праве паняцце «бежанцы» ўпершыню аформлена пасля 1-й сусв. вайны 1914—18, калі з набліжэннем фронту прымусова высялялася насельніцтва цэлых паветаў і губерняў.

Паводле афіцыйных (далёка не поўных) звестак, на 14.2.1917 у Расіі было 3,2 млн. бежанцаў, з іх зарэгістравана 750 680 з Гродзенскай, 164 351 з Віленскай, 161 453 з Мінскай, 51 954 з Віцебскай, 1654 з Магілёўскай губерняў. Бежанцы з Беларусі былі раскіданы па ўсёй Расіі. Найбольш іх асела ў Тамбоўскай, Самарскай, Калужскай, Казанскай, Курскай, Саратаўскай губернях, у Петраградзе (100 704), Маскве (128 261). Паводле звестак Наркамата ўнутр. спраў РСФСР, на 11.5.1918 у Расіі жыло 2 292 395 бежанцаў з Беларусі, у т. л. беларусаў і рускіх 2 059 857. На працягу 1918—24 у Зах. Беларусь іх вярнулася каля 700 тыс. Першыя бежанцы на Беларусі з’явіліся восенню 1914. Пасля паражэння рус. арміі вясной — летам 1915 і з набліжэннем фронту Беларусь ператварылася ў бежанскі лагер. Бежанскі рух быў стыхійны, ніякага плана эвакуацыі не існавала. Сяляне імкнуліся застацца на сваёй зямлі, але вайскоўцы і выпраўлялі іх у бежанства. 24.7.1915 былі прызначаны Галоўнаўпаўнаважаныя па ўладкаванні бежанцаў на франтах. Беларусь увайшла ў раён дзейнасці Галоўнаўпаўнаважанага па ўладкаванні бежанцаў Паўн.-Зах. фронту. Толькі 30.8.1915 прыняты закон «Аб забеспячэнні патрэб бежанцаў», пры міністру ўнутр. спраў створана Асобая нарада па ўладкаванні бежанцаў. Дабрачыннай дзейнасцю займаўся К-т яе імператарскай высокасці вял. княжны Таццяны Мікалаеўны (Таццянінскі к-т, пасля Лют. рэвалюцыі 1917 пераўтвораны ва Усерас. к-т дапамогі пацярпелым ад вайны). Шырокую дзейнасць разгарнулі нац. дабрачынныя арг-цыі. У крас. 1915 у Вільні створана Беларускае таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны, якое адкрыла шэраг аддзелаў на месцах. У студз. 1916 створана Беларускае таварыства ў Петраградзе па аказанні дапамогі пацярпелым ад вайны. Становішча бежанцаў было надзвычай цяжкім. Высокай была іх смяротнасць. Узнікалі канфлікты з мясц. насельніцтвам. Нягледзячы на гэта, нац. свядомасць бел. бежанцаў значна вырасла. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 сярод бежанцаў дзейнічалі арг-цыі Беларускай сацыялістычнай грамады, Беларускай народнай грамады. У Маскве адбыліся 2 з’езды бежанцаў-беларусаў (7—10.10 і 2—4.12.1917). Пытанне аб бежанцах разглядалася на Усебел. з’ездзе 1917 (даклад А.​Цвікевіча «Бежанскае пытанне і праца бежанскай секцыі з’езда»), на ім створаны к-т па аказанні дапамогі бежанцам. Пазней вырашэннем праблем бежанцаў займалася Рада БНР. Сярод бежанцаў створаны Арэнбургскі гурток беларусаў, Беларуска-ўкраінскі камітэт помачы ахвярам вайны ў Барнауле, Беларуская вучнёўская грамада і Гурток бел. сацыяліст. моладзі ў Калузе, «Беларуская хатка» ў Арле, «Беларус» і Беларуская чыгуначная грамада ў Маскве, «Беларуская хатка» ў Петраградзе, Бел. нац. гурток у Багародзіцку Тульскай губ., Саюз беларусаў у Архангельску і інш. У 1918—19 работу сярод бежанцаў праводзілі Беларускі нацыянальны камісарыят і бел. секцыі РКП(б). У ліп. 1918 у Маскве адбыўся Усерасійскі з’езд бежанцаў з Беларусі. У складзе Наркамата па ваен. справах РСФСР у крас. 1918 створана Цэнтр. калегія па справах палонных і бежанцаў (з мая 1919 у Наркамаце ўнутраных спраў РСФСР).

У пачатку Вял. Айч. вайны з Беларусі амаль 1,5 млн. чал. былі эвакуіраваны на ўсход (на бацькаўшчыну вярнуўся толькі кожны 3-і). У час адступлення з акупіраваных тэрыторый ням.-фаш. армія сілай зброі прымушала мясц. насельніцтва адступаць з ёй з тэрыторый, якія займала Сав. Армія. У выніку на тэр. Беларусі былі сагнаны сотні тысяч бежанцаў з Арлоўскай, Калінінскай, Пскоўскай, Смаленскай і інш. абласцей. У выніку прымусовага вывазу фашыстамі насельніцтва з захопленых тэрыторый у Германію (з Беларусі каля 380 тыс. чал.) узнікла катэгорыя перамешчаных асоб. Пагадненнямі паміж СССР, ЗША і Англіяй (лют. 1945), СССР і Францыяй (чэрв. 1945) прадугледжваліся абавязкі бакоў па аблягчэнні лёсу бежанцаў і перамешчаных асоб, садзейнічанні іх рэпатрыяцыі. З утварэннем ААН гэтыя абавязкі паводле рэзалюцый Ген. Асамблеі ад 12 лют. і 15 снеж. 1946 прымалі на сябе краіны — члены ААН, створана Міжнар. арг-цыя па справах бежанцаў (у 1951 заменена Упраўленнем Вярх. камісара ААН па справах бежанцаў). Былі прыняты міжнар. канвенцыі аб прававым статусе бежанцаў (28.6.1951) і апатрыдаў (28.9.1954), пратакол аб статусе бежанцаў (1967), у якіх дэталёва вызначаюцца і падрабязна трактуюцца правы бежанцаў. Паводле гэтых дакументаў, дзяржава, якая прымае бежанцаў, абавязана прадаставіць ім тыя ж правы, якімі карыстаюцца іншаземцы, што жывуць на яе тэрыторыі, права выбару месца жыхарства і вольнага перамяшчэння па краіне. Забараняецца высылка бежанцаў у краіны, з якіх яны прыехалі і дзе цярпелі ганенні (апошняя норма пашыраецца толькі на паліт. эмігрантаў). Бежанцы могуць быць высланы толькі ў выпадку асуджэння за ўчыненне асабліва цяжкага злачынства, якое пагражае бяспецы краіны. Прававое становішча бежанцаў рэгулюецца таксама нац. заканадаўствам, якое распрацавана ў гэтых адносінах у дзяржавах-удзельніцах канвенцыі аб статусе бежанцаў 1951. Беларусь не з’яўляецца ўдзельніцай гэтай канвенцыі.

З распадам СССР і ўзнікненнем міжнар. канфлікту у краінах — б. саюзных рэспубліках Беларусь стала прытулкам для новай хвалі бежанцаў. Іх колькасць павялічваецца і за кошт грамадзян Азіі і Афрыкі, якія па розных прычынах апынуліся на Беларусі і прэтэндуюць на статус бежанцаў. Усяго на Беларусь за 1992—95 прыбылі больш як 30 тыс. такіх асоб. Беларусь мае закон аб бежанцах (прыняты ў 1995). Пытаннямі бежанцаў на Беларусі займаецца спец. Дзярж. міграцыйная служба (з 1992). Дзейнічае прадстаўніцтва Упраўлення Вярх. камісара ААН па справах бежанцаў (з 1995).

В.​У.​Скалабан (бежанцы 1-й сусв. вайны).

т. 2, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАКУРАТУРА. КАМІТЭТ ДЗЯРЖАЎНАГА КАНТРОЛЮ

Пракуратуру Рэспублікі Беларусь утвараюць рэсп. пракуратура, якая з’яўляецца цэнтр. апаратам сістэмы органаў пракуратуры, пракуратуры абласцей, г. Мінск, раёнаў (гарадоў), міжраённыя, а таксама спецыялізаваныя пракуратуры, прыраўнаваныя да іх. Адзіную і цэнтралізаваную сістэму органаў пракуратуры ўзначальвае Генеральны пракурор, які назначаецца Прэзідэнтам са згоды Савета Рэспублікі і падначалены Прэзідэнту. Ніжэйстаячыя пракуроры назначаюцца Генеральным пракурорам. Паводле Канстытуцыі і Закона «Аб Пракуратуры Рэспублікі Беларусь» ад 29.1.1993 (з далейшымі змяненнямі і дапаўненнямі) дзейнасць пракуратуры накіравана на забеспячэнне вяршэнства закона, умацаванне законнасці з мэтай абароны правоў і свабод грамадзян, законных інтарэсаў дзяржавы, прадпрыемстваў, устаноў, арганізацый, грамадскіх аб’яднанняў. Генеральны пракурор і падначаленыя яму пракуроры ажыццяўляюць нагляд: за дакладным і аднастайным выкананнем законаў, дэкрэтаў, указаў і інш. нарматыўных актаў рэсп. органамі дзярж. кіравання, мясц. прадстаўнічымі і выканаўчымі органамі, вайсковымі фарміраваннямі і ўстановамі, органамі ўнутр. спраў і дзярж. бяспекі, суб’ектамі гаспадарання незалежна ад прыналежнасці і форм уласнасці, арганізацыямі і ўстановамі, паліт. партыямі, грамадскімі аб’яднаннямі, службовымі асобамі і грамадзянамі; за выкананнем законаў пры расследаванні злачынстваў, адпаведнасцю закону судовых рашэнняў па грамадз., крымін. справах і справах аб адм. правапарушэннях; за выкананнем законаў у месцах знаходжання затрыманых, папярэдняга зняволення, пры выкананні пакаранняў і інш. мер прымусовага характару, назначаных судом. У выпадках, прадугледжаных законам, пракуратура праводзіць папярэдняе следства, падтрымлівае дзярж. абвінавачванне ў судах. У ажыццяўленні сваіх паўнамоцтваў органы пракуратуры кіруюцца заканадаўствам і незалежныя ад органаў дзярж. улады і кіравання, службовых асоб, сродкаў масавай інфармацыі, паліт., інш. грамадскіх і рэліг. арганізацый; забяспечваюць захаванне гарантаваных дзяржавай правоў і свабод асобы незалежна ад грамадзянства, сац. і маёмаснага становішча, расавай і нац. прыналежнасці, мовы, полу, узросту, адукацыі, адносін да рэлігіі, паліт. і інш. поглядаў. Пры расследаванні злачынстваў пракурорскія работнікі прадастаўляюць затрыманым і зняволеным пад варту магчымасць рэалізацыі права на юрыд. абарону.

Камітэт дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь ажыццяўляе кантроль за выкананнем рэсп. бюджэту, выкарыстаннем дзярж. уласнасці, выкананнем актаў Прэзідэнта, Парламента, Урада і інш. дзярж. органаў, якія рэгулююць адносіны дзярж. уласнасці, гасп., фін. і падатковыя адносіны. Камітэт утвараецца Прэзідэнтам, яго Старшыня таксама назначаецца Прэзідэнтам. У адпаведнасці з Канстытуцыяй, Законам «Аб Камітэце дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь» ад 9.2.2000 і інш. нарматыўнымі актамі камітэт і яго тэр. органы ажыццяўляюць кантроль за захаваннем заканадаўства ў сістэме мясц. бюджэтаў і дзярж. мэтавых бюджэтных і небюджэтных фондаў; за расходаваннем сродкаў на ўтрыманне дзярж. органаў, захаваннем і выкарыстаннем дзярж. маёмасці; за выкананнем актаў заканадаўства па пытаннях арэнды, прыватызацыі, інвестыцыйнай дзейнасці, выкарыстання крэдытных і валютных сродкаў, атрымання, расходавання, уліку і захоўвання каштоўных металаў і каштоўных камянёў, выкарыстання чорных і каляровых металаў; за выкарыстаннем удзельнікамі рынку і Нац. банкам заканадаўства пры выпуску, размяшчэнні і абарачэнні каштоўных папер; выкананнем заканадаўства ў сферы гандлю і абслугоўвання насельніцтва, знешнеэканам. дзейнасці.

т. 18, кн. 2, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУА́М (Guam),

уладанне ЗША у зах. ч. Ціхага ак. Уключае в-аў Гуам (найб. з Марыянскіх астравоў) і суседнія невял. астравы. Пл. 549 км². Нас. 143 тыс. чал. (1993). Адм. ц. — Аганья. Афіц. мова — англійская, пашырана мясц. мова чамора. Нац. свята — Дзень працы (3 вер.).

Прырода. Паўд., больш узвышаная (г. Ламлам, 405 м) частка вострава вулканічнага паходжання, складзена з андэзітаў, паўн., нізінная — з каралавых вапнякоў. Частыя землетрасенні. Клімат трапічны, пасатны. Сярэднія месячныя т-ры каля 26 °C. Гадавая колькасць ападкаў 2000—3000 мм. Дажджлівы сезон май—лістапад. У гэты сезон бываюць тайфуны. На паўд. і ўсх. схілах вільготна-трапічныя лясы, на Пн ксерафітна-злакавыя саванны. На паўн.-ўсх. канцы — запаведнік Паці-Пойнт (пл. 304 га).

Насельніцтва. 43% складае мікранезійскі народ чамора — карэнныя жыхары вострава, 29% — выхадцы з Філіпін (пераважна ілокі), 28% — амерыканцы (ваеннаслужачыя на ваен. базах і члены іх сем’яў). Больш за 80% вернікаў католікі. Амаль усё насельніцтва сканцэнтравана ў невял. гарадах і пасёлках на ўзбярэжжы.

Гісторыя. Карэнныя жыхары — абарыгены чамора здаўна называлі востраў Гуам. Першым з еўрапейцаў в-аў адкрыў у 1521 Ф.Магелан. Да канца 17 ст. Гуам каланізавалі іспанцы (пасля задушэння шэрагу паўстанняў мясц. насельніцтва ў 1670—95), на востраве размясцілася рэзідэнцыя ісп. губернатара Марыянскіх а-воў. Асн. заняткам карэннага насельніцтва было земляробства. У 1825 і 1828 у сувязі з заходам на Гуам брыт. і амер. кітабойных суднаў пачата стварэнне партовай службы (у Апры і Уматаку). У выніку ісп.-амер. вайны 1898 востраў стаў уладаннем ЗША, якія ператварылі яго ў апорны пункт на Ціхім ак. У 2-ю сусв. вайну тут 10.12.1941 высадзіўся яп. дэсант, які прымусіў капітуляваць невял. амер. гарнізон і служачых гуамскай марской паліцыі і добраахвотніцкай арміі. 21.7.1944 у межах ваен. аперацыі «Фуражыр» на востраў высадзіліся амерыканцы і ў ходзе жорсткіх 22-дзённых баёў амаль цалкам знішчылі яп. гарнізон. Да 30.5.1946 востравам кіравала амер. ваен. адміністрацыя, ён стаў буйнейшай ваен.-марской базай ЗША на Ціхім ак. У 1949 кіраванне Гуам перададзена грамадз. адміністрацыі. Пасля прыняцця ў 1950 у ЗША «Акта аб Гуаме» ўсе жыхары вострава, якія нарадзіліся пасля 11.4.1899, атрымалі амер. грамадзянства (без права ўдзелу ў нац. выбарах), абраны мясц. аднапалатны заканад. орган — Гуамскі кангрэс (21 дэпутат). У 1952 тут створана першая ВНУ — Тэр. каледж Гуама. У 1970 гуамцам дадзена права выбіраць на 4 гады губернатара вострава (раней яго прызначаў прэзідэнт ЗША). З 1982 Гуам мае ўнутр. аўтаномію. Дзейнічаюць мясц. аддзяленні Рэсп. і Дэмакр. партый ЗША.

Гаспадарка. Аснова эканомікі — турызм. Штогод Гуам наведваюць 600—800 тыс. турыстаў (85% — японцы). Вял. значэнне маюць даходы ад ваен. аб’ектаў ЗША. На востраве 2 буйныя ваен. базы ЗША: паветраная Андэрсен, марская Апра-Харбар. Жыхары вырошчваюць агародніну, а таксама кукурузу, каву, бананы, цукр. трыснёг, тара і інш. трапічныя культуры. Гадуюць буйн. раг. жывёлу і свіней. Птушкагадоўля. Рыбалоўства. На невял. прадпрыемствах вырабляюць какосавы алей, мыла, цэмент, чарапіцу, штучны лёд, безалкагольныя напіткі, хлебабулачныя вырабы. З рамёстваў развіты пляценне, выраб сувеніраў і ўпрыгожанняў з ракавін і бісеру, разьбярства па дрэве. Унутр. транспарт аўтамабільны. Востраў — важны вузел паветр. і марскіх камунікацый. Гал. парты Апра-Харбар і Аганья. Экспарт нязначны, імпарт — прамысл. і харч. тавары. Грашовая адзінка — долар ЗША.

Літ.:

Малаховский К.В. Остров, открытый Магелланом (Гуам). М., 1975.

І.​Я.​Афнагель (прырода, гаспадарка), У.​Я.​Калаткоў (гісторыя).

т. 5, с. 512

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРЖА́ВА,

асноўны інстытут сістэмы грамадства, які з’яўляецца гал. сродкам паліт. улады, арганізоўвае, накіроўвае і кантралюе сумесную дзейнасць і ўзаемаадносіны людзей, сац. суполак, слаёў, класаў і асацыяцый. Першапачаткова азначала супольнасць людзей, якія жывуць на пэўнай тэрыторыі, аб’ядноўваюцца і кіруюцца органамі ўлады, утворанымі з мэтай абароны жыцця, свабоды і маёмасці грамадзян, забеспячэння дзярж. суверэнітэту краіны. У такім сэнсе Дз. трактавалася да 17 ст., калі Н.​Макіявелі, Т.​Гобс, Дж.​Лок, Ж.​Ж.​Русо абгрунтавалі дакладную размежаванасць Дз. і грамадства.

Асн. адзнакі Дз.: адасабленне публічнай улады ад грамадства, яе несупадзенне з арганізацыяй усяго насельніцтва, з’яўленне слоя прафес. кіраўнікоў; наяўнасць пэўнай тэрыторыі, суверэнітэту, г. зн. вярхоўнай улады над пэўнай тэрыторыяй, якая мае права выдаваць законы і ўтвараць нормы, абавязковыя для ўсяго насельніцтва; функцыянаванне асобай сістэмы органаў і ўстаноў, што складаюць механізм Дз., спецыфічнае месца ў якім займаюць праваахоўныя ін-ты (суд, пракуратура, а таксама армія, міліцыя і інш.); наяўнасць права, г. зн. абавязковых правіл паводзін, якія ўстанаўліваюцца і санкцыянуюцца, кантралююцца Дз.; існаванне падаткаў, якія неабходны для матэрыяльнага забеспячэння дзярж. палітыкі: эканам., сац., абароннай і інш.; абавязковасць членства ў Дз., грамадзянства. якое чалавек атрымлівае з моманту нараджэння ці па адпаведнай просьбе (у выніку эміграцыі і інш.).

Істотнае значэнне мае тыпалогія Дз. з пункту гледжання класавай прыроды дзярж. улады (якому сац. класу яна служыць). Існуе падзел (гал. чынам у марксісцка-ленінскай тэорыі) на рабаўладальніцкую, феад., бурж., пралетарскую Дз. Паводле формы праўлення адрозніваюць Дз. манархічную (абсалютную ў Саудаўскай Аравіі, Амане ці канстытуцыйную ў Англіі, Швецыі, Іспаніі) і рэспубліканскую (прэзідэнцкую ў ЗША, Расіі, Беларусі, Францыі і інш. ці парламенцкую ў Германіі, Ізраілі, Турцыі і інш.); паводле формы дзярж. ўладкавання — унітарную (Беларусь), канфедэратыўную (Швейцарыя), федэратыўную (Расія, ЗША, Мексіка); паводле паліт. рэжыму — дэмакратычную, аўтарытарную, таталітарную.

У сучасным грамадстве шырока абмяркоўваюцца праблемы станаўлення і развіцця прававой і сацыяльнай Дз. Для прававой Дз. характэрны: наяўнасць грамадз. супольнасці; абарона правоў і свабод асобы, грамадз. парадку, стварэнне прававых умоў для гасп. дзейнасці ўсім яе суб’ектам; прававая роўнасць усіх грамадзян, прыярытэт правоў чалавека над законамі Дз.; усеагульнасць права, яго распаўсюджанне на ўсіх грамадзян, усе арганізацыі і ўстановы, у т. л. і органы дзярж. улады; раздзяленне заканадаўчай, выканаўчай і судовай улад; суверэнітэт народа як канчатковага вытоку ўлады, падначаленасць яму дзярж. суверэнітэту. Сацыяльная Дз. — гэта такі сац.-паліт. ін-т, які забяспечвае кожнаму грамадзяніну дастойныя ўмовы існавання, сац. абароненасці, аднолькавыя магчымасці для самарэалізацыі кожнага чалавека ў грамадстве, саўдзельніцтва ў кіраванні вытв-сцю і інш. сферамі грамадскага жыцця, у т. л. палітычнага.

На тэр. Беларусі першыя дзярж. ўтварэнні існавалі ў 9—13 ст. у выглядзе буйных княстваў — Полацкага, Тураўскага, Мінскага (Менскага), Гродзенскага (Гарадзенскага), Навагрудскага (гл. адпаведныя арг.). Далейшае развіццё дзяржаўнасць набыла ў Вялікім княстве Літоўскім. У 1569 ВКЛ уступіла ў канфедэратыўны саюз з Польшчай і стварыла разам з ёй адзіную Дз. Рэч Паспалітую. У выніку 3 падзелаў Рэчы Паспалітай землі Беларусі былі далучаны да Расійскай імперыі. Адраджэнне бел. дзяржаўнасці адбылося ў пач. 20 ст. з абвяшчэннем Беларускай Народнай Рэспублікі (25.3.1918) і ўтварэннем Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (1.1.1919). 27.7.1990 прынята Дэкларацыя аб дзярж. суверэнітэце БССР. На сесіі Вярхоўнага Савета БССР 19.9.1991 зацверджана назва Дз. — Рэспубліка Беларусь. Паводле новай рэдакцыі Канстытуцыі 1994, зацверджанай рэферэндумам 1996, Рэспубліка Беларусь з’яўляецца унітарнай дэмакр. сацыяльна-прававой Дз.

Літ.:

Доўнар-Запольскі М.В. Асновы Дзяржаўнасьці Беларусі. Мн., 1994;

Пугачев В.П., Соловьев А.И. Введение в политологию. 3 изд. М., 1997;

Матусевич А.В. Политическая система: Состояние и развитие. Кн. 1. Мн., 1992;

Юхо Я.А. Кароткі нарыс гісторыі дзяржавы і права Беларусі. Мн., 1992.

Я.​М.​Бабосаў.

т. 6, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДМІНІСТРАЦЫЙНАЕ ЗАКАНАДАЎСТВА.

Уяўляе сабой сукупнасць нарматыўных прававых актаў і норм, якія рэгулююць асаблівую групу грамадскіх адносін, што складваюцца гал. чынам у сферы дзярж. кіравання і выканаўчай дзейнасці. Паводле юрыд. сілы акты адм. заканадаўства падзяляюць на 2 віды: заканадаўчыя, да якіх адносяцца Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, законы Рэспублікі Беларусь, дэкрэты і ўказы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь; нарматыўныя прававыя акты органаў дзярж. кіравання (выканаўчай улады), у т. л. пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, нарматыўныя акты мясц. Саветаў і інш. Найб. важнымі законамі, якія змяшчаюць нормы, што рэгулююць кіраўніцкія грамадскія адносіны, з’яўляюцца законы «Аб Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь» (24.6.1998), «Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь» (20.2.1991), «Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь» (10.1.2000), «Аб міліцыі» (26.2.1991), «Аб зваротах грамадзян» (6.6.1996), «Аб дзяржаўнай службе ў Рэспубліцы Беларусь» (14.6.2003) і інш. Прававыя нормы, звязаныя з адм. рэгуляваннем адносін у розных сферах жыццядзейнасці грамадства, утрымліваюцца ў нарматыўных актах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Сярод іх дэкрэты «Аб дадатковых мерах па ўдасканаленні працоўных адносін, умацаванні працоўнай і выканаўчай дысцыпліны» (26.7.1999), «Аб ліцэнзаванні асобных відаў дзейнасці» (14.7.2003), «Аб упарадкаванні затрымкі тавараў, транспартных сродкаў пры правядзенні мытнага кантролю, іх захавання, звароту і рэалізацыі» (18.11.2003); указы «Аб зацвярджэнні кадравага рэестра Кіраўніка дзяржавы Рэспублікі Беларусь» (8.11.2001), «Аб мерах па ўдасканаленні нарматворчай дзейнасці» (11.8.2003) і інш.

Юрыд. сіла нарматыўных прававых актаў вызначаецца статусам органа дзярж. кіравання, які іх выдае. Акты Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь пасля актаў Прэзідэнта маюць самы высокі статус у сістэме органаў дзярж. кіравання. Да такіх актаў адносяцца зацверджаныя ўрадам палажэнні аб ліцэнзаванні адукацыйнай дзейнасці, аб адстаўцы дзярж. служачага, прыкладны статут спец. навуч.-выхаваўчай установы; пастановы аб упарадкаванні прац. і прадпрымальніцкай дзейнасці замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія часова пражываюць на тэр. Рэспублікі Беларусь, аб заключэнні кантрактаў з некаторымі асобамі, што прызначаюцца на пасады і вызваляюцца ад пасад Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь і інш. Па аналагічных пытаннях выдаюць нарматыўныя прававыя акты і рэсп. органы дзярж. кіравання, мясц. выканаўчыя і распарадчыя органы (напр., аб умовах працы розных катэгорый работнікаў, аб правілах аўтамабільных перавозак пасажыраў, аб прапускных і ўнутрыаб’ектных рэжымах у адм. будынках і на аб’ектах мытнай інфраструктуры, аб парадку кіравання і распараджэння дзярж. маёмасцю на тэр. пэўнай вобласці Беларусі).

Да спец. нарматыўных прававых актаў адм. заканадаўства належаць тыя, якія змяшчаюць толькі нормы адм. права. Сярод іх Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адм. правапарушэннях, Палажэнне аб апараце Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Аб структуры і колькасці работнікаў выканаўчых камітэтаў і мясцовых адміністрацый раёнаў у гарадах», Дысцыплінарны статут органаў унутр. спраў, Правілы дарожнага руху і інш. Агульныя нарматыўныя акты адм. заканадаўства ўтрымліваюць як нормы адм. права, так і нормы інш. галін права (напр., Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, законы «Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь», «Аб дзяржаўнай службе ў Рэспубліцы Беларусь» і інш.). Паводле маштабу дзеяння адм. заканадаўства складаецца з нарматыўных прававых актаў, якія выдаюцца (прымаюцца): на рэсп. рэферэндуме (Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь), дзярж. органамі рэсп. ўзроўню (Прэзідэнт, Нац. сход, Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь) і рэсп. органамі дзярж. кіравання; органамі мясц. ўзроўню (выканаўчыя камітэты і іх структурныя падраздзяленні); органамі ўнутр. кіравання (адміністрацыі ўстаноў і прадпрыемстваў). Дзеянне актаў 1-га ўзроўню пашыраецца на ўсю тэр. краіны, 2-га — на тэр. адм.-тэр. адзінкі, 3-га — у маштабе асобнай установы, прадпрыемства.

Кр.:

Кодекс Республики Беларусь об административных правонарушениях. Мн., 1998.

Літ.:

Пастникова А.А., Сухаркова А.И. Административное право Республики Беларусь. Мн., 1998;

Круглов В.А. Основы права Республики Беларусь. Мн., 2002.

А.​М.​Крамнік.

т. 18, кн. 2, с. 129

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)