ЛІ́НЗА ў геалогіі,
геалагічнае цела (горныя пароды, карысныя выкапні і інш.) круглаватай або авальнай формы. Магутнасць найб. ў сярэдзіне, памяншаецца да нуля па краях.
т. 9, с. 269
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАРСТВА́,
рыхлы матэрыял, складзены з вуглаватых абломкаў горных парод і мінералаў памерам 1—10 мм, утвораных пры выветрыванні пераважна магматычных парод. Гл. таксама Абломкавыя горныя пароды.
т. 6, с. 426
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕГАРЭЛЬЕ́Ф (ад мега... + рэльеф),
самыя буйныя формы рэльефу сушы, дна акіянаў і мораў. Уключае планетарныя формы (мацярык, ложа акіяна) і буйныя формы (горныя краіны, вял. раўніны).
т. 10, с. 246
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГМАТЫ́ЗМ,
працэсы ўтварэння, пранікнення ў горныя пароды і ўзаемадзеяння з імі, вывяржэння і крышталізацыі магмы. М. — праяўленне глыбіннай актыўнасці Зямлі; цесна звязаны з яе развіццём, цеплавой гісторыяй і тэктанічнай эвалюцыяй. Адрозніваюць М. геасінклінальны, платформавы, акіянічны; па глыбіні праяўлення (умовах застывання магмы) — абісальны, гіпабісальны, субвулканічны, паверхневы (гл. Вулканізм); паводле саставу — ультраасноўны, асноўны, сярэдні, кіслы, шчолачны. М. сучаснай геал. эпохі развіты ў межах Ціхаакіянскага геасінклінальнага пояса, сярэдзінна-акіянічных хрыбтоў, рыфтавых зон Афрыкі і Міжземнамор’я і інш. На Беларусі да геасінклінальнага М. адносяць архей-раннепратэразойскі і раннепратэразойскі, да платформавага — познапратэразойскі і дэвонскі. Гл. таксама Магматычныя горныя пароды.
т. 9, с. 475
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУЛКАНІ́ЧНЫЯ ГО́РЫ,
ізаляваныя горы і хрыбты, якія ўтварыліся ў выніку вулканічных вывяржэнняў. Напр., вулканічны хрыбет ва Усх. Карпатах, а таксама вулканічныя нагор’і (Армянскае нагор’е); могуць утвараць горныя краіны (Камчатка).
т. 4, с. 293
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕЛІ́ТЫ (ад грэч. pēlos гліна),
асадкавыя горныя пароды любога саставу і паходжання, складзеныя больш чым на 50% з часцінак памерам менш за 0,001—0,005 мм (гліна, аргіліт і інш.).
т. 12, с. 263
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́МАН-КОШ,
найбольш высокая вяршыня Крымскіх гор. Размешчана ў іх Паўд. градзе, у масіве Бабуган-Яйла. Выш. 1545 м. Складзена з вапнякоў. Камяністыя горныя лугі, каля ўсх. падножжа — карставы ландшафт.
т. 13, с. 294
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАПЛА́НДСКІ ЗАПАВЕ́ДНІК.
На Кольскім п-ве ў бас. воз. Імандра, у Мурманскай вобл., Расія. Засн. ў 1930 з мэтай аховы дзікага паўн. аленя, асяроддзя яго месцаў пражывання. Пл. больш за 278 тыс. га. Рэльеф гарысты. Схілы, цясніны, абрывы, азёрныя катлавіны, рэкі і горныя ручаі. Рэдкастволыя хваёвыя і яловыя лясы з прымессю бярозы. Горныя тундры. Месцамі забалочаныя ўчасткі. У флоры 530 відаў сасудзістых раслін, 184 імхоў, 106 лішайнікаў. Пераважаюць вечназялёныя расліны. Шмат ягаднага кустоўя, насякомаедных раслін (расянка, тлушчанка, плывунец). У фауне 30 відаў млекакормячых, у т. л. паўн. алень, лось, буры мядзведзь, ліс, куніца, вавёрка, заяц; 180 — птушак, у т. л. глушэц, цецярук, рабчык, белая і тундравая курапаткі, ястраб, сава.
т. 9, с. 133
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКРАРЭЛЬЕ́Ф (ад макра... + рэльеф),
буйныя формы рэльефу (горныя хрыбты, пласкагор’і, раўніны, нізіны), што ўтвораны пераважна эндагеннымі працэсамі і вызначаюць асн. асаблівасці прыроды вял. рэгіёнаў. Для раўнінных ландшафтаў характэрна занальна-сектарная дыферэнцыяцыя, для горных — вышынная пояснасць.
т. 9, с. 542
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЗЫ́БСКІ ХРЫБЕ́Т, Бзіпскі,
у Абхазіі, на паўд. схіле Вял. Каўказа. Выш. да 3033 м (г. Хімса). Даўж. каля 50 км. Складзены пераважна з вапнякоў. Развіты карст. Схілы ўкрыты шыракалістымі і хваёвымі лясамі, у верхняй ч. — горныя лугі.
т. 3, с. 138
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)