танцоўшчыца. Прыгонная падскарбія надворнага літ. А.Тызенгаўза. Вучылася ў яго балетнай школе ў Паставах. У 1785—94 (з перапынкам) у складзе трупы «Т-ва танцоўшчыкаў яго каралеўскай вялікасці» ў Варшаве. Выступала (з 1790 як Дырэнталь) на каралеўскай сцэне і ў Нац. т-ры, другая салістка (сярод партый Пастушка ў балеце «Лукас і Калінета»). Пасля 1794, відаць, працавала ў Варшаве ў трупе «Нацыянальныя танцоры» і антрэпрызе С.Гальніцкага і К.Аўсінскага, у 1795 выступала ў Гродне і Львове, з 1797 — у Варшаве ў антрэпрызе Т.Трускаляскага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІМЕ́НТ СМАЛЯ́ЦІЧ, Клім Смаляціч (?, Смаленск — пасля 1164),
мысліцель, царк. дзеяч, пісьменнік. У 1148 — каля 1155 мітрапаліт кіеўскі і ўсяе Русі. Адукацыю атрымаў, відаць, у Канстанцінопалі. Паводле летапісу, ведаў ант. л-ру, быў знаёмы з творчасцю Гамера, Платона, Арыстоцеля, быў кніжнікам і філосафам. Прыхільнік развіцця ўсходнеслав. культуры, адзін з першых абаронцаў незалежнасці рус.правасл. царквы ад Візантыі. Захаваўся адзіны літ. твор К.С. — «Пасланне смаленскаму прэсвітэру Фаме», у якім ён разважаў пра межы інтэрпрэтацыі Свяшчэннага Пісання, падкрэсліваў духоўна-маральную прыроду чалавека. Важнае месца ў яго светапоглядзе займалі ідэя няхцівасці, акцэнт на духоўным, вечным, непрыняцці ўсяго часовага, матэрыяльнага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЯ́РНАЯ ЗО́РКА α Малой Мядзведзіцы, самая яркая зорка (2-й зорнай велічыні) у сузор’і Малой Мядзведзіцы. Размешчана на адлегласці каля 1° ад Паўн. полюса свету, таму захоўвае амаль нязменнае становішча пры бачным сутачным вярчэнні нябеснай сферы. Паказвае напрамак на Пн і шырату месца назірання, прыблізна роўную вышыні П.з. над гарызонтам. П.з. — падвойная зорка, складаецца з цэфеіды (перыяд пульсацыі каля 4 дзён, амплітуда змены бляску 0,12 зорнай велічыні) і карлікагал. паслядоўнасці. Аддалена ад Сонца на 1000 св. гадоў. На Беларусі відаць круглы год.
А.А.Шымбалёў.
Схема вызначэння становішча Палярнай зоркі на небе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУНІ́ЦКІ (Сымон Фаміч) (28.2.1902, в. Гарані Мінскага р-на — 14.10.1940),
бел. крытык і літ.-знавец. Скончыў БДУ (1931). Працаваў у Ін-це мовы, л-ры і мастацтва АН Беларусі. У 1936 рэпрэсіраваны, загінуў, відаць, на Калыме. Рэабілітаваны ў 1954. Друкаваўся з 1928. Аўтар рэцэнзій і артыкулаў пра творчасць З.Астапенкі, А.Александровіча, С.Баранавых, Т.Кляшторнага, Я.Купалы, М.Лынькова, Б.Мікуліча, А.Салагуба, Я.Скрыгана і інш. Аддаваў шмат увагі творам пра дзяцей. Яго скоўвалі каноны вульгарнага сацыялагізму, захапляўся творчасцю рабочых-ударнікаў. «Нацдэмаўскія ўплывы» знаходзіў у творчасці У.Хадыкі, В.Маракова і інш.
Літ.:
Скрыган Я. Некалькі хвілін чужога жыцця. Мн., 1979. С. 94—97.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САРАКІ́,
у беларусаў веснавое свята нар. календара. Правасл. царква прымеркавала да яго дзень 40 пакутнікаў (адзначалася 9 сак.с. ст.). Лічба 40 часта абыгрывалася ў павер’ях і абрадавых дзеяннях. Дзяўчаты на С. пераломвалі 40 дошчачак і разрывалі 40 вяровачак (сімвалізавалі, відаць, сілы, што скоўвалі зямлю), каб наблізіць надыход цяпла, абудзіць ад зімовага сну ўсю жывую прыроду. Калі на С. здараўся мароз, то чакалі яшчэ 40 маразоў і за кожным з іх з’ядалі па аднаму з 40 хлебных шарыкаў, спечаных да свята. На С. звычайна чакалі пацяплення, «адпушчэння» дрэў і прылёту птушак. Калі ад грамніц да С. трымалася добрае сухое надвор’е, то летам чакалася засуха.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТА́ДЭ (van Ostade),
галандскія жывапісцы. Браты. Адрыян ван Астадэ (хрышчаны 10.12.1610, г. Харлем, Нідэрланды — 2.5.1685), майстар быт. жанру. Вучыўся, відаць, у Ф.Халса. Спачатку ствараў грубавата-гратэскавыя сцэны гулянак і боек у духу А.Браўэра («Бойка», 1637). Пазней пад уплывам Рэмбранта пісаў у мяккай, карычнявата-залацістай танальнасці, выкарыстоўваючы эфекты святлаценяў. Творы гэтага перыяду са сцэнамі сял. жыцця («Школьны настаўнік», 1662; «У вясковай карчме», 1660) адметныя дабрадушным гумарам і рысамі сузіральнасці. Ісаак ван Астадэ (хрышчаны 2.7.1621, г. Харлем — 16.10.1649). Вучань свайго брата. Пісаў вясковыя пейзажы, вытрыманыя ў сярэбраным каларыце, які тонка перадае асаблівасці асвятлення, уключаў жанравыя сцэны («Зіма», 1640; «Замерзлае возера», 1642).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЖЫЦІІ́ СВЯТЫ́Х»,
помнік бел. перакладной агіяграфічнай л-ры 17 ст. Перакладзены з польскай мовы. Першакрыніца — «Жыціі святых» П.Скаргі. Вядомы тры скарочаныя бел. пераклады. Найб. поўны (141 жыціе) створаны ў 2-й пал. 17 ст., відаць, у Магілёве, захаваў многія літ. асаблівасці арыгінала. Бел. перакладчыкі выбіралі творы пра найб. вядомых «святых», часам уносілі змены ў тэксты (апускалі выпады супраць праваслаўных і пратэстантаў, пахвалы рымска-каталіцкаму касцёлу і інш.). Творы ў зборніку маюць сярэдневяковы рэліг.-аскетычны, дыдактычны характар, схематычныя вобразы, але дзякуючы багаццю зместу, даходлівасці выкладу былі папулярныя сярод бел., польскіх і ўкр. чытачоў.
Літ.:
Гудзий Н.К. Переводы «Żywotów śwętych» Петра Скарги в Юго-Западной Руси. Киев, 1917;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІАА́Н ДАМАСКІ́Н (Iōannēs Damaskēnos; каля 675, г. Дамаск, Сірыя — каля 749),
візантыйскі багаслоў, філосаф, паэт.Відаць, быў набліжаным да халіфа, потым манахам (да 700). Выступаў як вядучы ідэйны праціўнік іканаборства. Завяршальнік і сістэматызатар грэч.патрыстыкі. На аснове арыстоцелеўскай логікі стварыў асновы схаластычнага метаду (гл.Схаластыка), што пазней развіты сярэдневяковымі тэолагамі Захаду. Яго гал. твор «Крыніца ведаў» паўплываў на погляды многіх тэолагаў. У гісторыі л-ры ён вядомы як паэт, аўтар царк. песнапенняў. Яго творы распаўсюджваліся і ва ўсх.-слав. краінах (Грузіі, Стараж. Русі і інш.). Верагодна, аўтар рамана «Варлаам і Іасаф».
Тв.:
Рус.пер. — у кн.: Антология мировой философии;
М., 1969. Т. 1, ч. 2. С. 621—26;
Памятники византийской литературы IV—IX вв. М., 1968. С. 270—280.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУНТУ́Ш,
верхняе мужчынскае адзенне, што апраналі на жупан. К. прыйшоў з Венгрыі ў Польшчу, у 16 ст. — на Беларусь і разам з жупаном стаў традыц. адзеннем заможнай шляхты. Шылі доўгі, ніжэй каленяў, з разрэзанымі рукавамі, якія свабодна звісалі або закідваліся на плечы. Верхняя частка заўсёды расшпілена, каб быў відаць жупан. У 16 ст. К. шылі з сукна, пазней з шоўку, зімою падшывалі лёгкім футрам. Колер К. звычайна яркі, але цямнейшы за жупан; падкладка інш. колеру; дадаткам быў тканы каляровы пояс, у т. л.слуцкія паясы. З 1778 К. і жупан у паасобных ваяводствах мелі пэўны вызначаны колер, што надавала ім характар ваяводскага мундзіра. У 2-й пал. 19 ст. стаў урачыстым адзеннем арыстакратыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЛЯЗІ́НКА»,
«Лязгінка», бел.нар. танец. Муз. памер 2/4, тэмп умераны. Вядомы з канца 19 — пач. 20 ст. (зафіксаваны ў 1970-я г. ў в. Глінка і Гарадзец Столінскага р-на). Выконваецца парамі: юнак стаіць злева ад дзяўчыны, трымаючы правай рукой (ззаду над правым плячом) яе правую руку, левыя рукі партнёраў, сагнутыя ў локцях, злучаны. Пары злёгку паварочваюцца то ў левы, то ў правы бок, выносячы на абцас адпаведна левую і правую нагу і прытупваючы на месцы, потым робяць поўны абарот у левы бок, прытупваюць, адбіваючы рытм. Асобныя танцоры ўключаюць элементы імправізаванага танца, выконваючы адзін перад адным дробныя выстукванні, пры гэтым правую руку, сагнутую ў локці, трымаюць на ўзроўні грудзей, а левую адводзяць убок, што нагадвае «Лезгінку» (адсюль, відаць, і назва «Л.»).