АНАДЗІ́РАВАННЕ,

утварэнне плёнкі вокісу электрахімічным спосабам (электролізам) на паверхні метал, вырабаў. Пры анадзіраванні вырабы, апушчаныя ў электраліт, злучаюць з анодам крыніцы току. Вокісныя плёнкі (таўшчынёй 1—200 мкм) маюць павышаную цвёрдасць, гарача- і зносаўстойлівасць, электраізаляцыйныя ўласцівасці, моцна злучаюцца з металам, з’яўляюцца добрай асновай для лакафарбавых пакрыццяў. Анадзіруюць пераважна алюміній і яго сплавы. Анадзіраванне выкарыстоўваюць у машынабудаванні (для аховы вырабаў ад карозіі), прыладабудаванні (для аховы прылад ад мех. і хім. уздзеянняў і дэкар. ўпрыгажэння), самалётабудаванні і радыёэлектроніцы.

т. 1, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ ТЭ́ХНІКУМ-ПРАДПРЫЕ́МСТВА ЛЁГКАЙ ПРАМЫСЛО́ВАСЦІ.

Засн. ў 1945 у Мінску як тэхнікум лёгкай прам-сці. З 1989 сучасная назва. Рыхтуе тэхнікаў-канструктараў-тэхнолагаў, тэхнікаў-тэхнолагаў, тэхнікаў-механікаў, бухгалтараў. Спецыяльнасці (1999/2000 навуч. г.): тэхналогія і канструяванне вырабаў са скуры; апрацоўка тканіны; тэхн. абслугоўванне і рамонт абсталявання абутковай вытв-сці; бухгалтарскі ўлік у лёгкай прам-сці; прадзенне шэрсці і хім. валокнаў; тэхналогія тканіны і тканых вырабаў. Прымаюцца асобы з базавай і сярэдняй адукацыяй. Навучанне дзённае і завочнае.

т. 10, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАКАЛЕ́Я (ад араб. бакал прадавец харчовых прыпасаў),

абагульненая назва некаторых харч. тавараў — круп, мукі, кандытарскіх вырабаў, солі, чаю, кавы, прыпраў і інш.

т. 2, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́МАВАГА АБУ́ТКУ ВЫТВО́РЧАСЦЬ,

падгаліна гумаазбеставай прамысловасці для вырабу абутку з натуральнага або сінт. каўчуку з выкарыстаннем тэкст. матэрыялаў. У залежнасці ад прызначэння гумавы абутак падзяляюць на бытавы, спарт. і тэхн.; апошні прызначаны для аховы ног чалавека ад уздзеяння вады, агрэсіўных асяроддзяў (кіслот, шчолачаў і інш.), нізкіх т-р, удараў і інш. (напр., боты для рыбакоў, шахцёраў, рабочых хім. вытв-сцей і інш.). Абутак падзяляецца па відах тэхналогіі стварэння: клеены (на канвеерах — склейваннем папярэдне падрыхтаваных дэталей), штампаваны (штампуюць на спец. прэсах з наступнымі лакіраваннем і вулканізацыяй), фармаваны (прасуюць у формах з адначасовай вулканізацыяй). Гэта вытв-сць развіта ў многіх краінах свету, асабліва ў ЗША, Германіі, Японіі, Расіі, краінах Еўропы. На Беларусі гумавага абутку вытворчасць развіваецца з 1950-х г. Дзейнічаюць Гомельскі завод хімічных вырабаў, Капыльскі завод гумава-тэхнічных вырабаў, Крычаўскі завод гумавых вырабаў.

т. 5, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПРАЦО́ЎЧАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

уключае галіны вытв-сці па перапрацоўцы прамысл. і с.-г. сыравіны. Да яе адносяцца прадпрыемствы па вытв-сці чорных і каляровых металаў, пракату, хім. і нафтахім. прадуктаў, машын і абсталявання, вырабаў дрэваапр. і цэлюлозна-папяровай прам-сці, цэменту і інш. буд. матэрыялаў, прадпрыемствы па рамонце прамысл. вырабаў, цеплаэлектрастанцыі, тэкстыльная, мясная, цукр. прам-сць і інш. Доля апрацоўчай прамысловасці ва ўсёй прамысл. прадукцыі адлюстроўвае ступень індустр. развіцця краін і прагрэсіўнасць галіновай структуры прам-сці. У структуры прам-сці Беларусі пераважае апрацоўчая прамысловасць.

т. 1, с. 435

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЦЁМЕНКА (Кацярына Гаўрылаўна) (н. 10.10.1925, с. Пяскі-Радзькаўскія Бароўскага р-на Харкаўскай вобл.),

бел. майстар пляцення мастацкіх вырабаў з саломы. Засл. работнік культуры Беларусі (1980). Заснавальніца промыслу саломапляцення на Магілёўскай ф-цы маст. вырабаў. У творчасці этнагр. і быт. сюжэты («Вяселле», «Беларускія дзяўчаты», «Хлеб-соль Магілёўшчыны», «Тройка», «Конь-агонь»), анімалістычная тэматыка (цукерніцы, каўшы, хлебніцы і інш. ў выглядзе жывёл і птушак). Лепшыя работы захоўваюцца ў Нац. маст. музеі Беларусі, Нац. музеі гісторыі і культуры Беларусі і інш.

Я.​М.​Сахута.

К.Арцёменка. Конь-агонь.

т. 1, с. 535

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Аршанскі завод сілікатнай цэглы 1/486; 2/449, гл. Аршанскі камбінат сілікатных вырабаў

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЫ́РАВАННЕ,

насычэнне борам паверхні вырабаў са сталі і сплаваў на аснове нікелю, кобальту і тугаплаўкіх металаў. Павышае іх цвёрдасць, цепла- і зносаўстойлівасць (асабліва абразіўную і каразійную). Праводзіцца дыфузійным ці электралітычным спосабам у боразмяшчальных парашковых сумесях, у расплавах соляў бору (часцей бураксу). Барыраванне пры т-ры 900—1100 °C на працягу 5—6 гадз утварае барыраваны слой таўшчынёй 0,1—0,3 мм. Пры т-ры, большай за 1174 °C, на паверхні стальных вырабаў утвараецца слой барыднай эўтэктыкі. Барыраванне выкарыстоўваецца для вырабу ўтулак буравых помпаў, штампаў, матрыц, прэс-формаў і інш.

т. 2, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЎНА,

валасяное покрыва авечак; сыравіна для вытв-сці шарсцяных тканін, трыкатажу і валеных вырабаў. Воўну падзяляюць на аднародную (тонкую і паўтонкую) і неаднародную (грубую і паўгрубую). Тонкая воўна — найб. каштоўная сыравіна, якая складаецца з пуховых валокнаў. Атрымліваюць яе ад танкарунных авечак. Паўтонкая воўна мае больш тоўстыя пуховыя або тонкія пераходныя валокны (воўна паўтанкарунных парод). Грубая і паўгрубая воўна складаецца з пуху, пераходнага воласу і восці (воўна грубашэрсных і паўгрубашэрсных парод). Паўгрубую воўну выкарыстоўваюць пераважна ў дывановай прам-сці, грубая ідзе на выраб грубага сукна, валеных вырабаў. Гл. таксама Авечкагадоўля.

т. 4, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРАНЕ́ННЕ,

працэс атрымання слоя аксідаў жалеза таўшчынёй 1—10 мкм на паверхні дэталяў і вырабаў з вугляродзістай або нізкалегіраванай сталі і чыгуну; прыватны выпадак аксідавання.

Выкарыстоўваецца для ахоўна-дэкар. аддзелкі вырабаў (зброі, прылад і інш.) — надання паверхні карычневага, цёмна-сіняга або чорнага колеру розных адценняў з захаваннем метал. бляску. Раней вараненне рабілі награваннем дэталяў да 265—275 °C і праціркай іх паверхні рыззём, намочаным у канапляным алеі. У сучаснай вытв-сці практыкуецца шчолачнае, кіслотнае і тэрмічнае вараненне. Жалезааксідныя пакрыцці маюць невысокую зносаўстойлівасць і каразійную ўстойлівасць.

т. 3, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)