філасофская школа ў Стараж. Грэцыі, заснаваная ў 4 ст. да н.э. вучнем Сакрата Арыстыпам з г. Кірэна. Асн. прадстаўнікі Арэта і Арыстып Малодшы (дачка і ўнук Арыстыпа), Феодар, Эўгемер, Анікерыд і Гегесій. Прыхільнікі К.ш. развівалі этычны бок вучэння Сакрата, прапаведавалі геданізм, аб’яўлялі мэтай жыцця асалоду, падкрэслівалі пры гэтым неабходнасць практычнай дзейнасці як перадумовы асалоды і праяўлення актыўнай волі чалавека для таго, каб не трапіць у палон саміх уцех. Адсюль агульны прынцып універсальнасці чалавека, які павінен умець кіраваць і падпарадкоўвацца, быць патрыётам свайго поліса і адначасова не з’яўляцца аднабаковай асобай. Этычныя погляды К.ш. паўплывалі на філасофію эпікурэізму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАЛЯ́БАЎ (Андрэй Іванавіч) (29.8.1851, с. Султанаўка, Рэспубліка Крым, Украіна — 15.4.1881),
расійскі рэвалюцыянер-народнік. Скончыў Керчанскую гімназію (1869), вучыўся ў Новарасійскім ун-це ў Адэсе. За ўдзел у студэнцкіх хваляваннях (кастр. 1871) выключаны з ун-та і высланы. З 1873 чл. гуртка чайкоўцаў, вёў рэв. прапаганду сярод рабочых і інтэлігенцыі Адэсы. Удзельнік Ліпецкага і Варонежскага з’ездаў (1879), чл. выканаўчага к-та«Народнай волі», сааўтар яе гал. праграмных дакументаў, у т. л. дэкларацыі. Адзін з удзельнікаў замаху на жыццё Аляксандра II; 27.2.1881 арыштаваны, асуджаны. Павешаны, тайна пахаваны на Праабражэнскіх могілках у Пецярбургу.
Літ.:
Ходаковский М.П. Крым в биографии А.И.Желябова // История СССР. 1988. № 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗА́ЛКІНД (Леанід Самойлавіч) (1861, г. Чавусы Магілёўскай вобл. — 17.9.1929),
удзельнік рэв.-народніцкага руху. Вучыўся ў Магілёўскай гімназіі. У 1880 далучыўся да «Народнай волі». З 1881 студэнт Кіеўскага ун-та, адзін з арганізатараў «Камуны магілёўцаў». У 1882 у нарадавольскай групе А.Бычкова (гл. ў арт.Бычковы), удзельнічаў у аднаўленні разгромленай нарадавольскай арг-цыі Кіева. У 1882 і 1883 арыштаваны, у 1884 высланы на 5 гадоў ва Усх. Сібір, дзе збіраў матэрыялы пра жыццё і дзейнасць дзекабрыстаў у ссылцы. З 1889 у Краменчугу, пасля 1917 у Маскве, заг. б-кі Політэхн. музея. Аўтар успамінаў пра народніцкі рух і яго дзеячаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕДАТЫКА́ЛЬНАСЦЬ ЖЫЛЛЯ́,
адно з асноўных канстытуцыйных асабістых правоў чалавека. Паводле Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь (арт. 29) ніхто не мае права без законнай падставы ўвайсці ў жыллё і інш. законнае ўладанне грамадзяніна супраць яго волі. Гал. гарантыя Н.ж. заключаецца ў тым, што вобыскі праводзяцца толькі на падставе матываванай пастановы следчага, якая санкцыянавана пракурорам або яго намеснікам (за выключэннем выпадкаў, калі адкладваць нельга — з захаваннем усіх прадпісанняў законаў). У інш. выпадках самавольнае ўварванне ў жыллё дапускаецца толькі для прадухілення сур’ёзнай і сапраўднай пагрозы грамадскай бяспецы, а таксама жыццю і здароўю людзей. Гарантыі Н.ж. могуць быць абмежаваны ў перыяд дзеяння надзвычайнага і ваен. становішча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАТАБНЯ́ (Андрэй Апанасавіч) (31.8.1838, с. Перакопаўка Роменскага р-на Сумскай вобл., Украіна — 5.3.1863),
рэвалюцыйны дэмакрат, удзельнік паўстання 1863—64. Вучыўся ў Полацкім кадэцкім корпусе. Скончыў Канстанцінаўскі кадэцкі корпус у Пецярбургу (1856), афіцэрскую школу ў Царскім Сяле (1859). Служыў прапаршчыкам, потым падпаручнікам у 15-м Шлісельбургскім палку ў Польшчы. Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў Камітэта рускіх афіцэраў ў Польшчы. Трымаў сувязь з Я.Дамброўскім, З.Серакоўскім, А.І.Герцэнам, М.П.Агаровым, у час наведвання Лондана вёў перагаворы пра рус.польскі рэв. саюз. З ліст. 1862 чл.«Зямлі і волі». З лют. 1863 у атрадах ген.
М.Лянгевіча, смяротна паранены ў баі супраць царскіх войск.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛЬПЕ́РЫН (Яфім Абрамавіч) (каля 1855, Мінск — ?),
рэвалюцыянер-народнік. Вучыўся ў Мінскай гімназіі. У 1874 далучыўся да ідэй народніцкага сацыялізму. У 1875—76 вёў «лятучую прапаганду» сацыялізму ў Смаленскай і Тульскай губ. Вярнуўся ў Мінск, супрацоўнічаў з землявольскім гуртком М.Л.Велера. Пасля расколу «Зямлі і волі» далучыўся да «Чорнага перадзелу», кіраваў яго гуртком у Гродне. З канца 1881 у Мінску далучыўся да нарадавольскага гуртка Я.С.Хургіна. З 1885 уваходзіў у гурток І.А.Гурвіча, вёў прапагандысцкую работу ў т.зв. «ісаакаўскіх» рабочых гуртках, супрацоўнічаў з газ.«Минский листок». Адзін са стваральнікаў Рабочай партыі палітычнага вызвалення Расіі. У 1900 арыштаваны, сасланы на 5 гадоў у Сібір. У 1924 напісаў успаміны пра рэв. дзейнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЁС,
у міфалогіі, ірацыяналістычных філас. сістэмах, паўсядзённым усведамленні незразумелая, недаступная розуму, загадкавая прадвызначанасць падзей і ўчынкаў. У старажытнагрэч. міфалогіі ўвасаблялася ў вобразах Мойраў (трох багінь Л.). Стараж. рымляне называлі іх Паркамі і верылі ў няўхільную прадвызначанасць усяго, што адбываецца з чалавекам, у яго фатальнасць. У хрысціянстве і інш. рэлігіях Л. выступае ў выглядзе боскага прадвызначэння, вышэйшай істоты. Некаторыя рэліг. кірункі (каталіцызм, праваслаўе) імкнуцца паслабіць фатальнасць уяўленняў аб Л. пры дапамозе эклектычнага спалучэння ідэі боскага прадвызначэння і свабоды волі асобы. Вера ў Л. з’яўляецца перадумовай узнікнення існавання астралогіі. У канцы 19 ст. паняцце Л. мела пашырэнне ў філасофіі жыцця. У звычайным жыцці Л. азначае долю, жыццёвы шлях, збег абставін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЗІРА́ЛЬНЫЯ КАМІ́СІІ Рэспублікі Беларусь, органы грамадскага кантролю за дзейнасцю папраўча-працоўных устаноў. Створаны ў 1965 пры выканкомах раённых, гар. і абл. Саветаў і пры СМ з ліку дэпутатаў Саветаў, таксама прадстаўнікоў грамадскіх арг-цый і прац. калектываў. Склад Н.к. зацвярджаецца мясц. Саветамі. Іх дзейнасць рэгулюецца папраўча-працоўным заканадаўствам і Палажэннем аб Н.к. Асн. задачы: кантроль за дзейнасцю органаў, якія выконваюць пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі, папраўчых работ з пункту гледжання захавання імі патрабаванняў заканадаўства, за арганізацыяй і правядзеннем выхаваўчай работы з асуджанымі, прыцягненне грамадскасці да перавыхавання асуджаных, назіранне за паводзінамі асоб у быце і на вытворчасці пасля адбыцця імі пакарання, аказанне дапамогі ім у прац. і быт. уладкаванні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́КА ((Vico) Джамбатыста) (23.6.1668, г. Неапаль, Італія — 23.1.1744),
італьянскі філосаф. З 1697 праф. рыторыкі ун-та ў Неапалі, з 1734 каралеўскі гістарыёграф. Зазнаў уплыў Платона, Тацыта, Ф.Бэкана, Г.Гроцыя. У сваёй гал. працы «Асновы новай навукі пра агульную прыроду нацый» (1725) распрацаваў тэорыю гіст. кругавароту, паводле якой усе нацыі развіваюцца па цыклах, што складаюцца з трох эпох: божай (адсутнасць дзяржавы як сацыяльнага інстытута), гераічнай (наяўнасць арыстакратычнай дзяржавы) і чалавечай (дэмакр. Рэспубліка ці прадстаўнічая манархія). Прызнаючы вырашальнае значэнне дзейнасці людзей, адводзіў важную ролю ў ажыццяўленні гіст. Працэсу вышэйшай (божай) волі (гл.Правідэнцыялізм). Свае прынцыпы гіст. развіцця пашыраў таксама на мову, права, мастацтва.
Літ.:
Киссель М.А. Джамбаттиста Вико. М., 1980;
Schmidt R.W. Die Geschichts-philosophie G.B.Vicos. Wuerzburg, 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАБЛО́ЦКІ (Браніслаў) (1861, в. Астрашын, Слуцкі р-н Мінскай вобл. — 14.4.1888),
рэвалюцыянер, сацыёлаг, літаратурны крытык, перакладчык. Скончыў Мінскую гімназію. Вучыўся на юрыд. ф-це Пецярбургскага ун-та, адначасова ў Пецярбургскай АМ. Удзельнічаў у рабоце гурткоў «Народнай волі». З 1882 у Варшаве, супрацоўнічаў з дзеячамі партыі «Пралетарыят», вёў рэв. прапаганду. Друкаваўся ў газ. «Przegląd Tygodniowy» («Штотыднёвы агляд») і час. «Ateneum» («Атэнэум»), У літ.-крытычных творах падкрэсліваў грамадзянскі характар л-ры, патрабаваў рэаліст. адлюстравання жыцця працоўных. У сацыялагічных даследаваннях крытыкаваў т.зв. арганічную тэорыю грамадства Г.Спенсера, лічыў, што рухальнай сілай развіцця грамадства з’яўляюцца сац. супярэчнасці. Адзін з перакладчыкаў «Капіталу» К.Маркса на польскую мову.
Тв.:
Szkice literackie / Oprac. L. Krzywicki. Warszawa, 1932;
Szkice społeczme i literackie / Oprac. S.Sandler. Warszawa, 1954.