ЖАДЭІ́Т (франц. jadeite ад jade нефрыт),

мінерал, які належыць да групы манаклінных піраксенаў, сілікат натрыю і алюмінію, NaAI(Si2O6). Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Звычайна ў выглядзе зярністых ці валакністых агрэгатаў. Колер зялёны, белы ці карычневы. Бляск шкляны. Паўпразрысты, вельмі падобны на нефрыт. Цв. 6,5—7. Шчыльн. 3,3—3,5 г/см³. Трапляецца ў метамарфічных горных пародах; утварае скопішчы ў серпенцінітах. Найб. радовішчы ў Бірме. Каштоўны вырабны камень.

Жадэіт.

т. 6, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНВА́Р,

магнітны сплаў жалеза з 36% нікелю. Мае малы тэмпературны каэф. лінейнага расшырэння (1,5∙10​−6 К​−1) пры т-ры ад -80 да 100 °C. Атрыманы ў 1896 у Францыі. Выкарыстоўваюць для вырабу дэталей вымяральных прылад вельмі высокай дакладнасці. Разнавіднасці І. — суперінвар (64% жалеза, 32% нікелю і 4% кобальту) з асабліва нізкім тэмпературным каэф. лінейнага расшырэння і нержавейны І. (54% кобальту, 37% жалеза і 9% хрому).

т. 7, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПАЁЎКА,

рака ў Брэсцкім р-не і Валынскай вобл. Украіны, правы прыток р. Зах. Буг. Даўж. 39 км (у межах Беларусі 19,5 км). Пл. вадазбору 264 км². Пачынаецца з воз. Лукі (на тэр. Украіны). Рэчышча на тэр. Украіны цалкам і Брэсцкім р-не на 2 участках каналізаванае. Берагі вельмі нізкія, зліваюцца з поймай, у сярэднім і ніжнім цячэнні больш абрывістыя, выш. да 0,5 м.

т. 8, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРДЫЛЬЕ́РА-РЭА́ЛЬ (Cordillera Real),

горны хрыбет на У Цэнтр. Андаў, у Балівіі і Перу, на У ад воз. Тытыкака. Выш. да 6550 м (г. Анкаума). Складзеных палеазойскіх асадкавых парод, прарваных інтрузіямі. Вельмі расчлянёны рэкамі бас. р. Бені. Характэрны альпійскія формы рэльефу. На Пн і Пд ледавікі. Усх. схілы ўкрыты горнымі вільготнымі трапічнымі лясамі, зах. — паўпустынныя У вярхоўі р. Ла-Пас размешчана сталіца Балівіі — г. Ла-Пас.

т. 8, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛІБДЭ́НУ ДЫСУЛЬФІ́Д,

хімічнае злучэнне малібдэну з серай, MoS2. Шэрыя крышталі з вельмі нізкім каэф. трэння. Не раствараецца ў вадзе, салянай і разбаўленай сернай к-тах. Пры награванні ў паветры вышэй за 350 °C акісляецца. У прыродзе — мінерал малібдэніт. Атрымліваюць уздзеяннем пары серы або серавадароду на малібдэн ці яго трыаксід MoO3 пры т-ры 600—800 °C. Выкарыстоўваюць як цвёрдую змазку і каталізатар у арган. сінтэзе.

т. 10, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІТРАФО́С, нітрафасфат,

падвойнае грануляванае комплекснае ўгнаенне. Асн. кампаненты — амонію нітрат NH4NO3 і дыгідраортафасфат NH4H2PO4; мае 21—23% азоту і да 20% (у пераліку на P2O5) фосфару. Вельмі гіграскапічны, раствараецца ў вадзе. Атрымліваюць раскладаннем канцэнтрату апатыту ці фасфарытаў азотнай к-той з далейшай нейтралізацыяй растворам аміяку. Выкарыстоўваюць на глебах усіх тыпаў як асн. і прыпасяўное ўгнаенне і для падкормкі розных с.-г. культур.

Р.​У.​Васілюк.

т. 11, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́МЯЦЬ СІКО́РЫ,

позназімовы сорт яблыні селекцыі І.П.Сікоры. Раянаваны на Беларусі.

Дрэва слабарослае з паўкруглаватай кронай. Пладаносіць на 3—4-ы год пасля пасадкі. Зімаўстойлівы, сярэднеўстойлівы да паршы. Плады 130—150 г, авальна-канічныя. Асн. афарбоўка зялёная, покрыўная — чырванавата-карычневая ў выглядзе размытага румянцу і толькі на сонечным баку плода. Мякаць светла-зялёная, вельмі шчыльная, кісла-салодкая, сярэдняй сакавітасці, дробназярністая. Захоўваецца да чэрвеня.

З.​А.​Казлоўская.

т. 12, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎНО́ЧНА-УСХО́ДНЯЯ КАТЛАВІ́НА,

падводная катлавіна ў паўн.-ўсх. частцы Ціхага акіяна. Абмежавана на Пн Алеуцкім жолабам, на У — мацерыковым схілам Паўн. Амерыкі, на З — Паўн.-Заходнім і Гавайскім падводнымі хрыбтамі і горнай градой Лайн, на ПдУ — Усходне-Ціхаакіянскім падняццем. Даўж. з Пн на Пд каля 8900 км, з У на З каля 4200 км. Пераважаюць глыб. 5500 м, найб. 7168. Шматлікія разломы, вельмі складаны рэльеф дна.

т. 12, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕНЕПЛЕ́Н (англ. peneplain ад лац. paene амаль + англ. plain раўніна),

слабахвалістая, месцамі амаль роўная дэнудацыйна-акумулятыўная раўніна. Утвараецца ў выніку разбурэння горнай краіны экзагеннымі прыроднымі працэсамі (пераважна верт. дэнудацыі) ва ўмовах гуміднага клімату і адноснага тэктанічнага спакою. П. часта пакрыты карой выветрывання (таўшчыня часам больш за 100 м). Вельмі пашыраны ў межах Казахскага драбнасопачніка. Ва ўмовах арыднага клімату ўтвараецца разнавіднасць П. — педыплен (раўніна падножжаў).

т. 12, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛОСКАСТУПНЁВАСЦЬ,

дэфармацыя ступні з устойлівым памяншэннем вышыні яе зводаў амаль да іх поўнага знікнення. Бывае падоўжаная і папярочная (магчыма спалучэнне абедзвюх форм). Прыроджаная П. назіраецца вельмі рэдка, набытую П. падзяляюць на статычную (ад перагрузкі, асабліва ў час росту арганізма). рахітычную (пры рахіце), траўматычную (пасля пералому ладыжак шчыкалатак* або касцей ступні), паралітычную (пасля поліяміэліту). Прыкметы П.: хуткая стамляльнасць ног, ныючы боль у ступнях, бывае ацёк ступні. Лячэнне артапедычнае.

т. 12, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)