АВАРО́Т (вярчэнне) у геаметрыі, від руху, пры якім хоць адзін пункт прасторы застаецца нерухомы. Пры авароце на плоскасці ёсць толькі адзін нерухомы пункт — цэнтр авароту; пры авароце ў прасторы ёсць адна нерухомая прамая — вось авароту. Кожны рух у прасторы, які адрозніваецца ад зруху і люстранога адбіцця, можна атрымаць шляхам авароту вакол некаторай (імгненнай) восі і наступнага зруху ўздоўж гэтай восі (вінтавы рух).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯНЦЫ́,
рознакаляровыя кольцы вакол Сонца, Месяца або яркіх зорак. Утвараюцца ў выніку дыфракцыі святла пры праходжанні яго праз кроплі вады або ледзяныя крышталікі ў тонкіх вадзяных або ледзяных воблаках. Вуглавая адлегласць паміж кольцамі адваротна прапарцыянальная радыусу кропляў: чым драбнейшыя кроплі, тым большыя вянцы. Адрозніваюцца ад гало меншым радыусам кольцаў (не больш за 5°). У метэаралогіі вянцы выкарыстоўваюць для вывучэння воблакаў і туманаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕТЭ́РА (ад грэч. hetaira сяброўка, палюбоўніца),
у Стараж. Грэцыі незамужняя жанчына, якая вядзе свабодны, незалежны лад жыцця. Звычайна гетэры вызначаліся розумам, адукаванасцю і прыгажосцю, вакол іх гуртаваліся мастакі, паэты, філосафы. Знакамітымі гетэрамі былі Аспасія, Глікерыя (каханка Менандра), Фрына (сяброўка Праксіцеля). Вобразы гетэры адлюстраваны ў выяўл. мастацтве (творы вазапісу, насценны жывапіс, рэльефы), л-ры (камедыі грэч. пісьменнікаў Алкіфона, Лукіяна) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІКА́Р,
малая планета № 1566. Дыяметр каля 1 км. Адлегласць ад Сонца 0,185—1,985 а.а. (у афеліі І. адходзіць ад Сонца далёка за арбіту Зямлі, а ў перыгеліі падходзіць да Сонца ў 2 разы бліжэй Меркурыя). Нахіл і эксцэнтрысітэт арбіты 23° і 0,83 адпаведна. Перыяд абарачэння вакол Сонца 409 сут. Набліжаецца да Зямлі на адлегласць 7 млн.км. Адкрыты В.Баадэ (ЗША, 1949).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАНЦУГО́ВАЯ ЛІ́НІЯ,
плоская трансцэндэнтная крывая, форму якой набывае пад уздзеяннем сілы цяжару гнуткая аднародная і нерасцягвальная важкая нітка з замацаванымі канцамі. Яе ўраўненне y = ach(x/a), дзе ch(x/a) — гіпербалічны косінус (гл.Гіпербалічныя функцыі). Выкарыстоўваецца ў разліках, звязаных з правісаннем правадоў, тросаў і інш. Паверхня, утвораная вярчэннем дугі Л.л. вакол восі Ox, наз.катэноідам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАКРУ́ТАЧНАЯ МАШЫ́НА,
машына для герметычнага закрывання кансервавых бляшанак і слоікаў. Асн. частка З.м. — закрутачны механізм, які абкочвае закрутачныя ролікі вакол слоіка (бляшанкі). Пры абкочванні ролікі дэфармуюць накрыўку і ўтвараюць падвойнае шво ў бляшанцы ці шчыльнае злучэнне са слоікам. Адрозніваюць З.м. вакуумныя і бязвакуумныя, адна- і шматшпіндэльныя, аўтам. і паўаўтаматычныя. Аўтам. З.м. за мінуту апрацоўваюць да 500 бляшанак або да 200 слоікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАКРЫ́ТАЕ МО́РАў міжнародным праве,
мора, якое абмывае берагі некалькіх дзяржаў і па сваім геагр. становішчы не можа быць выкарыстана для транзітнага праходу праз яго ў інш. мора. Доступ з адкрытага мора ў закрытае ажыццяўляецца па вузкіх марскіх шляхах, якія вядуць толькі да берагоў дзяржаў, размешчаных вакол З.м. Паводле канцэпцыі З.м. ў яго не павінны дапускацца ваен. караблі непрыбярэжных краін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАБАЛО́ІД,
незамкнутая нецэнтральная паверхня другога парадку. Асн. віды — эліптычны і гіпербалічны П.
Лініі перасячэння гіпербалічнага П. з любымі магчымымі плоскасцямі — парабалы, гіпербалы і прамыя. Праз любы пункт такога П. праходзяць 2 прамалінейныя ўтваральныя (гл.Лінейчастая паверхня). Лініямі перасячэння эліптычнага П. з плоскасцямі з’яўляюцца эліпсы ці парабалы. Асобны выпадак такога П. — П. вярчэння, які можна атрымаць вярчэннем парабалы вакол яе восі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВОДААХО́ЎНЫЯ ЛЯСЫ́,
прыродныя або штучна створаныя забаронныя палосы і масівы лясоў, якія служаць для аховы вадаёмаў, вадацёкаў і інш. водных аб’ектаў ад неспрыяльных умоў навакольнага асяроддзя; адзін з відаў ахоўных лясоў. Уваходзяць у водаахоўную зону. Ахоўваюць берагі вадаёмаў ад разбурэння ветрам і патокамі вады з вадазбораў, а вадаёмы ад засмечвання, забруджвання і празмернага выпарэння вады, паляпшаюць мікраклімат і гідралагічны рэжым тэр. вадазбораў, падтрымліваюць высокую воднасць рэк, садзейнічаюць раўнамернаму паступленню вады ў крыніцы, павелічэнню запасаў падземных вод за кошт пераводу паверхневага сцёку ва ўнутрыглебавы, акумуляцыі алювію ў поймах, зніжэнню т-ры вады ў рэках, паляпшэнню ўмоў нерасту рыб і інш. Маюць таксама глебаахоўнае, рэкрэацыйнае, эстэтычнае, аздараўленчае, сан.-гігіенічнае і рыбагасп. значэнне.
На Беларусі водаахоўныя лясы ў выглядзе палос уздоўж рэк і вакол вадаёмаў маюць шыр. 1—6 км і займаюць агульную пл. 371,1 тыс.га (1996). Вылучаны ўздоўж Дняпра (шыр. палос 6 км на кожным беразе да ўпадзення р. Бярэзіна і 3 км ніжэй па яго цячэнні), Нёмана (4 км), Зах. Дзвіны, Бярэзіны, Сажа, Прыпяці, Віліі, Мухаўца, Піны, Дняпроўска-Бугскага і Белаазерскага каналаў (па 3 км), Друці (1,5 км), Свіслачы (1 км), вакол Браслаўскіх, Нарачанскіх і некаторых інш. азёр і вадасховішчаў аднесены да лясоў 1-й катэгорыі. Выдзяляюць таксама асабліва ахоўныя лясы, да якіх, у прыватнасці, належаць і берагаахоўныя ўчасткі лесу шыр. 300 м у межах забаронных палос і 100 м у інш. катэгорыях лясоў уздоўж рэк, каналаў, азёр, вадасховішчаў, а таксама ўчасткі лесу ў радыусе 100—200 мвакол крыніц і вытокаў малых рэк. Лесакарыстанне на гэтых участках рэгулюецца Палажэннем аб водаахоўных палосах (зонах) малых рэк Беларусі (1983) і інш. дырэктыўнымі ўказаннямі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІНТАВА́Я ПАВЕ́РХНЯ,
паверхня, якая апісваецца лініяй, што аварочваецца вакол нерухомай восі з пастаяннай вуглавой скорасцю і адначасова рухаецца паступальна ўздоўж гэтай жа восі з пастаяннай скорасцю. Вінтавая паверхня, якая апісваецца прамой, наз. гелікоідам. Уласцівасць усякай вінтавой паверхні перамяшчацца па самой сабе выкарыстоўваецца ў тэхніцы (напр., для стварэння чарвячных перадач).
Вінтавая паверхня: 1 — агульнага выгляду, 2 — гелікоід (OO′ — нерухомая вось; L — лінія, пры дапамозе якой утвараецца вінтавая паверхня).