МЕ́ЕР ((Meyer) Ханес) (18.11.1889, г. Базель, Швейцарыя — 19.7.1954),

швейцарскі архітэктар. Вучыўся ў Вышэйшай тэхн. школе ў Берліне (1909—12). Жыў у Германіі (1910—20-я г.; у 1928—30 дырэктар школы «Баўгауз»), СССР (1930—36), Мексіцы (1939—49). Быў блізкі да гал. групы «Стыль» і Ле Карбюзье. Паслядоўнік прынцыпаў функцыяналізму (пас. Фрайдорф каля Базеля, 1919—21), імкнуўся да аналітычна дакладнай пабудовы аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі будынка, якая лагічна вынікала з сістэмы функцыян. працэсаў (неажыццёўлены праект Палаца Лігі Нацый у Жэневе, з Х.​Вітверам, 1926—27; прафс. школа ў Бернаў каля Берліна, 1928—30).

т. 10, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́ЕРГОФ ((Meyerhof) Ота) (12.4.1884, г. Гановер, Германія —6.10.1951),

нямецкі біяхімік. Чл. Нац. АН ЗША (1949). Замежны чл. Лонданскага каралеўскага т-ва. Скончыў Гейдэльбергскі ун-т (1909). З 1912 у Кільскім ун-це, з 1924 у Ін-це біялогіі ў Берліне-Далеме, з 1929 у Даследчым мед. ін-це ў Гейдэльбергу (заг. аддзела). У 1938 эмігрыраваў у Францыю. З 1940 праф. Пенсільванскага ун-та (ЗША). Навук. працы па хіміі і тэрмадынаміцы мышачнага скарачэння, прамежкавых ферментацыйных стадыях гліколізу і глікагенолізу. Вызначыў, што энергія жывой клеткі акумулюецца ў фосфарных сувязях. Нобелеўская прэмія 1922 (разам з А.В.Хілам).

О.Меергоф.

т. 10, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯНЖЫ́НСКІ (Вячаслаў Рудольфавіч) (31.8.1874, С.-Пецярбург — 10.5.1934),

савецкі дзярж. і паліт. дзеяч. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1898). У рэв. руху з 1895. Чл. бальшавіцкай партыі (з 1903), яе ЦК (з 1927). У рэвалюцыю 1905—07 чл. ваен. арг-цыі пры Пецярб. к-це РСДРП. У 1906—17 у эміграцыі, працаваў у замежных арг-цыях РСДРП. Удзельнік Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917, першы нарком фінансаў РСФСР. У 1918—19 ген. консул РСФСР у Берліне. У 1919 нарком Рабоча-сялянскай інспекцыі Украіны. Чл. Прэзідыума ВЧК (з 1919), нам. старшыні (з 1923), старшыня (з 1926) АДПУ СССР.

т. 11, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́ЙБЕРГ, Нейберг (Neuberg) Карл (29.7.1877, г. Гановер, Германія — 30.5.1956), нямецкі біяхімік, адзін з заснавальнікаў сучаснай біяхіміі. Замежны чл. АН СССР (1925). Скончыў Берлінскі ун-т (1898), працаваў у ім. З 1920 у Ін-це біяхіміі ў Берліне (дырэктар). У 1938 эмігрыраваў. З 1938 у Іерусалімскім ун-це (Палесціна), у 1941—50 у Нью-Йоркскім ун-це і Бруклінскім політэхн. ін-це. Навук. працы па абмене вугляводаў, браджэнні, ферментах. Высветліў ключавое месцазнаходжанне піравінаграднай к-ты ў вугляводным абмене, адкрыў фруктоза-6-фасфат, шэраг ферментаў, распрацаваў сінтэз шэрагу цукроў і амінакіслот, схему спіртавога браджэння.

т. 11, с. 375

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУБІНШТЭ́ЙН ((Rubinstein) Артур) (28.1.1887, г. Лодзь, Польшча — 20.12.1982),

польскі піяніст. Вучыўся ў Варшаве і Берліне ў Р.​Брайтгаўпта, М.​Бруха, І.​Падарэўскага і інш. З 1898 канцэртаваў у розных краінах свету. З 1937 жыў у ЗША, з 1954 — у Францыі. Выступаў як саліст і ансамбліст у дуэтах і трыо са скрыпачамі Я.​Хейфецам, Г.​Шэрынгам, віяланчэлістамі Р.​Пяцігорскім, Э.​Феерманам. Адзін з лепшых выканаўцаў твораў Ф.​Шапэна, І.​Брамса, К.​Шыманоўскага. Значнае месца ў рэпертуары займалі творы ісп. і браз. кампазітараў. Аўтар фп. і камерных твораў, мемуараў «Мае маладыя гады» (1973).

Літ.:

Хентова С. А.​Рубинштейн. М., 1971.

т. 13, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРЭ́З ((Varèse) Эдгар) (22.12.1883, Парыж — 7.11.1965),

амерыканскі кампазітар, дырыжор; адзін з першых прадстаўнікоў муз. авангардызму. Вучыўся ў Парыжскай кансерваторыі (1906—07). З 1908 дырыжыраваў харамі і аркестрамі ў Берліне, Празе; з 1915 у Нью-Йорку. Лічыў музыку «арганізаваным шумам», імкнуўся павялічыць акустычныя магчымасці інструментаў. Эксперыментаваў у сферы канкрэтнай музыкі і электроннай музыкі. Сярод твораў: п’есы «Гіперырызма» для духавых і ўдарных (1923), «Інтэгралы» для камернага арк. і ўдарных (1925), «Іанізацыя» для 13 ударнікаў (1931), «Экватарыял» для аргана, ударных, труб, трамбонаў, 2 хваляў Мартэно і баса (1934), «Пустыня» для электронных духавых і ўдарных (1954). Аўтар прац па электроннай музыцы, муз.-крытычных артыкулаў.

т. 4, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́РАН ((Baran) Пол) (1910, Украіна — 1964),

амерыканскі вучоны-эканаміст. Вучыўся ў Берліне і Парыжы. З 1939 у ЗША, працягваў адукацыю ў Гарвардскім ун-це. З 1949 праф. эканомікі Станфардскага ун-та. У кн. «Палітычная эканомія росту» (1957) імкнуўся з марксісцкіх пазіцый прааналізаваць некаторыя эканам. праблемы краін, што сталі на шлях незалежнага развіцця. У працы «Манапалістычны капітал» (1966, разам з П.​Суізі) аналізаваў праблемы манапаліст. эканомікі ЗША. У шэрагу пытанняў, найперш у вызначэнні эканам. прыкмет імперыялізму, сур’ёзна адыходзіў ад марксісцкай тэорыі («Заметкі па тэорыі імперыялізму», 1964, разам з Суізі). Гал. шляхам пераходу да сацыялізму лічыў нац.-вызв. рух, а не рэв. барацьбу ў развітых капіталіст. краінах.

т. 2, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АНТЫКАМІНТЭ́РНАЎСКІ ПАКТ»,

дагавор паміж Германіяй і Японіяй, заключаны 25.11.1936 у Берліне на 5 гадоў. Пад знакам барацьбы з Камінтэрнам аформіў блок 2 дзяржаў, якія імкнуліся да гегемоніі ў свеце. Сакрэтнае пагадненне да «Антыкамінтэрнаўскага пакту» прадугледжвала сумесную барацьбу супраць СССР. Да «Антыкамінтэрнаўскага пакту» далучыліся Італія (6.11.1937), Венгрыя і марыянетачная «дзяржава» Маньчжоў-Го (24.2.1939), Іспанія (27.3.1939). Пакт садзейнічаў развязванню 2-й сусв. вайны і ў 1939—40 ператварыўся ў адкрыты ваен. саюз Германіі, Італіі і Японіі (гл. Берлінскі пакт 1940). Пасля пралангацыі пакта 25.11.1941 на 5 гадоў да яго далучыліся яшчэ некалькі краін. Перамога краін Антыгітлераўскай кааліцыі ў 2-й сусв. вайне спыніла існаванне «Антыкамінтэрнаўскага пакту».

т. 1, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БАРАЦЬБА́»,

газета, орган ЦК КПЗБ. Выдавалася з кастр. 1932 да лют. 1933 у Берліне на бел. мове. Выходзіла нерэгулярна. Выйшла 5 нумароў. Была разлічана на зах.-бел. рэв. і камуніст. актыў, беларусаў-эмігрантаў, што жылі ў краінах Зах. Еўропы і ў Амерыцы. Выступала за сац. і нац. вызваленне і ўз’яднанне з БССР, у абарону дэмакр. арг-цый (ТБШ і інш.). Пісала пра рэв. выступленні ў Зах. Беларусі, бел. эміграцыю ў Францыі, Латвіі, асвятляла паліт. і эканам. становішча ў СССР і БССР. Вяла палеміку з кіраўнікамі Бел. хрысціянскай дэмакратыі і інш. партый. Спыніла існаванне пасля прыходу да ўлады ў Германіі Гітлера.

С.​В.​Говін.

т. 2, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛУ́МЕ ((Blume) Фрыдрых) (5.1.1893, г. Шлюхтэрн, Германія — 22.11.1975),

нямецкі музыказнавец. Праф. ун-таў у Лейпцыгу, Берліне, Кілі. У 1927—29 кіраўнік Ін-та муз. навукі, з 1935 супрацоўнік Дзярж. ін-та ням. музыказнаўства. З 1951 кіраўнік створанай ім міжнар. камісіі па арганізацыі выдання «Міжнародны даведнік музычных крыніц». Асн. працы прысвечаны музыцы 16—18 ст., у т. л. І.С.Баху. Рэдактар выданняў «Спадчына нямецкай музыкі» (1935—43), «Нямецкая музычная культура» (1939—45), поўнага збору твораў М.Прэторыуса (1928—40). Заснавальнік і рэдактар энцыклапедыі «Музыка ў гісторыі і сучаснасці» (т. 1—18, 1949—85). Прэзідэнт Міжнар. т-ва музыказнаўства (1958—62).

Літ.:

Festschrift Fr. Blume zum 70. Geburstag. Kassel etc., 1963.

т. 3, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)