БЕ́НТАМ ((Bentham) Джордж) (22.9.1800, Сток, каля г. Плімут, Вялікабрытанія — 10.9.1884),
англійскі батанік і падарожнік. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1862). Замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1872), чл. Парыжскай АН (1875). Вучыўся ў Францыі, Вялікабрытаніі. З 1861 праводзіў даследаванні ў бат. садзе ў К’ю (Лондан). Аўтар (разам з Дж.Д.Гукерам) фундаментальнай працы «Роды кветкавых раслін» (т. 1—3, 1862—83), дзе прыведзена апісанне ўсіх вядомых на той час родаў кветкавых раслін. Склаў таксама апісанне флоры Аўстраліі (разам з І.П.Мюлерам), Індыі, наваколля Ганконга.
т. 3, с. 100
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУДАПЕ́ШЦКІ УНІВЕРСІТЭ́Т імя Лоранда Этвеша,
буйнейшая вышэйшая навуч. ўстанова Венгрыі. Засн. ў 1635 у г. Тырнавія архіепіскапам Петэрам Пазманем як духоўны ун-т (на базе езуіцкага калегіума, які існаваў з 1561). З 1773 — свецкая навуч. ўстанова. У 1777 пераведзены ў Буду, у 1784 — у Пешт. У 1948 заснаваны ф-т прыродазнаўча-матэм. навук. У 1950 каталіцкі тэалагічны ф-т аддзелены ад ун-та. У 1986/87 навуч. г. 4 факультэты. Пры ун-це шэраг навук. ін-таў, бат. сад, б-ка (з 1635).
т. 3, с. 309
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЭ́СКІ УНІВЕРСІТЭ́Т імя І.І.Мечнікава.
Заснаваны ў 1865 у Адэсе на базе Рышэльеўскага ліцэя пад назваю Новарасійскі ун-т. У першыя гады сав. улады рэарганізаваны ў шэраг самастойных ВНУ. У 1933 адноўлены і названы Адэскім. Імя Мечнікава ун-ту прысвоена ў 1945. Факультэты: механіка-матэм., фіз., хім., біял., геолага-геагр., гіст., юрыд., філал. і рамана-герм. філалогіі. Навучанне дзённае, вячэрняе, завочнае; падрыхтоўчае аддзяленне. Аспірантура. Пры ун-це працуюць НДІ фізікі, астр. абсерваторыя, бат. сад, вылічальны цэнтр, б-ка і інш.
т. 1, с. 148
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАКТУРО́ЎСКІ (Уладзімір Сямёнавіч) (18.11.1884, г. Мікалаеў, Украіна — 20.3.1935),
савецкі балотазнавец і палеабатанік. Скончыў Маскоўскі ун-т (1907). З 1908 працаваў у Пецярбургскім бат. садзе, з 1918 на навук. і пед. рабоце ў Маскве, з 1934 у БДУ. Распрацаваў метад вывучэння сувязі паміж раслінным покрывам, водным рэжымам, геал. будовай балот і хім. саставам торфу. Увёў у практыку метад пылковага аналізу торфу. Склаў падрабязную характарыстыку балотных масіваў Беларусі, еўрап. ч. Расіі, Закаўказзя, Зах. Сібіры, Д. Усходу.
Тв.:
Тарфяныя балоты, іх утварэнне і развіццё. Мн., 1930.
т. 6, с. 13
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЁЛЬРОЙТЭР ((Kölreuter) Іозеф Готліб) (27.4.1733, г. Зульц, Германія — 12.11.1806),
нямецкі батанік. Скончыў Цюбінгенскі ун-т (1755). У 1756—61 у Пецярб. АН (з 1766 ганаровы чл.), у 1763—69 дырэктар бат. саду ў г. Карлсруэ (Германія). Адзін з заснавальнікаў метаду штучнай гібрыдызацыі раслін. Увёў у селекцыйную практыку метад рэцыпрокных (узаемных) скрыжаванняў, адкрыў з’явы гетэрозісу і самастэрыльнасці, апісаў апыленне з дапамогай насякомых, дыхагамію, высветліў ролю нектару, назіраў раздражняльнасць тычынак.
Тв.:
Рус. пер. — Учение о поле и гибридизации растений. М.; Л., 1940.
т. 8, с. 243
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРМАВЫ́Я ТРА́ВЫ шматгадовыя і аднагадовыя травяністыя расліны, якія ідуць на корм жывёле ў выглядзе пашавай травы, зялёнага корму, сена, сіласу, сенажу, травяной і сянной мукі. Падзяляюцца на 4 гаспадарча-бат. групы: злакавыя (аўсяніцы лугавая і чырв., цімафееўка лугавая, купкоўка зборная, райграсы, метлюжкі і інш.), бабовыя (віка, лубін кармавы, сырадэля, канюшыны чырв., ружовая і белая, люцэрна сіняя, эспарцэт і інш.), асаковыя і разнатраўе. Найб. эканам. значэнне маюць бабовыя і злакавыя травы, гасп. каштоўнасць якіх вызначаецца іх ураджайнасцю, пажыўнасцю, добрым паяданнем жывёлай.
т. 8, с. 77
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́РЫ ((Parry) Уільям Эдуард) (19.12.1790, г. Бат, Вялікабрытанія — 8.7.1855),
англійскі даследчык Арктыкі. У 1819—24 кіраваў 3 экспедыцыямі на 2 караблях, якія былі пасланы на пошукі Паўн.-Зах. праходу. У час экспедыцыі адкрыў і даследаваў шэраг а-воў (Сомерсет, Мелвіл, Банкс, Карнуоліс і інш.) і праліваў (Ланкастэр, Прынс-Рыджэнт, Бараў, Мелвіл, Уэлінгтан і інш.) Канадскага Арктычнага архіпелага. У 1827 спрабаваў дасягнуць Паўн. полюса (ад Шпіцбергена), дайшоў да 82°45′ паўн. ш. Яго імем названы архіпелаг арктычных астравоў, заліў, паўвостраў, 3 мысы.
т. 12, с. 149
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІРАНЕ́НКА (Аляксей Віктаравіч) (5.3. 1911, с. Ільінка Белгародскай вобл., Расія — 22.4.1998),
бел. вучоны ў галіне біяхіміі і фізіялогіі раслін. Д-р біял. н. (1962), праф. (1972). Засл. дз. нав. Беларусі (1981). Скончыў Варонежскі пед. ін-т (1938). З 1949 у Цэнтр. бат. садзе АН Беларусі (дырэктар), з 1952 у Ін-це эксперым. батанікі АН Беларусі (да 1988 заг. лабараторыі). Навук. працы па заканамернасцях утварэння і намнажэння алкалоідаў, бялковых рэчываў і’ амінакіслот у лубіне.
Тв.:
Методы определения алкалоидов. Мн., 1966;
Биохимия люпина. Мн., 1975.
т. 10, с. 463
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАЎН ((Braun) Аляксандр) (10.5.1805, г. Рэгенсбург, Германія — 29.3.1877),
нямецкі батанік. Чл. Германскай акадэміі «Леапальдзіна», Парыжскай АН. Вучыўся ў Гайдэльбергу (1824—31) і Парыжы (1831—32). Праф. Політэхн. школы ў Карлсруэ (1833—46), праф. і дырэктар Бат. саду ў Фрэйбургскім ун-це (1846—51), з 1851 — у Берліне. Навук. працы па вывучэнні будовы і развіцця прэснаводных зялёных водарасцяў, папарацепадобных; даследаваў партэнагенез і поліэмбрыянію ў раслін. Прыхільнік параўнальнага і антагенетычнага кірункаў у марфалогіі. На падставе марфал. прыкмет прапанаваў сваю філагенетычную сістэму, якая легла ў аснову сістэм ням. вучоных А.Эйхлера і А.Энглера.
т. 3, с. 250
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРОЎН, Браўн (Brown) Роберт (21.12.1773, г. Мантроз, Шатландыя — 10.6.1858), англійскі батанік. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1810). Замежны чл.-кар. (1826) і ганаровы чл. (1827) Пецярбургскай АН. Скончыў Эдынбургскі ун-т (1795). У 1801—05 удзельнічаў у экспедыцыі ў Аўстралію, з 1810 заг. бібліятэкі і калекцый прэзідэнта Лонданскага каралеўскага т-ва, з 1820 хавальнік бат. аддз. Брытанскага музея. Навук. працы па марфалогіі, эмбрыялогіі і сістэматыцы раслін. Апісаў ядро расліннай клеткі і будову семязавязі. Выявіў асн. адрозненне паміж голанасеннымі і пакрытанасеннымі раслінамі (1825), вызначыў броўнаўскі рух.
т. 3, с. 263
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)