ДВАРА́НСКІ ЗЯМЕ́ЛЬНЫ БАНК, Дзяржаўны дваранскі зямельны банк,
саслоўная крэдытная ўстанова для дваран у Рас. імперыі ў 1885—1917. Засн. царскім урадам для крэдытавання памешчыкаў пад заклад зямлі і будынкаў. Меў аддзяленні ва ўсіх, у т. л.бел., губернях. Пазыкі даваліся на самых ільготных умовах: да 1900 крэдыт даваўся на тэрмін да 48 гадоў 8 месяцаў, пры 5,75% гадавых. Пасля 1900 тэрмін пазыкі падоўжаны да 66,5 года, а плата за крэдыт зніжана да 3,5—4%, даваліся і інш. льготы. У Беларусі банк не абслугоўваў дваран «польскага паходжання» і каталіцкага веравызнання, якія былі вымушаны звяртацца да камерц. акц. банкаў на менш выгадных умовах. Да 1900 большая частка дваранскіх маёнткаў у Беларусі была закладзена ў банках, у 1917 звыш чвэрці іх — у Д.з.б. Дзейнасць банка фактычна спынілася ў пач. 1917, афіцыйна скасаваны 21.12.1917.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗНЕ́ШНІ ДОЎГ,
агульная запазычанасць дзяржавы па непагашаных знешніх пазыках, абавязацельствах, крэдытах і нявыплачаных па іх працэнтах. Адрозніваюць доўгатэрміновы З.д. (больш як адзін год) і кароткатэрміновы З.д. — менш за адзін год. У адпаведнасці з рэкамендацыямі Міжнар.банка рэканструкцыі і развіцця да дзяржаў-даўжнікоў адносяцца тыя, у каго 3 паказчыкі перавышаюць разліковыя ўзроўні ў сярэднім на працягу 3 гадоў. Паказчыкамі крэдытнай бяспекі з’яўляюцца адносіны агульнай сумы доўгу да валавога нац. прадукту (калі яны не перавышаюць 50%), адносіны агульнай сумы доўгу да гадавога аб’ёму экспарту тавараў і паслуг (калі яны не перавышаюць 27,5%), адносіны плацяжоў да пагашэння і абслугоўвання знешняга доўгу да экспарту тавараў і паслуг (калі яны не перавышаюць 30%). Дзяржава нясе безумоўныя і абсалютныя абавязацельствы па пагашэнні і абслугоўванні свайго З.д. Гл. таксама Дзяржаўны доўг, Пазыкі дзяржаўныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́РУСНІКАЎ (Міхаіл Паўлавіч) (11.11. 1893, Масква — 1.2.1968),
расійскі архітэктар, педагог. Акад.АН Беларусі (1950), праф. (1948). Скончыў Маскоўскае вучылішча жывапісу, скульптуры і дойлідства (1918), Вышэйшыя маст.-тэхн. майстэрні ў Маскве (1924). У 1934—41 і з 1948 выкладаў у Маскоўскім арх. ін-це. Работы ў Мінску: забудова 1-й чаргі праспекта Скарыны (1945—54, у сааўт.; Дзярж. прэмія Беларусі 1968), адм. будынак на праспекце Скарыны на ўчастку паміж вуліцамі Камсамольскай і Урыцкага (1945—47), будынак Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь, праект планіроўкі і забудовы цэнтра і пл. Кастрычніцкай, жылыя дамы і мост цераз р. Свіслач на праспекце Скарыны, стадыён «Дынама» (усе 1946—54, у сааўт.). Сярод інш. работ: будынкі электрастанцый у г. Нагінск Маскоўскай вобл. (1926) і Кіеве (1929), праект планіроўкі і забудовы г. Астрахань (Расія; 1930).
Літ.:
Габрусь Т. Галоўны магістральны архітэктар // Мастацтва. 1993. № 12.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКО́ЎСКІ (Уладзімір Ягоравіч) (7.2.1846, Масква — 21.2.1920),
расійскі жывапісец. Брат К.Я.Макоўскага. Правадз.чл. Пецярбургскай АМ (1893). Вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1861—66) у С.Заранкі; выкладаў у ім (1882—94) і ў Пецярбургскай АМ (1894—1918, з 1895 рэктар). З 1872 чл.Т-ва перасоўных маст. выставак (гл.Перасоўнікі). У творчасці пераважалі тэмы гар. побыту, камерныя, часта двухфігурныя кампазіцыі сац.-крытычнага зместу: «У прыёмнай у доктара» (1870), «Наведванне бедных» (1874), «Чаканне» (1875), «Асуджаны» (1879), «Крах банка» (1881), «Спатканне» (1883), «На бульвары» (1887) і інш. У некаторых работах блізкі да пленэрнага жывапісу («Тлумачэнне», 1889—91, і інш.). Звяртаўся і да рэв. тэматыкі: «Допыт рэвалюцыянеркі» (1904), «9 студзеня 1905 года на Васільеўскім востраве» (1905) і інш. Ствараў таксама партрэты і графічныя работы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУЧКО́Ў (Аляксандр Іванавіч) (26.10.1862, Масква — 14.2.1936),
расійскі паліт. і дзярж. дзеяч, прадпрымальнік. Скончыў Маскоўскі ун-т (1885), працягваў адукацыю ў Берлінскім, Цюбінгенскім і Венскім ун-тах (1888—91). У 1885—87 і 1897—99 на вайск. службе, у 1893—97, 1901—07 у Маскоўскай гар. думе. Дырэктар Маскоўскага ўліковага банка (з 1901). Адзін з заснавальнікаў і кіраўнікоў партыі акцябрыстаў. Дэп. (з 1907) і старшыня (1910—11) 3-й Дзярж. думы, выступаў за аднаўленне ваен. магутнасці Расіі, у падтрымку дзейнасці П.А.Сталыпіна, супраць правага крыла думы і інш. У 1915—17 старшыня Цэнтр.ваен.-прамысл.к-та, удзельнік апазіц.«Прагрэсіўнага блока». Ваен. і марскі міністр у 1-м складзе Часовага ўрада (15.3—12.5.1917). Пасля 1918 у эміграцыі, падтрымліваў белы рух.
Тв.:
«Корабль потерял свой курс»: [Полит. речи 1912—1913 гг.]. М., 1991.
Літ.:
Сенин А.С. А.И.Гучков // Вопр. истории. 1993. № 7.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́НТРЫМ (Казімір) (1776, пас. Багданаў Валожынскага р-на Мінскай вобл. — 11.6.1836),
эканаміст, публіцыст. Удзельнік паўстання 1794. Пазбегшы рэпрэсій, працаваў нам. бібліятэкара, ад’юнктам Віленскага ун-та. У 1815—18 рэдактар час. «Dziennik Wileński» («Віленскі веснік»), у 1820—22 гал. рэдактар час. «Dzieje Dobroczynności krajowej i zagranicznej z wiadomościami ku wydoskonaleniu jej służącymi» («Хроніка айчыннай і замежнай філантрапічнай дзейнасці са звесткамі па яе ўдасканаленню»). Адзін з заснавальнікаў літ.-грамадскага т-ва шубраўцаў (напісаў кодэкс т-ва), у 1817—22 выдаваў яго орган «Wiadomości brukowe» («Вулічныя навіны»). У 1824 пасля суд. працэсу над філаматамі высланы з Вільні. У 1829—30 чыноўнік Польскага банка ў Варшаве, рэдагаваў час. «Biblioteka handlowa» («Гандлёвая бібліятэка») і газ. «Wiadomości handlowe» («Гандлёвыя навіны»). Даследаваў Палессе. Вынікам падарожжа стала апісанне Палесся, выдадзенае ў 1829 (у 1839 перавыдаў Э.Рачынскі), у якім ёсць звесткі пра насельніцтва, флору, фауну, прам-сць, сельскую гаспадарку, суднаходства і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КОЎШ (Аляксандр) (1890, в. Рыдзялі Гродзенскага р-на — 1943),
бел. грамадска-паліт. і царк. дзеяч. Скончыў Свіслацкую настаўніцкую семінарыю і бухгалтарскія курсы. З 1921 у Гродне пасвячоны ў святары. З 1925 у Вільні, настаяцель прыхода, гал. бухгалтар Бел.каап.банка, выкладчык Закона Божага ў Віленскай бел. гімназіі. Выступаў у зах.-бел. друку з артыкуламі па пытаннях беларусізацыі правасл. царквы, аднаўлення бел. дзяржаўнасці. У 1928—29 рэдактар-выдавец царк.-грамадскага час.«Беларуская зарніца», кіраўнік секцыі Чырв. Крыжа пры Бел. цэнтры. За ўдзел у нац.-вызв. руху няраз арыштаваны, пазбаўлены польск. ўладамі месца настаяцеля Пятніцкай царквы ў Вільні і высланы святаром у в. Кастыкі Вілейскага пав. У 1939 вярнуўся ў Вільню, быў настаяцелем царквы св. Мікалая. У 1941 прызначаны ў выдавецкую камісію пры мінскім архірэі. У 1943 за садзеянне ў выратаванні яўр. насельніцтва арыштаваны гестапа ў г.п. Плешчаніцы і расстраляны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЗЫКО́ВЫ ПРАЦЭ́НТ,
плата, якую атрымлівае крэдытор (банк) ад пазычальніка за карыстанне пазыкай. У яе можа быць уключана і плата за аказанне паслуг пры выдзяленні крэдыту. Памер і парадак выплаты працэнта па разменных відах пазыковых аперацый ўстанаўліваецца дыферэнцыравана паводле крэдытнага дагавора паміж банкам і пазычальнікам. Працэнтныя стаўкі за пазыку могуць быць фіксаваныя (цвёрдыя), «плаваючыя», базісныя (базавыя). Фінансавы П.п. — плата, папярэдне вызначаная і нязменная на працягу ўсяго тэрміну карыстання пазыкай. Выкарыстоўваецца пры кароткатэрміновых (да 30 дзён) пазыках. Базісныя стаўкі даюць магчымасць мяняць плату за карыстанне пазыкай. У гэтым выпадку П.п. можа пераглядацца банкам на працягу ўсяго тэрміну крэдытавання з абавязковым паведамленнем пазычальніка. На ўзровень П.п. ўплываюць: сярэдні ўзровень платы за прыцягнутыя рэсурсы, дэпазітны працэнт, расходы пазычальніка, аб’ект крэдытавання, плацежаздольнасць кліента, ступень рызыкі праекта, тэрмін пазыкі, узровень інфляцыі і інш. фактары, якія вынікаюць з грашова-крэдытнай палітыкі цэнтр.банка і ўрада.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЭДЫТАЗДО́ЛЬНАСЦЬ,
гаспадарча-фінансавы стан пазычальніка, які дае ўпэўненасць у эфектыўным выкарыстанні і вяртанні ім пазыкі (крэдыту), што дае яму права на атрыманне крэдыту. Пераход да рыначных адносін прадугледжвае больш жорсткія ўмовы выдачы крэдыту. Таму пры аналізе К. вывучаюцца існуючая і перспектыўная плацежаздольнасць, узровень рэнтабельнасці і абарачальнасць абаротных сродкаў, тэмпы росту рэалізацыі, сумы і тэрміны пратэрмінаванай запазычанасці па крэдытах, дзелавая актыўнасць і інш. Пры ацэнцы К. банкі выкарыстоўваюць і каэфіцыент бягучай ліквіднасці. Лічыцца, што калі ён ніжэйшы за 1, то банк мае справу з неплацежаздольным кліентам і крэдыт можа быць выдадзены на асаблівых умовах; пры яго ўзроўні 1,0—1,5 існуе рызыка своечасовага вяртання доўгу; пры ўзроўні больш як 1,5 гарантыі забяспечанасці доўгу і яго вяртання дастатковыя. Пры аналізе К. вывучаецца і ступень рызыкі банка як крэдытора; пры высокай ступені рызыкі прадугледжваецца і больш высокая працэнтная стаўка. Здольнасць пазычаць і аддаваць грашовыя сродкі вызначаецца прыбытковасцю, стабільнасцю, сітуацыяй на крэдытным рынку, складам і структурай актываў, інш. фактарамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАМПІДУ́ ((Pompidou) Жорж) (5.7.1911, Манбудыф, Францыя — 2.4.1974),
дзяржаўны і паліт. дзеяч Францыі. Скончыў Вышэйшую нармальную школу (пед.ін-т) і Свабодную школу паліт. навук у Парыжы. Выкладаў у ліцэях Марселя і Парыжа. У 2-ю сусв. вайну да капітуляцыі (1940) Францыі лейт. франц. арміі. У 1944 саветнік па пытаннях інфармацыі і асветы ў часовым урадзе Ш. дэ Голя. У 1946—54 чл.Дзярж. савета, адначасова (1946—49) нам.ген. камісара па турызме. З 1954 супрацоўнік банка Ротшыльдаў, з 1956 яго ген. дырэктар, адначасова на кіруючых пасадах у інш.фін. і прамысл. аб’яднаннях. З 1958 нач. канцылярыі прэм’ер-міністра Францыі дэ Голя. Выбраны чл. Канстытуцыйнага савета Францыі (распрацаваў канстытуцыю і эканам. праграму аднаўлення 5-й рэспублікі). У 1962—68 прэм’ер-міністр Францыі. Удзельнічаў у ажыццяўленні Эвіянскага пагаднення 1962 аб статусе Алжыра. У 1969—74 прэзідэнт Францыі. Некалькі разоў наведваў СССР, у т. л. Беларусь (11—12.1.1973 у Заслаўі Мінскай вобл. вёў перагаворы з Л.І.Брэжневым).