МСЦІСЛА́ЎСКАЯ КА́ФЛЯ,

архітэктурна-дэкаратыўная кераміка 15—18 ст. з г. Мсціслаў Магілёўскай вобл. У 15—16 ст. выраблялі гаршковую кафлю з крыжападобным, квадратным або круглым вусцем, пазней — каробчатую тэракотавую і паліваную (паліхромную і размаляваную), пакрытую зялёнай, светла- і цёмна-карычневай палівай. Тэракотавая кафля 16—17 ст. з рэльефнай вонкавай пласцінай без рамкі была паліхромная (пераважалі зялёны, сіні і белы колеры) або з 2-прыступкавай рамкай і раслінным арнаментам на вонкавай пласціне. У сярэдзіне — 3-й чвэрці 17 ст. яна мела рамку па краі вонкавай пласціны, багата аздаблялася раслінным арнаментам, у канцы 17 ст. рамка адсутнічала, аздаблялася барэльефным дывановым арнаментам; з пач. 18 ст. мела вял. памеры, з тоўстай вонкавай пласцінай, упрыгожанай раслінным або геральдычным арнаментам (высокі рэльеф). У кафлі 2-й пал. 18 ст. малюнак на вонкавай пласціне адсутнічаў. Паводле прызначэння М.к. падзялялася на сценную, карнізную (простую, складаную і вуглавую), паясную, каронкі (гарадкі). У аздабленні пашыраны расл., геральдычны, геам., зааморфны, сюжэтны арнаменты. У 2-й пал. 17 ст. мсціслаўскія цаніннікі (найб. вядомы С.Палубес) працавалі ў Маскоўскай дзяржаве, дзе выраблялі арх. кафлю.

А.​А.​Трусаў.

Да арт. Мсціслаўская кафля. Паліваная кафля з геральдычнай выявай. 18 ст.
Да арт. Мсціслаўская кераміка. Фрагменты керамічнага посуду сярэдзіны 17 ст.

т. 10, с. 539

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛТА́Р (лац. altaria ад altus высокі),

частка хрысціянскага храма, аддзеленая перагародкай або іканастасам. У першабытных і стараж. народаў — узвышэнне, якое служыла месцам для прынясення ахвяр. У біблейскай гісторыі — сімвал прымірэння чалавека з Богам. Ант. грэкі і рымляне ставілі алтар па-за храмам, аздаблялі скульпт. выявамі (Пергамскі алтар). У першых хрысціянскіх храмах алтар меў выгляд стала («прастол»), на якім гатавалі і раздавалі прычасце; часам пад ім рабілі склепы для пахавання пакутнікаў. З 4 ст. такую ж назву атрымала частка храма, дзе знаходзіўся ахвярнік. У раманскай архітэктуры гал. алтар каталіцкага храма размяшчаўся каля ўсх. сцяны, меў простую аздобу, у гатычнай (алтар-шафка) — упрыгожваўся жывапісам. разьбой, пазалотай, паліхроміяй, у рэнесансавай — пераважна жывапісам. У эпоху барока ўзніклі ансамблі багата аформленых скульптурна-жывапісных алтароў у сінтэзе з архітэктурай храма. На Беларусі такія алтары захаваліся ў касцёлах у Гродне, Слоніме, Дзятлаве, у вёсках Камаі Пастаўскага, Будслаў Мядзельскага, Новая Мыш Баранавіцкага р-наў, у Спаса-Праабражэнскай царкве ў в. Порплішча Докшыцкага р-на і інш.

А.​А.​Ярашэвіч.

Бакавы алтар «Ганна і Марыя з дзіцем» у Спаса-Праабражэнскай царкве ў в. Порплішча Докшыцкага раёна Віцебскай вобл. 17 ст.
Галоўны алтар касцёла ў в. Камаі Пастаўскага раёна Віцебскай вобл. 1-я пал. 18 ст.

т. 1, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІРМАЛО́ГІЙ, ірмалагіён, ірмалой, ермалой,

зборнік ірмосаў праваслаўнага богаслужэння. Як аднажанравая пеўчая кніга склаўся ў 10 ст. ў Візантыі. Яго структура падпарадкавана сістэме асмагласся; унутры кожнага гласу ірмосы размешчаны ў паслядоўнасці 9 песень канона, выкладзеных знаменным спевам. У Расіі існуюць І. богаслужэбны, з поўнымі слоўнымі тэкстамі канонаў, і пеўчы, які ўключае толькі ірмосы нядзельных і святочных канонаў, сядмічных службаў Актоіха і інш. песнапенні. Поўны І. уключае каля 1050 ірмосаў. Першыя друкаваныя зб-кі — «Ірмалагіён» (1700, Львоў) і «Ірмалогій нотнага спеву» (1772).

Найб. ранняе ўпамінанне пра бел. І. адносіцца да 15 ст. У канцы 16 ст. на Беларусі і Украіне склаўся тып паўд.зах. І. ў ноталінейным выкладанні. Ён значна багацейшы ў жанравых адносінах, акрамя ірмосаў уключае святочныя песнапенні ўсяго царк. гадавога круга, у т. л. з Актоіха, Святаў і Абіходу, выкладзеныя знаменным, кіеўскім, балг. і мясц. спевамі. Захавалася некалькі дзесяткаў бел. аднагалосых І. 16—18 ст. і больш позніх. Яны вылучаюцца дэмакратызмам, імкненнем да індывідуалізацыі, часам выяўленчасцю мелодыі, выкарыстаннем муз. сімволікі. Вядомы Супрасльскі І. (1598—1601), магілёўскія, віцебскія, віленскія, куцеінскія, нова-іерусалімскія, жыровіцкія, слуцкія і інш. І., выкладзеныя нац. мясц. спевамі, што сведчыць пра існаванне ў тагачаснай Беларусі шматлікіх пеўчых школ. Бываюць І. практычнай накіраванасці (простыя, без аздаблення) і святочныя (па-мастацку аформленыя, багата ўпрыгожаныя застаўкамі, ініцыяламі, мініяцюрамі і інш.).

Л.​П.​Касцюкавец.

т. 7, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУЖА́НСКІ ТРО́ІЦКІ КАСЦЁЛ,

помнік архітэктуры позняга рэнесансу ў г.п. Ружаны Пружанскага р-на Брэсцкай вобл. Пабудаваны ў 1617 з цэглы па фундацыі Л.​Сапегі на месцы драўлянага храма, закладзенага ў 1596 Язлавецкімі. У 1768 прыбудаваны капліцы св. Крыжа, у 1787 — св. Варвары. У 1779 касцёл рэканструяваны ў стылі ранняга класіцызму (арх. Я.​С.​Бекер): звонку прыбудаваны зах. партал і паўн. сакрысція, унутры сцены апрацаваны пілястрамі і карнізамі дарычнага ордэра, адноўлены хоры, бакавыя алтары, амбон і інш. Рамантаваўся ў 1850 і 1894. Храм 1-нефавы, з паўкруглай апсідай і 4-яруснай вежай пры ўваходзе, арыентаваны на З. Па баках нефа знаходзяцца капліцы, прэсбітэрыя — сакрысціі. Сцены нефа звонку ўмацаваны контрфорсамі, паміж імі — аконныя праёмы з арачнымі завяршэннямі. Вежа (3 васьмерыкі на чацверыку) накрыта стромкім шатром, мае 3 уваходы. Маст. афармленне храма вырашана ў стылях позняга барока і ракако. Інтэр’ер багата ўпрыгожаны арх. пластыкай, скульптурай і жывапісам. У апсідзе 4-калонны гал. алтар з раскрапаваным лучковым франтонам, які ўпрыгожваюць скульптуры анёлаў, ляпны арнамент і герб 2 жонак Сапегі. Абапал калон — драўляныя паліхромныя выявы святых Пятра і Паўла. Прэсбітэрый ад нефа аддзяляе каваная рашотка 18 ст. Стукавая і драўляная скульптура работы І.​Прукнера (1789), М. і К. Роўбваў. Захаваліся кандэлябры, абразы 18 ст., габеленавыя і шаўковыя арнаты.

В.​В.​Калнін.

Ружанскі Троіцкі касцёл.

т. 13, с. 435

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМІ́Н (ням. Kamin ад грэч. kaminos печ, ачаг),

прысценная печ з адкрытай топкай у выглядзе нішы і прамым дымаходам. Прызначаецца для награвання памяшкання (пераважна за кошт цеплавога выпрамянення агню ў час згарання дроў ці вугалю) і аздаблення інтэр’ера. Бываюць таксама электрычныя, газавыя К. Будуюць іх з каменю, цэглы, дрэва, атынкаванага гіпсам. Аздабляюць маёлікай, металам, керамічнай пліткай. Прылады да К. — экран (размаляваная або вышываная тканіна, нацягнутая на каркас), рашотка. шчыпцы, шуфлік, качарга — звычайна выконваюцца на высокім маст. узроўні.

Вядомы ў Стараж. Рыме, з 12 ст. ў Зах. і Паўн. Еўропе. У сярэдневяковых К. наверша выносілася на кансолях далёка наперад, звужалася ўверсе, дасягала скляпенняў. У перыяд готыкі К. набыў адметныя арх. формы, багата ўпрыгожваўся і быў дэкар. дамінантай інтэр’ера. Паступова наверша знікала (дымаход будавалі ў сцяне) або захоўвалася ў якасці дэкар. элемента. Рэнесансавыя і барочныя К. вылучаліся пышным аздабленнем разьбой, барэльефам, гарэльефам, скульптурай і інш. У 17—19 ст. пераважала строгая класіцыстычная форма прамавугольнага К. З гарыз. плітой уверсе, на якую звычайна ставілі гадзіннік, падсвечнік і інш.

На Беларусі захаваліся К. з 16 ст. Іх будавалі ў замках, палацах, сядзібах, гар. асабняках (замак у Нясвіжы). Цяпер К. будуюць у інтэр’ерах грамадскіх будынкаў (камінныя залы гасцініцы спарт. комплексу «Раўбічы» пад Мінскам, Дома літаратара ў Мінску, санаторыя «Беларусь» у Крыме), дамах індывід. забудовы.

Л.​Г.​Лапцэвіч.

т. 7, с. 526

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКІ БОГАЯЎЛЕ́НСКІ МАНАСТЫ́Р Існаваў у 17—1-й пал. 20 ст. ў Магілёве. Адзін з найбуйнейшых правасл. манастыроў на Беларусі. З ім звязана дзейнасць магілёўскага правасл. брацтва, пераведзенага з Магілёўскага Спаскага манастыра. У канцы 18 ст. манастырскі комплекс складалі мураваныя цэрквы Богаяўленская і «цёплая» (зімовая) Іаана Багаслова (пабудавана ў канцы 1630-х г.), званіца, будынак брацкай друкарні, крамы, драўляныя будынкі шпіталя, дома ігумена, гасп. пабудовы. Буд-ва манастыра пачата ў 1618 паводле прывілея караля Уладзіслава IV. Богаяўленская царква пабудавана А.​Азаровічам у 1633—36 у стылі ранняга барока. Уяўляла сабой 3-вежавую 3-апсідную 10-стаўповую крыжова-купальную базіліку з 8-гранным барабанам і купалам (пастаўлены ў 1700) над сяродкрыжжам. Гал. фасад меў ярусную кампазіцыю, завяршаўся 2 вежамі і фігурным франтонам паміж імі. Верхні ярус аздоблены плоскімі арачнымі нішамі з гіркамі. Інтэр’ер багата размаляваны, меў пазалочаны разны іканастас (17—18 ст.) работы мясц. майстроў з абразамі іканапісца А.​Пігарэвіча і інш. у сярэбраных абкладах (1755) работы магілёўскага чаканшчыка П.​Слізіка (Сліжыка). У 1657 побач з царквой пачата буд ва 4-яруснай вежы-званіцы, на якой ў 1686 устаноўлены гадзіннік. зроблены манахам Макарыем. Царква разбурана ў 1708 і 1748, у 1850 цалкам адноўлена, у 1866 адноўлены мураваная брама і званіца. Комплекс разбураны ў Вял. Айч. вайну.

Магілёўскі Богаяўленскі манастыр. Галоўны фасад Богаяўленскай царквы.

Т.​І.​Чарняўская.

т. 9, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯСВІ́ЖСКІ КАСЦЁЛ ЕЗУІ́ТАЎ, Нясвіжскі касцёл Божага Цела, Нясвіжскі фарны касцёл,

помнік архітэктуры барока ў г. Нясвіж Мінскай вобл. Пабудаваны ў 1584—93 (арх. Дж.​Бернардоні) на ўзор гал. храма ордэна езуітаў Іль Джэзу ў Рыме.

У 1510 у Нясвіжы па фундацыі П.​Кішкі пабудаваны драўляны касцёл, у 1555 М.​Радзівіл Чорны перадаў яго кальвіністам. У 1581 яго сын М.​К.​Радзівіл Сіротка пачаў будаваць мураваны касцёл, прызначаны для езуітаў. Будынак храма ў выглядзе грэч. крыжа ў плане (захаваўся чарцёж канца 16 ст.) не задавальняў езуітаў і ў 1586 па ініцыятыве віленскага біскупа Ю.​Радзівіла быў разбураны. На месцы разбуранага пастаўлены новы мураваны касцёл — 3-нефавая крыжова-купальная базіліка з паўцыркульнай апсідай, па баках якой размешчаны 2-павярховыя прамавугольныя ў плане сакрысціі, і з 2 сіметрычна размешчанымі гранёнымі капліцамі, прыбудаванымі побач з крыламі трансепта. Бязвежавы гал. фасад вырашаны як самаст. сценка-шырма, завершаны трохвугольным франтонам. Інтэр’ер багата дэкарыраваны размалёўкай у тэхніцы грызайль. Фрэскі выкананы ў 1750—70-я г. з удзелам мастака К.​Д.​Гескага. У касцёле надмагіллі 17—19 ст. і фамільная пахавальня кн. Радзівілаў. Касцёл пабудаваны ў ансамблі з Нясвіжскай замкавай вежай, Нясвіжскім езуіцкім калегіумам. У 1747 у двары касцёла асобна пастаўлена капліца (арх. М.​Педэці).

Т.​В.​Габрусь, У.​А.​Чантурыя.

Нясвіжскі касцёл езуітаў і Замкавая вежа (злева).
Нясвіжскі касцёл езуітаў. Інтэр’ер.

т. 11, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛІНЕЗІ́ЙСКАЯ БІЯГЕАГРАФІ́ЧНАЯ ВО́БЛАСЦЬ.

Займае астравы Ціхага ак. (акрамя Новай Зеландыі і а-воў Кермадэк). Уваходзіць у царства Палеагею. Паводле сістэмы раянавання рас. вучонага У.​Г.​Гептнера (1936) лічылася Палінезійскай зоагеагр. падвобласцю, што ўваходзіла ў Аўстрал. зоагеагр. вобласць з царства Натагею.

Багацце флоры астравоў П.б.в. знаходзіцца ў прамой залежнасці ад памераў вострава або архіпелага і разнастайнасці рэльефу. На астравах трапляюцца ўсе тыпы раслінных згуртаванняў, ад трапічных лясных да пустынных фітацэнозаў. Відавая разнастайнасць залежыць ад спосабаў пападання насення і дарослых раслін на акіянічныя астравы (з паветранымі і марскімі плынямі, з дапамогай птушак, жывёл і чалавека). Фауна ярка выяўленага астраўнога характару, мае мноства эндэмічных форм. З наземных млекакормячых трапляюцца некат. дробныя грызуны, завезеныя чалавекам, і рукакрылыя (даўгакрылы, крыланы, начніцы). Найб. багатая арнітафауна (каля 100 родаў): мноства галубоў, вадаплаўных (альбатросы, чайкі і інш.), веліканогія куры, зімародкі, зязюлі, кулікі, ластаўкі, медасосы, папугаі, совы і інш. (каля 35 эндэмічных груп). З паўзуноў характэрны геконы і сцынкі, каля берагоў — марскія змеі. Жабы трапляюцца на Гавайскіх, Фіджы а-вах і архіпелагу Бісмарка. З прэснаводных рыб пераважаюць прахадныя формы (напр., вугры). Беспазваночныя найб. багата прадстаўлены ў зах. ч. вобласці, сярод іх ад 30 да 80% эндэмікаў (жукі, матылі і інш.). Характэрны наземны рак — пальмавы злодзей.

А.​М.​Петрыкаў.

Да арт. Палінезійская біягеаграфічная вобласць. Характэрныя прадстаўнікі флоры і фауны: 1 — аргіраксіфіум гавайскі; 2 — эрытрына; 3 — сцэвола такада; 4 — ігуана каналоф; 5 — серпадзюбка-акіялоа; 6 — канюк галапагоскі.

т. 12, с. 5

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕЧ хатняя,

глінабітнае або мураванае збудаванне для ацяплення памяшкання, гатавання ежы, выпечкі хлеба; важны элемент абсталявання і арх. вырашэння інтэр’ера жылля.

Вядома са старажытнасці. У Стараж. Рыме выкарыстоўвалі перасоўныя, звычайна метал., багата аздобленыя П. У сярэднявеччы пашыраны стацыянарныя П. купальнага тыпу, вылепленыя з гліны. У 13—14 ст. з’явіліся П. з кафлі, напачатку прамавугольныя, пазней і круглыя. У 18 — пач. 20 ст. П. рабілі ў выглядзе мэблі, абеліскаў, калон, пірамід з актыўным выкарыстаннем арх. дэкору. Разнастайнасцю вылучаюцца П. ў нар. буд-ве. Найб. старадаўнія — П.-каменка і «курная» П. (без коміна). «Белыя» П. (з комінам) рабілі з гліны ці цэглы, часам на драўлянай рубленай аснове з 3—5 вянкоў ці на штандарах. Спецыфіка побыту і матэрыяльнай культуры розных народаў садзейнічалі фарміраванню своеасаблівых тыпаў П. («руская», «галандская», «шведская» і інш.).

У нар. жыллі беларусаў П. адыгрывае вядучую ролю ў арганізацыі інтэр’ера хаты. Яна магла займаць ​1/4 плошчы памяшкання. Да сярэдзіны 19 ст. пераважалі «курныя», з пач. 20 ст. — «белыя» П. З канца 19 ст. каля П. ставілі грубку. П. і асобныя часткі (прыпечак, пячуркі, падпечча, комін і інш.) заўсёды былі актыўнымі элементамі сямейных свят і розных абрадаў. Сучасныя П. маюць меншыя памеры, робяцца з цэглы, часта абліцоўваюцца кафляй або пліткай дэкаратыўнай. Новыя сродкі ацяплення і гатавання ежы звузілі функцыянальнае прызначэнне П. ў сучасным побыце.

Літ.:

Беларускае народнае жыллё. Мн., 1973;

Помнікі этнаграфіі. Мн., 1981.

С.​А.​Сергачоў.

Печ з комінам.

т. 12, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРА́ГІНСКІ СТРОЙ,

традыцыйны комплекс бел. нар. адзення ва Усх. Палессі, пераважна ў паўд.-ўсх. раёнах Гомельшчыны. Бытаваў у 19 — пач. 20 ст. Яму ўласцівы разнастайнасць формаў, багацце арнаментальных кампазіцый, адметныя шыйныя ўпрыгожанні. У жаночым гарнітуры вылучаюцца 3 варыянты: кашуля, 4-полкавая панёва, фартух, намітка (сярпанка); кашуля, андарак, белы фартух, гарсэт (кабат), каптур з хусткай; кашуля або блуза, крамная спадніца з прышыўным ліфам (шнуроўка). Кашулю кроілі з прамымі плечавымі ўстаўкамі, прышытымі па ўтку, з вузкім рукавом, стаячым каўняром. Арнамент натыкання і вышыўкі (чырвонымі, чорнымі і белымі баваўнянымі ніткамі) кампанаваўся ў палосы рознай шырыні на рукавах, на плечавых устаўках, каўняры і падоле. З геаметрычных матываў пашыраны ромбы, васьмівугольныя зорачкі, зубчыкавыя паскі, з раслінных — дрэва жыцця (размяшчалася буйным аднарапортным узорам на ўсю даўжыню рукава), 8-пялёсткавыя кветкі, ружы, ягады каліны. Вышыўку фартухоў часта дапаўнялі нашыўкамі з каляровага саціну, карункамі. Андаракі гладкафарбаваныя, найчасцей чырвона-малінавыя або затканыя падоўжнымі бела-вохрыстымі палосамі ці вышытыя па нізе рознакаляровымі ніткамі. Падпяразвалі вузкім дэкар. поясам. Галаўныя ўборы жанчын: намітка, чапец (пераважна з цёмных крамных тканін, упрыгожаныя аплікацыяй, брыжамі), хусткі (даматканая белая з чырвонымі прокідкамі, суконная чорная з дэкар. махрамі, крамная страката-набіваная, якую не завязвалі, а выкладалі на галаве і грудзях). Насілі пацеркі, шыйныя абручыкі, вышытыя рознакаляровым бісерам. Мужчынскія кашулі былі тунікападобнага крою з багата вышытай манішкай. Нагавіцы шылі з палатна ў чорна-белыя палоскі (палатнянікі) або з шэрага ці карычневага сукна (суконнікі). Вопратку (світка, бурнос, бурка, кажух) аздаблялі нашыўкамі і аблямоўкамі з фабрычнага сукна ці саціну, аплікацыяй шнурам, фалдаваннем (маршчэннем), строчкай.

М.​Ф.​Раманюк.

Брагінскі строй. Жанчыны ў святочных касцюмах. Вёска Чыкалавічы Брагінскага раёна.

т. 3, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)