КАНА́РСКІЯ АСТРАВЫ́ (ісп. Islas Canarias),
аўтаномная вобласць Іспаніі на аднайм. астравах у Атлантычным ак., за 100—120 км ад паўн.-зах. берагоў Афрыкі. Пл. 7,3 тыс. км². Нас. 1,5 млн. чал. (1991). Адм. ц. — г. Лас-Пальмас. Падзяляюцца на 2 правінцыі: Лас-Пальмас і Санта-Крус-дэ-Тэнерыфе. Найб. астравы: Гран-Канарыя, Тэнерыфе, Фуэртэвентура, Лансаротэ. Вулканічныя гарыстыя астравы, складзеныя з базальтаў. Характэрны патухлыя і дзеючыя вулканы. Выш. да 3718 м (дзеючы вулкан Тэйдэ на в-ве Тэнерыфе). Клімат трапічны, пасатны. Ападкаў 300—500 мм за год. Вечназялёная лясная і хмызняковая расліннасць. Нац. паркі: Тэйдэ, Тыманфая, Кальдэра-дэ-Табурыентэ, Гараханай. Насельніцтва занята гал. ч. ў сферы абслугоўвання і сельскай гаспадарцы. Астравы — буйны цэнтр марскіх курортаў і міжнар. турызму. Абслугоўванне турыстаў і адпачываючых — гал. галіна эканомікі. Найважнейшыя с.-г. культуры — бананы, вінаград, памідоры, бульба, тытунь і гародніна; развіта рыбалоўства (каля 15% агульнаісп. ўлову). Прам-сць: нафтаперапр., хім., харчасмакавая (асабліва плодакансервавая і рыбаперапр.), металаапрацоўчая. Вінаробства. Транспарт марскі і аўтамабільны. Парты Лас-Пальмас і Санта-Крус-дэ-Тэнерыфе — бункерныя базы і суднарамонтныя цэнтры міжнар. значэння. 2 міжнар. аэрапорты.
т. 7, с. 571
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІКАБА́РСКІЯ АСТРАВЫ́,
група з 19 астравоў у Індыйскім ак., паміж Бенгальскім залівам і Андаманскім м. Уваходзяць у склад саюзнай тэр. Індыі Андаманскія і Нікабарскія а-вы. Пл. 1,6 тыс. км². Буйныя астравы — вяршыні падводнага хрыбта (выш. да 642 м), дробныя — каралавыя. Клімат субэкватарыяльны, мусонны, ападкаў 2200—3200 мм за год. На паўд. астравах вечназялёныя трапічныя лясы, на паўн. — высакатраўныя лугі. Вырошчванне какосавай пальмы. Рыбалоўства, лоў трэпангаў, збор ракавін.
т. 11, с. 331
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАЛІ́НСКІЯ АСТРАВЫ́ (англ. Caroline Islands, ісп. Carolinas Islas),
архіпелаг у зах. ч. Ціхага ак., у Мікранезіі. Уваходзяць у склад дзярж. утварэнняў: Федэратыўныя штаты Мікранезіі (Цэнтр. і Усх. Караліны: а-вы Косрае, Панпеі, Трук, Яп) і Рэспубліка Палау (зах. К.а., падапечная тэр. ЗША). Усяго 936 асобных або сабраных у групы астравоў агульнай пл. каля 1320 км². Нас. каля 105 тыс. чал. (1988). Буйнейшыя а-вы: Бабелтуап, Понапе, Кусаіе, Яп, Трук — вулканічныя (выш. да 791 м), абкружаны больш нізкімі каралавымі рыфамі. Астравы зах. групы адносяцца да сістэмы астраўных дуг, для якіх характэрна ўстойлівае павольнае падняцце. Астравы ўсх. групы сфарміраваны на акіянічным ложы. Радовішчы фасфарытаў. Клімат экватарыяльны і субэкватарыяльны. Вечназялёныя трапічныя лясы, саванны. Трапічнае земляробства, жывёлагадоўля, рыбалоўства. Адкрыты ў 1528 ісп. мараплаўцам А. дэ Сааведра. Названы ў гонар ісп. караля Карла II.
т. 8, с. 52
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Гілберта і Эліс астравы 3/478; 7/194
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
АЗО́РСКІЯ АСТРАВЫ́ (партуг. Ilhas dos Açores Астравы ястрабаў),
архіпелаг у Атлантычным ак., на З ад Пірэнейскага п-ва. Пл. 2,3 тыс. км². Працягваецца з З на У прыблізна на 600 км. Складаецца з 9 буйных а-воў (Сан-Мігел, Тэрсейра, Піку, Сан-Жоржы, Флорыш і інш.) і некалькіх рыфаў. Уваходзіць у склад Партугаліі. Нас. 243,4 тыс. чал. (1981). Астравы вулканічнага паходжання, маюць горны рэльеф з вяршынямі да 2351 м (г. Піку на в-ве Піку), стромкія берагі. Разнастайныя праяўленні сучаснага вулканізму (фумаролы, мінер. і тэрмальныя крыніцы). Частыя землетрасенні. Клімат субтрапічны, акіянскі. Сярэдняя т-ра студз. каля 14 °C, ліп. каля 22 °C. Ападкаў 700—800 мм за год. На схілах субтрапічныя горныя лясы і кусты. Плантацыі бананаў, цытрусавыя, вінаградарства. Цэнтр марскіх і паветраных трансатлантычных ліній паміж Еўропай, Афрыкай і Амерыкай. Найб. гарады і парты: Понта-Дэлгада, Анграду-Эраіжму, Орта.
т. 1, с. 170
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВЕ́ТРАНЫЯ АСТРАВЫ́ (англ. Windward Islands, ісп. Islas Barlovento),
Карыбскія астравы, група каралавых і вулканічных астравоў у Карыбскім м.; усх. ч. архіпелага Малыя Антыльскія астравы, паміж Віргінскімі а-вамі і востравам Трынідад. Найб. а-вы: Гвадэлупа, Дамініка, Марцініка, Грэнада, Сент-Вінсент, Антыгуа і інш. На Н.а. размешчаны дзяржавы: Антыгуа і Барбуда, Грэнада, Дамініка, Сент-Вінсент і Грэнадзіны, Сент-Люсія, а таксама ўладанні Вялікабрытаніі, Францыі і Нідэрландаў. Агульная пл. каля 6 тыс. км². Нас. 1,3 млн. ж. (1990). Рэльеф пераважна горны (выш. да 1447 м, на в-ве Дамініка). Дзеючыя вулканы. Клімат трапічны пасатны, вільготны. Трапічнае земляробства. Плантацыі цукр. трыснягу, цытрусавых, кавы, какавы, бананаў. Важнейшыя гарады: Фор-дэ-Франс (в-аў Марцініка), Пуэнт-а-Пітр і Бас-Тэр (в-аў Гвадэлупа), Кастры (в-аў Сент-Люсія). Назва «Н.а.» тлумачыцца наветраным становішчам астравоў у адносінах да паўн.-ўсх. пасату.
т. 11, с. 104
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРМА́НДСКІЯ АСТРАВЫ́ (Channel Islands),
група астравоў у праліве Ла-Манш, каля ўзбярэжжа Нармандыі; у складзе Вялікабрытаніі. Нас. 133 тыс. ж. (1991). Пл. 196 км². Асн. а-вы: Гернсі і Джэрсі. Выш. да 148 м. Лугі. Агародніцтва, кветкаводства (пераважна ў цяпліцах). Рыбалоўства. На Н.а. выведзены гернзейская і джэрсейская пароды буйн. раг. жывёлы. Кліматычныя курорты. Порт Сент-Хеліер — буйны банкаўскі цэнтр (на в-ве Джэрсі). Падзяляюцца на 2 акругі, у якіх брыт. манархію прадстаўляе нам. губернатара. Пытанні міжнар. палітыкі і абароны ў кампетэнцыі брытанскіх, а адм., судовыя, гасп. і фін. — мясц. улад. Іх узначальваюць прызначаныя манархам чыноўнікі — байліфы. Н.а. маюць свой акр. парламент.
У старажытнасці населены галамі. У 1 ст. н.э. заваяваны рымлянамі. З канца 8 ст. на астравы пачаліся набегі нарманаў. У 933 іх правадыр Ралон далучыў Н.а. да герцагства Нармандыя, якое ў 1066 аб’яднана Вільгельмам 1 Заваёўнікам з Англіяй (гл. Нарманскае заваяванне Англіі 1066). Пасля адваявання Нармандыі Францыяй з 1204 астравы засталіся брыт. уладаннем. У 1336 іх беспаспяхова імкнуўся заваяваць шатл. кароль Роберт Брус. Рэфармацыя, якая прыйшла сюды з Францыі, перамагла ў форме кальвінізму (прэсвітэрыянства), з 17 ст. пашырылася англіканства. У 19 ст. гандаль і турызм садзейнічалі хуткаму развіццю Н.а. У 1852—70 тут жыў В.Гюго. У 2-ю сусв. вайну астравы акупіраваны (1940) ням. войскамі, якія стварылі тут ваен. ўмацаванні, т. зв. Заходні вал. Вызвалены брыт. войскамі 9.5.1945.
т. 11, с. 163
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРЫЯ́НСКІЯ АСТРАВЫ́ (Marianas Islands),
група астравоў на З цэнтр. ч. Ціхага ак., у Мікранезіі. Складаецца з 15 буйных астравоў (Гуам, Рота, Сайпан і інш.) і некалькіх дробных астравоў і рыфаў. Пл. больш за 1,1 тыс. км². Нас. каля 210 тыс. ж. (1997). В-ваў Гуам — уладанне ЗША, астатняя частка ўваходзіць у Садружнасць Паўн. Марыянскіх Астравоў. Астравы вулканічнага і каралавага паходжання. Частыя землетрасенні. Выш. да 965 м. Вільготныя трапічныя лясы, саванны. Трапічнае земляробства. Рыбалоўства. Асн. порт Аганья (на в-ве Гуам). Ваенна-марскія і ваенна-паветр. базы ЗША. М.а. адкрыты ў 1521 Ф.Магеланам.
т. 10, с. 161
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІРГІ́НСКІЯ АСТРАВЫ́ (Virgin Islands),
Віргінскія брытанскія астравы, уладанне Вялікабрытаніі ў Вест-Індыі, на Малых Антыльскіх а-вах. Уключае ч. Віргінскіх а-воў. Пл. 153 км². Нас. 16,6 тыс. чал. (1991). Адм. ц. і порт Род-Таўн (каля 2,5 тыс. ж.) на в-ве Тартола. Афіц. мова англійская. Дзейнічае канстытуцыя 1977. Брыт. манарха прадстаўляе губернатар, у кампетэнцыі якога знаходзяцца абарона, унутр. бяспека, знешняя палітыка, дзярж. службы, сістэма правасуддзя. Ён жа ўзначальвае Заканадаўчы і Выканаўчы саветы.
Ва ўладанне ўваходзяць 40 астравоў, населены 16. Найбольшыя Тартола (54,4 км²), Анегада (38,8 км²), Вёрджын-Горда (21,4 км²). Астравы гарыстыя (г. Сейдж, 540 м), складзены з вапнякоў і крышт. парод. Клімат трапічны, гарачы і вільготны, з 2 засушлівымі сезонамі. Т-ра паветра 17—28 °C (зімой), 26—31 °C (летам). Ападкаў 1270 мм за год, з ліп. да ліст. ўраганы. У гарах захаваліся ўчасткі трапічных лясоў. Жывуць пераважна негры і мулаты. Больш за 80% насельніцтва на в-ве Тартола. Сярод вернікаў пераважаюць англікане, метадысты, адвентысты. Асн. галіна гаспадаркі — абслугоўванне турыстаў (каля 50% нац. даходу). Штогод астравы наведваюць каля 200—250 тыс. турыстаў пераважна з ЗША. Прадпрыемствы лёгкай, харч. (выраб рому, перапрацоўка рыбы), буд. матэрыялаў (экспарт жвіру і пяску) прам-сці. Здабыча солі. Вырошчваюць цукр. трыснёг, какосавыя арэхі, садавіну, агародніну. Пад ворывам каля 2 тыс. га, пад пашай каля 4 тыс. га. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, птушку. Рыбалоўства. Транспарт аўтамаб. і марскі. Грашовая адзінка — долар ЗША.
У 1960 абвешчаны асобнай тэрыторыяй, у 1967 атрымалі абмежаванае самакіраванне.
Дзейнічаюць Партыя Віргінскіх а-воў (кіруючая) і Аб’яднаная партыя, 2 прафсаюзы — Асацыяцыя працоўных грамадзян і Асацыяцыя настаўнікаў.
т. 4, с. 191
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)