квантавы генератар, у якім незатухальныя ваганні падтрымліваюцца вымушаным выпрамяненнем пучка ўзбуджаных малекул або атамаў; разнавіднасць мазера. Выкарыстоўваецца як актыўны квантавы стандарт частаты ў службе часу (гл.Квантавы гадзіннік), у касм. навігацыі, геадэзіі, картаграфіі, як радыёспектраскоп высокага раздзялення пры даследаваннях малекул аміяку, атамаў азоту і вадароду, а таксама іх ядраў.
Першы М.г. на малекулах аміяку створаны ў 1955 М.Г.Басавым і А.М.Прохаравым і незалежна амер. фізікам Ч.Таўнсам. Пучок малекул аміяку накіроўваўся ў сартавальнае прыстасаванне, праз якое ў аб’ёмны рэзанатар праходзілі толькі ўзбуджаныя часціцы. Пучок, які пралятае праз настроены на частату малекулярнага пераходу рэзанатар, выпрамяняе лішак сваёй энергіі. Вызначаецца высокімі стабільнасцю частаты генерацыі і монахраматычнасцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́РКАЎ (Леанід Васілевіч) (13.12.1927—2.3.1991),
расійскі акцёр. Нар.арт.СССР (1985). Скончыў Тэатр. студыю пры Маскоўскім т-ры імя Ленінскага камсамола (1950). Акцёр гэтага т-ра, з 1960 у Маскоўскім драм. т-ры імя Пушкіна, з 1965 у Т-ры імя Массавета, у 1986—87 у Малым т-ры. Выканальніцкае майстэрства было адметнае эмацыянальнай яркасцю, унутр. сілай. Іграў герояў пераважна складанага лёсу: Парфірый Пятровіч («Пецярбургскія сны» паводле Ф.Дастаеўскага, 1969), Аляксей Арлоў («Царскае паляванне» Л.Зорына, 1977) і інш. З 1972 здымаўся ў кіно: «Рускае поле» (1972), «І гэта ўсё пра яго» (1977, паводле В.Ліпатава), «Мой ласкавы і пяшчотны звер» (1978), «Ганна Паўлава» (1983), «Дзіцячы сад» (1984), «Змеялоў» (1985) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖА́ЎНЫ СМЫКО́ВЫ КВАРТЭ́Т БССР.
Існаваў у 1930-я г. Створаны ў Мінску ў 1934, з 1937 у Бел. філармоніі. У складзе калектыву: А.Бяссмертны. С.Жыў (адпаведна 1-я і 2-я скрыпкі), І.Гуральнік (альт), М.Арлоў (віяланчэль). Паводле хадайніцтва ЦВКБССР калектыў атрымаў у карыстанне інструменты з дзярж. калекцыі муз. інструментаў у Маскве: скрыпкі Амаці і Альбані, альт Дэразэ, віяланчэль Клоца. Выступленні адбываліся пераважна ў рабочых і чырвонаармейскіх клубах, навук. і навуч. установах рэспублікі. Аснову рэпертуару складалі творы рус. і зарубежнай класікі. Дзейнасць сталага калектыву спрыяла стварэнню бел. кампазітарамі шэрагу квартэтаў (М.Аладаў, У.Алоўнікаў, М.Крошнер, П.Падкавыраў. В.Яфімаў і інш.).
Літ.:
Мастацтва Савецкай Беларусі. Мн., 1976. Т. 1. С. 270.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́ГША Лазар, полацкі ювелір 12 ст. Вольны рамеснік. У 1161 на заказ св.Ефрасінні Полацкай стварыў для Полацкага манастыра св. Спаса шэдэўр стараж.-бел. мастацтва напрастольны крыж Ефрасінні Полацкай. Залатыя пласціны на драўляным крыжы ён упрыгожыў перагародчатымі эмалямі (эмалі ў той час маглі вырабляць нямногія майстры), прытым выкананы эмалі не на асобных пласцінах, а адразу на рэліквіі, што патрабавала выключнага прафесіяналізму і тонкага густу пры кампаноўцы дэкору. Аўтар дасканала валодаў і тэхнікай вырабу эмаляў, і метадамі апрацоўкі каштоўных металаў, эмальерным мастацтвам. Яго праца добра аплачана (сума, роўная кошту 160 лісіных шкур), а талент высока ацэнены Ефрасінняй Полацкай, пра што сведчыць імя аўтара на крыжы — з’ява на той час вельмі рэдкая. Іл.гл. ў арт.Беларусь.
Літ.:
Алексеев Л.В. Лазарь Богша — мастер-ювелир XII в. // Сов. археология. 1957. № 3;
Арлоў У. Таямніцы полацкай гісторыі. Мн., 1994. С. 89—92.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́МУШАНАЕ ВЫПРАМЯНЕ́ННЕ,
вылучэнне электрамагнітных хваль квантавымі сістэмамі (напр., атамамі) пад уздзеяннем знешняга (вымушанага) выпрамянення і тоеснымі з ім частатой, фазай, палярызацыяй і напрамкам распаўсюджвання. Паняцце вымушанага выпрамянення ўведзена з агульных тэрмадынамічных меркаванняў А.Эйнштэйнам (1917) для сістэмы многіх часціц. Вымушанае выпрамяненне актыўнага асяроддзя выкарыстоўваецца для ўзмацнення і генерацыі эл.-магн. хваль (гл.Квантавы ўзмацняльнік, Квантавы генератар).
Поўная магутнасць вымушанага выпрамянення пры ўзаемадзеянні актыўнага асяроддзя са знешнім эл.-магн выпрамяненнем выражаецца формулай
, дзе
— энергія выпрамененага (паглынутага) фатона; Em і En — энергія электрона на больш высокім і больш нізкім узроўнях; ωmn — імавернасць выпрамянення (паглынання); Nm і Nn — заселенасць больш высокага і больш нізкага ўзроўняў. Актыўнае асяроддзе мае інверсную заселенасць узроўняў Nm>Nn і P>0; у раўнаважных сістэмах Nm<Nn, і таму сістэма паглынае знешняе выпрамяненне (P<0).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАО́Р (сапр.Арлоў) Дзмітрый Стахіевіч
(3.11.1883, г. Новачаркаск, Расія — 24.10.1946),
расійскі графік, адзін з заснавальнікаў сав.паліт. плаката. Засл. дз. маст. Расіі (1932). Прафес. адукацыі не атрымаў. Выкладаў у Вышэйшым маст.-тэхн. ін-це (з 1922), паліграф. (1930—32) і маст. (1939—43) ін-тах у Маскве. Чл. аб’яднання «Кастрычнік» (з 1928). Выконваў сатыр. малюнкі для газ. «Известия», «Правда», час. «Будильник», «Крокодил» і інш. Творчасці ўласцівы экспрэсіўны, часам гратэскны контурны малюнак, які рэзка абрысоўвае плоскасную колеравую пляму. Найб. вядомыя плакаты «Савецкая рэпка» (1919), «Ты запісаўся добраахвотнікам?», «Урангель яшчэ жывы, дабі яго без літасці» (абодва 1920), «Дапамажы!» (1921—22), «Ты чым дапамог фронту?» (1941). Аўтар ілюстрацый да рамана А.Барбюса «Агонь» (1938), паэмы У.Маякоўскага «Добра!» (1940), «Слова аб палку Ігаравым» (1944). Аўтар кн. «Я — бальшавік!» (1967).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕЦ ((Lec) Станіслаў Ежы) (6.3.1909, г. Львоў, Украіна — 7.5.1966),
польскі паэт, сатырык. Скончыў Львоўскі ун-т (1933). У 1941—43 вязень фаш. канцлагера. У 1946—50 аташэ Польскай місіі ў Вене. Першая кн. вершаў — «Колеры» (1933). Аўтар зб-каў рэфлексійна-лірычных вершаў «Палявы блакнот» (1946), «Іерусалімскі рукапіс» (1956), «Да Авеля і Каіна» (1961), «Паэмы, падрыхтаваныя да скоку» (1964), а таксама сатыр. твораў і фрашак (зб-кі «Заасад», 1935; «Прагулка цыніка», 1946; «Здзекуюся і пытаюся пра дарогу», 1959, і інш.). Майстар кароткага філас. парадоксу. У цыклах афарызмаў «Непрычасаныя думкі» (1957), «Новыя непрычасаныя думкі» (1964) пры дапамозе жарту, іроніі, сарказму, алюзіі, гульні слоў выказваў пратэст супраць дагматызму і любых форм гвалту над асобай. На бел. мову асобныя творы Л. пераклаў У.Арлоў.
Тв.:
Utwory wybrane. T. 1—2. Warszawa, 1977;
Бел.пер. — З «Непрычасаных думак» // Далягляды. Мн., 1990;
Рус.пер. — [Стихи] // Современная польская поэзия. М., 1971;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕЕРХО́ЛЬДА ТЭА́ТР,
дзейнічаў у 1920—38 у Маскве пад кіраўніцтвам У.Меерхольда. Засн. як 1-ы Т-р РСФСР (некалькі разоў мяняў назву), з 1923 — М.т. Рэпертуар і маст. практыка вызначаліся творчай праграмай Меерхольда, які паставіў усе спектаклі т-ра (часам у сааўт. з інш. рэжысёрамі). У пастаноўках, якім уласцівы рысы сімвалізму і футурызму, сцвярджаўся агітацыйна-плакатны, відовішчны т-р, што развіваў традыцыі плошчавых прадстаўленняў, спалучаў гераічную патэтыку з рэзкай сатыр. буфоннасцю. Перавага аддавалася п’есам, арганічна звязаным з сучаснасцю: «Містэрыя-буф» (1921), «Клоп» (1929), «Лазня» (1930) У.Маякоўскага, «Настаўнік Бубус» А.Файко (1925), «Камандарм 2» І.Сяльвінскага (1929), «Апошні рашаючы» У.Вішнеўскага (1931) і інш. У сімвалісцкай інтэрпрэтацыі ставілася і рус. класіка: «Лес» А.Астроўскага (1924), «Рэвізор» М.Гогаля (1926), «Гора розуму» (паводле «Гора ад розуму» А.Грыбаедава, 1928), «Вяселле Крачынскага» А.Сухаво-Кабыліна (1933), «33 разы ў непрытомнасці» («Сватанне», «Мядзведзь», «Юбілей» А.Чэхава, 1935) і інш. У трупе т-ра: М.Бабанава, М.Багалюбаў, Э.Гарын, М.Жараў, І.Ільінскі, С.Марцінсон, Дз.Арлоў, М.Ахлопкаў, З.Райх, Л.Свердлін, М.Цароў, А.Цямерын, У.Яхантаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАСЛА́ЎЛЬ-ЗАЛЕ́СКІ,
горад, раённы цэнтр у Яраслаўскай вобл., на воз. Пляшчэева, у вусці р. Трубеж. Засн. ў 1152. Нас. 44,8 тыс.ж. (1996). Чыг. станцыя. Прам-сць: хім. (вытв-сць магнітнай стужкі, фотапаперы), харч., лёгкая. Аўтаматорны і цагельны з-ды, мэблевая ф-ка.
У цэнтры горада захаваліся земляныя валы стараж. ўмацавання, 4-стаўповы 1-купальны Спаса-Праабражэнскі сабор (1152—60), шатровая царква Пятра Мітрапаліта на Гасударавым двары (1585), барочныя 5-купальныя цэрквы Уладзімірская (1745) і Аляксандра Неўскага (1746), класіцыстычныя асабняк Цямерыных (2-я пал. 18 ст.), мемар. сядзіба «Боцік» (1803) з абеліскам у гонар Пятра I і будынкам музея. Ансамблі манастыроў: Троіца-Данілаў (16—18 ст.; сабор 1530—32, размалёўкі 17 ст.), Нікіцкі (16—19 ст., сабор 1561—64, галерэі 17 ст.), Фёдараўскі (16—19 ст.; сабор 16 ст.), Горыцкі (17—18 ст.; праезныя Святыя вароты 17 ст.). Помнік Аляксандру Неўскаму (1958, скульпт. С.Арлоў, арх. Л.Капіца). Гіст.-мастацкі музей. Каля П.-З. — Шаляпінка, сядзіба Ф.І.Шаляпіна. Турызм.
Літ.:
Иванов К.И., Пуришев И.Б. Переславль-Залесский: Путеводитель по городу и окрестностям. Ярославль, 1986;
Переславль-Залесский: Путеводитель по ист. и архит. памятникам. М., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКАЯ НАСТА́ЎНІЦКАЯ СЕМІНА́РЫЯ імя Я.П.Кульнева, сярэдняя спец.навуч. ўстанова ў Полацку ў 1872—1918. Рыхтавала настаўнікаў пераважна для Віленскай навучальнай акругі. Мела 3 асн. класы (з 1907—4) і гадавое падрыхтоўчае аддзяленне. Прымаліся асобы ўсіх саслоўяў з 16-гадовага ўзросту, якія скончылі пач.нар. вучылішча. У 1912 семінарыі прысвоена імя Я.П.Кульнева. Выкладаліся: Закон Божы, педагогіка, рус. і царк.-слав. мовы, арыфметыка, асновы геаметрыі, каморніцтва, гісторыя, геаграфія, спевы, рамяство і інш. Пры семінарыі дзейнічалі: узорнае пач. вучылішча (50—70 вучняў штогод), дзе семінарысты праходзілі пед. практыку; курсы для настаўнікаў пач.нар. вучылішчаў; б-ка (8 тыс. тамоў); метэаралагічная станцыя (з 1900); музей наглядных дапаможнікаў (з 1910). У 1907 часова зачынена. У 1-ю сусв. вайну знаходзілася ў эвакуацыі ў г. Вязнікі Уладзімірскай губ. За 1872—1900 П.н.с. скончылі 521, у 1911—142 выхаванцы. На базе семінарыі створаны пед. тэхнікум (гл.Полацкі педагагічны каледж). У П.н.с. выкладалі Ю.Ф.Крачкоўскі, гісторык Я.Смірноў, протаіерэй М.Дуброўскі (даследчык жыцця Ефрасінні Полацкай), вучыўся бел. паэт Я.Журба.
Літ.:
Смирнов Е.И. Полоцкая учительская семинария за 30 лет ее существования. Витебск, 1902;