ПЛАДАЛІ́СЦІК,

рэпрадуктыўная частка кветкі пакрытанасенных, што ўзнаўляе семязавязі (семязародкі). Адзін або некалькі П. складаюць жаночую ч. кветкі — гінецэй. Лічыцца, што П. ліставога паходжання, але гамалагічны не вегетатыўнаму, а відазмененаму лісту, які нясе мегаспарангіі з мегаспорамі (мегаспарафілу). Замкнёны П. або некалькі зрослых паміж сабой П. наз. песцікам.

т. 12, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДМАЎЛЕ́ННЕ,

элемент дыялектыкі, што фіксуе адзін з неабходных момантаў развіцця і ўмову змены аб’екта, пры якой некаторыя элементы не проста знішчаюцца, але захоўваюцца ў новай якасці. Віды адмаўлення розныя. Пры зняцці адбываецца ліквідаванне прадмета як пэўнага цэлага, але з захаваннем яго асобных («станоўчых») элементаў. Дэструкцыя азначае разбурэнне, знішчэнне структуры, якую адмаўляюць. Адмаўленне ў выглядзе трансфармацыі мае месца ў выпадках пераходу ад адной стадыі развіцця да другой у рамках той жа самай сістэмы. Адмаўленне сацыяльнае — сукупнасць дзеянняў чалавека па змене наяўных грамадскіх адносін, пры якіх выяўляюцца канкрэтныя суб’екты, аб’екты, мэты, прастора, час, каштоўнасныя арыентацыі і экзістэнцыялы, сродкі, метады. У найб. рэзкіх формах сац. адмаўленне выяўляецца ў войнах, рэвалюцыях, генацыдзе, злачыннасці, міжнац. канфліктах і інш. Адмаўленне, якое вядзе да сац. прагрэсу, называюць дыялектычным, процілеглае — чыста суб’ектыўным (гл. Нігілізм).

Адмаўленне ў логіцы — мысленнае проціпастаўленне аднаго суджэння другому.

Ю.​А.​Харын.

т. 1, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАВЫ́Д І́ГАРАВІЧ (да 1061 — 25.5.1112),

князь Валынскай зямлі. Сын уладзіміра-валынскага кн. Ігара Яраславіча. Паводле сцвярджэння гісторыка В.​М.​Тацішчава, у 1078 атрымаў ад вял. кн. кіеўскага Усевалада Яраславіча Тураў. У 1081 Давыд Ігаравіч разам з Валадаром Расціславічам захапіў Тмутаракань, дзе яны княжылі да 1083. У 1084 з князямі Расціславічамі выгнаў Яраполка Ізяславіча з Уладзіміра-Валынскага, але пад пагрозай войска Уладзіміра Манамаха збег адтуль. Пасля атрымаў Дарагабуж, Уладзіміра-Валынскае княства (1085). Любецкі з’езд 1097 пацвердзіў паўнамоцтвы Давыда Ігаравіча, але той паспрабаваў замацавацца і ў Церабоўлі. Уладзімір Манамах і князі Святаславічы пазбавілі Давыда Ігаравіча княжання і адправілі ў Чэрвень, адкуль ён уцёк на Захад. Пасля спробы Давыда Ігаравіча з дапамогай Расціславічаў захапіць вылынскія землі Віцічаўскі з’езд князёў (1100) пастанавіў не дапускаць яго да Уладзіміра-Валынскага і Чэрвеня. Атрымаў гарады Бужск, Астрог, Дубен і Чартарыйск, пазней Дарагабуж.

А.​В.​Іоў.

т. 5, с. 565

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЕБ РАГВАЛО́ДАВІЧ,

друцкі князь у канцы 12 ст., сын кн. Рагвалода Рагвалодавіча. Упамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1180, калі ў саюзе са смаленскім кн. Давыдам Расціславічам аказаў супраціўленне аб’яднаным сілам палачан, чарнігаўцаў і наўгародцаў у іх паходзе на Друцк, але беспаспяхова, таму вымушаны быў пакінуць Друцк.

М.​І.​Ермаловіч.

т. 5, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗІГО́ТА (ад грэч. zygotos злучаны разам),

клетка, утвораная зліццём мужчынскай і жаночай палавых клетак (гамет) у жывёльных і раслінных арганізмах; пачатковая стадыя развіцця зародка. Ядры гамет зліваюцца ў адно, але храмасомы кожнай гаметы зберагаюць сваю індывідуальнасць. З. мае двайны набор храмасом — дыплоідная фаза развіцця арганізма. Гл. таксама Дыплоід, Апладненне.

т. 7, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЫ́ТНЫ САЮ́З,

міждзяржаўнае фарміраванне, у рамках якога значна зніжаны тарыфы на правоз тавараў у межах краін-удзельніц і ўстаноўлены агульны мытны тарыф, што забяспечвае аднастайныя для ўсіх членаў умовы прыёму тавараў з інш. дзяржаў. М.с. — больш высокая ступень інтэграцыі ў параўнанні з зонай свабоднага гандлю, але саступае агульнаму рынку.

т. 11, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯТЫ́П (ад бія... + тып),

1) сукупнасць асобін у складзе папуляцыі (унутрыпапуляцыйная групоўка) з падобным генатыпам. У 1920—30-я г. Біятып разглядаўся як самая дробная таксанамічная катэгорыя, з якой складаецца від (гл. Экатып). Зрэдку да біятыпу адносяць групу асобін, падобных фенатыпічна, але не абавязкова генетычна ідэнтычных.

2) Тое, што жыццёвая форма.

т. 3, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЭЛАЦЫ́ТЫ [ад грэч. myelos (касцявы) мозг + ...цыт(ы)],

адна з форм клетак крывятворнай (міэлоіднай) тканкі чырвонага касцявога мозгу ў пазваночных. Утвараюцца са ствалавых крывятворных клетак, праходзяць стадыі міэлабласту і праміэлацыту. З М. развіваюцца зярністыя лейкацыты (гранулацыты). У норме М. ў кроў не паступаюць, але могуць з’яўляцца пры паталаг. працэсах (напр., лейкозах).

т. 10, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАБІЯСФЕ́РА (ад пара... + біясфера),

слаі атмасферы паміж 6—7-м і 60—80-м км над паверхняй Зямлі, куды жывыя арганізмы трапляюць выпадкова і могуць часова існаваць, але не ў стане нармальна жыць і размнажацца; верхні аналаг гіпабіясферы. Да П. адносяць таксама населеныя касм. апараты, якія знаходзяцца на арбітах над Зямлёй.

т. 12, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭ́ДКІЯ І ЗНІКА́ЮЧЫЯ ВІ́ДЫ,

жывёлы і расліны, якія сустракаюцца ў невялікай колькасці, на абмежаванай плошчы і якім пагражае небяспека вымірання. Уключаюцца ў Міжнар, або нац. Чырвоныя кнігі, з’яўляюцца ахоўнымі жывёламі і ахоўнымі раслінамі. Для аховы і ўзнаўлення папуляцый Р. і з.в. выдзяляюцца прыродныя тэр. з розным рэжымам аховы — запаведнікі, нац. паркі, заказнікі і г.д., прымаюцца заканадаўчыя акты на нац. і міжурадавых узроўнях, заключаюцца міжнар. пагадненні.

Паводле класіфікацыі, прапанаванай у Чырв кнізе МСАП, усе Р. і з.в. для вызначэння стану папуляцыі і аховы падзелены на 5 катэгорый: 1-я — знаходзяцца пад пагрозай знікнення і выратаванне іх немагчыма без ажыццяўлення спец. мер; 2-я — колькасць адносна высокая, але хутка скарачаецца; 3-я — колькасць стабільная, але невысокая, могуць знікнуць пры неспрыяльных зменах асяроддзя; 4-я — колькасць і стан не вызначаны; 5-я — адноўленыя, але не падлягаюць прамысл, выкарыстанню, за папуляцыямі неабходны пастаянны кантроль.

На Беларусі пад уплывам антрапагенных фактараў за апошнія 100—150 гадоў зніклі шматлікія расліны і жывёлы, у т. л. ядрушка духмяная, рабчык рускі, адоніс вясновы, шпажнік балотны, лён жоўты, сярэднееўрап. лясны кот, хахуля, ружовы пелікан, коўпіца, стрэпет, бялуга, балт. і рус. асятры, кумжа, ласось, сіг і інш. У Чырвоную кнігу Беларусі (выд. ў 1993) уключаны 182 віды жывёл, 180 — раслін, 17 — грыбоў, 17 — лішайнікаў. Вял. колькасць Р. і з.в. жывёл Беларусі (асабліва птушак) маюць міжнар, і еўрап. ахоўны статус, занесены ў Чырв. кнігу МСАП, у т. л. белавежскі зубр, сапсан, вяртлявая чарацянка, белавокі нырок.

В.​І.​Кіцікаў.

т. 13, с. 552

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)