першы заканадаўчы акт, які ўстанаўліваў у ВКЛ прававы статус яўрэяў. Выдадзены кн.Вітаўтам 24.6.1388 кагалу Брэста як найб. шматлікай, эканамічна развітой і арганізаванай яўр. грамадзе; фактычна пашыраўся на ўсё яўр. насельніцтва ВКЛ. Пазней П. неаднаразова пацвярджалі і ўдакладнялі інш. гаспадары ВКЛ. П. устанаўліваў асабістую недатыкальнасць яўрэяў, юрыд. аўтаномію і прынцыпы тэр. арг-цыі іх грамады, узаемадзеянне кагалу з ін-тамі дзярж. улады і інш. У асноўным паўтараў нормы яўр. права краін Цэнтр. Еўропы 13—14 ст. Напісаны на лац. мове.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЫВІ́ЛЬНАЕ ПРАЦЭСУА́ЛЬНАЕ ПРА́ВА,
галіна права, якая рэгулюе парадак судаводства па цывільных справах і выкананне суд. рашэнняў. У цывільным працэсе дзейнічаюць тыя ж суб’екты, што і ў цывільным праве. Разглядаюцца справы па спрэчках, што ўзнікаюць з цывільных, сямейных, прац. праваадносін, адм.-прававых спраў асаблівай вытворчасці і інш. Нормы Ц.п.п. фарміруюць мэты, задачы, правы і абавязкі суда пры ажыццяўленні правасуддзя па цывільных справах, вызначаюць падведамнасць і падсуднасць спрэчак, прававое становішча ўдзельнікаў цывільнага працэсу, рэгламентуюць ход суд. разбору і інш.Асн. прававы акт Ц.п.п. на Беларусі — Грамадзянскі працэсуальны кодэкс Рэспублікі Беларусь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАМАДЗЯ́НСКІ ПРАЦЭСУА́ЛЬНЫ КО́ДЭКС РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ, цывільны працэсуальны кодэкс Рэспублікі Беларусь,
сістэматызаваны адзіны заканадаўчы акт, які ўстанаўляе парадак вядзення цывільных спраў ва ўсіх судах Рэспублікі Беларусь. Дзеючы кодэкс прыняты Вярх. Саветам Беларускай ССР 11.6.1964. Пазней у яго ўнесены адпаведныя змены і дапаўненні. Складаецца з 398 артыкулаў, 32 глаў, 6 раздзелаў, у якіх вызначаюцца задачы цывільнага судаводства і рэгламентуюцца пытанні, звязаныя з разглядам і вырашэннем цывільных спраў, выкананнем пастаноў судоў і некаторых інш. органаў. У кодэкс уключаны дадаткі, якія складаюцца з пераліку відаў маёмасці грамадзян, на якую не можа быць накіравана спагнанне па выканаўчых дакументах, палажэння пра трацейскі суд і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́КТЫ У́НІІ ПО́ЛЬШЧЫ З ЛІТВО́Ю 1385—1791,
«Akta Unii Polski z Litwą 1385—1791», зборнік дакументаў па гісторыі уніі (саюза) паміж Каралеўствам Польскім і ВКЛ. Выдадзены Польскай АН і Варшаўскім навук. т-вам (Кракаў, 1932). Складзены С.Кутшэбам і У.Сямковічам. Уключана 177 дакументаў на бел., польскай і лац. мовах. Першы змешчаны дакумент — актКрэўскай уніі 1385, выдадзены Ягайлам, апошні — прынятая Чатырохгадовым соймам 1788—92 канстытуцыя (закон) 20.10.1791 «Аб заручэнні абодвух народаў», якой замацоўваўся саюз абедзвюх дзяржаў (ВКЛ і Польшчы) у складзе Рэчы Паспалітай. Акрамя тэкстаў усіх уній паміж Польшчай і ВКЛ змешчана шмат дадатковых дакументаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПРАБА́ЦЫЯ (лац. approbatio),
1) афіцыйнае ўхваленне, зацвярджэнне, вынесенае на падставе выпрабавання, праверкі, шырокага абмеркавання.
2) У сельскай гаспадарцы — абследаванне сартавых пасеваў і пладова-ягадных насаджэнняў для вызначэння сапраўднасці сорту, сартавых якасцяў і ўраджайнасці, праверкі выканання правілаў насенняводства. Апрабацыя палявых культур праводзіцца ў полі праз агляд, адбор і аналіз апрабацыйнага матэрыялу. Для кожнай культуры прадугледжана методыка апрабацыі, напр., фаза развіцця раслін у момант апрабацыі, плошча (у га) для адбору снапа, колькасць сцяблоў у снапе і г.д. Палявой апрабацыі падлягаюць усе сартавыя насенныя пасевы. Астатнія сартавыя пасевы рэгіструюць на аснове сартавых дакументаў. Вынікі аналізу запісваюць у акт апрабацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗУБКО́ Антоній (1797, с. Белае Полацкага пав. Беларускай губ. — 1884),
рэлігійны дзеяч. Магістр багаслоўя (1882). Скончыў Полацкую езуіцкую акадэмію са ступенню кандыдата філасофіі, семінарыю пры Віленскім ун-це (1822). Выкладаў у Полацкай семінарыі. З 1824 святар Полацкага уніяцкага кафедральнага сабора. З 1828 першы рэктар заснаванай ім Жыровіцкай семінарыі. У 1833 епіскап брэсцкі, вікарый Літоўскай уніяцкай епархіі. Пазнаёміўся з І.Сямашкам і стаў яго прыхільнікам. На Полацкім царкоўным саборы 1839 падпісаў акт пра аб’яднанне уніяцкай царквы з праваслаўнай. З 1840 правасл. мінскі епіскап, з 1845 — архіепіскап. Аўтар працы «Аб грэка-уніяцкай царкве ў Заходнім краі» (1864).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАТЭ́СТ (ад лац. protestari публічна даказваць),
1) рашучае пярэчанне супраць чаго-н., заява пра нязгоду з чым-н.
2) У праве Рэспублікі Беларусь і некаторых інш. краін адна з форм ажыццяўлення пракурорскага нагляду. Заключаецца ў матываваным пярэчанні пракурора супраць суд. або кіраўніцкага акта. Адрозніваюць П.: у парадку агульнага нагляду (на акт органа кіравання, які супярэчыць заканадаўству); касацыйны (на прыгавор або рашэнне суда, які яшчэ не набыў законнай сілы); прыватны (на вызначэнне суда, што не набыло законнай сілы). Прадугледжваецца таксама П. у парадку нагляду на рашэнне ці прыгавор суда, якія набылі законную сілу. Звычайна падаецца ў пісьмовай форме.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКТА́ВА (італьян. ottava ад лац. octava восьмая) у акустыцы, пазасістэмная безразмерная адзінка частотнага інтэрвалу. Абазначаецца — акт. 1 акт. — інтэрвал паміж дзвюма частотамі, лагарыфм адносіны якіх пры аснове 2 роўны адзінцы, што адпавядае адносіне верхняй гранічнай частаты да ніжняй гранічнай частаты, роўнай 2.
У музыцы, 1) восьмая ступень дыятанічнага гукарада. Мае аднолькавую назву з зыходнай, аднародная з ёю ў гучанні, але адрозніваецца вышынёю.
2) Самы нізкі па вышыні з абертонаў, якія ўваходзяць у склад кожнага гуку; лічбы ваганняў актавы і зыходнага гуку суадносяцца як 2:1.
3) Частка муз. гукарада, якая ўключае 7 асн. ступеняў дыятанічнага гукарада ці 12 гукаў (паўтонаў) храматычнай гамы ад «до» да «сі». Усяго ў муз. гукарадзе 7 поўных і 2 няпоўныя актавы: субконтрактава (3 верхнія гукі — A2, B2, H2), контрактава, вялікая, малая, 1-, 2, 3, 4, 5-я (адзін ніжні гук — C5) актавы. Найб. поўнае ўяўленне пра падзел гукавой шкалы на актавы дае клавіятура фп. (гл.рыс.).
4) Інтэрвал, які ахоплівае 8 ступеняў дыятанічнага гукарада і складаецца з 6 цэлых тонаў.
5) Назва самага нізкага баса (актавіст) у практыцы харавых спеваў.
У паэзіі — васьмірадковая страфа з цвёрдым спалучэннем рыфмы: першыя 6 радкоў аб’яднаны дзвюма перакрыжаванымі рыфмамі, а 2 апошнія — сумежнымі (АбАбАбвв), з чаргаваннем мужчынскіх і жаночых клаўзул. Узнікла ў італьян.нар. паэзіі, росквіту дасягнула ў эпоху Адраджэння (Л.Арыёста, Т.Таса, Л.Камоэнс). Актавай напісаны «Дон Жуан» Дж.Байрана, «Домік у Каломне» А.Пушкіна. У бел. паэзіі да актавы ўпершыню звярнуліся Я.Купала («Спроба актавы») і М.Багдановіч («Актава»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДКРЫ́ТЫ ГО́РАД,
у міжнародным праве горад, які ў вайну адна з дзяржаў, што ваююць, абвяшчае неабароненым (без ваен. аб’ектаў, войскаў і сродкаў абароны) і таму па-за тэатрам ваенных дзеянняў. Гэты акт мае на мэце прадухіліць знішчэнне гіст. і культ. каштоўнасцяў горада, яго жыхароў.
Прававы статус адкрытага горада засн. ва палажэнні (Гаагскай канвенцыі 1907) «Аб законах і звычаях сухапутнай вайны», арт. 25 якога забараняе «атакаваць або бамбардзіраваць якім бы ні было чынам неабароненыя гарады, паселішчы, жылыя дамы або будынкі». У 2-ю сусв. вайну адкрытымі гарадамі абвяшчаліся Парыж, Рым, Брусель, Бялград, Заграб, Любляна і інш. Вядомы выпадкі парушэння статуса адкрытага горада (бамбардзіроўка Бялграда фаш. авіяцыяй у 1941).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́НРЫКАВЫ АРТЫ́КУЛЫ (лац. Articuli Henriciani),
акт аб абмежаванні вярхоўнай улады манарха ў Рэчы Паспалітай сеймам, прыняты ў 1574 пры абранні каралём і вял. князем Генрыка Валезы (гл. ў арт.Генрых, франц. каралі). Складаўся з 18 пунктаў, паводле якіх кароль абавязваўся правіць разам з радай (18 чал. з сенатараў) без спадчыннага замацавання трона, склікаць сеймы праз 2 гады, без аднагалоснай згоды сейма не заключаць мір і не аб’яўляць вайну, не склікаць шляхецкае апалчэнне — паспалітае рушэнне, не ўводзіць новых падаткаў. Шляхце давалася права адмаўляцца ад паслушэнства каралю пры парушэнні ім Генрыкавых артыкулаў. Без змен Генрыкавы артыкулы пацвярджаліся наступнымі каралямі пры іх абранні на трон Рэчы Паспалітай.