зборнае паняцце, якое азначае галіны права, што рэгулююць адносіны, якія выяўляюць прыватныя інтарэсы і заснаваныя на незалежнасці і ініцыятыве індывід. уласнікаў і аб’яднанняў (карпарацый) у іх маёмаснай дзейнасці і асабістых адносінах, у адрозненне ад публічнага права, якое рэгулюе і ахоўвае агульныя інтарэсы. Аснову П.п. складае цывільнае права, якое рэгулюе маёмасныя і звязаныя з імі немаёмасныя адносіны, а таксама гандл. права ў яго разнастайнасцях (у краінах, дзе дзейнічае гандл. права).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭФЕРЭ́НЦЫЯ (франц. préférence перавага ад лац. praeferre аддаваць перавагу),
ільгота, якая даецца пры абкладанні мытнымі пошлінамі ўсіх або некалькіх тавараў асобных краін і не пашыраецца на тавары інш. краін. Ажыццяўляецца ў форме зніжэння падаткаў, скідак з мытных пошлін, вызвалення ад Плацяжоў, прадастаўлення выгадных крэдытаў. П. даюцца дзяржавай, маюць адрасны характар. У адносінах паміж дзяржавамі П. даюцца на пачатках узаемнасці ці ў аднабаковым парадку. Гл. таксама Найбольшага спрыяння рэжым.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВИ́ТЕБСКИЙ РАБО́ЧИЙ»,
грамадска-паліт. газета, орган Цэнтр. савета прафес. саюзаў Віцебска. Выдавалася штодзённа з 17(30).1 да 24.1(6.2).1918 у Віцебску на рус. мове. Працягвала паліт. лінію газет «Известия Витебского Совета рабочих и солдатских депутатов» і «Борьба» («Наша борьба»), закрытых органамі сав. улады за антыбальшавіцкі кірунак. Асуджала разгон устаноўчага сходу ў Петраградзе і рэпрэсіі бальшавікоў у адносінах да апазіцыйных ім арг-цый. Асвятляла стан і перспектывы паліт. жыцця Віцебска.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДМО́ЎНАЕ СУПРАЦІЎЛЕ́ННЕ,
уласцівасць некаторых звычайна нелінейных элементаў эл. ланцугоў змяншаць падзенне напружання на іх пры павелічэнні сілы току (напр., 4-слойны некіроўны дыёд, тунэльны дыёд). У ланцугах пераменнага току індуктыўнае супраціўленне можна разглядаць як адмоўнае супраціўленне ў адносінах да ёмістаснага. У ланцугах пастаяннага току адмоўнае супраціўленне ўзнікае ў вобласці значэнняў токаў і напружанняў пры наяўнасці на вольт-ампернай характарыстыцы элемента ўчастка, які зніжаецца.
Вольтамперная характарыстыка элемента з адмоўным супраціўленнем. AB — спадальны ўчастак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСУМЕ́НТЫ (ад лац. consumo спажываю),
арганізмы, якія кормяцца жывым арган. рэчывам (жывёлы, большасць мікраарганізмаў, часткова насякомаедныя расліны, драпежныя грыбы). Падтрымліваюць сваё існаванне з дапамогай пераўтварэння рэчываў, якія выраблены прадуцэнтамі. У трафічных (харчовых) ланцугах К. з’яўляюцца другім пасля прадуцэнтаў звяном. Паводле тыпу жыўлення ўваходзяць у групу гетэратрофаў. Адрозніваюць К. першасныя (расліннаедныя арганізмы), другасныя (драпежныя, якія кормяцца расліннаеднымі арганізмамі, заафагі), трацічныя (драпежнікі ў адносінах да арганізмаў з папярэдняй групы — заафагі другога парадку) і больш высокіх парадкаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕТАКІСЛО́ТЫ,
арганічныя злучэнні, малекулы якіх маюць карбаксільныя (−COOH) і кетонныя (−CO−) групы. Найважнейшыя ў метабалічных адносінах К. — піравінаградная (і яе вытворныя), ацэтавоцатная, шчаўева-воцатная, кетаглутаравая к-ты і інш. У залежнасці ад месцазнаходжання груп падзяляюцца на α-, β- і γ-К. Па колькасці −COOH груп бываюць адна- і двухасноўныя. Маюць хім. ўласцівасці кетонаў і кіслот; папярэднікі многіх рэчываў, якія выконваюць важныя біял. функцыі ў арганізме, з’яўляюцца пасрэднікамі ў пастаяннай узаемасувязі бялковага, вугляводнага і тлушчавага абмену.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́ТРА,
у рэлігіях і міфалогіі Стараж. Ірана, Індыі і Мітані (сучасная паўн. Сірыя) бог святла, сонца, праўды, справядлівасці і дагавору, гарант устаноўленых або абумоўленых адносін у свеце і грамадстве. Увасабляе добразычлівы ў адносінах да чалавека бок боскай існасці. З 1 ст. да н.э. культ М. быў пашыраны на тэр.Рым. дзяржавы, у 5 ст.н.э. выцеснены хрысціянствам; паўплываў на фарміраванне хрысц. догматаў, абрадаў і свят.
Мітра забівае быка. Скульптурная група з Пантыкапея (цяпер Керч).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МОНАМЕТАЛІ́ЗМ (ад мона... + металы),
грашовая сістэма, пры якой адзін метал з’яўляецца ўсеагульным эквівалентам і асновай грашовага абарачэння. У залежнасці ад таго, які метал адыгрывае гэтую ролю, М. можа быць медны, сярэбраны, залаты. Пры залатым М. побач с залатымі манетамі, якія з’яўляюцца асновай абарачэння, валодаюць неабмежаванай плацежнай сілай і ў адносінах да іх дзейнічае сістэма свабоднай чаканкі, абарачаюцца таксама медныя і сярэбраныя манеты, крэдытныя і папяровыя грошы, што падлягаюць свабоднаму абмену на золата.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАДО́ЛЬНАЯ СІ́ЛА, форс-мажор (лац. vis major, франц. force majeure) у праве, падзеі, надзвычайныя абставіны, якія не могуць быць прадугледжаны, прадухілены або ліквідаваны якімі-н. мерамі. Да Н.с. ў заканадаўстве і дагаворнай практыцы адносяць стыхійныя бедствы (напр., землетрасенні, навадненні) і інш. непрадбачаныя і непазбежныя абставіны. У выніку Н.с. адзін з бакоў у цывільна-прававых адносінах міжвольна становіцца прычынай страт другому. У такой сітуацыі Н.с. з’яўляецца акалічнасцю, якая вызваляе ад адказнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВОДАЗАБЯСПЕ́ЧАНАСЦЬ РАСЛІ́Н,
адносіны запасу прадукцыйнай глебавай вільгаці да яе запасу пры найменшай вільгацяёмістасці глебы або да яе запасу, аптымальнага для дадзенай фазы развіцця с.-г. культуры. Прадукцыйная глебавая вільгаць — частка глебавай вільгаці, пры ўсмоктванні якой расліны захоўваюць жыццядзейнасць і сінтэзуюць арган. рэчывы; яе ніжняя мяжа — вільготнасць устойлівага завядання раслін (гл. ў арт.Вільготнасць глебы). Падтрыманне аптымальнай велічыні водазабяспечанасці раслін — задача меліярацыйных мерапрыемстваў. Пры адносінах менш за адзінку патрабуецца штучнае ўвільгатненне глебы, працяглае вял. перавышэнне яго можа суправаджацца вымаканнем раслін.