БЕЛАРУ́СКІ ВУЧЫ́ЦЕЛЬСКІ ХАЎРУ́С,

прафесіянальна-палітычная арг-цыя бел. настаўнікаў у 1917—20. Створаны ў Мінску па ініцыятыве настаўнікаў — дэлегатаў з’езда бел. арг-цый і партый. Меў аддзяленні ў некаторых паветах і валасцях. Аб’ядноўваў прыхільнікаў беларусізацыі нар. асветы. Меў на мэце згуртоўваць настаўнікаў і дзеячаў нар. адукацыі, якія лічылі неабходным весці навучанне на бел. мове не толькі ў школе, але і ў ВНУ. Аказваў матэрыяльную і маральную падтрымку настаўнікам, якія адкрывалі бел. школы. У 1918 прадстаўнікі хаўрусу ўваходзілі ў склад Рады БНР. У перыяд польскай акупацыі (1919—20) хаўрус процідзейнічаў спробам улад абмежаваць нац. правы беларусаў у галіне асветы.

С.​С.​Рудовіч.

т. 2, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЯМЕ́ЛЬНАЯ ЛІ́ГА, Ірландская нацыянальная зямельная ліга (Irish National Land League),

масавая арг-цыя ірл. сялян і гар. беднаты ў канцы 19 ст. Створана ў 1879 у Дубліне М.Дэвітам і Ч.С.Парнелам. Налічвала каля 200 тыс. членаў, мела аддзяленні ў ЗША. Арыентавалася на памяркоўную праграму гамрулераў (гл. Гомруль). У барацьбе ірл. сялян супраць лендлордаў і англ. каланіяльных улад выкарыстоўвала байкот, радыкальная частка З.л. выступала за нацыяналізацыю зямлі, што павінна было прыспешыць адарванне Ірландыі ад Англіі. У 1881 ліга распушчана, яе кіраўнікі арыштаваны. У 1882 на месцы З.л. створана Ірл. нац. ліга, але і яна распушчана. С.-г. законы, прынятыя ў 1881 і пазней, часткова ўлічылі патрабаванні З.л.

т. 7, с. 128

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСКО́ Алесь (Аляксандр Канстанцінавіч; н. 10.12.1951, в. Чудзін Ганцавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. паэт. Скончыў Брэсцкі пед. ін-т (1976). Працаваў у рэдакцыі газ. «Сельская праўда» ў г. Жабінка Брэсцкай вобл., з 1984 у Брэсце на абл. студыі тэлебачання, у абл. аддзяленні Саюза пісьменнікаў Беларусі. Друкуецца з 1968. У нізцы вершаў «Вестка» (зб. «Нашчадкі», 1979), паэт. зб-ках «Скразная лінія» (1982), «Набліжэнне» (1989); «Час прысутнасці» (1994, Літ. прэмія імя А.​Куляшова 1995), «45» (1996) шчырая захопленасць роднымі краявідамі, роздум пра мінулае і аптыміст. погляд на будучыню свайго краю. Піша для дзяцей. Творчасць адметная філасафічнасцю, багатай вобразнасцю, тэхн. дасканаласцю. Перакладае з рус., укр., польскай, македонскай моў.

т. 8, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ФО́ЛЬКСВАГЕНВЕРК»

(Volkswagenwerk),

аўтамабільны канцэрн ФРГ. Засн. ў 1937. Штаб-кватэра ў г. Вольфсбург. З 1960 прадпрыемства з акц. формай уласнасці, з 1988 яго ўласнік — федэральны ўрад. Буйнейшы вытворца аўтамабіляў у Еўропе (больш за 5 млн.; 2001); 3-е месца ў свеце. Канцэрн выпускае легкавыя аўтамабілі «Аўдзі», «Бентлі», «Фольксваген», «Ролс-Ройс», «Шкода» і інш., грузавікі, невял. аўтобусы (больш за 10 тыпаў базавых мадэлей і каля 150 іх мадыфікацый, у т. л. тэхніка па заказах бундэсвера і НАТО). Мае аддзяленні збыту ў 150 краінах, аказвае таксама тэхн. паслугі. Яму належаць 15 з-даў у розных краінах. У вытв-сці занята 324 тыс. чал.

М.​Б.​Жукава.

т. 16, с. 435

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАЙКО́ЎЦЫ, Вялікае таварыства прапаганды,

адна з буйных арг-цый рэв. народніцтва ў Расіі ў канцы 1860 — пач. 70-х г. Узнікла ў 1869 у Пецярбургу як гурток М.​А.​Натансона — М.​В.​Чайкоўскага (назва ад яго прозвішча), які ў 1871 аб’яднаўся з гуртком С.Л.Пяроўскай. Т-ва мела аддзяленні ў Маскве, Кіеве, Адэсе (агульная колькасць каля 100 чал.). Ч. рыхтавалі прапагандыстаў для работы ў «народзе», выдавалі і распаўсюджвалі рэв. л-ру, былі ініцыятарамі «хаджэння ў народ». Летам-восенню 1874 амаль усе арыштаваны, многія асуджаны на «працэсе 193-х». Пазней многія Ч. ўдзельнічалі ў стварэнні «Зямлі і волі», «Народнай волі», у пач. 20 ст. — партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў.

т. 17, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРГАНІЗА́ЦЫЯ БЕЛАРУ́СКА-АМЕРЫКА́НСКАЙ МО́ЛАДЗІ ў ЗША

(АБАМ). Створана 30.12.1951 аб’яднаннем арг-цый бел. моладзі ў Кліўлендзе і Нью-Йорку. Да 1967 наз. Згуртаванне бел. моладзі ў Амерыцы. Мае аддзяленні ў Дэтройце, Кліўлендзе, Лос-Анджэлесе, Нью-Брансвіку, Саўт-Рыверы. З 1960 член Еўрап. ін-та (ін-та выхавання моладзі еўрап. бежанцаў). Пры арг-цыі існуе (з 1977) фонд падтрымкі студэнтаў імя Любачкі. АБАМ займаецца культ.-асв., грамадска-арганізац. і інфарм.-выдавецкай дзейнасцю. Выдавала часопісы «Віці» (1952—57, разам з Бел.-амер. студэнцкім аб’яднаннем),

«Беларуская моладзь» (1959—80, на бел. і англ. мовах), выйшаў «Беларускі песенны зборнік» М.​Куліковіча (Кліўленд, 1960). Пры АБАМ у 1956—93 дзейнічаў танц. ансамбль «Васілёк».

А.​С.​Ляднёва.

т. 1, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЕ ГЕАГРАФІ́ЧНАЕ ТАВАРЫ́СТВА,

навукова-грамадская арг-цыя па садзейнічанні развіццю на Беларусі геагр. навукі і адукацыі, пашырэнні геагр. ведаў. Створана ў 1954 пры АН БССР на базе геагр. ф-та БДУ як Бел. філіял Геагр. т-ва СССР. З 1962 Геагр. т-ва БССР, з 1993 сучасная назва. Мае аддзяленні фіз. і эканам. геаграфіі, этнаграфіі, геаэкалогіі; камісіі школьнай, мед. і меліярац. геаграфіі, антрапагеннага ландшафтазнаўства і інш. Абласныя аддзелы ў Мінску, Брэсце, Віцебску, Гомелі, Магілёве. Больш за 600 індывід. членаў (1996). Праводзіць навук. канферэнцыі і геагр. з’езды, кансультацыі, распрацоўвае навук. тэмы, геагр. экспертызу, выдае тэматычныя зборнікі навук. прац і інш. Член Міжнар. геагр. саюзу. Мае бібліятэку геагр. літаратуры.

В.​С.​Аношка.

т. 2, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЕ НАВУКО́ВА-КРАЯЗНА́ЎЧАЕ ТАВАРЫ́СТВА ў Латвіі.

Існавала ў 1932—40 (?). Узнікла на аснове навук.-краязнаўчага гуртка ў Рызе. У склад праўлення т-ва ўваходзілі К.​Б.​Езавітаў (старшыня), А.​З.​Родзька, С.​Л.​Сіцько, Г.​У.​Нікіфароўская, С.​П.​Сахараў, С.​Казека. Асн. мэты: аб’яднаць бел. і прыхільныя да бел. адраджэння навук. і культ. аматарскія сілы, садзейнічаць узаемнаму азнаямленню і культ. збліжэнню бел. і лат. народаў. Мела Даўгаўпілскае і Люцынскае аддзяленні. Т-ва праводзіла з’езды, кангрэсы, фалькл. экспедыцыі, утрымлівала бібліятэкі-чытальні, курсы, архіў, выдавала брашуры, інструкцыі, падручнікі, кнігі і інш. Падтрымлівала сувязь з падобнымі т-вамі ў Латвіі і за яе межамі, у т. л. ў Сав. Беларусі.

С.​С.​Панізнік.

т. 2, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАВУ́ЛІЧНЫ Яўген Рыгоравіч (н. 23.2.1937, в. Пшанаі Жабінкаўскага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. вучоны ў галіне цеплафізікі і газадынамікі. Д-р тэхн. н. (1985), праф. (1991). Скончыў Маскоўскі энергет. ін-т (1960). У 1961—89 у Сібірскім аддзяленні АН СССР. З 1989 у Ін-це праблем энергетыкі АН Беларусі. Навук. працы па механіцы вадкасці, газу і плазмы, газадынаміцы і цепламасаабмене пры вонкавым і ўнутр. абцяканні цел рознай канфігурацыі, па ракетных рухавіках на цвёрдым паліве і ахаладжальна-награвальных сістэмах на сціснутым паветры. Дзярж. прэмія СССР 1984.

Тв.:

Продольные вихревые структуры и теплообмен в области присоединения сверхзвукового турбулентного пограничного слоя (разам з В.​М.​Трафімавым) // Журн. прикладной механики и техн. физики. 1991. № 2.

т. 6, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАЛЕ́ЎСКАЯ АКАДЭ́МІЯ МУ́ЗЫКІ (Royal Academy of Music),

старэйшая вышэйшая муз. ўстанова Вялікабрытаніі. Засн. ў Лондане ў 1822 як прыватная школа, у 1832 прынята пад апекаванне караля і атрымала сучасную назву; з 1864 субсідзіруецца ўрадам. З 1912 размяшчаецца ў спец. будынку з уласнай канцэртнай залай на 800 месцаў. Курс навучання 3 гады. Працуюць класы па ўсіх муз. дысцыплінах, аддзяленні оперы, танца і драм. мастацтва; выкладаюцца дыкцыя, замежныя мовы, фехтаванне, правілы добрага тону. Адыграла важную ролю ў развіцці муз. культуры Вялікабрытаніі, выхавала шмат музыкантаў, якія атрымалі сусв. вядомасць. У складзе педагогаў найвыдатнейшыя музыканты Вялікабрытаніі. Акадэмія перыядычна выбірае ганаровых членаў, у т. л. і з інш. краін, у розныя гады сярод іх былі Э.Гілельс, Д.Ойстрах, М.Растраповіч.

т. 8, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)