БЯГУ́Н Аляксей Васілевіч
(16.1.1885, в. Пярэжыр Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 7.2.1943),
удзельнік рэв. руху на Беларусі. З 1904 настаўнічаў на Міншчыне. У рэв. 1905—07 кіраўнік сял. выступленняў у Ігуменскім пав. У 1906 арыштаваны і сасланы ў Архангельскую губ., адкуль уцёк. Эмігрыраваў у ЗША, быў чл. Амерыканскай сацыяліст. партыі, пасля Кампартыі ЗША, дэлегат яе 1-га з’езда (1919). Пасля грамадз. вайны на радзіме. З 1921 супрацоўнік інфарм. аддзела ЦБ КП(б)Б. У 1924—41 на парт. і гасп. рабоце ў Мінскай і Магілёўскай абл. З 1941 на прафс. рабоце ва Узбекістане.
Э.А.Карніловіч.
т. 3, с. 392
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЕ ВЫТВО́РЧАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ ПА АГРАХІМІ́ЧНЫМ АБСЛУГО́ЎВАННІ СЕ́ЛЬСКАЙ ГАСПАДА́РКІ (Белсельгасхімія) Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь. Створана ў 1979. Мае абл. і раённыя аб’яднанні. Забяспечвае вытворцаў с.-г. прадукцыі мінер. ўгнаеннямі, хім. і біял. сродкамі аховы раслін, меліярантамі глебы, кармавымі дабаўкамі, інш. хім. прадуктамі для раслінаводства і жывёлагадоўлі. Арганізуе нарыхтоўку торфу і сапрапеляў, выконвае па дагаворах аграхім. работы па ўнясенні аргана-мінер. угнаенняў, вапнаванні кіслых глебаў, апрацоўцы пасеваў с.-г. культур хім. і біял. сродкамі аховы раслін, паляпшэнні зямель, павышэнні кваліфікацыі спецыялістаў. Прадстаўляе ўстановам і арг-цыям платныя кансультатыўныя, пасрэдніцкія і інш. паслугі.
т. 2, с. 394
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЕ КРАЯЗНА́ЎЧАЕ ТАВАРЫ́СТВА
(БКТ),
добраахвотная грамадская арг-цыя. Створана 27.12.1989 у Мінску. У аснове дзейнасці — прынцыпы, распрацаваныя Цэнтральным бюро краязнаўства (з 1923) пры Інбелкульце, а таксама камісіяй па краязнаўстве (з 1987) Беларускага фонду культуры. Кіраўнічыя органы — рада і сакратарыят. Асн. задачы: спрыяць нац. адраджэнню Беларусі праз творчую, навук. і асв. ініцыятыву па вывучэнні канкрэтных мясцін або рэгіёнаў Беларусі, ствараць у кожным яе раёне грамадскія структуры па развіцці краязнаўчага руху. Краязнаўчыя аб’яднанні БКТ створаны ва ўсіх абл. цэнтрах, арг-цыі існуюць амаль ва ўсіх раёнах Беларусі. Некаторыя з іх маюць уласны статут, сімволіку, арганізуюць свае выданні.
т. 2, с. 396
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКА РЭСПУБЛІКА́НСКАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯ ВЕТЭРА́НАЎ,
Беларуская рэспубліканская арганізацыя ветэранаў вайны, працы, Узброеных Сіл і праваахоўных органаў, добраахвотная грамадская арганізацыя. Створана ў 1987. У 1991—95 наз. Арг-цыя ветэранаў Рэспублікі Беларусь. Асн. задачы — абарона канстытуцыйных правоў і свабод старэйшага пакалення, далучэнне ветэранаў да ўдзелу ў грамадскім жыцці, пасільнай прац. дзейнасці. Аб’ядноўвае 6 абл., Мінскую гар. на правах абласной, 165 гар. і раённых арг-цый ветэранаў, усяго больш за 2,5 млн. чал. (1996). Усе структурныя падраздзяленні ўзначальваюць саветы ветэранаў. У складзе арг-цыі дзейнічаюць клубы і аб’яднанні ветэранаў па інтарэсах і праблемах ветэранскага руху.
т. 2, с. 423
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЙДУ́ЛІС Алена Андрэеўна
(н. 27.7.1943, в. Складанцы Воранаўскага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1988). Скончыла Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва ў Маскве (1968). Працавала ў т-рах Расіі. У 1973—75 і з 1983 у Гродзенскім, у 1978—83 у Магілёўскім абл. драм. т-рах. Актрыса шырокага творчага дыяпазону. Сярод роляў: Дама («Тутэйшыя» Я.Купалы), Мальвіна («Несцерка» В.Вольскага), Імператрыца Аляксандра Фёдараўна («Змова імператрыцы» А.К.Талстога і П.Шчогалева), Валянціна Андронаўна («Заўтра была вайна» паводле Б.Васільева), Валянціна («Зоркі на ранішнім небе» А.Галіна), Мірандаліна («Гаспадыня гасцініцы» К.Гальдоні), Марыя Сцюарт (аднайм. п’еса Ф.Шылера), Марта («Хто баіцца Вірджыніі Вулф?» Э.Олбі).
т. 4, с. 438
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКАЕ ТАВАРЫ́СТВА ЎРАЧО́Ў,
Таварыства ўрачоў Гродзенскай губерні. Засн. ў 1869 у Гродне. Адно з першых у Рас. імперыі. Мела на мэце сан. вывучэнне губерні, складанне яе медыка-тапагр. і сан. карты, барацьбу з эпідэміямі, арганізацыю мед. дапамогі сельскаму насельніцтву, вывучэнне краявой паталогіі, сан. асвету насельніцтва і інш.; давала рэкамендацыі па пытаннях сан. добраўпарадкавання, рэгістрацыі інфекц. захворванняў і смяротнасці. Старшынямі т-ва ў розны час былі А.Ф.Рэйнпольскі, М.Д.Беклямішаў. Выдала 2 зборнікі пратаколаў за 1890/91 і 1895/96. У 1913 спыніла існаванне. Аднавіла работу пасля ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР. З 1954 дзейнічаюць абл. спецыялізаваныя мед. навук. т-вы.
А.П.Малчанаў.
т. 5, с. 421
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́СЕЎ Валянцін Іванавіч
(6.5.1911, с. Александрыя Стаўрапольскага краю, Расія — 17.7.1983),
бел. архітэктар, педагог. Засл. архітэктар Беларусі (1969). Скончыў Маскоўскі арх. ін-т (1936). З 1936 выкладчык БПІ, у 1959—78 у Бел. тэатр.-маст. ін-це. У творах выкарыстоўваў кампазіцыйныя прыёмы і формы класічнай архітэктуры. Асн. работы: Дом афіцэраў у Бабруйску, ф-ка піяніна ў Барысаве (абодва 1937), пасёлкі пры торфапрадпрыемствах у Мінскай, Віцебскай, Магілёўскай, Гомельскай абл. (1937—39); праекты аднаўлення і рэканструкцыі разбураных у Айч. вайну акруговага Дома афіцэраў, жылых дамоў і адм. будынкаў у Мінску (1945—46), забудова праспекта Кірава ў Віцебску.
т. 5, с. 543
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́СЕЎ Васіль Фёдаравіч
(11.1.1927, в. Зарэчча Валагодскай вобл., Расія — 1.2.1991),
рускі і бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1977). Скончыў тэатр. студыю пры Валагодскім драм. т-ры (1944). Працаваў у Волагдзе, Уральску, Камянец-Падольску, Даўгаўпілсе. З 1963 у Магілёўскім абл. драм. т-ры. Яго майстэрства вызначалася ўменнем спасцігаць сутнасць вобраза і псіхалагічна матываваць яго дзеянні, знаходзіць нечаканыя вонкавыя рысы, уласцівыя персанажу. Выконваў драм. і камедыйныя ролі. Сярод іх: палкоўнік Кусонскі («Галоўная стаўка» К.Губарэвіча), Шахматаў («Аперацыя «Мнагажэнец» А.Дзялендзіка), Дасцігаеў («Дасцігаеў і іншыя» М.Горкага), Крогстад («Нора» Г.Ібсена), Акаёмаў («Машачка» А.Афінагенава), маркіз Фарліпопалі («Гаспадыня гасцініцы» К.Гальдоні), Дон Луіс («Дон Жуан» Мальера) і інш.
т. 5, с. 543
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБРУ́ЙСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,
адм.-тэр. адзінка ў БССР у 1944—54. Утворана 20.9.1944 з раёнаў Магілёўскай, Мінскай і Палескай вабл. Цэнтр — г. Бабруйск. Пл. 19,7 тыс. км², нас. 654,9 тыс. чал. (1953). Уключала 14 раёнаў (Акцябрскі, Асіповіцкі, Бабруйскі, Глускі, Грэскі, Капыльскі, Кіраўскі, Клічаўскі, Любанскі, Парыцкі, Слуцкі, Старадарожскі, Старобінскі, Чырвонаслабодскі), 4 гарады (Асіповічы, Бабруйск, Слуцк, Старыя Дарогі), 8 гар. пасёлкаў (Глуск, Капыль, Клічаў, Любань, Старобін, Парычы, Урэчча, Чырвоная Слабада), 4 рабочыя пасёлкі (Глуша, Градзянка, Ялізава, Ясень). Абл. газ. «Савецкая Радзіма». 8.1.1954 Бабруйская вобласць скасавана: Акцябрскі і Парыцкі р-ны перададзены ў Гомельскую, Асіповіцкі, Бабруйскі, Кіраўскі і Клічаўскі р-ны — у Магілёўскую, астатнія — у Мінскую вобл.
т. 2, с. 187
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЕ ТАВАРЫ́СТВА «ВЕ́ДЫ»,
грамадскае, навукова-асв. таварыства. Засн. 29.3.1948 у Мінску як рэсп. аддзяленне Усесаюзнага т-ва па пашырэнні паліт. і навук. ведаў; з 1963 т-ва «Веды» ў складзе Усесаюзнага т-ва «Веды». З 1991 сучасная назва. Чл. Міжнар. асацыяцыі «Веды» (з 1991). Аб’ядноўвае вучоных, выкладчыкаў, спецыялістаў, прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі. Мэта: садзейнічанне прафесійна-эканам., прававой, паліт., экалагічнай адукацыі насельніцтва Беларусі, развіццю духоўнай культуры, інфармаванне па пытаннях дэмакр. пераўтварэнняў, дзейнасці цэнтр. і мясц. органаў улады і кіравання. Праводзіць лекцыі, канферэнцыі, праблемныя «круглыя» сталы і інш. Працуюць курсы, школы прафесійнай падрыхтоўкі, лекторыі. Дзейнічаюць рэсп., абл., гар. і раённыя арг-цыі т-ва.
К.К.Украінец.
т. 2, с. 400
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)