мініяцюрны жывапіс на лакавых вырабах; рускі народна-маст. промысел. Склаўся ў пас. Мсцёра Уладзімірскай вобл. (Расія) на аснове мясц. іканапіснага промыслу. У 1926 іканапісцы аб’яднаны ў арцель «Пралетарская тВорчасць», з 1931 «Пралетарскае мастацтва». У 1928 майстар М.Клыкаў пачаў пісаць мініяцюры тэмперай па лаку. Тэхналогія вытв-сці шкатулак і куфэркаў перанята ў майстроў з с. Фядоскіна Маскоўскай вобл. і пас. Палех Іванаўскай вобл. (гл.Фядоскінская мініяцюра, Палехская мініяцюра). М.м. характэрны маляўнічы фон, цэласнасць агульнага серабрыста-блакітнага ці вохрыстага тону, гучнасць колеру, спалучэнне аб’ёмнай трактоўкі формы з арнаментальным строем мініяцюры (работы А.Кацягіна, А.Брагіна); жывапісны прымітывізм (творчасць І.Марозава) побач з гіст. і казачнымі сюжэтамі, папулярныя пейзаж і нацюрморт. З канца 1960-х г. мастакі М.м. звяртаюцца да пошукаў дэкаратыўнасці (Л.Дзямідава, М.Шышакоў, Л.Фамічоў), у 1980—90-яг. — да творчага ўвасаблення старажытнарус. традыцый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МУЗЫКА́ЛЬНАЯ АКАДЕ́МИЯ»,
штоквартальны музычны навук.-тэарэт. і крытыка-публіцыстычны часопіс. Выдаецца з 1933 у Маскве на рус. мове, да 1992 наз. «Советская музыка». Асвятляе падзеі муз. культуры Расіі і замежных краін. Мае рубрыкі: «Духоўная культура Айчыны», «Спадчына», «Пра музыку, пра сябе», «Па гарадах Расіі», «На скрыжаванні мастацтваў», «Гістарычныя эцюды», «За рубяжом» і інш. Змяшчае праблемныя навук.-тэарэт. матэрыялы, дыскусійныя артыкулы, пераклады, рэдкія і архіўныя дакументы, звесткі пра творчасць кампазітараў, фестывалі, конкурсы, прэм’еры, нотныя і муз.-бібліягр. выданні і інш. У розныя гады ў часопісе друкаваліся бел. кампазітары: Г.Вагнер, Г.Гарэлава, У.Дарохін, С.Картэс, В.Кузняцоў, І.Лучанок, Р.Пукст, Ю.Семяняка, Я.Цікоцкі, Л.Шлег, М.Шчаглоў, музыказнаўцы Р.Аладава, Т.Дубкова, І.Зубрыч, А.Ладыгіна, З.Мажэйка, Т.Мдывані, Л.Мухарынская, І.Назіна, І.Нісневіч, А.Ракава, К.Сцепанцэвіч, Т.Шчарбакова, Н.Юдзеніч і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУРАШО́Ў Віктар Мікалаевіч (н. 27.7.1935, г. Кранштат Ленінградскай вобл.),
расійскі і бел. скульптар. Скончыў Ленінградскі ін-т жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя Рэпіна (1961). З 1977 на Беларусі. Працуе ў станковай, манум. і мемар. скульптуры. Для творчасці характэрны лепшыя традыцыі рэаліст. мастацтва, глыбокія партрэтныя характарыстыкі вобразаў, вытанчаная мадэліроўка і абагульненасць форм. Сярод твораў «Пецька Спічкін» (1959), «Маці» (1964), «Міша Мароз» (1978), «Генерал Карбышаў» (1984), «Народны артыст Беларусі З.Бабій» (1995), партрэты П.Яршова (1975), М.Лужаніна (1983), П.Шыянка (1984), мемар. дошкі З.Бабію, А.Кавалёву, Ф.Гахаву ў Мінску, помнікі Дз.І.Салуніну ў г. Беламорск (1958), Дз.Карбышаву ў г. Цюмень (1968; абодва Расія), П.Кавалёву ў г.п. Клічаў Магілёўскай вобл. (1989) і інш. Аўтар герба Беларусі для Дома ўрада (1997).
Літ.:
Чаркина Г.И. Виктор Мурашов. Л., 1986.
Л.Я.Дзягілеў.
В.Мурашоў. Народны артыст Беларусі З.Бабій. 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЮРЫДЫ́ЗМ,
умоўны тэрмін для абазначэння рэліг.-містычнай плыні ў ісламе, пашыранай на Паўд. Каўказе ў 19 ст. У аснове М. прынцыпы, выпрацаваныя ідэолагамі суфізму ў 12—14 ст., якія ўключалі ідэю роўнасці людзей перад богам у замагільным жыцці, культ беднасці, заклікі да самаадрачэння, самаўніжэння. Гал. ў М. была ідэя джыхаду (газавату) — вайны супраць каланіяльнай палітыкі рус. царызму ў 1820—60-яг. і супраць мусульман, якія былі на баку «няверных» або ўхіляліся ад удзелу ў газаваце. Правадыры гэтай барацьбы імамы Газі-Магамед, Гамзатбек і Шаміль ставілі сваёй мэтай стварэнне імамата — ісламскай тэакратычнай дзяржавы, жыццё ў якой строга рэгламентавалася шарыятам, барацьба з «нявернымі» абвяшчалася гал. умовай рэліг. самаўдасканалення. Тым, хто загінуў за справу ісламу, абяцалася выратаванне і вечнае шчасце. Вял. роля ў імамаце належала мюрыдам, найб. адданым паплечнікам імама, выхаваным у нянавісці да «няверных». Ідэі М. нацыяналісты выкарыстоўвалі на Каўказе ў 1918—21 і пазней.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАБАРО́ЎСКІ Даніла (1573, Кракаў ? — 1640),
паэт, перакладчык, урач. У 1590—93 слухач Вітэнбергскага ун-та. Вывучаў лац., грэч., ням., франц., італьян. мовы, у Базелі — медыцыну, у Арлеане і Страсбуры (1595—96) — антычную л-ру. Слухаў лекцыі Г.Галілея ў Падуі (1602) і стаў прыхільнікам яго вучэння. На аснове вучэння Голена напісаў 2 мед. трактаты. Жыў у Нясвіжы, удзельнічаў у барацьбе з эпідэміямі на Беларусі. У вершах і вершаваных пісьмах (на лац. і польск, мовах) са Слуцка, Смалявіч, Дзяляціч — замалёўкі сац. супярэчнасцей на Беларусі 16—17 ст., высмейваў рэакц. шляхту, езуітаў, духавенства. Для многіх яго вершаваных твораў характэрны алегарызм, рытарычная вобразнасць, гульня слоў і інш. стылявыя асаблівасці, уласцівыя маньерызму. На польск. мову перакладаў з латыні (М.Сарбеўскага), італьян. (Ф.Петрарку), франц. і ням. моў.
Тв.:
Poezje. Warszawa, 1961.
Літ.:
Грыцкевіч В. Чатыры факелы ў цемры // Маладосць. 1972. № 10;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАГА́ЙСКАЯ АРДА́,
у 15—16 ст. дзяржаўнае ўтварэнне нагайцаў і інш. качавых цюркамоўных плямён на тэр. ад Паўн. Прыкаспія і Прыаралля да рэк Тура і Кама і ад Волгі да р. Іртыш. Вылучылася з Залатой Арды ў канцы 14 — пач. 15 ст., канчаткова аформілася ў 1440-яг. Яе ядро склалі цюркамоўныя плямёны мангытаў і кунгратаў, якія ў 2-й пал. 13 ст. ўваходзілі ў склад арды цемніка Нагая і ад яго імя ў 2-й пал. 15 ст. пачалі наз. нагаямі (нагайцамі). Цэнтр — г. Сарайчык у вусці р. Яік (цяпер р. Урал). Узначальваў Н.А. спадчынны (у парадку радавога старшынства) князь. Падзялялася на паўсамаст. улусы на чале з мірзамі. Грамадскі лад — феадалізм з моцнымі элементамі хатняга нявольніцтва. Асн. заняткі насельніцтва — качавая жывёлагадоўля і гандаль жывёлай. У 2-й пал. 16 ст. НА. распалася на некалькі самаст.дзярж. утварэнняў: Нагаі Вялікія і Малыя, Алтыулская арда і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НА́ІПА БУ́ДУЧЫНЯ»,
штотыднёвая газета Беларускай рэвалюцыйнай арганізацыі. Выдавалася з 8.12.1922 да 14.1.1923 у Вільні на бел. мове. Ставіла за мэту абуджэнне ў народзе веры ва ўласныя сілы, у перспектыву вызв. руху (перадавыя арт. «Будзьма сільнымі», «Па-за пагранічнымі капцамі», «Верым у будучыню»). Паведамляла пра поспех Блока нацыянальных меншасцяў на выбарах у 1922 у польскі сейм і сенат, стварэнне ў ім парламенцкай фракцыі Бел. пасольскага клуба, надрукавала праграмнае выступленне яго старшыні Б.Тарашкевіча. Узнімала пытанні асадніцтва, няшчаднай эксплуатацыі лясных багаццяў краю, пісала пра ганенні на бел. школу і прэсу. Важнае значэнне надавала барацьбе за мясц. самакіраванне, выбарам у гмінныя рады і пав. сеймікі, арганізацыі каап. руху, сац. страхавання. Змяшчала творы М.Гарэцкага, Я.Коласа, У.Дубоўкі, У.Жылкі, М.Запольскага, Л.Родзевіча, П.Верлена ў перакладзе М.Багдановіча. Выйшла 9 нумароў, з іх 2 канфіскаваны. Забаронена польск. ўладамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІТРАВА́ННЕ,
хімічная рэакцыя ўвядзення нітрагрупы — NO2 у малекулу арган. злучэння. Ажыццяўляюць з дапамогай нітравальных агентаў: азотная к-та HNO3, сумесь HNO3 з сернай к-той (нітравальная сумесь), аксіды азоту (N2O4, N2O5) і інш. Рэакцыя Н. вядома ў арган. хіміі з 1834, калі ням. хімік Э.Мічэрліх сінтэзаваў нітрабензол уздзеяннем канцэнтраванай HNO3 на бензол. Выкарыстоўваюць у арган. сінтэзе для атрымання нітразлучэнняў.
Адбываецца. ў выніку замяшчэння атамаў вадароду (прамое Н.) ці функцыян. груп (замяшчальнае Н.) або далучэння NO2-групы па кратнай сувязі. Для алканаў і алкенаў характэрны радыкальны механізм Н. (крыніцай радыкалаў NO2 з’яўляюцца HNO3 і аксіды азоту), для арэнаў (араматычных вуглевадародаў), гетэрацыклічных злучэнняў, амінаў, спіртоў — іонны з удзелам катыёнаў нітронію NO+2 (электрафільнае Н.). Пры электрафільным Н. ў якасці нітравальных агентаў выкарыстоўваюць канцэнтраваную HNO3, нітравальную сумесь, нітраты, солі нітронію NO+2X− (дзе X− = BF−4, ClO−4 і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЬЮ-ЙО́РКСКІ ФІЛАРМАНІ́ЧНЫ АРКЕ́СТР (New York Philharmonic Orchestra),
амерыканскі сімфанічны аркестр. Засн. ў Нью-Йорку ў 1842 (у 1921 у яго склад увайшоў Нью-Йоркскі сімф. аркестр, у 1928 — аркестр В.Дамраша). У станаўленні і фарміраванні выканальніцкага стылю калектыву вял. ролю адыграла дзейнасць яго кіраўнікоў: Г.Малера (1909—11), А.Тасканіні (1927—36), Дз.Мітропуласа (1950—58), Л.Бернстайна (1958—69), П.Булеза (1971—75), З.Меты (1978—91), К.Мазура (з 1991). Аркестрам дырыжыравалі таксама Б.Вальтэр, Э.Клейбер, О.Клемперэр, Т.Бічэм, Л.Стакоўскі, Ш.Мюнш, пры выкананні ўласных твораў — П.Чайкоўскі, А.Рубінштэйн, А.Дворжак, Р.Штраус, К.Сен-Санс, А.Анегер, І.Стравінскі, М.Равель, Дж.Энеску, Э.Віла-Лобас і інш. З ім выступалі буйнейшыя інструменталісты і вакалісты свету, у т. л. піяністы І.Падарэўскі, С.Рахманінаў, С.Пракоф’еў, У.Горавіц, скрыпачы Я.Хейфец, Д.Ойстрах, І.Сігеці, І.Менухін і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯСВІ́ЖСКІ КАДЭ́ЦКІ КО́РПУС (школа, акадэмія),
ваенная навуч. ўстанова ў Нясвіжы ў 18 ст. для падрыхтоўкі кадраў войска Радзівілаў — міліцыі. Засн. 25.5.1747 вял. гетманам ВКЛ М.К.Радзівілам Рыбанькай. На навучанне прымаліся 14-гадовыя падлеткі са шляхты. Выкладаліся франц., ням., лац., рус. мовы, геаметрыя, матэматыка, цывільная і вайсковая архітэктура, маляванне, айч. права, айч. і агульная гісторыя. Кадэты вучыліся верхавой яздзе, фехтаванню, танцам, павінны былі размаўляць паміж сабой на замежных мовах. Яны неслі вартавую службу. У ліст. 1751 было 13 вучняў. Відаць, корпус заняпаў у 1750-яг. Адроджаны ў 1767 К.С.Радзівілам Пане Каханку. На вучобу прымалі ўжо адукаваных падлеткаў — дзяцей мяшчан з гарадоў князя і шляхецкую моладзь (у інш. кадэцкія карпусы прымалі толькі шляхту). Выкладчыкамі працавалі пераважна немцы, а таксама кадэты папярэдніх выпускаў. Корпус месціўся ў Нясвіжскім замку. Кадэты штомесяц атрымлівалі па 24 злотыя. У сярэдзіне 1770-х г. корпус перастаў існаваць.