КУГУЛЬЦІ́НАЎ Давід Мікітавіч (н. 13.3.1922, в. Абганер-Гаханкіны, Калмыкія),

калмыцкі паэт. Нар. паэт Калмыкіі (1969). Скончыў Літ. ін-т імя М.​Горкага ў Маскве (1960). У 1945 рэпрэсіраваны, рэабілітаваны ў 1956. Друкуецца з 1936. Піша на калм. і рус. мовах, Першы зб. «Вершы юнацтва» (1940). У кнігах вершаў «Вачыма сэрца» (1958), «Я твой равеснік» (1966; Дзярж. прэмія РСФСР 1967), «Корань жыцця» (1969), «Кліч красавіка» (1975, Дзярж. прэмія СССР 1976), «Жыццё і роздумы» (1983), паэмах «Маабіцкі вязень» (1958), «Жывая вада» (1960), «Сар-Герэл» (1964), «Бунт розуму» (1971), кнігах прозы «Спатоленне смагі» (1966), філас. казках і інш. — філас.-паэт. асэнсаванне мінулага і сучаснасці, услаўленне моцных духам людзей. На бел. мову асобныя творы К. пераклалі Р.​Барадулін, А.​Грачанікаў, А.​Звонак, Ю.​Свірка, М.​Чарняўскі.

Тв.:

Соч. Т. 1—3. М., 1976—77.

Літ.:

Леонов Б.А. Поэзия судьбы народной. Элиста, 1970;

Слово о Д.​Кугультинове. Элиста, 1983.

Д.М.Кугульцінаў.

т. 8, с. 556

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУДЗЕ́ЛЬКА Іван Фадзеевіч (12.12.1891, г.п. Рудзенск Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 28.6.1938),

партыйны і дзярж. дзеяч БССР. З 1914 у арміі, з сак. 1918 у Чырв. Арміі. З чэрв. 1992 працаваў на чыгунцы ў Мінску і Жлобіне. З 1925 сакратар Гарадоцкага, Глускага райкомаў КП(б)Б, старшыня Глускага райвыканкома, нам. старшыні Бабруйскага акрвыканкома. З 1930 старшыня Мазырскай акр. кантрольнай камісіі, сакратар Мазырскага РК КП(б)Б, сакратар Мінскага гаркома КП(б)Б, заг. аддзелаў ЦК КП(б)Б. У 1935—37 нарком фінансаў БССР. Чл. ЦК КП(б)Б у 1932—37. Канд. у чл. Бюро ЦК КП(б)Б у 1935—37. Чл. ЦВК БССР у 1927—29, 1931—37 і яго Прэзідыума ў 1935—37. Арыштаваны ў 1937 па справе ўдзелу ў «аб’яднанай контррэвалюцыйнай дыверсійна-шкодніцкай шпіёнскай арганізацыі». 28.6.1938 прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны ў 1957.

Я.​С.​Фалей.

т. 8, с. 557

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУКУРУ́ЗА, маіс (Zea mays),

кветкавая расліна сям. метлюжковых. Радзіма — Цэнтр. і Паўд. Амерыка. Уведзена ў культуру на тэр. сучаснай Мексікі каля 5200 да н.э., у Еўропе — з канца 15 ст. Вырошчваецца ў Паўд. і Паўн. Амерыцы, Паўд. і Паўд.-Усх. Еўропе, Паўд.-Усх. Азіі, Паўд. і Усх. Афрыцы.

Аднагадовая травяністая расліна з прамастойным сцяблом выш. да 6 м. Каранёвая сістэма валасніковістая. Лісце шырокае, лінейна-ланцэтнае, хвалістае па краях. Кветкі аднаполыя. Мужчынскія суквецці — мяцёлкі на верхавінцы сцябла, жаночыя — катахі ў лісцепадобных абгортках у пазухах лісця. Плод — зярняўка. Па будове і марфалогіі насення К. падзяляецца на 9 бат. груп. Зерне, сцёблы, лісце, катахі выкарыстоўваюцца ў вытворчасці прадуктаў і вырабаў (напр., алей, кансервы, крупы, крухмал, кукурузныя шматкі, мёд, мука, папера, пластмаса і інш.). Кармавая і харч. расліна.

Літ.:

Грушка Я. Монография о кукурузе: Пер. с чеш. М., 1965;

Шмараев Г.В. Кукуруза: (Филогения, классификация, селекция). М., 1975.

У.​П.​Пярэднеў.

Кукуруза.

т. 8, с. 569

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КШЭ́НЕК, Кршэнек (Křenek) Эрнст (23.8.1900, Вена — 22.12.1991), аўстрыйска-амерыканскі кампазітар, педагог. Вучыўся ў Акадэміі музыкі і сцэн. мастацтва ў Вене (з 1916), у Вышэйшай школе музыкі ў Берліне (1920—23). З 1937 у ЗША, праф. шэрагу ун-таў і каледжаў. У 1920-я г. зазнаў уплыў Б.​Бартака, І.​Стравінскага, П.​Хіндэміта, як оперны кампазітар быў пад уплывам экспрэсіянізму. оперы «Скачок праз цень» (паст. 1924), «Джоні найгравае» (паст. 1927) з элементамі джаза і атанальнай муз. структурай. З 1930-х г. шырока выкарыстоўваў дадэкафонію, серыяльнасць (гумарыстычная тэлеопера «Разлічана і прайграна», 1961). З 1950-х г. адзін з вядучых прадстаўнікоў муз. авангарда (тэлеопера «Чароўнае люстэрка», 1966). Пісаў электронную музыку, карыстаўся алеаторыкай. Аўтар 17 опер, 3 балетаў, аперэт, 5 сімфоній (1923—50), канцэртаў для інструментаў з аркестрам і інш.; кніг «Аб новай музыцы» (1937), «Эцюды аб кантрапункце» (1940), аўтабіяграфіі (1948) і інш.

Л.​А.​Сівалобчык.

т. 9, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАЗО́ЎСКІ Юрый Віктаравіч (16.1.1931, г. Іжэўск, Удмурція — 3.5.1993),

бел. артыст аперэты, спявак (барытон). Засл. арт. Беларусі (1980). Вучыўся ў тэатр. студыі пры Іванаўскім т-ры муз. камедыі (1947—48), з 1949 артыст гэтага т-ра. У 1970—90 саліст Дзярж. т-ра муз. камедыі Беларусі. Майстар камедыйнага вобраза, вострахарактарнага сцэн. малюнка. Сярод лепшых роляў: Сцяпан Крыніцкі, Генерал, Нарэйка («Паўлінка», «Сцяпан — вялікі пан», «Тыдзень вечнага кахання» Ю.​Семянякі), Скамарох («Несцерка» Р.​Суруса), Фама («Вольны вецер» І.​Дунаеўскага), граф Кутайсаў («Халопка» М.​Стрэльнікава), Папандопула («Вяселле ў Малінаўцы» Б.​Аляксандрава), Кавалькадас («Пацалунак Чаніты» Ю.​Мілюціна), Фядот («Бабскі бунт» Я.​Пцічкіна), Князь Тугавухаўскі («Гора ад розуму» А.​Фельзера), барон Зета («Вясёлая ўдава» Ф.​Легара), князь Воляпюк, Фраскаці, Філіп, Генерал («Сільва», «Фіялка Манмартра», «Баядэра», «Д’ябальскі наезнік» І.​Кальмана), Дулітл («Мая цудоўная лэдзі» Ф.​Лоу) і інш.

Літ.:

Волчок Г. Юрий Лазовский // Тэатр. Мінск. 1980. № 4.

т. 9, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАЗЮ́К Генадзь Ільіч (н. 2.4.1927, Мінск),

бел. вучоны ў галіне медыцынскай генетыкі, заснавальнік медыка-генет. службы Беларусі. Чл.-кар. Нац. АН Беларусі (1995), чл.-кар. Рас. АМН (1986), д-р мед. н. (1974), праф. (1978). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1950), у 1967—80 працаваў у ім. З 1981 дырэктар Мінскага філіяла Ін-та мед. генетыкі АМН СССР, з 1988 дырэктар НДІ спадчынных і прыроджаных захворванняў. Навук. працы па тэраталогіі чалавека, мед. генетыцы, этыялогіі прыроджаных заган развіцця, паталаг. анатоміі храмасомных хвароб, клінічнай сіндрамалогіі, генет. выніках Чарнобыльскай катастрофы, прафілактыцы спадчынных хвароб, арганізацыі медыка-генет. службы на Беларусі.

Тв.:

Тератология человека: Руководство для врачей. 2 изд. М., 1991 (у сааўт.);

Наследственные синдромы множественных врожденных пороков развития. М., 1983 (разам з І.​В.​Лур’е, Я.​Д.​Чарствым);

Болезни плода, новорожденного и ребенка: Нозология, диагностика, патол. анатомия: Справ. пособие. Мн., 1996 (у сааўт.).

Г.І.Лазюк.

т. 9, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЁС (ням. Löss),

аднародная тонказярністая вапнавая горная парода светла-жоўтага ці палевага колеру. Складаецца з кварцу і сілікатаў (27—90%), гліназёму (да 20%), карбанатаў (больш за 6%). Пераважаюць (больш за 55%) часцінкі памерам 0,01—0,05 мм. Высокая порыстасць (да 50%). Залягае ў выглядзе покрываў на водападзелах і схілах (магутнасць ад некалькіх метраў да 100—200 м). Для Л. характэрна верт. слупкаватая адасобленасць, прасадачнасць, пераслойванне з пахаванымі глебамі, наяўнасць ракавін наземных малюскаў і вапнавых канкрэцый. Пры малой прыроднай вільготнасці Л. вельмі трывалы і здольны захоўваць устойлівыя верт. адхоны выш. 10 м і больш. Л. занальны, прымеркаваны да абласцей умеранага клімату, пашыраны ў стэпавых і паўпустынных раёнах. Л. з’яўляецца глебаўтваральнай пародай для чарназёмаў і каштанавых глеб. Існуе некалькі тэорый паходжання Л., найб. вядомыя эолавая і ледавіковая. Пашыраны ў Кітаі (напр., Лёсавае плато), Сярэдняй Азіі, Зах. Сібіры, Паўн. Каўказе, Украіне і інш. Гл. таксама Лёсападобныя пароды.

Я.​І.​Аношка.

т. 9, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІМАНО́ЎСКІ Янка (Іван Міхайлавіч; 1896, Дзісеншчына — ?),

бел. пісьменнік. Скончыў рэальнае вучылішча, вучыўся на агр. курсах. У 1915—17 у арміі, у 1919—20 у Чырв. Арміі. У 1920—30-я г. працаваў у Наркамаце земляробства БССР, чл. прэзідыума секцыі бел. мовы і л-ры Інбелкульта, Цэнтр. бюро літ. аб’яднання «Маладняк», адзін з арганізатараў і кіраўнікоў БелАПП. Працаваў нам. дырэктара Ін-та л-ры і мастацтва АН Беларусі, дырэктарам 2-га Бел. дзярж. т-ра ў Віцебску. Рэдагаваў газ. «Камуніст» (Бабруйск). У час ням.-фаш. акупацыі Беларусі заг. літ. часткі Мінскага гар. т-ра. З 1944 у Германіі, потым у ЗША. У 1951—55 дырэктар управы Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Йорку. Друкаваўся з 1920. Аповесці «Адшуканы скарб» (1925), «Два шляхі» (1926), «Вецер з усходу», «Над абрывам» (абедзве 1928) пра станаўленне сав. улады на Беларусі. Пасля вайны ад літ. творчасці адышоў.

Э.​А.​Карніловіч.

т. 9, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІТВІНО́ЎСКІ Аляксандр Фёдаравіч (н. 1.5.1962, Мінск),

бел. кампазітар. Скончыў Бел. кансерваторыю (1987, клас Дз.Смольскага). З 1987 рэдактар муз. вяшчання Бел. тэлерадыёкампаніі. Для яго творчасці характэрны цікавасць да бел. тэматыкі, жанравая вынаходлівасць, полістылістыка. Сярод твораў: містэрыя «Францыск» для баса і аркестра (1990; тэкст прадмоў і каментарыяў Ф.​Скарыны да «Бібліі»), Грыгарыянская меса (Missa ordinarium, 1994), кантаты «Вяселле» (1987) і «Зборная суботка» (1988) на нар. словы, «Да Маці Божай» (1996), «Stabat Mater» (1997), «Песні на Божае нараджэнне» (1998); сімфонія (1986), сімф. фрэска «Крэва» (1987), «Concertino barocco» для стр. аркестра (1988), п’есы «Zbieg» для флейты, габоя, віяланчэлі і фп., «Wir» для 4 валторнаў, «Пастараль» і «U1» для стр. квінтэта, сюіта «Intavolatura» для гітары; «Filix» для флейты і гітары; цыклы рамансаў на вершы Я.​Купалы, А.​Пушкіна, С.​Ясеніна і інш.; электронныя кампазіцыі; апрацоўкі зборніка інстр. музыкі 17 ст. «Віленскія табулатуры» (1991).

Р.​М.​Аладава.

т. 9, с. 314

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́ША,

вёска ў Уздзенскім р-не Мінскай вобл., каля р. Лоша і Лашанскага вадасх., на аўтадарозе Узда—в. Валяр’яны. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 16 км на У ад г.п. Узда, 60 км ад Мінска, 38 км ад чыг. ст. Негарэлае. 167 ж., 76 двароў (1999).

Вядома з 17 ст., уладанне Галоўчынскіх, Заранкаў, Ленскіх, Завішаў, Грабоўскіх-Тапорчыкаў. У 18 ст. фарміравалася як мястэчка. З 1793 у Рас. імперыі. У 19 — пач. 20 ст. сяло, потым мястэчка Слабада Пырашаўскай вол. Ігуменскага пав. Мінскай губ. У 1860-я г. 48 двароў, школа, царква, сінагога. У 1909—270 ж., 70 двароў. З 1924 цэнтр сельсавета Уздзенскага р-на Мінскай акругі. У 1972—248 ж., 81 двор.

Лясніцтва. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Каля вёскі стаянка каменнага веку.

В.​У.​Шаблюк.

т. 9, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)